|
БЫЦЬ ТВАІМ САБАКАМ
Ліст быў і не жоўтым, і не чырвоным. А такім, як чалавечая
далонь, што паружавела ад холаду. І адсюль, з пакоя, Антон, здавалася,
адчувае, як холадна і зябка гэтаму кляноваму лісту. Невядома, адкуль прынёс
яго сюды сыры вецер і панёс бы куды далей, ды ліст вось прыляпіўся да
вугла шыбіны. І цяпер здаецца, што нечая далонь адтуль, з восеньскай халадэчы,
просіць літасці.
Як хутка яна надышла - восень! Пажоўклую і пачарнелую лістоту
неяк раптоўна здзьмула з безабаронных дрэў, і аголеныя цяпер галіны сячэ
дробны дождж. Кроплі бясконца сцякаюць па шкле, падцякаюць пад кляновы
ліст. Яны, кроплі, заадно з ветрам, заадно з восенню: ім усім трэба схаваць
гэты ліст - знішчыць ад людзей і ад яго, Антона, апошні напамін пра лета.
Антон не журыцца па леце. Ён чакаў восені. Таму, што восенню
пачынаюцца заняткі ў школах. Усе зноў будуць збірацца разам шэсць дзён
на тыдзень.
І цэлых шэсць дзён ён будзе бачыць яе - Сняжану.
Вунь яна, сядзіць крыху спераду і справа. Вельмі зручна сядзіць
- Антон глядзіць у бок дошкі і бачыць яе.
У Сняжаны кароткія, жоўта-белыя валасы. Карэньчыкі іх здрадліва
чарнеюць, але то да суботы - Сняжана фарбуе валасы штотыдзень.
Цікавае ў яе імя. І незразумела, ці то яе бацькі прадбачылі,
якой будзе іх дачка і далі імя, ці то вырастала Сняжана з аглядкай на
яго.
Яна і на самой справе падобна на сняжынку. І беллю сваіх
валасоў і тонка акрэсленымі рысамі твару, і худзенькай постаццю. Але найбольш
- характарам. Колкім, незалежным. Некаму здасца, што яна ўвогуле халодная,
занадта ганарлівая. Але Антон упэўнены, што гэта толькі знешне. А ўнутры
яна, Сняжана, мяккая, як першы зімовы снег. І зусім не халодная…
- Пракопчык, да дошкі!
Антон ўздрыгнуў. Тыя, хто паспеў зірнуць на яго ўслед за
голасам настаўніка, пырскнулі смехам.
- Не бойся, Пракопчык, найгоршае, што цябе тут можа чакаць,
усяго толькі "двойка", - пажартавала Ніна Антонаўна, біялагічка.
Антон ішоў да дошкі і чырванеў. У мазгу тахкала адна думка:
бачыла Сняжана ці не, як ён уздрыгнуў.
Бачыла - вунь як пасмейваюцца яе вочы…
Адказваў блытана, але біялагічка шкадавала яго - цярпліва
паўтарала пытанні, літаральна выцягвала адказы з гэтага тоўстага хлопца
у вялікіх акулярах з круглымі тоўстымі шкельцамі, за якімі зрэнкі вачэй
выглядалі дзікавата-пукатымі і страшнымі.
Ад гэтага Антону было яшчэ больш сорамна. Ён ведаў, якой
прынцыповай можа быць настаўніца, і яе цяперашнія адносіны да сябе расцэньваў
як прыніжэнне, як прызнанне і ей, настаўніцай, сваёй няўклюдасці і тугадумства.
А Антон жа любіць біялогію. Увогуле, усё жывое. А кветкі
- асабліва. Ён любіць убачыць, як нараджаецца з непрыгляднага на выгляд
бутона сапраўднае хараство. Ух, як цікава нейкім ранкам пабачыць, што
расквяціўся чырвонымі пялёсткамі ўчарашні бутон. І такімі пяшчотнымі,
што і пальцамі іх кранацца страшна…
Антон сеў на месца за цесную для яго парту. Сусед, Венька,
спачувальна прашаптаў:
- Дурань! Кінь зіркаць на гэтую белабрысую. Яна такіх, як
ты будзе пад ногі кідаць. Ты што, сляпы? У яе сукенка каштуе столькі,
колькі табе на год хопіць на чаравікі, штаны і куртку!
Антон прамаўчаў. Ён ведаў, што за бацькі ў Сняжаны. Бачыў,
як Сняжана размаўляе па сотавым тэлефоне, ведаў што дома ў яе камп'ютэр
і відэа, асобны пакой і яшчэ шмат чаго…
А кляновы ліст, падмыты дажджавымі ручайкамі, вецер адарваў
ад шкла, ірвануў і панёс яго азалелае цела ў далячынь.
- …Ты што, мой сабака? - імкліва абярнулася Сняжана, апякла
халодным позіркам. - Чаго ты сноўдаешся за мной?
Імклівая чырвань ад віхура на галаве хлынула ўніз - на вушы,
шчокі, шыю, і мову адняло.
Антон толькі вачыма палыпаў і пайшоў, прыціскаючыся да сцяны,
па калідоры.
- А які б верны быў табе сабака, Сняжанка! - праспяваў услед
яму голас некага з дзяўчат, якія заўсёды акружалі Сцяжану. - Такі б і
шкарпэткі падаваў, і ад бандзюкоў бараніў.
- З такога і сабака такі будзе - тоўсты няўклюда з кароткім
хвастом і ў акулярах, - сур'ёзна адказала Сняжана.
Дзяўчаты зарагаталі. Антону здавалася, што яго карак вось-вось
пырскне крывёю. Так пякло там ад чырвані…
Ён ужо не ведаў, як можна даказаць сваё каханне. Ён дарыў
Сняжане аксамітна-пунсовыя ружы на Новы год і 8 Сакавіка, якія вырошчваў
у сваёй кватэры пад двухсотватнымі лямпачкамі пад нязменнае вохканне маці
(гэта ж колькі электрычнасці паліць!). Ён аберагаў яе на вечарах адпачынку
ў школе ад малодшакласнікаў, што задзіралі без дай прычыны старэйшых дзяўчат.
Яшчэ, калі іх адпраўлялі на працу ў падшэфны калгас, ён станавіўся на
бульбяны радок побач з ёй, Сняжанай, цягаў свае і яе кошыкі, і бульбу
паспяваў збіраць з абодвух радкоў. Так шчыраваў, што пот заліваў вочы,
пацелі шкельцы акуляраў…
Венька, вядома ж, у такіх сітуацыях казаў:
- А ты аднясі да яе паперу: хачу быць тваім рабом. Яна прыме.
Ёй такія патрэбны!
- Адстань, Венька!
- Што адстань? Што адстань? Дурань ты! Няўжо не бачыш, што
яна халодная як лёд, і што ты са сваёй закаханасцю для яе - нішто? Прачніся!
Табе 16 год, варта ж хоць колькі навучыцца разбірацца ў людзях.
- Проста яе ніхто па-сапраўднаму не кахаў.
- Ага, а ты кахаеш. Яна гэта ведае, і што толку?
- З ёй ніхто ніколі шчыра не гаварыў.
- Цьфу, дурань! Мо ты з ёй аб ружах сваіх гаварыць будзеш?
Ці яшчэ лепей - аб іншапланецянах? То тады раскажы, якія чараўнікі водзяцца
ў вёсцы тваёй бабулі! Ты ведаеш, як яна адрэагуе?
- Ну, як?
- А яна папросіць цябе, каб ты прынёс ёй залатыя чаравічкі!
- І прынясу…
- Ну і яшчэ раз дурань.
Антон за гэтыя абразлівыя словы на Веньку не крыўдуе. Ён
жа іх не за спіной кажа, а вочы ў вочы, адзін на адзін. Ды і як на яго
крыўдаваць, калі менавіта Венька ў мінулагодняе 8 Сакавіка выклікаў Сняжану
на спатканне. Гэтак умее свой голас перарабляць! Сняжана прыйшла, а там
- Антон з ружамі. Здзівілася крыху, але ружы ўзяла.
Антон сказаў Веньку, што яна тады прамовіла ціхае "Дзякуй",
але на самай справе Сняжана толькі здзіўлена і грэбліва спытала: "Гэта
ты?", узяла ружы, якія Антон і працягнуць не здолеў, і адразу пайшла.
Але Веньку Антон расказаў інакш, каб не засмучаць яго. Венька ж - сапраўдны
сябар, ну і што, што бывае залішне рэзкі…
"Ты што, мой сабака?"..
З'едлівыя словы дзяўчыны не давалі спакою. Антон глядзеў
у падручнік, слухаў настаўніка, нешта пісаў, а перад вачыма стаяла яна,
Сняжана, з лёгкай пагардлівасцю ў вачах:
"Ты, што, мой сабака?"
Не, ён не яе сабака. На жаль, не… А каб быў… Ён бы аднойчы
абараніў яе ад зладзюг, якія сарвалі б з галавы Сняжаны яе шыкоўную футравую
шапку. О, ён ў два скачкі нагнаў бы злодзеяў, паваліў бы таго, з шапкай
пад пахай, на снег, і вострыя сабачыя іклы пагрозліва наблізіў да горла
перапалоханага злачынцы… А потым прынёс бы асцярожна ў зубах шапку да
Сняжаны. А яна ласкава б патрапала яго за доўгія вушы, прысела, і зазіраючы
ў адданыя сабачыя вочы, сказала б з удзячнасцю і пяшчотай: "Дзякуй табе,
мой верны ахоўнік!"… Ён бы аднойчы летам гуляў з ёй, Сняжанай, далёка
за горадам, дзе захаваўся куточак дзікага лугу, дзе яшчэ сустрэнеш блакітны
званочак на доўгай ножцы і ярка-чырвоныя краскі, дзе сонечна-жоўтымі купкамі
свецяца кветкі кураслепу. А далей - невялічкае возера. Яны бегалі б па
гэтым лузе, дурэючы, даганяючы адно аднаго, а потым кінуліся б у ваду,
і ён плыў бы побач з ёй, каб падтрымаць, калі што якое. А потым яна вылезла
б на бераг, распранулася, каб выціснуць мокрае адзенне, ніколькі не саромячыся
яго (ён жа сабака!), а ён адвярнуўся б хутка, нібыта ў тую хвіліну надта
зацікавіцца зялёным конікам, але сабачыя вочы - не чалавечыя, ён усё роўна
бакавым зрокам будзе бачыць зграбную постаць дзяўчыны, такую светлую,
хвалюча чыстую… А потым бы яна, стомленая, заснула, паклаўшы галаву на
ягоны бок, і яе белыя валасы будуць так кантраставаць на чорнай густой
поўсці. Так, у яго будзе чорная, густая поўсць. І ён будзе ледзь дыхаць,
каб спакойна спалася ёй на яго баку…
Калі б ён стаў сабакам… Яна паверыла б у яго каханне.
Антон успомніў пра бабулю. Неяк яна казала, што ў суседняй
з яе вёскай жыве самая вядомая і ўжо, можа, самая апошняя вядзьмарка ў
наваколлі - страшная баба Прэдчыха. Казала бабуля, што старая Прэдчыха
магла напусціць псоту на каго заўгодна, і такую, што ніякія ні дактары,
ні чараўнікі не дапамагалі. Яна магла перакінуцца кошкай і куніцай, зводзіць
кароў і коней, магла наслаць град на агарод ці на ўсю вёску. Адно пакрыўдзі
яе хто! Гэткія ў яе вочы: гляне - чакай бяды!
Прэдчыху Антон быў неяк нават сустрэў, калі на рыбалку на
Васькаў Выгар бегаў (ёсць такое месца з вялікай копанкай, там гэткія карасі!).
Антон вяртаўся ў вёску не па сцяжынцы, а напрасткі, праз балаціну. Тут
і заўважыў ён сухенькую постаць бабулькі. Здзівіўся быў - чаго тут старая
робіць, у гэтай балаціне? А яна Антона заўважыла, стала прама, высока
бараду задраўшы, чакала, пакуль Антон бліжэй падыдзе.
- Ты што напрасткі шыбуеш? - спытала, як абвінаваціла ў злачынстве.
- А што? Тут жа не сеяў ніхто. Балота… - разгублена адказаў
Антон.
- Бог тут сеяў. А кожная травінка да сонца лезе, кожная жыць
хоча. Хопіць, адну сцежку пратапталі. Навошта яшчэ траву глуміць? - пытала,
як прысуд чытала, Прэдчыха.
- Ды вырасце яшчэ трава, - прамямліў Антон, а ногі не ішлі
далей, хоць яму адчайна хацелася хутчэй збегчы ад гэтай бабулькі, адна
постаць якой на бязлюдным балоце выклікала трывогу і непакой.
- Вырасце… Вырасце… - бурчэла Прэдчыха. - Не ты яе садзіў,
не ты паліваў, не табе і таптаць! Ідзі! - загадала.
І Антона бы чэрці панеслі ад балаціны. Бягом бег і ўсё баяўся
азірнуцца. Быццам гнаўся за ім хто невыказна страшны…
А можа з'ездзіць да Прэдчыхі? Яна ж вядзьмарка… Трэба толькі
дачакацца маці з другой змены, сказаць, што заўтра паедзе ў вёску да бабулі.
Ну, быццам гербарый свой там пакінуў. І схадзіць да вядзьмаркі.
Антон запаліў настольную лямпу, лёг у ложак, разгарнуў кнігу.
Але не чыталася. Мяккае жоўтае святло лямпы неўпрыкмет гусцела, Антон
глядзеў на гэта нязыркае святло і спрабаваў уявіць свой заўтрашні дзень.
…Ён ішоў да яе - да Прэдчыхі, загадаўшы самому сабе: не спыняцца
ні на крок нідзе, не перадумваць, не разважаць. Рашыўся - значыць рашыўся!
Нечага спыняцца, варочацца назад. Але калі адкрываў старыя, на гумавых
палосках замест металічных навесаў веснічкі, ногі быццам прыраслі да зямлі.
Ой, як цяжка было пераступіць гэты ўмоўны парог!
Антон не ўзнімаў вачэй - баяўся, што калі ўзніме цяпер вочы,
абавязкова сустрэнецца позіркам з Прэдчыхай. І можа тады вярнуцца. А назад
ісці нельга…
Сенцы былі як і ў яго бабулі - ніякіх страшных атрыбутаў
вядзьмарства Антон не заўважыў, і гэта яго крыху супакоіла. А ў хаце зусім
па-простаму пахла варанай у лупінах бульбай. І было цёпла. Нават парна.
Прэдчыха, цяжка хакаючы, вялікім таўкачом таўкла бульбу ў
драўляным карыце. Гэта ад яго падымалася ўверх пара і туманіла першую
палову хаты, на якой што і было, то печ, лава ды стол.
- Хто ета? - ўзняла галаву старая, ўгледзелася ў Антона.
- А-а, той, што па някошанай траве хадзіць любіць!
Антону стала горача. Ён аніяк не чакаў, што яго пазнае старая.
Раптам яму падалося ўсё недарэчным: яго задума, доўгая дарога
да вёскі, сама хатка і яго вера ў нейкія чароўныя здольнасці старой. Чараўніца,
то хай бы загадала, каб бульба сама патаўклася. Ці каб куры ці парася
без тае бульбы добра раслі…
- Сядай! - раптам рэзка загадала Прэдчыха. - Прыйшоў, то
не будзь дурнем. Дарэмна і прышчык на заду не ўскочыць, а ты хочаш, каб
курыца яечка знесла, словы клюючы.
Антон здрыгануўся: яму здалося, што старая прачытала яго
думкі.
А Прэдчыха таўкла бульбу і казала:
- Трэба ж людзям такімі лайдакамі быць! Як чараўніцтва якое,
то абавязкова, каб ад цяжкай працы пазбавіла. Каб печ сама ездзіла, а
рыба ў кішэню прыгала, грыбы самі ў кошык беглі… От, жа, ніхто рабіць
не хоча! Я то магу загадаць, каб ссечанае дзерава табе на галаву ўпала,
але ж сам тапор прымусіць махаць не змагу: сам сячы! Гэ, Волька надоечы
прыйшла - у каровы малако прапала! Памажы ёй, адгані чары. Якія тут чары,
калі мужык лета прагойсаў, сена няма, карова салому есць з голаду? Малако
ім дай! І яшчэ спаліць гразяцца! Я вам спалю! Я на вас такую буру нашлю
- самі без хатаў застанецеся!
Яна замоўкла на хвілінку і спытала без усякага пераходу:
- Закахаўся?
Антон уздрыгнуў.
- Ага.
- Зелля не дам. Малады ты яшчэ.
Прэдчыха закончыла таўчы бульбу, паставіла таўкач каля печы,
нагой засунула пад печ карыта. Ацерла краем доўгага фартуха твар, прысела
на лаву насупраць Антон і глянула на яго.
Ух, як яна глянула! Быццам у чорную бездань зазірнуў Антон
на імгненне, і адтуль працяў яго мозг востры боль. Такі, што Антон аж
паморшчыўся.
- У-у-у, хлопец, што ты задумаў, - з нечаканым жалем у голасе
прамовіла Прэдчыха. - Ты што, так кахаеш?
- Кахаю, - выціснуў з сябе Антон.
- Ой, хлопча, дурны ты! Хіба ж на такое можна ісці?
- Я пайду.
- Бачу, што пойдзеш. А ты пра яе падумаў? Як яна да таго
паставіцца?
- Няважна, - адказаў Антон цвёрда.
- Ну, ты мяне здзівіў, - прагаварыла задуменна Прэдчыха.
- Пасядзі, я кабанчыка пакармлю, тады мы з табой зладзім.
Справілася яна хутка, Антон не паспеў нават добра разгледзіць
на старых абразах малюнак нейкай сцэны.
- Там Пакровы святыя, - сказала, заходзячы ў хату Прэдчыха.
Антон зноў уздрыгнуў - ён быў гатовы пабіцца аб заклад, што
ў той момант не глядзеў на абраз, і старая не магла бачыць, куды скіраваны
яго позірк.
Яна села насупраць яго, паглядзела проста, і Антон убачыў
у ёй самую звычайную бабулю, якая разглядае свайго неразумнага ўнука з
жалем у вачах. Адзінокую старую, якой так сумна бывае па вечарах.
- Сумна мне бывае, ета праўда, - ціха прагаварыла Прэдчыха.
- Ты не дзівіся, што я без пытанняў адказ даю. Маці мая была цяжка захварэла.
Даўно, я яшчэ дзяўчынкай бегала. Мову ў яе адняло. Вось я па вуснах, па
вачах і навучылася каля маці чытаць тое, што чалавек сказаць хоча. Тут
дзіва няма, хоць мяне ўжо за гэта многія баяцца, ненавідзяць. А вочы чалавека
- яго душа. Загляні ў іх пільней - усё раскажуць, нічога не схаваеш.
Яна замаўчала, маўчаў і Антон. Ён не ведаў, што казаць старой.
Яна ж усё даведалася! Хоць ты ўставай ды ідзі…
- У мяне грошы ёсць… - хрыпата прагаварыў Антон. - І яшчэ
у мяне гербарый вялікі, я яго магу прадаць. І магнітафон магу прадаць.
Ён дорага каштуе…
- А колькі па-твойму каштуе тое, што ты просіш? - хутка спытала
Прэдчыха.
- Ну… Я не ведаю, цяжка вам гэта ці не…
- А ты не па маёй цяжкасці судзі, а па тым, як табе тое важна.
- Мне… Мне… - Антон разгубіўся, ён ніяк не чакаў, што старая
пачне пытаць цану, а не ўстанаўліваць яе. - Мне нічога не шкада!
- Нічога? - пагрозліва перапытала старая.
- Нічога… - ціха, без былой упэўненасці адказаў Антон, якому
пачала мроіцца нейкая небяспека ў сваіх планах.
- Ну, то я сама цану назначу. Але не цяпер. Пасля, - з яшчэ
большай пагрозай адказала Прэдчыха, і Антону стала яшчэ страшней.
Яна падышла да стала, адкінула цырату, тузанула на сябе шуфляду.
Дастала тры невялікія бутэлечкі.
- Так, бяры, калі табе не страшна. Я людзей адгаворваць не
збіраюся, вучыць іх не буду, - Прэдчыха паставіла на стол перад Антонам
бутэлечкі з нечым цемным. - Ты вырашыў - ты і адказвай. З гэтай бутэлечкі
цяпер адап'еш. З гэтай - калі захочаш стаць тым, кім задумаў. А з гэтай
пап'еш, калі пажадаеш вярнуцца і прыбяжыш да мяне.
- А разлічыцца? - захваляваўся Антон.
- Я ж сказала - пазней плату вазьму. Правільней, сам ты яе
аддасі.
Антон не верыў. Ён ні аб чым не прасіў, яна сама здагадалася
аб усім. Ён нічога не расказваў - яна ўсё даведалася сама. І гэтая прастата
была для яго такой нечаканай, выклікала такую палёгку, што ўсё, што адбывалася,
рабілася проста неверагодным.
Але старая Прэдчыха не ілгала. Вочы яе глядзелі пранізліва
і строга.
- Яшчэ раз падумай! - уладна загаварыла яна. - Падумаў? Не
будзеш каяцца? Ну, то пі, і няхай дапаможа табе Бог. Але ведай, што звярнуўшыся
да мяне, ты ад яго адракаешся.
Антон ўздрыгнуў. Ён ніколі не прыдаваў значэння гэтаму -
з Богам ён ці не, але словы старой мелі нейкі страшны, пакуль далёкі для
Антона сэнс.
- Я не перадумаю, - ціха, але рашуча прамовіў ён.
- Тады вось пі адсюль, - старая наліла з аднае бутэлечкі
ў лыжку крыху зялёнае вадкасці. - Пі!
Антон, бы хворае дзіця, паслухмяна разінуў рот.
Прэдчыха зноў спачувальна глянула на яго. У яе вачах Антон
убачыў тыя ж пачуцці, што перапаўнялі цяпер і яго: страх і адчайнасць,
надзею і спакусу, нецярпенне і разважлівасць. Антон нібыта здалёк ўбачыў
сам сябе: вялікага, няўклюднага, у акулярах з тоўстымі шкельцамі, які
сядзіць у далёкай ад трасы вёсачцы ў старой драўлянай хатцы на чорнай
ад часу лаве… І чакае цуда.
- Будзе табе цуд! - выгукнула Прэдчыха, быццам загадала адначасова
ўсяму свету зрабіць для яго, Антона, цуд. - Пі гэта!
Антон ледзь праглынуў паднесеную ў лыжачцы чырвоную вадкасць.
Невыносна горкую, невыносна салодкую.
І свет стаў мяняцца. Раптам стала няёмка, нават цяжка стаяць
на нагах, і Антон прысеў на кукішкі, а потым і ўвогуле, адгукаючыся на
нейкі ўнутраны покліч, абапёрся рукамі на халодную драўляную падлогу.
Кружылася галава, балела шыя глядзець наперад, стоячы на руках, але боль
у руках сціхаў, прайшла няёмкасць у плячах. Не хацелася глядзець уніз,
але Антон зірнуў.
І ўбачыў не свае рукі, а сабачыя лапы.
Ён азірнуўся на старую, якая цяпер узвышалася на лаве над
ім, хацеў нешта сказаць, але з горла нечакана вырвўася хрып, падобны на
кароткае гырканне. Антон паспрабаваў яшчэ, і пачуў свой глухі кароткі
сабачы брэх.
І зразумеў - збылося.
Ён выпіў вядзьмарскае зелле і стаў сабакам.
- Памятай! - загучаў моцны голас старой. - Ты можаш прабыць
сабакам тыдзень і вярнуцца ў чалавечы выгляд. Табе дастаткова выпіць толькі
з другой бутэлечкі. Калі ты прабудзеш у сабачым абліччы больш за тыдзень,
ты забудзеш, што ты чалавек. Бяжы ж, ахоўвай яе, тую, для каго ты, чалавек,
згадзіўся стаць сабакам…
Яна адчыніла дзверы, і вялізны чорны сабака, калматы, даўгавухі
і няўклюдны на першы погляд, лёгка скочыў праз невысокія веснічкі і, робячы
вялікія скачкі, напрасткі, па мокрай пустой раллі пашыбаваў у напрамку
горада.
…Ён доўга-доўга бег, гэты вялікі, чорны сабака. Цяпер сядзеў
каля слупа на прыпынку, хутка хакаў, вываліўшы доўгі чырвоны язык. Ён
з'явіўся тут крыху раней, чым прыпыніўся аўтобус са Сняжанай. Сняжана
выйшла не адна, яшчэ колькі жанчын і мужчын пакінулі аўтобус, але сабака
ні на каго не звярнуў увагі. Ён глядзеў толькі на Сняжану.
Сняжана пачакала - можа, хто пойдзе ў яе бок, але - дарэмна.
Так не хацелася ісці адной праз пустку, якая засталася неўладкаванай пасля
будаўніцтва іх дома. Тут была некалі вёсачка, палову хат знеслі, палова
стаіць: без акон, дахаў. Так страшна праходзіць каля іх у прыцемках, пад
жудасным прыцэлам-позіркам чорных аканіц. Аднаго разу Снянажа сустрэла
тут бамжа - як яна напужалася! Назаўтра бацька і сусед, захапіўшы ліхтарыкі,
вечарам абышлі ўсе прыдатныя для начлегу месцы. Таго бамжа яны знайшлі,
надавалі добрых кухталёў, загадалі, каб ніколі тут не паказваўся, калі
не хоча, каб яго тут закапалі. Але ж іншы бомж сюды зазірнуць можа, ды
і не адзін. Для іх такія месцы што нармальным людзям гасцініца…
І трэба было ім будаваць сабе дом у такой далечы ад цэнтра!
Добра, вядома, што з'ехалі з той кватэры. Свой дом - гэта свой дом. Збоку
не пішчыць дзіця, знізу не бомкаюць на піяніна, а зверху не тупацяць нагамі.
І на лесвічнай пляцоўцы не б'е ў нас кашачы дух.
Сняжана цярпець не можа кошак, хамякоў і іншую жывую драбязу,
якой напаўняюць кватэры. Сабака - гэта іншае. Вось каб купіў на тым тыдні
бацька дога, было б цудоўна. Сняжана б сёння праз пустку ішла, не азіраючыся
па баках…
На прыпынку засталіся толькі яна і гэты калматы сабака.
Ён раптам прыўзняўся і ступіў крок да Сняжаны.
Дзяўчына спалохалася.
- Куды? Сядзець! - закрычала яна.
І ўбачыла, як сабака паслухмяна сеў.
Адлягло, ды сэрца калацілася, бы ў вераб'я. "А як кінецца?"
- думала яна, адступаючы задам. Але сабака глядзеў на яе з такім выразным
дружалюбствам, што Сняжана амаль супакоілася.
- Ты будзеш добрым? Не будзеш кідацца?
Сабака ціхенька заскуголіў, паклаў сваю цяжкую галаву на
пярэднія лапы, бы ў нечым кляўся.
- Ну, то сядзі! - загадала Сняжана і ступіла на сваю сцяжынку.
Сабака зноў ціха заскуголіў. Прыўзняўся і пайшоў следам.
- Не ідзі за мной! - спалохана закрычала Сняжана. - Сядзі
на месцы!
Але сабака на гэты раз не паслухаўся. Ён у некалькіх кроках
абагнуў Сняжану і стаў на сцяжынцы наперадзе яе. Прыпаў да зямлі, застукаў
моцна кароткім хвастом, потым падняўся і паціху пайшоў на сцяжынцы. Азірнуўся,
стаў, віхляючы хвастом, быццам запрашаў ісці за сабой.
І Сняжана пайшла. Гэта было зусім не так страшна, калі б
сабака быў за спіной. Вось ідзе наперадзе, як целаахоўнік… Сняжана пакрочыла
хутчэй, сабака лёгка ступаў у кроках трох-чатырох наперадзе яе, насцярожана
вярцеў галавой па баках, тапырыў вушы.
Ужо добра сцямнела, дом Сняжаны далёка наперадзе бялеў плямай
сярод цёмных дрэў.
На сцяжынцы з'явілася нечая постаць. Можа, бомж, а можа і
злодзей які, што хацеў абрабаваць іхні дом, - падумала Сняжана.
То быў бомж - неахайна апрануты мужчына гадоў сарака пяці,
у старых чаравіках, з авоськай, з якой тырчала рыльца бутэлькі.
Сабака раптам стаў. Шэрсць на загрыўку ўвачавідкі ўзнялася,
напружыніліся лапы. У цішыні пачуўся кароткі пагрозлівы рык.
Бомж таксама спыніўся, разгублена азірнуўся і саступіў са
сцяжынкі.
Сабака скочыў. Імкліва, бы нехта кінуў у бок мужчыны вялікі
чорны клубок. Бомж ускрыкнуў, кінуўся ўцякаць, але сабачыя зубы хапілі
яго за нагу, ірванулі. Пачуўся яшчэ адзін ускрык, цяпер ужо поўны болю
і страху. Бомж упаў, усхапіўся на карачкі і так з енкам папоўз, кінуўшы
сваю ношку і нязграбна цягнучы за сабой знявечаную сабачымі ікламі нагу.
- Ага! Будзеш ведаць, дзе хадзіць! - закрычала помсліва Сняжана.
- Так яго Рэкс, так! Узяць!
Але сабака, якога яна чамусьці назвала Рэксам, даганяць бамжа
не стаў. Ён азірнуўся на Сняжану, быццам запрашаў яе падысці і пагладзіць
па галаве за добрую службу. Сеў і чакаў. Але падыходзіць бліжэй чым за
тры крокі Сняжана збаялася, спынілася.
Сабака зноў пайшоў наперадзе. Так яны і дайшлі да дома Сняжаны
- вялікага гмаха з белай цэглы. Дом здаваўся мёртвым, у ім не свяцілася
ні адно акно.
- Так, адыдзі ўбок! - загадала Сняжана сабаку, і калі той
адышоў ад веснічак, хутка зайшла ў свой двор.
Сабака за яе спіной нягучна гаўкнуў, і ў ягоным брэху яскрава
прагучала просьба.
- Ну не, у дом я цябе не пушчу, - адгукнулася Сняжана гэта
сабачую просьбу. - Лапы спачатку памый.
Яна зайшла ў дом. Адразу пазапальвала святло ва ўсіх пакоях
- не любіла цемры. Выглянула на вуліцу і ўбачыла, што сабака стаіць каля
агароджы і пазірае з сумам на асветленыя вокны.
"Ахоўвай, ахоўвай" - у думках загадала Сняжана, і ўключыла
тэлевізар.
Бацька прыехаў недзе праз гадзіну.
- Дачка, што гэта за псіна каля нашага дома?
- А я скуль ведаю? Ён мяне ад прыпынку правёў да веснічак.
І нейкага бамжа чуць не загрыз. Мой ахоўнік!
- Во як… - задумаўся бацька. - А ну, пакліч яго ў дом.
- Уга, такога бруднага?
- На верандзе паглядзім.
Сабака зайшоў на веранду так, як быццам заходзіў сюды сотню
разоў. Толькі хутка азірнуўся па баках.
- Сядзі! - загадала Сняжана.
Сабака паслухмяна сеў.
- Ну і цялё! - здзівіўся бацька. - Ніколі такой пароды не
сустракаў. А калматы які! Глядзі, і ашыйніка няма…
- То што? - спытала Сняжана, звярнуўшы ўвагу на тое, з якой
значнасцю вымавіў бацька апошнія словы.
- А тое, што раз сабака без ашыйніка, значыць бадзяжны. А
ну, хадзі сюды, - уладна крыкнуў ён сабаку.
Сабака паслухаўся, падышоў і стаў, гледзячы ў вочы мужчыны.
- Во як выдрасіраваны! - задаволена выгукнуў бацька Сняжаны.
- Служы!
Сабака сеў побач з нагой.
- Ух ты!.. Месца!
Сабака вінавата заскуголіў, узняў галаву і глянуў быццам
нешта пытаўся.
- Там! - бацька тыцнуў пальцам у кут.
Сабака пайшоў туды і лёг, паклаўшы галаву на пярэднія лапы,
не зводзячы позірка са Сняжаны і яе бацькі.
- Во гэта псіна! - яшчэ больш узрадаваўся бацька.
Ён дастаў сотавы тэлефон, набраў нумар.
- Слухай, братка, пад'едзь да мяне. Тут твая кансультацыя
патрэбна. Э, братка, час - грошы. Да ранку яшчэ дажыць трэба. Едзь цяпер!
Праз паўгадзіны каля дома спынілася машына. Сябар бацькі
толькі коратка глянуў на сабаку і вынес вердыкт:
- Беспародная.
- Ну і што? Лоху якому баксаў за трыста, га?
- Не выйдзе. Дакументы хоць якія трэба, ды і насабачыліся
ўсе ў пародах, праз клубы сабак купляюць.
- Выгнаць?
- Калі служыць добра, навошта гнаць?
- А на халеру мне нейкае чучала? Я дога прытаргаваў.
- Давай мне.
- Га, купі!
- Чаго гэта - купі? Ён што, твой?
- Ну, то і едзь. Чакай, а табе навошта?
- Трэба.
- Кажы-кажы.
- Ды ты на яго паглядзі пільней! У яго ж не сабачая скура,
а каракуль! Колер роўны, а велічыня якая! Тут на дзіцячы кажушок хопіць.
У мяне ёсць знаёмы, возьме. А мяса кітайцам прадаць - сабака малады, здаровы.
Во гэта будзе навар. На добры рэстаран хопіць.
- Не згодна! - усклікнула Сняжана, якая прысутнічала пры
размове. - Хто сабаку прывёў? Я! І палова грошай - мая!
- Во дае, - засмяяўся бацька. - Бізнесменка расце. Добра,
будзе табе палова. Але нешта падыходзіць да яго страшна. Вочы такія, быццам
разумее нас.
- Сабакі ўсё разумеюць, - сказаў сябар. - Я ўдаўку зараз
змайструю, а ты падзавеш да сябе і ўсё.
- Ну, давай…
Яны ірванулі ўдаўку - тонкую провалаку - так, што сабака
падскочыў на заднія лапы. Хрып, а не брэх, ірваўся з адкрытай пашчы…
Антон падскочыў, адчайна хапаючы паветра ротам, а яно не
хапалася, не ішло ў лёгкія, тыя былі такімі пустымі, што сціснуліся, гарэлі
полымем. Яшчэ і яшчэ ўздых, а потым Антону кінуўся ў вочы знаёмы малюнак
на шпалерах. "Гэта ж мой пакой… То сон! Сон..." І ўздыхнулася раптоўна
вольна, з усхліпам, аж галава закружылася ад глытка паветра.
"Трэба ж! Здаецца, і цяпер шыя баліць." - Антон асцярожна
павярнуў галаву, і як быццам адчуў боль у шыі. "Не, гэта не проста сон.
Сон не можа быць такім яскравым", - думаў Антон. Ён вырашыў, што нехта
невядомы, усемагутны прыняў рашэнне паказаць яму магчымае развіццё падзей
заўтрашняга дня. Сняжана… Яна так жорстка абышлася з ім… Але ж сон перарваўся.
Трэба даглядзець тое, што хоча паказаць яму невядомы рэжысёр. Не можа
быць, каб Сняжана не перашкодзіла бацьку і таму мужчыне… Яна абароніць
яго…
Ён зноў стаў глядзець на лямпу…
…Мутнае жоўтае святло запаланіла сусвет. Яно было густое,
жывое - трапяталася, грэла. Нечакана пачало меншаць, меншаць, чарната
наступала на яго з бакоў і зверху. Цяпла станавілася ўсё меней, але жоўтае
святло жыло, хоць і імкліва сціскалася, звужалася. І ператварылася ў трапяткі
язычок агня старой газавай лямпы. Лямпа гарэла на стале амаль каля твару
Антона. Дрыготкае святло выхоплівала з цемры край печы, лаву і на лаве
- нерухомую старую. Прэдчыха пільна глядзела на Антона.
Антон без страху пазіраў у вочы старой. І бачыў там сябе
- разгубленага, нічога не разумеючага.
- Шыя баліць? - нечакана спытала старая.
У той жа момант Антон адчуў рэзкі пякучы боль. Было такое
адчуванне, што нехта вострым лязом правёў вакол усёй шыі.
- Баліць…
- Ты разумееш, якую я бяру плату?
- Разумею. Жыццё.
Прэдчыха села бліжэй.
- Смерці не баішся?
- Я… памру?
- Памрэш, - проста адказала вядзьмарка. - От і за мяне адзін
памёр. У блакаду немцы партызанскі лагер бамбілі. Ён мяне сабой накрыў.
Усю спіну яму асколкамі пасекла. А я жыву. А ты дзеля чаго не баішся памерці?
- Дзеля яе.
- Брэшаш. Яна ж і без тваёй смерці добра жыве, і нішто ёй
не пагражае.
- Дзеля кахання, - адшукаў Антон другі адказ.
- Каб даказаць, што ты кахаеш?
- Каб даказаць.
- Каму даказаць?
- Усім.
- Брэшаш, - зноў сказала Прэдчыха.
Яна была цяпер нечакана строгая. Не тая бабулька, якой цяжка
жыць у адзіноце, не тая вядзьмарка са страшнымі вачыма. Хутчэй - дырэктар
школы: разумная, строгая, справядлівая.
- Каму можна было нешта даказаць, калі б ніхто і не даведаўся,
што ты стаў сабакам і па-дурному загінуў на вачах у сваёй каханай? Нават
яна не ведала б аб тваёй ахвяры.
- Ну і няхай ніхто не ведае!
- Дык навошта тады?
- Трэба!
- Каму? Тваім сябрам? Тваёй маці? Тваёй каханай? Ці гэта
трэба толькі табе аднаму?
- Мне. Аднаму, - вымушана згадзіўся Антон.
- А навошта сабе самому даказваць тое, што ты ведаеш? Маўчыш?
Э-э, хлопча, хлусіш! Сабе даказваюць нешта тады, калі не ўпэўнены. А ты
ж упэўнены, так?
- Упэўнены.
- Дык навошта даказваць?
- Не ведаю… - разгубіўся Антон.
- А я ведаю, - прыжмурылася Прэдчыха, наблізіла свой твар
блізка-блізка да Антона. - Ты ўсё гэта не таму рабіў, не таму на жыццё
сабачае і смерць згадзіўся, што каханне сваё паказаць хацеў.
- А… чаму?
- Таму, што не яе ты кахаеш.
- А каго?
- Ты сябе любіш!
Прэдчыха адкінулася назад, і зноў у яе вачах Антон убачыў
бездань.
- Як… сябе?
- А так! Ты ж на сябе заўсёды збоку паглядваеш і думаеш:
"Ах, які я няшчасны! Я такі непрыгожы, я так пакутую ад непадзеленага
кахання, я гатовы памерці". Ты сам сябе так шкадуеш, што больш нікога
не заўважаеш. Пра маці нават не ўспомніў, як да мяне ішоў. Сябра не папярэдзіў.
І дзяўчыну сваю каханую бэсціш - што з яе будзе, калі яна прывыкне, каб
ёй пад ногі клаліся і сабакамі служылі? А бамжа нашто знявечыў? Ён у чым
вінаваты, што лёс да яго задам павярнуўся?
Антон падаўлена маўчаў. Гэтая старая залезла некуды глыбока
ў яго душу, у самыя патаемныя сховы. Нават сам Антон не ведаў, што там,
на донцы яго душы. А Прэдчыха выцягнула адтуль яго самалюбаванне.
Няўжо гэта праўда?! Гэта не можа быць праўдай!
- Можа, хлопча, можа. Ты вось сам сабе паспрабуй шчыра адказаць:
чаго табе больш хочацца: заўтра прыйсці няшчасным і зноў зіркаць на сваю
каханую ды слухаць словы спачуванняў з усіх бакоў, ці заўтра ж спазнаць
узаемнасць з боку сваёй абраніцы? Не, ты не мне адказвай - сабе!
Антон, аглушаны, разглублены, ніяк не мог засяродзіцца на
пытанні старой. Ён, нарэшце, ўявіў, што прыйдзе заўтра ў клас, а Сняжана
радасна павітаецца з ім, яны сядуць за адзін стол, ён праводзіць яе да
хаты, а яна будзе трымацца за яго руку...
І адчуў, што адначасова з гэтым малюнкам ён губляе нешта
значнае, нейкую першапрычыну свайго быцця - ён не будзе няшчасным.
- А табе такім хочацца быць - няшчасным, - казала Прэдчыха.
- Ты сам сябе шкадуеш, сам сябе любіш…
Антон не адазваўся. Ён глядзеў на дрыготкі язычок полымя
ў лямпе, які нечакана ажыў, стаў тоненька звінець, а потым гук яго зрабіўся
гучным, рэзкім, зусім як кватэрны званок…
Антон усхапіўся.
Звінеў кватэрны званок.
Ну, вядома, ён жа знарок зачыніў дзевы на засаўку, каб не
праспаць прыход маці з другой змены. Хутка прайшоў да дзвярэй, адчыніў.
- Ты што, знарок на засаўку зачыніў? - незадаволена выгаварыла
маці.
- Не, я… пераблытаў…
- Што ты пераблытаў? - запыталася маці, скідаючы боты і распранаючыся.
- Ат, - адмахнуўся Антон. - Хочаш, я табе чаю прыгатую?
Маці запытальна паглядзела на яго і нечакана ўсміхнулася.
- І ты са мной пап'еш?
- Ага.
- Гатуй.
Антон хутка паставіў чайнік. Маці зайшла на кухню, глянула
на яго пільна, з ледзь улоўным жалем у вачах, але гэты жаль Антон заўважыў.
- А чаму ты мяне шкадуеш?
- Бо ты мой сын, - проста адказала маці.
- Няпраўда, - запярэчаў Антон. - Таму, што я тоўсты, непрыгожы
і нашу гэтыя акуляры, за якімі мае вочы выглядаюць бы ў карася.
Маці засмяялася - шчыра, весела.
- Таму шкадую, што ты дурненькі! Хіба ў жыцці гэта галоўнае?
- А што галоўнае?
- Ты сам. Сам, які ты ёсць там, - маці паклала абедзьве свае
рукі сабе на грудзі, нібы паказваючы, дзе канкрэтна.
Назойліва засвістаў струменьчык пары. Антон заварыў чай.
…Ён зноў быў там - у той старэнькай хаце, на яго гэтак жа
дапытліва глядзелі вочы вядзьмаркі. Мабыць, яна ўсё ж мае рацыю… Ну, няхай
і не зусім, бо Антон жа кахае, праўда кахае, але і сябе шкадуе. Урэшце,
то не вядзьмарка была, то - сумленне ягонае. Вось такое яно, сумленне:
бязлітаснае, усёвідушчае. Нічога ад яго не схаваеш…
- Мам, а як даказваюць людзі сваё каханне?
Пытанне вырвалася ў Антона нечакана для яго самога, можа,
калі б ён рыхтаваўся задаць яго, то і не задаў бы. Бо з маці ён ніколі
не размаўляў на такія тэмы.
А маці і выгляду не падала, што пытанне застала яе знянацку,
нават і не глянула здзіўлена на сына. (Ды хто іх зразумее - маці, можа
яны лепей за нас ведаюць, якія пытанні збіраешся ім задаваць…).
Яна толькі адставіла ўбок кубачак, задумалася на імгненне.
- Ну, дурні з мастоў скачуць, на дахі па вадасцёкавых трубах
лезуць…
- Чаму - дурні?
- Бо рызыкуюць жыццём. А жыццё - найгалоўнейшае, што дадзена
чалавеку. Ніякі доказ не варты жыцця.
- А як даказваюць, калі не дурні?
- Ты "Падарункі вешчуноў" О. Генры памятаеш?
- Памятаю…
- Хіба там не каханне?
- Проста падарунак…
- Каб жа просты - дарагі! Слухай, ты свой пакой загрувасціў
скрынямі з зямлёй, карпееш над парасткамі, пястуеш ружы дзеля таго, каб
прынесці ёй... А яна не верыць?
- Не верыць… - Антон сарамліва апусціў вочы.
- Не верыць! Ды любая жанчына паверыць пасля такога! І Сняжана,
так жа яе завуць? - ведае, што ты ў яе закахаўся.
Антон пачырваенеў, але не мог не спытаць:
- Чаму ты так думаеш?
- Па табе бачу. І яе ведаю. Яна проста прымае тваё каханне,
як прымае ад бацькі новую сукенку, - ёй трэба, то дайце. Ты яе сам да
таго прывучыў.
- Ні да чаго я яе не прывучаў.
- Прывучыў, - махнула маці рукой, узнялася з-за стала, стала
мыць кубкі. - Вось ты прыйдзі ў школу ды не заўважай Сняжану дзень-другі.
Паглядзіш, што будзе.
- А што будзе?
- Вось сам і паглядзіш…
Антон пайшоў у свой пакой, лёг на канапу, зноў пстрыкнуў
выключальнікам настольнай лямпы, глядзеў на мяккае жоўтае святло.
Зайшла маці, прыпынілася каля дзвярэй. Не стала, як звычайна,
ушчуваць за тое, што не кладзецца спаць, глядзела на Антона з пяшчотным
сумам. Потым ціха спытала, як быццам адначасова і ў самой сябе:
- А каханне… хіба трэба даказваць?
Антон не адказаў. Неспадзявана падумалася аб тым, што з ім,
як з сабакам, Сняжана ўсё ж пасябравала б. Ды цяпер нешта расхацелася
страчваць чалавечае аблічча…
Трэба напачатку ва ўсім разабрацца.
|