Першыя навальніцы
Лета выдалася наўздзіў гарачае, па агародах сохла бульба,
а пясок на вясковай вуліцы быў што прысак з печы - не вельмі і разгонішся
басанож. Каровы вярталіся з пашы подбегам, галодным рыкам прыспешвалі
сваіх гаспадынь, каб хутчэй ухапіць нарэзаных яблыкаў-паданак ці перастаялай
травы, што недзе збіў касой гаспадар.
На Купалле, калі Юрась з гуртам хлопцаў і дзяўчат збіраў
па хатах на вогнішча засохлае голле, якое ставілі ў куты гаспадары на
Тройцу, яго паклікала цішком старая Тэкля. Усунула ў руку маленькі вузельчык
і зашамкала бяззубым ротам:
- Мак ета. У студні - у кожную патрошкі - насыпце. Ва ўсе
тры. Толькі каб ніхто не бачыў. З дарослых - ніхто. І не кажы нікому,
што я дала.
- А навошта?
- Сып, кажу. Каб дождж быў...
Юрась узрадаваўся - такая справа! Сама Тэкля (а Тэклю як
знахарку ўсе паважалі) яму даручыла.
Утрох - ён сам і двое сяброў - сыпалі ў прыцемках мак у
студні. Каля трэцяй вясковай студні іх прыкмеціла цётка Наста. Кажуць,
што ў яе дурныя вочы: як што робіш, а яна пахваліць, то абавязкова ўсё
наадварот атрымаецца. Сурочыць, карацей. Вось яна і ўбачыла. Накінулася:
- Што за дрэнь у студню кідаеце?!. Мак?.. Які гэта мак?
- Нам Тэкля дала...- міжвольна вырвалася ў Юрася, і ён
замоўк спуджана - усё, нешта нядобрае атрымаецца з макам гэтым. Бо Тэкля
ж казала: сыпаць цішком і імя яе нікому не казаць...
А назаўтра пасля абеду, у тры гадзіны, пачалася навальніца.
Такога Юрась яшчэ ніколі не бачыў. І пазней, праз гады, не прывялося.
Зырка-блакітны колер неба змяняўся паступова, бы малаком яго хто разводзіў.
Потым гэтак шэра стала - сонца аж не відно. Шэрань увачавідкі набрыняла
пагрозлівай сінню, уся адразу, з усіх бакоў. Цямнела і цішэла наваколле,
ластаўкі перасталі лятаць уздоўж вуліцы, пахаваліся пад бэз куры. Праз
колькі хвілін сіні колер неба зрабіўся ружова-фіялетавым, густым і,
здавалася, гарачым. Неба навісла над вёскай велізарным купалам, які
ледзь-ледзь не даставаў да тэлевізійнай антэны суседа, выглядаў шкляным,
крохкім, гатовым вось-вось трэснуць у нацятай цішыні аглушальным стрэлам.
І неба раскалолася - загрымела адразу ўсюды, нават і ў
самой зямлі. Колькі кропляў, важкіх, рэдкіх, узвіхрылі струменьчыкі
пылу на дарозе. А праз момант немагчыма было ўжо нічога разгледзець:
ліло, бліскала, грымела з добрую гадзіну. Ніводзін удар грому не быў
слабейшы за папярэдні, а бліскавіцы джахалі як навыперадкі, адна за
другой.
Урэшце дождж пацішэў. Яго тугая, бліскучая сцяна разбілася
на асобныя струмяні, якія на вачах танчэлі: дрыготкае блакітнае святло
змянілася на асобныя сполахі, не вельмі ўжо і страшныя; страляніна ў
небе сціхла, толькі нешта яшчэ бурчэла, але не злосна, нават неяк суцяшальна.
Юрась асмеліўся і прыткнуў нос да шыбіны акна.
Навальніца быццам гэтага і чакала... Спачатку пачуўся сухі
трэск - акурат само паветра разарвалася ад нейкай невядомай сілы. Потым
палыхнула бела-блакітным, нібыта пляснуў хто неспадзеўкі па вачах. Ударыў
пярун. Гук, страшэнны, моцны, да болю ў вушах і жалобнага трымцення
шкла, запаланіў сабою ўсё на свеце.
Юрась і вочы не заплюшчыў, і не адхіснуўся. Усяго сцяла,
і ён адно глядзеў, як разлятаюцца кавалкі кары з бярозкі спуджанымі
птушкамі, і сама яна робіцца безабаронна аголенай, з бліскучай, пяшчотна-жоўтай
драўнінай, здаля так падобнай да чалавечае скуры.
Юрась яшчэ не паспеў зразумець, што ён напужаўся, а новае
пачуццё, нязвыклае, шчымлівае, ужо авалодала ім. Чамусьці сорамна стала
глядзець на аголеную бярозку, на роўную, гладкую паверхню ствала з ручайкамі
вады. Ад дрэва ішла пара, і нечакана ўспомнілася, выбухнула ў галаве
даўняе: ён, пяцінадовы, у прылазніку, маці выцірае яго шорсткім сухім
ручніком, а па яе скуры скочваюцца празрыстыя кропелькі і ідзе пара...
Здрыгануўся Юрась, зірнуў на старэйшага брата, нібы той
мог падслухаць яго думкі, і ўзрадаваўся: не, ён не ўбачыў, як падобна
бярозка вось зараз, без кары, на аголеную безабаронную жанчыну...
Брат падскочыў бліжэй да акна, узрушана завохкаў:
- Вох!.. Вось дык пацэліла!.. Вох!.. Пайшлі глядзець, сціхла
ўжо ўсё.
Юрась моўчкі выйшаў за братам на вуліцу.
Сціхла й на самай справе - апошнюю сваю моц уклала навальніца
ў гэты сакрушальны пярун. І дождж перастаў.
Аголены ствол бярозы быў цёплым, і Юрась адчуў прыкрае
пачуццё сарамлівасці - быццам кранаўся чагосьці забароненага тым незразумелым
веданнем, што жыло ўнутры заўсёды і што давала адказы на такія пытанні,
з якімі няёмка было да некага звяртацца. Адзін лісток нейкім чынам прыляпіўся
да жоўці ствала, хацелася зняць яго, але Юрась стрымаўся, як і тады,
у прылазніку, калі амаль такі ж лісток, толькі ад веніка, прыліп да
пляча маці блізка ад грудзей.
Юрась адышоў ад бярозкі...
Назаўтра пярун разбіў тэлевізійную антэну суседа, спаліў
тэлевізар. Ледзь не згарэла хата.
Была і трэцяя навальніца. Маладая жанчына затрымалася на
рэчцы - паласкала бялізну, і яе забіла маланкай. Расказвалі, яна ўсміхалася
ў труне. Усе падыходзілі бліжэй, каб разгледзець маленькі чорны апёк
ля скроні. Тэкля, свякруха нябожчыцы, казала, што прыхоўваць гэтае месца
нельга. Яна, ўкленчыўшы, прастаяла ля труны ўсю ноч і ўвесь наступны
дзень, аж пакуль не страціла прытомнасць. Калі яе падхапілі, Тэкля адно
варухнула вуснамі, быццам прагаварыла нейкае кароткае і важкае для яе
слова, і сканала.
|