Качаняты

Як вылупяцца з яйкаў, яны аднолькава пацешныя, іх прыемна браць у рукі, падносіць да твару, лавіць вуснамі маленькія дзюбы, што ўмомант ажываюць і пачынаюць працэджваць сліну. Гэта казытліва-прыемна, і жывы камячок у руках напаўняе сэрца чуйнасцю і адказнасцю - адказнасцю за жыццё.
Потым качаняты пагубляюць у траве пяшчотны пух, нягегла павыцягваюцца іх шыйкі, забрудзяцца жывоцікі. Але і тады Лёшка будзе любіць іх усіх разам і кожнага паасобку. Яны растуць у яго на вачах, калі не сказаць - на руках. Гэта для іншых яны будуць усе аднолькавымі, а хлопец цішком ад усіх надае мянушкі кожнаму качаняці.
Можа, і ёсць тут нейкі сорам - у трынаццаць гадоў пасвіць з дня ў дзень качанят на лузе, але ж - лета, не гойсаць жа цэлы день. А тут і чытаецца лепей, лежачы на схіле канавы. Толькі, праўда, дзяўчаты калі кпяць.
На лаўцы, дзе збіраецца іх кампанія, смех выбухае раз-пораз. Лёшка да лаўкі падыходзіць насцярожана: ён добрая мішэнь для кепікаў дзяўчат.
- Вось і качыная квактуха прыйшла. Як пасвілася? Якую ты ім сёння калыханку спяваў?
Лёшка да гэтага звычны.
- Вам што за справы? - зыркае злосна.
- У-у, як страшна! - загулі, зарагаталі, як з вельмі ўдалага жарту.
Тады і пачуўся незнаёмы голас:
- Нейкі ён у вас занадта... сярдзіты. А качкі ад яго не ўцякаюць?
Дзяўчынка была новенькай. Доўгія валасы ляжалі на плячах. Такіх прычосак тутэйшыя дзяўчаты не насілі. Незнаёмка смяялася з яго шчыра, весела, спачатку ад самога жарту, а потым, здаецца, ад свайго смеху. Яна была гарадская - гэта адчувалася і па адзенні, і па паводзінах.
- Ад цябе ўцякаюць! - не вытраваў Лёшка гэтага задзірыстага смеху, у ягоным голасе пачулася крыўда. - А вы ўсе... як дзесяць дурных квактух каля аднаго кураняці!
Зноў пачуўся смех, але не надта дружны і шчыры. Гарадская не засмяялася, а паглядзела здзіўлена і зацікаўлена.
У яе было яшчэ і незвычайнае імя - на ўсёй вёсцы такога не было - Рыта. Зграбная, рухавая, яна нават сукенку апранала для таго, каб паказаць яе ўсім. Гуляць ва ўсе гульні яна была мастак і навучыла сваёй пад назвай "кіс-брысь-мяў". Гэта былі звычайныя "фанты", толькі гуляць трэба было парамі.
Лёшку ні ў той вечар, ні ў наступны не шэнціла - з Рытай на пару згуляць не ўдалося, і ён не загаварыў з ёю.
...Дома хлопец паглядзеўся ў люстэрка. Нечакана ў пакой зайшла маці, і ў яго запалалі вушы. Маці загадкава ўсміхнулася і не сказала нічога ні пра новую святочную кашулю, ні пра зачэсаны набок і змочаны вадой для паслухмянасці чуб.
Затое не змаўчалі дзяўчаткі.
- Закахаўся? Глядзі ты! Сваіх качак на Рыту памяняў? На ставок яе заўтра пагоніш? Глядзі, Рыта, як чуб для цябе закруціў! А кашуля якая? Хвацкі кавалер!
Рыта спакойна адгукнулася:
- Чуб добры. Мне падабаецца, - і праз які момант дадала: - Зусім як у качара хвост.
Лёшка не стрываў. Пад шалёны рогат крутнуўся і моўчкі пайшоў. Яму яшчэ крычалі ўслед смешнае і крыўднае, але хлопец не прыслухоўваўся, толькі сціскаў зубы. Каб не распытвала маці, чаму так рана прыйшоў, прасядзеў на лаўцы каля хаты да цемнаты.
Некалькі дзён запар стаяла спякота. Аднаго дня раніцай Лёшка загнаў качанят у ставок, потым нажаў травы. Пакуль прынёс дахаты і дробна яе пасек - ужо і абед настаў. Ад гарачыні есці не хацелася, доўга чытаў у хаце, а калі выйшаў на ганак з кніжкай у руках, каб пайсці пачытаць у цяньку пад грушай, то адчуў, што цяжка дыхаць, - настолькі стала парна, амаль як у лазні. Ён зразумеў, што вось-вось улупіць залева. Трэба хутчэй бегчы да стаўка: сцебане лівень - прыб'е маленькіх качанят.
Да стаўка было няблізка. Пакуль бег, сонца схавалася, шугануў вецер, і першыя буйныя і рэдкія кроплі неспадзеўку лагодна запляскалі па ўспацелай спіне. Ледзь чутна завуркатаў гром, дыхнула лёгкай, прыемнай свежасцю. Напрасткі прадзерся праз прыбярэжнае кустоўе да стаўка і аслупянеў, уражаны.
Схіліўшы галаву і выціскаючы з доўгіх валасоў ваду, са стаўка выходзіла Рыта. Кроплі дажджу бязгучна падалі ў пясок каля яе ног, вада чуйнымі струменьчыкамі збягала па твары, плячах, абмінала невялічкія, як дзіцячыя кулачкі, грудкі.
Дзяўчынка была такая базабаронная, слабая на тле пагрозлівай сінечы надыходзячай навальніцы, што ў Лёшкі ўзнікла вострае, непадуладнае пачуццё шчымлівай пяшчоты і адказнасці, быццам ён зноў трымаў у руках жывы камячок жоўтага пуху.
А Рыта, пэўна, і не заўважала маланак, не чула пагрозлівага вуркатання, спакойна адціскала валасы.
Сэрца ў Лёшкі закалацілася пад самым горлам, раптам ён зразумеў, што ненаўмысна, неспадзявана дакрануўся да нечага невядомага, невыказна светлага, чыстага і цяпер баяўся не тое, што варухнуцца, а нават уздыхнуць, каб ніводзін ягоны рух не лёг раптам прыкрай плямінай на гэтае відовішча.
Мільганула, змяёй пранеслася ўверсе бліскавіца, і тут жа стрэліла, бы з гарматы, зусім побач. Дзяўчынка спуджана войкнула, прысела і... стрэлася позіркам з Лёшкам.
Хлопец стаяў разгублены, счырванелы, быццам гэта не яна, а ён сядзіць на беразе пад дажджом цалкам аголены. Яму было страшэнна сорамна, быццам яго схапілі за руку падчас нейкага ганебнага ўчынку.
Ляснуў пярун.
Рыта кінулася да адзення, а дождж паліў спора, падганяючы дзяўчынку. Буйныя, цяжкія кроплі балюча секлі безабаронную спіну і сцятыя плечы.
Лёшка зрабіў выгляд, што адвярнуўся, але бачыў, як Рыта апранаецца, нязграбна скачучы. Неба шпурнула на зямлю слуп агню, новы ўдар скалануў бераг. Дзяўчынка ўпала, заплакала - ад страху, сораму і бездапаможнасці.
Лёшка пачуў гэты плач, але стаяў няўпэўнена, гледзячы, як Рыта пачала нацягваць праз галаву сукенку. Вогкая тканіна прыліпла да мокрай спіны, і дзяўчынка роспачна тузала і тузала сукенку, заблытаная, звязаная сваім адзеннем.
Лёшка падышоў.
- Не плач! - загадаў ён па-даросламу і, стараючыся не кранацца цела, пацягнуў уніз сукенку.
- Я... Я баюся... - праз усхліп вымавіла Рыта, не паварочваючы галавы да хлопца.
- Не трэба было адной у такую далеч перціся! - усе яшчэ з робленай грубасцю крыкнуў Лёшка. - Сядай вунь пад куст, я зараз качак палаўлю і прыйду.
- Дамоў... дамоў пабягу, да бабулі... - усхліпнула Рыта.
- Дурніца! У навальніцу не бегаюць! Сядай ідзі!
Хлопец таропка пабег па беразе, шукаючы качанят. Злосныя кроплі секлі твар. Качанят угледзеў у чароце, тыя збіліся ў чародку і на бераг не вылазілі. Зайшоў у ваду, пазбіраў у рукі сваіх гадаванцаў. Залез пад кустоўе, дзе сядзела Рыта, зняў кашулю і накінуў яе на сябе і на дзяўчынку. Качаняты каля ног ціснуліся адзін да аднаго, трывожна ціўкалі ад кожнага ўдару грому.
Уздрыгвала кожны раз і дзяўчынка, даверліва прытуліўшыся да плечука хлопца. Яна трымцела ці то ад страху, ці то ад холаду, і, абдымаючы яе дрыготкія плечы, Лёшка разважліва супакойваў:
- Гэта далёка ўдарыла... А гэта яшчэ далей. Не трэба баяцца... Маланка б'е ў жалеза ці ў высокае дрэва, а мы маленькія, як ёй у нас пацэліць? Не бойся... Хутка ўсё пройдзе...
Навальніца і на самай справе скончылася даволі хутка. Дзьмухнуў уладна вецер, раптоўна выбліснула з-за хмары сонца, хоць дзесьці ў вышыні і вуркатаў гром. Лёшка зняў руку з плеч дзяўчынкі. Схамянулася і Рыта, нясмела выгукнула:
- Глядзі, аж дзве вясёлкі!
Іх напраўду было дзве - вялікія сямікаляровыя дугі на чорным амаль небе, засвечаным сонцам.
Рыта паправіла мокрыя пасмачкі валасоў, вінавата сказала:
- Я ніколі ў горадзе не баялася грому. А тут, далёка ад вёскі, ды яшчэ няма нікога... з дарослых...
Лёшка моўчкі выкруціў нагавіцы і кашулю, каб потым павесіць на голле - няхай хоць крышку прадзьме ветрыкам. Прайшла навальніца, і прайшлі тыя хвіліны, калі ўсё было ясным і зразумелым: што трэба рабіць і што казаць, калі хлопец не баяўся ні грукату над галавой, ні блакітна-ружовых сполахаў, калі дрыжыкі плеч дзяўчынкі перадаваліся ягонай руцэ, і тая напаўнялася сталасцю і сілай, а сэрца поўнілася невядомым раней спалучэннем мужнасці і пяшчоты. А цяпер Лёшка не ведаў, як паводзіць сябе, бо разам з навальніцай прайшло, як і не было, адчуванне сталасці, даросласці. Зноў страшна было глянуць на дзяўчынку і сустрэць у яе вачах спалох, сорам, адчай і зусім не дзіцячы дакор.
- Ты... Я не збіраўся за табой падглядваць. Я па качаняты ішоў і не ведаў... Выбачай… - хрыпата выціснуў з сябе Лёшка і пайшоў у ваду.
Хто не ведае - няхай паспрабуе, якая гэта асалода - купацца ў стаўку пасля дажджа. А яшчэ Лёшка чакаў, што Рыта пойдзе дахаты.
Але яна не пайшла. Азірнуўся і ўбачыў, што дзяўчынка прысела каля берага і трымае ў далонях перад тварам самае меншанькае качаня.
"От, прычапілася", - падумаў злосна, але вада суцяшала, заспакойвала, быццам змывала тыя крупінкі злосці. Лёшка адчуваў, што ён павінен дагаварыць, сказаць нешта вельмі важнае, вельмі патрэбнае, неабходнае для Рыты і для яго.
Лёшка павярнуў да берага. Вось толькі ён даплыве...
Ён скажа, што нікому, ніколі ў жыцці, ні за што ў свеце не раскажа, што бачыў, як яна аголеная плакала пад дажджом на беразе старога, зарослага ракітай стаўка.
Ніколі і нікому.