Акуляры

Санька быў упэўнены, што ў яго будзе самая лепшая настаўніца. Так яму і падалося ў самы першы ўрок: яна была зусім не такая, як астатнія настаўніцы. Тыя, шчыра сказаць, былі вельмі падобныя на вясковых цётак: крыху паўнаватыя, рукі ад зямлі агрубелыя, загарэлыя за лета твары, гаворка простая і трымаюцца проста, хоць і строга, імёны ў іх самыя звычайныя - Ганна Якімаўна, Алена Міхайлаўна... А ў Санькі - Лідзія Вікенцьеўна!
Яна хударлявая, высокая, зусім не вясковая. На ёй не сукенка, а касцюм з шэрага матэрыялу - вузкая спадніца і жакетка. У іншых настаўніц валасы зачэсаны назад ды сабраны ў куксу, а Лідзія Вікенцьеўна каротка падрэзвае і мабыць круціць на цвіку, як Санькава старэйшая сястра крадком ад маці, асобныя пасмачкі. Атрымліваецца, што ўсе валасы закручаны ў паўкольцы на канцах. Прыгожа.
Лідзія Вікеньцьеўна - строгая. Не любіць, калі нехта пачынае круціцца ці размаўляць. Тады яна злуе, забывае, што буквар на беларускай мове і крычыць нечакана тонкім голасам:
- Я кому сказала замолчать?!
А яшчэ Лідзія Вікенцьеўна злуе, калі нехта з дзяцей пачынае забываць, як гучыць тая ці іншая літара. Санька тады злуе разам з настаўніцай. От жа, ну як можна такога простага не запомніць? Ён вось і чытае ўжо вельмі хутка, яму нецікава гэтыя першыя старонкі буквара вывучаць. А тут настаўніца мусіць па цэламу ўроку на адной старонцы затрымлівацца. Ён, Санька, ну аніяк не можа даўмець, чаму іншыя не разумеюць, што "эм" разам з "а" будзе гучаць "ма". Што тут складанага?
А Міколка, сусед Санькаў на парце, анічога вучыць не хоча. Як спатыкнуўся на "маме" - і хоць ты яго забі! Не дзіва, што так злуецца настаўніца. Яна нахіляецца блізка-блізка да Міколкі, водзіць па старонцы доўгім тонкім пальцам:
- Чытай! Чытай, кажу, не глядзі на мой палец!
Міколка толькі голаў у плечы ўціскае.
А Санька ўжо і шкадуе, што умее так добра чытаць. Да яго Лідзія Вікенцьеўна не нахілілася ні разочку. Ён ёй яшчэ на першым уроку свае здольнасці паказаў, то цяпер яна на Саньку нібыта і забылася. Хіба што пісьмо хутка праверыць.
Санька яшчэ пагэтаму на Міколку злуе. Гэтулькі часу на яго настаўніца марнуе, а да Санькі не нахіляецца…
А Лідзія Вікенцьеўна не вытрымлівае. Усе ўжо цэлымі сказамі чытаюць, а гэты Міколка - ледзь слова адолее за палову ўрока.
- Таа-таа, маа-маа, - цягне настаўніца, і на "та" і "ма" лёгка пастуквае Міколку па галаве складзенымі акулярамі. Акуляры гэтыя таксама незвычайныя. Шкельцы ў іх круглыя-круглыя, дужкі тоўстыя. Носіць іх звычайна Лідзія Вікенцьеўна у сціснутым кулаку. А калі адзявае, каб паглядзець у класны журнал, то яе твар тады прыгажэе, робіцца яшчэ больш загадкавым і строгім.
...А Міколка ўвесь сцяўся і прыдуркавата ўсміхаецца. Бач, не баліць. Ну, вядома, чаго тут будзе балець. Праўда, калі Лідзія Вікенцьеўна акуляры ў кулаку трымала, Санька паспеў разгледзець, што ў тым месцы, дзе дужка складваецца, край востры. Але ж то пластмаса.
Міколка зусім з цярпення настаўніцу стаў выводзіць. Мала таго, што чытаць ніяк не навучыцца, дык яшчэ і круціцца. А Лідзія Вікенцьеўна цішком падышла ды раз - складзенымі акулярамі ў патыліцу стрыжаную.
Міколка аж падскочыў. А ў класе ўсе засмяяліся - напужаўся! Цяпер на перапынках Міколку пачынаюць дражніць, а ён злуе, ажно біцца кідаецца.
Саньку Міколка ненавідзіць. Ён з ім нават размаўляць не хоча. Ат, зайздросціць, што ў Санькі - адны пяцёрачкі, а ў яго - двойкі, і могуць, казала Лідзія Вікенцьеўна, яго на другі год пакінуць у першым класе. Бо чытаць не ўмее.
Настаўніца з цярпення выходзіць. Сама сказ прачытае, кажа:
- Паўтарай!
А Міколка, неслух, як быццам і не чуў. Тут на памяць завучыць можна, гэтулькі разоў паўторана, а ён прачытаць не можа.
- Што?! Што тут цяжкага?! - крычыць настаўніца. - Бэ і а разам будуць ба. Рэ і сэ чытаюцца рс, а у і кэ будзе ук. Атрымліваем - барсук. Паўтарай!
Міколка маўчыць.
- Барсу-у-ук! Дэбіл, гадасць!
Усе прыскаюць у далоні. Гадасць - такое чулі. А вось "дэбіл" - гэта новае і цікавае. Адчуваецца, нешта дрэннае, раз настаўніца гэтым словам Міколку лае. Ух, яго трэба не лаяць, а біць добра рамянём. Так настаўніца над ім стараецца, а ён аніяк такога простага зразумець не хоча. Цяпер Лідзія Вікенцьеўна калі да іх парты падыходзіць, на Саньку ўжо ўвагі і не звяртае. Увесь клопат - толькі Міколку. Лайдак ён, лічыць Санька.
А ўжо і палову буквара прайшлі. Міколка ж, як дома хто дапаможа, то вывучвае цэлыя старонкі буквара напамяць. От жа, думае настаўніцу абдурыць. А Лідзія Вікенцьеўна яму на дошцы напісала тры словы:
- Чытай!
Міколка лыпае вачамі, разгублена глядзіць на вялізныя літары на дошцы - словы такія яму не чыталі, у буквары іх няма.
- Чытай! Дэбіл! Тупіца! Ма-ла-ко! - і стук Міколку акулярамі па галаве.
У класе рагочуць хлапчукі, як Міколка ў плечы галаву хавае.
А настаўніца зноў:
- Ма, - і стук па галаве. - Ла, - зноў стук. - Ко, - размахнулася, стукнула.
А Міколку хоць бы што, толькі прыдуркавата ўсміхаецца. Вось жа шкодлівы - зусім настаўніцу з сябе вывеў. Яна ж так навучыць стараецца...
Міколка на месца сядае. Урок далей ідзе. А Саньку нецікава сачыць, ён ужо даўно гэтую старонку прачытаў, цяпер глядзіць у акно...
- У кніжку глядзі!
Санька адразу і не зразумеў, што здарылася. У нейкі момант яму падалося, што нехта паставіў цвічок да яго галавы і ўдарыў па ім малатком з усяе сілы. Востры боль апёк скуру, быццам уджаліла пчала. Рука пацягнулася да галавы, але яшчэ адзін куды мацнейшы боль прымусіў сцяцца ўсяго.
Каб не заплакаць ад болю, крыўды, прыніжэння, Санька... заўсміхаўся. Ненатуральна скрывіў вусны, а потым нечаканая імгненная думка прымусіла забыцца на боль у галаве. Яна, Лідзія Вікенцьеўна, стукнула яго ледзь-ледзь. І як балела! А Міколку яна ж біла з усяго размаху... З усяе сілы... Санька скасіў позірк у бок суседа, угледзеўся і ўбачыў у адным месцы склееныя нечым цемным пасмачкі кароткіх валасоў. І раптам зразумеў - гэта запяклася кропелька крыві.
Яго скаланула ўсяго. Ён глядзеў на хлопчыка, на яго абыякавы да ўсяго выраз твару, і яшчэ адна думка пранеслася ў галаве: а Міколка ж не заплакаў. Яму ж не так балела, гэта ж аж да крыві, а не заплакаў. Толькі ўсміхаўся...
Якая ж злая яна, Лідзія Вікенцьеўна... Вясковыя жонкі хіба б'юць сваіх дзяцей да крыві? І Алена Міхайлаўна, казалі, не б'е, і Ганна Якімаўна...
Настаўніца зноў ішла між радамі партаў да іх. Вялікія акуляры з круглымі шкельцамі былі сціснуты ў кулаку. Санька не заўважыў, што ягоны позірк бы хто прыкаваў да гэтых акуляраў, што яго мелка-мелка пачало трэсці. Акуляры раптам пачалі расці ў кулаку настаўніцы, востры край складзенай дужкі пачаў выцягвацца, пагрозліва накіроўвацца ў бок Міколкі. Вось вастрыё ўзнялося высока над галовамі двух хлапчукоў, застыла там нерухома, быццам выбірала па-драпежніцку сабе ахвяру...
Санька ўсхамянуўся.
Лідзія Вікенцьеўна на самай справе ўзняла руку з заціснутымі акулярамі, каб у наступнае імгненне апусціць яе на галаву Міколкі. А той і не бачыў, выціраў вялікую пляму чарніла, што капнула на парту.
- Не біце!
Санька сам не чакаў, што ён зможа вось так голасна крыкнуць, амаль што загадаць ёй - настаўніцы. І пры гэтым падскочыць з-за парты, напружыніцца і стаяць, гледзячы ў поўныя здзіўлення і зусім дзіцячага спалоху вочы настаўніцы.
- Не біце! Яму ж вельмі баліць! У яго кроў на галаве!
На Санькавых вачах з'явіліся слёзы. Ён чакаў зараз, што ў класе пачнуць смяяцца, кпіць з яго, плаксівага, але ўсе сядзелі ціха-ціха і не зводзілі вачэй з яго, Санькі, такога маленькага побач з высокай настаўніцай.
Лідзія Вікенцьеўна апусціла руку, моўчкі хмыкнула, адышла да свайго стала.
Санька сеў і неспадзявана для яго слёзы проста пацяклі ручаём. Ён сутаргавата ўздрыгваў і аніяк не мог супакоіцца. Праз хвіліну Міколка таўхнуў яго ў бок, а потым Санька пачуў:
- Не плач, не трэба. Мне ўжо зусім не баліць. У мяне галава моцная...
Санька заплакаў уголас.