НАЗІРАЛЬНІК

Дзіўная птушка бусел. Іван Каўтун, у якога жонка Марыся ніяк не магла жывое дзіця нарадзіць, і верхавіну бярозкі каля свайго дома ссек, і драўляную барану туды зацягнуў, і голля сухога на яе накідаў - а пара буслоў дзве вясны запар кружыла над вёсачкай, ды так і не прысела на тую барану. А ўзімку абламалася верхавіна бярозкі каля дома бабы Адаркі. Тады ўвесь дзень ішоў мокры снег, а ўночы падмерзла - вось і не вытрымала цяжару нахіленая ўбок верхавіна.
І буслы - на табе! - па вясне пачалі на той знявечанай бярозе ладзіць гняздо.
Баба Адарка з такой навіны лаяцца пачала, бо гняздо якраз над лаўкай прыйшлося, на якой яна надвячоркам любіць пасядзець са сваімі суседкамі у чаканні з пашы кароў. А тут - буслы над галавой. Праўда, лаялася Адарка без злосці, на птахаў не крычала, так, ушчувала толькі, што да Каўтуноў не паляцелі. Івана Каўтуна ж і папрасіла перанесці ўжо запэцканую крыху птушыным памётам лаўку ў другое месца.
Шэсць год запар выводзілі птушанят буслы над хатай бабкі Адаркі.
Веньку б хто спытаў, чаму буслы менавіта гэтую бярозку аблюбавалі. Яму тады хоць і было толькі сем год, але ён бы дакладна сказаў, што хата Адаркі на самым высокім месцы ў вёсцы стаіць, якраз пасярэдзіне.
На сёмы год, як пасяліліся буслы на Адарчынай бярозцы, старая памерла. Якраз на Вадохрышча, прыехала з царквы, увайшла ў сваю пустую нятопленую хату, прысела каля дзвярэй на зэдлік, ды і не ўстала ўжо. Так яе назаўтра і знайшлі - вочы закрытыя, рукі на жываце складзеныя, сядзіць на зэдліку, бы задумалася над нечым глыбока.
Па вясне хату і хлеў з прагнутым саламяным дахам калгас разабраў на дровы: блізкія ад Адарчынай спадчыны - спарахнелай драўлянай хаткі - адмовіліся.
І ў невялікай вёсцы паменела яшчэ на адзін двор. Цяпер іх засталося толькі дваццаць пяць - дванаццаць хат з аднаго боку вуліцы і трынаццаць з другога.
Дзве старыя яблыні ў Адарчыным агародзе спілавалі. Засталася ад Адарчынага надворка адна бярозка з буслянкай. А буслы яшчэ толькі той вясной завіталі ў старое гняздо. Вывелі трох птушанят ды нешта рана і паляцелі з вёскі. На наступны год доўга луналі два птахі высока ў паднябессі над вёскай, было, апускаліся на гняздо, тыцкалі, бы нехаця, дзюбамі ў пераплеценае чорнае голле, а больш стаялі нечага самотныя. І - паляцелі з вёскі. Зніклі.
Цяпер іх гняздо - назіральны пункт Венькі. Ён залазіць на бярозку, абвязаўшы сябе і ствол тоўстай вяроўкай. Гняздо буслоў шырокае, метры два ў дыяметры, з ямкай пасярэдзіне. Веньку знізу не бачыць ніхто, бо ён нацягаў наверх яшчэ голля, абклаў ім гняздо з усіх бакоў. Затое Венька бачыць усё: вёска перад ім як на далоні. А яшчэ калі зірнуць навакол праз шкельцы падзорнай трубы!
Што праўда, то праўда - падзорная труба ў Венькі самаробная. Мара мець сапраўдны бінокль жыла ў Веньку здаўна, яшчэ з дзяцінства, колькі ён сябе помніць. А дзе ты яго купіш, ды і за што? Маці грошай на такую рэч не дасць.
Падзорную трубу Венька змайстраваў сам. Знайшоў у адной кніжцы яе апісанне і вырашыў: зраблю. О, не так проста ўсё было! Венька, пакуль патрэбныя лінзы дастаў, яшчэ безліч усяго даведаўся: пра фокусы лінзаў, як іх вымяраць, пра аб'ектывы і акуляры. Акуляр Венька зрабіў з лупы - купіў, цішком выпрасіўшы ў бацькі грошай. А аб'ектыў - са старога фотаапарата.
Сказаць па праўдзе, то нічога б у Венькі, можа, і не атрымалася, каб не бацька. Пабачыў той, што Венька па вечарах нешта майструе, спытаў:
- Што гэта за цацку клеіш?
Венька моўчкі чарцяжы бацьку працягнуў. Той паглядзеў уважліва, пашкроб патыліцу.
- З паперы, брат, нічога не атрымаецца. Тут дакладнасць трэба, значыць, трубкі павінны быць трывалымі. І лінзы замацаваць трэба надзейна...
- А з чаго рабіць?
- Хто яго ведае... Зрэшты, можна і з паперы, толькі...
Бацька не дагаварыў, накінуў на плечы ватоўку, пайшоў да сябе ў хлевушок. Вярнуўся, прынёс з сабой некалькі паленаў дроў-круглякоў.
- Што ты валачэш дровы, я ўжо прынесла, - сустрэла яго папрокам маці.
- То не дровы... - спакойна адказаў бацька.
Маці моўчкі глядзела, як бацька, паглядваючы то ў чарцяжы Венькі, то на круглякі, выбраў два.
- Так, бяры нож і раўняй вось гэта, - працягнуў Веньку адно палена. - Яно якраз па таўшчыні будзе пад меншую трубку. А я гэта падраўняю...
Прыселі каля печы, пачалі шчыраваць нажамі.
- Роўна абстругаем па дыяметры, потым абгорнем паперай. Паперу зверху змажам клеем, якім драўніну клеяць. Зноў абгорнем паперай. І так - некалькі слаёў... - расказваў бацька свой план.
- У свіней ідзі лепш пачысці! - адазвалася маці на гэтыя планы. - Не зайсці ў хлеўчык!
- Учора ж чысціў...
- А я сёння па калена ў брудзе стаяла! - узмацніла голас маці. - Божа, ды што за жыццё такое! Толькі аб гэтым і марыла - свінні, гной, печ і мужык-недалуда ў дзіцячыя гульні гуляе!
- У вёсцы ж жывем, як жа без парсючкоў? - прагаварыў бацька. - Ды і не горш за іншых жывем...
- Табе абы спаць дзе было ды паесці! На сядзібе ў людзей газ, печаў ніякіх, батарэі грэюць, вада, ванна з туалетам, а я - як у хляве якім! Ды яшчэ сярод ваўкоў, - разышлася маці.
- Не сярод ваўкоў, а сярод людзей. А што лес блізка - то і добра: грыбочкі, ягады... - казаў бацька, абстругваючы палена.
- Я па-чалавечы жыць хачу! - выгукнула са злосцю маці, пайшла ў другі пакой. Уключыла там тэлевізар.
- От жа, чым тут дрэнна жыць? - сам у сябе спытаў бацька. - Усе вакол так жывуць.
Веньку ніколькі жыць тут не дрэнна. Праўда, у вёсачцы ён адзін - хлопцаў больш няма. З жыхароў хто хацеў, той пераехаў на цэнтральную сядзібу калгаса. Яшчэ дзве сям'і засталося з дзецьмі, але там дзяўчаты. А так - адны бабулі ды дзядулі...
Маці бурчыць - чаго не пераехалі. Ёй на веласіпедзе ў калгасную кантору, дзе яна працуе, ехаць недалёка, але маці хоча, каб вада была ў хаце, з крана і каб не трэба было паліць у печы.
А бацька ўпарціцца: ён гэтую хату будаваў з дзедам, які памёр ужо, тут ягонымі рукамі кожная дошка да месца прыбіта-прыладжана. І грубку з печчу бацька сам клаў.
- Гняздо тут маё, - кажа бацька на папрокі маці. - Не пайду нікуды з бацькавай зямлі. Сад вунь які, яго не перанясеш...
- А каб ты тут спарахнеў, - лаецца маці, - з яблынямі тымі!
Колькі Венька памятае, маці заўсёды на бацьку лаецца. Спачатку адмовілася карову трымаць, як памерла баба Маня, бацькава маці, лаецца, што дровы трэба пілаваць, хоць пілуюць бацька з Венькам, а не яна. Лаецца, што трэба даваць свінням есці, што трэба паліць у печы і грубцы, хоць большую частку работы па гаспадарцы робіць бацька і сам Венька.
Венька за гэта крыўдуе на маці, а яна ў адказ крычыць на Веньку, што ён дурны і нічога не разумее ў жыцці.
Ды ўсё Венька разумее. Ён бы таксама на бацькавым месцы нікуды адсюль не паехаў. Тут - ціха. Тут пачуеш вясной першага жаўрука, улетку драч спявае да паўночы, а восенню самотны клін журавоў праплывае з ціхім развітальным курлыканнем. Тут - вольна, тут лёгка дыхаецца на поўныя грудзі, тут вецер разносіць пахі блізкага бору, лугавых кветак...
А маці - прывыкне. Ён жа, Венька, прывык.
2
Хвацкая труба атрымалася ў Венькі з бацькам! Як самая сапраўдная. Праўда, калі ў яе глядзець, то хоць і павялічвае добра, але па краях адлюстраванне расцягваецца, скажаецца. Лінзы трэба падбіраць, а з чаго ты іх падбярэш?
Ды Веньку і так добра. Ён залазіць на старую буслянку, кладзецца на жывот і аглядае наваколле.
Венька - назіральнік.
Вёска перад ім - як на малюнку. Два няпоўныя рады хат і хлявоў, на якіх сустракаюцца яшчэ і саламяныя дахі, састарэлыя сады, блізкі край лесу, канава з кустоўем за агародамі. На гэтай канаве з пакатымі схіламі на тым тыдні бацька касіў траву, а Венька разбіваў валкі. Венька ж і варушыў падсохлае сена, а граблі і складвалі ў копы ўчарашнім надвячоркам усе ўтрох: бацька, маці і Венька. Маці не любіць грасці сена, у яе не атрымліваецца так, як у бацькі, зубы грабляў глыбока лезуць у няскошаную траву, дзяруць яе. Маці бурчыць:
- На халеру табе сена гэтае, каровы ж няма!
- Прадамо або ў калгас здамо, - прымірэнча адказвае бацька. - На тэлевізар каляровы будзе...
- І да свіней той тэлевізар занясі! З тваёй зарплатай купіш новы тэлевізар!
- Усе трактарысты так атрымліваюць...
- Усе ды не ўсе! Я ў бухгалтэрыі сяджу, ведаю больш твайго, хто колькі атрымлівае.
- Ну, не менш за ўсіх...
- Ат, з тваімі заробкамі! - маці турзае з усе моцы граблі, нешта трашчыць.
Так і ёсць - два зубы зламаліся...
Венька аглядвае копы - ці не расшкуматаў іх вецер. Не, усё добра. За канавай - поле з буракамі. Там цяпер толькі некалькі згорбленых постацяў. Заўтра і Веньку туды ісці - дапамагаць маці, бо ўсім канторскім у калгасе далі дзялкі буракоў.
У вёсцы ціха, бы вымерла ўсё. Толькі ў агародзе цёткі Галі нешта варушыцца. Венька скіроўвае сваю трубу ў той бок.
Дзядзька Антон прысеў між дзвюх яблыняў у малінніку і грабе зямлю рукамі. Нешта бліснула - гэта бляшаная накрыўка. Дзядзька не адкідвае, а пераварочвае яе дагары, потым з-за пазухі дастае чорны гумавы шланг, з метр даўжынёй. Апускае адзін яго канец некуды ў зямлю, а другі бярэ ў рот. Праз хвіліну ён дастае шланг, кладзе на месца накрыўку і засыпае ўсё зямлёй.
"Ды там жа закапаны бітон з самагонкай!" - здагадваецца Венька. Вось чаму дзядзька Антон штодня п'яны!
А цётка Галя не ведае ўжо, што і рабіць: на працу яе муж не ходзіць, дах на хаце працякае, дроў на зіму - ні палена, а яму хоць бы што. Сыйдзе куды на дзень, дапаможа каму ці сена прывезці, ці дровы парэзаць, вып'е - вось і ўсё яго шчасце.
Венька дастае блакнот і ручку - сюды ён занатоўвае свае назіранні. Позна ўвечары ён напіша друкаванымі літарамі на лістку паперы: "Антон знайшоў схованку ў садзе" і прыклеіць да дзвярэй Антонавай хаты.
Цётка Галя прачытае... Вядома, гэта яна схавала самагонку: хутка восень, бульбу капаць трэба, па дровы ехаць ды касіць яшчэ колькі. Вось на пачастунак мужчынам і прыхавала, бо на свайго Антона надзеі мала.
Венька не заўсёды такія аб'яўкі піша. На тым тыдні ў дзеда Змітрака цялушка сарвалася з прывязі ды збегла. Усе кінуліся ў лес шукаць, а Венька выгледзеў яе з буслянкі зусім у другім баку - у калгасным жыце. Толькі чорную галаву і згледзеў - жыта высока ўжо стаіць. Сам цялушку і прыгнаў на дзедаў надворак.
А вось калі цётка Зіна злавіла ў сваім агародзе курыцу сваёй суседкі, паўсляпой бабы Ганны і адсекла ёй галаву, Венька напісаў аб'яўку і паклаў яе на лаўку Івана Каўтуна, бо Іван Каўтун - дэпутат сельскага Савета. Венька ў той паперцы напісаў, дзе цётка Зіна схавала курынае пер'е - каля будкі туалета закапала.
Іван Каўтун тады сам яго раскапаў, а цётка Зіна мусіла аддаць за курыцу грошы.
Дзядзька Іван малайчына - нікому не сказаў, што знайшоў у сябе на лаўцы прыціснуты каменем лісток паперы.
Здаецца, больш нічога цікавага ў вёсцы няма. Венька паварочваецца на спіну, разгортвае кніжку - самы раз пачытаць.
Недзе праз паўгадзіны чуецца крык і лаянка: Венька бачыць, як цётка Галя стаіць насупраць свайго мужа і крычыць. А той толькі крывавата пасміхаецца.
Цётку Галю Веньку шкада. Яна добрая жанчына і вельмі любіць сваіх дачок - Аленку і Танюшку. З Аленай Венька ходзіць у адзін клас. Вяртаюцца са школы яны разам. "Вось нявесту табе вырашчу, - смяецца, як пабачыць іх разам, цётка Галя, абдымае-прыціскае да сябе Аленку. - Будзеш маім зяцем?"
Аленка чмыхае носам і густа-густа чырванее, рвецца з абдымкаў маці.
Венька адчувае, што чырвань пакрысе напаўзае і на ягоны твар, але адказвае разважліва, па-сур'ёзнаму:
- Малая крыху, цётка Галя. Падгадуйце, пакуль я сабе новыя штаны куплю.
Цётка смяецца ва ўвесь свой прыгожы, з роўнымі белымі зубамі рот, аж у куточках вачэй збіраюцца бліскучыя кропелькі.
- Падгадую, падгадую, зяцёк! Прыходзь на яешню!
Аленка нарэшце вырываецца з абдымкаў, бяжыць у хату, а велікаватыя чорныя матчыны боты сноўдаюць на нагах, шырокія халявы б'юць па худых лытках. Парыў ветру нахабна прыўздымае край вылінялай, кароткай школьнай сукенкі, і Венькавым, і цётчыным вачам на момант адкрываюцца белыя плямы дзявочых сцёгнаў, што свецяцца праз вялікія і маленькія дзіркі ў чорных калготах.
- Вось так і жывём, Венька, - умомант сунімае смех цётка Галя, - купіў бы ты маёй Алёнцы калготы. А то дзеўцы няма за што...
Венька б купіў - у падарунак. Але пакуль і ў яго няма за што. Вось праз месяц жніво пачнецца, то пойдзе на зерняток працаваць, нешта атрымае. Не выпрошваць жа ў маці - сам заробіць. Толькі Венька яшчэ не прыдумаў, як гэтыя калготы Аленцы аддаць. А пра патрэбны памер ён ужо усё даведаўся - у краме вясковай пастаяў, вушы натапырыўшы.
Хутка абед. Венька назірае, як некалькі жанчын з вёдрамі ідуць на пашу - даіць кароў. Далёка на дарозе з'яўляецца жанчына на веласіпедзе. У яе амаль чорныя, каротка стрыжаныя валасы. То маці. Навошта яна так пастрыглася і чаму пафарбавалася, Венька не ведае. Але раней было куды лепш.
Трэба злазіць. Якраз паставіць на стол абед - і маці прыедзе.
3
Сонца паліць, бы на спіну хто гарачую патэльню паставіў.
Радочкі буракоў дзе відаць добра, а дзе пустазелле так заплялося, што толькі глядзі, каб не ссекчы кволыя зелянцы.
- О Божа, усім людзям дзялкі як дзялкі, а мне і тут лёс найгоршую падсунуў! - маці сячэ з незразумелым адчаем, шырока ўзмахваючы матыкай.
Тут жа не трэба сілу прыкладваць - пустазелле яшчэ маладое, а бацька ўчора матыкі навастрыў. Ды і не так стамляешся, калі паціху.
- Ты не сячы так моцна, мам, - угаворвае Венька.
- Не вучы! - злуе маці, прысядае, каб вырваць з раду буракоў пустазелле. - Калі ўжо скончыцца гэтая катарга!
- Такі лёс жаночы, - чуецца мужчынскі голас. - Добры дзень!
Венька, нахіліўшыся, з-пад ілба глядзіць на мужчыну ў доўгіх шортах, белай, з малюнкам, майцы. Ён ведае, што гэта - загадчык клуба. Ягоная жонка цяпер цяжарная, то палоць буракі прыйшоў ён сам.
- Ат, не кажыце, Ігар Адамавіч, - спакайней, нават з ноткамі лагоды, адказвае маці. - І вам прывітанне. У горадзе людзі жывуць як людзі, а тут поле - хлеў, хлеў - поле. Свету не відно.
- Так, Ірына Іванаўна, так, - згаджаецца загадчык клуба.
Веньку не падабаецца гэты ліслівы голас мужчыны, не падабаецца, што ягоную маці назвалі па-бацьку тут, на полі, не падабаецца, што маці быццам узрадавалася, што з ёй загаварыў гэты мужчына, не падабаецца цяпер і тое, што маці поле буракі ў адным купальніку, які нядаўна купіла ў райцэнтры. Колькі хвілін таму Венька сам крадком любаваўся, саромеючыся свайго любавання, прыгожым, ладным станам маці. Яна ў гэтым купальніку ніколечкі не падобна на вясковых жанок - быццам сышла са старонкі каляровага часопіса. А цяпер Веньку не падабаецца, як вочы гэтага загадчыка хутка, зладзеявата абглядаюць зграбны стан маці. Не падабаецца, што маці стаіць і не поле.
- Бядота, бядота ва ўсім, - працягвае мужчына. - А галоўнае - бядота ў зносінах, духоўная бядота. Бог стварае жанчын па-рознаму. Некаму наканавана лёсам сядзець у вёсцы, ім гэта падабаецца. Але ж часам лёс заносіць у гэты цёмны свет светлыя, тонкай душы натуры, якія прагнуць духоўных вышынь. Я разумею, нехта ў юнацтве марыць асвяціць святлом сваёй душы, сваіх памкненняў гэтую цемру, а сутыкаецца, прабачце за натуралізм, са свінячым гноем ды пустазеллем на градах...
- От і я некалі дурная была, - кажа маці. - Паперла мяне ў вёску са сталіцы, рамантыкі захацелася. І кінула б усё, ды во, камень вісіць.
Веньку як кіпнем абдаюць гэтыя словы. Ён разумее, што камень - гэта ён і адчувае сябе ў гэты момант на самай справе нечым нежывым і разумее чаму: маці размаўляе з мужчынам так, быццам яго, Венькі, няма побач, быццам ён не чуе і не можа чуць.
-Тады што, у вёсках адно дурні жывуць? - азіраецца на маці з выклікам Венька. - І тата дурны?
- То я дурная, сынок, - з непрыемнай халоднай усмешкай адказвае маці, - што за твайго бацьку замуж пайшла.
Венька нахіляецца да зямлі. Яго душыць крыўда, ён шукае словы ў абарону бацькі і не знаходзіць. Як сказаць, што яго бацька - лепшы за ўсіх? Не дакажаш жа тым, што дапамог зрабіць падзорную трубу, што ніколі не крычыць без прычыны, што не лаецца, што не п'е...
"Ён лепшы, лепшы... Лепшы за гэтага загадчыка!" - даказвае маці ў думках Венька, інтуітыўна, падсвядома адчуваючы нейкую пагрозу ў гэтым Ігары Адамавічы.
4
Назаўтра Венька паехаў з бацькам па дровы. Секчы іх не трэба было - леснікі спілоўвалі сухастой ды тонкія дрэўцы, рабілі ачыстку, складвалі ўсё ў роўныя кучы. Жэрдзе сухое, тонкае - Венька здужае закідваць яго ў трактарны прычэп. Таўсцейшае і цяжэйшае закідвае бацька.
Быццам і не цяжка, ды колькі трэба тых жардзін перакідаць, пакуль запоўніцца прычэп! З гадзіны тры грузілі, прытаміліся добра. Але ўся стома ў Венькі ўмомант прапала, як бацька сказаў, што да вёскі Венька сам павядзе трактар. Няхай сабе і ціхенька, бо дровы ж вязе, затое - сам!
Прычэп бацька абярнуў, перакусіў на хаду ў хаце кавалкам хлеба з зялёнай цыбуляй ды і паехаў - яму на працу.
У Венькі праца свая: дровы трэба больш-менш паскладваць, каб не тырчалі нязграбнай гарой, потым - малачаю назбіраць, насекчы яго, перамяшаць з мукой і даць парсючкам.
З усім Венька справіўся да вечара. Прыхапіў з сабой добрую лусту хлеба і пару агуркоў, трубу падзорную і палез на свой назіральны пункт.
Выгледзеў на полі маці - цікава, колькі яна за дзень без Венькі прапалола.
Маці ўжо апранула на плечы яркі жоўта-чырвоны халат - сонца садзіцца, пахаладала. Яна далекавата адстала ад асноўнай групы жанчын. То і зразумела - ёй сёння ніхто не дапамагаў, адна цэлы дзень.
Шчымлівае пачуццё жалю і пяшчоты ад выгляду сагнутай постаці маці затуманіла вочы. Венька адклаў трубу, дастаў агуркі і хлеб.
Нічога, заўтра ён увесь дзень будзе дапамагаць. А парсюкам ён малачаю нарваў і на заўтрашні вечар і схаваў у хляве, каб моцна не звяў.
...А гэты Ігар Адамавіч увогуле толькі напачатку сваёй дзялкі. Так яму і трэба! Няхай памахае матыкай, гэта яму не магнітафонныя касеты ў клубе мяняць!
Сонца ўсё ніжэй хіліцца да лесу. Хутка настане момант, калі на яго можна будзе без болю глядзець у падзорную трубу. Вось яшчэ і дзеля гэтага залазіць у буслянку вечарам Венька.
А з поля пакрысе разыходзяцца жанкі і дзеці. Амаль усе ідуць у бок калгаснай сядзібы. У вёску, у бок Венькі будзе ісці маці ды цётка Галя. Цётка Галя ўжо ідзе ўпоперак радкоў. У яе за плячыма вялікі клунак - то яна пустазелля свінням назбірала. І Аленка яе, і Таня таксама нясуць клункі з травой. Усе трое яны праходзяць каля Венькавых коп, спускаюцца ў канаву, у якой цяпер амаль няма вады, збочваюць на сцяжынку, што бяжыць да агародаў па шырокім лузе. Сцяжынку пратаптаў Венька, калі сушыў сена...
А маці ўсё яшчэ поле. Вось яна разагнулася, азірнулася - ўжо і няма нікога, а цётка Галя падыходзіць да вясковых агародаў.
Нейкая незразумелая трывога закралася ў сэрца Венькі. Маці адна, зусім адна на полі, якое так хутка змяніла свой светла-зялёны колер на амаль чорны. І постаць яе - светлая, такая безабаронная! Маці падняла з зямлі клуначак - брала з сабой на поле абед, ідзе, спускаецца да канавы.
Спусцілася і нечакана для Венькі стала не ўзнімацца, а павярнула ўправа, і хутка пайшла, амаль пабегла ў канаве.
А потым на шкельца падзорнай трубы выпаўзла нешта цьмянае, шэрае. Маці кінулася на гэтае шэрае.
Венька ўбачыў, што гэта - Ігар Адамавіч, загадчык клуба. Што ён стаіць, моцна абхапіўшы, абшчаперыўшы маці, цягне яе на сябе і, бы страшны цмок, па-драпежніцку ўпіваецца сваімі зубамі ў губы маці.
Венька не закрычаў. Бо зразумеў, што адсюль яго ўсё роўна там не пачуюць.
І маці... Яе рукі не адштурхвалі чужыя рукі мужчыны, яны ляжалі на чужых плячах, яны абдымалі...
А потым яны зніклі - маці і гэты чужынец...
Венька доўга ляжаў у буслянцы дагары, глядзеў, як паступова на сіні колер неба напаўзае з захаду чорны цень, як асцярожна, баязліва пабліскваючы, з'яўляюцца на небе зоркі.
- Венька! Ве-е-ня! - пачуў ён знаёмы крык маці ад свайго дому.
Трэба злазіць.
А Венька так і не прыдумаў, што рабіць. Як размаўляць з маці і што казаць бацьку.
Ён нечакана для сябе зразумеў, што цяпер вельмі многае залежыць ад яго. І гэтае разуменне не пакінула ў яго душы ніводнай іншай думкі, ніводнага пачуцця. Венька нібыта сам стаў адным суцэльным веданнем і цяпер баяўся паказацца на вочы і бацьку, і маці - бо адразу здагадаюцца, што ён ведае страшную праўду.
Падыходзячы да дому, у якім ужо свяціліся, клікалі да сябе цёплым жоўтым святлом вокны, успомніў, што не навастрыў, як збіраўся, матыку.
Трэба навастрыць. Вось ён прыйдзе і адразу гэтым зоймецца. Каб матыка была вострая-вострая. Каб секла. Да крыві...
А заўтра ён пагаворыць. З тым Ігарам Адамавічам ён пагаворыць заўтра.