Чырвоны радок
( З дзённіка першакурсніка)
30 жніўня
Ну, вось я і ў Мінску. Мне 15 з паловай, я стаў самастойным чалавекам. Тры месяцы таму быў яшчэ вучнем сярэдняй школы. Праўда, вучанем не простым: я - круглы выдатнік ад першага класа, намеснік старшыні Савета школы. Там, у той вясковай школе, я быў на асаблівым уліку, я быў першы. Уга, як мяне адгаворвалі ад паступлення, угаворвалі заканчваць школу і атрымаць залаты медаль.
А мне надакучыла. Быць першым, быць лепшым добра, але сярод каго? Сярод простых вяскоўцаў? У класе былі такія, што чыталі толькі трэць таго, што было ў падручніках. А я амаль усю школьную бібліятэку за 9 год перачытаў. Нават "Вайну і мір". Цяпер трэба пачынаць жыццё з чыстага ліста, з чырвонага радка.
Я цвёрда вырашыў яшчэ ў сёмым класе, што годзе мне карпець у гэтай глухамані. Так, я, вядома ж, вярнуся некалі ў сваю школу, зайду на гадзіну. Як Ясенін: "Через годы, известным поэтом".
Не інакш!
Кожны вечар я буду запісваць падзеі дня ў дзённік. Я клянуся сам сабе, што буду да апошняга шчыры. Нават калі мне непрыемна будзе успамінаць перажытае. Я буду гартаваць сваю волю.
1 верасня
Яшчэ ўчора, калі інтэрнат напоўніўся першакурснікамі, няўлоўная, незразумелая трывога не давала мне засяродзіцца на сваіх паводзінах. А сёння, калі пасля лекцый класная сабрала нас першы раз у аўдыторыі, я зрабіў першае непрыемнае адкрыццё тут, у Мінску. Такіх як я, круглых выдатнікаў, у групе чатырнаццаць чалавек. І ўвогуле, сярод хлопцаў я аказаўся адным з самых непрыкметных. Ні росту, ні знешнасці. І нешта не атрымліваецца ў мяне размаўляць так, як астатнія. Выйшлі вось на першым перапынку хлопцы пакурыць на ганак, і ужо размаўляюць між сабой, бы даўно знаёмыя. А мне і слова няма куды ўставіць. Ды і ўвогуле, стаяць каля іх і не курыць неяк няёмка. Трэба будзе пачаць курыць.
3 верасня
Сёння хлопцы, дурэючы, выцягнулі з-пад ложка мой чамадан, раскрылі - шукалі там самагонку. Сшыткі з вершамі ляжалі зверху. Убачылі, адразу завохкалі. Я ім і дзве газеты "Раніца" паказаў, дзе некалі надрукавалі два мае вершы.
Яны мяне адразу паважаць пачалі! Адразу па іншаму глядзець сталі. Я нібыта пасталеў для іх на цэлы год ці болей. Добра, што я паклаў вершы з самага верху.
5 верасня
Атрымаў сапраўдную аплявуху.
Нас чарговы раз пасля лекцый сабрала класная. Яна ведае ўсіх нас ужо ў твары, называе некаторых па прозвішчах, некага па імёнах. Мяне яна неяк увогуле яшчэ не называла. Я ёй, праўда, як іншыя, ў вочы назойліва не лез, але, упэўнены, яе ўвагу на сябе звярнуў.
Класная прапанавала выбраць старасту групы. Вядома, за гэтыя дні мы між сабой трохі перазнаёміліся, кожны паспеў праявіцца. Ну і пачалі выкрыкваць прозвішчы. Такі вэрхал узняўся!
Мо ўсіх назвалі кандыдатамі. Але маё прозвішча не назваў ніхто.
Тады класная сказала, што хоча у сваю чаргу сама, са свайго боку гледжання назваць тры кандыдатуры. Яна лічыць, што тыя, каго яна назаве, дастакова адказныя і самастойныя для пасады старасты групы. Я чакаў, што яна назаве першым мяне.
Яна не назвала майго прозвішча ўвогуле!
Значыць, я не дастакова самастойны, каб кіраваць групай?
Я, лічы, кіраваў вучнямі усёй сваёй школы, а групай у трыццаць чалавек кіраваць мне адказнасці не хопіць?
Добра, мы яшчэ пабачым...
8 верасня
У мяне ўжо шэсць адзнакаў! І толькі адна "чацвёрка". Астатнія - "5". Увогуле, вучоба даецца мне лёгка, ніколькі не цяжэй, чым у школе. Я нават у інтэрнаце толькі пісьмовыя заданні і раблю. А колькі выдатнікаў былых ужо схапілі "тройкі" і "двойкі"! Вось, хутка мы будзем ведаць, хто чаго сапраўды варты!
9 верасня
Хадзілі з хлопцамі да дзяўчат у інтэрнат. Я не разумею, чаму ў мяне не атрымліваецца так проста размаўляць ні аб чым з дзяўчатамі, як у хлопцаў. Неяк у іх лёгка ўсё складваецца, жартуюць дасціпна. Я не ўмею аб глупствах размаўляць. А дзяўчатам гэтыя ўсякія глупствы і падабаюцца.
Але я думаю, што я проста куды старэйшы за іх, я ўжо выйшаў з узросту пустазвонства, і таму яны адчуваюць сябе са мной няёмка - як дзеці з дарослым чалавекам.
11 верасня
Венька, хлопец з нашага пакоя, аднекуль прынёс гітару. Кажа, будзе вучыцца іграць. Мяне бы падкінула, як убачыў гітару - і мне трэба гэта ўмець! Памятаю, як у вясковы клуб заходзіў з гітарай адзін студэнт з будатрада, што прыязджаў ў нашу вёску ўлетку, то як на яго ўсе глядзелі! Я ж і вершы пішу, сам буду складаць песні. Некалі на сцэне тэхнікума запросяць мяне выступіць... Я уяўляю, як я выйду да мікрафона, а дзяўчаты будуць цягнуць шыі, каб лепш мяне пабачыць. Адгадую яшчэ доўгія валасы.
Сёння я запісаў у асобны сшытак акорды, трэба будзе завучваць.
12 верасня
Пальцы баляць, немагчыма трымаць ручку. Вучымся з Венькам іграць. У яго атрымліваецца куды хутчэй. Ён музыкальную школу заканчваў...
13 верасня
Ніяк не атрымліваецца адной рукой браць акорды, а другой, не спыняючыся, біць па струнах. Магу засяродзіцца толькі на адной руцэ.
14 верасня
На класным часе класная сёння падводзіла вынікі вучобы двух першых тыдняў. Яна, па ўсім, выпісвала адзнакі, надта не звяртаючы ўвагу на прозвішчы, бо як пачала чытаць, тады і стала глядзець уважліва на кожнага з нас.
Назвала маё прозвішча, адшукала мяне вачыма, неяк крывавата ледзь усміхнулася, а потым пачала называць адзнакі: пяць, чатыры, пяць, пяць, пяць... Прачытала, і ў класны журнал палезла. Яна не паверыла, што гэта мае адзнакі!
Праверыла, паглядзела так здзіўлена, быццам я не мог атрымаць пяцёрку.
Мне было і крыўдна, і адначасова салодкая помслівасць варухнулася ў сэрцы. Вось так! Не чакалі ад мяне такога? Яшчэ пабачым...
18 верасня
Падушачкі пальцаў агнём палаюць. Веньку хоць бы хны! Акорды я ўжо запомніў.
19 верасня
Не мог пісаць канспект. Надакучыла мне гэтая гітара, нічога не атрымліваецца.
22 верасня
Хлопцы штовечар ходзяць у дзявочы інтэрнат, а я, як пракляты, цісну гітарныя струны. І ўсё дарэмна. Пабачыў Венькавы пальцы - на іх вузкія палоскі ад струн, пальцы пагрубелі. Венька кажа, што трэба больш практыкавацца, тады пальцы агрубеюць, болю не будзе. Ды ну яе к чорту, гітару гэту. Мішка сёння з дзяўчынай у кіно хадзіў. А я, такі дарослы, адзін у дзявочы пакой не зайду, бо страшна робіцца, што скажу што не так, смяяцца будуць.
Заўтра пайду з хлопцамі ў дзявочы інтэрнат.
24 верасня
Я выбраў сабе дзяўчыну. Знешнасць яе мне падабаецца, і імя не самае звычайнае - Іна. Росту невялікага, рухавая. Вучыцца яна слабавата, значыць, ёй ужо ёсць за што мяне паважаць.
Толькі надта смяшлівая, ніяк не хоча сур'ёзна размаўляць. З Мішкам яна размаўляе куды ахвотней, называе яго сваім сябрам, хоць усе ўжо ведаюць, што Мішка ходзіць у кіно з другой дзяўчынай.
Я вырашыў, што перш чым запрашаць Іну ў кіно, трэба напачатку з ёй пасябраваць. Памагу дамашнія заданні выконваць.
25 верасня
Андрэй, трохі тупаваты, з тыпова вясковым тварам хлопец пасля заняткаў падышоў да мяне, каб я патлумачыў яму закон тэрмадынамікі. Мне не было часу, гэта адно, а другое, я проста не магу зразумець, як нельга не разумець такога простага! Усё ж напісана, прачытаў - і ясна. Хвілін пяць я яму ледзь не на пальцах расказваў ізабарычны працэс, ён ківаў галавой: "Ага, ага...", а па вачах бачу - нічога не цяміць. Я ўжо злавацца стаў. Нарэшце ён сказаў, што трохі зразумеў, пайшоў ад мяне.
А вечарам, калі мы вярнуліся з дзявочага інтэрната, гэты самы Андрэй сядзеў і слухаў Віктара, хлопца з другога пакоя, як той расказваў пра той жа ізабарычны працэс.
Я сказаў яму, што мог бы ў мяне лішні раз перапытаць. Я ж не адмаўляю, звяртаюцца многія. Тады Андрэй адказаў у тым сэнсе, што я не зразумела тлумачу.
Мне нешта прыкра з-за гэтага выпадка. Да гэтага Віктара звяртацца стала куды больш хлопцаў, чым да мяне з просьбамі дапамагчы ці патлумачыць. А сёння вечарам у пакоі гуртам рашалі задачку, якую я ўжо даўно рашыў. Я паказаў рашэнне, яны павылуплівалі вочы, бо нічога не разумелі. Калі я стаў ім паказваць, як трэба яе рашаць, яны паслухалі, а потым нехта сказаў: "Пайшлі да Віцькі!".
Мне было крыўдна, што мне не паверылі, што я рашыў правільна. Яны ж ведаюць, што ў мяне па матэматыцы толькі "пяцёркі". А Віцька напачатку меў "тры", гэта цяпер крыху падцягнуўся. Ну і чорт з вамі!
1 кастрычніка
Сёння ў тэхнікуме быў вечар адпачынку. Я двойчы запрашаў на танец Іну. Яе нешта увогуле многія запрашалі. Бач, як убачылі, каго я выбраў, то разгледзелі, якая Іна прыгожая. Іна з астатнімі танцавала смеючыся, аб нечым размаўляла. Са мной яна маўчыць, бо я маўчу. Аб каханні мне гаварыць яшчэ рана, няхай сама здагадваецца, што ў мяне да яе сур'ёзныя намеры.
2 кастрычніка
Запрасіў Іну ў кіно. Узяў і напісаў ёй цыдульку. Склаў, падпісаў "Іне" і аддаў суседу. Ён так здзівіўся!
Я краем вока назіраў, як цыдулька ішла да Іны. Ва ўсіх такія вочы былі! А то, для іх жа гэта дзіва - адкрыта праявіць да некага інтарэс. Думаў, што Іна адкажа мне тым жа спосабам, але яна на перапынку толькі падышла і сказала, што сёння вечарам едзе некуды ў горад да цёткі.
Я пакрыўдзіўся. Яна пачала казаць, што на самай справе едзе, што даўно абяцала гэтай цётцы. Мне трэба было адразу спытаць аб заўтрашнім вечары, але я вырашыў паказаць свой характар і быць да канца пакрыўджаным.
Вечарам паспрабаваў напісаць свой першы верш, якія я прысвяціў Іне. Атрымалася добра. Верш паклаў у канспект, у мяне іншы раз пытаюць канспекты. Нехта возьме - знойдзе верш і прачытае. І іншым скажа, што я Іне прысвячаю вершы. Так і да яе дойдзе.
6 кастрычніка
Я заўважыў, што цяпер цыдулькі гуляюць па радах студэнтаў, як самая звычайная з'ява! Ага, я гэтаму навучыў, я быў першым! Але хто аб гэтым помніць? Яны ж ніколі не прызнаюцца, што гэта я прымусіў іх быць больш дарослымі хоць у нечым.
Ужо пяць вершаў напісаў - на палову канспектаў.
7 кастрычніка
Іна не хоча мяне заўважаць. На перапынках з ёй размаўляць не магу, бо вакол яе заўсёды нехта ці з сябровак, ці з хлопцаў. Калі прыходзім вечарам да дзяўчат у інтэрнат, у пакоі, дзе Іна, заўсёды ўзнімаецца вэрхал, анекдоты расказваюць, школьныя гісторыі, смех стаіць, аб сур'ёзным не паразмаўляеш.
Хацеў запрасіць сёння Іну ў кіно, але ў мяне засталося грошай толькі на абед, а стыпендыя паслязаўтра. У некага пазычаць мне сорамна, хоць у інтэрнаце гэта звычайная з'ява. Я не хачу ад некага залежаць. Не пазычаю, нават калі есці няма за што. Нічога, дзень можна і пагаладаць.
10 кастрычніка
Сёння я вадзіў Іну ў кіно. Фільм быў добры, была поўная зала. Іна казала, што і ёй фільм вельмі спадабаўся. Мы ішлі да інтэрната пешкі, я расказваў Іне пра школу, у якой вучыўся. Яна ў канцы сказала, што я, відаць, быў у школе самы галоўны вучань. Цяпер, калі я пішу гэтыя радкі, мне здаецца, што ў яе словах была нейкая насмешка.
А што тут смешнага ці сарамлівага? Сваіх здольнасцей я не збіраюся саромецца, я не дзяўчынка. Умею, значыць, умею.
11 кастрычніка
Чаго мне так зайдросцяць? Я сёння атрымаў чарговую пяцёрку па фізіцы, на перапынку каля дошкі стаялі купкай некалькі хлопцаў і дзяўчат, нешта крэмзалі. Я падышоў, пабачыў, што спрачаюцца над рашэннем задачы, якую мы рашалі самастойна. Узяў анучу, ўсё сцёр, напісаў правільнае рашэнне, сказаў, што трэба рашаць так. Тады нехта за спіной сказаў: "Хвалько".
Мяне бы стукнулі ззаду. Што я зрабіў дрэннага? Я што, хвалюся тым, чаго не умею рабіць?
Проста яны ўсе шэрыя, не любяць, калі нехта разумнейшы за іх.
13 кастрычніка
Я пачынаю адчуваць, што раблюся лішнім сярод хлопцаў у інтэрнаце.
Мы ўсе разам разгадвалі крыжаванку. Вядома, большую колькасць слоў угадваў я, бо я ўвогуле больш іх ведаю. Гэта нечага пачало ўсіх раздражняць. Калі я сказаў адно незвычайнае слова, усе пачалі смяяцца, казаць, што я сам яго прыдумаў. Я сказаў, што я ім дакажу.
14 кастрычніка
Пасля заняткаў пайшоў у бібліятэку, узяў слоўнік Даля. Прынёс у інтэрнат, крыкнуў, каб да мяне ўсе падышлі. Адкрыў старонку, дзе было запісана ўчарашняе слова, тыцнуў у яе пальцам, сказаў: "Ну, хто ўчора быў правы?". Яны адышліся, быццам ім не было цікава.
Ведаю, ім было сорамна, і прабачэння папрасіць у мяне яны не адважыліся.
17 кастрычніка
Размаўляў з адным хлопцам з другой групы. Ён, аказваецца, пайшоў займацца ў спартыўную гарадскую лыжную школу. Ужо быў на дзвюх трэніроўках. Ён не словаахотлівы, надта не расказваў. Сказаў толькі, што цяжка і ездзіць далёка.
Але я цяжкасцей не баюся! Заўтра ж паеду. Я ж у школе быў адным з лепшых бегуноў на лыжах.
Пабачым, як некалі буду на спаборніцтвах выступаць за тэхнікум. І мой фотаздымак будзе ў файе тэхнікума на той вялікай вітрыне "Гонар тэхнікума", дзе выстаўлены спартыўныя кубкі і фотаздымкі.
18 кастрычніка
І праўда, ездзіць у тую школу далёка. Была першая трэніроўка - беглі крос мо кілометраў 10 ці болей. Ледзь у мяне дыхання хапіла. А другая група каталася сабе на ролікавых лыжах. Але гэта, як я зразумеў, спецыяльна - пабачыць, хто вытрымае, хто заўтра прыйдзе. Я вытрымаў. І заўтра прыду.
20 кастрычніка
Трэніроўкі кожны дзень, і кожны дзень мы толькі бегаем, ды скачам на месцы. Вяртаюся позна вечарам у інтэрнат, а тут столькі цікавага адбываецца за адзін вечар. І да дзяўчат я ужо колькі часу не хадзіў, з Інай, як планаваў, не сустрэўся...
21 кастрычніка
Мне абрыдла гэта бегатня па узлесках. Хоць бы лыжы ролікавыя далі. Трэнер гэты што, здзекуецца?
22 кастрычніка
Усё, хопіць, сёння я апошні раз быў на гэтай чортавай трэніроўцы. Ніякага толку, гэтаму трэнеру да нас ніякай справы. Кожны дзень адно і тое ж: бяжы і бяжы. Спецыяльна робіць, каб менш людзей засталося. Так і будзеш бегаць да снегу, а потым лыжаў не хопіць, як не хапае сёння ролікавых лыжаў. Я зусім нідзе не бываю, хлопцы і ў кіно ходзяць, і ў парку былі. Ну яе к чорту, гэтую спартыўную славу!
23 кастрычніка
Сёння атрымаў "тройку" па кантрольнай па матэматыцы. Халера, не змог рашыць задачы, не паспеў да канца зрабіць вылічэнне. Увогуле, нешта інтарэс да вучобы ў мяне прапаў. Пачалі многа задаваць, трэба сядзець над кніжкамі ў інтэрнаце, а мне не хочацца.
Увогуле, чаго мне лезці ў самыя лепшыя? Вунь Віктар сохне цэлымі днямі у пакоі самападрыхтоўкі, што за радасць ад гэтага? Так, у яго куды лепш справы пайшлі па усіх прадметах, у выдатнікі выбіваецца. Ну, калі такім чынам займацца, то я геніем буду. Час увесь на вучобу марнаваць, а што сабе застанецца?
24 кастрычніка
Нешта ў мяне не атрымліваецца. Здаецца, усё я раблю як мае быць. Але - не атрымліваецца. З гітарай у мяне нічога не атрымалася, а Венька вунь ужо колькі песень новых развучыў! Спартсменам я не стаў, а Сашка займаецца валейболам і баскетболам, Віктар вунь па вучобе, лічы, перагнаў мяне... Адзінае, што засталося ў мяне - гэта вершы. Але ж не будзеш іх на перапынках чытаць, ды і да вершаў тут адносяцца зусім не з той павагай, як трэба.
Я нічым не выдзяляюся сярод іншых. Нічым...
25 кастрычніка
Сёння нашы ўсім гуртам хадзілі ў кіно. Я пайшоў таксама.Калі рассаджваліся, ніхто не запрасіў мяне сесці побач. Атрымалася - сядзеў я з самага краю. І ніхто са мной не абмяркоўваў падзеі на экране.
Мне трэба нешта зрабіць. Нешта такое, што адразу б вылучыла мяне сярод усіх. Каб усе адразу зразумелі, што я зусім не такі, як выглядаю знешне...
26 кастрычніка
Сёння я зрабіў тое, што зробіць мяне выключэннем. Я сёння прызнаўся Іне ў каханні.
Выклікаў яе, стаяў у вестыбюле інтэрната, а сэрца бухкала недзе ў самым горле. Мне здавалася, што ўсе - вахцёрка, дзяжурныя - здагадваюцца, што я прыйшоў прызнацца ў каханні.
І Іна здагадалася. Нешта адразу пачала казаць пра сённяшнія лекцыі, пра тое, што многа задалі, што ў яе не атрымлівацца задача па фізіцы і зусім няма часу...
Тады я сказаў, што я не прыйшоў запрашаць яе ў кіно. Я прыйшоў сказаць, што проста кахаю яе.
Як яна разгубілася! Нават спужалася. Адвяла вочы ўбок.
Я прадчуваў, я прадбачыў, што сённяшні вечар не стане для мяне шчаслівым. Я настройваўся на тое, што сёння для мяне іншае галоўнае - сказаць "кахаю".
Я чакаў, што мне адкажуць менавіта так. Але…
Ну і няхай!
Я кахаю, а гэта самае галоўнае!
Я кахаю цябе, Іна. А ты, ты жыві. Без майго кахання, калі ты ад яго адмовілася. Няўжо нельга кахаць чалавека ўжо за тое, што ён кахае цябе? Я ўсё роўна буду кахаць. Як Пушкін: "Безмолвно, безнадежно". І я больш словам не нагадаю аб сваім каханні. Ніхто больш не пачуе ад мяне слова "кахаю"!
Увесь вечар я праляжаў на ложку, гледзячы ў столь. Санька (нашы ложкі стаяць побач) было спытаў, што са мной, але я сказаў, каб адчапіўся. Больш да мяне ніхто не падыходзіў. Да заняткаў я не рыхтаваўся. Ну і няхай заўтра выклікаюць, няхай ставяць "двойкі". Няхай усе бачаць, як мне балюча.
27 кастрычніка
Я яшчэ да першай пары заўважыў, што дзяўчаты глядзяць на мяне нешта не так, як заўсёды. Думаў спачатку, што іх зацікавілі туга і сум на маім твары і тое, што сёння я стаю ўбаку ад іншых.
А на вялікім перапынку да мяне цішком падышла Тома. І сказала, што Іна ўчора расказвала ў дзявочым інтэрнаце, як я прызнаваўся ёй у каханні, і што смяялася пры гэтым. Смяялася, што я сказаў "кахаю"...
Ну і добра. Ведаюць усе - хай ведаюць. Я не саромеюся свайго кахання. Быць закаханым дурнем мо і смешна, але я не дурань, я усім паказаў, што я па-сур'ёзнаму адношуся да сур'ёзных рэчаў. Я прызнаўся адразу. Я усім паказаў, як трэба па-сапраўднаму кахаць, а не па-студэнцку.
Іна смяялася з мяне, бо яна не ведала, чым іншым можна адказаць на маё каханне. Гэты яе смех... Так дзяўчынкі хіхікаюць і адварочваюцца, калі ім кажаш, што дзяцей нараджаюць, а не знаходзяць у бульбяных разорах. Няхай смяюцца. А шкадаваць мяне не трэба.
Смяюцца - то і добра. Я чытаў раней, што смяюцца над вар'ятамі, шкадуюць слабых. Але вар'яцтва даруецца, слабасць - ніколі.
Не трэба мяне шкадаваць, я і сам сябе не шкадую. Ну і што, што мне сказалі "не"?
Затое я адзін у 15 год змог сказаць дзяўчыне "кахаю", я ўсім паказаў, што я больш дарослы, чым усе. І ўсе ў гэтым пераканаліся.
Сёння вечарам мяне таксама ніхто не чапаў. Ну і не трэба, я не чакаю спагады і суцяшэння. Гэта я магу некага суцешыць, бо я учора першым даведаўся, што такое адрынутае каханне.
Нічога. Я перажыву. А Іна пашкадуе яшчэ... Я дамагуся таго, што яна некалі зразумее, што так кахаць, як я, не ўмее ніхто.
1 лістапада
Сёння ў тэхнікуме быў вечар адпачынку. Іграюць нашы хлопцы. Венька, з якім мы разам было схапіліся вучыцца іграць на гітары, іграе і спявае. Ён паспеў адрасціць доўгія кучаравыя валасы, і на яго зацікаўлена зіркаюць усе дзяўчаты, нават са старэйшых курсаў. А нашы дзяўчаты дык увогуле млеюць ад шчасця, што гэткі прыгажунчык вучыцца ў іхняй групе.
Я мог бы таксама цяпер стаяць з ім побач, ці ўвогуле б адзін. І спяваў бы свае песні, такія, ад якіх бы яны плакалі. Чаму ў мяне няма таленту музыканта? Чаму так несправядліва: адным і талент, і прыгажосць, і валасы кучаравыя да плячэй, а другім - нічога?
Усе танцавалі, весела падпявалі, дружна пляскалі ў далоні.
Да мяне нікому не было справы. Ніхто не цікавіўся, чаму я такі сумны, чаму няма настрою.
Мяне ніхто не запрасіў на "белы" танец. Іна спецыяльна прайшла была каля мяне, каб запрасіць на танец Ігара, вясёлага, хуліганістага хлопца. У мой бок яна нават не паглядзела.
Мне было вельмі балюча. А ўсім было напляваць на мяне.
Я ведаю, я лішні тут, сярод іх. Навошта ім усім глыбокія пачуцці, сур'ёзнасць адносінаў, перажыванні! Яны жывуць павярхоўным.
І таму я ім чужы, непатрэбны, лішні. Я ім усім проста калю вочы, бо думаю больш сур'ёзна, перажываю больш глыбока, чым яны ўсе разам.
Зараз я сяджу у пустым пакоі. Я - адзін. Чаму так складваецца? Чаму ў мяне няма сапраўднага сябра, які б выслухаў, зразумеў, паспачуваў, дапамог?
Я нікому тут не патрэбны. Мае пачуцці тут не да месца. Тут цэняць толькі знешнія якасці. Вунь як Венька іграе на гітары, Санька - забівае ў футболе галы, Віцька рашае задачы... Яны ўсе нешта ўмеюць такое, чаго не ўмею я. Я толькі вершы пісаць магу. Але ж не будзеш паказваць тыя даўнішнія, у "Раніцы"...
Усё, хопіць! Я ўсё пачну спачатку, з чырвонага радка. Няхай я не ўмею лепш за ўсіх гуляць у шахматы, іграць на гітары і закідваць баскетбольны мяч з сярэдзіны пляцоўкі. К чорту!
Я стану знакамітым!
Яны пабачаць аднойчы маё імя надрукаваным у тоўстым часопісе з фотаздымкам, а потым выйдзе, абавязкова выйдзе, мая першая кніжка паэта!
Я дакажу, хто я.
3 лістапада
Напісаў тры вершы, прысвечаныя Іне. Перапісаў яшчэ некалькі старых у асобны сшытак, дадаў гэтыя. Заўтра аднясу ўсё у "Чырвоную змену". Сёння я ўжо знайшоў будынак рэдакцыі на праспекце. Зусім недалёка, у 20 хвілінах ходу ад нашага інтэрната.
Я прынясу потым газету са сваімі вершамі і проста у аўдыторыі аддам Іне. Яна здзівіцца напачатку, а потым разгорне. І ўбачыць. Я спецыяльна не буду глядзець у яе бок, а з таго дня перастану выглядаць сумным і пакутлівым.
У газеце павінны яшчэ надрукаваць і мой фотаздымак. Я бачыў такое раней. Трэба будзе выбраць добры здымак. Ёсць адзін, там я задуменна гляджу ў далячынь.
Заўтра - галоўны дзень.
5 лістапада
Я баязлівец. Так мне і трэба - быць такім, які я і ёсць. Такім, які для астатніх амаль пустое месца. Бо я сам ва ўсім вінаваты.
Учора я толькі і змог, што ўзняцца на другі паверх па шырокай лесвіцы. Калідор рэдакцыі быў пустым, бясконца доўгім і паўцёмным.
Я прастаяў мо 5 хвілін у тым калідоры, але ніхто не выйшаў, не спытаў мяне, што я прынёс, як некалі я чытаў у адной кнізе. Ніхто не запрасіў мяне ў кабінет, не стаў чытаць мае вершы.
У калідоры тым столькі дзвярэй, але ні адны не адчыніліся.
І я ...спусціўся па лесвіцы ўніз.
Сёння адразу пасля заняткаў я нават у сталоўку не пайшоў, пашыбаваў у рэдакцыю. І чым бліжэй быў знаёмы мне будынак, тым страшней мне рабілася. Я адно прайшоў тым цёмным доўгім калідорам, чытаючы незразумелыя назвы на дзвярах: "Сакратарыят", "Аддзел сацыяльных праблем", "Аддзел пісьмаў"...
У якія мне было стукацца? Хоць бы хто выйшаў!
Відаць, нехта зверху падказвае мне, каб я не спяшаўся сёння аддаваць свае вершы. Толькі што я перачытаў іх усе і вырашыў, што два слабыя, нявартыя публікацыі. Трэба іх замяніць на новыя. Сёння ж напішу.
Хацеў паслаць вершы па пошце. Але я ведаю, што па пошце адказ трэба чакаць вельмі доўга, мо месяцы два. А я не магу чакаць, пакуль надрукуюць вершы.
10 лістапада
Я так і не аднёс вершы ў рэдакцыю газеты. На трэці раз я збаяўся нават заходзіць у будынак, ды яшчэ галоўныя ўваходныя дзверы аказаліся зачыненымі, а на паперцы было напісана, што уваход з боку двара. Я рашыў, што гэта - знак лёсу. Я перачытаў свае вершы ўжо столькі разоў, што амаль ненавіджу іх. Сёння я думаю, што вершы і не надрукавалі б. Я атрымаў бы толькі чарговую аплявуху ад жыцця.
12 лістапада
Група рыхтуецца да агляду мастацкай самадзейнасці. Наш культмасавік выбрала занятак і для мяне - у мяне чатыры вершаваныя радкі тэксту ў пачатку выступлення. Вось і ўсё, чаго я варты на іх думку!
Венька, вядома ж, будзе спяваць, Ігар-мінчанін выступае з гумарыстычным маналогам, Толік з Сашкам нейкую сцэнку рыхтуюць, нехта вершы чытае. Я нікуды не напрошваўся, думаў, што і так яны здагадаюцца, што я магу куды больш, чым гэтыя чатыры радкі. Але і тут мяне палічылі за нікчэмнасць.
Добра, няхай. Я напішу верш сам. Такі верш, што яго ўсе будуць перапісваць потым. І скажу, што хачу сам яго прачытаць. Не адмовяць, яшчэ папросяць. Ого, ні ў адной групе не будзе свайго паэта, а ў нашай - будзе!
15 лістапада
У мяне не атрымліваецца верш. І не атрымаецца ўжо, я не хачу больш мучыцца. Учора увесь дзень думаў, аб чым напісаць, каб гэта кожнага закранула. Вырашыў, што пра каханне не трэба пісаць, бо тэма агляду палітычная. Тады я стаў пісаць аб сваёй роднай вёсцы. А ў галаве як засела "мой родны кут, як ты мне мілы", так і сядзіць там да гэтай хвіліны. Нічога новага я аб сваёй вёсцы не змагу сказаць. Купала ўжо ўсё сказаў, чаго тут пыхцець дарэмна.
20 лістапада
Агляд прайшоў. Усе хваляваліся: як праспявае Венька, ці не пераблытае словы Ігар, ці не спатыкнецца Толік, ці добра станцуюць... На мае чатыры радкі ніхто і не думаў звяртаць увагу.
Я і тут быў лішнім. Як казаў мой бацька - збоку прыпёку.
21 лістапада
Навошта жыць? Каб аднойчы зразумець, што ты нікому тут не патрэбны? Каб пасмяяліся над тваім каханнем? Каб імкнуцца стаць некім, каб хацець нешта значыць, а ў выніку зразумець, што ты - нуль, што ад цябе нічога не залежыць?
22 лістапада
Хлопцы вярнуліся сёння вечарам з дзявочага інтэрната. Расказвалі, як яны там весела бавілі час. Дзяўчаты купілі торт, згатавалі чай. Венька іграў на гітары, спявалі, расказвалі анекдоты. У наступную суботу дзяўчаты запрасілі усіх з нашага пакоя ў госці, але каб прыйшлі са сваім тортам.
Ці запрашалі мяне асабіста, ніхто не сказаў. Мяне нібыта не было ў пакоі, хоць я ляжаў з кніжкай на сваім ложку. Я не стаў напрошвацца - няхай ведаюць, што ў мяне ёсць свой гонар. Пражыву і без іхняга торта з чаем.
23 лістапада
Кінь усё! І адзіным крокам
Збоч аднойчы з дарогі байцоў.
Пісталет хай смяротным вокам
Ў раз апошні атручаным словам
Ў сэрца плюне гарачым свінцом.
Аднойчы я напішу гэтыя словы, каб іх прачыталі ўсе. І куляй пастаўлю кропку.
Я не хачу жыць. Бо нічога не мае сэнсу.
25 лістапада
Сёння я ў майстэрні адшукаў кавалак патрэбнай мне трубкі. Папрасіў дазволу, застаўся на гадзіну, і збольшага змайстраваў свой пісталет. Астятняе дараблю ў інтэрнаце.
26 лістапада
Хлопцы заўважылі, што я раблю пісталет. А я надта і не хаваўся ні ад каго. Няхай сабе ведаюць. Санька падышоў, кажа: "На халеру табе? Яшчэ калі застрэлішся!"
Ага, цяпер вы пачынаеце разумець, што я магу адважыцца і на такі крок. Я не пустазвон, не вясковы няўклюда, якога можна не заўважаць і над якім можна пасмяяцца.
Вечарам купіў у аднаго старшакурсніка дзесяць малакаліберных патронаў. Ён у ваенным гуртку займаецца, страляюць у ціры амаль штодня, патронаў у яго мо сотня.
28 лістапада
Пісталет гатовы. Трохі нязграбны, прымітыўнай канструкцыі, затое па-сапраўднаму цяжкі, хвалююча адцягвае руку. Заканчваў я яго не таючыся, хлопцы вакол стаялі, нехта сумняваўся, ці будзе страляць, нехта казаў, што ствол кароткі, таму і фанеру не праб'е куля.
А я спакойна дастаў з кішэні патрон, зарадзіў пісталет, скіраваў на іх і кажу: "Хто казаў, што не выстраліць?"
Уга, як яны адскочылі!
А я пісталет скіраваў на сцянную шафу і спакойна націснуў на курок.
Так бабахнула!
І дзірка ў дзвярах шафы навылёт.
Вось так. Я маю самы сапраўдны пісталет. Я цяпер не такі, як усе. І гэта не недзе там усярэдзіне мяне схавана, а усе гэта бачылі, усе ў гэтым пераканаліся.
1 снежня
Яны стаялі спінай да мяне, яны не ведалі, што я мог тут з'явіцца і ненарокам падслухаць іх размову. "Няхай страляецца, калі ён дурны. Бо ён сам не ведае, чаго хоча. Толькі сябе і бачыць, толькі аб сабе і думае. Надта высока хоча ўзляцець, ды крылаў не мае..."
Гэта гаварыла адна з дзяўчат нашай групы. Яна стаяла з Венькам у закутку каля ўвахода ў дзявочы інтэрнат. Так, яны не думалі, што я змагу гэта пачуць...
Дык вось як вы пра мяне думаеце! Значыць, дурны? Значыць, я не ведаю, чаго хачу? Аб сабе толькі думаю? А чаму я павінен думаць аб усіх, калі ніхто ніколі не падумаў пра мяне? Калі мяне ніхто не хоча заўважаць, калі я лішні тут для ўсіх? Дык дзеля чаго мне жыць? І чаго я буду дурнем, калі знікну з гэтага круга?
Ну і няхай буду дурнем! Тым больш - дурням няма чаго рабіць сярод разумных.
3 снежня
За ўвесь сённяшні дзень я ні з кім не размаўляў. Паслаў цыдульку Іне на лекцыі. Прапанаваў сустрэцца сёння вечарам. Я хацеў пагаварыць з ёй апошні раз. Яна не адказала, а на перапынку між парамі да мяне падышла Тома і сказала, што Іна са мной не жадае размаўляць, і што яна мяне ненавідзіць. Што ж, я выкажуся заўтра сам. У апошні раз.
Дзіўна, як гэта будзе - там, па той бок жыцця? Чалавек жа не можа знікнуць. Ну, цела там згніе, а думкі, пачуцці - яны ж павінны недзе існаваць. Зрэшты, якая розніца. Галоўнае, што не будзе гэтага свету, якому я стаў такі ненавісны.
4 снежня
Я не застрэліўся.
Сёння я падрыхтаваўся быў да ўсяго яшчэ зранку. Першай парай была матэматыка. Я напачатку ўвогуле не хацеў ісці на лекцыю, але потым падумаў, што лепш будзе пайсці. Каб усе паглядзелі на мяне апошні раз і бачылі, як я пайшоў ад іх назаўсёды.
Сярод лекцыі я папрасіў дазволу выйсці, узяў свой канспект і пайшоў да дзвярэй. Азірнуўся - на мяне ніхто не глядзеў. Я гучна сказаў "да пабачэння", нібыта выкладчыку. Узняліся здзіўленыя вочы.
Я пайшоў у інтэрнат.
Сеў і напісаў пісьмо. Каб нікога надта не вінавацілі, ў тым, што я стаў нікому не патрэбным. Няхай потым будуць казаць, што я з усіх зняў адказнасць, нікому не пажадаў непрыемнасцей.
Зарадзіў пісталет.
Сеў на ложку. У інтэрнаце было ціха-ціха. Я уявіў, як хлопцы прыбягуць сюды праз гадзіну. Убачаць на ложку мяне з прастрэленай скроняй і лужыну крыві на падлозе. Як разнясецца вестка. Як усхліпнуць ад жаху дзяўчаты, а Іна будзе скавытаць, што не адказала каханнем на маё каханне.
Няхай паплача!
А потым уяўленне пачало маляваць заўтрашні дзень, маё пахаванне. Маці над труной, бацька... Яны так верылі ў мяне, я ж у сям'і быў іхняй надзеяй.
Мяне пахаваюць, відаць, у вёсцы. І наўрад ці хто з групы паедзе на пахаванне.
І яны ж забудуць, што я тут жыў! Забудуць і не ўспомняць ніколі. Яны не заўважалі мяне жывога, няўжо мёртвага помніць будуць? Нічога ж не зменіцца для іх з маёй смерцю, я ім нічога не дакажу, хіба што тое, пра што яны шэпчуцца: што я дурань. Яны толькі ўпэўняцца ў тым, што былі правыя яны, а не я...
Дык дзеля чаго тады паміраць?
Не, трэба падумаць...
І я прыдумаў.
Я ўсё пачну спачатку, з чырвонага радка, наноў. Я з'еду адсюль, кіну гэты тэхнікум. Я змагу стаць такім, што яны будуць з зайздрасцю глядзець мне ўслед.
І так з'еду, што ім будзе аб чым пагаварыць.
Цяпер, толькі не спяшаючыся, трэба ўсё абдумаць, каб не нарабіць глупства. У школу, вядома, вяртацца я не буду. Такога сораму мне не трэба...
Стрэліў я ў столь. Гэтым я паставіў кропку на тым жыцціі, якім я жыў да гэтага дня.
7 снежня
Я пішу гэтыя радкі за колькі хвілін да таго, як пакіну інтэрнат. Саньку я паклаў у тумбачку пісьмо, прыйдзе з дзявочага інтэрната, пачытае. Я там напісаў, каб мяне не шукалі - я паехаў далёка.
Ну, вось, я яшчэ раз азіраюся на гэты пакой, у якім ужо прайшло тры месяцы майго самастойнага жыцця. Шкада крыху пакідаць гэтае месца. Але... Але ж я некалі прыеду сюды. На саёй машыне прыеду! На іншамарцы!
К чорту вучобу! Грошы можна зарабляць і так. брэст, горад памежны, там многа розных фірмаў. Тут расказвалі, што недзе і доларамі плацяць. Вось і стану зарабляць і збіраць. А там і за мяжу з'езджу. Стану сапраўдным "крутым"!
О, я некалі зайду вось сюды, у гэты пакой - упэўнены, ва ўсё фірменнае апрануты. Хлопцам піва накупляю самага дарагога. Частуйцеся, для мяне то дробязь! І тады няхай на мяне паглядзяць!
І да Іны я схаджу ў інтэрнат. Прывязу ёй які-небудзь незвычайны падарунак. Там, за мяжой многа незвычайнага можна купіць...
З сабой я бяру студэнцкі білет, некалькі фотаздымкаў і грошы. Грошай увогуле мала, але неяк вытрымаю першы час.
8 снежня
Я пішу пад грукат вагонных колаў.
Мне крыху страшна. Я не вельмі веру ў тое, што ў мяне ўсё атрымаецца так, як трэба.
Учора я да трох ночы чакаў цягнік на вакзале. Гадзіннік вісеў над уваходам у залу чакання, і я больш глядзеў не на гадзіннік, а на сам уваход. Я чакаў, што вось-вось з'явіцца Санька, Венька, Мішка, Іна, Тома і іншыя. Што яны кінуцца да мяне і сілком выцягнуць з вакзала. Я б не ўпарціўся надта. Бо мне было страшна, як перад скачком з высокага берага ў раку. І нават тады, калі у руках у мяне быў білет, і да адыходу цягніка заставаліся лічаныя хвіліны, я не спяшаўся ісці на перон. Калі б яны за мной прыехалі, я б вярнуўся. А сам - не. Там, у тумбачцы ляжыць пісьмо. Я прыеду, а хлопцы ў пакоі будуць якраз яго чытаць. Ну, як з'ездзіў, спытаюць...
Мо і не трэба было пісаць тое пісьмо. Нельга спальваць за сабой усе масты. Бо абставіны могуць прымусіць вярнуцца.
Праз паўгадзіны я ступлю на перон невядомага мне вакзала.
9 снежня
Пішу на калене. Я сяджу у доўгім радзе крэслаў у зале чакання. Прайшоў мой першы дзень у гэтым горадзе. І за гэты дзень я патраціў палову грошай. Бо цыгарэты тут надта дарагія, два разы паеў. Я хадзіў па горадзе пешкі, пазіраў на вывескі. Спадабалася адна назва: "ООО Надежда". Перасіліў свой страх, зайшоў. Мяне не сталі і слухаць, ледзь толькі я заікнуўся аб рабоце: "Нам не трэба". За дзень я зайшоў яшчэ ў некалькі розных фірмаў - работнікі нідзе не былі патрэбны. У апошнім месцы спыталі, што я ўмею рабіць. Я адказаў, што ўсяму магу навучыцца. Тады мне параілі спачатку навучыцца, а потым прыходзіць. У невялікім кафэ мне было прапанавалі мыць посуд, але спыталі, колькі мне гадоў і паказалі на дзверы.
На работу мяне ніхто не возьме - у мяне няма пашпарта! Я непаўналетні, я не маю яшчэ права працаваць. Паехаць некуды ў вёску? Парабкам да якога фермера? Хіба возьмуць? Ды і што я зараблю…
Два міліцыянеры ўжо двойчы прайшлі паўз мяне, акінулі ўважлівым позіркам. Але яшчэ не пыталіся нічога...
10 снежня
Зноў пішу на калене. Яшчэ толькі пяць гадзін вечара. Бадзяўся па горадзе, сустрэўся з хлопцам майго ўзросту. Ён гандлюе газетамі, мае неблагія грошы. Я так узрадваўся - вось ён, шанц! Хлопец падказаў мне адрас рэдакцыі. Але… Я прадчуваў, што рана радуюся. У рэдакцыі газеты мне сказалі, што бяруць на працу прадаўцамі газет толькі мясцовых, гарадскіх хлопцаў. І пры тым - толькі з пісьмовага дазволу бацькоў…
Есці хочацца страшэнна, а грошай у мяне няма - зранку ўсё праеў у вакзальным кафэ. Тут ўсё надта дорага, мо ў пяць разоў больш каштуе, чым у нашай студэнцкай сталовай.
Што мне рабіць далей - я не ведаю.
Пішу яшчэ раз у гэты дзень ужо позна вечарам. Зала чакання апусцела, міліцыянеры хадзілі па радах і правяралі дакументы ва усіх пасажыраў. Я паказаў свой студэнцкі білет. Яны паглядзелі і спыталі, што я тут раблю. Я сказаў, што прыехаў... на экскурсію. Тады адзін міліцыянер, уважліва глянуўшы на мяне сказаў, каб раніцой мяне тут не было. Інакш пайду у нейкі размеркавальнік...
Мне страшна. Галава гудзе ад розных думак. Кінуцца пад колы цягніка? І галаву адрэжа ад цела, усё вакол будзе заляпана кроўю... Не, мне не хочацца паміраць. Я хачу вярнуцца. Годзе, я ўжо відаць і так сваім ад'ездам узняў вялікі пярэпалах. Але, Божа, як сорамна вяртацца!
І ў мяне няма ні капейкі грошай...
А есці хочацца так моцна!
Блізка поўнач. Праз гадзіну на Мінск пойдзе цягнік. Два міліцыянеры зноў былі прайшлі міма, на гэты раз зрабіўшы выгляд, што не заўважылі мяне. І тады нечаканае рашэнне прыйшло мне ў голаў. Я узняўся, падышоў да іх і ...прапнаваў купіць у мяне наручны гадзіннік. У мяне дарагі гадзіннік, на незвычайным, жоўтага колеру, бранзалеце - бацькаў падарунак.У нейкае імгненне мне здавалася, што ўсё прапала, што рушыцца апошняя надзея. Я хутка дадаў, што ў мяне не засталося ні капейкі грошай, што ўкралі разам з кашальком... Адзін міліцыянер працягнуў руку за маім гадзіннікам, узважыў яго на руцэ. Спытаў, колькі каштуе білет. Я адказаў, ён палез у кішэню, выцянуў грошы. Адлічыў роўна на білет, тады другі сказаў: "Дадай крыху, бачыш жа, што галодны, як чорт".
Сэрца ў мяне бухкала недзе пад горлам, я адчуў, як засвярбела ўваччу, міргануў колькі разоў, і зразумеў, што пацяклі слёзы. Хутка, незаўважна я ацёр вочы.
У вакзальным кафэ, пасля таго, як купіў білет, мне хапіла якраз на булку і шклянку кавы з малаком.
Цяпер я чакаю цягнік.
11 снежня
У мяне ніжняе бакавое месца, я сеў за столік і пішу гэтыя радкі. Цягнік яшчэ стаіць.
Тыя два міліцыянеры назіралі за мной, як я еў у кафэ, а на перон я выйшаў літаральна пад іх аховай. Я не магу дачакацца, калі кранецца цягнік. Калі скончыцца гэты кашмар.
Ну, вось я і вяртаюся ў Мінск. Я ведаю, як мне будзе страшэнна сорамна заходзіць у інтэрнат. Але я цяпер ведаю і другое - што значыць быць сапраўды аднаму. Я ведаю, што значыць застацца без адзінага сябра. Я ведаю, што такое адзінота.
Маё учарашняе і сённяшнее пачуццё і параўноўваць нельга з тым пачуццём адзіноты, якое я перажыў у тэхнікуме. Я і ў інтэрнаце таксама іншы раз хацеў есці, але адна справа цярпець і ведаць, што ў любы момант ты можаш пайсці і папрасіць грошай на абед, і зусім іншае - быць без ежы і без грошай там, дзе цябе ніхто проста так не накорміць. Я сёння ведаю многа.
12 снежня
Я заплюшчваю вочы і знікае пакой інтэрната, у якім ужо храпуць хлопцы. Зноў перада мной размалёваная сцяна вакзала, доўгія лаўкі, людзі, міліцыя... Я не магу заснуць. Уключыў настольную лямпу і запісваю тое, што адбылося за сённяшні дзень.
Я з'явіўся ў пакоі інтэрната раніцай нечакана для ўсіх, хлопцы і не ведалі, як паводзіць сябе са мной. Я павітаўся адразу з усімі, пакідаючы ім магчымасць выбіраць - падыходзіць ціснуць мне руку ці так кіўнуць. Ніхто рукі не паціснуў, усе прамаўчалі. І толькі Санька незлабліва, але з пачуццём жалю працадзіў скрозь зубы: "Морду б табе набіць".
Ён не стаў тлумачыць за што, а я не стаў пытаць.
Хлопцы якраз збіраліся на заняткі.
Яны пайшлі, а я застаўся. Адзін у пустым пакоі інтэрната. Так і сядзеў, не распранаючыся, пакуль мяне не паклікалі ўніз - прыехаў бацька. Я здагадаўся, што яго выклікала класная.
Мы абняліся ўнізе, ён адразу спытаў, што здарылася, чаго класная выклікала яго тэлеграмай.
Бацька ехаў усю ноч. За гэты час адрасло шчацінне на шчоках і барадзе. А яшчэ ў бацькі, я заўважыў, амаль цалкам сівая галава. Ён сеў на ложак побач са мной, нервова цер агрубелыя ад сялянскай працы вузлаватыя пальцы рук, у скуру якіх мо ўжо да смерці ўелася чорнымі выкручастымі ніцямі зямля.
Я маўчаў. Маўчаў так доўга, каб бацька сам зразумеў, што тое, што я скажу, я не хачу яму гаварыць. Бо я не хачу рабіць яму балюча.
Але казаць трэба было. І я сказаў, што збіраюся кідаць тэхнікум. Што мне тут не падабаецца, што я памылкова сюды паступіў, што больш не магу тут вучыцца...
У гэтыя хвіліны у пакой зайшла класная.
Гэта былі самыя горшыя хвіліны ў маім жыцці. Не, мне не хацелася у той момант застрэліцца, праваліцца скрозь зямлю, ці збегчы. Я слухаў і слухаў: аб тым, што я люблю толькі сябе; што ў гэтым сляпым самалюбстве ні на момант не задумаўся аб бацьках; што не падумаў пра яе, класную, якая цяпер адказвае за маё жыццё; што не падумаў пра хлопцаў, якія амаль да ранку ў тую ноч шукалі мяне на аўтавакзале (а я чакаў іх з'яўлення на чыгуначным...)...
Я слухаў, цярпеў, сціснуўшы зубы. Мне важна было ўсё выцярпець да канца. Я адчуваў, што мне неабходна прайсці праз гэта выпрабаванне.
Класная сказала: "У цябе яшчэ ўсё наперадзе". Я чамусьці паверыў ёй, што гэта сапраўды так.
Наперадзе многа. А колькі ўжо згублена? Колькі страчана назаўсёды?
Класная пайшла, сказаўшы, што яшчэ зойдзе.
А мы з бацькам пайшлі ў горад - пашукаць якой каўбасы.
Я нечакана для сябе заўважыў тут, на мінскай вуліцы, што я вышэйшы за свайго згорбленага бацьку. Мне стала так шкада яго, што павільгатнелі вочы.
А бацька раптам сказаў: "Я скажу маці, што мяне выклікалі па якіх-небудзь грашовых там справах. Ну, мо шкло якое дзе ты разбіў, ці што яшчэ..."
Я прамаўчаў. Што я мог сказаць, калі бацька і ў думках не мог дапусціць, што я вярнуся ў школу - я, выдатнік, пра якога і куры шапталіся, - вярнуся з Мінску. Што скажуць? Вядома ж, адлічылі за "двойкі". Такога бацька ад мяне ніяк не чакаў.
І тады я сказаў: "Я абяцаю табе, што больш ніхто не скажа пра твайго сына дрэнна. Ніхто і ніколі."
Я сам не чакаў, што вырвецца з маіх вуснаў гэтая клятва. І тут жа да мяне дайшло, што гэта не проста клятва. Гэта - праграма майго жыцця: жыць, каб за цябе не было сорамна тваім бацькам.
Заўтра я пайду на заняткі. Сёння вечарам хадзіў у другі пакой да Віцькі, каб патлумачыў мне матэматыку. Я ўпершыню адчуў сам, што значыць "не разумею". І зразумеў сёння, у чым мы адрозніваліся з Віцькам, калі тлумачылі іншым. Віцька расказваў тое, чаго не ведаў другі, а я выкладваў тое, што ведаў сам.
Хлопцы сёння ні словам не абмовіліся аб тым, што тут было без мяне, не распытвалі ні аб чым. Яны паводзяць сябе са мной так, як быццам нічога не здарылася. Дзякуй ім, ды і класнай дзякуй: гэта, відавочна, яна іх аб усім папярэдзіла. Я не ведаю, як сустрэнуць мяне заўтра дзяўчаты, як паглядзіць Іна. Зрэшты, яна мае права глядзець на мяне так, як жадае. Я заслужыў.
Нічога, я выцерплю. Я выцерпеў той голад і адчай на вакзале ў чужым горадзе, выцерпеў сорам вяртання. Я змагу цяпер выцерпець усё. Ці амаль усё.
Дапісваю гэты дзённік амаль пад ранне. Я так і не заснуў. Чытаў кнігу, якую мне прывёз бацька, яго папрасіла аб гэтым бабка Марута. Я памятаю гэтую кнігу - яна ляжала на стале бабкі, я гартаў яе амаль спарахнелыя, без вугалкоў старонкі з выкручастымі радкамі літар, што складваліся ў незразумелыя словы. Кніжка была вельмі старая, мабыць, каштоўная, і мне тады хацелася мець такую рэч у сябе... А яшчэ на тым стале, над сталом віселі і стаялі абразы. Бабка верыла ў Бога. Я ў Бога не верыў, але над бабкай мне нешта ніколі смяяцца не хацелася. Бо яна адносілася да сваіх святых з такім душэўным трапятаннем, што любое слова насмешкі магло пакрыўдзіць яе да слёз.
Гэтую кнігу бабка называла Евангеллем. Вось яго я цяпер і чытаў.
Чытаў не таму, што мне было надта цікава. Мова кнігі стараславянская, асобныя літары я не ведаю, не разумею некаторыя словы, таму чытаў, нібы разгадваў рэбус. Гэта і захапіла, тым больш што заплюшчыўшы вочы, ляжаць было немагчыма - я зноў апынаўся там, на вуліцах чужога мне горада...
Што мяне ўразіла ў гэтай кнізе, дык тое, што многія словы, выразы я ўжо чуў! Яны сталі прымаўкамі ці крылатымі выразамі: вока за вока, зуб за зуб; Богу - Богава, кесару - кесарава; кідаць перлы перад свіннямі...
Я запішу сабе ў дзённік не гэтыя словы. Я знайшоў у гэтай кнізе мо самае істотнае і самае простае адначасова. Хай я не веру ў Бога, але ж гэта кніга - збор самых галоўных ісцін. Так я яе разумею.
Вось гэтыя словы, якія падаліся мне самымі важнымі:
"Елико ашче хошчете да тварыце вам человецы, тако і вы тварыце ім: се есць закон."
Вось мой сапраўдны чырвоны радок. Як ты людзям - так і людзі табе. І зусім не наадварот.
А ў калідоры інтэрната ўжо загрукалі дзверы, шлёпаюць пантофлі. Што, ж пара ўставаць...