На кляновых прысадах
Добра, што гэтыя прысады са старымі разлапістымі клёнамі
дасталіся неахайнаму дворніку. Іншыя вуліцы і сцяжынкі зараз таропка падмятаюцца,
на іх завіхаюцца незразумела сярдзітыя дзядзькі і цёткі, размахваюць даўжэзнымі
мётламі. Зласлівае "шырхшырх" чуецца вакол, спуджанымі птушанятамі невысока
ўзнімаецца ўгару лісце, разлятаецца ў бакі, не хоча класціся ў бруднаватыя
безаблічныя кучы. Тады яшчэ шпарчэй размахваюцца мётлы, паступова агаляецца
шэры, мокры асфальт. На ім - нежывы, халодны кляновы ліст, нібы размяклая
жоўтая паперчына. Учапіўся вось, не схацеў легчы ў вільготную кучу да
іншых, і яго раструшчылі, растапталі тоненькія абцасікі і тоўстыя падошвы.
А на гэтых прысадах - цішыня. Не чуваць злоснага шырхання,
лісце ляжыць роўна і чуйна адклікаецца на кожны крок сцішаным шапаценнем.
Людзі, якія спяшаюцца да прыпынку аўтобуса, міжволі прыпыняюць крок, быццам
ступаюць па нечаму жывому.
А яму, лісцю, не баліць. Ромка гэта дакладна ведае. Не таму,
што лісце не жывое, а таму, што гэта такое яго запаветнае жаданне: здрыгануцца
на галінцы апошні раз, павольна зляцець уніз, уладкавацца нетаропка сярод
соцен іншых і тут, унізе, ўспыхнуць зоркайдалоняй на шэрым і чорным -
і тым паслужыць людзям.
Хаця, калі пільней паглядзець на сцяжынку, то таго невядомага
дворніка нельга палічыць неахайным. Кожны ранак лісце на сцяжынцы свежае,
цёплае, здаецца, нават, няма сярод яго бруду, не відно пакамечанага. Можа,
той дворнік проста добры дзівак, выбірае шторанак са сцяжынкі старое,
растаптанае лісце, а цяпер вось стаіць недзе нябачны збоку, падпірае старэчую
бараду сваім доўгім памялом і дзівіцца, як забываюць спяшацца самыя таропкія,
ідучы па яго кляновых прысадах.
Ромка спадзяецца, што гэтыя прысады будуць доўга яшчэ засцелены
жоўтым, чырвоным, барвовым, пунсовым - рознымрозным лісцем. І кожны ранак,
узіраючыся ў спіны наперадзе, ён вылучае знаёмую яму постаць. А лістота
пад яго нагамі будзе мякка шапоча, нібыта падказваць яму: "Яна прайшла...
Яна прайшла..." А ён ідзе, углядваецца пад ногі, ловячы сябе на думцы,
што гэта зусім немагчыма - знайсці той ліст, які толькі-толькі прашапацеў
пад яе крокамі. Але ўсё роўна шукае.
Ромка ўжо даўно адрознівае сярод дзесяткаў іншых гук яе нетаропкіх
крокаў па лісцевым дыване. Вось яшчэ і пагэтаму Ромка не хоча, каб сцяжынка
стала чыста падмеценай - тады мелодыя крокаў будзе зусім іншай.
Яна прыходзіць на прыпынак за дзесяць хвілін да аўтобуса
і становіцца заўсёды ў адным і тым жа месцы. Ромка прыходзіць праз хвіліну.
Яго месца - насупраць яе. Гэта не ён вызначыў, а яна, з'явіўшыся аднойчы
на іх прыпынку, стала так, як становіцца вось ужо якое ранне.
Ромка, падыходзячы, прыцішвае крок. Спыняецца каля слупа,
потым уздымае вочы на дзяўчыну і сустракае яе позірк. Яны ледзь-ледзь
усміхаюцца адно аднаму. Ромка яшчэ злёгку ківае галавой. Вось і павіталіся.
Так бывае кожнае ранне.
Падыдзе аўтобус. Чуйна здрыганецца натоўп чакаючых. Жаночая
хваля панясе яе да пярэдніх дзвярэй, а Ромка зойдзе з мужчынамі праз заднія
дзверы. Яна выйдзе на сёмым прыпынку, заспяшаецца да чорнай прорвы метро,
на імгненне азірнецца, і праз запыленую шыбіну вялікага задняга акна Ромка
зноў зловіць яе позірк. Як развітаецца.
Самога Ромку аўтобус павязе далей.
У гэты дзень яны больш не сустрэнуцца.
Ромка вернецца ў тры гадзіны, зойдзе па хлеб, малако. Зробіць
дома ўрокі, прыбярэ ў сваім і так заўсёды чыстым пакоі. Сядзе за мальберт,
гадзіны дзве памалюе. Надыдзе доўгі надакучлівы восеньскі вечар. Без аніякай
цікавасці ён паглядзіць тэлевізар, увесь час цікуючы за стрэлкамі гадзінніка,
чакаючы таго моманту, калі маці пакліча вячэраць і потым можна будзе крыху
пачытаць і класціся спаць.
Яму будзе сніцца лісце. Жывое, шапаткое, яно будзе ласкава
ўшчуваць яго, настойліва ўгаворваць сваім ціхім каляровым шэптам, што
Ромку не трэба баяцца, не трэба саромецца. Хіба ў яго бядзе ёсць што сарамлівае?
Хіба Ромка ў ёй вінаваты? Зрэшты, калі павольна ісці, то і не заўважна
ж амаль нічога...
Ромка прачнецца да часу. Будзе доўга ляжаць з заплшчаннымі
вачыма, слухаць, як, стараючыся не бразгаць посудам, маці гатуе на кухні
сняданне і абед. Потым Ромка адным штуршком сядзе на ложку, адкіне коўдру
і будзе доўга глядзець на свае ногі. На адну, моцную і здаровую і на другую
- без ступні. Нянавісць да таго далёкага дня, калі яго санкі ад моцнага
штуршка некага з хлапчукоў вынесла пад колы аўтамабіля, успыхне ў галаве
і зазвініць неадчэпым звонам - "А калі б…". Ромка будзе доўга глядзець
на неіснуючае прадаўжэнне куксы, на тое месца, дзе павінна быць ступня,
і хвілін праз колькі адчуе спачатку ціхі сверб, а потым - сапраўдны боль
у ёй, даўно страчанай ступні... Дастане з-пад ложка і адзене пратэз. Моцна
накульгваючы, пачне апранацца. Да таго часу, як трэба будзе выходзіць
на вуліцу, Ромка амаль што не будзе кульгаць - нага прызвычыцца да пратэзу.
...Ромка і не заўважыў адразу, што змянілася. Толькі раптам
амаль фізічна адчуў, што сёння нешта не тое і не так на кляновых прысадах.
Гукі? Гукі! Гукі крокаў многіх людзей былі іншымі, і яго, ромкавы крокі,
былі амаль не чутнымі. Не шархацела пад нагамі...
Прысады былі падмецены. Чыста падмецены. Халодны і брудны
асфальт сыходзіў нябачнай парай, і гэтая пара, здавалася, праз дыханне
пранікала глыбока ўсярэдзіну, і там рабілася зябка і вусцішна. А яшчэ
- пуста. Ромка заўважыў, што яго таропка, ледзь не подбегам абмінаюць
з бакоў людзі, і сам ён паскорыў крок, не зважаючы на тое, што стаў заўважна
кульгаць.
Яна ступіла насустрач Ромку так нечакана, што хлопец ледзь
не сутыкнуўся з ёй. Перахапіла дыханне, ён разгублена перакладваў з рукі
ў руку сваю вучнёўскую папку. Перад ім стаяла яна - мелодыю чыіх крокаў
на гэтых прысадах ён так добра вывучыў за апошнія дні...
- Так сумна сёння тут, - проста, нібыта толькі што яны размаўлялі
і перапыніліся на хвіліну, загаварыла дзяўчына. - Пуста... і на душы пуста,
і сёння зусім не хочацца ісці ў адзіноце сярод голых клёнаў. Праўда?
- Праўда... - Ромка пракаўтнуў сліну. - Сёння ўсе спяшаюцца...
- Мяне Наташай завуць. А ты - Рома, так? Я на выставе тваіх
малюнкаў была. І твая маці працуе разам з маёй.
Ромка разгублена маўчаў, у гэтую хвіліну ён не ведаў, як
аднесціся да пачутага. Значыць, яна ўсё пра яго ведае. І… пра той далёкі
выпадак, пра яго пратэз?
Наташа з асцярожнай, крышачку вінаватай усмешкай глядзела
на яго. Ромка убачыў у яе вачах спагаду і маўклівы адказ на сваё не зададзенае
пытанне. Ён паглядзеў сабе пад ногі, на шэры асфальт і ціха сказаў:
- Я намаляваў гэтыя прысады... Такімі, як яны былі ўчора
і пазаўчора. Хочаш, я падару табе гэты малюнак?..
...Калі ісці ўдваіх, то нават і голыя прысады здаюцца не
такімі сумнымі...
Наступнай ноччу выпаў першы снег.
|