|
АДАРВАНЫ ГУЗІК
Цяпер я зрэдку бываю дома, іншы год і аднаго разу не даводзіцца
наведаць неяк незаўважна пастарэўшых і ссівеўшых бацькоў. Але ўжо колькі
гадоў запар, калі аўтобус падвозіць мяне да Доўска, і я іду на спадарожную
машыну, прыпыняю ў гэтым месцы крок. Хутка, каб зусім не спыняцца, абглядваю
вялікі лапік зямлі. Розум супярэчыць - немагчыма праз столькі год знайсці
на зямлі шэры гузік. Тым больш, што гэтулькі аўтобусаў тут прыпынялася,
гэтулькі ног уздымалі тут летні пыл, мясілі восеньскую гразюку, стоптвалі
ў брудна-белы няроўны пласт снежнае покрыва. Дзе тут улежыць гузіку! Ды
мне чамусьці мроіцца, што гузік знайсці можна.
...Гэта для некага міжгародні аўтобус усяго толькі сродак
перамяшчэння. Для тых, хто хоць раз у год праводзіць па 6-8 гадзін у бляшана-шкляным
мірку, аўтобус - асаблівае месца.
Гэта маленькая дзяржава. Вы не проста набылі білет - вам
выдалі пашпарт грамадзяніна гэтай дзяржавы. Няхай і часовы пашпарт. Тут
усё часовае, такі статус дзяржавы. Але свая канстытуцыя ў дзяржавы ёсць.
Ёсць у ёй арты-кулы пісаныя і няпісаныя. Пісаныя вісяць на сценачцы, якая
адга-роджвае трон караля гэтай дзяржавы - вадзіцельскае крэсла - ад салона
і называюцца "Выпиской из правил пользования пассажирским транспортом".
Няпісаныя законы стануць вам зразумелы пасля першай жа паездкі.
Адзін з галоўных артыкулаў няпісанай канстытуцыі гэтай дзяржавы
- права настрою. Гэтае пра-ва дае вам магчымасць выйсці з аўтобуса з тым
жа настроем, з якім вы ў яго восем гадзін таму зайшлі. Ну, і такім чынам
ваш галоўны абавязак - не мяняць настрою суседа.
Коратка можна сказаць так: сеў, то і едзь, нікога не чапаючы.
Надта весела - сцісні вусны, хочацца плакаць - скуголь у кулак.
У той год Радаўніца прыпала на 10 мая. Аўтобус наш узяў накірунак
на Магілёўшчыну 9 мая ў палове першай. Людзей было аж зашмат - чатыры
выхадныя запар, ды яшчэ і Радаўніца.
Крануліся, доўга цягнуліся па Партызанскім праспекце з частымі
прыпынкамі перад светлафорамі. Нарэшце за вокнамі пасвятлела і пацішэла
- горад застаўся ззаду. Тады і прагучаў у сало-не пераканана, з нейкай
напышлівасцю старэчы, але досыць моцны голас:
- Вясна - самая цудоўная пара года. Як усё квітнее!
Голас належаў мажнай, нават тоўстай жанчыне гадоў сямідзесяці.
Яна сядзела у трэцім радзе, ка-ля праходу. Шырока раскінулася ў крэсле,
шырыню яе плячэй і велічыню пляскатых ужо, але і цяпер вялікіх грудзей
падкрэслівала чорная балоневая куртка паверх сіняга фрэнча, зашпіленая
усяго на адзін гузік, спецыяльна дзеля гэтага прышыты. Куртка ледзьве
сходзілася у гэтым адзіным месцы сваімі крысамі.
Кабета павярнула галаву адначасова да акна і да сваёй суседкі,
маладзенькай дзяўчыны гадоў сямнаццаці. Дзяўчына раз-гублена глянула ў
акно, зычны голас кабеты зноў загучаў у сало-не:
- Вось вам, маладым, расці і квітнець. А мы ўжо свае аджылі.
Дзяўчыне нешта трэба было адказваць, яна разумела, што старая
хоча завесці з ёй гутарку, але яе, відаць, бянтэжыў досыць моцны голас
старой. Дзяўчына ўсё глядзела ў акно, а старая таксама не адварочвалася.
Нарэшце дзяўчына села прама, хутка раскрыла кнігу, якую дагэтуль трымала
на каленях.
- Не трэба ў аўтобусе чытаць. Дак-тары кажуць, што шкодна.
Вочы псуеш.
Дзяўчына здрыганулася ад гэтага безапеляцыйнага сказу.
- Нічога, не зашкодзіць.
- А-а, то цяпер не шкодзіць. І мне некалі нічога не шкодзіла.
- Ну, то я тады пасплю! - з нейкай радасцю, нібы ад знойдзенага
выйсця, выгукнула дзяўчына, адкінулася на спінку крэсла і заплюшчыла вочы.
Села прама цяпер і старая. Нейкі час яна злёгку круціла галавой
па баках, бо моцна павярнуцца ёй не даваў тоўсты карак. Свой выбар яна
спыніла на мужчыне, які сядзеў насупраць праз праход, і загаварыла да
яго:
- Гэтак усё расквітнела! Ах, якая ж цудоўная гэта пара года!
Мужчына, не адрываючы позірка ад газетнай старонкі, ледзь-ледзь
пакрывіў вусны і прамармытаў:
- На тое яна і вясна.
Кабета замаўчала на хвіліну, выбіраючы, што далей сказаць.
- А вы далёка едзеце? - прагучала яе гучнае пытанне.
- Далёка.
- А куды гэта?
- Да Рэкты! - мужчына адказаў раздражнённа, рэзка перагарнуў
старонку газеты. - Я чытаю.
- У аўтобусе пачытаць добра, - адказала на гэта кабета. -
Тут ніхто не замінае. А мне дык далей вас ехаць.
Яна спадзявалася пачуць: "Як далёка вам ехаць?", але мужчына
дэманстратыўна не заўважаў павернутага до яго твару.
Да Лапічаў кабета сядзела моўчкі. На гэтым прыпынку суседка
кабеты, дзяўчына, выйшла. Старая не садзілася да акна, з цяжкасцю ўстала
на тоўстыя кароткія ногі ў карычневых, простых панчохах і чакала сваю
будучую суседку ці суседа.
Жанчына гадоў трыццаці з гадавалым хлопчыкам зайшла ў аўтобус,
углядзелася ў яго напоўненае душнаватае нутро.
- Сюды, сюды сядайце! - паклікала старая. -Я хоць баба тоўстая,
затое ціхая. А болей вам і сесці няма дзе.
Некалькі чалавек у аўтобусе заўсміхаліся.
У цішыні праехалі хвілін дзе-сяць.
- Вясна - самая цудоўная пара года. Як хутка усё расквітнела!
- голас старой, такі ж упэўнена-напышлівы, зноў прагучаў на ўвесь аўтобус.
Пакачаў гала-вой, перасмыкнуў вуснамі у люстэрку вадзіцель.
Недзе пачулася кароткае "хі-хі", недзе ўздых "О, Божухна!".
Маладзіца не звярнула ўвагі ні на голас старой, ні на гукі
ў аўтобусе. Яе турбаваў хлопчык - ён імкнуўся стаць ножкамі на сядзенне,
румзаў.
- Нельга, Максімка, пацярпі. Нам зусім мала ехаць. А там
нас татка сустрэне...
- Далёка едзеце? - быццам чакала гэтых слоў маладзіцы старая,
спытала хутка і па-ранейшаму гучна.
- Не, толькі да Бабруйска.
- А мне далёка...- працягнула кабета з надзеяй прадоўжыць
размо-ву.
Аўтобус у Бабруйску стаяў паўгадзіны, але старая з яго не
выходзіла. Кожнага, хто потым заходзіў у аўтобус яна сустракала пранізлівым,
дапытлівым позіркам, у якім раптам угадвалася незразумелая боязь.
І зноў сусед-кай старой стала жанчына, маладая, інтэлегентнага
выгляду, нечым надта нагадваючая настаўніцу пачатковых класаў. Ледзь мінавалі
Бабруйск, як зноў загаварыла старая:
- Вясна - самая цудоўная пара года. Як усё квітнее вакол!
Яшчэ не змоўклі яе апошнія гучныя словы, а ў салоне нібыта
ветрык праляцеў - ветрык раздражнёнасці і насмешлівасці. Старая, не адчуўшы
халадку ў гэтым подыху настрою пасажыраў, запыталася ў суседкі адразу
ж, не чакаючы рэагавання той на яе за-хапленне вясной:
- А вы ці далёка едзе-це?
Жанчына у сваю чаргу гэты самы ледзь улоўны настрой пасажыраў
адчула.
- Амаль да канца, - хутчэй з ветлівасці, з яўнай неахвотай
адказала яна, ад-вярнулася да акна.
- Вось і я амаль да канца. Мо і выйдзем разам? - не адставала
старая.
- Мо і разам, - задуменна адказала жанчына, гледзячы ў вакно.
Яна адчувала сябе няёмка ад гучных пытанняў старой, ад нябачнага во-блачка
раздражнёнасці, якое ахутала яе суседку.
- А вы дзе працуеце? - усё імкнулася завязаць размову кабета.
- У школе.
- Настаўніцай, мабыць?
- Настаўніцай.
- А чаму вычыце?
Вось такая размо-ва, больш падобная на допыт, цягнулася з
перапынкамі, вялікімі і малымі, з паўгадзіны. Старая яшчэ двойчы вярталася
да тэмы вясны: "Ах, якая гэта цудоўная пара!". Жанчына, заціснутая мажным
целам кабеты, адчувала сябе вельмі няёмка. Яна бачыла, як крывіўся ў люстэрку
вадзіцель, у выпадковых позірках заўважала спачуванне да сябе, але пачуццё
выхаванасці прымушала яе быць хоць крышачку ветлівай, не адказваць груба,
не перапыняць нетактоўна. Яна злавала на гэтую старую, на яе зычны голас,
які бесцырымонна распытваў пры поўным аўтобусе сведкаў аб яе асабістым
жыцці, яе раздражняла на няшчырае захапленне кабеты вясной за вокнамі
аўтобуса.
У Доўску старая мітусліва пачала падымацца, перапытала двойчы
ў вадзіцеля: "А колькі стаім?" і цяжка выйшла з аўтобуса, які прыпыніўся
каля вак-зала, не заходзячы на перон прыбыцця. Накіравалася ў бок вакза-ла.
...Усе ўжо былі на месцы. У пяцідзесяці кро-ках, па зацэментаванай
пляцоўцы ішла да аўтобуса старая. У гэты момант вадзіцель завёў рухавік.
Мякка крануліся аўтаматычныя дзверы, паехалі, закрываючы ўваход.
Роспач, страх, разгубленасць адбіліся на твары старой, і
той стаў мярцвяна-шэрым. Яна сілілася крыкнуць, але толькі бязгучна раскрывала
рот, бо ўся сіла яе была скіравана на тое, каб як мага хутчэй перастаўляць
тоўстыя, няўклюдныя ногі.
Як цяжка даваліся ёй гэтыя, для яе хуткія, крокі! Гармонікам
сабралася на на-зе адна панчоха, з кожным крокам гэты гармонік рос ушыркі
і ў вы-шыню.
Ніхто ў аўтобусе не глядзеў у акно. Хоць старую бачылі усе.
Аб гэтым гаварыла зацятая, змоўніцкая цішыня салона.
Аўтобус ціхенька крануўся.
І старэчы крык урэшце вырваўся з заціснутых у цесную балонню
курткі грудзей. Старая была ўжо побач.
Вадзіцель пераможна ўсміхнуўся, спыніў аўтобус. Пачалі адчыняцца
дзверы.
Зацэментаваная пляцоўка заканчвалася даволі высокай прыступкай.
Старая нагнулася, ухапілася рукамі за край пляцоўкі, пасунула на зямлю
адну нагу, потым другую, у з'ехаўшай цалкам панчосе. Хваравіта-белаая
скура неверагодна тоўстай нагі была ў беспарадку аблытана тоўстымі, ліловымі
венамі.
Старая разагнулася, павярнулася тварам да дзвярэй, што ўжо
адчыніліся. І ў гэты момант пстрыкнуў, адляцеў некуды ўбок шэры гузік
з чорнай курткі. Вольна раскінуліся распутанымі крыламі крысы.
Успалых яркіх фарбаў святла на грудзях старой заўважылі ўсе.
Яго немагчыма было не заўважыць, як бліц лямпы-ўспышкі фатографа.
...Застылай, набрыняла-барвовай пяцікутнай кропляй крыві
адсвечваў на правым крысе сіняга фрэнча старой ордэн Чырвонай Зоркі, побач
з ім высакародна пабліскваў залатымі вострымі гранямі ордэн Айчыннай вайны,
заззялі пад промнямі сонца залатыя і срэбныя кружкі медалёў.
Здзіўлена вуркнуў і заглох, нібы падавіўся сваім вуркатаннем,
рухавік аўтобуса. У напятай цішыні старая пачала падымацца па прыступках
у аўтобус. Ад гэтага руху яе нагі здрыгануліся медалі на левым крысе фрэнча.
Іх ціхі, тонкі звон быццам абудзіў застыўшы салон аўтобуса.
Сарваўся са свайго месца напарнік вадзіцеля і мужчына на
пярэднім сядзенні, кінуліся да старой, падалі рукі, каб дапамагчы падняцца
ў салон. Схапілася з месца настаўніца, на нейкіх толькі ёй вядомых правах
прабілася наперад і перахапіла старую з мужчынскіх рук, павяла да крэсла.
- Ой, гузік, дзетачкі, гузік адарваўся...- праз уздыхі-ўсхліпы
казала старая, хапаючы адной рукой чорныя крысы курткі, каб закрыць, схаваць
ад позіркаў пасажыраў свой сіні фрэнч у медалях і ордэнах.
- Дробязь, цёпла ж зусім.- угаворвала яе настаўніца. - Вам
гэтая куртка дыхаць не дае, знялі б вы яе зусім...
- Не, не, дзетачкі. Няёмка перад людзьмі мне. Знайсці гузік
трэба, я прышыю яго...
Пагойдваліся, ціха пазваньваючы, медалі. Іх срэбны звон як
быццам мякка ушчуваў пасажыраў.
Настаўніца пасадзіла старую, па-вярнулася да вадзіцеля:
- Пачакайце, гузік трэба пашукаць!
- Пачакаем! - нават з радасцю згадзіўся той.
Шукаць гузік разам з настаўніцай таропка падняліся яшчэ некалькі
чалавек. Углядаліся ў зямлю, заглядвалі пад аўтобус. Нічога не знаходзілі.
- Мо пад аўтобус закаціўся, - услых падумаў нехта ў салоне.
Вадзіцель як па камандзе завёў рухавік, крыху падаў аўтобус
назад.
Хвіліны праз тры пошукаў старая ўзнялася з месца.
- Не трэба, дзетачкі, не шукайце, ліха на яго. Я вось шпількай
сцягну. Што з-за мяне аўтобус трымаць...
Ізноў стала цішыня ў аўтобусе, толькі цяпер уважлівая і паважлівая.
І ў гэтай цішыні гучаў стары, на слёзах настоены голас:
- Ды памру ж я праз год, адчуваю. А як вёску нашу ссялілі
ад радыяцыі, мяне дачка ў Мінск забрала. То я ўжо тры гады на магіле мужа
не была, да таткі з мамай яечка на магілку не клала... З ваенкамата прыйшлі,
кажуць, вельмі просім вас прыйсці сёння на плошчу. Угаварыла дач-ка, і
медалі гэтыя надзець прымусіла. Ты іх, кажа, кроўю заслужыла, чаго іх
саромецца... Напужалася я вельмі, дзетачкі, як аўтобус крануўся. Я ж адна
паехала, дарогі добра не ведаю, паўвека у сваёй вёсцы прасядзела, нідзе
не была. Ногі, халера на іх, як у багне ў блакаду трое сутак прасядзела,
пухнуць пачалі. Бы калоды парабіліся, хадзіць надта ж цяжка. А некалі,
ого, мяшок з узрыўчаткай на плечы ды ўсю ноч праз лес, праз балота. Эх,
маладая была... Радаўніца заўтра, думала, яшчэ хто да маёй вёсачкі ехаць
будзе, яно разам неяк весялей. А вось адна аказалася, не ўмею у людзей
спытаць. Рабіць умею, а бяседваць так і не навучылася...
- А Вы ў якую вёску едзеце, на якія вам могілкі трэба? -
прагучала пытанне аднекуль з глыбіні салона.
Старая з цяжкасцю павярнулася на голас, адшукала позіркам
задаўшага пытанне хлопца гадоў васемнаццаці
- На краснапольскія, унучак.
- То і нам на краснапольскія трэба, - адазвалася жанчына
на другім крэсле. - Вы ў якой вёсцы жылі?
... Я не стаў выходзіць у Завідаўцы, папрасіў, каб мяне падкінулі
яшчэ далей, да Новых Журавічаў. Калі я выўшаў, і аўтобус, чмыхнушы салярачным
смуродам, паехаў далей, у мяне ўзнікла пачуццё, што я нешта забыў у салоне.
Вельмі важнае забыў...
Праз два дні, падыходзячы да аўтавакзала ў Доўску, я прыпыніўся
на тым самым месцы, дзе шукалі адарваны гузік. Прыпыніўся, каб прыпаліць
цыга-рэту, а сам тым часам вачамі абмацваў крок за крокам гэтае месца...
Мне і тады, і цяпер здаецца вельмі важным і неабходным знайсці
той гузік. Можа, вы будзеце калі ў Доўску, то там, перад пляцоўкай, якая
вядзе да галоўных уваходных (зачыненых заўсёды) дзвярэй аўтавакзала, часам
прыпыняюцца міжгароднія аўтобусы, не заходзячы на перон. Можа, пашанцуе
вам. Гузік жа вялікі, шэры, з дзвюма дзірачкамі...
|