|
Надзейцы і Валерыю і ўсім, каму было ці будзе 16
Усё цудоўна
або
Урок бяспечнага сексу
Ранак быў цудоўным: празрыстым, ціхім, шматабяцаючым. За
апошні пахмурны тыдзень сёння сонца паднімалася над купаламі царквы
ў блакітным-блакітным, чыстым небе. І людзі былі цудоўныя: твары ветлівыя,
ўсмешкі блукаюць.
А яшчэ Тані нешта прыемнае прыснілася-прымроілся. Што -
не памятае. Але застаўся ад сну настрой - узнёслы і лёгкі. Значыць,
нешта прыемнае сёння здарыцца.
Ды і чаму не здарыцца прыемнаму? Сёння вечарам у школе
дыскатэка. Увогуле, вучыцца сёння амаль некалі. 10-А адказны за правядзенне
Дня прафілактыкі СНІДу. Цэлы тыдзень малявалі-клеілі плакаты, рыхтавалі
матэрыялы для школьнага радыё. Будзе брэйн-рынг па антыснідавай тэматыцы
- Таня удзельнічае. Яна многа ўсяго ведае, бо чытае і чытае. Калі яе
аднакласнікі па вечарах, адно снег паспеў сысці і прагрэлася паветра,
блукалі па вуліцах горада да позняй ночы, то Таня сядзела дома. Сама
вінаватая: паддалася ўгаворам маці, што без вышэйшай адукацыі ты не
чалавек. Выбралі інстытут для паступлення, факультэт. А там - англійская
мова. А з англійскай у Тані… Вось і сядзіць па вечарах, каб падцягнуць
саму сябе. Год адно застаўся. Але ж не будзеш толькі англійскай мовай
мазгі тлуміць па пяць-шэсць гадзін. Даводзіцца і так што чытаць, калі
ад англійскіх тэкстаў пачнуць плыць кругі перад вачыма.
Ды і маці пільнуе Таню. Сорамна ў гэтым прызнавацца, але
жыццё Тані, 16-гадовай дзяўчыны, цалкам падпарадкавана правілам і жаданням
маці. "Вывучу - тады жыві сваім розумам", - тлумачыць маці ёй самой,
калі Таня пачынае прасіць хоць крышачку волі для сябе. "Я за цябе цяпер
адказваю, і не ты шкадаваць будзеш, а я, калі што не атрымаецца. Не
хачу, каб ты мяне некалі папракала, што не змагла цябе прымусіць вучыцца".
Цудоўны ранак! За снеданнем маці сказала, што Таня можа
пайсці вечарам на дыскатэку. Уга, гэта крута! Два гады ніякіх дыскатэк
- а тут: "Ідзі сабе, заўтра нядзеля". Ну, прычыны быць спагадлівай у
маці ёсць. Таня адпачыць мае права: цвёрдая "9" па англійскай мове,
тое ж па рускай. А потым, сама маці з бацькам ідзе сёння на юбілей да
сваіх сяброў.
Цудоўна пачаўся дзень: класная, Вольга Фёдараўна, зайшла
хвілін за пяць да званка у клас. Сустрэлі яе радаснымі прывітаннямі,
а яна пачала раздаваць лісткі паперы з напісанымі пытаннямі - сёння
яшчэ лекцыя ўрача, то каб пасля маглі задаваць нешта разумнае.
- Танюша, табе.
Таня лісток узяла і пачырванела.
"У якім узросце дзяўчыне можна пачынаць жыць палавым жыццём?"
- Вольга Фёдараўна, - загаварыла ціха і ўмольна, калі класная
раздала ўсе лісткі, - мяне ж на смех узнімуць. Я ж упэўнена, што наш
Юрыс тут жа з месца выгукне: "Пракаповіч, табе ўжо можна!". Змілуйцеся,
Вольга Фёдараўна!
Класная - яшчэ зусім маладая жанчына. Ёй толькі нядаўна
споўнілася трыццаць. Яна - прыгожая, з абаяльнай усмешкай, стан у яе
зграбны, яна вышэй сярэдняга росту, крышачку хударлявая. З ёй бывае
цікава і весела, яна ведае амаль усе дзявочыя сакрэты - самі расказваюць.
Гэта першы яе клас.
Вольга Фёдараўна ўзяла працягнуты лісток, прабегла вачыма.
- А Божухна! - і скамячыла паперку. - Абыдземся і без гэтага
пытання.
Цудоўна пачаўся дзень.
Пасля алгебры была фізкультура. І - якая радасць - да дзяўчат
у раздзявалку зайшла настаўніца фізкультуры Ніна Пятроўна.
- Дзяўчаты, маліцеся! Я з гэтага дня і да дня апошняга
вытрасу з вас усё, што змагу! Так, без формы на стадыёне не з'яўляцца.
Хто не з'явіцца ўвогуле - прагул. Скласці кожнай мне вашы асабістыя
графікі.
- Ура! - выбухнулі некалькі галасоў, і запляскалі ў ладкі
дзяўчаты.
- А ў трусах можна прыходзіць?
- Толькі ў спартыўных. Стрынгі апранайце на дыскатэкі.
- А калі ў мяне праблемы не па графіку? - спытаўся нехта,
прыдурваючыся, з дзяўчат.
- Даведку ад урача мне. Вашыя крытычныя дні для вас справа
сур'ёзная, і я павінна дакладна ведаць, калі вам што можна, калі не,
- без усмешкі адказала настаўніца. - Сачкаваць не выпадзе. Выходзім
строіцца.
Было чаму радавацца - папярэдняга настаўніка, невялікага
росту мужчыну, Антона Іванавіча, Таня ненавідзела. Ды і не адна яна.
Антона Іванавіча не хвалявалі кросы і скачкі, галоўнае практыкаванне,
якое павінны былі здаць яму старшакласніцы, - расцяжка на шчыце. Кладзешся
на такі шчыт, які падобны на нахілены вуглом уніз ромб, пара дзяўчат
цябе падтрымлівае, і ты павінна максімальна шырока раскінуць рукі і
ногі, прыціскаючы іх адначасова да шчыта. Антон Іванавіч назірае, не
- цікуе, як коршак за куранём. А можа падысці і хапіць аберуч за лыткі,
мацней развесці ногі, аж забаліць… І вочы яго… Ух, лепш не бачыць яго
вочы - з такой адкрытай пажадлівасцю яны бліскаюць у нейкі момант, што
робіцца не проста сорамна - агідна. Хоць спартыўны касцюм на табе, а
адчуванне такое, быццам ты цалкам голая. І на цябе, безабаронна распятую
на гэтым драўляным шчыце, гэты настаўнік вось-вось кінецца... А калі
яму казалі пра свае дзявочыя праблемы, то іншым разам такое мог спытаць,
што і маці не пытае. І які гэта разумнік прыдумаў, што ўрокі фізкультуры
ў старшакласніц можа весці мужчына? Хай бы хоць правяралі такіх мужчын…
Цудоўна прайшла радыёгазета. Яе вялі Марыя (у класе яе
звалі Мэры) і Віктар. Мэры няйначай будзе журналісткай. Ужо колькі допісаў
яе друкавала раённая газета. А Віктар - народжаны каментатар, ніколькі
не камплексуе падчас сваіх выступленняў, а язык падвешаны - ніякіх тэкстаў
яму не трэба. Паэт і любіць сам чытаць свае вершы, ніколькі не саромеецца.
Кажа, нельга саромецца таго, што табе Бог даў. І нельга тое ад людзей
хаваць, бо табе дадзена толькі для таго, каб праз цябе тое дадзенае
зведалі ўсе астатнія людзі. Добры хлопец Віктар. Толькі здаецца, трошкі
задавака.
Сустрэча з урачамі прайшла не так гладка, як хацелася б.
Гэта Юрка вінаваты. Не Юрыс Клімко- зубаскал і шалапут, а Юрка Хаванскі,
выдатнік, адзіная надзея 10-А на залаты медаль. Юрка хлопец неблагі,
не задавака, ніколі ў дапамозе не адмовіць, але нейкі занадта правільны.
І занудлівы. На іншае трэба рукой махнуць ды пайсці, а Юрка гатовы цэлую
трагедыю зрабіць на пустым месцы. Хоча свет змяніць, дзівак.
Вось і цяпер: тры дзесятыя класы, чатыры адзінаццатыя,
настаўнікі, завучы, дырэктар школы ў актавай зале. Лекцыю чытае добра
вядомая дзяўчатам урач-гінеколаг Ларыса Уладзіміраўна. Яе і не слухаюць
надта, бо аб усім ужо не раз чулі, але ў зале цішыня - дырэктар вунь
як строга паглядвае на вучняў.
Аказваецца, Юрка лекцыю слухаў уважліва. Бо ён, пасля таго,
як Ларыса Уладзіміраўна закончыла расказваць і адказала на загадзя падрыхтаваныя
пытанні, раптам незапланавана ўзняўся з месца - пытанне ў яго. Класная
крышачку прыжмурылася - насцярожылася, ведала, Юрка глупства не панясе,
але ж праблему стварыць можа.
І стварыў.
- Ларыса Уладзіміраўна! Вы так пераканаўча нам расказалі,
што прэзерватыў з'яўляецца самым надзейным сродкам ад ВІЧ-інфекцыі…
Дзякуй. І раней даводзілася аб гэтым чытаць і чуць, - пачаў Юрка, а
ў зале імгненна насцярожыліся, бо ведалі ў школе Юрку добра - з-за яго
прынцыповасці і пунктуальнасці.
- Дзякую, - кіўнула Юрку са сцэны ўрач.
- Дык вось, адно мне яшчэ падкажыце, калі ласка, Ларыса
Уладзіміраўна… - Юрка зрабіў паўзу, акуляры свае зняў, зноў надзеў.
- Прэзерватыў - сродак прафілактычны, можна ў аптэцы купіць, можна ў
шапіку якім, у гастраноме… Я вось не купляў, не карыстаўся, то Вы мне
патлумачце: прэзерватыў - гэта таблетка такая? Перад ядой яе піць ці
пасля? Заварваць кіпнем ці на гарэлцы настойваць? Можа, гэта гатовае
націранне? Як гэты сродак прымяняць?
Зала замерла.
Спытай вось так той жа Юрыс - усе б леглі са смеху, але
пытаўся Юрка Хаванскі, значыць, пытанне - толькі пачатак таго, на што
намеціўся гэты лабасты хлопец.
Урач стаяла, лыпаючы ад разгубленасці вачыма, не ведаючы,
як успрыняць пытанне. Як жарт? Але чаму не смяецца зала? Гэта правакацыя?
На дапамогу ўрачу прыйшла завуч, Вера Андрэеўна. Сухая,
як вобла, кабета ў гадах, з сівымі валасамі, скрыпучым голасам. У іншы
дзень як навіну перадавалі па школе: наша Верачка ўсміхнулася. Рэдка-рэдка
ўсміхалася Верачка. І клікалі яе так, каб яшчэ больш падкрэсліць яе
сухасць. Але - Верачку паважалі. Без той жа ўсмешкі яна магла так пажартаваць…
І вельмі дасціпная. А галоўнае - справядлівая. Не проста справядлівая,
а прынцыпова справядлівая. Што той суддзя з завязанымі вачыма: перад
ёй усе роўныя. Дык вось, Вера Андрэеўна паднялася і без усмешкі сказала:
- Дарагі Юрый, прыходзь да мяне ў кабінет, я табе адзін
на адзін пакажу, як чым карыстацца.
Цяпер зала выбухнула смехам. Чорт яго ведае, хто там што
маляваў у думках, але смяяліся доўга.
Юрка не садзіўся, пачакаў, калі смех пацішэе.
- Дзякуй, Вера Андрэеўна. Я ўжо па фільмах навучыўся. Я
хачу проста даведацца: чаму такая бязглуздзіца ў нашай агітацыйна-прафілактычнай
рабоце? Мы ўголас кажам аб сродку абароны і адначасова ніяк не тлумачым,
чаму гэты сродак самы надзейны і, галоўнае, - як яго прымяняць. Увогуле,
чаму прымяненню такога надзвычай важнага сродку мяне павінен вучыць
тэлевізар, старэйшы сябар, нават Вера Андрэеўна пры жаданні, а ўрач
сціпла маўчыць? Ці гэтаму вучыць не трэба? Але і гэта не галоўнае…
- Хаванскі, сваю дасціпнасць ты можаш паказаць у другім
месцы! - бесцырымонна ўмяшалася ўжо сама дырэктар, Людміла Антонаўна.
- Сядай, сядай! - строга загадала яна Юрку, які хацеў дагаварыць. -
Я ведаю, што ты сваімі пытаннямі і разважаннямі можаш сарваць любое
мерапрыемства. Так, дзеці, мы з вамі праслухалі вельмі цікавую лекцыю,
атрымалі адказы на свае пытанні. Нам застаецца падзякаваць шаноўнай
Ларысе Уладзіміраўне!
Вучні дружна адгукнуліся апладысментамі: усім надакучыла
сядзець ужо другую гадзіну, заканчэнне гэтага мерапрыемства толькі радавала.
Цудоўна прайшоў брэйн-рынг. Старшым каманды, у якой гуляла
Таня, была Каця, стараста класа. Дзяўчына яна разумная, але непрыгожая.
Твар у прышчыках. Разумееш, што гэта ўзроставае, але клас гэтым перахварэў
ў восьмым-дзевятым, а Каця вось толькі цяпер. Яна высокая, вельмі худая,
і грудзей амаль не бачна, але яна не камплексуе. Сірата, бацька памёр
маладым ад раку. У яе дома яшчэ двое малодшых, брат і сястра. То гаспадыня
Каця адмысловая. Яе гаспадарлівасць ў класе заўважаеш адразу: і фіранкі
на вокнах, і кветкі ў вазонах, і астатнія дробязі - усё на плячах Каці.
Ды яшчэ пастаянныя зборы грошай. Але, здаецца, Каці гэта падабаецца
- клапаціцца аб нечым, за некім даглядаць, за нешта адказваць. Яшчэ
Каця такі чалавек, якому хочацца падпарадкавацца. Як яна што загадае
ці папросіць, то адразу адчуваеш, што за вынік таго, што ты будзеш рабіць,
бярэ на сябе адказнасць яна сама. То не дзіўна, што Каця - капітан каманды.
За рукі як пабраліся, нахіліся над сталом, ад Каці ўсім, ці то просьба,
ці то загад:
- Залы няма, балельшчыкаў няма. Ёсць пытанні, ёсць адказы.
Слухаем сябе і адзін аднаго. Чуем усіх!
Пасля аднаго пытання, якое ўзялі з ходу, Сашка, сусед Тані
справа, нечакана нахіліўся да яе:
- Прыйдзеш сёння на дыскатэку, так?
- Прыйду.
- О, трэба адзначыць! Якая табе мелодыя ці песня падабаецца
найбольш? Скажу, каб абавязкова знайшлі і паставілі.
- "Вихри враждебные веют над нами…", - Таня паказала Сашку
язык.
- Ну ты даеш…- Сашка крыху замяўся, потым выціснуў з сябе:
- Давай разам будзем? Ты ж на дыскатэкі не хадзіла раней. Буду цябе
аберагаць…
Таня ўважлівей паглядзела на Сашку, але адказаць не паспела
- задалі чарговае пытанне. А потым і брэйн-рынг закончыўся. Яны перамаглі.
Цудоўна заканчваўся дзень. Настрой… хто яго ведае, як так
атрымалася, а настрой быў ранішні. Быццам зноў вось толькі прачнулася
пасля светлага сну.
Увогуле, усё цудоўна. Мерапрыемства прайшло на ўзроўні,
як сказала завуч Вера Андрэеўна, пахваліўшы 10-А . Вясна ў разгары,
хутка і канец вучобе. Канікулы - і апошні школьны год. Сёння павінен
быць цудоўны вечар: увесь дзень так шчодра паліць сонейка, так цёпла
цяпер. І дыскатэка сёння. Таня ўспомніла пра дыскатэку і зразумела,
ад чаго яшчэ ў яе такі добры настрой: Сашка. Ён прапанаваў ёй сёння
быць разам на дыскатэцы. Ну, сябруюць яны даўно, але ж менавіта сябруюць.
Ды і як не сябраваць, калі іх дамы ў адным двары. Колькі Сашка раз прыходзіў
матэматыку перапісваць… Але ж дыскатэка - не алгебра з геаметрыяй.
Сашка другое прапанаваў…
І ён Тані падабаецца. Не, тут няма чаго надта думаць. Проста
Сашка як быў бліжэй за ўсіх да Тані змалку ў першыя гады вучобы, то
цяпер зноў быццам вярнуліся адносіны ў тое дзяцінства, праўда, з'явілася
ў іх нешта недаказанае, нават недадуманае, аб чым і думаць не тое што
страшна, а проста не хочацца. Каб не спудзіць.
У кватэры прыбрала, паабедала, прысела і адпрасавала сваё
ўбранне на дыскатэку: кароткая джынсавая спаднічка з шырокім скураным
поясам, на ім - вялікая бліскучая бляха і топ - маечка кароткая, без
рукавоў, глыбока дэкальтыраваная і адно плячо голае.
Пераапранулася, каб пабачыць саму сябе ва ўсім гэтым -
так яшчэ ніколі на вуліцу не выходзіла.
Выдатна. Грудзі ў яе яшчэ невялікія, станік адзяваць не
трэба, а топ так абцягвае стан, што маленькія саскі тырчаць, быццам
на грудзях нашыты круглыя гузікі. Крыху нават сорамна, але ж цяпер і
жанчыны маладыя так ходзяць - без станікаў, кофтачкі ў абліпку.
Спаднічка сядзіць нізка на бёдрах, пояс трэба яшчэ больш
аслабіць і ўніз яго апусціць.
Паміж поясам спаднічкі і краем топа - цэлая чвэрць голага
цела. З пупком пасярэдзіне.
Пакруцілася перад люстрам. Ну, на якой адлегласці сёння
Сашка з ёй танчыць будзе? І як ён руку на спіну пакладзе? Яна ж у гэтым
месцы голая.
Скура на спіне раптоўна сцягнулася, мурашкі па ёй прабеглі,
быццам там ужо лягла далонь хлопца. Таня аж прыпынілася. Такім вострым
і жывым было адчуванне лёгка ўздрыгваючай цёплай далоні Сашкі на целе.
Шчоўкнуў уваходны замок, рыпнулі дзверы - маці прыйшла.
- Божачка, ты так на людзі пойдзеш? - пачала яна, скідаючы
з ног туфлі. - Выставіла пуп! Бюстгальтар надзень, цыцкі тырчаць!
- Ну, мам, гэта ж топ! Так усе ходзяць цяпер, не толькі
такія маладыя, як мы, - пачала апраўдвацца Таня. - А станік надзену,
то шлейка будзе цераз плячо, непрыгожа…
- Я табе дам прыгажосць!
Але казала маці без асаблівай злосці, лаялася больш для
парадку. Нічога, прыйдзецца ёй змірыцца. Мода ёсць мода…
- Спадніца!.. Божухна, трусы амаль відаць!
- Нічога не відаць, мам…
- Як нахілішся, то ўвесь азадак голы будзе. Нябось, стрынгі
тыя надзела?
- Не, не стрынгі… - адказала Таня, і ёй нечакана стала
сорамна. - І чаго мне нахіляцца. Як трэба, то прысяду…
У гэтую мінуту яна баялася больш за ўсё, што маці раптам
загадае задраць спадніцу і паказаць, што за трусікі яна надзела. Невядома
чаму, Таня адчула, што ёй надзвычай сорамна будзе тое зрабіць. І, каб
не здарылася такога, хутка пайшла з залы ў свой пакой - скінуць з сябе
топ і спадніцу, апрануць халат.
Маці зайшла ўслед за ёй, Таня стаяла якраз ў адных трусіках,
і пачуццё сораму нечакана апякло.
Маці паглядзела на яе нейкімі чужымі вачыма і прагаварыла
з пагрозай:
- Глядзі мне, дзеўка!
- Што глядзець? - успыхнула, залілася чырванню Таня, зашпільваючы
халат.
- Тое і глядзі. Не пашкадую, калі што. На адну нагу стану,
за другую пацягну, калі ў такія гады надумаешся пад каго легчы.
- Мама! - выгукнула ўмольна Таня, бо чуць такое было крыўдна,
абразліва, яна ніяк не спадзявалася, што маці так можа казаць, а значыць
- думаць пра яе, Таню. І адначасова імгненна ўспомніўся Антон Іванавіч
з яго "расцяжкамі", і ўдвая стала агідней.
- Не мамкай, а помні! - адрэзала маці і выйшла з пакоя.
Потым прыйшоў з работы бацька, маці да гэтага часу памылася
ў ванне, цяпер сушыла валасы.
Бацькі збіраліся на сваю гулянку.
- Дачушка!
Гэта бацька паклікаў. Стаяў перад люстрам, ніяк не мог
укласці нармальна гальштук - каўнер сарочкі горбіўся непрыгожа.
- Чакай, чакай, - Таня ўклала акуратна гальштук, падцягнула
вузел, разраўняла каўнерык. - О, другі раз за год бачу цябе пры касцюме
ў гальштуку. Адно на Вялікдзень апранаеш.
- Гэх, затое не прывыкаюць! - зухавата адказаў бацька.
- Як пакажуся такім на гулянцы - не пазнаюць! Усе жанчыны мае!
- З адной справіцца не можаш, усіх яму давай, - кпліва
заўважыла маці, седзячы на канапе ў зале і фарбуючы пазногці. - Бяжы,
купіш кветкі і чакай мяне ля універсама. Я хутка…
Бацька пайшоў.
Таня сядзела ў сваім пакоі на тахце, падціснуўшы ногі,
і чытала.
- Тань, я тваю памаду для вуснаў вазьму! - крыкнула з прыхожай
маці.
- Бяры, яна ў сумачцы, - адгукнулася Таня і паднялася:
трэба выйсці і маці сказаць камплімент, бо непрыгожа неяк атрымаецца,
калі бацькам любавалася, а пра маці ні слова.
Маці корпалася ў Танінай сумачцы.
Раптам рука яе замерла, яна стала паварочвацца да Тані,
адначасова выцягваючы руку з сумачкі.
- Ах ты сучка! - прасіпела маці такім голасам, што ў Тані
ўсё абарвалася ўнутры.
Менавіта голас яе ўразіў, а не пакецік прэзерватыва, які
маці трымала двума пальцамі, быццам дохлую мыш за хвост.
- Я так і ведала, - выдыхнула маці, як вынесла прысуд і,
імгненна размахнуўшыся, ударыла рукой з заціснутым бліскучым белым пакецікам
у твар Тані.
Таня не чакала ўдару. Яна ўвогуле нічога не чакала, яна
яшчэ не змагла як след ўсвядоміць сітуацыю, зразумець, што адбылося.
Яна адляцела да дзвярэй, падаючы на падлогу, выцялася тварам
прама аб востры край вушака. Ад болю на імгненне страціла прытомнасць,
але куды мацнейшы боль вярнуў яе ў рэчаіснасць - маці хапіла яе за валасы
і цягнула ўверх.
- Было? Ах ты сучка блудлівая? Я ж цябе папярэджвала…
- Не… не было… не было…, - мармытала Таня, аглушаная болем,
нянавісцю маці і тым, што яе вось цяпер ударылі. Ударылі ў твар…
- Дык збіралася, значыць? Спадніцу выбрала, каб задраць
хутчэй і прасцей было? Ах ты гадаўка! - маці шпурнула галаву Тані долу,
павярнулася да сумачкі на століку, знайшла там памаду і спакойна падфарбавала
вусны.
- Значыць, сядзіш дома, - казала яна, зіркаючы на Таню
ў люстра. - І сёння, і заўтра. У панядзелак зранку разам са мной да
гінеколага. І няхай мне там скажуць, што ты не дзеўка. Мала табе не
будзе.
Працокалі каблукі - маці падышла да дзвярэй. Ад парога
азірнулася:
- Нягодніца, трэба ж так настрой сапсаваць…
Таня ляжала доўга - аж пакуль у кватэры адчувальна не пачало
шарэць.
Твар гарэў. Левы яго бок балеў. Таню трэсла, быццам на
яе толькі што вылілі вядро сцюдзёнай вады.
Яна ўзнялася, зірнула ў люстра.
Адна шчака была чырвоная, а праз другі бок твару ад барады
да скроні цягнуўся сіне-чырвоны пісяг. Заплывала вока, твар перакрывіўся…
Стала не тое што абыякава. Не, проста гэты свет раптам
страціў сваю важкасць. Божа, нейкая там школа, дыскатэка, спаднічка
і топ, Сашка, англійская мова, інстытут… Усё гэта і мноства іншага зрабілася
далёкім-далёкім. Усё роўна як ты глядзеў у бінокль адным бокам, а нехта
прыйшоў і ўладна перавярнуў бінокль у тваіх руках. І тое, што здавалася
вялікім і значным, стала дробязным, мізэрным, не вартым увагі. Што цяпер
важна?
Неба. І сонца на гэтым небе.
Калі сядзець на падаконніку на дзевятым паверсе, сонца
куды бліжэй да цябе. Яно няспешна коціцца вунь за той лясок. Сонца -
гэта ты. Ты - гэта сонца. Знікне сонца - прыйдзе ноч. І ты знікнеш,
бо пойдзеш у ноч. Таму важна цяпер глядзець на сонца. Бачыць яго. Яно
ўжо амаль не зыркае.
Ніколі не думала, што глядзець праз акно на захад сонца,
стоячы ў пакоі, гэта зусім не тое, што глядзець на сонца, седзячы на
падаконніку, тварам да неба, тварам да сонца. Сонца ўсё ніжэй і ніжэй.
Ужо хутка…
Аднекуль з таго, мізэрнага, далёкага свету даносіцца незразумелы
гук. Таня пазнае яго нарэшце - гэта мабільнік яе спявае. Ісці ўзяць?
Але дзеля яго трэба кідаць сонца. Хіба можа быць там нешта важнае? Там
- толькі мізэрнае. Але тэлефон замаўкае - і зноў спявае. Трэба проста
выключыць яго. І хутчэй бы закочвалася сонца.
Таня павольна павярнулася на падаконніку, ногі цяпер звешваюцца
не на вуліцу, а ў пакой, слізганула ўніз.
Тэлефанаваў Сашка.
- Танюш, я зараз да цябе прыбягу. Добра?
- Навошта?
- Ну, разумееш, мне трэба… Толькі ты дапаможаш.
- Прыходзь.
Таня доўга глядзела на тэлефон. Ага, яго трэба ўвогуле
выключыць. Каб нішто не перашкаджала глядзець, як коціцца за лес сонца…
Затрэнькаў дзвярны званок, Таня механічна адчыніла.
Сашка стаяў на парозе запыханы, вочы круглыя ці то ад жаху,
ці то ад здзіўлення.
- Ну, што ў цябе? - абыякава спытала Таня.
Сашка ступіў у кватэры, асцярожна ўзяў за руку Таню і сціснуў
моцна.
- Таня, ты што? - голас яго быў перапалоханым. - Што здарылася?
Хто цябе так?
Таня маўчала, гледзячы праз Сашку на дзверы, амаль безуважная
да ўсяго.
Невялікі белы бліскучы пакецік ляжаў між імі.
- Гэта… з-за яго? - Сашка аж захліпнуўся ад здагадкі.
Таня паглядзела ўслед за Сашкавым позіркам, хацела нахіліцца,
але Сашка трымаў яе руку.
- Пусці мяне.
- Не пушчу. Я табе потым пакажу, як выглядае знізу дзяўчына,
якая сядзіць на падаконніку акна на дзевятым паверсе, звесіўшы ўніз
ногі… Бацька?
- Што бацька? - здзівілася Таня.
- Бацька… ударыў?
- Не, я сама ўпала.
І раптам як прарвалася нешта ў сярэдзіне грудзей - і крыўда,
бясконцая, неабсяжная крыўда ірванулася слязьмі на волю.
- Сашка, за што яна мяне так? Я ж нічога не зрабіла, я
не збіралася нічога рабіць, у мяне ж і ў думках нічога не было… Яна
мяне ў твар ударыла… не хачу, жыць не хачу, нічога бачыць не хачу…
Таня зайшлася ў плачы, упаўшы здаровым бокам твару на Сашкава
плячо. А той стаяў разгублены, збянтэжаны нечаканым парывам дзяўчыны:
адкуль яму было ведаць, што рабіць, як суцяшаць.
- Пайшлі, пайшлі…
Сашка правёў Таню ў яе пакой, яна села на канапу, усхліпваючы,
расказвала:
- Маці памаду папрасіла… Я і сказала: бяры ў сумачцы. Яна
палезла туды, а там - прэзерватыў. Як ён там апынуўся, я не ведаю. Яна
мяне адразу… І так крычала… Так абзывала… Кажа, у панядзелак да ўрача,
на цноту правярацца… не пайду, лепш з акна скочу …
- Ну, скакаць з акна не самае лепшае, - смялей адказаў
Сашка, разгубленасць яго амаль прайшла. - От глядзі, я цябе сфатаграфаваў,
- ён дастаў свой мабільнік, знайшоў здымак. - Думаў, ты так, выпадкова
за нечым з акна вылезла. А тут гляджу - ты сядзіш і сядзіш. І ўся нерухомая.
Так і падумаў, што скокнеш… Напужаўся…
- А мне не страшна, хоць заўсёды вышыні баюся. Там сонца
коціцца за лясок, так цягне ўслед за ім…
- Ну, то пайшлі ў той лясок! - проста прапанаваў Сашка.
- Скакаць навошта? Ну яе к чорту, дыскатэку тую. Там будзе тлумна, народу
наб'ецца, што тых селядцоў. А ў тым ляску ёсць месца для адпачынку,
пасядзім. Яшчэ там чаромха расце. Хочаш, чаромхі наламаем?
- Хачу, - Таня праз сілу ўсміхнулася. - Куды я… з такім
тварам?
- А каму справа? Зараз брату патэлефаную, ён ужо з работы
прыехаў, то падвязе нас. А назад пешкі прыйдзем, тут недалёка, ды і
прыцемкі… Давай, апранайся.
Таня згадзілася не толькі таму, што хацела ў той зваблівы
лясок. Невыносна было ў кватэры, дзе ляжаў на падлозе бліскучы квадрацік.
Абы б куды, толькі не ў кватэры…
Яна паслухмяна ўстала і, адвярнуўшыся, скінула з сябе халат.
- Эй, ты б папярэдзіла, - Сашка збянтэжана крутнуўся, каб
не бачыць амаль цалкам аголеную, стаяўшую ў двух кроках ад яго дзяўчыну.
Таня павярнулася да яго, адной рукой прыкрываючы грудзі.
- Ты выбачай, але я неяк сораму не адчуваю. Я такое пачула
пра сябе... Я зараз…
Сашка чуў шоргат адзення. Каб перамагчы гэтае насланнё
- амаль фізічнае адчуванне спінай блізкага аголенага цела дзяўчыны,
стаў тэлефанаваць брату.
- Ты вольны? Пад'едзь да пад'езду Тані Пракаповіч. Закінеш
нас па чаромху. Разлічуся потым…
Таня ціха паклікала:
- Вось, я гатова.
- Так - у лес? - Сашка вытрашчыў вочы: Таня была ў той
самай кароткай спадніцы і топу.
- Я так хацела на дыскатэку прыйсці. Пайду ў лес.
- То хоць кофту якую вазьмі ці куртку. Сонца сядзе - холадна
можа быць. І… касынку якую яшчэ, каб шчаку прыкрыць…
- Ага, - згадзілася Таня, дастала паўпразрыстую касынку,
накінула на галаву. Чырвоную вязаную кофту дала Сашку: - Нясі сам.
Калі ад'ехалі ад пад'езда, Таня абыякава зазначыла:
- Мы з табой у машыну садзіліся ды яшчэ з гэтай кофтай,
што ўсе рашылі - паехалі на прыроду у любоў гуляць.
- Хай рашаюць, - паціснуў плячыма Сашка. - Што з дурнямі
спрачацца.
У лесе было цудоўна. Калі матор машыны заглух, на іх раптоўна
накінулася цішыня. Нідзе ні гука!
На паляне, дзе яны спыніліся, стаяў вялікі "грыбок", пяць
лавак вакол . Побач было зроблена месца для кастра. Паўкругам ля кастра
ляжалі на невысокіх слупках уздоўж расколатыя бярвенні - так і цягнула
на іх прысесці.
- А дзе чаромха? - спытала Таня.
- А ўніз спусціцца метраў сто, - адказаў Сашка. - Я ж табе
мінулай вясной адгэтуль чаромху прыносіў.
- То вас пачакаць? - спытаў брат Сашкі, Віктар.
- Не, братуха, едзь, - махнуў рукой у адказ Сашка. - Дзякуй.
Мы тут да вечара будзем. Хутка салаўі спяваць пачнуць. Паслухаем…
- Дзівакі, заехалі б ў магазін, хоць бутэльку вады ўзялі.
- Грошай няма.
- А я табе хто - чорт лысы? - аж пакрыўдзіўся Віктар. -
Ну, чакайце, я хутка.
Хвілін праз дваццаць Віктар прывёз бутэльку мінералкі,
яшчэ - пакет соку, некалькі булак.
- Тэлефануй, як што, - кіўнуў Сашку і паехаў.
Цудоўна пахла чаромха!
Адна справа - утыкаць нос у букет, хай сабе і вялікі. І
зусім другое, калі стаіш пад вялізнымі дрэвамі, усыпанымі суквеццямі.
- Вой, аж дурманіць, - Таня прыпынілася, пакруціла галавой.
- Ніколі такога не адчувала. Быццам у пакоі стаіш, дзе цэлы флакон парфумы
разлілі на падлогу.
Пах чаромхі тут невыказна густы, гаркава-салодкі, аж прытарны
ля самых дрэў, трошкі і на самай справе п'яніў Таню. Ва ўсякім разе
яна не тое што забылася на свой пабіты твар, а зрабілася нядаўняе куды
менш значным.
Вялікіх дрэў чаромхі было шэсць, а ля іх яшчэ невялікімі
белымі стагамі і копамі раскінуліся маладзейшыя дрэўцы.
Сашка нізка, да самага твару Тані нахіляў галіну - Таня
асцярожна выбірала і ламала галінкі.
- Ды не гні ты так моцна, я дастану.
- Ага, табе толькі і цягнуцца за кветкамі ўверх, - зніякавеўшы,
адказаў Сашка, маючы на ўвазе Таніну кароткую спадніцу. - Тваё шчасце,
што яшчэ камароў надта няма…
Вярнуліся да грыбка.
Сонца ўжо не стала відаць - цалкам схавалася за лес, і
толькі вершаліны дрэў яшчэ свяціліся золатам. Сашка стаў збіраць сучча
- вырашыў, што трэба развесці касцёр.
Калі лес стаў знізу зацягвацца прыцемкамі, а ад чаромхі
пацягнула халадком, касцёр ужо весела патрэскваў.
Селі ля яго, на такія зручныя і нагрэтыя сонцам пляскатыя
бярвенні. Кофта вязаная доўгая, то Тані хапіла і плечы, і калені крыху
прыкрыць.
- Я сёння даведаюся, хто так пажартаваў, - сказаў Сашка.
Казаў з яўнай пагрозай. Дзівак, хіба гэтае веданне можа
нешта змяніць у тым, што адбылося? Якая розніца: хто паклаў той прэзерватыў
у сумачку Тані і нашто паклаў? Маці ж ударыла за тое, што ён там проста
быў… Таму Таня папрасіла:
- Сашка, не трэба, я цябе прашу ніякіх разборак не рабіць.
Якая розніца?..
- За такія жартачкі дараваць? - здзівіўся Сашка. - Ты…
не разумею, даруеш усё так проста…
- А якая розніца: як дараваць? Проста ці складана, то ж
маці. А той, хто паклаў…Хіба ж ён думаў, што так будзе?
І нечакана захліпнулася, здрыганулася ўсім целам:
- Сашка, а куды ж мне ісці? Я ж дамоў не пайду. Ніяк не
пайду.
Таня і па праўдзе ў гэты момант спужалася: спужалася таго
самага імгнення, як сустрэнецца з маці. Прабачыць - яна была, здаецца,
гатова. Завочна. Але не сустракацца. І таму адчай і страх у яе словах
былі самымі сапраўднымі.
- Ну… пайшлі да нас. Я на падлозе ў брата паначую, маці,
думаю, зразумее…
І ў гэты момант, быццам спецыяльна, запілікаў Сашкін мабільнік.
- От, лёгкая на ўспамін! - Сашка дастаў з кішэні мабільнік,
кіўнуў Тані: - Маці звоніць.
Таня не прыслухвалася да гукаў, але было чуваць, як маці
Сашкі нешта крычыць усхвалявана. Сашка моршчыўся, потым перабіў:
- Так, хопіць крычаць! Куды завёз Віктар, туды завёз. Бач,
табе перадалі… Не хвалюйся, у нас усё пад кантролем. Сёння ў школе -
дзень прафілактыкі СНІДу. Мы днём слухалі лекцыі, а от цяпер, вечарам
і ўсю ноч, у нас практычныя заняткі па бяспечнаму сексу. Усё, я адключаюся,
у мяне батарэя села, - Сашка адключыў мабільнік, нейкі час сядзеў задуменны.
Падкінуў пару палак у касцёр.
- Брыдка… Усе яны аднолькавыя, - зазначыў ён сумна. - Нехта
там убачыў і перадаў: твае сыны зацягнулі нейкую дзеўку ў машыну, твар
яе схавалі і павезлі ў невядомым накірунку… - Сашка аж плюнуў далёка
ўбок. - Ведаеш, яна крычала на мяне так, быццам і я, і Віктар на самай
справе ўжо зрабілі страшнае злачынства…
І тут цішыню ўжо добра загусцеўшых прыцемкаў прарэзаў незвычайна
чысты і блізкі гук.
- Салавей, - прашаптаў Сашка. - От, зараз яны пачнуць…
Але зноў запілікаў мабільнік.
- Блін, не дадуць салаўёў паслухаць, - буркнуў Сашка. -
Што ты хацеў, Юрыс? - спытаў ён тэлефанаваўшага.
З Юрысам Сашка збольшага сябруе - жывуць у адным пад'ездзе.
Год таму захапіліся былі мапедамі, днявалі разам. Але цяпер крыху паасобку,
Сашка з Юрыса часта кпіць - вялікі ўжо, а дзяцінства так і пхнецца:
усё нешта выдумляе. Але хлопец неблагі, калі выштукарыць якое дзіва,
то не са злосці, а каб пасмяяліся ўсе.
Сашку, відавочна, крыху гняло тое, што ён ужо другі раз
адказвае па тэлефоне, у той час як Таня павінна змаўкаць. Прыйшлі ж
сюды разам, спецыяльна каб быць удвух, а тут Сашка быццам не жадае сам-насам
з Таняй заставацца, сакрэты ў яго нейкія… Хутчэй за ўсё менавіта таму
ён паклаў мабільнік між сабой і Таняй, націснуў на патрэбную кнопку,
і голас Юрыса загучаў выразна і для Тані.
- Так, папярэджваю, з табой не толькі я размаўляю, але
і Таня. Я гучную сувязь уключыў, - сказаў ён.
- Якая Таня? - перапытаў Юрыс. - Пракаповіч?
- Ага, я, - гучна сказала Таня. - Што, здзівіўся?
- А вы дзе? - разгубіўся Юрыс. - Тут ужо танцулькі пайшлі…
- То і дрыгайся. У нас справа сур'ёзная, - адказаў Сашка.
- Якая справа?
- У нас практычны ўрок бяспечнага сексу, - нечакана для
сябе выгукнула Таня і здзівілася, што голас яе прагучаў нават бадзёра.
-А-га-га-га, - зарагатаў Юрыс. - Спатрэбіўся, значыць,
прэзерватыў!
- Дык гэта ты?! - рэзка выгукнуў Сашка. - Ты гэтай дурніцай
займаўся?
У голасе яго было столькі нянавісці, што Юрыс разгублена
замаўчаў, адчуўшы, відаць, што з яго жартам атрымалася нешта не зусім
смешнае.
- А… ну, я… Дык жа вось, спатрэбіўся, - яшчэ паспрабаваў
няўклюдна перавесці ўсё на жарт Юрыс.
- Прыдурак! Я з табой заўтра размаўляць буду! Я цябе той
прэзерватыў з'есці прымушу! Ну, чакай…
- Ты чаго… Ну, пажартаваў я, - замармытаў Юрыс.
- Сашка, не трэба нічога, я ж цябе прасіла, - загаварыла
Таня, дадала гучней: - Юрыс, не бойся, Сашка цябе не будзе чапаць.
- А што здарылася, Таня? - з сапраўднай трывогай запытаў
Юрыс.
- А што, па-твойму, магло здарыцца, калі мы збіраліся на
дыскатэку, а цяпер сядзім у лесе? - з ранейшай злосцю спытаў Сашка.
- Усё, танцуй, гумарыст вашывы.
- Э, чакай, чакай, не адключайся, - заспяшаўся Юрыс. -
У якім вы лесе? Праўда??
- Не, мы на ганку ля школы, - з'едліва адказаў Сашка. -
У Чарэмшані мы… - і адключыў тэлефон.
Так называлася гэтае месца - з-за тых некалькіх вялікіх
дрэў чаромхі - Чарэмшань. Казалі, што раней тут увогуле ўсё было ў чаромхах.
Побач з горадам, месца ўтульнае, то ведалі яго добра. І летам па вечарах,
а на выхадныя - то ўвесь дзень гэта паляна рэдка была без людзей. Колькі
год таму яе крыху добраўпарадкавалі - вось "грыбок" паставілі, лаўкі,
кастрышча, яму для смецця выкапалі…
- Дарэмна ты на яго крычаў, - загаварыла Таня. - Ён жа
не хацеў…
- Думаць трэба! Не маленькі. Быццам не ведае, што бацькі
розныя бываюць…
- Чакай, ты ж сам толькі сказаў, што ўсе дарослыя аднолькавыя,
- прыязна ўсміхнулася Таня, каб трошкі супакоіўся Сашка. - Вунь і твая
маці падумала пра цябе не самае лепшае…
- І тое праўда, - лёгка згадзіўся Сашка. - Цікава, гэты
жартаўнік яшчэ каму прэзерватыў паклаў? От каб у гэты вечар усе маці
знайшлі ў нашых у сумачках, у кішэнях прэзерватывы… Во б было…
Зайграў мабільнік - на гэты раз Танін.
- О, Каця ўжо мяне шукае… Што, Кацюша?
- Ты дзе? Ты ж абяцала прыйсці і ўсіх тут здзівіць сваёй
спаднічкай. Я ўжо ўсе вочы выглядзела. Ці цябе на ганку перастрэлі і
замуж узялі? - хутка стала распытваць Каця крыху ўсхваляваным голасам.
Адчувалася, яна перажывала за сяброўку - Таня першы раз на дыскатэку
мелася прыйсці.
- А я ў лесе, - нявесела адказала Таня. - У мяне… твар
пабіты, - прызналася яна - Каця ж сяброўка.
- Як твар пабіты?
- Маці… піхнула, я ўпала і аб вушак.
- А чаго піхацца было? - ўстрывожылася не на жарт Каця.
- Мо што топ і спадніцу надзела?
- Ды не… - Таня памаўчала, ціха дадала: - Прэзерватыў у
сумачцы знайшла… Дарэчы, ты сваю сумачку глядзела, можа, і ў цябе дзе
ляжыць.
- Ды пры чым тут мая сумачка!? - разнервавалася нечакана
Каця. - Ну ляжаў, выкінула, заўтра ўвесь клас ператрасу, але дазнаюся,
хто такія падарункі робіць… Ты дзе, Таня?
- А мы тут у Чарэмшані, з Сашкам. У нас сёння, як ён кажа,
практычныя заняткі па бяспечнаму сексу. Працягваем на ўлонні прыроды
Дзень прафілактыкі СНІДу.
- Вы звар'яцелі! - жахнулася Каця. - Ой, хаця не, у Сашкі
ж галава ёсць на плячах, калі ты сваю адбіла. Чакайце, я хутка буду!
- нечакана закончыла яна.
Таня пакруціла тэлефон у руках.
- Чуў? Зараз сюды Кацька прыляціць.
- А што, блізка… Хай ляціць… Давай салаўёў слухаць.
Яны змоўклі. А ў лесе, там, ніжэй, сярод чаромхаў, спявалі
салаўі. За размовамі не надта было іх чуваць, а цяпер, у цішыні… О,
які гэта цуд быў! Такія чыстыя, звонкія гукі, столькі ў іх незвычайнага
ўздыму, невядомых пачуццяў. Аж недзе ў грудзях аддаваліся перасвісты,
кароткае шчоўканне, доўгія трэлі.
- Нават не верыцца, што такая маленькая птушачка такія
гукі можа выдаваць, - шэптам прагаварыў Сашка. - За апошнія гады першы
раз салаўя чую… Ты не замерзла?
- Ды не… Касцёр жа…
І зноў запілікаў Сашкаў тэлефон.
- Юрка Хаванскі… Слухаем вас, таварыш правіла!
- Сам ты таварыш выключэнне, - адказаў Юрка Хаванскі. -
Увесь клас тут, а цябе няма і Тані Пракаповіч.
- І таму гэта няправільна! - не ўтрымалася Таня. - А мы
тут, Юрка.
- Дзе - тут?
- А якая розніца? У лесе! - рагатнуў Сашка, загаварыў загадкава:
- Слухай, Юрка, я табе вось што скажу: тое, што ты на дыскатэцы - гэта
няправільна, гэта нелагічна. А мы ў лесе з Таняй - гэта правільна і
гэта ўкладваецца ў сістэму!
- У якую сістэму? - цалкам сур'ёзна запытаў Юрка.
- Сістэма простая, - так жа сур'ёзна стаў тлумачыць Сашка.
- Сёння ў школе мы ўвесь дзень прысутнічалі на тэарэтычных занятках
па прафілактыцы СНІДу. Лагічным завяршэннем любой тэорыі становіцца
практыка. Правільна?
- Ну… правільна…
- Вось! А ты ўзняў сёння на лекцыі вельмі важнае пытанне:
як карыстацца прэзерватывам? Мы з Таняй вырашылі навучыцца мерам найлепшай
перасцярогі самастойна, раз ніхто нас не вучыць. І гэты вечар у нас
прысвечаны практычнаму ўроку бяспечнага сексу. Дык хто і дзе больш лагічна
знаходзіцца? Ты - на дыскатэцы, ці мы - у Чарэмшані?
- Та-а-ак… - працягнуў Юрка. - А вы маеце рацыю. Менавіта
так і павінна быць… Я вас там знайду?
- Не зразумеў? Чаго ты нас шукаць будзеш? - прыкінуўся,
што не зразумеў, Сашка. - Трэці тут лішні. Шукай пару.
- Знойдзеш, Юрка, знойдзеш, - гукнула Таня. - Мы тут касцёр
палім і салаўёў слухаем!
- Выдатна, хутка будзем!
Сашка адключыў тэлефон, падміргнуў Тані:
- Слухай, нам ніяк не дадуць правесці заняткі па бяспецы
сексу. Зараз тут назбіраецца процьма жадаючых навучыцца карыстацца прэзерватывам…
- Ды ну цябе… Няхай прыходзяць. Цікавей будзе.
- А са мной сумна? - асцярожна спытаў Сашка.
- Не, што ты… - Таня крыху засаромілася. - Не крыўдуй…
Я табе і так удзячная…
- Я не крыўдую, - хутка сказаў Сашка. - Мне асабіста і
без нікога добра.
Сашка падкінуў яшчэ дроў у касцёр, сеў спінай да Тані.
- Кладзі мне сваю галаву на плячо, а я табе сваю. От, будзем
глядзець у неба і слухаць салаўёў!
Яны так і сядзелі, спіна да спіны, не размаўляючы: галава
аднаго на процілеглым плячы другога. Шчака да шчакі. Глядзелі ў неба
- там пачыналі асцярожна прабліскваць зоркі. І салаўі спявалі, як апантаныя…
Пачулася шорганне ног па траве.
- Глядзі, Таня, вось і Юрыс прыйшоў…
Юрыс прыйшоў не адзін - з ім былі Сяргей і Лёшка, як звычайна.
Апошнім часам яны трымаліся заўсёды разам. Лёшка - маўклівы і надта
ж сціплы для сваіх гадоў. Што звяло разам Юрыса і Лёшку - здагадвацца
не трэба. Лёшка бы тое цяля, яго і на вяроўчыне вадзіць не трэба. Любіць,
каб ім камандаваў той, хто смелы, рашучы, ва ўсіх на віду. А Юрыс якраз
такі. А вось чаго да іх Сяргей прымкнуў - загадка цэлая. Хіба што надакучыла
яму заўсёды наводшыбе быць?
Гэты хлопец і сярод аднакласнікаў заставаўся дзікаватым,
і, тым больш, для настаўнікаў. Усмешка з твару, бадай, не сходзіла,
але ўсміхаўся ён толькі вуснамі. А вочы звычайна былі халоднымі. Што
ў яго наўме ў тую хвіліну, калі з табой размаўляе - ніяк не зразумець.
Сяргея недалюблівалі - ён нікому не раскрываўся, ні з кім ажно да дзесятага
надта не сябраваў. Вось не хацелася з ім аб патаемным размаўляць. І
не таму нават, што баяліся - выдасць. Проста таму, што звычайна з тым
дзелішся, хто ад цябе такое ж не хавае. Сяргей ад усіх усё хаваў. Ніхто
ў яго дома не быў, як ён жыве, якія адносіны ў яго з бацькамі, чым ён
дома займаецца, чым цікавіцца - не ведалі. Маці пару разоў адно была
на бацькоўскіх сходах. Звычайная жанчына, хіба што замкнутая, маўклівая.
І ўсміхалася вось так жа: нібыта прымушаў яе хто ўсміхацца.
Сашка прысеў ля кастра, пачакаў, пакуль падыдуць хлопцы.
- Што, гумарыст, палюбавацца на плады свае прыйшоў? - спытаў
ён праз зубы, калі тыя падышлі бліжэй. У руках ён трымаў ёмкую палку.
І не зразумець было, з якой мэтай ён яе трымае: у касцёр кіне ці яшчэ
што…
Юрыс на Сашку і не глянуў - адразу прысеў ля Тані, зазірнуў
у твар і скрывіўся:
- Танечка, Божа, даруй, я ніяк не думаў…
Таня не паспела нічога адказаць. Нечакана загаварыў Сяргей.
- Не брашы цяпер, - цвёрда сказаў ён. - Я цябе папярэджваў.
Як па камандзе, усе павярнуліся да яго. Сяргей не ўсміхаўся
на гэты раз. Ён прысеў ля кастра насупраць Сашкі, дастаў пачак цыгарэтаў
і стаў прыкурваць ад галінкі, якую дастаў з кастра.
Усе маўчалі, уражаныя пачутым і ўбачаным: Сяргей курыў,
Сяргей не ўсміхаўся.
- Дык вы разам да такой брыдоты дадумаліся? - разважліва
прагаварыў Сашка, а ў голасе чулася: "Значыць, мне з трыма вамі біцца?".
- Супакойся, ніхто тут нічога не задумваў, - спакойна,
але з горыччу адмахнуўся Сяргей. - Ну, рашыў Юрыс пажартаваць: усім
дзяўчатам у сумачкі, пакуль яны на фізкультуры былі, прэзерватывы пакласці.
Была ў яго задума… Сам кажы, чаго маўчыш? - прыкрыкнуў Сяргей на Юрыса,
і стала нечакана зразумела, што не Юрыс у кампаніі галоўны…
Юрыс не паспеў загаварыць - у яго заспяваў-залямантаваў
тэлефон.
- Што ты хочаш? - раздражнёна спытаў Юрыс субяседніка.
- Пайшлі вы нафіг з вашай дыскатэкай і школай… Не хачу… У лесе мы. Мне
сказалі, што ў Чарэмшані ўсе, хто жадае, можа заняцца практычнымі заняткамі
па бяспецы сексу. Я жадаю. А на халеру нам сёння цэлы дзень СНІДам вушы
паласкалі? Што, не чула, што прэзерватыў самы надзейны сродак? У сумачку
сваю заглядвала?.. Што здарылася, тое здарылася. Кажу, не будзем мы
на дыскатэцы… Мы тут. Хто-хто… Сяргей, Лёшка, Сашка, Таня Пракаповіч…
Касцёр палім… Ды ідзі ты на ляд…
Юрыс адключыў тэлефон.
- Света гэта… кажа, зараз прыйду, а то Таня тут адна, а
вас чацвёра…
Іншым разам мо б і рассмяяліся, але цяпер і сам Юрыс не
ўсміхнуўся.
- Ды не было ў мяне ніякага плану! На рынку цётцы дапамог
шопік яе загрузіць, ну і дала яна мне ўпакоўку прэзерватываў. Кажа,
усё адно такія ніхто не бярэ… Куды дзець: ат, дзяўчатам во з Лёшкам
кожнай у сумачку паклалі. Хацеў прыдумаць што на той лекцыі… Ну, прыкол
які… Дык Юрка Хаванскі, разумнік, улез, дырэктрысу раззлаваў, я і забыўся
на іх…
- А я цябе папярэджваў! - з націскам паўтарыў Сяргей. -
Казаў, што твой жарт некаму можа вылезці бокам!
Міжволі хлопцы зірнулі на Таню, якая ў гэты момант глядзела
ў агонь. Сіняк на яе твары і пухліна, якая закрывала палову вока, рабілі
дзяўчыну ў дрыготкім святле полымя падобнай на вядзьмарку.
- А я адкуль ведаў?! - адчайна ўскрыкнуў Юрыс.
- Не ведаў - трэба было слухаць.
- Ты ўсё ведаеш!
- Ведаю, - сумна адказаў Сяргей. - Я ведаю, што ўсе дарослыя
- сволачы. Што ім напляваць на нашы праблемы, тым больш - на нашы жарты.
Што іх дабрыня - гэта добры кій, змочаны з аднаго боку цукрам. Як падпарадкуешся,
то можаш палізаць. А не - дык адразу па галаве.
- Ну, ты ўжо скажаш…- умяшаўся Сашка.
Ён зразумеў, што той віны, з-за якой трэба б было ўсчыняць
бойку, ні ў каго з хлопцаў не было. Але тон Сяргея, яго нічым не прыхаваная
нянавісць бянтэжылі.
- Сяргей, чаму ты такі злы? - ціха спытала Таня. - І ты
ўжо курыш…
Хлопцы змоўклі - чакалі адказу Сяргея. А той яшчэ раз і
другі зацягваўся цыгарэтай, маўчаў, хоць было відаць, што ён рыхтуецца
нешта сказаць.
- Танечка, цябе вось сёння ўдарылі. Бацька? - нарэшце спытаў
ён.
- Маці… У твар…
- А раней?
- Ды не…
- І вось у цябе трагедыя такая, праўда? Жыць не хочацца…
А я да цябе на дзень нараджэння не пайшоў быў у мінулым годзе, хоць
збіраўся. І потым тыдзень хворы быў. А то мяне бацька быў збіў. І я
не мог кашулю апрануць - праз тканіну пісягі свяціліся, і пісяг быў
ад вуха да пляча. Бацька шлангам газавым б'е. Ён у мяне газавік… І сёння
біў. Дыскатэка ж - а ён не пускаў…
- Грузіш? - разгублена запытаўся Сашка. - Не веру…
- Што, табе спіну паказаць? Не прыгажэй за Танін твар.
Усталявалася цішыня.Тое, што казаў Сяргей, для ўсіх было
не проста навіной - аглушальным адкрыццём.
Здагадка нечакана разанула па душы, і Таня ўздрыгнула:
- Дык, калі ты ўсміхаўся, то… табе тады проста балела?
- Тады мне проста балела, - кіўнуў Сяргей. - Чалавечая
ўсмешка - тая ж грымаса ад болю. Крывіўся, пакуль не прывык.
- А чаго ты маўчаў? - з папрокам запытаў Юрыс.
- І што б ты зрабіў? - горка ўсміхнуўся Сяргей.
- Ну, у такім узросце ужо можна пастаяць за сябе, - асцярожна
ўставіў Сашка. - Я не ведаю, што б я зрабіў на тваім месцы.
- І як пастаяць?.. Лёгка даваць парады збоку. Ніколі не
слухайся парад, бо нельга нешта разумнае сказаць, пакуль сам цалкам
у такую ж скуру не апранешся… Брат у мяне меншы. Я за яго баюся. Я аднойчы
ўзбунтаваўся, дык бацька зрабіў з яго заіку на тыдзень. Але сёння я
ўжо не стрываў. Шланг вырваў і выкінуў з балкона. А мне сказалі, каб
дамоў не прыходзіў - не пусцяць… Вось так. Ды хопіць вам… Пра мяне…
- А маці? Няўжо маці… - войкнула Таня, сцялася, бо імгненна
ўспомніла сваю маці, яе страшны кулак, што ляцеў у яе твар.
- Маці не дапаможа. Яе саму трэба бараніць ад бацькі, -
адмахнуўся Сяргей. - Таму я быў упэўнены, што як знойдзе хто з бацькоў
такі пакецік у сумачцы - не паглядзяць на ранейшыя заслугі… Гэй, пайшлі
па дровы - касцёр зараз дагарыць, - нечакана ўскочыў Сяргей. - Ноч якая
ідзе!
Хораша было навокал, проста цудоўна. Цемра паступова згусцілася,
абступіла касцёр. Неба ўверсе ззяла тысячамі бліскучых кропак. Убаку
недалёка свяціўся жоўта-блакітным край неба - то горад зусім побач,
здаецца, што і музыку чуваць ад іх школы, але то толькі здаецца…
Хлопцы рушылі ўсе адразу ў лес, Таня засталася сядзець
каля кастра адна. Пачутае ад Сяргея ўразіла яе настолькі, што яе асабістая
сённяшняя бяда зрабілася амаль невыразнай. Гэтулькі часу маўчаў хлопец,
усе думалі на яго, што надта ганарысты, а тут вунь што… І як яму памагчы?
Раптам стала крышку страшна - у нейкі момант падалося,
быццам яна ўвогуле засталася адна. Таму ад крокаў, якія раздаліся не
з лесу, а з боку дарогі, што вяла ў горад, Таня здрыганулася.
- Таня! Таня! - да яе бегла Каця. - Што ты тут адна робіш?
Божухна, адна сярод лесу!
- Ды не адна я, - заспяшалася Таня ад такога трагізму ў
голасе сяброўкі. - Хлопцы па дровы пайшлі… А ты з кім?
- Юрка, Андрэй, Марынка, Насця, Віктар, Галіна…Уся наша
каманда брэй-рынгу.
За Кацяй напраўду падышлі ўсе, каго яна называла.
- Глядзі, як тут хораша!
- Салаўі спяваюць, касцёр гарыць, адна дзяўчына ў лесе
тужЫць, - выдаў Віктар адразу экспромт.
- Націск навучыся ставіць, - пакрывілася Каця.
- Што ты ў вершах разумееш! Тое - аўтарскія дапушчэнні.
Маю права! - зафанабэрыўся Віктар, потым перамяніў тэму: - Ты ж казала,
што Таня тут не адна…
Якраз з цёмнай гушчыні лесу пачуліся гукі - выходзілі з
бярэмамі сучча хлопцы.
- Ого, ужо палова класа на прыродзе рыхтуецца да практычных
заняткаў па бяспецы сексу…- Юрыс падкінуў дроў у касцёр, прысеў і загаварыў
да Каці: - Так, таварыш стараста! Я, як самы нявопытны ў справах любога
сексу, не кажучы ўжо пра бяспечны, проста патрабую, каб маёй напарніцай
на гэтым уроку быў такі самастойны і адказны чалавек, як ты!
- Спачатку ты мне здасі экзамены на хуткасць па расшпільванню
бюстгальтара. У чым я сумняваюся…
Засмяяліся - дружна і ахвотна, быццам даўно засумавалі
па простаму і шчыраму смеху. На Таню прыйшоўшыя паглядвалі толькі напачатку,
але ніхто ні аб чым распытваць не стаў.
А да кастра яшчэ падышлі - Святлана, з якой Юрыс сябруе,
і яе сяброўкі, Наташа і Ніна.
- Ой, глядзі, а нас ужо амаль палова класа, - палічыла
хутка Каця. - Дарэчы, наша Вольга Фёдараўна сёння разам з Верачкай дзяжурыць.
Так што наша знікненне незаўважаным не застанецца.
- А што, мы проста абавязаны быць на той дыскатэцы? - тут
жа ўставіў Юрка Хаванскі. - І не маем права пасядзець вось тут?
- Юрка, ідзі к чорту! - Каця хацела нешта яшчэ дадаць,
але тут у яе сумачцы заспяваў мабільнік.
- О, я так і ведала… Што, Мэры? А вам сумна і тлумна, яшчэ
горача... Мы ў лесе, слухаем салаўёў.
Юрыс у гэты момант падышоў да Каці, закрычаў гучна:
- Мэры, яна маніць. Ніякіх салаўёў яна не слухае. Сядзіць
і пры святле кастра спрабуе адкрыць пачак з прэзерватывам!
- Юрыс! Ідзі адсюль! - Каця адштурхнула Юрыса далей, прадоўжыла:
- Ну, кажу ж, у лесе, у Чарэмшані. А тут ужо ўсе, каго на дыскатэцы
няма. Прыходзьце…
Каця пакруціла галавой па баках, але Юрыс быў далекавата.
- Ну, ты яшчэ раз вось так скажаш…- прыгразіла яна. - І
я яшчэ разлічуся з табой за твае жартачкі. Вось няхай усе дзяўчаты збяруцца,
мы табе ўсе твае "падораныя" прэзерватывы на тваю ж галаву нацягнем…
- А між іншым Юрыс не далёкі ад ісціны, - заўважыў Юрка
Хаванскі. - Ты, Каця, уяўляеш, як яго і на што адзяваць?
- Няўжо больш пагаварыць пра што няма? - пакрывіўся нехта
з дзяўчат. - Надакучыла за дзень: СНІД, прэзерватывы… У Тані такі букет
чаромхі, я таксама хачу…
- Ага, хлопцы, пайшлі па чаромху, пакуль астатнія падыдуць,
- закамандавала Каця.
Падхапіліся ўсе, толькі Таня, Сашка і Сяргей засталіся
сядзець. Сашка крыкнуў услед пайшоўшым:
- Асцярожна, там ламачча поўна!
- І тое ламачча сюды валачыце! Каб да раніцы хапіла! -
дадаў Сяргей.
Таня ўважліва глянула на яго:
- Да якой раніцы?
- Я сёння, Танюшка, дахаты не пайду. Бацька ключы запатрабаваў
аддаць, пусціць у хату, калі на каленях перад парогам мяне пабачыць.
Не абломіцца яму. Я ўжо не стану… Пераначую тут…
- А раніцай? - асцярожна спытаў Сашка, адчуваючы падсвядома
нейкую віну перад Сяргеем: колькі правучыліся разам, а не змаглі вось
даведацца, як яму жывецца.
- Дасць Бог раніцу, дасць і розум, - бесклапотна заўважыў
Сяргей. - Бабуля ў вёсцы жыве - паеду да яе. Блізка, выйду на шашу,
прагаласую - і праз гадзіну буду ўплятаць бабуліну яешню…
Напамін пра яешню абудзіў страўнікі - захацелася есці.
Ці хоць каб папіць… А можа, то касцёр так уплывае на апетыт: як гарыць
агонь, то не проста агонь, а ачаг…
- Сюды б тую яешню, - памарыў уголас Сашка.
З галінкамі чаромхі вярнуліся аднакласнікі. І тут да кастра,
асляпіўшы ўсіх зыркім святлом фараў, падкацілася амаль бязгучна машына.
Фары патухлі, у салоне ад адчыненых дзвярэй успыхнула цьмянае святло.
І стала бачна, што ў аўтамабілі ці не восем чалавек.
- Ура! Няхай жыве свабода!
- Далоў цывілізацыю! Усе ў лес!
- А вы вады здагадаліся хоць з сабой узяць? - гукнула Каця.
- Гэй, чыя машына, мо б прывезлі?
- Ды гэта ж мы таксі нанялі!
Адказваў Антон, і адказваў так, што атрымлівалася ў яго
не "мы", а "я".
Задавака. Маці - буйны прадпрымальнік, ужо пяць магазінаў
невялікіх адкрыла. І Антон заўсёды з грашыма. Апранаецца як на подыум,
мабільнік яго долараў пяцьсот каштуе… А яшчэ чатыры гады таму такі забіты
быў, хадзіў уздоўж сцен, усяго баяўся. З'явіліся грошы - з'явіліся старэйшыя
сябры. З імі і смеласць з'явілася. Плечы выпрастаў, хвост падняў. Маці
яго - чалавек добры. Любіць Антона - ён у яе адзіны сын, з мужам яна
даўно развялася. Колькі яна пакутавала, пакуль на ногі стала - адно
ёй вядома. Але ніколькі не сквапная: як трэба на якое мерапрыемства
прызы, то не адмовіць, прывязе і пячэння, і шакаладак, і цукерак… То
даіла яе школа і цяпер доіць, колькі можа. Ды і не толькі маці Антона.
Як бацька прадпрымальнік - запішуць у мецэнаты. Ну, іншыя могуць адгаварыцца,
а вось такія, як маці Антона, - нясуць, што і колькі скажуць.
Таксі паехала, вакол кастра сядзелі ўжо вялікім кругам.
- А і праўда, няблага было б сюды піва! - пашкадаваў Антон.
- Ніякага піва! - прыкрыкнула Каця. - Сёння дзень цвярозасці.
- А чаму?
За Кацю адказаў Юрыс - ён не змог прамаўчаць:
- Таму што дзяцей трэба зачынаць толькі на цвярозую галаву,
каб не нараджаліся такія, як ты!
Зарагаталі, Антон пакруціў галавой па баках, раздумваючы:
крыўдзіцца ці не.
- Што, тут зараз групавы секс будзе?
- Паўдзельнічаць хочаш? - працягваў Юрыс. - Уступны экзамен:
за 10 секунд расшпіліць бюстгальтар у Каці і яшчэ за пяць хвілін знайсці
ў яе грудзі!
Выбухнуў рогат - ведалі, што Каця не пакрыўдзіцца. І раней
з-за яе невялічкіх грудзей Юрыс з яе кпіў, але цяпер кухталя ў спіну
ад Каці ён атрымаў - для парадку.
- Ну, не хочаце піва, то я зараз каву сюды дастаўлю! -
вярнуўся да свайго Антон. - Хто жадае каву?
- Слухай… - Каця пачала казаць сур'ёзна, усе замоўклі і
прыслухоўваліся. - Хопіць табе выстаўляцца. Хто іншы хай баіцца цябе
і тваіх сяброў-пераросткаў, а я не баюся. Цябе сюды не звалі, не цягнулі.
Ідзі лепш на дыскатэку.
- Чаго ты наязджаеш?
- А нічога.
- Ну, Каця, кавы папіць было б якраз добра, - умяшаўся
Сашка. - Але чайнік да сасны не падключыш.
- Не хачу я яго кавы. І вады не хачу! На Новы год бы паўлін
хвост распусціў, усё падкрэсліваў: то ж дзякуючы мне такі ў нас стол
багаты! А ў мяне няма гэтулькі грошай, і ў маці няма. Не хачу падачак.
- Я таксама не хачу, - уставіў Сяргей. - Ты, Антон, так
даеш, што браць не хочацца. І што, маці патэлефануеш, каб тая сюды каву
везла? Яна мо ўжо спіць.
- Ды чаго вы мяне Новым годам папракаеце? - з нечаканай
крыўдай закрычаў Антон. - Я што, папракаў вас чым? Ад вас чалавечай
падзякі не дачакаешся!
- А ты ніколі дзеля падзякі не рабі, то тады і дзякаваць
пачнуць, - зазначыў Юрка.
На гэтыя поўныя глыбокага сэнсу словы ні ў каго адказу
не знайшлося. Нейкі час усе маўчалі, потым Антон асцярожна прапанаваў:
- Давайце, я маці патэлефаную… Яна сёння ў "начніку" працуе,
там і вадзіцель ёсць… Прывязе паесці чаго, вады гарачай у тэрмасе… А
можна чайнік звычайны ўзяць, вады прама тут нагрэем… А?
- Ну… Добра, - згадзілася Каця. - Але скажы маці, каб палічыла
ўсё, мы складземся і вернем грошы. Згодны? - Каця пыталася ва ўсіх.
- Уга, даеш каву!
- І есці хочацца. Сасісак каб…
- Сала! На прутках пасмажым!
Антон тут жа дастаў свой мабільнік, адышоў убок і стаў
тэлефанаваць маці.
- Дык патлумачыць хто, чаго мы не на дыскатэцы, а ў лесе?
- сур'ёзна спытаўся Юрка Хаванскі.
- Вырашаем, што нам рабіць з нашымі бацькамі, - адказаў
Сашка.
- Крута! І адкуль такі наезд на родзічаў? - залыпаў вачыма
Віктар-паэт. - Тое варта ўвекавечання ў слове!
- Астынь… - адмахнуўся ад яго Сашка. - Дакладна для траіх
гэты дзень стаў у многім адкрыццём. Для Тані вось… Для мяне… Нехта пабачыў,
як мяне і Таню брат падвозіў сюды. І вось маці ўжо тэлефануе ў роспачы:
ёй наказалі, што быццам мы запіхнулі беднае дзяўчо ў машыну, рот ёй
закрыўшы, і павезлі гвалтаваць! Ведае мяне 16 гадоў - але гатова тут
жа паверыць, што я здольны на любую дрэнь!
- І я з падобным сутыкнуўся сёння, - задуменна прагаварыў
Юрка Хаванскі. - Галінка ў сумачцы прэзерватыў знайшла… Дарэчы, хто
гэта так жартуе?
- Я гэта жартую, - буркнуў Юрыс.
- Ну, я здагадаўся. Дык вось, Галінка аддала той пакецік
мне. Я яго ў кішэню кінуў і забыў, пакуль дадому прыйшоў. Збіраюся на
дыскатэку, маці ўзяла мае штаны, каб прасам прайсціся. Ну, у кішэню
залезла. Выходжу з кухні - яна сядзіць на канапе, вочы глядзяць у нікуды,
маўчыць, і слёзы з вачэй коцяцца. Я так перапалохаўся - думаў, бяда
якая здарылася, мо бабуля памерла, яна ў нас старэнькая ўжо. А маці
ў руках трымае той пакецік. Кажа мне: "Я ж цябе гадавала… Табе ж яшчэ
толькі 16…" Я толькі рот раскрыў, а яна такую істэрыку закаціла… тут
бацька прыйшоў. Неяк разам супакоілі. Здаецца, пераканаў, што не збіраюся
сёння скарыстаць той пакецік. І вось выходжу ўжо з кватэры, даганяе
бацька і кажа, каб у наступны раз я такія рэчы хаваў падалей!
Стрымана засмяяліся.
- Было б смешна, - перапыніў смех Сашка, - каб не было
так балюча. Твар у Тані бачыце які? З-за прэзерватыва. І пытацца не
сталі: як і чаго ў сумачку трапіў. Ды ўпэўнены, знайшлі б яшчэ ў каго
з дзяўчат бацькі такі пакецік - тое ж было б.
- Яны мяркуюць аб нас на прыкладзе саміх сябе, - сказаў
Сяргей. - А яшчэ чытаюць газеты і глядзяць тэлевізар. І мы для іх -
самыя разбэшчаныя, самыя распушчаныя, самыя няўдзячныя з усіх пакаленняў.
- О, наш Сяргей загаварыў, - адазвалася Галінка. - Толькі
не трэба за ўсіх, - закончыла яна з выклікам.
Сяргей глянуў на яе са шкадаваннем.
- А ты вось патэлефануй зараз маці і скажы, што ты не на
дыскатэцы, а ў лесе і што ў тваёй сумачцы ляжыць прэзерватыў. Табе маці
верыць?
- Верыць, вядома. Яна ведае, што я…
- Яна ведае, што яе дачка не зробіць глупства?
- Яна ўпэўнена ў гэтым! У мяне ад маці няма ніякіх сакрэтаў!
- То патэлефануй… І скажы пра прэзерватыў, не забудзь.
Быццам ты яго не аддавала Юрку.
- Ну і патэлефаную… Усе цішэй, я спецыяльна гучную ўключу,
каб вы чулі…
Галінка набрала нумар.
- Але, дачушка, як справы?
- У мяне ўсё добра!
-…А што гэта музыкі не чуваць?
- А я не на дыскатэцы.
- А дзе?
- У лесе.
- У… якім лесе?
- Тут, за горадам. Ты не хвалюйся, усё нармальна.
- Што ты мяне супакойваеш… Збіралася на дыскатэку, апынулася
ў лесе… З кім ты там?
- Ну… з сябрамі. Ды ўсё нармальна.
- Глядзі мне, "нармальна".
- Кажу, нармальна. У мяне ў сумачцы ляжыць прэзерватыў.
- Што!? - маці Галінкі захліпнулася ў крыку. - Ты што там
робіш? Ты дзе? Кажы хутчэй - ты дзе? Я зараз прыеду, ты што там надумалася?!
Табе колькі год? Ну, прыйдзеш дадому… Ах ты…
Галінка выключыла тэлефон.
Нейкі час яна сядзела моўчкі, апусціўшы галаву долу.
- Прабач, калі ласка, - ціха папрасіў Сяргей. - Гэта жорстка
з майго боку, але ж так мне ніхто не верыць…
- Ды не… нічога, - Галінка шмыгнула носам, ацерла вочы.
- Дома мяне чакаюць вялікія непрыемнасці. Але… Дзякуй, Сяргей. Я не
шкадую ніколькі. Буду ведаць…
- Нічога не зробіш, гэта стэрэатып паводзін нашых бацькоў,
- пачаў разважаць Юрка. - Ты ім кажаш: "У мяне ёсць прэзерватыў". І
ўсё, іх як выключае! Яны зацыкліваюцца толькі на самым горшым, што могуць
прыдумаць. У гэты момант яны не могуць разважаць. Ім у голаў не можа
прыйсці, што гэты пакецік табе паклалі ў сумку дзеля жарту, што ты яго
купіў, каб адрэзаць і зрабіць звычайны пасік у магнітолу, бо стары парваўся…
Для іх гэты прэзерватыў - наш прысуд. Ён у дзяўчыны - яна блудніца і
дрэнь. У хлопца - распуснік.
- Увогуле, дурасць нейкая! - заключыла Каця. - Садзяць
у актавай зале і расказваюць, што нам трэба карыстацца прэзерватывам,
у кожным шапіку - бяры купляй, ва ўсіх універсамах побач з шакаладам
ляжаць, ды яшчэ з такімі назвамі і такімі малюнкамі. Але як толькі заўважаюць
у нас гэты прэзерватыў - мы тут жа робімся злачынцамі. Выходзіць, мы
павінны слухаць, бачыць, чытаць, умець карыстацца - але ў рукі не браць!
Зараз я праверу…
Каця рашуча стала набіраць нумар.
- Мам, я ў лесе. Не перажывай, у мяне з сабой прэзерватыў.
Які-які? Я на назву не дзівілася, мне хлопцы далі…
Нейкі час у Каціным тэлефоне чуўся толькі крык. Каця нават
не слухала - адставіла руку ўбок, крывілася, як ад фізічнага болю.
- Ты глядзі, - разгублена загаварыў Віктар. - па 16 гадоў
пражылі, а і не ведалі, якія мы на самай справе нягоднікі і паразіты…
Так, у каго з сабой мабільнікі - пасылаем кантрольнае заданне родзічам:
тэлефануем ці эсэмэскамі коратка паведамляем: мы ў лесе, але за нас
перажываць не трэба, за дзень мы добра навучыліся ад сваіх настаўнікаў
прафілактыцы СНІДу, і кожны мае з сабой прэзерватыў! Ну, хто тэлефануе
са мной?
Патэлефанавалі амаль усе, хто меў мабільнік, зразумела,
акрамя тых, каму тэлефанаваць ужо не мела сэнсу.
- Так, цяпер трэба ўвогуле павыключаць тэлефоны, бо пасядзець
не дадуць, - прапанаваў нехта.
- Ты што? Там такое пачнецца!
- А што пачнецца? - аж падскочыў Віктар. - У школе - бяспечнаму
сексу вучаць, дома па тэлеку па ўсіх каналах - бяспечнаму сексу вучаць,
у часопісах і газетах - бяспечнаму сексу вучаць! У нас ёсць пашпарты,
мы дарослыя людзі! Не вучыце трахацца бяспечна - мы ўвогуле раней пары
ніяк не будзем.
- Адключаем тэлефоны!
- Адзін пакінем, - катэгарычна ўставіў Юрка Хаванскі. -
Твой, Каця. Ты ў нас стараста…
- І табе першай заданне: нацягнуць, не парваўшы, прэзерватыў
вось на гэты сучок, - закончыў Юрыс, трымаючы ў руках доўгі сукаваты
кій.
Смех разрадзіў сур'ёзнасць. Стала крыху прасцей. Мабільнікі
на самай справе выключылі ўсе. Толькі Кацін заставаўся на сувязі.
І той затрэнькаў амаль адразу ж.
- Класная! - прыглушана гукнула Каця да астатніх, каб замоўклі.
- Слухаю, Вольга Федараўна… Чаму мы не ў школе? А мы тут, у Чарэмшані.
Ну, амаль усе… А нічога не робім, сядзім, касцёр гарыць, чаромхі наламалі,
у панядзелак у клас прынясем. Салаўёў слухаем. Ага, тут яны так спяваюць…Чаго
надумаліся? Што здарылася? Ды, па праўдзе, здарылася. Адзін не самы
ўдалы жарт меў далёка не вясёлы фінал. Не маю права расказваць… Ды ўсё
ў нас добра! Хто тэлефанаваў? А-а-а… Ну, дык жа лагічна, як кажа наш
Юрка: тэарэтычныя веды па прафілактыцы СНІДу падмацоўваюцца практычнымі
заняткамі. Не, я не ведаю, як яны праводзяцца. Яшчэ не пачыналі. У нас
Юрыс за гэта адказвае… Ат, не выдумляйце вы…
Каця выключыла тэлефон, агледзела пільна кола аднакласнікаў.
- Ну, класнай ужо патэлефанавалі, што ў нашага класа практычныя
заняткі па прымяненню прэзерватыва. Нешта будзе…
- Трэба было не казаць, што мы тут сядзім, а то зараз з
міліцыяй сюды прыедуць, - заўважыў нехта.
- Не, няхай ведаюць, што мы ад іх не хаваемся, - не згадзілася
Каця.
- А міліцыя як прыедзе, так паедзе, - уставіў Сяргей. -
Мы не парушаем грамадскі парадак, палім касцёр ва ўстаноўленым месцы,
не ўжываем спіртное…
- І нават піва…
- І нават піва.
- Га, а калі міліцыя з бацькамі?
- Ну і што? - паціснуў плячыма Сяргей. - Ніхто не мае права
мяне, паўналетняга грамадзяніна, сілком весці некуды, калі я не здзейсніў
нічога супрацьзаконнага.
- А ты адкуль усё ведаеш? - здзівілася Галінка.
- Ведаю, - усміхнуўся Сяргей. - У двары малады хлопец,
у міліцыі працуе. Я дапамагаў яму яго аўтамабіль рамантаваць. Ну і распытаў…
- А навошта?
- Значыць, трэба, - адказаў Сяргей так, што нікому не хацелася
пытацца далей. І так было зразумела, што не дзеля цікавасці.
- Ды ў тэорыі так, а на практыцы - няма ў нас ніякіх правоў,
- са скрухай паківаў галавой Віктар. - Прымусяць. Не пойдзеш жа з дому.
- Я пайду, - ледзь чутна адказаў Сяргей.
- І я… дамоў не магу вяртацца, - нечакана прызналася ўсім
адразу Таня. - Як успомню… Не разумею, як я далей у той кватэры жыць
буду.
- Дзеці мае, я ведаю выйсце: вам трэба застацца тут, мы
дапаможам вам зрабіць цудоўны будан, мы аддадзім вам усе свае прэзерватывы,
- зноў з'яхіднічаў Юрыс.
Добра, што ёсць такія - зноў крыху весялей стала.
- А ведаеце, - пачала Мэры, якая ўважліва дагэтуль слухала
ўсіх, - выдатная будзе тэма для школьнай газеты…
- Як прапусцяць.
- Ну, павесім, а там няхай зрывае Верачка, - прадоўжыла
Мэры. - Я ўспомніла, як год таму мы з сяброўкай ўзялі фотаапарат і пачалі
рабіць з сябе топ-мадэляў. Сапстрыкалі плёнку. А карткі маці забрала
- як так атрымалася, не помню ўжо. Божа, там такія кадры былі! Ну, усё
прыстойна, ва ўсякім разе куды больш адкрытыя здымкі ў часопісах ёсць.
А мы ж толькі для сябе. Вой, што было! Я думала, мой фотаапарат дажывае
апошнія хвіліны разам са мной. Добра, брат умяшаўся: моўчкі прыцягнуў
стары мамін фотаальбом. А там яна ў маім узросце са сваёй сяброўкай
- ну, амаль такія ж здымкі, толькі хіба мода не тая. А так позы нават
аднолькавыя… І ведаеце, што мама на гэта сказала?
- Што яна была дурная, а з цябе хоча зрабіць разумную,
- нявесела усміхнулася Каця. - Мне мая не адзін раз тое казала…
- Прыкіньце, яны ж прайшлі праз усё гэта, выраслі нармальнымі
людзьмі, то чаму думаюць, што мы, робячы тое ж, вырасцем нелюдзямі?
- спытаўся ў нікога Сашка.
- Яны ўсё апраўдваюць часам, - адказаў Юрка. - Маўляў,
тады свет быў іншым.
- Ага, і зоркі не свяцілі, салаўі не спявалі..
- І стараста класа не вучыла беднага хлопца бяспечнаму
сексу пад салаўіныя трэлі ў святле зорак, - закончыў Юрыс.
І зноў атрымаў кухталя ў плечы - сядзеў побач з Кацяй.
- Чакайце, чакайце…- Віктар устаў, задраў галаву, закрыў
вочы, зморшчыў лоб і прадэкламаваў:
Быў іншым свет. Без салаўёў і зорак…
Адзіная была прэрагатыва:
Пабудаваць сацыялізм ва ўсёй прасторы
І спаць з каханай без прэзерватыва.
- Вау! Біс! - узарваліся крыкам і смехам, а Віктар грацыёзна
раскланяўся, заклаўшы адну руку за спіну.
- А яны маюць рацыю, - сказаў Юрка, калі смех сціх. - Свет
зусім другі. І не ўсё так проста з гэтым СНІДам і яго прафілактыкай…
- То ты пра гэта і хацеў спытацца на лекцыі? - спытаў Сашка.
- Ну, не зусім. Доўга расказваць…
- А карацей нельга сказаць, калі цікава? - спытаў нехта
нецярплівы.
- А куды спяшацца? Ноч вялікая, да раніцы далёка.
- О, усю ноч прасядзім?
- А што? Ведаеш, як прыгожа сонца над горадам устае, калі
адсюль глядзець? Нейкіх пяць гадзін - і сонца ўзыдзе.
- Дык вось, я хацеў аб чым сказаць, - пачаў Юрка, але мусіў
прыпыніцца: сноп святла накрыў вучняў - пад'язджала машына.
- Ура, кава прыехала!
Паўскоквалі з месцаў, збіраючыся сустракаць.
Але з аўтамабіля выйшла класная, Вольга Фёдараўна, і завуч
- Вера Андрэеўна, ці Верачка.
- Няма ў вас ніякага сумлення! - выгаворвала, падыходзячы,
завуч. - Вы паглядзіце на мае ногі - я сёння абула свае новыя туфлі,
ні разочку яшчэ не абувала. І што з імі цяпер будзе? Што, нельга было
папярэдзіць?
- А мы нікога не клікалі, - асцярожна ў поўнай цішыні сказаў
Сашка.
- А мог бы і паклікаць! - сказала Вера Андрэеўна так, як
быццам страшэнна пакрыўдзілася, быццам ёй гэтаксама 16 год, і яе, адну,
пакінулі аднакласнікі, не ўзялі з сабой. - Ну, вы хоць дазволіце прысесці?
- папрасіла нечакана плаксіва.
- Сядайце, мы нікога не гонім, - крыху разгублена адказала
на правах старасты Каця.
Моўчкі расселіся вакол кастра. Цішыню парушыла завуч:
- Авохцічкі мне… - Яна з задавальненнем выцягнула ногі
да полымя, высока задрала галаву і глядзела на зоры. - Божухна, я не
памятаю, калі апошні раз сядзела ноччу каля кастра…
Ёй паверылі - у яе словах гучала сапраўдная, нічым не прыхаваная,
зусім не штучная туга немаладой жанчыны па страчанай назаўсёды маладосці.
- А некалі… Некалі… Ат, што ўспамінаць… Ну, што ў вас тут
такое цікавае, з-за чаго вашы бацькі запатрабавалі крыві маёй і вашай
класнай?
- Што, ужо запатрабавалі? - хмыкнуў Юрка Хаванскі. - Умееце
вы, дарослыя, перакладваць адказнасць з аднаго на другіх.
- О, Юрка, гэта мы дакладна ўмеем.. Ну, раскажыце нам што-небудзь,
ці мы тут лішнія?
- А ў нас тут суд, - загаварыў Сашка.
- І каго судзіце? - з лёгкай трывогай спытала класная,
Вольга Фёдараўна.
За ўсіх адказаў Юрыс Клімко. Праз некалькі секунд нацягнутага
маўчання, калі стала зразумела, што ніхто не бярэ на сябе абавязак адказваць,
ён ускочыў у цэнтр, стаў ля самага вогнішча. Рукі наперад выставіў,
трымаючы ўяўную папку, голасна пачаў:
- Слухаецца справа за нумарам адзін у абвінавачванні вырабу
з высакаякаснага латэксу, які, будучы надзьмутым, па форме нагадвае
дзіцячы паветраны шарык, пад назвай "прэзерватыў". Апошні абвінавачваецца
ў тым, што: будучы спакусай для няўрымслівых і цікаўных дзесяцікласнікаў,
стаў для іхніх бацькоў галоўным пунктам абвінавачвання юных асоб у страшэннай
распусце.
- Ды сціхні ты! - нечакана рэзка перабіў яго Юрка. - У
нас суд. Мы судзім сваіх бацькоў. І настаўнікаў. Увогуле - дарослых.
- Так… - без усмешкі працягнула Вера Андрэеўна. - Значыць,
я - на лаве падсудных. Хто будзе маім адвакатам?
- Дазвольце мне, - так жа сур'ёзна падтрымала яе Вольга
Фёдараўна. - У чым абвінавачваюць маю падабаронную?
- Вера Андрэеўна так і не навучыла Юрку Хаванскага карыстацца
прэзерватывам, - хутка выпаліў Юрыс і шмыгнуў за спіны аднакласнікаў.
Прыснулі смехам.
Юрка Хаванскі заліўся чырванню - ён зазлаваў, але стрымаўся.
Узняўся, хацеў сказаць нешта сур'ёзнае, але замест гэтага ўсміхнуўся:
- Пайшоў к чорту, многа ты ведаеш… Ура, нам каву вязуць!
І праўда, з дарогі да кастра завярнуў "бус" - у асветленай
кабіне пазналі маці Антона. Паўскоквалі з месца, сустрэлі, акружылі
аўтамабіль.
- Вой, што ж вы раней не папярэдзілі, - маці Антона, паўнаватая,
з простым сялянскім тварам жанчына, адчыняла дзверы буса. - Бярыце,
там два тэрмасы вялікія, трохлітровыя, вада чыстая, і чайнік просты
ёсць. Вунь тую каробку цягніце, з-пад тэлевізара, там пячэнне, хлеб,
сасіскі, мяса… От, пакет, тут кубачкі аднаразовыя, кава, цукар…
- Ура!
- Застаёмся на суткі!
- Куды хапаеце? Кожнаму пад асабістую распіску выдаваць.
Вылічваць будзем з начнымі працэнтамі!
- Дзетачкі, якое вылічваць, якія працэнты… - завохкала
маці Антона і тут пабачыла класную і завуча каля кастра. - Ой, я і не
ведала, мне не сказалі, што вы тут разам…
- Не перажывайце, Марыя Дзмітрыеўна, - класная падышла
да аўтамабіля. - Тут ніхто не ведаў, што будзем апоўначы піць каву ля
кастра ў лесе. Дзякуй вам вялікі. Грошы мы збяром і вернем…
- Ат, што тыя грошы, - шчыра адмахнулася цётка Марыя. -
Грошы прыйдуць, грошы пойдуць… Абы спакой быў ды здароўе. Ну, я паеду,
а то дзяўчына там адна, а мужыкоў сёння многа прыходзіць, і п'яныя трапляюцца…
Шчаслівенька вам…
Падкінулі дроў у касцёр, наламалі пруткоў, чаплялі на іх
сасіскі і смажылі на агні. Налівалі гарачую каву, яшчэ чайнік з вадой
прытулілі да агню.
Ой, які цудоўны водар пайшоў: смажаныя на агні сасіскі
і кава!
Павымазваліся, вядома. Мэры вохкала, са страхам гледзячы
на сваю блузку: тлустая, чорная пляма на рукаве.
- Вай, пападзе…
- Ага, будзе! Сапсаваная вопратка для мацярок куды страшней
за сапсаваны прэзерватыў! - Юрыс і тут знайшоўся.
Нарэшце сціх узбуджаны, вясёлы гоман - наеліся смажаных
сасісак з пячэннем, цяпер павольна пілі каву.
- А можа, не будзем нікога судзіць? - жаласліва запытаўся
Юрыс. - Судзіць трэба на галодны страўнік. А то мяне сумленне мучыць,
калі я маці Антона буду прысуд выносіць.
- Точна, цётку Марыю адразу амнісціруем, - падтрымаў нехта.
Па праўдзе, нешта расхацелася казаць аб сур'ёзным: цёпла
ад кастра, цёпла ад гарачай кавы, утульна на сэрцы… Пасядзець вось так,
памаўчаць ці незвычайнае што паслухаць…
- Можа, казку хто раскажа? - запытаўся Юрыс? - Я б падрамаў…
- Я казку раскажу, - нечакана загаварыла Вольга Фёдараўна.
- паслухаеце?
- А казка са шчаслівым канцом і без маралітэ?
- Казак без маралітэ не бывае, - усміхнулася класная.
- А пра Чырвоную Шапачку якое там маралітэ?
- А пра Папялушку? - пасыпаліся пытанні.
Класная ўсміхнулася.
- О, сябры мае… Ведаеце, гэтыя выдатныя казкі пісаліся
зусім не для дзяцей.
- Гэта як? Чырвоная Шапачка - для дарослых?
- Ну вядома ж. Гэта не казкі ўвогуле, а на наш лад - байкі.
І ў першых выданнях пісаліся напрыканцы іх тыя самыя маралітэ, як вы
кажаце. Напрыклад, у Чырвонай Шапачцы было кшталту таго, што некаторыя
маладыя дзяўчыны бываюць занадта даверлівыя. І вось да чаго гэта можа
прывесці.
- О Божа, ратуй мяне! - заенчыў Віктар. - І тут секс! У
нявіннай казачцы?! Дзе ты, рамантыка, дзе ты, паэзія?!
- Не можа быць, - засумняваўся нехта з дзяўчат.
- Чаму? - задумалася Мэры. - Між іншым, тады гэты расповед
аб дзяўчыначцы набывае сэнс. А так жа - пустое апавяданне. А ў казках
жа заўсёды бывае трапны вывад.
- Вой, а Папялушка - таксама? - схамянулася Каця. - Я іншы
раз на сябе гляджу - бы тая Папялушка. Толькі на баль ніхто не запрашае.
- І Папялушка таксама, - развяла рукі ў бакі класная. -
Казку перапісалі крыху, надаўшы ёй рамантыкі і прыгод. А ў пачатку Шарль
П'еро зрабіў у канцы допіс зусім не рамантычны…
- Чакайце, Вольга Фёдараўна, - прыпыніла яе Вера Андрэеўна.
- Ну, успомніце казку і з улікам пачутага пра Чырвоную Шапачку зрабіце
аналагічны допіс да Папялушкі. Юрка, блісні сваім розумам, - Верачка
падміргнула Юрку Хаванскаму, але падахвоціла проста, без кпіну.
- Ну, - Юрка на хвіліну задумаўся. - Папялушка там усё
працуе, працуе… Потым фея з'явілася - вось ты ўжо і прынцэса… Прынамсі,
занадта проста Папялушка атрымлівае свае чаравічкі і сукенку з карэтай
і коньмі.
- Малайчына, Юрка, - пстрыкнула пальцамі класная (гэта
ў яе іншы раз міжволі атрымлівалася - пстрыкнуць пальцамі, як хто з
вучняў яе надта ўзрадуе). - Казачнік так быў і напісаў: добра мець вось
такіх хросных маці, якія палачкай махнуць - і ты прынцэса. Але трэба
разлічваць толькі на сябе…
- Ну, раскажыце мне цяпер сваю казку, - раптам строга загаварыла
Вера Андрэеўна. - Я вам сур'ёзна сказала пра прагу нашай крыві. Было
тры вельмі непрыемныя званкі. І баюся, гэтымі званкамі справа не закончыцца.
Што тут увогуле адбываецца? Чаму вы тут, калі школьнай дыскатэкі чакалі
столькі часу? За што збіраецеся судзіць дарослых?
Усе маўчалі. Разумелі, што адказваць павінен той, хто першы
тут з'явіўся.
Сашка адчуваў, што аднакласнікі чакаюць, пакуль загаворыць
ён. І ў гэтым чаканні было прызнанне Сашкі ці не галоўнай фігурай у
гэты вечар. Але аднакласнікі гэтым разам не рабілі яго вінаватым - не,
у іх згодлівым маўчанні была павага да яго, Сашкі, і да Тані і гатоўнасць
тут жа абараніць, заступіцца.
Сашка ціха крануўся пляча Тані.
- Расказваць?
- Расказвай, - прашаптала, кіўнуўшы, Таня.
- Усё?
Таня толькі кіўнула.
- Гісторыя пачынаецца сённяшнім днём, - пачаў Сашка. -
Юрыс, давай, пачынай.
- За дапамогу ў перамяшчэнні грузаў з аўтамабіля ў прыватны
магазін я ў якасці заробку атрымаў упакоўку прэзерватываў ад гаспадара
магазіна, - борздзенька пачаў Юрыс, быццам загадзя рыхтаваўся. - Скарыстаць
іх адзін я не мог ды і жадання не ўзнікла, таму… - Юрыс хмыкнуў, яму
як быццам самому надакучыў яго гуллівы тон, стаў гаварыць спакойна,
з ноткамі шкадавання: - Мы ўтраіх вырашылі пажартаваць - паклалі на
ўроку фізкультуры кожнай дзяўчыне пакецік: каму ў сумачку, каму ў падручнік.
Думаў, што на лекцыі прыдумаю які-небудзь прыкол. Але лекцыя скончылася
не на той ноце. Ну, не будзеш жа забіраць "падарункі" назад…
- Такім чынам прэзерватыў аказаўся і ў сумачцы Тані, -
працягваў Сашка. - Маці заўважыла яго, нічога не пыталася, адразу ўдарыла.
Па твары. Таня ўпала, выцялася аб вушак дзвярэй… Потым я ёй патэлефанаваў,
мы пайшлі сюды. Не ісці ж на дыскатэку з сіняком на твары...
- А ў панядзелак мяне павядуць правяраць на цноту, - нечакана
ўставіла Таня.
- Ну, а гэта…- Сашка дастаў свой мабільнік, уключыў, панаціскаў
кнопкі, паказаў успыхнуўшы на маніторы фотаздымак класнай. - Гэта пасля
таго, як Таню ўдарылі. Але… Гэта бачыў толькі я.
Класная, Вольга Фёдараўна, пакусвала вусны, гледзячы на
здымак. Моўчкі яна перадала мабільнік Веры Андрэеўне. Тая глядзела нядоўга,
працягнула тэлефон Сашку. Твар яе заставаўся спакойны.
- А потым да нас прыйшлі, - закончыў Сашка.
- І тыя, хто прыйшоў, упэўніваліся адзін за другім, што
яны з'яўляюцца для сваіх бацькоў зусім не такімі, як думалі раней, -
прадоўжыў Юрка. - Аказалася, што дастаткова толькі даведацца бацькам
аб дзвюх рэчах, як мы, хвіліну назад разумныя і добрыя, ператвараліся
ў разбэшчаных распутнікаў.
- Як толькі мая мама даведалася, што я тут, у лесе, і што
ў мяне ёсць прэзерватыў, - яна забылася, што дзень таму казала мне,
як яна мне верыць, - гэта ўжо загаварыла Галінка.
- І я з дарослай разумнай дачкі, якая дапамагае маці глядзець
малодшых, стала дрэнню, якую трэба разарваць, як жабу, за ногі, - горка
ўсміхнулася Каця.
Павісла маўчанне. Доўгае, густое, замешанае на агульнай
крыўдзе.
- І ў гэтым вы мяне абвінавачваеце? - спытала-ўдакладніла
Вера Андрэеўна. - А можна сфармуляваць абвінавачванне больш дакладна?
- Можна, - рэзка адказаў Юрка, было відавочна, што яму
не церпіцца выказаць набалелае. - Мы, дзесяцікласнікі, абвінавачваем
вас, дарослых - бацькоў, настаўнікаў - у тым, што вы руйнуеце нашу веру
ў светлыя пачуцці кахання і сяброўства; што вы таўхаеце нас у бруд жывёльнага
сексу; што вы, прытворна заломваючы рукі і пераконваючы адно аднаго
ў тым, што мы - сама разбэста і распуста, самі цалкам знімаеце з сябе
адказнасць за свае дзеянні; што вы, кажучы, што любіце нас, між тым
бачыце ў нас няўдзячных, цынічных, безадказных.
Стала ціха. Нават касцёр гарэў бязгучна, нічога не пастрэльвала
ў полымі.
- Абвінавачваемыя, вам зразумелы сэнс сказанага? Вы ведаеце
свае правы?
Юрыс пытаўся жартаўліва, але было зразумела, што цяперашняя
яго жартаўлівасць - толькі каб хоць неяк згладзіць адчайную вастрыню
"абвінавачвання".
Завуч прыняла правілы - яна адказала сур'езна, без усмешкі:
- Мне ўсё зразумела. Давайце канкрэтызаваць, ці як? Ты,
Юрка, патлумачыш кожны пункт?
- Пачну я, - адказаў Юрка, ніколькі не ўсміхнуўшыся.
Ён пачаў гаварыць, быццам чытаў з ліста паперы. Стала зразумелым,
што гэтыя словы даўно і не адзін раз казаліся Юркам у думках, ён не
адзін раз у сваім уяўленні выступаў вось так перад дарослымі.
- Дырэктар, Людміла Антонаўна, - чалавек праніклівы. Яна
адразу зразумела, што я хачу спытаць. І - спалохалася. Вы, дарослыя,
нават самі сабе баіцеся прызнацца ў тым, якую гнюснасць вы робіце цяпер…
- Хаванскі, Хаванскі, - з дакорам перапыніла яго класная.
- Я папрашу з павагай адносіцца да Веры Андрэеўны. Яна ні ў чым не прызнана
вінаватай, каб называць яе дзеянні гнюснымі.
- Гэта я і збіраюся даказаць, - ніколькі не разгубіўся
Юрка. - Дык вось, не будзем адхіляцца, не будзем хадзіць далёка ў бакі.
Возьмем толькі адзін сённяшні дзень. Тэма дня - прафілактыка СНІДу.
Уся школа - у плакатах. Сярод іх палова - плакаты, зробленыя дарослымі,
надрукаваныя мільённымі тыражамі. Гэтыя плакаты вывешваліся ж з Вашага
ведама, Вера Андрэеўна?
- Так, з майго, - адказала Верачка, у вачах яе свяціўся
насцярожаны агеньчык цікавасці: яна, гэта было відаць, не магла ўгадаць,
аб чым далей будзе казаць гэты дзесяцікласнік.
- Другая палова плакатаў, якая малявалася школьнікамі,
таксама ж была прагледжаная Вамі, Вера Андрэеўна, перад тым, як апынулася
на сцяне ў вестыбюлі?
- Зразумела, - кіўнула Вера Андрэеўна.
- Што ж, давайце ўспомнім тыя плакаты. Іх галоўная тэма
- як не "падхапіць" ВІЧ. Я дакладна помню заклікі з некалькіх друкарскіх
плакатаў: "Гэта маленькая рэч нас уратуе", "Прапануй партнёру бяспеку"
- гэта пра прэзерватыў так сказалі. На кожным плакаце: секс, секс, секс.
І толькі на адным, на нашым, сексу не было…
- Юрый, але ж не Вера Андрэеўна малявала тыя плакаты! -
усклікнула, гатовая абурыцца, Вольга Фёдараўна.
- Я не абвінавачваю Веру Андрэеўну ў тым, што яна малявала!
- жорстка адказаў Юрка. - Хто яшчэ жадае што сказаць?
- Юрка мае рацыю, - ціха загаварыла Мэры. - Толькі на нашым
плакаце стаялі хлопец з дзяўчынай і знізу быў подпіс: "Нас уратуе каханне".
Мне было брыдка, чэснае слова, разглядаць плакаты, што рабіліся ў друкарні.
"Адзін палавы партнёр - твая гарантыя" - там так было замест кахання.
Прачытаеш усё - дык…
- Дык усё можна, - закончыў за Мэры Сяргей.
На яго азірнуліся ўсе. Але Сяргей не збянтэжыўся аніколькі,
прадоўжыў.
- Што вы глядзіце, быццам дзесяць гадоў не бачылі мяне?
Кажу, з плакатаў вынікае, што ўсё можна: "блакітныя" мужыкі - норма,
бо размова ж ідзе пра палавога партнёра. Увогуле, "палавы партнёр" гучыць
як нешта нежывое, сродак, як жанчына гумавая. І сам секс - гэта як самая
звычайная фізіялагічная патрэба: паесці ці ў туалет схадзіць…
- І ніякай таямніцы не засталося… - з сапраўдным жалем
прадоўжыў Віктар. - Захацелася сексу - пайшоў, знайшоў палавога партнёра…
Адно прэзерватыў з сабой захапі.
- Вось што вынікае з вашай сённяшняй разумнай акцыі, -
з абвінавачваннем падвёў рысу Юрка. - Вы не кажаце нам, каб быў у нас
першы секс толькі з каханым чалавекам, вы не кажаце нам пачакаць і падумаць,
вы не кажаце нам пра ненармальнасць сексу мужчыны з мужчынам і жанчыны
з жанчынай. Адзінае, што гучыць ва ўсіх вашых размовах: прэзерватыў,
прэзерватыў, прэзерватыў.
- І атрымліваецца, што ўсё можна, калі асцярожна, - уставіў
Юрыс.
- І атрымліваецца, што ўсё можна, калі з прэзерватывам,
- паправіў яго Юрка. - За ўвесь дзень ні слова не сказалі пра тое, што
ранні секс - нядобра! Ні слова! І гэта пры тым, што ў мінулым годзе
ў школе дзевяцікласніца зацяжарала, а ў гэтым - з паралельнага з намі
класа.
- Згубіў логіку, Юрый, - уставіла класная. - Якраз, каб
думалі пра бяспеку…
Вера Андрэеўна глянула на класную са здзіўленнем. Але ўжо
і сама Вольга Фёдараўна сумна паправілася:
- Хоць я, здаецца, памыляюся. Логікі няма, але няма і дабра…
- Хто яшчэ жадае што дадаць? Выгаворвайцеся, бо наўрад
ці калі яшчэ выпадзе, - запрасіў астатніх Юрка.
- Ды што тут казаць! - Віктар адчайна махнуў рукой. - Усе
гэтыя антыСНІДаўскія акцыі толькі і прыдуманыя, каб рабіць з нас цынікаў.
Правільна: ні слова пра каханне.
- І сам СНІД прыдуманы, - спакойна заўважыў Сяргей. - Я
чытаў адзін добры артыкул…
- Хочаш сказаць, што такой хваробы няма?
- Чаму няма? Хвароба ёсць… - Сяргей акінуў прысутных позіркам:
- Ды што вы разглядваеце мяне, як…
- Як чалавека, які маўчаў ды загаварыў, - падказала класная.
- Кажы, Сяргей, цікава, што далей?
- Цікава… Каб дакладна ведаць, чаму адбываецца тое ці іншае,
трэба заўсёды напачатку адказаць на адно пытанне: каму гэта выгадна?
Дык вось, раней самым эфектыўным сродкам ад цяжарнасці быў прэзерватыў,
самы старажытны, яго яшчэ з авечых кішак рабілі… Але потым з'яўляюцца
таблеткі розныя, ну яшчэ сродкі. Зручныя, простыя, надзейныя, не тое
што гэтая гума. І ў 80-я гады мінулага стагоддзя прэзерватывы не карысталіся
амаль ніякай папулярнасцю, нават у моладзі. Былі таблеткі. І вось з'яўляецца
СНІД. За некалькі гадоў выпуск і продаж прэзерватываў узраслі ў сотні
тысяч разоў! Дык хіба кампаніям па іх вытворчасці гэта не выгадна?
- Цяпер зразумела, што любая антыСНІДаўская кампанія -
гэта завуаляваная рэклама прэзерватыва! - усклікнуў Сашка.
- Не толькі рэклама, - уставіла Мэры. - Я вам зараз адну
гісторыю раскажу…
Але пачаць Мэры не паспела: да кастра пад'язджала машына.
Спынілася, выйшлі трое.
- Галінка, твая маці!
- І твой бацька, Мэры!.. Разам з маёй маці, - прашаптаў
са спалохам нехта з дзяўчат.
Да кастра падышлі трое: дзве жанчыны і мужчына. Так і ёсць,
маці Галінкі і Святланы, бацька Мэры.
Выглядалі яны разгублена. Было відавочна, што яны чакалі
сустрэць тут што заўгодна, толькі не амаль увесь дзесяты ды яшчэ разам
з класнай і завучам школы.
- Добры вечар!
- І вам добры! Праходзьце, сядайце, - запрасіла бацькоў
Вера Андрэеўна. - Зараз мы вас кавай пачастуем, а потым будзеце разам
са мной адказваць на пытанні. Нечага мне адной ды класнай за ўсе грахі
нашы расплачвацца.
- За якія грахі? - насцярожылася маці Галінкі. - Я ўвогуле
хачу ведаць, што адбываецца. Галінка, патлумач мне!
- А што тут адбываецца? Палім касцёр, гутарым, - адказала
Галінка.
- Што за дурныя званкі? - павысіла голас маці.
- Чаму дурныя? - ускінулася Галінка. - Я сказала, што мы
ў лесе. Я сказала, што ў мяне ёсць прэзерватыў! Што тут дурнога?
- А што мне думаць?
- Вось ты і сказала перад усімі, што ты думаеш пра сваю
дачку! - са слязьмі ў голасе выгукнула Галінка, сарвалася на крык. -
Я ніколі ад цябе нічога не хавала, то чаму ты мяне западозрыла чорт
ведае ў чым? Хіба я давала табе повад думаць пра мяне дрэнна?
Галінка не расплакалася, але дзве слязінкі пабеглі з куточкаў
яе вачэй.
- Дык… дык ты мяне правярала? - разгублена выдыхнула маці
Галінкі, не ведаючы: абурацца ёй ці крыўдзіцца.
- Супакойцеся, таварышы бацькі! - прыкрыкнула Вера Андрэеўна.
- Мы тут госці нязваныя, вашы дзеці - цалкам самастойныя. Нас сюды не
запрашалі, то будзем сябе весці так, як нам прапануюць.
- І як нам прапануюць? - спытаўся бацька Мэры.
- Нас тут судзяць. Нас, настаўнікаў, вас, бацькоў. І астатніх
дарослых. Давайце хіба кавы пап'ем, хто жадае, ды прадоўжым? - міралюбіва
закончыла Вера Андрэеўна.
Налілі бацькам кавы.
- Мэры, што ты хацела расказаць? - асцярожна спытаў Юрка.
- Ці не будзеш?
- Дык слухайце, - смела пачала Мэры. - Брат у мяне быў
неяк на двухдзённым семінары куратараў па антыснідаўскай прафілактыцы.
І вось прыязджае і расказвае сваёй жонцы… І я на кухні тады была, мяне
не выганялі.
- А чаму я не чуў? - насцярожыўся бацька Мэры. - Што ты
тут збіраешся расказаць?
- Так, - рэзка павярнулася да дарослых Вера Андрэеўна.
- Калі мы жадаем, каб нас паважалі нашы дзеці, давайце будзем напачатку
паважаць іх. Мы слухаем і адказваем на пытанні.
- Дык вось, - не зважаючы на бацькава пытанне, прадоўжыла
Мэры. - Семінар двухдзённы, спыніліся ў адной з лепшых гасцініц. Практычна
ўсе ўдзельнікі семінара - людзі дарослыя, жанатыя ды замужнія. І вось
перад пачаткам семінара кожнаму выдаюць рабочую папку: там патрэбная
літаратура, блакнот для запісаў, даведнікі, статыстыка, ручка, вядома.
І - тры пакецікі. Семінар пачаўся, заканчваецца першы дзень, кажуць:
у каго якія пытанні? Тады брат устае: хто складаў змесціва рабочых папак?
Надта ж цікава - з улікам якога вопыту на адну ноч у гасцініцы паклалі
ў папкі па тры прэзерватывы? Шэсць на пару, атрымліваецца. Вядома, там
засмяяліся ўсе… Але брат, вось як наш Юрка, стаў казаць далей. Я, кажа,
чалавек жанаты. Са мной за сталом чацвёра - усе маюць сем'і. А арганізатары
семінара, нікога не пытаючыся, даюць нам гэтыя пакецікі. Як гэта разумець?
У сямейным жыцці прэзерватыў як сродак ад СНІДу - бязглуздасць, бо сама
сям'я - сродак ад СНІДу. Выходзіць, арганізатары семінара лічаць, што
тут, у гасцініцы, кожны ўдзельнік толькі і чакае, каб "адарвацца па
поўнай"? Больш таго, гэта не проста маўклівае абвінавачванне ўдзельнікаў
семінара ў адсутнасці ў іх вернасці да мужоў і жонак, гэта літаральна
штуршок да здрады! Увесь першы дзень лейтматывам гучала: нармальны мужчына
павінен пастянна мець пры сабе прэзерватыў. Атрымліваецца, нармальны
чалавек - гэта той, які, не задумваючыся надта, пры зручным выпадку
яго скарыстае, здрадзіць сям'і. А наяўнасць прэзерватыва - не проста
гарантыя бяспекі, але і паказчык адукаванасці, інтэлігентнасці і нават
індульгенцыя. Вось так.
- І што адказалі брату?
- Ды перавялі ўсё на жарт, - адмахнулася Мэры. - Ён, дарэчы,
таксама казаў, што на семінары ні разу не пачуў, каб нехта казаў, што
менавіта каханне - сродак ад СНІДу, а не гэтая гума…
- Ну, Вера Андрэеўна, мы дастаткова патлумачылі пункты?
- Юрку цяпер ужо не цярпелася пачуць адказы.
- Чакай, я яшчэ дадам, - зноў загаварыў Сяргей. - Вось
нас абвінавачваюць у тым, што мы ў камп'ютэрах сядзім гадзінамі, дзе
гэтыя стралялкі, што ў Інтэрнэце поўзаем, дзе парнаграфія і секс, што
фільмы купляем і глядзім парнаграфічныя… А я вось спытаць адно толькі
хачу: выбачайце, але хто гэтыя гульні стварае? Хто здымае парнаграфію?
Хто выпускае і тыражуе фільмы? Хто дазваляе секс і парнуху па тэлеку?
Мы - 16-гадовыя, ці гэта вы робіце, дарослыя? Вы , Вольга Фёдараўна,
здаецца, логіку вельмі любіце? Дзе ж ваша логіка цяпер? Гэта ж не мае
сябры, не Юрыс з Лёшкам здымалі апошні серыял, дзе бандыты ды прастытуткі
светам кіруюць. Гэта вашы аднагодкі яго здымалі, гэта, можа, вашы сяброўкі
там здымаюцца. Дык якога чорта нас абвінавачваюць у тым, што мы глядзім,
гуляем, чуем? Можа, нам аслепнуць, аглухнуць і насы пазаклейваць?
- Сяргей, Сяргей, - паўшчувала Вера Андрэеўна, - не трэба
так злавацца…
- А я не злуюся! Я толькі зразумець хачу: чаму мне сунуць
з усіх бакоў пад нос дзярмо, а потым абвінавачваюць у тым, што я не
ведаю паху ружаў!?
Нейкі час стаяла цішыня.
Віктар паварушыўся, пакруціў галавой, са скрухай заўважыў:
- Вось, прыйшлі дарослыя, і салаўі змоўклі…
- Гэта ўжо час іх спеваў скончыўся, - прагучаў глухаваты
голас. То бацька Мэры, дастаўшы пачак цыгарэтаў, прысеў ля кастра, прыкурыў.
- Цяпер толькі са світаннем пачнуць…
- Спужаліся салаўі нашага крыку…
- Чакайце, чакайце, экспромт лезе ў галаву ў святле апошніх
слоў і падзей, - Віктар стаў пастукваць сябе па ілбе… - Маўчыце, маўчыце…
Вось:
За колькі год у вушы нам ўвялі,
Што мы найгоршае на свеце з пакаленняў…
Мы свой касцёр у лесе развялі,
Мы спевы слухалі ў чаромхавым раі…
Прыйшлі дарослыя - і змоўклі салаўі.
А нас вініцца ставяць на калені…
На гэты раз ніхто не засмяяўся, у ладкі не запляскалі.
- Добра складаеш, Віктар, - ціха загаварыла Вера Андрэеўна.
- Толькі надта драматызуеш. Зрэшты, вам уласціва ўсё ўспрымаць куды
больш эмацыянальна, выпукла і жывей, чым нам… Ну што ж, абвінавачванні
я прымаю. З першым пунктам абвінавачвання я разабралася. А што са зняццем
з сябе адказнасці?
- А вы хіба не на нас перакладваеце ўсе свае грахі? - ускінуўся
ўжо Сашка? - Цэлы дзень у школе аб прэзерватывах кажаце, а як гэты адзін
апынуўся ў сумачцы дзяўчыны, то гэта не вы яе гэтаму вучылі, а проста
яна сама - дрэнь, якую трэба біць?
- Пакуль што не буду адказваць, - сумна адказала завуч.
- У мяне ёсць хадайніцтва. Прашу суд - значыць, усіх вас - уключыць
свае мабільнікі і патэлефанаваць сваім бацькам, што мы знаходзімся ў
Чарэмшані ўсе разам: дзесяты клас разам з класнай, завучам школы і нават
некалькімі бацькамі. Я вас вельмі прашу.
Дзесяцікласнікі заварушыліся. Хто адходзіў крыху ўбок,
хто тэлефанаваў з месца. Хвілін праз пяць тэлефанаванні закончыліся.
Ні Сашка, ні Таня ўключаць мабільнікі не сталі. Таня проста не ведала,
што ёй сказаць. Што яна можа сказаць маці, якая раптоўна для яе стала
не проста чужой - страшнай? Яна паспытвала амаль фізічны жах толькі
ад аднаго ўяўлення сустрэчы з ёй.
Яшчэ адзін сноп святла ад шашы накіраваўся да іхняга кастра
- сюды звярнуў аўтамабіль. Размова не працягвалася - уся ўвага была
скіравана да аўтамабіля. Гадалі, хто там можа быць.
- Зараз сюды збярэцца не толькі дзесяты клас, але і ўсе
бацькі яго вучняў.
- А потым і дырэкцыя школы з настаўнікамі ў поўным складзе.
- На ўсіх дакладна кавы не хопіць.
- Дарэчы, дровы заканчваюцца, - звярнуў увагу Сашка на
касцёр.
- Дык колькі вы тут збіраецеся сядзець? - спытала маці
Галінкі.
- А мы, мама, хочам сустрэць світанне, - адказала спакойна
Галінка. - Сонца будзе ўзнімацца прама над горадам. А заўтра ж нядзеля,
адаспімся…
Пад'ехаў аўтамабіль. З яго выйшаў адзін мужчына і адразу
ўстрывожана гукнуў:
- Таня, Танечка!
Таня ўздрыгнула, потым сцялася. Яна не ведала, што адказаць,
як сябе павесці - яе клікаў яе бацька. У голасе дарослага мужчыны гучаў
не проста страх - сапраўдны боль, і гэты боль Таня пачула. У нейкі момант
яна раптоўна зразумела, што калі бацька менавіта вось зараз не пачуе,
як яму адгукнецца яго дачка, з ім, з бацькам, можа адбыцца нешта страшнае.
Непапраўнае. І таму Таня голасна, імкнучыся, каб атрымалася бадзёра,
каб ніхто і не заўважыў больш страху ў бацькавым клічы, гукнула, устаўшы
з месца і памахаўшы рукой:
- Я тут, тата!
Таня заўважыла, як сапраўднай хваляй спаў цяжар невядомасці
з постаці бацькі. Ён паспяшаўся да кола дзесяцікласнікаў, сеў побач
з дачкой (Сашка здагадаўся адсунуцца ўбок, каб даць мужчыне месца).
- Божа ты мой, - выдыхнуў бацька, не стрымаўся, лёгка прыгарнуў
Таню да сябе, і той стала крыху няёмка ад такой ласкі перад усімі. Ад
бацькі патыхала гарэлкай, цыгарэтным дымам і танным адэкалонам.
- А я тут… - няўклюдна пачаў як апраўдвацца бацька, павярнуўшыся
да класнай і завуча. - Значыць, на гулянцы мы былі, юбілей адзначалі.
Вярнуліся - няма Тані дома. І мабільнік нешта маўчыць… А я глянуў праз
акно - а ў Чарэмшані агеньчык свеціцца. От, думаю, дзе ўсе падзеліся…
А тут мабільнік не бярэ, праўда?
- Усё тут бярэ, - азвалася маці Галінкі. - Яны спецыяльна
мабільнікі павыключалі. І вырашылі тут нас судзіць, - закончыла яна
з крыўдай і выклікам.
- Ну, судзіць то трэба, - нечакана ахвотна згадзіўся бацька
Тані, агледзеў уважліва твары яе аднакласнікаў. - Толькі вы, дзеці,
павінны ўмець дараваць нам, дарослым.
- Ого! - выгукнуў Юрка. - А вы нам - не?
- Дык мы вам і так даруем… А вы, гэта, улічыць павінны,
што мы не разумеем многага. Час мяняецца так хутка, не паспяваем мы…
Ну, і другім разам… так вось выходзіць, не тое робім…
- Скажам так, - закончыла гэтую думку завуч. - Мы не заўсёды
адэкватна рэагуем на паводзіны і дзеянні нашых дзяцей. Гэта хацелі сказаць?
- От, як разумны чалавек, то і скажа разумна, - заўсміхаўся
нацягнута бацька Тані.
- Усё добра, тата, - ціха прагаварыла Таня. - Не трэба
больш нічога казаць.
- Ага, я ўсё, усё, - паспяшаўся згадзіцца бацька. - Я адыду,
пакуру ўбаку, - бацька устаў, крануў за руку Сашку і, нічога не кажучы,
моцна паціснуў вышэй локця. І адышоўся ўбок, прысеў на кукішкі, закурыў.
Да кастра нячутна падышоў малады хлопец - Таня пазнала
і таўханула Сашку:
- Глядзі, то ж твой Віктар майго бацьку прывёз. Ён не цябе
выглядвае?
- Мяне, - Сашка ўзняўся, падышоў да старэйшага брата.
Разам яны адышліся на колькі крокаў.
- Ну, там было, - пакруціў галавой Віктар. - Не ведаю,
як тут бацька з Таняй будзе дамаўляцца. Усё нармальна?
- Тут усё чыкі. А што такое? - насцярожыўся Сашка.
- Ды я якраз пад'ехаў. Чую - вяртаюцца бацькі Тані. Маці
яе ідзе і бурчыць, маўляў, гадаўка, не адказвае па тэлефоне, вокны цёмныя,
значыць на танцульках, заб'ю, раздзяру, пакажу яшчэ, што ў сумачцы носіць…У
кватэру ўзняліся - і чуваць было, як там бацька закрычаў… Ён мне расказваў,
што як толькі зайшоў, нешта, кажа, пад дых ударыла. Дачку кліча - ніхто
не адгукаецца. Ён у пакой Танін - а там акно насцеж. Выскачыў з пад'езда
- крычыць, гукае. Я клікнуў, кажу, я ж іх у Чарэмшань адвёз. Ён як абмяк.
У машыну сеў, кажа: калі хоць драпіну на дачцэ пабачыць…
- Ты што? Ён на мяне наехаў!? - вылупіў вочы Сашка.
- Ты не крычы! Я таксама завёўся, кажу, як не сорамна,
хіба мы заслужылі, каб на нас дрэнь казалі. А ён кажа, то не вас - цябе
і мяне, значыць, тычыцца. То - жонкі. Ну, я яму адразу сказаў, што ў
Тані сіняк на твары, выцялася аб дзверы, як упала…
У гэтую хвіліну да іх падышоў бацька Тані.
- Я… гэта, Сашка, я за Таню, як ты з ёй, спакойны, то ты
мяне, Віктар, завязі назад. Выпіўшы я трошкі, тут настаўніцы… Пакуль
Таня вернецца, трэба пагаварыць…
Сашку як штурхнула што, хоць адчуваў, што не мае права
на тое, аднак сказаў:
- Вы выбачайце, але з Тані сёння адной трагедыі дастаткова.
Вы яшчэ там дома што ўчыніце, а ёй што потым рабіць? Да чужых людзей
ісці? - і замаўчаў, сам уражаны сваёй смеласцю.
Мужчына ў адказ горка ўсміхнуўся.
- Лады, Сашка, нічога не будзе, ніякіх разборак. Праўда…
Верыш?
- Веру, - разгубіўся Сашка, калі бацька Тані працягнуў
яму руку.
- От і добра. І я табе веру, - мужчына паціснуў Сашку руку.
- Паехалі, Віктар…
Сашка падышоў да кастра, сеў на сваё месца - ля Тані.
- Усё будзе добра, - ціха шапнуў ён ёй.
- Мне тое ж тата сказаў… - адазвалася Таня. - Ён не сказаў
"прыходзь дамоў", ён проста ўявіць не можа, што я не прыйду. А я не
ведаю, як з маці сустрэцца…
- У цябе талковы стары, - упэўнена сказаў Сашка. - Усё
будзе добра, пабачыш.
Загаварыла класная:
- Калі абвінавачванне закончылася, здаецца, слова даецца
абароне, так?
- Так, Вольга Фёдараўна!
- Тады я пачну. Ведаеце, вось вы заўважылі, што я, як матэматык,
логіку вельмі люблю. І пакуль тут Юрка і астатнія выстройвалі свае абвінавачванні,
я контраргументы рыхтавала. Але адкінем убок гэтыя аргументы. Хочаце,
прызнаюся? - зусім па-юнацку бліснула вачыма Вольга Фёдараўна.
- У чым?
- Прызнавайцеся, вам даруем.
- Дык вось, калі мне было шаснаццаць, быў і ў мяне такі
амаль выпадак. Пачула я ад сваёй маці далёка не самыя прыгожыя словы
пра сябе. Без прычыны. Без падстаў. І так я абурылася… Як і вы сёння.
І вось у мяне сёння дачушка дзесяцігадовая. Цяпер я разумею сваю маці…
І я прабачыла ёй цалкам тую сваю крыўду.
- Не трэба думаць пра нас так… - пачала маці Галінкі, калі
класная замаўчала. - Мы не таму на вас крычым, што думаем пра вас дрэннае.
Нам проста страшна ад уяўлення, што тое дрэннае можа з вамі здарыцца.
Наслухаешся жудасных навін па тэлевізары, начытаешся крымінальнай хронікі
- так страшна за вас робіцца. Вось і не стрымаешся, як адно хоць дзе
нейкая пагроза з'явіцца…. Ну няўжо вам не зразумела, як нам бывае балюча?
Думаеце, лёгка маці перанесці, калі не ведаеш, што з дзіцём яе? Вы нас
судзіць сабраліся, а самі хіба прыгожа зрабілі? Эксперымент над бацькамі
паставілі… Эх, дзеці… Жорстка гэта. Вельмі жорстка. І балюча. Але, шчыра
кажу, і я вінаватая, - закончыла яна з ноткамі апраўдання, якія, усе
зразумелі, былі адрасаваны да Галінкі.
- Так, сябры мае… Усе абвінавачванні я прымаю, - цвёрда
сказала Вера Андрэеўна. - У сваё апраўданне магу сказаць толькі адно:
усё, што залежыць ад мяне, заўтра ж зраблю. Найперш загадаю зняць тыя
плакаты, у якіх сапраўды ідзе непрыхаваная і прыхаваная рэклама прэзерватыва,
дзе гучыць "адзін палавы партнёр", а не "каханы чалавек". Далей, пры
правядзенні падобных мерапрыемстваў буду наперад сама цікавіцца зместам
лекцый урачоў, якія, здагадваюся, адно перапісваюцца з тоўстых спецыяльных
часопісаў і нам чытаюцца. Зраблю ўсё, што ад мяне залежыць, каб у такіх
лекцыях акцэнт рабіўся на тыя самыя каштоўнасці, аб якіх вы гаварылі.
Яшчэ… Звярнуся з прапановай у аддзел адукацыі, каб правялі семінар для
настаўнікаў, якія выкладаюць дысцыпліны, дзе сустракаецца бяспека СНІДу.
Выступлю там з прапановай праводзіць урокі не толькі па напісаным у
падручніку…
- І нешта зменіцца? - недаверліва спытаўся Юрка. - Што
можа адзін завуч школы?
- Ну, яшчэ, Юрка, групай педагогаў, не толькі з нашай школы,
рыхтуецца пісьмо ў міністэрства. У гэтым пісьме мы ўздымаем прыкладна
тыя ж пытанні, што і вы. Дзякуй за сённяшні ўрок - вы падказалі нам,
наколькі сур'ёзна паўстала праблема. Мы запатрабуем перагляду тэматыкі
і акцэнтавання ў правядзенні антыСНІДаўскай прафілактыкі ў школе.
- Дык, атрымліваецца, вы таксама бачыце, якую дрэнь нам
падсоўваюць, і ўсё роўна робіце? - разгубіўся Сашка.
- Не ўсё так проста, Сашка, - адказала за завуча класная.
- У педагогіцы адным штуршком нельга нешта рабіць. І потым, ёсць яшчэ
пытанні…
- Якія пытанні?
Класная прамаўчала, за яе адказаў бацька Мэры:
- Той, хто плаціць, той і заказвае музыку, - са скрухай
адзначыў ён. - Вось Мэры расказвала… А хто той семінар арганізоўваў?
На чые грошы ў лепшай гасцініцы семінарыстаў пасялілі? На чые грошы
іх кармілі? Той, чые грошы, - той і вырашаў, што ў рабочую папку класці.
- А калі мы пачынаем упарціцца, нас абвінавачваюць тут
жа ў ханжастве, у адсталасці, а то і ў парушэнні самых розных дамоўленасцяў,
- закончыла маці Галінкі. - Вось так, дзеці…
Памаўчалі.
- Ну, які выносіцца прысуд? - усміхнулася крыху трывожна
класная.
Зноў у цэнтр скочыў Юрыс, зноў разгарнуў уяўную папку.
- Высокі суд, паслухаўшы паважаныя бакі і разгледзеўшы
сабраныя доказы і факты, прымае рашэнне: выраб з высакаякаснага латэксу,
які, будучы надзьмутым, па форме нагадвае дзіцячы паветраны шарык, пад
назвай "прэзерватыў" прызнаць вінаватым і вынесці яму пакаранне ў выглядзе
спалення на кастры прынародна згодна з цырыманіялам "молата ведзьмаў"!
Кат, ты дзе там, заснуў? Усё гатова?
- Гатова, - адказаў за яго спінай Лёшка, выйшаў і стаў
побач з ім, трымаючы ў руках вялікую сукаватую палку.
На кожны сучок гэтай палкі былі нанізаны знаёмыя бліскучыя
пакецікі. Штук сорак. Гэта ж трэба - сядзелі і рабілі, ужо заранёў прыдумаўшы
"суд".
- Прысуд прывесці ў выкананне!
Усе маўчалі, ніхто не перапыняў Юрыса з Лёшкам.
А Лёшка падышоў бліжэ |