ГАЛКА

Вось калі добра-добра падумаць, то быць непрыгожай не так ужо і дрэнна. Галя непрыгожая, так усе лічаць. Нос у яе маленькі, востранькі, тварык хударлявы, а вочы амаль чорныя, у тонкім паўкружжы брывоў. То Галя іх надта не паказвае. Гэта няцяжка - глядзі сабе пад ногі, калі па вуліцы крочыш. А ў клубе на танцах можна на касету глядзець. Галя каля магнітафона - гаспадыня. Бо ніхто акрамя яе гэтулькі новых касет у райцэнтры не купляе - грошай шкадуюць. А яе бабуля для ўнучкі на гэтыя самыя касеты дае. Бабуля ў Галі вельмі добрая. Усе думаюць, што яна надта строгая, сквапная. Маўляў, Галя ў клуб ды ў школу ходзіць у старой выцертай, аж свеціцца, сукенцы. Ну і няхай думаюць. Ёсць у Галі новая блакітная сукенка. Ух, проста цуд, а не сукенка. Лёгкая, бліскучая. Галя іншы раз яе апране, хату на зашчэпку прыхапіўшы, пакруціцца перад люстэркам вялікім, што ў бабулінай шафе. А яшчэ і туфелькі абуе. Чорненькія, на абцасіках! У іх танцаваць так ёмка! Вокны яны з бабуляй вечарам занавесяць, ды як пачнуць кружыць! Ох, доўга бабуля з Галяй вазілася, пакуль не пачало атрымлівацца так, як бабулі падабаецца. Ты павінна, казала, умець лепей за ўсіх. Дзіўная бабуля! Навошта гэта Галі, калі ў клубе ды на школьных вечарах Галя не танцуе? Хто яе, такую непрыгожую, у старое апранутае, на танец запросіць? То і на танцы яна ў пантофлях ходзіць. Сукенку сваю старую апране, зверху накіне вязаную бабуляй світку - ды і добра. А што аздабляцца, калі цэлы вечар ля магнітафона стаяць? Галя і не хадзіла б на гэтыя вечары, але ж яна вельмі музыку любіць. І танцаваць любіць. Зайграе музыка, топчуцца ў крузе хлопцы і дзяўчаты, і Галя там. У марах, вядома. О, як яна плыве ў гэтых чаруючых хвалях, як лёгка, ледзь кранаючыся падлогі, робіць яна круг за кругам...
А чорныя свае, як смоль, доўгія валасы, Галя ў клубок на галаве ззаду звязвае. Так яны не замінаюць. За гэтыя валасы ды за вочы і клічуць яе не Галяй, а Галкай. Ведаеце, птушка такая ёсць - чорная, трохі меншая за варону. Яно быццам і прыгожа - Галка, але клічуць яе так трохі з пагардай, так, што адразу зразумела: не імя гэта, а мянушка. Было б імя другое, усё роўна б Галкай дражнілі. Ну, ды і няхай. Яна на вочы рэдка трапляецца, стаіць сабе ў куточку. З музыкай яна добра ўпраўляецца, толькі іншы раз каму не спадабаецца, то тады крычаць:
- Галка, што ты паставіла? Глядзі зараз атрымаеш!
Галя не крыўдуе. А пагроз яна не баіцца. Бацька некалі малую біў, яшчэ да таго, як пайшоў "сабакам сена касіць". Маці, як напівалася, за косы цягала, можа, з тае прычыны і пачала ёй бабуля валасы ў куксу збіраць, каб не так ёмка было хапаць.
Маці ўжо даўно з імі не жыве. Як адправілі яе на лячэнне, то яна толькі аднаго разу і прыязджала - счарнелая, з запаўшымі вачыма і дрыжачымі рукамі. Дала ёй бабуля грошы, паплакала крадком, а маці тут жа кінулася ў краму.
Бабуля для Галі - і маці, і бацька. Прыгалубіць, а калі і дзеркачом шлёпне па азадку. Але тое рэдка, з бабуляй яны жывуць добра. Бабулю Галя любіць. І бабуля любіць унучку. Кажа ёй, што яна - самая прыгожая. А іншыя проста не разгледзелі яе. Смешная бабуля. Хіба гэта так важна? Быць непрыгожай добра. Увагі на цябе менш звяртаюць. Таму не трэба прыхарошвацца перад школай і танцамі, не трэба грошы на прыгожую вопратку пераводзіць. На бабуліну пенсію ды зарплату вартаўніка надта не накупляешся.
...Галя якраз цягнула на вяроўцы Варку, сваю казу, да хаты, калі ён ішоў ёй насустрач - унук бабы Марфы, Андрэй. Ён на год за Галю старэйшы, яму ўжо шаснаццаць. Высокі, прыгожы, і паводзіць сябе, як прыязджае на лета да бабулі, зусім не так, як вясковыя хлопцы. Разумны ён і самастойны не па гадах.
Галяй Андрэй ніколі не цікавіўся. За дзіця яе лічыў, бо Галя яшчэ і росту невялікага. А вось Галя ім нават ад самой сябе употай захаплялася.
Гэтым летам у Андрэя на верхняй губе з'явілася рэдкая, але досыць заўважная палоска вусоў. Ён прайшоў міма, не глянуўшы на Галю, а тую раптам як абдало кіпнем. Неспадзявана моцна, затахкала сэрца. Стала горача і невыносна сорамна, што яна стаіць на пыльнай дарозе басанож, з драпінамі на каленях, з выпацканымі ў зелень рукамі (рвала малачай), у старой сукенцы і яшчэ з гэтай Варкай...
Варка моцна тузанула за вяроўку, і Галя зразумела, што ўжо колькі часу стаіць нерухома на дарозе. Заспяшалася, подбегам падалася на свой надворак.
Не праходзіла, не адпускала гарачыня, і твар усё пылаў. Уключыла магнітафон, касету сваю любімую паставіла - там "Паланез" Агінскага - і закружыла, закружылася сама ў чаруючых гуках цудоўнай музыкі і адразу не заўважыла, як зайшла бабуля, стала каля дзвярэй і з незразумелым лёгкім сумам пазірала на яе.
Галя ўбачыла бабулю, сумелася.
Але бабуля нічога не сказала.
Вечарам Галя сабрала касеты, апранула сваю школьную сукенку, сцягнула туга валасы на патыліцы і пайшла ў клуб.
Андрэй у клуб прыйшоў з ватагай хлопцаў. О, як на яго пачалі дзяўчаты зіркаць. А ён сабе стаў у кутку, доўга дзяўчат аглядаў, быццам выбіраў. І на таканцы ўсіх запрашаў, адно, на Галю ўвагі не звярнуў. Не, Галя не зайздросціла, ды і чаго там было зайздросціць: дзяўчаты вунь якія прыгожыя, як апрануты добра. А яна... яна ж - Галка...
Танцы ў клубе ўжо заканчваліся, аб'явілі апошні танец, і тут Андрэй рушыў да магнітафона. Галя спуджана сцялася, чакала: раптам пачне выгаворваць, што дрэнь яе музыка, не так, як трэба песні чаргавала. Ён жа гарадскі, у іх там усё не так...
Але Андрэй раптам прытрымаў яе руку, якая ўжо ставіла касету ў магнітафон, моўчкі стаў перабіраць касеты. Выцягнуў адну, другую, нарэшце падаў Галі яе любімую - дзе "Паланез". "Вось гэта" - чыркнуў пазногцем пад назвай вальса, а сам выйшаў на сярэдзіну клуба, але пры першых гуках музыкі спыніўся, павярнуўся пакрысе, і рушыў назад, да магнітафона. Да Галі.
У клубе стала так ціха, што быццам музыка ў дзесяць разоў грамчэй зайграла.
А Андрэй прыпыніўся насупраць дзяўчыны, ледзь-ледзь кіўнуў галавой і ўпэўнена працягнуў руку.
Замер клуб, уздрыгнула Галя, глядзела на руку, не верачы сваім вачам - са страхам і захапленнем.
І заўсміхаліся ўсе вакол: зразумела, вось гэта будзе зараз цырк! Галку на танец запрасілі. У пантофлях на басанож! Ды яна ж зроду нідзе і ніколі не танцавала. От зараз будзе танец дык танец! Малайчына, Андрэй, выдатную забаву прыдумаў!
Усё гэта зразумела Галя. Бачыла, ведала, чаго чакаюць усе вакол. У вочы хлопцу зазірнула, з просьбай, болем зазірнула, але той глядзеў на яе з хітрай, непрыемнай усмешкай:
- Я запрашаю паненку на танец!
Прыснулі дзяўчаты ў далоні. Галя, паненка смаленая!
Галя сцялася ўся, але і пайшла ў круг, уклаўшы свае ўздрыгваючыя пахаладзелыя пальцы ў далонь Андрэя.
Уладна, упэўнена павёў у танцы хлопец Галю, а той раптам здалося, што не вытрымае напружання яе ўмомант узмакрэлая спіна, што стаўшыя цяжкімі, няўклюднымі яе ногі трапяць пад бліскучыя чаравікі Андрэя, і з-пад ногцяў пырсне кроў і пацячэ на запыленую падлогу, і на нефарбаваных дошках застануцца рудыя плямы...
Яна заплюшчыла вочы і ўбачыла бабулю. Бабуля глядзела на яе з тым жа лёгкім сумам і раптам прашаптала аднымі вуснамі: "Танцуй, унучка!"
І знікла напружанне ў спіне. Знік цяжар з ног. Знік клуб, шурпатая падлога, дзяўчаты і хлопцы. Галя закружыла лёгка, вольна, чуйна ловячы самы лёгкі рух хлопца, яго жаданне. Яна не бачыла твараў вакол, не бачыла, як знікалі з вуснаў хіжыя ўсмешкі, як здзіўлена ўздымаліся бровы і разяваліся раты. Яна бачыла перад сабой толькі вочы Андрэя, у якіх з кожным іх паваротам разгараўся агеньчык захаплення і задавальнення, якое прыносіў хлопцу іх лёгкі, такі суладны з музыкай танец.
Яны танцавалі вольна, робячы плаўныя, хуткія кругі пасярод клуба - ніхто больш не пайшоў танцаваць.
О, які гэта быў цуд! Галя лёгка краналася падлогі, знікла скаванасць і хваляванне, і толькі музыка, цудоўныя гукі паланеза існавалі цяпер ва ўсім белым свеце, і яшчэ недзе далёка-далёка стаяла яе бабуля, і на твары яе ззяла ўсмешка шчасця, а ў куточках вачэй паблісквалі, бы іскрынкі, кропелькі слёз...
А потым Андрэй праводзіў Галю дадому. Першы раз яна ішла побач з хлопцам такі доўгі шлях - аж ад клуба і да бабулінай хаты. І Андрэй падтрымліваў яе пад руку.
Ён быў вельмі ветлівым, гэты сімпатычны гарадскі хлопец. Усе распытваў і распытваў, а Галя расказвала: як з бабуляй удзвюх ездзяць па дровы, як гатуюць зімовымі вечарамі печаную ў грубцы бульбу, як вучыць яе бабуля танцаваць. Так, Галя не толькі вальс умее! Польку - калі ласка, і кадрылю можа, і цыганачку. А новым гэтым шэйкам і вучыцца няма чаго.
Галя засынала, а ложак яе разам з ёй усё плыў і плыў пад незмаўкаючыя гукі паланеза...
Мілая яе бабуля! Яна усё-усё зразумела, і калі Галя расказала, што думае зрабіць сёння вечарам, толькі заўсміхалася. Цэлы дзень яны былі як змоўшчыцы, адно пераміргваліся ды смяяліся з зразумелых толькі ім позіркаў.
Бабуля сушаных рамонкаў у вялікі чыгун кінула, кіпнем заліла. Потым у гэтай пахучай вадзе Галя мыла свае чорныя валасы. Калі яны высахлі і бабуля расчасала іх, то і сама Галя ахнула: такой лёгкай аксамітнай хваляй сцякалі яны з галавы далёка на плечы! А як яны пасавалі да бліскучай блакітнай сукенкі! А чорныя туфелькі на абцасіках! Галя ўсё круцілася перад старым люстэркам і ціхенька смяялася сама з сябе. Якая яна ...прыгожая!
...Яна не звяртала ўвагі на вытарашчаныя, зайздросныя позіркі ў клубе, не прыслухоўвалася да смяшкоў і едкага шэпту. Ну і няхай! Бабуля ж яе папярэдзіла.
Загадчыца клуба, маладая яшчэ дзяўчына, Галю сёння ад магнітафона прагнала: "Я сама ўпраўлюся!" Ну і добра, ёй яшчэ лепей вось так у кутку стаяць. Яна ўсіх бачыць. І Андрэя вунь таксама.
А на хлопца пазіралі не менш чым на Галю. І ўсё шапталіся, хіхікалі, пырскалі смехам. А Андрэй бы і не заўважаў нічога, стаяў з купкай хлопцаў, гарбузікі лушчыў.
Зайграла музыка, і нечы голас знарок гучна, урачыста-насмешліва аб'явіў: "Белы танец!"
Галя выйшла з кута і пайшла. Праз увесь невялікі клуб да другой сцяны - да Андрэя. Яна ішла, як ніколі не хадзіла раней: з высока ўзнятай галавой - хваля валасоў адчувальна цягнула ўніз. Тоненькія абцасікі так гучна, проста аглушальна цокалі па старых дошках падлогі.
Клуб застыў.
Андрэй насцярожана павярнуўся на цішыню, на цоканне абцасікаў. У яго вачах Галя ўбачыла спачатку захапленне, потым здзіўленне, потым яны звузіліся, а на ілбе праступіла тонкая маршчынка. Ён думаў, успамінаў, угадваў... Прыгадаў, і вочы ўспыхнулі спалохам. Самым сапраўдным спалохам. Гэтыя некалькі імгненняў, пакуль Галя набліжалася да хлопца, у таго ў вачах адбілася цэлая хваля пачуццяў і думак: здзіўленне, імгненнае захапленне, спалох, адчайны пошук выйсця і, нарэшце, упэўнены спакой і чаканне.
Галю на нейкі момант уразіў і нават крышку саму спалохаў гэты спакой хлопца, яна адчула для сябе нейкую небяспеку ў гэтай загадкавай усмешцы чакання.
Крок, яшчэ крок, яна спынілася і павольна працягнула руку далоняй уніз да хлопца.
Усталявалася цішыня, нават музыку знарок прыглушылі. Андрэй вытрымаў паўзу, потым карцінна павярнуўся да купкі хлопцаў і гучна, так, каб пачулі ўсе, сказаў:
- Хлопцы, у каго гарбузікі ёсць? Дайце беднай птушцы, няхай паклюе!
Клуб выбухнуў рогатам. У гэтым рогаце было ўсё: пагарда, здзек і нават нянавісць,
Галя не адхіснулася, не закрыла твар рукамі і не выбегла з клуба. Яна ледзь-ледзь, аднымі куточкамі вуснаў усміхнулася і ціха, але і гэтыя яе словы добра пачулі вакол, прамовіла:
- Я разумею...
Яна выходзіла з клуба нетаропкім крокам, так, як і ішла запрашаць на танец. Ёй у след нешта крычалі - здзеклівае, кплівае, але яна нібыта не чула. Яна разумела, што ёй помсцяць: за ўчарашні танец, за яе неспадзяванае ўменне танцаваць лепей за ўсіх, за сённяшнюю блакітную сукенку, за туфлі на абцасіках, за густую аксамітную хвалю валасоў на плячах…
Помсцяць за тое, што яна больш не згадзілася быць непрыгожай...
Бабуля яе папярэджвала.