КРЫЖ У ЖЫЦЕ
Памірала вёска.
Цяпер ужо кожнаму, хто праходзіў доўгай вуліцай з прарэджанымі
радамі хат, было зразумела, што яшчэ колькі год - і каля адзінае студні
з галосна рыпучым жоравам не натоліш смагу, бо вада пазелянее, набудзе
непрыемны пах старасці і затхласці. Як і не паласуешся са здзічэлага саду
яблыкам маленькім і кісла-горкім.
Вёска памірала. Толькі некалькі хат на-сцярожана ўглядваліся
з-пад стрэх-брывоў жоўтымі вачамі вокнаў у шэрае поле пад час доўгіх восенькіх
вечароў. Гэтыя нешматлікія жывыя агеньчыкі, якія ўспыхвалі ў навакольнай
цемры, выглядалі з бальшака, што прабягаў міма, бездапаможнымі і сумнымі,
поўнымі нявыказанай тугі. У позняга падарожніка яны надзею не выклікалі
на добрую вячэру і ўтульную цеплыню, а, хутчэй, жаданне зайсці і да-памагчы,
бо пачуццё нейкага вялікага гора ззяла ў гэтых старэчых вачах - вокнах.
Там, далёка за гэтымі тужлівымі вокнамі, свяціўся ад ліхтароў увесь гарызонт
- там была калгасная сядзіба. Адтуль часам у ціхія летнія вечары даносілася
музыка, і тады здавалася, што яшчэ ніжэй прыпадалі старыя хаты да зямлі
ў чорнай асэнсаванасці сваёй страчанай маладосці і непазбежнасці смерці.
Нават пеўні пацішэлі, і цёплымі начамі іх гала-сы не здаваліся
болей выпрабаваннем моцы і галоснасці. Хутчэй яны былі насцярожанай пераклічкай:
"Я жывы. А ты?" І з-за курэй боек больш на вуліцах не заўважалася, так
і хадзілі ўсе куры разам вялікай стракатай талакой. І калі даносілася
зрэдку негалоснае і старэчае з нейкага яшчэ жывога двара: "Ціп-ціп-ціп!",
нетаропкім подбегам падавалася на гасцінны падворак уся кампанія. Чатыры
каровы ў маркотнай адзіноце пасвіліся прама сярод ціхай вёскі - па дарозе
ўжо амаль ніхто не ездзіў, і трава на ёй расла густая, роўная.
Вёска памірала. Адны хаты стаялі з забітымі крыж-накрыж вокнамі,
другія наогул зніклі, і тады ліпы і бярозкі, што садзілі некалі гаспадары
перад сваім домам, працягвалі адна адной свае галіны, каб неяк прыкрыць,
прыхаваць дзірку-згубу ў целе вёскі. Але знікаў яшчэ адзін дом побач -
і не хапала галін, хоць і раслі зараз дрэвы ўшыркі, а не ўверх. І, можа,
ад такой непасільнай турботы неяк увосень залішне рана скінула лісце самая
старая ліпа, а ўвесну доўга-доўга не ўбіралася ў сілу яе зелень. Так і
змарнела амаль што ўся, толькі адна вялікая галіна выбухнула лісцем адчайна,
а квецені на ёй было - лістота хавалася за жоўтымі кветкамі. Ліпа цвіла
апошні раз.
Вёска памірала. Ціха, нетаропка, з цвёрдым веданнем не-пазбежнай
смерці і ўпэўненасці ў правільнасці такога завяршэння сваёй гісторыі.
Памірала так, як паміраў хто-небудзь з яе апошніх жыхароў - непрыкметна,
без жалю і стогну, без праклёнаў мінуўшаму жыццю, з адзіным непакоем:
каб толькі менш турбот прынесці жывым сваёй смерцю. Ніжэй і ніжэй апускаліся
дахі-плечы з апошніх сіл несучы цяжар мінулых гадоў.
Баязліва дымелі коміны ў ранішнім сутонні, і дым, як жы-вая
істота, як вестка жывых, не адлятаў зразу да нізкіх аблокаў, а цягнуўся
ўздоўж хат, запрашаючы-просячы адгукнуцца цеплым па-хам іншыя коміны.
Прыходзіла нейкае ранне, і адзін з коміноў заставаўся халодны. У звыклым
чаканні смерці цягнуліся жывыя да халадзеючага дома. І хутка загадзя змайстраваны
дубовы крыж прытульваўся да веснічак, а ў сенцах чакала свайго апошняга
пада-рожжа даўно высахлае легкае вечка труны. І клопату жывым было нямнога
- ямку выкапаць ды знайсці гарэлку, што прыхаваў нябож-чык на свае хаўтуры.
Вёска памірала. У адну з цяжкіх, бясснежных зімаў павымерзлі
здзічэлыя і не зусім сады, яш-чэ колькі ліп пасля яе незгадана адмовіліся
прыкрываць увесну аго-ленасць сучча пяшчотнай зеленню. Вёска яшчэ больш
сцішылася, сцялася ў прадчуванні блізкага, непазбежнага канца. У восень
таго года ўжо ні адно акно не засвяцілася жоўтай кволасцю. Два дамы, на
якія ніхто не паквапіўся з нашчадкаў і струхлелыя хлявы калгас разабраў
на дровы. У зіму завея гаспадарыла сярод пакінутых яб-лынь і хлявоў. Ніводзін
след не працягнуўся да студні, хоць і вісела на жураўлі ў маўклівым чаканні
вядро. І толькі ланцужок воўчых слядоў шырокім няроўным кругам, бы закляцце
якое, аббягаў вёс-ку.
Па вясне ўжо, здавалася, спрадвечную ціш былой вуліцы ўзарвалі
маторныя пілы. За іх натужным рыкам не бы-ло чуваць, як падалі долу ліпы,
бярозкі, яблыні. Ці, можа, і яны хацелі памерці моўчкі? Знік журавель
над студняй, знікла і сама студня. Толькі груша-дзічка ў канцы вёскі супраціўлялася
неведама чаго, і парваўшы два цапы на пілах, ад яе адкараскаліся.
Потым прыйшлі трактары.
Вёска па-мерла.
...На тлустай зямлі жыта зарадзіла доб-ра. Чужому, выпадковаму
воку груша-дзічка здавалася недарэчнас-цю сярод жытнёвага поля.
Але гэта ўжо была не простая груша.
Гэта быў крыж.
Крыж на магіле, на якую ніхто не прынясе фарбаванага яйка
на Вялікдзень.
Вёска ж - не жывая істота.
Ды і не істота наогул.
Толькі трактары ўвосень і вясной абмінаюць дзічку, не надта
прыціскаюцца плугамі да старэчага шурпатага ствала. Ні ў ко-га больш не
ўзнімаецца рука, каб нішчыць крыж.
Хай сабе і не жывой істоце.
|