Альтэрнатыва

- А-а-а-а-а-а-а!
Віцька крычыць на адной ноце, крычыць з усяе моцы, а крычаць так цяжка, не хапае паветра, быццам крычыш пад вадой. І голасу свайго не чуеш. Гэта не дзіўна, гэта жудасна, бо Віцька не аглух, ён толькі чуў, як трашчаў сук той вярбы, што нахілілася над вадой, чуў плёскат, з якім упаў у ваду, нязграбна хапаючы паветра рукамі, Сёмка. Чуў Віцька і той страшэнны, ніколі раней не чуты гук - ці то нейкі ўсхліп, ці то выдых - то жалезны, тоўсты, як рукой абхапіць канец арматурыны, што тырчаў на паўметра з вады, злавіў ляцеўшае з вышыні цела Сёмкі і пранізаў яго.
Віцька і цяпер чуе, як плешчацца вада ў аголеным карэнні вербаў, бачыць, як зялёныя хвалі набягаюць на насаджанае на жалезны прэнт нерухомае цела і збягаюць бурымі ручаямі.
Сёмка ляжыць на паверхні вады, нібыта жывы, сам падтрымлівае сябе на вадзе лёгкім калыханнем рук - а яны і сапраўды ледзь варушацца, і немагчыма разабраць, ці то рукі калышуцца і разыходзяцца ад іх хвалі, ці то хвалі калышуць рукі. І твар Сёмкі не схаваны пад вадой, вочы яго здзіўлена глядзяць у неба, на тую галіну, што не ўтрымала, зламалася пад вагой хлопца. І ногі Сёмкі спакойна раскінуты...
Толькі недарэчны, рабрысты, іржавы прэнт тырчыць з грудзей хлопца, і ён, прэнт, выглядае неверагодна лішнім, чужым на фоне блакітнай майкі. Квеліцца надзея, што Сёмка жартуе - упаў у ваду, лёг на яе і паставіў сабе на грудзі гэты страшны кавалак жалезіны.
Але гэты прэнт і раней тырчаў з глыбіні возера. То неяк вясной падмыла дамбу, паламаліся створы зліву, пападалі кавалкі ў ваду. Адзін вось лёг на дно так, што вытыркнуў на паверхню гэты кавалак арматурыны. Гэты стрыжань нечым нагадваў абламаную галіну куста, якіх нямала чапляецца каранямі за абрывісты, стромкі бераг, яшчэ больш кожную вясну звальваецца ў глыбіню, падмытае вялікай вадой, і цягне адтуль, з глыбіні, сучча, бы рукі, што яшчэ вясну-другую выстрэльвае кволым зелянівам лісця, а потым ўсё ж чарнее, згнівае, але і тады, спарахнелае, быццам у нейкай злосці рана памерлага чапляецца за кручкі, а калі адламваецца бязгучна, то так заблытвае леску, што паўгадзіны змарнуеш дарма.
Віцька крычыць, крычыць доўга, проста бясконца крычыць на адной ноце, і недзе дурыкаватая думка вярэдзіць галаву: гэта ж так доўга крычыць, а не ўздыхне! А потым яшчэ недзе там, далёка ў падсвядомасці, з'яўляецца нехта цынічны і падказвае: "Цяпер ты ведаеш, што значыць крычаць нема".
Бязглуздасць гэтай бяздушнай думкі побач з веданнем таго, што ягоны сябар загінуў, яшчэ больш жахае.
-А-а-а-а-а! - крычыць Віцька з апошніх запасаў паветра і ...прачынаецца.
Прагна хапае паветра, быццам толькі што, пасля доўгага сядзення пад вадой, вынырнуў.
- То-сон, то-сон, то-сон - без эмоцый падказвае будзільнік сваім ціканнем.
"Сон, прыснілася", - прыносіць палёгку думка-здагадка.
Але тут, у пакоі, дзе раўнадушны будзільнік паказвае другую гадзіну ночы, толькі розум Віцькі. А пачуцці хлопца там, у сне - дзе Сёмка падае спінай у ваду, а жалезны прэнт нібыта аж падскоквае з глыбіні, каб патрапіць, дакладна злавіць на тупы іржавы канец жывое цёплае цела.
"Каб хутчэй адысці ад таго, што прыснілася, трэба падрабязна ўспомніць увесь сон," - узгадвае Віцька пачутае, здаецца, ад маці.
...Яны, Віцька і Сёмка, у ранішнім сутонні выходзяць з яшчэ соннай вёскі.
- Куды ідзём? - пытае Сёмка. - На возера ці на копанку?
Возера і копанка на амаль аднолькавай адлегласці ад вёскі. У копанцы нядрэнна бяруць карасі, як пашчасціць, то можна выцягнуць ладнага, жоўта-карычневага, грамаў на трыста, а то і паўкіло. А на возеры, з боку дамбы, над абрывам, заўсёды нацягаеш акунёў. Праўда, вялікія трапляюць рэдка, але пэўна, што вернешся не пустым.
Да возера ісці жытнёвым полем, па сцяжынцы, якую хлопцы пратапталі даўно. А да копанкі бяжыць вясковая дарога, збочыш у луг, пяройдзеш па мастку праз глыбокі канал з каламутнай вадой - і копанка.
- Пайшлі на возера, - вырашае Віцька. - Луг росны сёння, вымакнем. Ды і ці будуць тыя карасі кляваць...
Сёмка моўчкі згаджаецца, першым збочвае на сцяжынку ў жыце. Недзе праз дваццаць хвілін яны ўзыходзяць на дамбу, якраз на яе сярэдзіну. На ёй старыя вербы ў два рады, а між імі пратаптана ў высокай някошанай траве сцяжынка.
Віцька прыпыняецца, каб завязаць шнурок - кед сноўдае на назе. Прысядае і ў гэты момант заўважае птушку.
Гэта драч. Ён стаіць у роснай траве бокам да Віцькі, маленькае чорнае вочка пільна сочыць за хлопцам. Да птушкі - метр. У адно імгненне Віцька падае ў бок драча. Ён ужо схапіў птушку, але яна неяк выслізнула з рукі, скочыла і, б'ючы крыламі, роспачна кідаючыся то ў адзін, то ў другі бок, пабегла па дамбе.
- Лаві!
Яны гналіся за драчом нядоўга, метраў з дзесяць. Сёмка, кінуўшы вуду, злаўчыўся, упаў ледзь не жыватом на птушку.
Драч ім, вядома ж, быў без патрэбы. Але заўсёды ж хочацца дагнаць і злавіць тое, што ўцякае і хаваецца. А яшчэ - драча вельмі рэдка пабачыш. Чуць то ўсе чулі, як пачне вечарам за вёскай, то пад ранак ледзь скончыць свае дзяручыя спевы. Так што ў руках патрымаць такога спевака - падзея рэдкая.
Патрымалі ды і выпусцілі.
Сёмка вуду падняў, пайшлі над самым абрывам, зноў Віцька следам за Сёмкам, выбіраючы лепшае месца.
Плёснула раптоўна гучна, потым яшчэ і яшчэ раз якраз насупраць Сямёна.
- Во дзе гуляе! - прыглушана выгукнуў ён, прыпыніўся. - Тут і паловім.
Сёмка спыніўся якраз там, дзе некалі быў зліў.Тут мала хто рыбачыў, ведалі, што на дне пад самым абрывам - кавалкі бетону. Ды яшчэ старая вярба раскінулася тут шырока, вудай добра не ўзмахнеш.
Віцька пастаяў, паглядзеў, як размотвае сябар вуду, як з лёгкім шчаўчком закінуў, і цёмна-чырвоны паплавок застыў нерухома, можа, у метры ад жалезнага прэнта, які строма тырчаў з вады.
Ён, Віцька, размясціўся праз колькі крокаў ад Сямёна, далёка не пайшоў, бо чарвякі былі толькі ў адной на дваіх бляшанцы з-пад кавы.
Віцька размотвае вуду, насаджвае чарвяка і міжволі запавольвае рухі рук, цікуючы за паплаўком Сёмкавай вуды. Той паводзіць сябе незвычайна: раптоўна, на адно імгненне боўтнецца ў ваду, тут жа вынырне, замрэ, каб у невядома які момант зноў схавацца пад вадой. Вось ён застыў, доўга не варушыцца, нібыта ўмёрз у ваду. Але трэба не толькі на паплавок глядзець, а і на прэнт побач - паплавок паўзе павольна-павольна, але паўзе далей і далей ад прэнта, бліжэй да гнілога сучча куста, што вытыркваецца з-пад вады.
- Сёма, у цябе павяло, - глуха сіпіць Віцька. - Павяло!
Сёмка моўчкі ківае, увесь сцяты напружаннем, кончык вудзільна мелка ўздрыгвае, а позірк яго свідруе тоўшчу вады пад паплаўком - так хочацца ведаць, што там за рыбіна так незвычайна бярэ прынаду.
І раптам паплавок адным рэзкім рухам нырае ўбок і ўніз, і бачна, як ён імкліва свідруе тоўшчу вады, пакідаючы за сабой некалькі дробненькіх бурбалачак.
Сёмка тузае. Сярод чорных галін куста адчайна ўсплёсквае вялікая рыбіна. Яна заблыталася, захапіўшы кручок, у гэтых галінах, Сёмка цягне, голле гнецца, але не ломіцца, а рыбіна ўзнімае яшчэ большы шум.
Сёмка тузае адчайна, забыўшыся на тое, што леска можа не вытрымаць. Ламаецца галіна, недзе на паўметра ўзлятае над вадой серабыстае, у цёмных палосках, цела вялікага, проста вялізнага акуня, потым яно грузна пляскае на ваду, нязграбна, бокам і... знікае ў яе тоўшчы. А кручок, паплавок і грузіла ўзлятаюць высока ўверх, пазбаўленыя цяжару. Цяпер ужо галіна вярбы, што павісла над вадой, ловіць іх.
Сёмка цягне спачатку лёгка, потым тузае раз, другі, раскалыхваючы галіну, а тая толькі гнецца, не адпускае снасці.
- У, чорт! - лаецца Сёмка, кідае вудзільна і хутка, надта не раздумваючы, абхапіўшы пахілены да вады шурпаты ствол, лезе на вярбу.
Праз хвіліну ён ідзе па тоўстым суку, чапляючыся рукамі за голле ўверсе, закінуўшы галаву, вышукваючы ў лістоце чырвоны паплавок. Знаходзіць, пачынае цягнуць галінку, каб адламаць яе і ўжо на беразе разблытаць леску.
І ў гэты момант сук, на якім стаіць Сёмка, ламаецца. Не пакрысе, з доўгім, працяглым трэскам, а адразу - хрусь!
І Сёмка ляціць у ваду. Спінай на іржавы прэнт.
Віцька ўздрыгвае, зноў перажыўшы жудасць гэтага падзення. Ён садзіцца на ложку.
"Што за лухта? Мы ж сёння збіраемся на копанку ісці. І ў сне трэба на копанку ісці," - нібы загадвае ён таму, хто "круціць" у яго галаве гэты сон. "Лезе ўсякая дрэнь у галаву." - Віцька кладзецца, заплюшчвае вочы, і, каб адагнаць ад сябе жудаснае відовішча, што стаіць ўваччу, пачынае ўспамінаць, як выглядаў у сне той самы вялікі акунь, што сарваўся з кручка Сёмкавай вуды.
"Не трэба ісці на возера... Не трэба ісці на возера..." - загадвае ўжо сам сабе Віцька і засынае, бы правальваецца.
...Яны, Віцька і Сёмка, у ранінім сутонні выходзяць з яшчэ соннай вёскі.
- Куды ідзём? - пытае Сёмка. - На возера ці на копанку?
Незразумелае веданне таго, што на возера ісці нельга, палохае Віцьку, яго ахутвае страх ад аднаго слова "возера", адкуль гэты страх - ён не ведае. І, падпарадкаваны гэтаму прадбачанню нечага жудаснага, адказвае:
- На копанку ідзём. Там учора падвячоркам клявала добра.
Яны ідуць дарогай, збочваюць у някошаны яшчэ луг, кеды ўмомант мокнуць ад роснай травы.
Бурліць вада ў канале, цячэнне хуткае, імклівае, нясе нейкія дошкі, бутэлькі, дохлых сабак і кошак, усялякую дрэнь.
І кладкі - двух тоўстых бярвенняў - няма.
- Ну, вось... - расчаравана цягне Сёмка. - Не пералезем. Пайшлі на возера?
Ён разварочваецца, і вось яны ўжо хутка ідуць сцяжынкай у жыце.
Вось і дамба, вось шнурок амаль развязваецца. Вось Віцька пабачыў драча, вось драч у іх руках, вось усплеск рыб, вось паплавок Сяргея стрымгалоў нырае пад куст, вось Сёмка лезе на вярбу і...
...А-а-а-а-а! - ад крыку разрываюцца грудзі, Віцька крычыць і ведае, ведае, што гэта сон, што ён прачнецца, і знікне жудасная карціна смерці сябра, але жах перажытага выціскае з грудзей апошняе паветра.
...Віцька прачынаецца. Сэрца бухкае так, быццам усё ягонае цела стала адным цэлым сэрцам, і цяпер кожная яго клетачка шалёна ляскае, аддае тупымі ўдарамі ў самую сярэдзіну мозга.
Змянілася... У сне змяніліся яго словы... Але ўсё роўна яны пайшлі на возера, бо кладку змыла гэтай нечаканай вялікай вадой у канале. Віцька зноў перажывае сон, крок за крокам ідзе да возера.
Драч... Гэты драч пабег у правы ад іх бок. І яны пайшлі ўжо механічна далей па дамбе. Не трэба чапаць драча! Няхай сядзіць! А яны павернуць улева...
...Яны, Віцька і Сёмка, у ранішнім сутонні выходзяць з яшчэ соннай вёскі. Вось віецца сцяжынка ў жыце, каласы казытліва іншы раз кранаюцца твару і шыі, вось дамба, вось Віцька прыпыняецца, каб завязаць шнурок.
Драч зусім блізка ад яго - працягні руку і схопіш. Яго чорнае вочка глядзіць на Віцьку, галоўка драча з чорнай доўгай дзюбай нахілена ўбок, птушка быццам дражніць гэтым наклонам галавы: "А ну, схапі". Віцька глядзіць на драча, на яго дзюбу, якая раптам пачынае мяняцца, робіцца тоўстай, тупой на канцы, выпрамляецца, на ёй з'яўляюцца рэбры, яна расце, расце і пераўтвараецца ў іржавы прэнт, што пачынае пагрозліва цягнуцца ў бок Віцькі.
Віцька памятае, што яму нехта забараніў чапаць драча. Інакш можа здарыцца нешта страшнае. Вельмі страшнае, непапраўнае. Ён асцярожна ўзнімаецца ў поўны рост. Драч цікуе за ім, а ў галаве хлопца нацятай струной вібрыруе загад: "Сядзі! Сядзі!"
Сёмка стаіць у кроку ад яго, глядзіць у левы бок, потым - управа.
- Куды пойдзем? - пытае ён.
- Туды! - цвёрда махае рукой у левы бок Віцька.
Сёмка згаджаецца, паварочваецца ў левы бок, канец яго вудзільна збівае шышку цімафееўкі, яна ляціць у траву, з травы выскоквае драч, кідаецца ад іх у правы бок дамбы. Яны ловяць драча, пускаюць яго, ідуць пад абрывам.
...Усплеск рыб, дзіўны клёў, нырок паплаўка, Сёмка ідзе па галіне, кароткі трэск-стрэл і прэнт, тупы, іржавы прэнт з лёгкасцю пранізвае наскрозь Сёмку.
...Віцька падхопліваецца, ідзе папіць вады. Ён адчувае, як быццам нехта прапаноўвае яму рашыць задачу. Двойчы ён загадаў сабе не рабіць таго, што прывяло Сёмку да тое вярбы, і двойчы сон амаль падпарадкаваўся яму. Амаль, бо з'яўлялася акалічнасць, якую ён не ведаў раней.
...Шнурок... Ён прыпыніўся завязваць шнурок! Трэба ісці, не зважаць, бо колькі там засталося, сядзе на беразе, закінуўшы вуду, ды завяжа ўжо як след. Не зважаць на шнурок! Не зважаць! Не зважаць...
...Яны, Віцька і Сёмка, у ранішнім сутонні выходзяць з яшчэ соннай вёскі. Віцька бачыць перад сабой на сцяжынцы ў жыце спіну Сёмкі і нейкае жудаснае прадчуванне хаваецца ў гэтай спіне яго сябра, якое чамусьці звязана з кедам на правай назе Віцькі. Кед вось-вось зляціць з нагі, трэба абавязкова спыніцца, завязаць шнурок, але Віцька аднекуль ведае, што гэтага ні ў якім разе нельга рабіць. Шнурок на назе матляецца, ён набрыняў расой, стаў грубым, нягнуткім, бы тоўсты дрот. Крок ад кроку ён таўсцее. Віцька паглядвае на яго, і калі яны ўзыходзяць на дамбу, шнурок пераўтвараецца ў тоўсты іржавы прэнт, які чапляецца за ногі, далей проста немагчыма ісці, але нельга, нельга спыніцца!
- У які бок пойдзем? - пытае, прыпыніўшыся, Сёмка, паварочваецца ўправа, улева. - Во, там ужо ўсе месцы пазаймалі, - ківае ён рукой у левы бок.
Віцька бачыць: там і сапраўды амаль каля кожнага шэрага ствала вярбы чарнеюць постаці рыбакоў.
Сёмка паварочвае ўправа. І Віцька, адчуваючы жывёльны незразумелы страх недзе ў сярэдзіне жывата, ідзе следам за сябрам. Глядзіць, як закідвае вуду Сёмка, як нырае паплавок, як Сёмка лезе на вярбу, як падае адтуль, і прэнт выскоквае з вады строма...
..."Гэта немагчыма, нешта трэба прыдумаць," - Віцька адчайна трасе галавой на ложку. Не, ён не адганяе цяпер жахлівае відовішча сну, наадварот, імгненне за імгненнем перажывае сон і адчайна шукае выйсце. Яно павінна быць! Віцька адчувае, што ён абавязан знайсці гэтае выйсце, што гэта вельмі важна - каб сон закончыўся добра, важна і неабходна для наступаючага рання. Чаму - гэтага Віцька не ведае. Ды і навошта ведаць? Неабходна - значыць неабходна.
Рыбы плёснулі... Не, Віцька не можа загадаць рыбам хавацца ў вадзе і не плёскаць па паверхні. Што ж рабіць? Што рабіць? Як спыніць Сёмку? Паказаць месца, дзе бліжэй? Але ж ён пачуе плеск, і ўсё роўна пяройдзе. А можа, схапіць камень ды кінуць у бок танцуючага паплаўка Сёмкавай вуды? Ён не зачэпіць кручком галіну вярбы цяпер. Але ж рыбачыць цэлы дзень, а Віцька ў сне не ведае, не можа папярэдзіць, што галіна вярбы абломіцца. Ён толькі там, у сне, прадчувае пагрозу! Ды яшчэ можа неяк уплываць на сон. І то пакуль што сон заканчваецца ўсё роўна адным і тым жа.
...Трэба перагнаць Сёмку!
Віцька ажно далоняй пляснуў па голым калене. Трэба ісці першым!
І тады...
І тады той прэнт прапора грудзі яму, Віцьку?
Не, не прапора. Віцька хоць не ведае аб небяспецы, але ён жа прадчувае бяду і будзе асцярожным. Сук не абломіцца.
А калі абломіцца?
Ну... і няхай. То ж у сне. У сне балюча не будзе. Самому памерці не так жахліва, як бачыць на свае вочы смерць лепшага сябра.
Ды больш нічога ж і не застаецца. Альбо глядзець, як памірае сябар, альбо паміраць самому. Але ж то ў сне паміраць, не на праўду.
...Яны, Віцька і Сёмка, выходзяць у ранішнім сутонні з яшчэ соннай вёскі. Перад Віцькам калышацца спіна Сёмкі. А Віцька ведае, што трэба абавязкова абагнаць сябра. Ён і хоча гэта зрабіць, ды канец вуды, якую нясе Сёмка, калышацца туды-сюды - ні з аднаго боку не наблізіцца да Сёмкі.
Віцька з нянавісцю глядзіць на канец вуды, і ён раптам пераўтвараецца ў жалезны, пакрыты іржой, рабрысты прэнт з тупым канцом, што скіраваны пагрозліва ў бок Віцькі.
Ён абганяе Сёмку на самой дамбе, імкліва паварочвае ўправа. Дзе тая вярба, дзе той прэнт іржавы. Вось тое месца...
Віцька закідвае вуду, глядзіць на паплавок. Той дае нырца, потым замірае. Зноў нырэц, яшчэ, яшчэ, потым імклівы кідок убок і ў глыбіню.
Віцька ірве вудзільна на сябе і адчувае, як нешта там, пад вадой, захапіла кручок. У роце яго высыхае сліна, грудзі спірае незразумелая трывога, быццам у глыбіні на кручок пачалілася сама смерць.
Віцька тузае з усяе сілы: будзь што будзе, парве леску, дык парве. Нейкая ламачына паказваецца на імгненне з-пад вады, потым кручок з грузікам узлятаюць уверх і застаюцца там, сярод галля вярбы. Віцька плюецца ад злосці, падыходзіць да вярбы, абнімае яе шурпаты цёплы ствол. Гэтая цеплыня крышку заспакойвае, прымінае нарастаючую хвалю незразумелай трывогі.
Віцька ступае па суку, далёка адкінутым дрэвам ў бок вады, асцярожна пераступае, прытрымліваючыся рукамі за голле зверху, набліжаецца да той галіны, дзе заблыталася леска.
Працягвае руку.
... - Уставай! Уставай!
Віцька адкрывае вочы. Ён нічога ў гэты момант не памятае, але ў яго галаве пасля ночы засталося нешта чорнае, невыразнае, акрэслена трывожнае.
Сёмка стаіць ужо апрануты.
Праз пяць хвілін яны выходзяць у ранішнім сутонні з яшчэ соннай вёскі.
Усе сны раптоўна ўспыхваюць у свядомасці Віцькі, калі яны ўзнімаюцца на дамбу. Да кожнай дробязі, да колькасці кругоў на вадзе ад першага закіда, да трэшчынак на кары старой вярбы. Віцька подбегам абганяе сябра, прыпыняецца над разлапістай вярбой.
- Я тут!
Сёмка паціскае плячыма. Яму самому не дужа падабаецца гэтае месца, і адчуваецца, што яму трохі непрыемна з-за таго, што Віцька забег наперад.
...Паплавок дае нырца неспадзявана, потым, падскокваючы, мкнецца пад прыбярэжны куст.
Віцька, халадзеючы, нямоцна торгае вудзільна. Кручок узлятае ўверх, чапляецца за голле вярбы.
- Гэта табе за тое, што мяне абагнаў, - гукае без зларадства Сёмка, які стаіць за суседняй вярбой.
...Віцька глядзіць на сук, што звісае над самай вадой, на прэнт у вадзе. Не, у сне ж усё абышлося добра - Сёмка яго разбудзіў у самы страшны момант. Ён не даў там упасці Віцьку...
Віцька падыходзіць да вярбы, абнімае шурпаты цёплы ствол.
Павінна ўсё быць добра.