Абсалютнае жаданне


Чараўнік быў звычайны. З невялікай, клінам, сівой барадою, з дзіцячымі блакітнымі вачыма і сумнаватым, праніклівым позіркам. Ён быў за шклом у будцы гадзіннікавага майстра, якога (так казалі) пасадзілі за нешта на тым тыдні. Замест аб'явы "Майстар хварэе" была напісана сінім алоўкам нетаропкімі роўнымі літарамі іншая: "Выканаю адно жаданне. За любы кошт".
Першымі на чараўніка звярнулі ўвагу рэкеціры. Ад гадзіннікавага майстра хлопцы мелі неблагі навар, і таму знікненне замка на няшчыльных дзвярах іх парадавала.
- У мяне няма грошай, - усміхнуўся ў адказ на параду "застрахавацца" чараўнік. - І не будзе. Я не бяру грошай.
- Ха! Як не бярэш? - "страхаўшчыкі" разгубіліся.
- Не бяру. Нічога матэрыяльнага не бяру, - паўтарыў чараўнік.
- Але, баця, разлічвацца трэба, - пераканаўча заўважыў галоўны. - Ты маеш свой аб'ект, сваю працу. Плаці!
- Я выконваю жаданні людзей. Нічога з іх я за гэта не бяру, - цярпліва тлумачыў чараўнік.
- Задарма, ці што?
- Задарма, калі мець на ўвазе нешта матэрыяльнае.
- Хлусня! Але... чакай! Выканай тады нашыя. Як першы ўзнос, - зарагатаў ад дасціпу галоўны.
- Кажыце, але павінен папярэдзіць: за шчаслівыя імгненні зараз вам прыйдзецца адплаціць нейкімі непрыемнасцямі потым.
- Гэта што, дзед, як малпавая лапка? - спытаў адзін з рэкеціраў.
Твар чараўніка ўпершыню змяніўся - на ім яскрава праступілі цікавасць і здзіўленне.
- Вы ведаеце пра малпавую лапку?
- Чытаў неяк... - Хлопец зніякавеў ад ужо цікаўна здзіўленых позіркаў хаўруснікаў.
- Тады растлумач ім, - чараўнік павёў вачыма на астатніх.
- Ат, пайшлі, хлопцы! - "Разумнік" памкнуўся да дзвярэй, але галоўны перахапіў яго за плячук.
- Чакай, што там за лапа такая?
- Ды... Карацей, тваё жаданне здзяйсняецца таму, што здараецца нейкае няшчасце...
- Што за лухта? Гэй, стары, а калі я пажадаю мець такую ж машыну, як у брата, то што?
- Ты пытаешся ці загадваеш жаданне?
- Пытаюся.
- Я не адкажу. - Чараўнік пахітаў галавой. - Чалавек не павінен ведаць будучыні. Такое жаданне я не выконваю.
- Пайшлі, кажу! - "Разумнік" пацягнуў галоўнага за руку. - Што будзе, то будзе. Заўтра табе паведамяць, што брат трапіў у аварыю, пашкодзіў пазваночнік і аддае табе сваю машыну. Вось так будзе.
- Ты што вярзеш? - пагрозліва працягнуў галоўны. - Ды я адно за словы...
- Але гэта і ёсць прынцып малпавай лапы! Так, дзед?
- Так, - сумна ўсміхнуўся чараўнік у адказ. - Прыблізна так. Гледзячы якое жаданне.
- Ды ну цябе, стары, да д'ябла, - галоўны, збіты з панталыку, разглублена махнуў рукой, нецярпліва дадаў, каб неяк завяршыць марную размову: - Гадзіна прайшла. Час іншых скубці, пайшлі!
Рэкеціры выйшлі, зніклі ў натоўпе кірмашу.
Да трох гадзін дня перад аркушам з аб'явай прыпыняліся з дзесяткі тры чалавек. Пыталіся, штосьці абдумвалі, але надоўга не затрымліваўся ніхто.
Назаўтра, у нядзелю, як толькі знік замок на будцы і невялікае акенца расхінулася, да чараўніка ўжо стаяла вялікая чарга. Маўкліва-сарамлівая, сцішаная. Ніхто не размаўляў, не дзяліўся думкамі і жаданнямі. Свае сакрэты кожны хаваў ад іншых.
Першым да акенца нахіліўся мужчына год пад сорак.
- З цешчай жыву. Кватэра двухпакаёвая, дзяцей двое. Абрыдла ад жыцця такога. Вольна хачу жыць, новую кватэру трэба, вялікую. Але каб усе здаровыя былі, а то ведаю я вас, чарадзеяў.
- Не, - адказаў чараўнік. - Ты ставіш умовы. Я не прымаю ніякіх умоў. Гэта першае. А другое - твая ўмова па сутнасці - яшчэ адно жаданне. Дык якое выконваць? Першае ці другое?
- Ды... Не... Не трэба пакуль ніякага. - Мужчына разгублена закруціў галавой па баках, быццам шукаў нейкае падтрымкі ад чаргі. Не дачакаўся і выгукнуў злосна, з роспаччу і злараднасцю: - Не прымае ён аніякіх умоў! Умова - гэта другое жаданне!
Чарга глуха загудзела, здрыганулася сваім змяіным целам і пачала таропка, спуджана развальвацца на асобныя постаці. Да нейкае большае хітрасці дадумаліся, відаць, толькі трое. Дзве дзяўчыны, год па васемнаццаць, і хлопчык, зусім яшчэ дзіця.
- Я хачу, каб у мяне была маці, - хвалюючыся, выгукнуў хлопчык. - Я не ведаю сваёй маці. Я - дзетдомаўскі.
- Мне шкада, сынок, - прамовіў чараўнік, - але я не выканаю тваё жаданне. Прыходзь, калі табе споўніцца шаснаццаць год. Не раней. Выбачай.
Дзяўчаты саромеліся, бо чарга, распаўшыся, зараз зноў збілася ў шчыльнае і цікаўнае паўкола і чуйна лавіла кожнае слова.
Нарэшце адна адважылася, нахілілася, прыціснула твар да расчыненага вузкага акенца і выдыхнула:
- Я хачу, каб мяне пакахаў адзін чалавек. Моцна, на ўсё жыццё!
- Але ж ён і так кахае цябе! - здзівіўся чараўнік.
- Кахае?! Я мушу пакутаваць з ім ужо два гады! Толькі адвернешся - ён ужо прыліп да чарговай спадніцы. Хачу, каб ён ніколі не глядзеў на іншых! І не бегаў за імі ніколі!
З хвіліну чараўнік тужліва глядзеў на дзяўчыну.
- Тваё жаданне выканана. Ты можаш ісці.
- Як? Ужо? - недаверліва выгукнула дзяўчына. - Ён не будзе больш бегаць за іншымі?
- Не.
- І на чужыя лыткі зіркаць не будзе?
- Не.
- А... чаму?
- У яго адняліся ногі, хадзіць ён больш не зможа. Бачыць таксама ён больш не будзе - бо аслеп.
- А-а-а! - жахнулася дзяўчына.
Здрыгануўся натоўп, падаўся назад, як ад нечага страшнага, вычварнага, што раптоўна ўзнікла каля будкі. Другая дзяўчына таксама кінулася прэч. А гэтая яшчэ стаяла каля акенца, аглушаная пачутым.
- Я не хачу! Вярніце ўсё назад!
- Выбачай, але я выконваю толькі адно жадане. Я выканаў тваё жаданне. Хіба ты не хацела гэтага?
- Хацела, але ж не за такі кошт!
- Аб'ява папярэджвае - за любы кошт. І кошт вызначаю я.
Болей у гэты дзень да чараўніка ніхто не звяртаўся. Чутка аб здарэнні распаўсюдзілася хутка - дзень спрыяў надвор'ем, і людзей на рынку было шмат.
У гарадку загаварылі і заспрачаліся. Прыдумаць такое жаданне і потым не разлічыцца нейкай навалай - адзінае, аб чым размаўлялі, што абмяркоўвалі людзі ў той вечар. І ў іншы, і яшчэ ў іншы. Пачалі збірацца невялікай талакой, разам прыдумвалі жаданні. Хутка ў гарадку зразумелі, што жадаць нейкіх рэчаў, грошай - марная справа. Паступова адпалі жаданні ў змяненні (у лепшы бок, вядома) службовых пасад, палітычных кар'ер, творчых здольнасцей. Ніхто не імкнуўся стаць геніем. Адзін небарака паспяшаўся пажадаць пісаць вершы, як Ясенін, не параіўся, пабег да чараўніка. Ён забыўся палічыць гады. Толькі і паспеў, што напісаць некалькі радкоў, а потым палез у пятлю. Яго не адратавалі, а напісаныя радкі былі радкамі з вершаў вялікага паэта. Нават почырк быў падобным.
Кожны дзень невялікая купка цікаўных побач з будкай гадзіннікавага майстра чакала - ці прыйдзе хто сягоння да чараўніка. Часам хто і набліжаўся, ды, не дайшоўшы тры-пяць крокаў, раптам спыняўся, быццам спатыкаўся аб нешта, біў сябе далоняй па лбе. Засаромеўшыся людзей, якія сачылі за ім, таропка, подбегам падаваўся назад ці, наадварот, далучаўся да назіральнікаў і радасна апавядаў, што вось ледзь-ледзь не трапіў на вуду чараўніка.
А здавалася, усё-ўсё прадугледзеў. "Вось дурань, ледзь не загадаў..."
Праз тыдзень чараўніка ужо ніхто не турбаваў. Знік і натоўп цікаўных. Людзі праходзілі цяпер міма будкі гадзіннікавага майстра хуценька, адводзілі ўбок позіркі. Чараўнік у іх гарадку пачаў усіх раздражняць. Мо так бы і закончылася ўсё ціха, не век жа сядзець у іх гарадку чараўніку. Ды раптам прайшла, маланкай пранеслася па гарадку чутка, што ёсць адно такое жаданне, якое як і спраўдзіцца, не нясе для чалавека аніякіх непрыемнасцей. Быццам так сказаў сам чараўнік. Вялікае, ёмкае жаданне, якога хопіць на ўсё жыццё.
Гарадок як узарвала знутры. Ідэя абвесці вакол пальца малпавую лапу авалодала ўсімі.
Кіраўніцтва горада вырашыла, што прыйшоў час паказаць і сваю ўладу. Стварылі гарадскі камітэт. Ён прымаў усе просьбы, разглядаў іх, тыя, што выказвалі нейкія надзеі, перадаваліся далей, у спецыяльную экспертную камісію. У яе склад абралі самых песімістычных жыхароў. Спраўлялася камісія выдатна - яшчэ ніводнае жаданне не было перададзена на ўсеагульнае абмеркаванне. Дні ішлі. Першапачатковыя тысячы жаданняў праз дзень сталі адзінкамі, а потым за цэлы тыдзень - ніводнай прапановы. Разгубленасць змянілася адчаем, і ўзбуджаны натоўп у адну ноч ледзь не спаліў майстэрню. Ад чараўніка пачалі патрабаваць адказу на хвалюючае ўсіх пытанне. Але ён зацята маўчаў, таямніча ўсміхаўся і не звяртаў увагі ні на ўгаворы, ні на пагрозы. Цярпенне гарадка заканчвалася.
На шчасце, жаданне адшукалася. Яно было простым, як і ўсё геніяльнае. Калі б гарадскі паштар не быў такім цікаўным і не заглядваў на адваротны бок паштовак, хто ведае, ці дадумаўся б хто да гэтакага жадання. Яшчэ адна бомба ўзарвала горад, бомба перамогі.
Мы жадаем быць ЗАЎЖДЫ шчаслівымі!
Запрацаваў на поўную моц камітэт. Зараз ён прымаў пісьмовыя звароты асобных грамадзян, складаў адпаведныя спісы. Экспертная камісія спісы правярала, адшуквала тых, хто не меў права быць шчаслівым. Каб ніхто не памкнуўся стаць шчаслівым раней за іншых, "праводзіліся арганізацыйныя і тэхнічныя мерапрыемствы" - чараўніка ахоўвала цяпер рота аўтаматчыкаў і чатыры танкі. Агароджа з калючага дроту абвівала будку шырокім колам. Але праз дрот ніхто не лез. Мо таму, што камісія вырашыла дараваць усім жыхарам, якія хоць у чым былі павінны прад уладамі. На мітынгу жыхары дзякавалі ўладам за дабрыню, мудрасць і дальнабачнасць.
Ніхто не сумняваўся, што жаданне не нясе за сабой кары. Яно было абсалютным жаданнем! На самай справе, калі ты станеш заўсёды шчаслівым, значыць, табе ніколі не спазнаць гора, а з гэтага вынікае, што ніякага гора не здарыцца!
Нарэшце ўсеагульнае пажаданне грамадзян і патрэбныя спісы, засведчаныя камісіяй і ўладай горада, былі ўрачыста перададзены чараўніку.
"Грамадзяне горада разам са сваімі дзецьмі жадаюць быць заўсёды шчаслівымі".
Апоўначы чараўнік паабяцаў усё выканаць.
- Кладзіцеся спаць спакойна, людзі. Вы прачнецеся шчаслівымі бясконца!
Раніцай чараўнік не адчыніў майстэрню. Ён пакідаў гарадок, ішоў ранішняй вуліцай, на якую выходзілі, выскоквалі праз вокны, выпаўзалі з дзвярэй старыя і малыя, сталыя і маладыя - усе шчаслівыя жыхары. Яны скакалі, спявалі, куляліся, качаліся, бегалі і смяяліся, смяяліся, смяяліся. Яны нічога не адчувалі, нічога не разумелі, нічога не памяталі, але, гледзячы на іх непасрэдную вясёлую валтузню, нікому б не прыйшло ў галаву сказаць: "Няшчасныя". Не, яны былі шчаслівыя, па-свойму, але шчаслівыя...
Чараўнік пакідаў чарговы гарадок ідыётаў на сваім шляху. Яму нешта крычалі ўслед, тыцкалі пальцамі і смяяліся. Ім было добра. Будзе заўсёды добра. Ідыёты ж - заўсёды шчаслівыя. Нават калі плачуць.
Чараўнік сумна ўсміхнуўся. Не таму, што ён ведаў будучыню. А таму, што добра ведаў людзей, іх апантаную і незразумелю веру ва ўсеагульнае шчасце.