Работа над памылкамі
За дзевяць год вучобы ў школе Аксана ні аднога разу не забыла
пра дамашняе заданне. Нават калі прыкрая ангіна ўклала яе ў ложак, усё
роўна яна кожны вечар, патэлефанаваўшы сяброўцы, выконвала не толькі пісьмовыя
заданні, але чытала і вусныя. Аднойчы і назаўсёды яна вырашыла, што калі
ты нешта абавязаны зрабіць, значыць гэта павінна быць выканана.
Складзены ёю і вывешаны над сталом распарадак дня быў для
яе найвышэйшым законам, кожны пункт яго выконваўся непахісна. І нават
маці, калі планавала распачынаць генеральную ўборку кватэры, звярала свае
планы з распарадкам дня сваёй дачкі.
На лета распарадак дня Аксана складала не менш строгі. Для
чытання складаўся яшчэ і асобны план: якую кніжку калі пачаць чытаць і
калі закончыць. Кнігі Аксана брала ў бібліятэцы на ўсё лета адразу - там
працавала яе цётка, якая дазваляла гэта рабіць.
Яшчэ ў сёмым класе Аксана ведала, кім яна будзе. І тады ж
акрэсліла для сябе свой будучы шлях: заканчвае дзевяць класаў, вучылішча
з чырвоным дыпломам - інстытут, аспірантура.
Аксана хоча быць вучоным-эколагам.
Так строга яна адносіцца да сябе і іншых таму, штоо навучылася
гэтаму ў прыроды.
Напрыклад, расце каля дома бяроза. На прыкладзе гэтай бярозе
вы пабачыце самы асноўны закон усяго жывога - нічога не робіцца дарэмна!
У прыродзе няма нічога такога, што робіцца проста так. Тут усё мае свае
практычныя прычыны і сэнс. А галоўнае - нічога не праходзіць незаўважным.
Аксана лічыць, што так павінна быць і сярод людзей. Калі
б людзі навучыліся практычнасці і адказнасці раслін, яны б жылі шчасліва
і бязбедна. Бо ўсе беды на зямлі з-за безадказнасці і няўмення і нежадання
выпраўляць свае памылкі. А той, хто не працуе над памылкамі, будзе памыляцца
зноў і зноў, бясконца...
Надзвычайную важнасць работы над памылкамі Аксана зразумела
яшчэ, можа, у класе чацвёртым. І таму заўсёды выконвала яе ў сваіх вучнёўскіх
сшытках. Нават калі і не казалі гэтага рабіць, Аксана пыталася аб гэтым
дазволу ў настаўніка, і рабіла.
А яшчэ Аксана лічыць, што нельга казаць няпраўду. Яе за гэта
страшэнна не любілі, а потым змірыліся, бо Аксана ні для каго не рабіла
выключэння: калі у шостым класе ў яе настаўніца спыталася, хто разбіў
мячом шыбіну акна, яна, не раздумваючы, сказала, што бачыла, як біў па
мячу Васька, яе сусед. А калі ўжо ў дзевятым, у маі, клас не пайшоў на
ўрок, а пабег на возера - там нехта катаўся на водным матацыкле, Аксана
і тады не стала хлусіць і сказала, што завадатарам быў сам стараста класа.
Не, яна не збіралася быць падхалімам, і казала ўсё, што ведала, пры ўсіх.
Таму Аксану хоць і не любілі, але ў нейкай меры і паважалі, як паважаюць
чалавека, у якога ні адна справа не разыходзіцца са словам. І сваёй мянушкай
- Аксану за вочы клічуць "Эталонам" - яна была задаволена.
Увогуле, парадак павінен быць. Калі ёсць парадак, тады няма
непатрэбных складанасцей. Напрыклад, Аксана тут, у вучылішчы, як некалі
і ў школе, вядзе свой асабісты класны журнал. І ставіць там усе адзнакі,
якія ставяць выкладчыкі. Навошта гэта? А каб дакладна ведаць, каго сёння
па якім прадмеце могуць выклікаць. Вядома, сама Аксана ў любы дзень гатова
адказваць, але яна не любіць, калі яе выклікаюць без яе жадання. Яна падымае
руку тады, калі яе, згодна колькасці адзнак у класным журнале, павінны
выклікаць.
Сёння яе павінны выклікаць па фізіцы. Фізіку Аксана не любіць.
Не таму, што гэта сумны прадмет, а таму, што іх фізік - нейкі несур'ёзны
дзядзька. Ён сухаваты, гадоў сарака пяці мужчына, з лёгкай сівізной у
валасах. Вельмі гаваркі, з навучэнцамі размаўляе, бы жартуе. А яшчэ ўсіх
называе толькі па імёнах ды яшчэ і на "вы". Расказвае новую тэму, то прыводзіць
такія смешныя прыклады! Аксана не разумее, як можна такі сур'ёзны прадмет
выкладаць нібыта гуляючы. Што праўда, тое праўда, навучэнцы яго любяць,
і нават не крыўдзяцца, калі ён каму за непадрыхтаванае заданне ставіць
"двойкі" і нават "калы". Пры гэтым ён прыгаворвае: "Сядай, сынок, табе
калок".
Фізіка першым урокам. Заходзілі ва ўжо адчынены кабінет,
узбуджана шумелі. Званок празвінеў, а выкладчык усё не выходзіў з бакавушкі,
дзе стаіць процьма самых розных прылад. Нарэшце выйшаў, нейкі незвычайна
засяроджаны, павольна сеў за свой стол, нават не павітаўся з навучэнцамі.
Усе ў нейкай разгубленасці стаялі, не ведаючы - садзіцца, ці не, пакуль
ён не ўзняў на групу затуманены позірк і стомлена сказаў:
- Сядайце, дзеці.
Ён сказаў "дзеці", гэта было таксама нечакана, бо ён, калі
звяртаўся раней да групы, казаў "грамадзяне", або "спадары". І голас яго
быў занадта павольны, і позірк, скіраваны ў стол, і апушчаныя плечы, і
галава, што злёгку ківалася над сталом - усё гэта склалася ў нечаканую,
проста неверагодную здагадку, для хлопцаў у першую чаргу, і па кабінету
фізікі праляцеў, бы ветрык па лісцю, здзіўлены шэпт.
Аксана ўзняла руку, трымала яе доўга, абапёршыся локцем у
стол, але выкладчык не заўважаў гэтую ўзнятую руку. Аксана ўзняла руку
яшчэ вышэй, чаго амаль ніколі не рабіла, і выкладчык заўважыў гэты рух.
А можа, ён пачуў едкі смяшок, што прагучаў недзе ў куце кабінета.
- Што, Аксана?
- Адказваць... - разгубілася дзяўчына ад гэтага пытання,
бо ў яе пыталіся так, быццам быў не ўрок, яна была не навучэнка, а ён,
выкладчык, не быў выкладчыкам.
- А... Адказваць... Ну, ідзі..
І галава выкладчыка зноў схілілася над сталом, над нераскрытым
журналам.
Аксана выйшла, стала каля стала. Нейкі страшэнна непрыемны
пах ахутваў гэты стол, і Аксана ў першае імгненне разгубілася, сама забылася,
чаго яна прыйшла да гэтага стала.
- Праваднікі, паўправаднікі і дыялектрыкі. Уласцівасці і
прымяненне, - пачала Аксана, зірнула зверху ўніз на выкладчыка і раптоўна
зразумела - ды ён жа п'яны! Гэта не выкладчык, гэта звычайны п'яны мужык!
І перад ім расказваць аб правадніках і паўправадніках? Ды
ён жа не чуе нічога, ён жа амаль спіць! Абурэнне прыўзняло грудзі Аксане,
і яна голасна, рашуча спытала:
- Мне расказваць?
Яна патрабавала, і выкладчык зноў узняў на яе мутны позірк.
- Не, дзяўчынка, сядай на месца.
Аксане падалося, што на яе нібыта хто плюнуў. Яна так старанна
рыхтавалася да гэтай фізікі, амаль напамяць вывучыла увесь тэкст, запомніла
лічбы, а ён... а ён, выкладчык, прыйшоў на ўрок п'яны! І ён казаў ёй "ты",
хоць ніколі так да нікога не звяртаўся!
Яна пайшла на сваё месца, абураная, гатовая бегчы некуды,
некаму нешта даказваць, абы толькі знік гэты п'яны выкладчык за сталом,
абы толькі ўсё стала на сваё звычайнае месца.
Выкладчык аглядзеў клас сумным позіркам. Вочы яго былі сухімі,
чырвонымі.
- Сёння ўрока не будзе. Ідзіце, адпачніце гадзіну. Але, калі
ласка, каб ціха...
І галава яго лягла на складзеныя на стале рукі.
Раздаўся шоргат мноства ног, навучэнцы высыпалі ў калідор.
- Вось дык маеш!
- І дзе ён так зранку напіўся?
- Пайшлі на возера!
Возера было побач, адразу за вучылішчам. Усе высыпалі туды,
і толькі Аксана засталася каля акна ў калідоры. Яна дастала падручнік,
і стала паўтараць пераклады англійскіх слоў. Яна б пайшла разам з усімі,
але яе розум, выхаванае пачуццё адказнасці пратэставалі супраць гэтай
гадзіны марнатраўства. Абурэнне ў душы патрабавала нейкіх дзеянняў, і
Аксана вагалася - яна ніколі не даносіла, не, яна проста прынцыпова ніколі
не хлусіла. Яна была ўпэўнена, што выкладчык павінен быць пакараны за
свой учынак, але ісці самой да дырэктара... Аксана вагалася, не магла
вырашыць: павінна яна сама расказаць дырэкцыі аб п'яным выкладчыку, ці
чакаць, пакуль яе спытаюць. Але ж могуць і не спытаць... І тады... Тады
гэты абуральны учынак застанецца непакараным! Тады выкладчыку ўсё сыйдзе
з рук. А так нельга! Чалавек павінен несці адказнасць за кожнае сваё слова,
за кожную справу, за кожны крок. А калі памыліўся - выправіць памылку.
І не проста выправіць, але і папрацаваць над гэтай памылкай...
Шчокі Аксаны яшчэ ўсё палалі ад нядаўняй крыўды, і прыніжэння,
якое яна перанесла каля стала п'янага выкладчыка. Яна прастаяла ужо чвэрць
гадзіны ў пустым калідоры, але не прыняла ніякага рашэння, недзе ў падсвядомасці
спадзеючыся на тое, што і простае яе стаянне вырашыць гэтую праблему.
Прайшло яшчэ колькі хвілін. Аксана чакала. Цяпер яна была
ўпэўнена, што не трэба нікуды адгэтуль ісці. У прыродзе ж нічога проста
так не праходзіць, значыць, нешта павінна адбыцца і без яе актыўнага ўдзелу.
Па скрыпучым паркеце калідора зацокалі нечыя абцасікі, потым
пачуўся ціхі запытальны голас:
- Чаму ты не на занятках?
Аксана ўзняла вочы. Насупраць стаяла завуч вучылішча і ўважліва
ўглядалася ў яе твар.
Гэтай сівагаловай жанчыне было каля пяцідзесяці. Яна здавалася
зусім не строгай, нейкай занадта па-жаночаму мяккай. Лепш бы па калідоры
прайшоў дырэктар! Той бы ўсё зразумеў куды лепей. Не надта давяраючы дабрыні
завуча, Аксана знарок адказала рэзка, каб мацней падкрэсліць спецыяльна
для гэтай добранькай цёткі ўсю ганебнасць учынку выкладчыка:
- Таму, што выкладчыкі вучылішча прыходзяць на заняткі п'янымі!
- Якія выкладчыкі? - аж пахіснулася завуч.
- Ідзіце ў кабінет фізікі і паглядзіце, у якім стане выкладчык!
- голас у Аксаны задрыжаў ад крыўды. - Ён выклікаў мяне адказваць, а сам
спіць за сталом!
Завуч ці не подбегам накіравалася ў калідор, што вёў да кабінета
фізікі.
...У канцы дня па вучылішчы папаўзлі чуткі, што выкладчыка
фізікі выганяюць з работы. Але ён яшчэ прабудзе тут нейкі час, пакуль
знойдуць яму замену.
Аксана адчула заспакаенне і нават задавальненне ад гэтых
чутак. Паўсюдна павінен быць парадак...
Праз дзень першым урокам зноў была фізіка.
Навучэнцы зайшлі ў кабінет, выкладчык стаяў да іх спіной,
глядзеў у акно.
Празвінеў званок, ён павярнуўся да стаяўшай групы:
- Добры дзень, сядайце, калі ласка.
Калі лёгкі шум сціх і ў кабінеце ўсталявалася цішыня, выкладчык
стаў за стол - нейкі яшчэ больш высахлы, з запаўшымі вачмі, сухімі, вуснамі,
незвычайна ціхі і сумны.
- Дзеці, я прашу ў вас прабачэння за тое, што пазаўчора не
змог весці заняткі. Я... - выкладчык, відаць, думаў, казаць нешта яшчэ,
ці не казаць, але ўсё ж прадоўжыў сіплым голасам: - У тое ранне я вярнуўся
з хаўтураў. Я пахаваў свайго роднага брата. Мы раслі ў дзіцячым доме,
без бацькоў. Брат быў маім адзіным родным чалавекам. Ён... ён трапіў у
аўтамабільную аварыю. У яго засталося двое дзяцей. Старэйшая дачка вашага
ўзросту... Я яшчэ раз прашу ў вас прабачэння за свой выгляд у пазаўчарашняе
ранне. А цяпер... Цяпер зоймемся фізікай...
У аўдыторыі стала ціха, толькі было чутно нечае перарывістае
дыханне.
- Аксана, вы, здаецца, хацелі нам расказаць аб правадніках
і дыялектрыках? У вас яшчэ засталося жаданне? Ці, можа, адкажаце другім
разам? - выкладчык спагадліва, нават вінавата, нібы просячы прабачэння,
глядзеў на дзяўчыну.
- Я... Я не ведала... - Аксана ўзнялася з месца, з апошніх
сіл спрабуючы неяк прывесці ў парадак свае думкі, на якія раптоўна абрынулася
мноства пачуццяў. - Я не хацела...
Яна міжволі апусцілася на стул.
- Ну, нічога страшнага. Зрэшты, займемся новай тэмай...
Аксана ўсхапілася з-за стала і выбегла з аўдыторыі. Нешта
незразумелае душыла яе, падступала шчыльным камяком да горла, спірала
дыханне.
Ногі самі неслі яе да кабінета завуча.
|