ЗБАВЕННЕ

Быль

Саракагадовы Піліп пахаваў сваю жонку перад самай вайной. Яна хварэла доўга, можа, гады тры кашляла, а потым злягла і праз тыдзень адышла, пакінуўшы на аднаго Піліпа трохгадовую Ганначку - іх позняе адзінае дзіця.
Вайна прыйшла ў вёску неяк раптоўна, адразу. Здаецца, яшчэ і не змоўк голас дыктара ў дынаміку на слупе пасярод вёскі, а па яе вуліцы ўжо ехалі чужынцы на траскучых матацыклах. Потым яны ўладна хадзілі па надворках: стралялі сабак, цягнулі курэй, парсю­коў, гналі кароў, гаспадарылі ў не дужа багатых сялянскіх каморах.
Піліп адно паспеў выхапіць з кубельца кавалак старога па­жоўклага сала, загарнуць яго ў ручнік ды закінуць у шырокае пад­печча, а вось апошняга паўмеха мукі, дзвюх курыц з пеўнем і пар­сюка пазбавіўся - забралі салдаты.
Недзе праз месяц пасярод ночы да Піліпа завіталі чацвёра бандытаў. Не партызан, не паліцэйскіх, а менавіта бандытаў - многа іх хавалася ад вайны па лясах, жылі тым, што рабавалі ся­лян, вышукваючы куды лепш за немцаў апошнія запасы.
На чацвярых няголеных, неахайных мужчын была толькі адна вінтоўка, да якой замест рамяня была прывязана канапляная вя­роўчына. Наставіўшы рулю гэтай вінтоўкі на Піліпа, які стаяў з дач­кой на руках, бандыты лазілі па хаце, скідваючы на яе сярэдзіну больш-менш каштоўнае: паліто і боты нябожчыцы-жонкі, яго, Піліпаў, касцюм, вышываны абрус, хусткі...
Знайшлі і сала ў падпеччы.
І зніклі.
Прайшоў тыдзень. Неяк, кладучыся спаць, Піліп глянуў у акно і ў досыць зыркім месячным святле ўбачыў, як чатыры постаці зайшлі ў калгаснае гумно. На плячы аднаго мужчыны вісела вінтоўка. І вя­роўчына была на ёй замест рамяня.
Піліп апрануўся, цішком выйшаў з хаты і пашыбаваў напрасткі, праз лес, у мястэчка - там быў паліцэйскі ўчастак...
Яму аддзячылі мяшэчкам белай мукі.
Пакуль Піліп пешкі вярнуўся ў сваю вёску, там ужо ўсё было скончана. Два паліцаі цягнулі з гумна чацвёрты труп да трох іншых, што ляжалі ў паўкружжы задаволена гергетаўшых немцаў.
Піліп асцярожна падышоў бліжэй.
І жахнуўся, зірнуўшы на забітых.
То былі не бандыты. На гэтых чатырох была чырвонаармей­ская форма. І былі яны яшчэ зусім маладымі, амаль хлапчукі. А вінтоўка і праўда была з вяроўчынай замест рамяня. Амаль такая ж, як і ў тых...
Заробленая такім чынам мука шчасця Піліпу не прынесла. Ха­цеў спячы хлеб, не дагледзеў за дачкой, і тая наелася з голаду сы­рога цеста. Памерла праз дзень.
Піліпа арыштавалі, як толькі вызвалілі вёску. Ён і не хаваўся нікуды, чакаў...
Праз дваццаць пяць год ён вярнуўся - старым, нямоглым.
Побач з яго хаткай, якая па самыя аканіцы ўрасла ў зямлю, стаяў на месцы некалішняга гумна просты драўляны абеліск з пяцікутнай бляшанай зоркай. Гэты помнік чатыром чырвонаармей­цам быў відзён з акна Піліпавай хаты, на яго падаў першы позірк Піліпа, як толькі ён выходзіў на вуліцу...
Піліп казаў "добры дзень!" кожнаму сустрэчнаму - яму ніхто ніколі не адказаў хоць словам. Але ён бы і не чакаў адказу, угнуўшы галаву, як мог хутка праходзіў міма.
Урэшце, мала хто і сустракаў яго на вясковай вуліцы - увесь свой час ён бавіў на агародзе.
Піліп вырошчваў кветкі.
Ён засаджваў цюльпанамі, ружамі, астрамі цалкам агарод. Калі кветкі пачыналі цвісці, з мястэчка да Піліпа прыязджала машына, нейкія людзі ахапкамі грузілі зрэзаныя кветкі.
Дзеці ірвалі кветкі ў агародзе Піліпа, вытоптвалі кволыя парасткі, нішчылі грады. Піліп ніколі і нікому не скардзіўся, пакорліва поўзаў на каленях між радоў кветак: праполваў, паліваў, насаджваў.
У адзін з лістападаўскіх дзён, калі ў агародзе Піліпа не заста­лося ўжо ніводнай ружы, каля старога помніка чырвонаармейцам спыніўся грузавік.
Дужыя дзецюкі сцягнулі з кузава гранітны абеліск, бліскучыя стаўбы з таўшчэзнымі ланцугамі. Выйшаў Піліп са сваёй хаты. Цікаўныя дзеці, якіх сабраў вакол сябе нечаканы для іх ціхай вяско­вай вуліцы грузавік, бачылі, як Піліп доўга адлічваў дзецюкам грошы.
Грузавік паехаў. Піліп прынёс рыдлёўку і стаў выкопваць спа­рахнелы знізу драўляны абеліск, не зважаючы на тое, што вакол магілы чырвонаармейцаў сабраліся ці не ўсе дзеці вёскі.
Пачалі падыходзіць і дарослыя. Піліп усё капаў. Ужо і рэшткі былой агароджы былі выкінуты, і яма пад абеліск выкапана. Піліп прынёс вяроўку, абвязаў ей важкі гранітны абеліск, упрогся, пацяг­нуў. Але камень не варухнуўся. Піліп налёг з усяе моцы, наліўся з натугі чырванню, але абеліск не зрушыўся з месца.
Яшчэ і яшчэ падыходзілі людзі. Сабраўся натоўп. Моўчкі, без­уважна стаялі дарослыя і дзеці. Піліп прынёс вялікі лом. Глыбока загнаў яго ў зямлю за абеліскам, падклаў кавалак дошкі, каб не выкрыш­ваўся камень, налёг на лом. Потым яшчэ і яшчэ раз. Па санты­метры, па ледзь-ледзь ён змог дапхаць граніт да выкапанай ямы, апусціць у яе канец абеліска. Але паставіць прама яго не здолеў. Пхаў плячыма, упёршыся нагамі ў зямлю, і раптоўна асунуўся сам.
Да ночы ён памёр.
У яго старой хаце навідавоку стаяла труна, зробленая ім самім з негабляваных дошак. У труне знайшлі вузельчык з чыстым адзен­нем, загорнутыя ў паперу грошы і некалькі бутэлек гарэлкі.
Піліпа пахавалі ціха, без слёз і галашэння - не было каму па ім плакаць. І хаўтуры былі мо самымі ціхімі з усіх хаўтур.