Уступны экзамен
Усе адзінаццаць год вучобы ў школе ў Андрэя жыло гэтае хваляванне
- хваляванне перад чыстай старонкай сшытка. Ён ўвесь час быў унутрана
перакананы, што ад таго, як ён напіша самую першую літару, будзе залежаць
канчатковы вынік усяго напісанага.
Андрэй хвалюецца і цяпер - сёння апошні ўступны экзамен,
сачыненне, - хаця і ведае, што паступіць. Ён можа зрабіць у сачыненні
процьму памылак - і паступіць. Бо паступленне не залежыць ад яго - маці
наперад зрабіла ўсё неабходнае.
Андрэй яшчэ здаваў школьныя экзамены, а яна ўжо сказала яму,
у якім інстытуце, на якім факульцеце будзе вучыцца. Не Андрэй выбіраў
- яна, маці. Зрэшты, і ёй выбіраць не надта прыйшлося - у яе быў толькі
адзін знаёмы дэкан. Яна выбрала яго таму, што ягоны сын меў гандлёвую
фірму. Гандлёвую фірму мае і маці. Ну, а гандляр гандляра заўсёды зразумее.
Андрэй не спрачаўся з маці - ведаў, што дарэмна. "Вывучу,
уладкую, ажаню - тады рабі, што хочаш. А цяпер я за цябе адказваю!" -
безапеляцыйна не раз адказвала маці Андрэю на яго рэдкія, нясмелыя пярэчанні.
"Кацярына - прамень святла"...
Што можна сказаць новага ў сачыненні на гэту тэму? Пісана,
перапісана!..
"І жыццё і смерць Кацярыны - гэта выклік дамастрою",- піша
Андрэй. Сёння лічыцца няправільным так думаць, сёння Кацярыну - можна
абвінаваціць у здрадзе мужу. Андрэй, калі праходзілі Астроўскага і яго
"Навальніцу", быў ці не адзіным у класе, хто згаджаўся з Бялінскім. З
яго, Андрэя, нават настаўнік цішком пасмейваўся. Відаць, лічылі ўсе, што
не мае Андрэй свайго пункту гледжання, таму кажа словамі крытыка. Ды ў
тым і справа, што мае. Гэта астатнім здаецца, што яны ўсё добра ведаюць.
А Андрэю не здаецца, ён не па п'есе Астроўскага ведае, што такое дамастрой.
Андрэй, як прачытаў "Навальніцу", быў настолькі ўражаны,
што хадзіў пад уздзеяннем п'есы дзён тры. Бо гэта пра яго пісаў Астроўскі.
Гэта ў яго хаце - дамастрой.
У сям'і Андрэя ўсім камандуе маці.
Ёй хутка пяцьдзесят, яна мажная, вышэй сярэдняга росту. Шырокія,
зусім не жаночыя далоні рук, залішне тоўстыя ікры ног. Маці купляе боты
і заўсёды разразае ззаду крыху халявы - інакш не абуць. Апошнія гады яна
ходзіць у чорнай скураной куртцы, чорных ботах і страшэнна нагадвае наглядчыцу
ў турме. Усёй сваёй постаццю, тварам, сталёвым позіркам, які пранізвае
цябе наскрозь. Гэта адчуваеш амаль фізічна, імкліва меншаеш ростам, ператвараешся
ў казюрку, і хочацца зусім знікнуць...
Маці часта глядзіць так на Андрэя, бо лічыць, што з яго не
атрымалася чалавека. Гэта таму, што яна позна за яго ўзялася. Але не ўсё
страчана, лічыць маці, нешта яшчэ можна паправіць. Яна - паправіць. Калі
маці за нешта бярэцца - яна дамагаецца свайго. Любой цаной! "Магу ногі
цалаваць, а магу забіць!" - кажа яна. "А ты што можаш?" - пытаецца ў Андрэя
так, быццам прыбівае цвіком да сцяны.
Андрэй нічога не можа - яму гэта не раз падкрэслівала маці.
Ён толькі расце на ўсім гатовым...
І бацька Андрэя - худы, невысокі, з хваравітым тварам, з
бляклым позіркам вачэй - таксама нічога не можа, адно што нажываць горб
на заводзе і прыносіць капейкі.
...Гэта было даўно, так даўно, што Андрэй ужо і не памятае
падрабязна той пераднавагодні вечар. Бацька ў той дзень не прыйшоў на
абед, з'явіўся ён у кватэры позна, калі добра сцямнела, злёгку п'яны,
вясёлы, з цудоўнай зялёнай калючай ялінкай. Як пахла яна лесам, свежай
смалой! О, той пах і цяпер памятае Андрэй! І тады доўгае чаканне свята
раптоўна напоўнілася рэальнасцю, радаснымі турботамі.
А потым здарылася нечаканае. Быў страшэнны крык маці. Яна,
вялікая, тоўстая, узвышалася, бы нейкі магутны каменны ідал, над маленькім
бацькам, крычала, падпёршы рукамі бокі, а бацька дзіўна меншыўся ў памерах,
сціскаўся. Маці раптам хапіла яго за каршэнь і павалакла да дзвярэй. Гэта
было агідна. Было невыносна шкада бацьку, крыўдна за яго - ён жа прынёс
такую прыгожую ялінку!
Але і ялінка была выкінута ўслед за бацькам за дзверы.
Потым Андрэй чуў, як бацька, бы пабіты сабака, ціха шкробся
ў дзверы, нешта слязліва прасіў.
- Не адчыняць яму! - загадала маці Андрэю і яго старэйшай
сястры.
Бацька спаў на цэментаванай лесвічнай пляцоўцы, а яны - Андрэй
і сястра - упрыгожвалі бліскучымі цацкамі штучную ялінку - яе яшчэ летам
купіла маці.
Ялінка пахла пылам.
"Сапраўдная трагедыя Кацярыны пачынаецца з яе шлюбу - яна
не ідзе замуж, яе аддаюць."
Андрэй сам таксама ніколі нічога не выбіраў - яму прыносіла
маці. Акварыум з рыбкамі, хоць Андрэй хацеў сабаку, тэлевізійную гульнёвую
прыстаўку, а яму хацелася веласіпед...
Андрэй хадзіў у музычную школу - так жадала маці, бо лічыла,
што гэта патрэбна і модна.
А Андрэй люта ненавідзеў фартэпіяна.
Летнія канікулы для Андрэя - тры змены ў трох розных лагерах.
А ён марыў кожнае лета паехаць да бабулі ў вёску, дзе можна пайсці хоць
на рэчку, хоць у лес, дзе можна грабсці з дзедам духмянае сена, класці
яго на воз, потым ляжаць на тым высокім бухматым возе і доўга-доўга глядзець
на высокія белыя аблокі ў сінім празрыстым небе. Андрэй памятае - так
некалі было ў дзяцінстве: ехаў воз, пагойдваўся на вясковай дарозе, было
крышачку страшна, але ні за што не згадзіўся б тады Андрэй злезці з таго
воза...
"Кацярына імгненна трапляе ў свет, дзе кожнае яе слова, кожны
крок знаходзяцца пад кантролем, аналізуюцца..."
Маці павінна ведаць кожны дзень Андрэя да дробязей. Дзе быў,
з кім размаўляў, што бачыў, што чуў - маці цікавіла ўсё. Над нечым істотным,
як ёй здавалася, у расказах Андрэя яна загадкава хмыкала, быццам адзначала
ў сваёй галаве: запомніць, скарыстаць у далейшым. У яе не галава, а нейкі
камп'ютэр. Яна памятае праз гады колькі і калі давала грошай Андрэю, што
ён на іх купляў і колькі рэшты не вярнуў. Грошы, на нешта патрэбныя самому
Андрэю, маці давала вельмі рэдка.
- Абгрунтуй! - рэзка казала яна на яго просьбу, акідвала
позіркам усю яго постаць, бы імкнулася пабачыць - сур'ёзныя падставы ў
сына ці не.
Крадком ад маці грошы Андрэю даваў бацька. Андрэй браў, але
неяк маці прынесла паперку, якую ўзяла на бацькавым заводзе. Зіркаючы
ў тую даведку, распякала бацьку два вечары запар. А той толькі разгублена,
вінавата ўсміхаўся, але маўчаў.
І Андрэй больш грошай у бацькі не браў - ведаў, што ад маці
бацька ні капейкі не схавае. Ад яе ўвогуле нічога не схаваеш. Яна ўсё
помніць, і толькі здаецца іншы раз, што на нешта забылася. Але прыйдзе
момант, нагадае...
"Кацярына страціла любоў і пяшчоту бацькоў і нічога не атрымала
ўзамен: ні кахання мужа, ні павагі свякрухі..."
Андрэй не памятае, ці бачыў ён маці калі ласкавай. Нават
як ён хварэў, яна звярталася да яго грубавата, штучна-бадзёра:
- Ну, герой, ці не час брацца за навуку? Мо досыць лайдачыць?
Яна накупляла безліч нейкіх замежных лекаў, строга наказала
іх прымаць і, відаць, палічыла, што яе ўдзел у лячэнні на гэтым скончаны.
Усе гады Андрэй пабойваўся маці. Нават - баяўся.
- Баіцца цябе нехта - значыць паважае, - будучы ў добрым
настроі вучыла Андрэя маці.
Значыць, Андрэй паважаў маці.
Да таго вясенняга дня на дачы...
Гэта было тры гады таму. Ён і бацька шчыравалі там увесь
дзень. Капалі, раўнялі грады. Тады Андрэй упершыню заўважыў, што бацька
на нешта хворы: ён вельмі цяжка дыхаў, часам кашаль задушваў яго, потым
ён, адкашляўшыся, доўга стаяў, упёршыся ілбом у дзяржанне рыдлёўкі, і
дыхаў, аж захліпаўся паветрам. А твар бацькі рабіўся шэра-жоўтым, бліскучым
ад мноства маленькіх кропелек поту.
Яны зрабілі ўсё. Андрэй прылёг пачытаць, бацьку сусед клікнуў
на дапамогу - перацягнуць старую мэблю. Бацька вярнуўся праз гадзіну,
ад яго папахвала гарэлкай. І гэты пах учула маці, якую прывёз на дачу
на аўтамабілі яе зяць, муж Андрэевай сястры.
- Лайдак! П'янтос! - люта пырскаючы слінай, накінулася маці
на бацьку.
- Да я... Во тут мы... - мямліў бязладна бацька, прыкрываў
галаву рукамі, на якую пасыпаліся ўдары кулакамі.
- Гад! Колькі ты ўжо крыві маёй выпіў! Заб'ю! - крычала і
біла, няўмела, па-бабску размахваючыся, маці.
- Не бі яго! Мы ж усё зрабілі! - Андрэй кінуўся да бацькі,
хацеў адпіхнуць яго, схаваць за сабой.
- Прэч, шчаня!
І вялікі, чырвоны кулак маці паляцеў у бок Андрэя. І час
бы застыў. Андрэй бачыў гэты кулак, які доўга, бясконца доўга, павольна
ляцеў і ляцеў прама ў яго твар. Здаецца, можна было тысячу разоў адвесці
галаву, ухіліцца, але ўнутры раптам усё здранцвела. Ён глядзеў і глядзеў...
Андрэй не чакаў, што маці стукне так моцна - яго шпурне на
зямлю вар'яцкая сіла ўдару, у вачах успыхнуць тысячы зорачак.
Андрэй падскочыць, але зямля не ўтрымае яго, ён прысядзе,
аглушаны, прыніжаны і бы ў нямым кіно будзе безуважна назіраць, як на
дапамогу маці выскачыць з машыны яго сястра, аднекуль у яе руках з'явіцца
тонкі дручок, і удзвюх, маці і дачка, будуць біць і біць па галаве, спіне,
плячах маўклівага, пакорлівага да агіды, шчуплага мужчыну - яго бацьку.
І маці стала для Андрэя чужой. Не, у яго не з'явілася пачуццё
нянавісці да гэтай жанчыны. Усе пачуцці ўвогуле зніклі. І цяпер, нават
калі Андрэй чуў, як хто казаў у бок яго маці: "Гестапаўка", нішто не варушылася
ў душы. Сказалі б так раней...
"Кацярына аніяк не магла супрацьстаяць тым абставінам, у
якіх апынулася. І справа не ў яе слабасці, а ў адсутнасці сродкаў..."
Што Андрэй мог і можа цяпер супрацьпаставіць маці?
Нічога.
Збегчы з дому? Бадзяцца? Але ж яна знойдзе яго. Бо ён, Андрэй,
стаў яе ўласнасцю. Не сын ужо, а жывая, нечым каштоўная для яе, маёмасць.
І бацьку шкада. Той сам казаў аднойчы: "Я грошай у сяброў
пазычу, сваю палучку аддам, едзь куды-небудзь, бо паламае яна цябе...
Мяне зламала, даб'е хутка..." Але збяжыць Андрэй з дому - маці выплесне
сваю злосць на бацьку...
"Самагубства Кацярыны - гэта і ёсць яе адзіны сродак паказаць
усім, што яна не скарылася..."
Самагубства... Андрэй бы спатыкнуўся, адклаў ручку ўбок.
Нейкая думка, не, не думка, толькі цень яе, прамільгнула ў галаве, прымусіла
сэрца біцца хутка-хутка.
Самагубства...
Што ў яго, Андрэевым, становішчы будзе лічыцца за самагубства?
Экзамен... Сачыненне... Не здаваць экзамен?!
Прэч Астроўскага!
Ён напіша сачыненне на вольную тэму. Такое сачыненне!..
Андрэй нервова камечыць напісанае і хутка пачынае пісаць
па чыстым лісце паперы:
"Чужая маці".
Падсвядома ён здзіўлена адзначае, што не звярнуў увагу на
тое, як напісаў першую літару. За 11 год першы раз...
"Для мяне маці - чужая жанчына. І таму я ненавіджу вас, дарослых.
Бо гэта вашы правілы жыцця зрабілі яе чужой. Я пішу гэта сачыненне, ведаючы,
што ўжо практычна залічаны ў інстытут. Грошы ўжо напісалі маё сачыненне,
як раней здавалі экзамен па матэматыцы, англійскай мове. Грошы, якія вы
зрабілі галоўнымі ў сваім жыцці, аднялі ў мяне маці, а ў маёй маці - сына.
Вы не зарабляеце грошы - вы "робіце" іх. І мэта, і сродак, і спосаб -
усё толькі грошы.
Я не памятаю ніводнага ласкавага слова ад маці. Яе ласка
- зялёны даляр, які яна працягвае мне, бы дорыць сапраўднае шчасце на
ўсё жыццё.
Я не памятаю мацярынскай пяшчоты. Яе пяшчота - новая дублёнка
замежнай вытворчасці, шыкоўная, якую яна мне купіла і ў якой прымушала
хадзіць у школу нават у цёплыя дні - каб мне зайздросцілі.
Я не памятаю, як маці смяецца. Яе смех сёння - аскал драпежніка,
які ўдала нешта схапіў ці ўдала ўцёк ад падатковай інспекцыі.
І таму я ненавіджу вас: экзаменатараў, прыёмную камісію,
дэканат, усіх дарослых і вашы грошы.
Я ведаю, што вас усіх можна купіць. Але не думайце, што вы
можаце купіць усё. Мяне вы не купіце. Я пішу гэта сачыненне, каб вы ведалі..."
Як ніколі, шпарка бегала па старонцы ручка, клаліся на паперу
радкі, ледзь паспяваючы за думкамі, якія выстраіліся ў галаве, падганялі,
прыспешвалі: "Хутчэй, хутчэй, мяне не забудзь..."
...Андрэй ведаў, быў перакананы ў тым, што гэта яго сачыненне
абавязкова пакажуць маці. І тады яна пачытае.
Яму ніколі не ўдавалася сказаць нешта супраць, ён ніякавеў
пад яе пранізлівым позіркам, словы вязлі ў роце, які нечакана запаўняўся
слінай.
Цяпер ён зможа сказаць усё. Гэта неабходна.
Няхай гэта скачок у бездань, няхай самагубства. Гэта - адзіны
ягоны спосаб сказаць "не".
І апошні сродак вярнуць маці.
|