ТУМАН
Цішыня... Яна цяпер такая, як ніколі. Не такая, як увесну
- звонкая, крохкая, бы шкляная. Не такая стомленая, як улетку і не такая,
як зімой - насцярожаная, гатовая падхапіць, разнесці па збялелых абшарах
самы ціхі хрумст снегу пад нагой. Гэта восеньская цішыня... Яна ахутвае
наваколле, глушыць гукі і крокі, ахінае спакоем, развагай, нетаропкасцю.
Сівы туман, што нават і рукой крануць можна - такія буйныя на выгляд кроплі
плаваюць немітусліва ў паветры, - бы і ёсць гэтая цішыня. Ён шчыльна прыціскаецца
да самай зямлі, хавае не толькі гукі, а і крыніцы гэтых гукаў, і нябачная
галінка бязгучна ламаецца пад нагой - ты гэта і адчуваеш, але не чуеш.
Зямля застыла ў гэтым тумане, адпачывае, стомленая за вясну
і лета. Нячутна ні рыпу студняў, ні рыку жывёлы. Вёска сцішылася. Сёння
святочны дзень.
Рэдкія буйныя кроплі збіраюцца на пачырванелых і пажоўклых
лісцях, скочваюцца раз-пораз долу, бязгучна знікаючы ў чорнай зямлі. Іншы
раз сарвецца з галінкі ліст, апускаецца павольна, у нейкім гордым спакоі
апошняга і першага палёту. На зямлі, варухнуўшыся раз-другі, бы папрасіўшы
ў тумана прабачэння за парушаную ім застыласць, ўрэшце займае сваё месца
сярод іншых, нерухомее,
Ціхі роздум пануе паўсюдна, і Сяргей ідзе старой сцяжынкай
да знаёмай хаты. Да вечара яшчэ далёка, але, здаецца, сёння добра і не
развіднела. Гэта ўсё туман вінаваты. Халодны восеньскі туман.
Добра ісці ў гэтай цішыні, асабліва калі сэрца так і спрабуе
спахапіцца на шалёны ляскат. Не, на гэтай сцяжынцы спяшацца і мітусіцца
нельга, нельга рабіць нешта неабачліва, неабдумана. Цішыня горне да сябе
ў абдымкі, і мусіш падпарадкавацца яе грунтоўнай заспакоенасці, бо адчуваеш
- ты не чужы гэтай цішыні, і халодная яна толькі на першы дотык. Не студзіць
яна, не. Яна толькі ахалоджвае і прыхоўвае ад дасужых вачэй.
На гэтай сцяжынцы Сяргей цалкам упэўніўся, што менавіта сёння
ён павінен сказаць тыя словы - словы прызнання. Яго размова з Нінай ужо
склалася ў думках. І таму хвалявання не засталося.
Жаласна рыпнулі веснічкі, нібы дакараючы, што парушылі іх
спакой. Туман прыхаваў дзявочую постаць, але Сяргей пазнаў - яна, Ніна.
І сэрца затахкала такі часцей і мацней.
А размова не клеілася, ішла не ў тым накірунку, як хацеў
Сяргей, і ён разумеў чаму. Бо Ніна здагадалася, адчула, што збіраецца
сказаць хлопец, і аніяк не жадала падыходзіць да той мяжы ў размове, за
якой - прызнанне.
Калі не стала хапаць слоў для пустой гутаркі, калі ад удыху
вільготнага паветра адчуў гарачыню ў грудзях, Сяргей тады выдыхнуў (а
можа прашаптала само паветра?): "Я кахаю цябе..."
І, здаецца, яшчэ цішэй стала на ўсёй зямлі, яшчэ гусцейшы
стаў туман.
Ніна выслухала моўчкі, спакойна. Потым ён маўчаў, а дзяўчына
гаварыла. Што яна добра да яго адносіцца, што ў яго ўсё яшчэ наперадзе.
І што яна кахае другога...
Ніна ўсё гаварыла, а ў тумане ўзнік далёкі, тонкі-тонкі,
ледзь улоўны звон. З кожным словам дзяўчыны ён набліжаўся, мацнеў, і вось
ўжо быццам некалькі званочкаў адгукаюцца на кожнае слова дзяўчыны:
- Дзінь-дзінь... дзын-дзын-дзын... бом-бом-бом-бом...
Яна - кахае - другога... Як проста - тры словы, тры удары
звона. Вымаўленыя амаль лагодна, са шкадаваннем... Тры словы ўсяго, тры
удары звона, а за імі раптоўна знікла ўсё: мінулае, будучыня, знікла сама
Ніна. Толькі і застаўся ў сусвеце халодны восеньскі туман. І тры ўдары
звона паўтараюцца ў ім бясконца: яна - кахае - другога, яна - кахае -
другога, яна - кахае - другога...
Сяргей ішоў дамоў, і туман зноў заспакойваў яго, ахалоджваў
палаючы твар буйнымі кропелькамі, што збіраліся з маленькіх. Кроплі потым
казытліва скочваліся, зусім як слёзы, але то не слёзы... Мужчыны ж не
плачуць, гэта ўсё туман вінаваты. Халодны восеньскі туман. А звон у ім
сціхае павольна, ужо гучыць не трывожным набатам, а рэхам бяды, няшчасця,
з якім трэба жыць, бо ўжо нічога нельга паправіць.
...Яшчэ тыдзень туман трымаў наваколле ў мяккім палоне, крыху
святлеючы падчас дня. Нешта сталае, дарослае, памяркоўнае было ў гэтым
вільготным воблаку, заблукаўшым няведама чаго на зямлю. Неяк сам сабой
прыцішэў незмаўкальны гоман вучняў на бульбяных палетках. Здавалася, што
разам з тым самым вільготным паветрам, што халадзіла рукі і твары, якім
дыхалі ўсе, да юначых сэрцаў і галоў перадаваліся незнаёмыя ім раней разважлівасць
і нетаропкасць - быццам у тумане стала лепш відаць усё тое, чаго раней
і не заўважалі.
І вось калі аднойчы ранкам наваколле нечакана раскінулася
неабсяжнымі, бачнымі наскрозь палеткамі, Сяргей адчуў, што ён пасталеў
- аж на год ці болей - за гэты туманны тыдзень. І цяпер ён не ведае, ці
скажа яшчэ каму хоць раз у жыцці "кахаю".
Бо такога туману ў яго жыцці больш не будзе.
Ён бывае толькі адзін раз.
Як і першае каханне.
|