САШКА
На стале - талерка, хлеб, на пліце печкі - каструля з халоднымі пельменямі. Сашка вылаўліваў пельмені прама з каструлі, не хацеў пэцкаць талерку - і так горка нямытага посуду сабралася.
Урокі парабіў, трохі паглядзеў тэлевізар. Пачало шарэць за вокнамі. Апрануўся, прынёс дроў. Выгрузіў ля печкі - малавата будзе, вунь як холадна стала ў хаце. Не дзіва - два дні не топлена. Бацька ўчора прыйшоў дадому не адзін, з нейкім зарослым рыжым шчаціннем мужыком. Курылі на кухні, пілі, закусваючы салам. Кавалачкам сала чора вячэраў і Сашка.
Бацькі ўсё не было. Сваім васьмігадовыи розумам Сашка разумеў: раз позніцца - значыць, прыйдзе п'яным.
Як умеў, паклаў у печку дроў, напіхаў скамечанай паперы. Падпаліў. Папера згарэла хутка, але дровы не заняліся.
Рабілася ўсё халадней.
У хлебніцы знайшоў кавалак чэрствага батона, адрэзаў лусту, пасыпаў цукрам. З'еў, запіваючы вадой. Эх, каб чай быў, то сагрэўся б крыху.
Занавесіў вокны, уключыў тэлевізар. Прыцягнуў коўдру, лёг на канапу не распранаючыся, скруціўся сцяўся. Як быццам пацяплела. Мітусіліся людзі на экране тэлевізара, а Сашка думаў аб тым, каб хутчэй маці выпісалася з бальніцы. І каб бацька не піў гарэлку. Ён у яго ўвогуле вельмі добры. Сашка ганарыцца ім: усё бацька ўмее рабіць, нават самыя цяжкія задачкі рашыць можа. І не б'ецца бацька, добра з ім на рыбалку з'ездзіць. А вось як пачне піць... Тады мама крычыць, злуецца, а пасля цішком плача. Бацька прыходзіць злы, лепей да яго не падыходзіць.
Горай за ўсё калі вось так - маці дома няма. Тады бацька штовечар п'яны. Абед яшчэ згатуе, а вячэра - як прыйдзецца. І батона вось на заўтра не засталося. А да школьнага снядання два ўрокі цярпець. Надта есці захочацца...
Эх, што б зрабіць, каб не піў бацька?.. Добра б было сустрэць чараўніка...
…Ён ішоў па шырокай-шырокай дарозе да велічнага замка. Зайшоў у высачэзныя дзверы, а там сядзяць дзве чараўніцы - добрая і злая. Сашка гэта адразу ведае, нават не пытаючыся. Ён спачатку да добрай чараўніцы звярнуўся:
- Зрабіце так, каб мой тата больш не напіваўся.
- Добра, зраблю, - адказала чараўніца. - Але падкажы, як.
- Няхай як толькі возьмецца ён за шклянку з гарэлкай, тая раз - і лопне!
- Але ж то будзе нечая шклянка, так? - задумалася добрая чараўніца. - Атрымліваецца, што я некаму буду рабіць шкоду. Не, я не магу зрабіць дабро праз зло.
- Тады... тады няхай уся гарэлка ў бацькавай шклянцы ператворыцца ў ваду, - знайшоў другі варыянт Сашка.
- Але ж твой бацька будзе думаць, што там гарэлка? Выходзіць, я буду падманваць яго. Дабро немагчыма рабіць праз хлусню.
Сашка панурыўся. З хвіліну ён думаў, а потым сказаў да злой чараўніцы:
- А вы можаце зрабіць, каб у майго бацькі гарэлка ў шклянцы ператварылася ў ваду?
- О, з радасцю! - ажывілася злая чараўніца. - Люблю падманваць людзей і псаваць ім настрой!
- І можаце зрабіць, каб разбіваліся ў яго руках бутэлькі з гарэлкай?
- З найвялікшым задавальненнем! - пацерла далонямі злая чараўніца і спахапілася: - Чакай, а навошта табе?
- Тады тата не будзе п'яны. У хаце кожны вечар будзе цёпла. Вечарам у нас будзе ўтульна, мы будзем піць гарбату. А мама, як выпішацца з бальніцы, будзе вясёлай...
- Э-э, хітрун які! - выгукнула злая чараўніца. - То атрымаецца, што рабіла-рабіла я зло, а ў выніку - дабро атрымалася? Не, не стану я гэтага рабіць...
...Ён прачнуўся ад дотыку. Было ранне.
- У школу пара, сынок, - сказаў бацька.
З яго рота, разам з клубочкам пары вырваўся рэзкі, непрыемны пах. Твар у бацькі быў шэры, непаголены, а вочы запалі глыбока-глыбока і былі чырвонымі.
Ой, як не хацелася вылазіць з-пад коўдры!
...Бацька прыгатаваў чай, паклаў лусту чорнага хлеба.
Снедалі моўчкі. Сашка глядзеў у стол. Ён усё думаў і думаў.
Потым адставіў у бок недапіты чай, пайшоў у пакой. Бацька бы і не заўважыў гэтага. Вочы яго глядзелі некуды праз сцяну.
Сашка вярнуўся на кухню, моўчкі выклаў перад бацькам на стол грошы.
- Гэта я сабе на вудзільна бамбукавае збіраў... Ты, тата, купі на гэтыя грошы бутэльку, толькі не пі недзе, прынясі яе дадому. Выпалім у печы, а потым павячэраеш і вып'еш. Холадна ў нас у хаце... Тут яшчэ і на батон павінна хапіць...
Бацька здрыгануўся, утаропіўся ў грошы, потым з цяжкасцю ўзняў позірк на Сашку.
- Ты... даруй мне, сынок, - голас яго быў дрыготкім, як і рука, што лягла на галаву сына. - Я не буду больш. Абяцаю...
Сашка не стрываў, усхліпнуў. Яму вельмі хацелася прыпасці ў гэтую хвіліну да бацькі, схаваць твар у яго на грудзях, але спыняла бацькавае дыханне - густое, непрыемнае...
Вельмі хацелася паверыць. У тое, што сёння ён дачакацца бацьку, разам яны добра напаляць у печы, згатуюць макароны з яешняй. Потым памыюць посуд, лягуць на канапе і паглядзяць цікавы фільм. І яму, Сашку, будзе вельмі цёпла і ўтульна ляжаць на бацькавым плячы.
Каб толькі бацька не напіўся. І ўсё тады будзе добра.