ВЫПАДКОВЫЯ ЗАКАНАМЕРНАСЦІ

Спаў, вольна раскінуўшы на шырокай канапе рукі, амаль упоперак, як не ляжаў ужо даўно. Было жаданне паваляцца яшчэ, але хацелася піць. Пайшоў басанож на кухню, доўга чакаў, пакуль сцячэ вада, каб набраць халаднейшай. Папіў, класціся зноў расхацелася, выспаўся.
Вось і пачаліся пятнаццаць дзён яго вольнага жыцця. Здаецца, добра пачаліся - вунь які зыркі ранак за вакном. Зрэшты, няхай бы і пахмурна было, ці задажджыла, усё роўна надвор'е яго сягонняшнім планам не перашкодзіла б.
Згатаваў кавы, папіў на балконе, адначасова дымячы цыгарэтай: вось і паснедаў. Праз колькі хвілін ён зноў раскінуўся на канапе, падапхнуў пад галаву падушку, побач паставіў зэдлік, на яго - папяльнічку. І - дэтэктыў у рукі. Пры Галіне вось так не пачытаеш, курыць у пакоі ні за што не дасць. Але цяпер у яе свой адпачынак - на моры, у яго - на канапе.
Хутка Сяргей ужо цалкам адключыўся ад нарастаючага шуму вуліцы. Кніжка захапіла. Чытаў гадзін да адзінаццаці, аж плечы занылі ад ляжання. Заставалася яшчэ колькі старонак, вядома, самых цікавых, але тут затрэнькаў тэлефон.
- Прывітанне, стары, як жыццё халасцяцкае? - званіў Антось, сябра, разам працавалі ў адным цэху.
- Выдатна.
- Мы вырашылі дапамагчы табе хутчэй акліматызавацца ў тваёй часовай адзіноце. Заўтра нядзеля, можа, махнём на Чаротку? З начоўкай.
- Давай, - згадзіўся Сяргей. - А мы - гэта хто?
- Ну я, ты, Генадзь. Ды і сваіх бярэм.
- Якая ж гэта рыбалка - з бабамі? - ціскануў плячыма Сяргей. - без іх нельга?
- Не, так не пусцяць. Ды і на прыродзе яны апошні раз былі ў мінулым годзе. Ды што перажываць, хоць закуску чалавечую зробяць, - супакоіў Антось. Не бойся, не будуць займаць.
- Добра, няма мне чаго баяцца, - згадзіўся Сяргей.
Дамовіліся аб сустрэчы, аб іншых дробязях кшталту ежы і пітва.
Апошнія старонкі дэтэктыва дачытваў без ранейшай цікавасці, бо ў галаве ўжо малявалася рыбалка на Чаротцы, з вячэрнім кастром, няспешнай размовай пад чарку… Гэта цікавей, чым чытаць дэтэктыў на канапе.
Сустрэліся на вакзале: Антось з Алай (месяц таму пажаніліся), Генадзь з Аленай (гэтыя афіцыйна рэгістраваць свае адносіны не спяшаліся - абое жылі ў інтэрнаце, абаіх бы і выселілі ўмомант, на другі дзень вяселля, такія парадкі. Так і жылі: грошы на дваіх, есці гатавала Алена, спалі зрэдку разам то ў пакоі Генадзя, то ў пакоі Алены - гледзячы ў каго хто працаваў у трэцюю змену.
Трэцяй жанчынай была незнаёмая. "Гэта мая вучаніца!" - пахвалілася Ала, быццам нечым незвычайна каштоўным.
- Антаніна, - ледзь усміхнулася тая, працягнула руку; пальцы халодныя.
У перапоўненым вагоне электрычкі Сяргей цішком прыглядаўся да яе, а прадчуванне нечага незвычайнага, нечаканага ўзнікла і хвалявала.
Ёй было гадоў за дваццаць пяць; чорныя валасы, прыемны загарэлы твар, тонкі і прамы нос, ладная постаць.
"А бюстгальтар спецыяльна не адзела", - зазначыў Сяргей у думках, ці то ўхваляючы, ці то асуджаючы Антаніну. Больш асуджаючы, бо грудзі яе, велікаватыя, пругкія, заціснутыя ў тонкую тканіну спартыўнай майкі, спакусліва прасіліся на волю праз шырокі шыйны разрэз, нахабна выстрэльвалі наперад тонкімі цвёрдымі саскамі.
Сяргей не адразу змог зразумець, чаму яго раздражнялі гэтыя грудзі, нарэшце даўмеў, што увесь час ён параўноўвае іх з грудзьмі Галіны, сваёй жонкі. І ўвогуле, з самага пачатку ён раўніва паглядваў на Антаніну з адной, як аказалася, мэтай: у чым яна выйгравала перад яго Галінай.
Выйгравала ў многім. Тыя ж грудзі Галіны, пасля таго, як нарадзіла і выкарміла дачку (яна цяпер у бабулі), прывабнымі ніяк не назавеш, ды яшчэ калі яны не ў станіку. Жывот з ліловымі маршчынамі і відавочная распаўнеласць…
Гэта злавала. Але і прыцягвала позірк. І Алена з Алай выглядалі не горш за Антаніну, але яны ехалі са сваімі мужчынамі, Антаніна ж - адна. Адзін быў і Сяргей, а гэта неяк аб'ядноўвала. А яшчэ - абяцала. Аб гэтым Сяргею не хацелася думаць, але быццам стрэмка ў мазгу сядзела…
Да ракі выйшлі лесам. Пад разлапістай хваінай паставілі палатку, назбіралі дроў. Трохі пагайсалі з мячом, пакупаліся. Калі сонца закранула вершаліны ельніку, пачалі рыхтаваць вуды.
Рыбачыць пайшлі ўсе, толькі Антаніна засталася з кнігай каля палаткі. Але дзяўчаты хутка вярнуліся - клявала не надта і даймалі камары. Нашморгалі з дзесяткі два ладных акунькоў, Сяргей выцягнуў нават невялікага шчупачка. Хуценька, каб паспець дацямна, пачысцілі рыбу і сталі варыць юшку.
Юшка ўдалася: пах ажно казытаў у носе. Вылажылі асобна рыбу, а юшку пачалі ўрачыста разліваць у паўлітровыя пластыкавыя стаканы. Наліваў Антось, Генадзь важна перадаваў пластыкі з вадкасцю, якая сыходзіла духмянай парай, а Сяргей, як старэйшы і вопытнейшы за ўсіх (сямейны чалавек, дачку мае!) разліваў і падносіў кожнаму шкляначку з гарэлкай. Бутэлька яе да гэтага самага моманту ахалоджвалася ў рачной вадзе.
- Ды не збяднее гэта рука, не высахне рака і будзе гарэлка роўна сорак градусаў! - гэты традыцыйны ў іхняй кампаніі тостнапышліва і смешна праспяваў-працягнуў Антось.
Выпівалі, хвалілі юшку і насядалі на каўбасу і вэнджанае мяса - не прападаць жа набраных з горада запасаў.
- Як жа Вы не збаяліся адпускаць жонку адну на мора? - нечакана спыталася ў Сяргея Антаніна. -Там гэтулькі спакусаў…- і ўсміхнулася тонка, нечым непрыемна.
Сяргей паціснуў плячыма:
- Спакуснага і тут хапае. Зрэшты, ёсць выпадковасці, ёсць і заканамернасці.
- Вось як?! Не разумею…
- Ну, напрыклад, я жыву тым, што толькі і шукаю інтымных прыгод. Тады кожная мая сустрэтая жанчына - выпадковасць, але выпадковасць заканамерная. - сяргей лег ямчэй каля вогнішча, пасунулася бліжэй да агню і Антаніна, і яго галава аказалася побач з яе нагой. Так блізка, быццам прапаноўвала сама сябе ў якасці падушкі. Але класці галаву на нагу чужой жанчыны Сяргей не стаў, прадоўжыў гучней, бо адчуў, што ўсе прыслухаліся да яго слоў: - А бывае ў жыцці іншае. Выпадковая сустрэча але пры вызначаных абставінах. Скажам, не чакаў, не ведаў, што на вяселлі сябра давядзецца быць аднаму, сядзець побач з пекнай жаночынай, якая таксама засталася адна. Пітво, танцы, пахі… А тут яшчэ начаваць вядуць у адну хату да старой бабулькі, якая прымае цябе і жанчыну за сямейную пару і сцеліць абаім на адной старой канапе… Сустрэча выпадковая, а вось паводзіны дваіх - заканамерныя…
- Ну, ты падвёў тэарэтычную базу пад звычайную здраду! - усхвалявана выгукнула Ала.
- Здрада - гэта калі рыхтуешся загадзя, калі доўга выспявае ў душы жаданне пабыць з кім-небудзь яшчэ… Калі спрацоўвае прынцып заканамернай выпадковасці. А калі правіць баль выпадковая заканамернасць - няма ў чым вінаваціць чалавека.
- І што, Ваш закон спрацоўвае заўсёды? - Антаніна не проста пыталася, яна быццам кідала яму, Сяргею, выклік.
- Закон ёсць закон, - Сяргей зірнуў ёй у вочы, і нечакана для сябе ўбачыў там абяцанне, нічым не прыкрытае абяцанне, але і з адкрытым выклікам. "Вазьмі мяне, калі не баішся!"
Пасля вячэры пачалі пры святле вогнішча нажыўляць кручкі на донках. Адну паставілі побач, дзве другія - закінулі далей. Званочкі Антось недзе згубіў.
- Сцерагчы ўсю ноч буду, - паабяцаў ён, прытуліў да сябе Алу. - Вось, разам будзем.
Ноч выдалася цёплая - нават сырым холадам не цягнула ад блізкай вады - і незвычайна ціхая. З чаем, чорным і горкім ад лішку заваркі, пілі каньяк.
Антось з Алай захапілі коўдру і пайшлі: "Мы ля дальняй донкі".
Нібы баючыся некуды спазніцца, падхапіўся і Генадзь:
-Мы з Аленай другую сцерагчы будзем. А ваша - бліжняя…
У першыя хвіліны Сяргей з Антанінай не размаўлялі.Цемра падступіла зусім блізка да тлеючага вуголля, адчувалася амаль фізічна. Было трохі вусцішна. Антаніна перасмыкнула плячыма, Сяргей падняўся, намацаў у цемры дровы, падкінуў. Агонь пакрысе набраў сілу, з патрэскваннем яго адступіла і цішыня, і цемра.
Мінулася і тая ніякаватасць, што ўзнікла было, калі яны напачатку засталіся адны.
- Вам чай з каньяком не падабаецца? - Сяргей глядзеў на яе недапіты кубак.
- Я аддаю перавагу проста каньяку, без чаю.
- Дык чаму маўчалі?
- Бо так пілі ўсе.
Сяргей адшукаў бутэльку, наліў трохі ў адну і другую шклянку.
- За сустрэчу?
- За выпадковую сустрэчу! - у Антаніны гарэзліва бліснулі вочы.
Яна піла каньяк малюсенькімі глыткамі і глядзела паверх шклянкі проста ў вочы Сяргею
Ён не мог стрываць яе позірк, адвёў вочы ўбок. Яна засмяялася ўголас:
- Не страшна застацца са мной?
- Чаго мне баяцца? - Сяргей зрабіў выгляд, што здзівіўся з яе пытання, хоць яму на нейкі момант на самой справе стала… не, не страшна, а не вельмі ўтульна. Ён адчуў сябе стаячым недзе на высокім абрыве: і прыгнуць хочацца, ды не ведаеш ці застанешся жывы, і можна ж проста адысці назад, бо скакаць няма ніякай неабходнасці. Так, толькі нервы сабе паказытаць
- Ты мяне баішся! - пераканана загаварыла Антаніна. - І хочаш мяне. Як пабачыў, так і захацеў. У электрычцы ты мяне вачыма пяць раз распрануў.
Сяргей зарагатаў. Яму імгненна палегчыла - знікла штучнасць іх адносінаў, усё ясна акрэслілася. Яна перайшла на "ты", яна захацела выглядаць мацнейшай за яго - ён яе зразумеў. І цяпер яна стала для яго самай звычайнай жанчынай.
- Я ж нармальны мужчына! Толькі імпатэнта можа не хваляваць прывабная жанчына. Мужчына - самец! У жывёльным свеце за здаровую, прыгожую самку б'юцца на смерць. Прырода так патрабуе, каб нараджаліся здаровыя і прыгожыя. Я радуюся, калі мяне хвалююць такія жанчыны, як ты. Значыць - я не хворы ні на галаву, ні на што іншае!
- Я пайду спаць, - нечакана выгукнула Антаніна. - Ты ідзеш? Ці ты збіраешся сядзець тут усю ноч?
Яна сказала гэтае "Ты ідзеш" так, як казала яму, Сяргею, яго Галіна, як кажа жонка мужу.
- Я… яшчэ пакуру.
- Куры. - Антаніна знікла ў палатцы.
Сяргей усміхнуўся сам сабе. Вось і выпадковая заканамернасць - невялікі раманчык на беразе рэчкі. Але неяк надта ўсё хутка і проста. Прасцей, чым юшку зварыць. "Ды дарослыя ж людзі, чаго тут цырымонію разводзіць" - супакоіў ён сам сябе, падкінуў яшчэ дроў у вогнішча і пайшоў да палаткі.
Антаніна ляжала ў кутку пад лёгкай коўдрай. Сяргей асцярожна намацаў яе цела, лёг побач і адразу ж абхапіў, абшчаперыў, пацягнуў да сябе. Знайшоў яе вусны сваім ротам. Антаніна ніяк не адгукнулася на яго дзеянні, была здзекліва безуважная. Адпусціў, яна адкінулася назад, і ён пачуў ці не насмешлівае:
- А што далей?
Сяргей рэзкім рухам узняў яе спартыўную майку высока пад горла і прыпаў да забялеўшых грудзей.
І зразумеў, што гэты момант і сядзеў як стрэмка ў яго мазгах, што ўвесь дзень ён чакаў, падсвядома смакаваў, як знойдзе сваімі гарачымі вільготнымі вуснамі вось гэты халаднаваты сухі і цвёрды сасок, як ён набрыняе пад яго вуснамі, вырасце і памякчэе...
Антаніна выгнулася дугой, апала, асцярожна прыціснула яго галаву, зашаптала адчайна:
- Угадаў… Яшчэ, яшчэ…
"Сустракай 26 цягнік 47 вагон 12 Галіна".
Гледзячы на друкаваныя радкі тэлеграмы, Сяргей адчуў, як засумаваў па жонцы.
Зранку прыбраў у кватэры, згатаваў, як умеў, абед - насмажыў катлетаў, але есці не стаў, апетыту не было. Вяртаючыся з універсама, купіў у бабулек, якія вялі свой няхітры гандаль узбоч прыступак, вялікі пук духмянага язміну. Паставіў кветкі ў пакоі і нават сам узрадаваўся той урачыстасці і святочнасці, што прыўнеслі яны.
На вакзал прыехаў значна раней, выпіў яшчэ келіх піва, прыгледзіў тры чырвоныя ружы. Сустракаў жонку не першы ўжо раз, але так хваляваўся ўпершыню. "Як хлапчук!" - пакпіў з сябе. Убачыў яе адразу, толькі адчыніліся дзверы вагона.
Галіна была незвычайна для яго са смуглай скурай, а белая шырокая майка яшчэ больш падкрэслівала загарэласць твару і шыі і …пахудзеласць жонкі.
Ён прыпаў было вуснамі да яе вуснаў, потым - шыі, але яна асцярожна, але настойліва прытрымала яго:
- Выбачай, за два дні я дзесяць разоў памылася ва ўласным поце… Так хачу ў ванную…
Па дарозе Галіна распытвала пра апошнія падзеі. Два тыдні - тэрмін мізэрны, а навін хапіла.
Галіна ўляцела ў прыхожую, кінула ў кут сумку, шырока раскінула рукі:
- Як я марыла аб гэтых хвілінах! Як добра быць зноў дома! Сярожка! - вінавата ўсміхнулася. - Выбачай, родненькі, я пад душ - хуценька.
Сяргей дэманстратыўна развёў рукі ў бакі - ну што тут зробіш!? І Галіна праслізнула праз яго рукі ў ванны пакой.
- Ты галодная? - спытаў Сяргей з кухні, ставячы на пліту патэльню з катлетамі.
- Ага! - пачулася праз шум вады. - Я толькі раніцай крышку перахапіла. Ты прыгатаваў?
- Ёсць нешта.
Сяргей яшчэ нарэзаў каўбасы, гуркі паклаў цэлымі, толькі старанна абмыў, дастаў і бутэльку каньку. Паставіў на стол, і яна адразу ж пакрылася дробненькімі кропелькамі расы. Прынёс яшчэ два невялікія крыштальныя келіхі, потым спахапіўся - пабег за сурвэткамі. Расклаў усё, прыдзірліва агледзеў стол.
Сціх шум вады. Галіна зайшла на кухню без анічога, толькі вялікі ручнік закруціла вакол галавы.
- Ну, вось, я пахваліцца сваім загарам зайшла…
І зніякавела нечага, бы дзяўчына незамужняя.
А загар быў цудоўным! Роўны, здаровы, толькі крыху абвіслыя грудзі зусім цнатліва бялелі ды яшчэ два белыя трохкутнікі - спераду і ззаду падказвалі аб ранейшым цвеце скуры.
Нельга было стрываць. І не толькі цела Галіны клікала да сябе, а ўсмешка яе, здаецца, ніколі ім раней не бачная, абяцаючая, ў якой было столькі будучай пяшчоты, жадання аддацца яму, Сяргею, што нельга было стрываць не падысці. І асцярожна, быццам шкляную прытуліць да сябе ўсю ў кропельках уздрыгваючую ад жадання, постаць жонкі.
Яна і на самай справе вельмі пахудзела - здалася на руках незвычайна лёгкай. Ён нёс яе ў спальны пакой, а яна глядзела на яго так, як некалі даўно-даўно глядзела, васемнаццацігадовай, калі вось так ён нёс яе (праўда апранутую) доўгіх мо сто крокаў - аж ад яе хаты і да тых старых вербаў, дзе спазналі яны абое, нявопытныя, гарачыя, нястрыманыя першы боль кахання і першае расчараванне, першы сорам з-за таго, што не атрымалася так, як і яму, і ёй расказвалі сябры і сяброўкі…
Іх каханне цяпер, на іх ложку, было падпарадкавана дарослай стрыманасці, але ніколькі не менш гарачым. І такім гарачым, такім жаданым і салодкім, якім не было мо з самага пачатку іх сямейнага жыцця. І гэта спалучэнне юнацкай гарачыні, набытага вопыту і жадання даць адно аднаму максімум задавальнення выліліся ў нешта незвычайнае шчымлівае, на адной высокай ноце пачуццё.
Потым былі хвіліны спакою. Калі ніводнай думкі ў галаве, толькі адно пачуццё: усё добра…
…Катлетаў не крануліся - елі прывезеныя галінай памідоры: салодкія, вялікія і сакавітыя з белым хлебам, пілі каньяк, многа пілі і не хмялелі. Насыціліся.
- Усё, я больш не магу. Лопну зараз, - паабяцала Галіна, адхілілася да сцяны. - Божухна, як добра дома… Усё-ўсё прыбраў! Якое хараство!.. А пах які!… - Галіна пацягнулася, нават выгнулася дугой, з асалодай ўпала назад.
Сяргей закурыў. Амаль абыякова спытаў:
- Ну, расказвай: як адпачывалася, што за кавалеры былі?
- Добра адпачывалася, група нашая - самая лепшая. Ды яшчэ трэнер неблагі, аж тры паходы зрабілі, па гарах палазілі ўдосталь!
- Ну, а кавалеры?
- Ат, якія там кавалеры! Дванаццаць жанчын, пяцёра мужчын.
- Як жа вы іх дзялілі?
- Не было чаго дзяліць, - адмахнулася Галіна.
- Што, цябе без мужчыны пакінулі?
- Чаму ты так пытаешся?- Галіна, здаецца, адчула нейкую з'едлівасць у пытаннях Сяргея, але, мабыць, не прыдала ёй значэння, спытала спакойна.
- Бачу, ты нейкая не зусім задаволеная ўспамінамі.
- Чаму незадаволеная? - ужо насцярожылася Галіна. - Усё было добра.
- Значыць, быў кавалер?
- А пры чым тут гэта? - Галіна паказала усёй сваёй постаццю, што ёй вельмі непрыемная гэта тэма. - Мне і без яго было добра.
- Можа, і на танцах цябе ніхто не запрашаў?
- Запрашалі, але…
- І ніхто пагуляць пад зоркамі не прапаноўваў? - тут жа хутка спытаў Сяргей.
- Прапаноўвалі, вядома... - Галіна разгубілася ад хуткіх пытанняў, якіх ніяк не чакала, на якія не гатова была адказваць. - Мы амаль што ўсёй групай кожны вечар па беразе гулялі.
- Ну, і што далей?
- Што ты тут допыт распачаў? Мне ад цябе хаваць няма чаго.
- Калі так, дык і расказвай: хто і куды запрашаў, каму адмовіла, каму - не.
- Слухай, - Галіна, да гэтага расслабленая, раптам сцялася, напружылася і прыжмурылася, - ты часам тут ні з кім не падгуляў?
- З чаго ты ўзяла? - абурыўся Сяргей.
- Як з чаго? Ты мяне так распытваеш, нібы хочаш пачуць: быў кавалер, гуляла. Што, свой грэх маім выдуманым прыкрыць збіраешся?
- Не вярзі глупства!
- Ну, вось што, хопіць! - Галіна ўстала, уражаная і пакрыўджаная. - Ты мне сваімі дурнымі пытаннямі зараз сапсуеш настрой. Я б і тут нядрэнна пагуляла, калі на тое пайшло. Калі ў цябе кароткая памяць, дык пуцёўку на турбазу ты мне прынёс. Ці ты гэта знарок зрабіў, каб потым вось такія допыты рабіць?
- Ніякія допыты я не раблю, паціснуў плячыма Сяргей. - Я толькі зразумець не магу - чаму ты ад мяне хаваешся? Няўжо ты будзеш упэўніваць мяне, што такую прывабную жанчыну ніхто не запрашаў на танцы і не рабіў ніякіх прапаноў? Няўжо ні адзін не спрабаваў за табой паўвіхацца?
- Ну… быў такі. - Галіна зноў разгубілася, яе збівалі з панталыку пытанні. - Амаль тыдзень па пятах хадзіў, але ж…
- Жанаты? - хутка перапыніў Сяргей.
- Так, двое дзяцей.
- Імя?!
- Аляксей… - І раптам, глянуўшы мужу ў вочы, амаль што закрычала: - Ды не было ў мяне з ім нічога, не было!
- Глупства ўсё, - Сяргей расціснуў у папяльнічцы цыгарэту, быццам ставіў кропку. - Калі кахаеш, дык раскажы ўсё, мае адносіны да цябе не зменяцца. Мо толькі яшчэ больш паважаць буду, прыемна ж гэта, калі да тваёй жонкі мужыкі заляцаюцца.
- Ну ў чым, у чым мне табе прызнацца? Калі нічога не было, мне што - нагаворваць на сябе?
- Не было? Хм…
Галіна адчула нешта страшэнна непрыемнае ў гэты яго "хм", абразлівае.
- Ты!.. Ты!.. Як табе не сорамна! - заплакала і выйшла з кухні.
"От дурніца! - падумаў Сяргей без злосці. - Відаць, усё ж было штосьці".
Ён пацягнуўся да памідора, пакруціў у руках. Прыслухаўся - з пакоя чуліся ўсхліпы. "Пайду, супакою", - ён адчуў сябе на момант нейкім бажком, якому дазволена адпушчэнне грахоў.
Галіна плакала, уткнуўшыся тварам у падушку.
Сеў, лагодна паклаў руку на плячо.
- Ну, супакойся, чаго ты так разнервавалася? Было і няма, я ж усё разумею. Калі далёка ад сям'і, калі побач усе незнаёмыя, добрыя віно, плешчыцца мора, а ён яшчэ вершы чытае… Чаго тут здзіўляцца? То заканамерансць. Выпадковая заканамернасць…
Плечы Галіны затрэсліся яшчэ больш.
- Ды не трэба так перажываць. Што, было? - нечакана лісліва запытаўся ён.
- Ну, было, было!.. Было! - раптам ускінулася Галіна. - Ты задаволены цяпер? Задаволены?!
Сяргей адхіснуўся неспадзеўкі, напружана ўсміхнуўся.
- Ну вось і ўсё. Гэтулькі нерваў і слёз з-за такой драбязы. Было і прайшло…
Галіна бы не чула яго, яе плечы маўкліва торгаліся.
- А… ён хто? - асцярожна запытаў Сяргей.
Галіна сціхла. Прайшло колькі хвілін, доўгіх, як бяссонная ноч. Яна паднялася, паправіла валасы, сказала спакойна, без істэрыкі:
- Пытайся, пытайся… Ты адразу пра ўсё, што цябе цікавіць, пытайся. Я што-небудзь прыдумаю! - паднялася з ложка і прайшла ў ванную.
"Цьфу, чорт! Баба - яна і ёсць баба!" - Сяргей вылаяўся, вярнуўся ў кухню.
"Чаго яна так разышлася? Вось жа адразу відаць - на пустым месцы так не разыдзешся. Значыць, усё ж было нешта… За грудзі нехта памацаў, точна. Ці мо і ў трусы залез…"
Але гэтыя думкі выклікалі ў яго ўяўленні не магчымую карціну здрады жонкі, а зусім іншае. Раптоўна ён адчуў на сваіх вуснах дотык гарачага, вялікага саска, і аж стала цяжка дыхаць, як тады, калі прыпаў ротам, а яна, Антаніна, яшчэ прыціснула яго твар да сваіх тугіх, не ведаўшых дзяцей, грудзей…
"Каб ты прапала!", - вылаяўся Сяргей, наліў у шклянку каньку і выпіў, пацягнуўся наліць яшчэ.
Галіна плакала ў ванным пакоі - было чуваць нават і з-за шуму вады.
Пасля выпітых дзвюх келіхаў Сяргей паспакайнеў - навала тых грудзей знікла. Закурыў. Стала лёгка на душы. Тое, што яго мучыла, было ім ураўнаважана.
За акном збіраўся вечар. Пацягнула свежым паветрам. А Галіна… Яна зараз сціхне. І яны яшчэ разам пагуляюць па вуліцах, і ў кавярню зойдуць. Вечар жа абяцае быць добрым…