Падарунак
Красці трэба ўдвух! Ігар ужо больш за паўгадзіны назірае за кіёскам і ўсё больш баіцца, што яго заўважаць. Не адтуль, ад кіёскаў, а вось адсюль, ад гэтай лаўкі, на якой ён так доўга чакае. Здаецца, сцяжынка тут глухая, ніхто на ёй не павінен з'явіцца, а за той час, як Ігар тут сядзіць, ужо двойчы міма яго прайшлі. Калі ён будзе там, каля кіёска, а тут нехта будзе ісці і кіне адзін толькі позірк у прагал яловых лапкаў - ён убачыць Ігара. І ўсё зразумее: бо што яшчэ робіць каля дзвярэй даўно зачыненага кіёска нейкі хлопец, калі на вуліцы даўно сцямнела, і толькі там, каля кіёскаў, мутная жоўць адной лямпачкі распаўзаецца па бруднай мешаніне снегу, стаптанага за дзень пакупнікамі?
Але красці ўдвух - значыць, сказаць некаму яшчэ, апроч сябе, што ты - злодзей. Не тое страшна, што той, другі, недзе прагаворыцца ці стане цябе шантажыраваць. У Ігара ёсць надзейны сябар - Міхась. Сказаў бы яму - ён бы не адмовіў, пайшоў бы на ўсё, абы дапамагчы. І на той лаўцы пасядзеў бы пяць хвілін, пакуль Ігар зробіць сваю справу.
Але тады Міхась будзе ведаць, што Ігар украў.
І з гэтым цяжка згадзіцца. Лягчэй зрабіць нешта дрэннае, калі ведаць, што ні адна жывая душа не падазрае цябе ў гэтым. Са сваім сумленнем можна яшчэ дамовіцца. Па сутнасці, калі нешта зрабіў, а ніхто не ведае, то быццам і не рабіў, а толькі думаў так зрабіць. І наадварот - калі на нешта адважыўся ў думках, можна лічыць, што зрабіў тое на самай справе ў поўнай тайне. Такая вось логіка.
Ігар не збіраецца станавіцца злодзеем! Яму трэба ўкрасці толькі адзін раз.
Бо заўтра - 8 сакавіка, свята.
А ў яго - ні капейкі грошай.
У іх сям'і грошай увогуле як быццам і не бывае. Бацька прынясе зарплату - назаўтра ад яе толькі пах катлетаў на кухні (лічы, экзатычны ўжо пах) ды запасы крупаў і макаронаў на два тыдні.
- Божа, колькі ж можна так жыць?! - злуецца маці. - Колькі яшчэ можна баяцца купіць нешта сабе з жаночай драбязы! Кожны дзень толькі і думай: што зварыць і з чаго зварыць. Станьце вы на маё месца! - гэта маці кажа бацьку і Ігару, калі яны без асаблівага апетыту абедаюць смажанай бульбай з кіслымі агуркамі.
- Хачу цябе супакоіць, - абнадзейваюча пачынае бацька. - Фінансавая яма - самая глыбокая. Падаць у яе можна бясконца, дна ўсё роўна не дасягнеш.
- Табе смех, а я за апошні год сабе нічога з бялізны нават не купіла, памаду у сябровак бяру, туш высахла, якую пяць год таму купляла! Жанчына я ці мне ў бабы запісвацца ў свае трыццаць пяць год?! - маці нервуецца, голас яе вось-вось сарвецца на крык.
Каб не даць ёй раскрычацца, бацька адказвае сур'ёзна:
- Я не вінаваты ў тым, што некалі адной маёй зарплаты хапала на ўсё, а цяпер мой завод ледзь дыхае, а ты капейкі ў сваёй канторы атрымліваеш, і тыя з затрымкамі па два месяцы. Тысячы так жывуць. Неяк выкруцімся...
- А тысячы жывуць лепей за нас! - усё ж зрываецца на віскат маці.
Ігар сціскае вусны, выходзіць з-за стала, сказаўшы звыклае "дзякуй". Ён ведае, што будзе казаць далей маці. У нейкім сэнсе яна мае рацыю. Жывы прыклад - сусед на лесвічнай пляцоўцы. "Круты" аўтамабіль мае, жонка не працуе, іх дзесяцігадовая дачка ходзіць бы тая лялька Барбі. І бульбу смажаную там пяць раз на тыдзень не гатуюць. "Барбі" увогуле возяць вячэраць у "Макдональдс".
Сусед гандлюе аўтамабілямі...
- Я табе сто разоў казаў і яшчэ сто разоў паўтару: красці не пайду, ашукваць не ўмею і не буду! Мне дармавыя капейкі бокам вылазяць, - кажа, як сякерай сячэ, бацька.
- Другім не вылазіць! - парыруе маці. - І мне таксама не вылезе, нясі мне гэтыя капейкі, я скарыстаю. А красці я цябе не пасылаю. Можа, усе, хто добра жыве, крадуць?
- Не, не ўсе, - пераканаўча адказвае бацька. - Адзін са ста дакладна крадзе. А дзевяноста восем не зарабляюць, а робяць грошы.
- То і ты рабі!
- Я ўмею і раблю гайкі на заводзе. І гэта ўсё, што я магу рабіць на "выдатна". Больш ад мяне нічога не патрабуй.
- То і вы ад мяне не патрабуйце штодзень антрэкотаў з катлетамі!
- Мы і не патрабуем...
Бацька прыходзіць у залу, дзе Ігар без цікавасці глядзіць тэлевізар. Нейкі час яны маўчаць кожны аб сваім, потым Ігар пытае:
- Як гэта табе кожная дармавая капейка бокам вылазіць?
- Ды чорт яго ведае! - паціскае плячыма бацька. - З дзяцінства заўважыў. Знайшоў неяк рубель - вялікія грошы на той час. Накупляў цукерак, усіх частаваў, сам еў. А назаўтра мяне так жывот хапіў - скавытаў, бы шчаня пад плотам. З той пары і пайшло: знайшоў грошы, атрымаў нешта дармавое - на карысць не пойдзе, толькі на шкоду. Думаю, як бы мяса кавалак дзе ўкраў, тым бы кавалкам прама за сталом і падавіўся.
- Цікава... А чаму другія не давяцца?
- Ды хто ведае... Я, сын, думаю, што ў жыцці ўсё пабудавана па вышэйшых законах справядлівасці. Калі ты парушаеш гэты закон, жыццё табе папярэджанне шле - не трэба так, пакараю. Калі ты гэта разумееш, будзе ўсё добра, усё даруецца. Ну, вядома, дзе ненаўмысна зноў парушыш, зноў атрымаеш папярэджанне-пакаранне. Пашкадуеш аб зробленым - даруюцца табе твае грахі. А калі не...
- Тады што?
- Тады, я мяркую, адбываецца наступнае. За нешта непрыгожае чалавеку жыццё адзін раз шле папярэджанне, урок дае. А чалавек гэтага разумець не жадае, зноў тое ж робіць. Зноў яго жыццё лёгка так карае, зноў чалавек да гэтага безуважны. Ці, можа, не звязвае ў адно свае ўчынкі і тое, што ў нас завецца "невязеннем". Учора вось Сямен з нашай брыгады вынес з завода медны кабель, кілаграмаў дзесяць. Сёння яму прэсам палец ледзь не адсекла. Сямён перакананы, што яму проста не пашанцавала, параніў крыху палец, зажыве. І зноў аднекуль медзі прыцягнуў, будзе выносіць з завода, красці...
- Па-твойму, пасля гэтага яму павінна руку адсекчы на тым прэсе? - пытаецца Ігар. Яго зацікавіла бацькава тэорыя.
- Вось тут якраз і не! - пляскае сябе па калене бацька. - На нейкім узроўні папярэджанні спыняюцца. Бачыць жыццё, што ніякімі папярэджаннямі чалавека не крануць, то... Карацей, чалавек, які пераходзіць невядомую нават яму самому мяжу, пачынае атрымліваць ад нячэснага заробку тую ж карысць без усякіх наступстваў, што і ад добрасумленнай працы.
- Уга! А дзе ж тады сэнс? - здзіўляецца Ігар.
- А сэнс у тым, што некалі жыццё выстаўляе рахунак. За ўсе грахі твае, за кожны няправедны крок - адным разам. І гэта бывае дужа балюча...
Маці ўжо колькі часу стаіць каля дзвярэй, слухае нецярпліва. На апошніх словах бацькі яна сярдзіта фыркае, бы кошка:
- Глупства! Жывуць людзі як людзі і паміраюць у цяпле, не ад голаду. А дзецям яшчэ пакідаюць дачы, кватэры, машыны. І хаваюць іх у такіх трунах, што мне б тых грошай, на труну патрачаных, хапіла, каб вас апрануць і сабе б засталося!
- Тады на тым свеце адкажуць, - спакойна рэагуе бацька.
- А я на гэтым пажыць добра хачу, а не на тым, якога няма! Ты яшчэ ў баптысты запішыся і мяне пахрысці - буду Богу маліцца, дзяцей штогод раджаць і суп з крапівы варыць.
- Дарэмна ты так, - супакойвае бацька маці. - Бог усяго толькі тваё сумленне. А грошы ніколі не гарантавалі шчасце.
- Затое без грошай дакладна шчасце не ўбачыць!
- А што такое шчасце? - хутка пытаецца бацька. - Наш кладаўшчык жыве, бы сыр у масле: метал налева ідзе - да рук грошы прыліпаюць. Катэдж пад горадам адбудаваў, унутры - цэлая выстава мэблі, служку наняў, жонка ва ўсё замежнае, па часопісах апранутая...
- Во, а ты ў "хрушчоўцы" і памрэш, у латаных штанах у труну пакладуць, - перабівае маці.
- Чакай, дагавару, - моршчыцца, бы ад кіслага, бацька. - Так да гэтага тыдня было...
- Што, папаўся? - нецярпліва пытае Ігар.
- Не, не папаўся, мо яшчэ больш хапнуў... У яго сын ёсць, яму, як і табе, шаснаццаць. Дык вось, прыйшлі да нашага кладаўшчыка і сказалі, што сын арыштаваны. За рабаўніцтва студэнтак, цэлая банда там іх была. Хто тады з нас шчаслівейшы: я ці ён?
- Ат, адкупіцца...
- Мо і адкупіць сына, - згаджаецца бацька. - А яшчэ тыя левыя заробкі пойдуць не толькі ў суд, але і на лекі - у сына вены ўжо сколаты і сіфіліс.
- Што ты кажаш пры хлопцу... - шыпіць маці.
- Хлопец дарослы, ён гэта даўно ведае, не на такія тэмы мы з ім размаўлялі.
- Вось і невядома, што з нашага будзе яшчэ, - не здаецца маці.
- Што Бог дасць, як ты выхаваеш, тое і будзе. І ты дарэмна так на сына. А потым, я яшчэ не ўсё аб кладаўшчыку расказаў. Пакуль ён сына ў дыспансер уладкоўваў, жонка госця прымала. Вярнуўся з паўдарогі, а дома - анекдот засалены. Няўжо мне і цяпер яму зайздросціць?
Маці маўчыць нейкі час. Потым кажа рэзка, з адчаем:
- Ды не хачу я раскошы! Нам жа на самае неабходнае не хапае... Калі я сабе апошні раз нешта з адзення купіць магла? Даношваю, перашываю... Як парвецца - ў чым хадзіць?
- Нічога, - лагодна суцяшае бацька. - Паправяцца справы. Выкруцімся, выпаўзем з яміны...
Але з яміны яны не выпаўзлі. А заўтра - свята. Сёння Ігар бачыў, як сядзела маці на кухні, глядзела на сваё адлюстраванне ў цёмным шкле газавай пліты. Яна была сумнай-сумнай і нечакана выглядала намнога старэй, чым прывык яе бачыць штодзень Ігар.
Тады ён вырашыў, што заўтра купіць маці падарунак. Той самы невялікі набор парфумы. Там ёсць памада, ёсць туш...
Ігар зрабіў рэвізію сваёй маёмасці. Прадаць можна было толькі аудыёкасеты з запісамі. Некалі яго аднакласнік прапаноўваў купіць. Ігар патэлефанаваў. Аднакласнік купіць касеты згадзіўся з радасцю, але грошы мог аддаць толькі пасля дзесятага сакавіка - пасля таго, як атрымае зарплату маці.
Пазычыць тасама няма ў каго.
На рынак совацца няма сэнсу - туды трэба ісці талакой, інакш прагоняць - канкурэнцыя, жадаючых падзарабіць разгрузкай-пагрузкай хоць адбаўляй. Ды цяпер і талакой зарабіць цяжка, бо чужых туды даўно не пускаюць. Летам Ігар з хлопцамі спрабаваў. Атрымалася як быццам няблага, адзін раз знайшлі добрую работу, але ў канцы дня не абышлося без бойкі - мясцовыя запатрабавалі падзяліцца заробленым - "за выдатныя ўмовы працы". Адбіліся, грошы засталіся цэлымі, але на гэтым шанцаванне скончылася. Больш на рынак іх не пусцілі...
Тады Ігар успомніў пра кіёск.
Месяц таму ён вяртаўся са школьнай дыскатэкі. Праводзіў дадому аднакласніцу, вяртаўся міма таго кіёска, калі добра сцямнела. Увагу Ігара прыцягнула рыпенне дзвярэй. Ён глянуў: дзяўчына зачыняла кіёск, навешвала вялікі замок. Хутка павярнула ключ, а потым прыўзнялася на дыбкі, правяла рукой, якой замыкала замок, недзе над дзвярыма. Ігар зразумеў - недзе там схованка, дзяўчына клала туды ключ. Відаць, гандлюе яшчэ з некім, а ключ толькі адзін...
Не, тады у яго ніякай думкі не ўзнікла.
Гэта сёння ён узгадаў пра кіёск. Калі ўбачыў незвычайна сумную маці, калі цяжка ўздыхнуў бацька ў адказ на пытанне, ці дадуць яму на заводзе зарплату, калі Ігар зразумеў, што сам грошы не знойдзе.
...Ён ніяк не можа адважыцца зрабіць першы крок да кіёска. Ужо чвэрць гадзіны міма яго ніхто не праходзіў, здаецца, можна ісці без страху. Ды і час падганяе - яшчэ праз хвілін сорак закончыца другая змена на недалёкім адсюль механічным заводзе, сцяжынка запоўніцца людзьмі, і тады трэба будзе чакаць да гадзіны ночы. Бацька вернецца з працы, пабачыць, што Ігара няма, і разбудзіць маці. Можна будзе неяк адгаварыцца, але назаўтра, калі Ігар купіць маці той парфумны набор, бацькі, пэўна ж, аб нечым падумаюць, іх думкі неяк звяжуць у адно нечаканы падарунак і яго позняе сённяшняе вяртанне...
Ігар подбегам, чамусьці прыгнуўшыся, хоць у гэтым няма аніякага сэнсу, набліжаецца да кіёска.
Ён не злодзей. Не збіраецца ім быць. Ён возьме толькі адзін раз, возьме роўна столькі грошай, колькі каштуе той парфумны набор. Ні рубля больш. Або увогуле возьме сам набор. Калі толькі знойдзе яго навобмацак. Бо ліхтарыка ў яго няма, а запалкамі надта не пасвеціш...
Ён увогуле верне грошы! На самай справе - ён верне грошы. Вось прадасць запісы, прыйдзе да гэтага кіёска і аддасць. Скажа: я вам павінен. І ўсё. Так проста...
На душы стала калі не лёгка, то хоць нейкая там адтуліна з'явілася, у якую можна загнаць сваё сумленне, прымусіць яго там сцяцца і не варушыцца, не замінаць рабіць справу...
Праз хвіліну Ігар стане злодзеем. Ён разумее, што яго апраўданне застаецца толькі апраўданнем, словамі. Што красці нельга ні з якой прычыны. Уся сутнасць яго, Ігара, супрацівіцца гэтаму дзеянню. Ён з маленства ведае, што браць чужое нельга. Так казаў дзед, стары, сівы, які, па словах бацькі, саломіны чужой не падняў.А калі падняў, то ўжо, пэўна, занёс яе да гаспадара.
Ігар не баіцца таго пакарання, аб якім гаварыў бацька. Бо не сам жа збіраецца скарыстаць тую парфуму, не для сябе ж крадзе - для маці, для таго, каб хоць колькі свята стала падобным на свята. Хіба ён вінаваты, што няма іншага выйсця, акрамя як красці, каб на адну хвілінку пасвятлеў заўтра твар маці?
Ён верне грошы... Ён верне грошы...
Ігару не трэба прыўзнімацца на дыбкі. Ён асцярожна, зняўшы пальчатку, праводзіць пальцамі над дзвярыма. Так, ёсць жалабок. Але там - пуста...
Ігар выдыхнуў паветра з нечаканай палёгкай. Няма ключа. Значыць, не трэба красці. А маці... Ён павіншуе заўтра маці словамі. Зойдзе раненька на кухню і павіншуе. І сам наабірае бульбы, каб потым нацерці яе і насмажыць хрумсткіх дранікаў...
Не будзе ж ён цяпер ламаць гэты вялізны замок. Ды і няма чым. І вітрыны кіёска закрыты шчытамі. Не атрымалася - ну і няхай. Ігар будзе ведаць для сябе, што ён зрабіў усё, што мог. А цяпер пара дахаты. Ногі ўжо добра змерзлі.
Думка пра ногі міжволі скіроўвае позірк Ігара долу.
На невялікім ганку, якраз насупраць наска бота, ляжыць бліскучы ключ.
Сэрца замірае, потым пачынае бухкаць у грудзях павольна, але з такой сілай, што яго бухканне перадаецца да рук, і яны ўздрыгваюць у такт ударам сэрца.
Ключ ляжыць на снезе. Яго клалі ў схованку, але рабілі гэта, відаць, у пальчатках, спехам. Вось ён і зваліўся. На ганку снег, ключ упаў без стуку. Цяпер яго можна падняць, уставіць у замок і павярнуць. Замок зняць. Адчыніць дзверы. Зайсці. Прычыніць дзверы, запаліць запалку і знайсці той парфумны набор або грошы...
Пяць хвілін - і ўсе праблемы заўтрашняга дня будуць вырашаны.
А сэрца забухала яшчэ грамчэй, здаецца, нехта можа яго пачуць. Нехта можа ў любы момант падысці або ўбачыць. Крыкнуць. Выклікаць міліцыю. У любы момант тут можа прыпыніцца міліцэйская машына. Міліцыянеры, можа, ўжо дзе блізка, назіраюць ад той самай лаўкі, чакаюць, калі Ігар адчыніць кіёск і зойдзе, каб потым хутка падскочыць і закрычаць: "Ага, папаўся!"
Ігар уздрыгнуў. Гэты прыдуманы ягоным ўяўленнем крык прагучаў так натуральна, што імгненна стала горача.
Трэба падняць ключ...
Ігар глядзіць на яго, ключ цьмяна паблісквае металам. Ён раптам здаецца гарачым, ажно распаленым - возьмеш і апячэш пальцы.
Глупства, не трэба нічога баяцца. Вакол ні душы. І ключ халодны. І ніхто яго не заўважыць...
Бацьку добра з яго філасофіяй. Ён прывык ужо да гэтай пастаяннай няхваткі грошай, прывык да бурчання маці, да яе бясконцых скаргаў на жыццё. Бацька прывык да бядоты і нічога не жадае мяняць. Для яго галоўнае яго сумленне. Бацька - эгаіст!
Ігару здаецца, што прайшло ўжо безліч хвілін, як ён стаіць над гэтым ключом.
Трэба падняць ключ.
Ён зараз гэта зробіць.
І ўсё стане іншым.
Ён сам стане другім - ён стане злодзеем. І бацька - ён стане сынам злодзея, і маці - для яе ўкрадуць падарунак. Яны не будуць аб гэтым ведаць - аб тым, што яны сталі іншымі. Але гэта будзе ведаць Ігар.
І свет вакол стане іншым - на аднаго злодзея будзе больш.
Ігар зараз нахіліцца, падніме ключ. А да ключа прывязана нешта. Гэтае нешта - бомба. Яна ўзарве свет, у якім дагэтуль жыў Ігар. Свет пасля ўзрыву стане іншым. Гэтага не заўважыць ніхто, гэта будзе ведаць толькі адзін Ігар. І ён адзін будзе несці крыж - крыж ведання таго, што свет стаў іншым. Бо сам Ігар стаў іншым.
Каб змяніць свет, трэба ўсяго толькі змяніцца самому. Недзе аб гэтым Ігар, здаецца, чытаў ці чуў.
Цяпер яму раптоўна становіцца зразумелым сэнс гэтых слоў, быццам нядаўна яны, словы, былі напісаны на незразумелай мове, і вось у яго галаве шчоўкнуў нехта выключальнікам, і ён змог іх прачытаць: "Каб змяніць свет, трэба ўсяго толькі змяніцца самому".
Мышцы спіны напружынены. Трэба нахіліцца...
Маці сто разоў папракала бацьку, што той не ўмее "рабіць" грошы. А бацька лічыць, што ашуканствам грошы зарабляць нельга. Некага ашукваць - значыць, будаваць сваё асабістае шчасце на чужой бядзе.
Маці згадзілася б будаваць іх шчасце на нечай бядзе?
Маці згадзілася б на крадзены падарунак?
Калі б ёй зараз сказалі, што яе сын стаіць каля кіёска, які збіраецца абрабаваць, як бы яна да гэтага аднеслася?
Яна была б задаволена тым, што дзеля парфумы яе сын рызыкуе сесці ў турму?
Няўжо гэта так важна ў жыцці - напамажаныя вусны, падведзеныя бровы, пафарбаваныя вейкі? Няўжо дзеля гэтага можна ісці насуперак свайму сумленню?
"Не крадзі"!
Ігар чуў гэта ад бацькі. Гэта не бацькавы словы - ён казаў, што гэта адна з найгалоўнейшых запаведзяў хрысціянства. У Бога можна не верыць. Але ж гэтыя запаведзі, Хрыстос дзве тысячы гадоў жывуць, у мільярдах выдадзеных Біблій, у мільёнах чалавечых сэрцаў. Колькі храмаў пабудавана, імя Хрыста ў любым кутку свету вядома... Не дарэмна ж, відаць...
Раптоўная думка ўладна ўзрывае ўсё нагрувашчваннне пачуццяў у душы Ігара: ён можа вось цяпер, стоячы над ключом, маючы найлепшую магчымасць, сказаць простае "не".
"Не буду!" - голасна крычыць некаму ў думках Ігар, некаму невядомаму, таму, хто прымусіў яго ісці сюды познім вечарам. Гэты крык прыносіць сапраўдную палёгку, нават - задавальненне. Гэта ж цудоўна - вось так стаяць над ключом, які дае табе магчымасць узяць не тое што нейкі там набор парфумы, а казачна разбагацець і крычаць, радасна крычаць ад перамогі над тым невядомым: "Не буду! Не вазьму! Вось магу ўзяць - і не вазьму! Не таму, што не магу, не таму, што страшна, а таму, што НЕ ХАЧУ!"
Ігар адчуў сапраўдную асалоду. Так светла, узнёсла ён не адчуваў сябе ніколі. Ад шчымлівага пачуцця ўласнай годнасці свярбелі вочы.
Ігар няспешна саступіў з ганка і павольна, амаль урачыста пайшоў прэч ад гэтага кіёска. Ён не заўважаў дарогі і не думаў аб тым, што ісці пешкі вельмі доўга.
Свет змяніўся. Ігар адчуваў гэта. І гэта веданне не гняло, наадварот, было лёгка, незвычайна лёгка на сэрцы...
...У кватэры пахла кавай!
Ігар распрануўся, прайшоў на кухню. Бацька чытаў за сталом, а на стале стаяла бляшанка "Нескафэ". Маці проста трызніць гэтай кавай. Адзін кубак быў з рэшткамі напою, другі гаркава параваў перад бацькам.
- Змерз? - проста спытаў бацька. - Вада гарачая ў чайніку, калі жадаеш, папі гарачага, - ён паказаў на бляшанку з кавай.
- Маці ўжо пачаставалася? - спытаў Ігар.
- А як жа! - ціха засмяяўся бацька. - Ужо спала, але як пра каву сказаў - падхапілася.
Ігар згатаваў сабе кавы, сеў насупраць бацькі. Кава была духмянай, аж млосна рабілася ад яе паху. Калі яны апошні раз куплялі такую каву?..
Бацька адклаў убок газету, глянуў на дзверы. Палез у кішэню.
- Заўтра зранку збегаеш да універсама, там сёння мімозы бабулькі прадавалі, - загаварыў ён прыглушаным шэптам, паклаў на стол грошы. - Нам далі аванс невялікі. Тут і на кветкі, і табе крыху на падарунак. Ты ж без грошай?
Ігар моўчкі кіўнуў. Ён не мог выціснуць з сябе ні слова - пачуцці душылі яго. Ён глынуў кавы, можа, залішне, і ці то ад гарачай вадкасці, ці то яшчэ ад чаго выступілі слёзы. Ён баяўся выцерці іх, каб бацька не заўважыў мокрых вачэй. Зрэшты, няхай думае, што сын проста апёкся гарачым...