|
ХРЫШЧЭННЕ
Учора днём возера здавалася зусім побач. З бабулінага агарода
было відаць прыбярэжнае кустоўе. А цяпер нізкі кудлаты туман заслаў луг,
і росная сцяжынка, што студзіць ногі, казыча мяцёлкамі цімафееўкі, здаецца
бясконца доўгай - не відаць канца - а ракітнік на беразе возера хаваецца
недзе далёка ў тумане.
Яшчэ не вельмі зыркім чырвоным кругам сонца толькі прыўзнялося
над жытам і павольна набаўляе свой бляск, меншае ў памерах, увачавідкі
падымаецца вышэй.
Возера... Ціха-ціха, ні камар не пісне, ні хвалька не плёсне.
Ад вады ідзе пара. Недзе на паўметра ўзнімаецца яна ўверх і завісае над
люстраной паверхняй шчыльным пляскатым воблакам. Ні душы вакол. Усё нібыта
на застылым малюнку, і толькі варушыцца жывая коўдра туману над вадой.
Возера падобна на купель. Нібыта нехта там, унізе, падаграе
ваду, рыхтуецца да святога дзейства. Для гэтага ён прыхаваў возера ад
чужых вачэй густой сцяной туману, забараніў шапацець лісцю, цвіркаць птушкам,
гуляць рыбінай малечы.
Таня стаяла нерухома хвілін дзесяць, зачарованая нечаканай
для яе цішынёй. Божа, як даўно яна не чула такой цішыні! У горадзе ж цішыні
ўвогуле не бывае. А тут - першароднае нешта, невыказана-хвалюючае. Не
цішыня нават, а нячутны гук шчымлівай радасці чакання пачатку новага дня.
Возера - гэта купель.
Ціхенечка, каб не зашапацеў пясок пад босымі нагамі, Таня
наблізілася да вады. Хацела крануцца адлюстраванай, застылай паверхні
неба нагой і сама аж напужалася гэтай думкі. Гэта было падобным на кашчунства
- кранацца такой вады нагой.
Яна прысела, працягнула далонь і не адчула нават, як пальцы
схаваліся ў празрыстай вадзе. Ні адна хвалька не пабегла ад рукі.
Таня не зразумела, якая вада: халодная ці цёплая. Яна толькі
адчула скурай саму ваду: пяшчотную, заспакойваючую. І быццам адтуль, з
глыбіні, праз апушчаную ў ваду руку, імгненна з'явілася непадуладнае жаданне
зайсці ў возера. Каб вада, як жывая істота, прыняла яе і аблашчыла.
Таня ўстала. Сэрца забілася гучна, нястрымна. Ад успыхнуўшага
хвалявання прабег, бы подых ветрыка, казытлівы халадок па скуры.
Таня ведала, што зараз будзе. Не, яна, выходзячы з дому бабулі,
нават не збіралася купацца. Але цяпер...
Таня павольна зняла з сябе ўсё адзенне.
І застыла, скаваная ўнутраным напружаннем. Яна глядзела ў
бок сонца, крыху адхіліўшы галаву назад і адвёўшы злёгку рукі за спіну,
бы крылы для ўзлёту.
Промні сонца пакуль не сляпілі, не грэлі. Яны толькі асвятлялі
яе гнуткі зграбны стан, яшчэ не загарэлы твар з крыху кірпатым носікам,
тонкую шыю, налітыя, задзірліва прыўзнятыя грудзі.
Злёгку кружылася галава, і сама Таня пачала павольна кружыць
на месцы, раптам адчуўшы, што вось-вось яна ўзляціць высока-высока.
І ўзляцела, і ўбачыла далёка ўнізе круглую , зацягнутую парай
малочную купель возера з абадком кустоўя, пясчаную касу і сябе на гэтай
касе...
Недзе ў падсвядомасці яна шкадавала аб тым, што незадоўга
да канікул абрэзала свае доўгія валасы, зрабіла гэтае "карэ на ножцы".
А як бы цудоўна было цяпер разам з імі, як бы пасавалі яны да гэтага моманту
першабытнасці.
Жанчына сутракае дзень...
Таня пайшла ў ваду. Павольна-павольна, так, каб ні адзін
гук не парушыў усю ўрачыстасць гэтага моманту. Яна, упершыню цалкам аголеная
не ў клетцы душавога пакою, а пад адкрытым небам, заходзіла ў ваду з незразумела
адкуль з'явіўшымся перакананнем, што гэта - не звычайнае купанне. У ёй
усё большала ўсведамленне таго, што сёння, вось цяпер, гэтым вядзьмярскім
ранкам, павінна здарыцца нешта вельмі важнае ў яе жыцці, што яна выйдзе
на гэты раз з вады зусім другой, што ранішняя вада, якой нішто не замінае
дакрануцца да кожнай часціначкі яе цела, зробіць яе зусім іншай.
Паплыла. Потым лягла на спіну і, лёгка варушачы рукамі і
нагамі, ляжала так доўга, аж пакуль сонца не ператварылася ў залацісты
кружок, на які балюча стала глядзець. Туман зверху стаў зусім рэдкім.
Бераг здаваўся вельмі далёкім дый увогуле, яго не было, гэтага берага,
як ні было нікога і нічога, акрамя неба, вады і сонца. І яе самой.
Таня павярнулася, каб плыць і раптам скаланулася, ледзь не
ўскрыкнула ад убачанага перад сабой: у метры ад яе лёгка пагойдваўся на
ўзнятых ёй хвалях… рыбалоўны паплавок. Простае гусінае пяро, пафарбаванае
зверху нечым фіялетавым, відаць, пастай са стрыжня шарыкавай ручкі. І
леска цягнулася ад паплаўка некуды ўбок.
Позірк дзяўчыны міжволі пабег, пабег па гэтай лесцы, каб
натыкнуцца ў наступны момант на тонкі канец арэхавага вудзільна.
Другі канец вудзільна хаваўся ў кустах ракітніку. Лістота
хавала і таго, хто трымаў гэтае вудзільна, якое ледзь-ледзь уздрыгнула.
Відаць, гнуткае дрэўца перадало дрыжанне нечае схаванае рукі.
Таня адшукала позіркам сваё адзенне на беразе. Павярнулася
і паплыла. Нетаропка, спакойна, хоць рукі яе аж здранцвелі ад жадання
ўзмахваць з ўсяе сілы, плыць як мага хутчэй, схапіць адзенне і бегчы,
бегчы ў туманны луг, які абяцаў адсюль, з паверхні возера, схаваць, зберагчы
ад нечых нахабных вачэй...
Божухна, нехта ўвесь час цікаваў за ёй! Як яна распраналася,
як кружылася па беразе, бы вар'ятка, голая...
Божухна, які сорам! А як цяпер вылезці на бераг? Як апранацца?
Думкі свідравалі мозг, нават рухі рук сталі яшчэ больш павольнымі.
А недзе ў глыбіні душы нараджалася нечаканае, нязведанае раней пачуццё
ўзбуджэння. Яна была голай перад вачмі мужчыны... Таня ведала, што ў яе
прыгожае цела, ведала і адчувала, што на яе не проста глядзелі - ёю любаваліся.
Не выцягнуў закінуты кручок рыбак, баяўся напужаць рухам дзяўчыну...
Таня азірнулася крадком і ўбачыла, што вудзільна ўжо легла
на ваду.
Яе ахапіў незразумелы азарт. Усё тое, што адбывалася ў гэтыя
хвіліны, пачало нагадваць нейкую вельмі рызыкоўную гульню на мяжы непрыстойнасці
і цнатлівасці. І было вельмі важна не спыняць гульню, але і не перайсці
мяжу.
А можа, ён здаўся ёй - той паплавок? І не вудзільна зусім
ляжыць на вадзе, а так, звычайны пруток...
Урэшце, толькі яна сама, Таня, ведае - бачыла, што нехта
за ёй голай цікуе, ці не. А яна... не бачыла.
Таня выходзіла з вады гэтак жа павольна, як і заходзіла.
Стала тварам да сонца, і цяпер ужо цёплыя прамяні высушвалі яе валасы,
плечы, твар, грудзі. Не, той самай урачыстасці, велічнасці ўжо не было,
як колькі хвілін таму. Цяпер было... кіно. Яна, Таня, была актрысай. Яна
ўжо не была першабытнай жанчынай, што сустракае новы дзень. Яна іграла
ролю гэтай жанчыны.
Але той, хто хаваўся ў кустах, не ведаў.
Вясёлая помслівая гарэзлівасць віравала ў душы і расцягвала
вусны ў хітрую ўсмешку:...
Цела абсохла.
Таня нетаропка прысела, бо раптам палічыла, што распранацца
- гэта адно, а вось нацягваць на сябе бялізну пад позіркам мужчыны - зусім
іншае. Гэта ўжо сорамна.
Апранула, стоячы прама, сукенку і пачула моцны, нечакана
гучны для гэтай ранішняй цішыні возера ўсплеск вады.
Азірнулася.
Дуга вудзільна завісла над вадой, напялася леска, а на яе
канцы срэбрам зіхацела пругкае, трапяткое цела рыбіны.
Таня ўбачыла твар рыбака.
Гэта быў яшчэ зусім хлопчык, можа год дванаццаці.
Божухна, за ёй падглядвала дзіця!
Таня зніякавела, кроў адным моцным штуршком прыліла да твару.
Які сорам! Яна красавалася перад хлапчуком.
Ён, можа, і сам чырванеў ад убачанага. Можа, упершыню ўбачыў
такое, і гэтая падзея стала неспадзяваным, самым хвалюючым відовішчам
у яго юнацкім жыцці...
Гэта думка раптоўна заспакоіла Таню. Ёю авалодала светлае
пачуццё ціхай радасці ад выкананай ёй ролі - першай жанчыны, якая ўвяла
падлетка ў цнатлівы свет прыгажосці жаночага цела.
Яна не стала больш глядзець у бок рыбака. Няхай ён думае,
што яна яго так і не заўважыла.
Ранак нясмела разгараўся зыркім сонечным святлом.
|