Дзеля чаго і чаму так?
Магчыма, і не стаў бы гэтага рабіць - збіраць сам у адну
кучу свае творы, каб вынесці іх на ўсе вочы. Ды яшчэ улічваючы тое, што
большая частка твораў не пазнала сустрэч з рэдактарскім і карэктарскім
алоўкамі.
Мо так і надалей трэба рабіць: несці рукапіс у выдавецтва,
і няхай ён там ляжыць - аж таго часу, пакуль не пажоўкне папера. Бо сёння
выдавацца - як беднаму жаніцца.
Зрэшты, былі б грошы - і было б у беднага вяселля, а ў аўтара
кніга. Назбіраць, ходзячы з працягнутай рукой, на сотні тры экземпляраў
можна б было.
Але - прыкра тое рабіць. Крыўдна - за дзяржаву, за літаратуру.
"Пастка на рыцара" - першае маё дзіця, роды якога не былі
мукай для аўтара. Змагло "Юнацтва" перад самай сваёй ліквідацыяй выдаць
кнігу, не спытаўшы ў мяне ні рубля. Ды яшчэ за лік ганарару змог узяць
сотню кніг на падарункі.
Сёння на такое шчасце не разлічваю ніколькі.
А пакідаць ў адным экземпляры на паперы твор, які пісаўся
для падлеткаў, лічу за злачынства.
Таму і выкладаю ўсё гэта ў сусветную павуціну.
Верыцца, што са ста тысяч тых падлеткаў, якія блукаюць ў
Інтэрнэце, ёсць і такі, каго цікавіць родная наша мова. І нават дзеля
толькі аднаго трэба гэта ўсё: і пісаць, і сюды выкладаць
І яшчэ адна прычына ёсць.
Неяк на адным форуме юнаку параілі прачытаць адну кнігу.
І ён… папрасіў ссылку на яе. І патлумачыў: "Я ўжо год як магу чытаць толькі
на экране манітора". І прачытаў. Дарэчы, то быў "Пикник на обочине" Стругацкіх.
Так што новы час патрабуе новыя формы. І гэта, дарэчы, не
адкрыццё…
|