За чаркай

Генадзь нарадзіўся ўдачлівым - у грудзях яго маці малака яму хапіла ажно да чатырох гадоў. І - пайшло. Хто больш карасёў наловіць? Генадзь. Хто поўны кошык баравікоў прынясе? Генадзь. Да каго дзяўчаты ліпнуць і ў каго ўрокі не пытаюць, калі ён іх не вывучыць? Да Генадзя, у Генадзя. Ён адзіны білет экзаменацыйны вывучыў - і яго выцягнуў. Таму Сяргей, які аж да апошняга іх школьнага званка быў заўсёды побач, і не здзіўляўся, што надалей у Генадзя не пайшло, а пакацілася. Сам Сяргей увесь чэрвень бегаў у калгас на працу, па вечарах сядзеў над падручнікамі, бо на касцюм які трэба было грошы зарабіць, а з білетамі экзаменацыйнымі яму ніколі не шанцавала. Генадзь жа дняваў на возеры, вечар і добрых паўночы праводзіў у клубе. Яму і з паступленнем пашанцавала: нечакана адшукаўся нейкі забыты сваяк, што ўзяўся паклапаціцца аб пастцпленні хлопца ўзяго за адзін свінны азадак.
Адвучыўся Генадзь у інстытуце лёгка і бесклапотна. Не тое, што Сяргей. І калі пасля заканчэння Сяргей вымушаны быў паехаць па размеркаванні ў нейкі ніколькі не вядомы яму райцэнтр, то Генадзь лёгка ўладкаваўся ў сталіцы, у нейкай фірме.
Яны сустракаліся ў сваёй вёсачцы, сувязі не гублялі. Сяргей цягнуў лямку інжынера на заводзе, а вось Генадзь стаў ўжо кіраўніком нейкай чарговай (мяняў іх Генадзь, як шкарпэткі) фірмы. Справы яго ішлі ў гару: не ён прызджаў цяпер да бацькоў, а яго прывозілі, ды яшчэ пад аховай двух дзецюкоў. Мелася ў яго ўсё, што трэба: жонка з нагамі ад плячэй, уласны дом трохпавярховы (адзін паверх пад зямлёй), ну, і ўсё астатняе.
Сяргей не зайздросціў. Ну, лёс так павярнуўся: тварам да Генадзя, а да яго, Сяргея, скажам, спінай. Падыходзячы па-філасофску да свайго жыцця-быцця, Сяргей рабіў выснову, што адным у жыцці ўсё даецца лёгка, яны і ў латарэі выйграюць, а другім за кожнай капейчынай трэба да зямлі нахіліцца. Сяргей адносіў сябе да другіх, таму не крыўдаваў на жыццё, што прымушала яго карпець і пацець, каб атрымаць нейкую драбніцу. У гэтым, зрэшты быў нейкі сэнс: можна хоць праверыць на ўласнай скуры, чаго ты варты.
К сарака гадам у Сяргея была двухпакаёўка, пасада галоўнага інжынера, двое дзяцей і рана распаўнеўшая жонка. Яшчэ - добра патрапаны "Масквіч", на які, дарэчы, грошы ён пазычаў у Генадзя.
І нічога істотнага далей жыццё не абяцала, акрамя звычайных турбот: дзяцей трэба вывучыць, потым жаніць-замуж аддаць, дапамагаць, унукаў нянчыць. Усё ясна, хоць расклад складай.
Дзвюх зарплат ледзьве хапала, каб выкруціцца, не скаціцца ў яміну даўгоў, апрануць-абуць дзяцей. Самі неяк абыходзіліся, хоць Зоя-жонка іншы раз капрызіла. А Сяргею дык і ў яго некалішнім шлюбным касцюме было даволі зручна на нячастых у іх жыцці святах.
Генадзь патэлефанаваў перад каталіцкімі калядамі.
- Прывітанне! Як там стаіць твой завод? Зоя яшчэ колькі кілаграмаў набрала? Колькі рамянёў страпаў на дзіцячых задах? - пасыпаў жартаўлівымі пытаннямі.
- Здароў, здароў, - злёгку разгубіўся Сяргей, бо тэлефанаваў да яго Генадзь зусім рэдка. - Завод стаіць, Зоя таўсцее, а дзеці пад рамень ужо не кладуцца. Як у цябе справы?
- О, у мяне, як заўсёды - поўны ажур, - рагатнуў Генадзь. - Я да цябе, у сэнсе, у ваш райцэнтр прыехаць хачу, есць там адна справа. От, зайду, пасядзім, паўспамінаем, як мянтузоў у канаве лавілі, як Зойку тваю пужалі. Помніш?
- Помню, помню, - адказаў Сяргей, і нейкая ніякаватасць пачала вярэдзіць душу. Незразумела адкуль з'явілася нечаканае прадчуванне нечага непрыемнага, а следам за ім кволае сарамлівае жаданне, каб Генадзь прыязджаў. Але дадаў Сяргей з ранейшай інтанацыяй: - Калі прыедзеш?
- От на Каляды і чакай. Гатуй добры стол! На пару начэй мяркую застацца…
Сяргей паклаў трубку, прайшоў на кухню. Адчыніў шырэй фортку акна, закурыў. Гэтае сваё права - курыць на кухні - Сяргей адстойваў мо гады тры. Адстаяў. Пераканаў жонку, што курыць на лесвічнай пляцоўцы - гэта значыць, не паважаць тых, хто жыве побач, хто ідзе па лесвіцы. Зацягнуўся, страсянуў попел у вымытую попельніцу (Гэта Зоя стараецца штораніцы) і зразумеў, адкуль узяўся ў душы той неспакой, тая незадаволенасць.
Зоя… З чаго гэта Генадзь прыгадаў менавіта тое, як яны ў дзяцінстве пужалі па вечарах Зою, суседку Генадзя? Ды і было гэта толькі раз, па яго ж, Генадзя, прыдумцы. Так даўно было…
Зоя тады была невялікай для яе ўзросту, але паўнаваценькай дзяўчынкай. Генадзь яе за нешта не любіў, заўсёды чапляў. А вось Сяргею Зоя падабалася. Хоць у іх вёсачцы на дваццаць хат і выбіраць не было з каго. Сябраваць Сяргей з Зояй пачалі класа з пятага, і пакрысе, з гадамі іх сяброўства перарасло ў тое пачуццё, з якім спяшаюцца ў ЗАГСы.
Навошта Генадзю ўспамінаць той дурны выпадак?
Яны тады удвух схаваліся пад брамкай варот. Зоя добрым прыцемкам вярталася з дзявочых пасядзелак. Яны і скокнулі прама прад ёй з крыкам і рыкам. Яна, трынаццацігадовая дзяўчынка, не закрычала тады, і не ірванулася да сенцаў. Стаяла, а па шэрай асфальтаванай дарожцы з пад яе ног разбягалася ўшыркі цёмная пляма.
- А-га-га-га! - рагатаў Генадзь. - Абасцалася!
І толькі тады Зоя пабегла. А Сяргею стала сорамна. Ён не думаў, што іх жарт можа так прынізіць дзяўчынку.
Прабачэння Сяргей у яе папрасіў праз тыдзень. Яна прабачыла. І, дарэчы, ніколі ў іх сумесным жыцці не прыгадала таго выпадка.
…Дым цягнуўся праз вортку, нетаропка пацягнуліся і думкі Сяргея. Рашэнне прынята - трэба рыхтавацца. На навагоднія святы даўно вызначана сума, размеркаваны кожны рубель. І цяпер тыя кароткія гудкі ў тэлефоннай трубцы загучалі ў галаве здзеклівым: "Дзе? Дзе? Дзе?" Дзе ўзяць грошай?
Свайго сябра, кіраўніка саліднай фірмы, у якога целаахоўнікі атрымліваюць столькі, колькі Сяргею не зарабіць і за год, цёшчынай самагонкай і галубцамі, у якіх мясам толькі крыху пахне, частаваць не будзеш.
З Зояй прагаварылі за паўноч.
- Нічога, Кацьцы купім не джынсы, а калготы, Віцьку пад елку не плэер пакладзем новы, а аўдыёкасету. Табе б кашулю новую купіць, у той ужо каўнерык страпаўся… - думала-прапаноўвала Зоя.
- Гальштук павяжу, не будзе відаць каўнерыка, - адазваўся Сяргей. - Ды, ўвогуле, чаго тут мне выхарошвацца? Як жыву, так жыву. Ты мо курыцу ў маці папросіш, сяголетку?
- Папрашу. Казала, адна не нясецца. Засячэ…
- А ўвогуле, нядрэнна б было табе крыху пахудзець, - нечакана для сябе закончыў Сяргей размову.
Жонка аж галаву прыўзняла:
- З якога ты гэта ляду пра гэта загаварыў? Генадзева цытра ў вачах стаіць?
- Ну, чаго ты так на яе? Ты ж яе ў госці чакаеш… Цытра… Стройная, ды і ўсё.
- Бо цытра і ёсць. Бабе усё, што мае, дадзена, каб дзяцей раджаць, а не для таго, каб юр задавальняць… А дарэчы, ён сказаў, што не адзін, а з жонкай будзе?
- Не… Не ўспамінаў пра сваю жонку нічога. Толькі пра цябе спытаў, колькі ты тут яшчэ кілаграмаў набрала.
- То можа ўвогуле адзін будзе… Колькі набрала, колькі набрала… Добра, я сама пра гэта думала. Нешта мяне разнесла, - раптоўна прымірэнча закончыла Зоя. - Буду худзець… А будзе Генадзь хутчэй адзін, ён такі. Ды рыхтавацца будзем як для дваіх…
Але Генадзь патэлефанаваў яшчэ раз, нібы спецыяльна дзеля таго, каб сказаць, што прыедзе адзін.
…Ён не ўвайшоў - уварваўся ў кватэру: шумны, гаманлівы, мо і празмерна вясёлы.
- Гэй, хто тут ёсць? Чаго госця не сустракаюць ля парога з караваем? Зоя, ты што там, у дзвярах застрала? - сунуў каротка руку Сяргею, перадаў выйшаўшай Зоі вялікую сумку. - Здароўце, здароўце. Там, Зойка-зайка, тоё-сёе для стала святочнага. Ну, а дзе вашыя хамуты?
- У школе пакуль, - Сяргей зразумеў, што Генадзь пытаўся пра дзяцей.
- На вось, ім падарункі, аддасі, - Генадзь тыцнуў Сяргею яшчэ нейкі пакет. - Хлопцу плэер класны, японскі, дзяўчыне набор касметыкі. Не абы які, фірменны. Так, гатуйце стол, мне трэба скокнуць па справах, к вечару буду. Салют! - і знік за дзвярыма.
- Усё такі ж, - пахітала галавой Зоя.
- Які? - раўніва, бо адчуваў нейкую асуджальнасць у голасе жонкі, спытаў Сяргей.
- Ды які быў: шумны, лёгкі, цэнтр сусвету. Ветрагон, - махнула Зоя рукой.
- Ну, у гэтага ветрагона мы грошы пазычалі, а не ён у нас, - пакрыўдзіўся за сябра Сяргей. - Ты яго нечага недалюбліваеш?
- А за што яго любіць? Ён твой сябар?
- Сябар, вядома.
- Сябар, бо вас толькі двое аднагодкаў у вёсцы было. Хочаш, не хочаш, няма с кім больш гуляць.
- Слухай, я не разумею! - павысіў голас Сяргей. - Навошта ты пачынаеш высвятляць тое, што і так ясна? Навошта ты ўзчала гэту тэму?
- Так, прадчуванне ў мяне нейкае нядобрае, - ціха адказала Зоя. - Не варта б было казаць, ды скажу: не хачу я такога госця. Ды яшчэ на тры дні.
- Ну, ты… - Сяргей захліпнуўся ад крыўды. - Умееш сапсаваць настрой.
- Не бойся, не сапсую, - адмахнулася Зоя. - Я сёння ў начную іду. Нагатую вам і пайду. Сядзіце хоць усю ноч, успамінайце, гаманіце.
- Як у начную? Табе ж…
- А я замянілася. Папрасілі мяне, - рэзка адказала Зоя і пайшла на кухню.
Сяргей з хвіліну стаяў у прыхожай з пакетам у руках. Не ведаў, што казаць Зоі, як сябе паводзіць.
Зоя гатавала на кухні, ён глядзеў тэлевізар. Было а сёмай гадзіне вечара. Генадзя яшчэ не было.
- Ну, у мяне там усё гатова, салаты ў халадзільніку, дзеці накормленыя, гарачае разагрэеш, бульбу зварыш, яна пачышчаная. - Зоя стаяла ўжо каля люстра ў прыхожай, напамажвала вусны. - Скажаш, што я прыношу свае прабачэнні. Ды не пі многа, я бачыла, што ён гарэлку нейкую нянашую прывёз, лепш ужо сваёй, беларускай частуйцеся, а то яшчэ будзе заўтра галава раскалвацца. Бялізна для госця на другой паліцы ў шафе, я сабрала. Усё, я пабегла…
Генадзь прыйшоў каля дзевяці вечара.
Настаяў, каб напачатку паспрабавалі ягоную гарэлку.
- Дзівак, ты такое ніколі не піў! Чысцейшая! Ніякіх пахмелляў.
Недзе з гадзіну ўспаміналі сваіх знаемых, аднакласнікаў.
- Ат, не атрымалася з нашага класа нічога! - махаў рукой Генадзь. - Усе надзеі школы цяпер вось як ты, марнеюць недзе на заводзіках. Хоць бы якая знакіматасць была, хоць бы пісьменнікам хто стаў, паэтам, у космас злётаў!
- Ну, у людзі многія выбіліся, - пярэчыў асцярожна Генадзь, бо яму здавалася, што выпітае пачало дзейнічаць на Генадзя задужа хутка, і голас ягоны стаў не толькі моцным, але і выклік у ім нейкі загучаў.
- Ха, у людзі! Ну, хто, хто, скажы, акрамя мяне ў людзі выбіўся? - Генадзь наблізіў свой твар да Сяргея, пырснуў слінай. - Хто?
- Гледзячы як што разумець…
- Ага, як што разумець… - Генадзь наліў у шклянкі гарэлку, падчапіў на відэлец кавалачак вэнджаніны. - Чалавек - гэта мяса. О, бачыш, такое вось мяса. А я што раблю?
Ён імкліва перакуліў шклянку ў рот, павольна, нават тэатральна захапіў зубамі кавалак мяса з відэльца, моцна сціснуў чэлюсці.
- Бачыў? Бачыў, што я магу зрабіць з чалавекам? Ты ведаеш, колькі сёння чалавек каштуе, такі, як ты? Прафесіянал запатрабуе сама многа 500 баксаў. А нейкі алкаш заб'е цябе і за 50. Ага!
"Зусім ап'янеў", - падумаў Сяргей, усё больш трывожачыся, што ў словах сябра пачалі гучаць злыя ноткі. "Нешта ўсё ж не склалася ў яго жыцці, нешта яго не задавальняе, на нешта ён злуе… Можа, што ягоная жонка зацяжарыць не змагла? Ды гэта ж ужо другая…".
Генадзь наліў зноў, выпіў, не чакаючы Сяргея. Адкінуўся на спінку канапы, закурыў.
- Людзі… Усё гной, калі без грошай. Перада мной сцелюцца, на калені падаюць, за руку хапаюць! А як у вёску прыеду? Глядзяць… А то ж - я ж для іх ветрагонам быў, а цяпер - наце, укусіце за зад майго джыпа! Паважаць пачалі. І зайздросцяць! Усе зайздросцяць! Ух, як ім хочацца на маім месцы быць, ці хоць у сябрукі, як ты вось, запісацца!
Сяргея разанула гэта "запісацца". І хоць не хацелася яму пярычыць Генадзю, бачачы яго стан, але сказаў, як мага спакойней:
- Ну, мне асабіста запісвацца да цябе ў сябры не прыходзілася. Нас жыццё запісала.
- Ага, жыццё… - Генадзь нечакана скрыгатнуў зубамі. - А ты мне зайдросціш?
Ён пытаўся з выклікам, чакаючы і патрабуючы станоўчага адказу.
- Я не зайздрошчу чужому шчасцю, - нейтральна адказаў Сяргей.
Генадзь памаўчаў, потым махнуў у бок пляшкі:
- Налівай!
Ён выпіў зноў хутка, адным узмахам рукі, не чакаючы, пакуль наліе сабе Сяргей. Адмахнуўся ад Сяргеевага: "Закусвай".
- Думаеш, я п'яны? Ага, думай… Думай. І я во думаў, усе гэтыя гады думаў: ты прыкідваешся, га? Перада мной такі раўнадушны, а як сам з сабой застаешся - кусаеш жа локці, га? Ад зайздрасці што хочаш дастанеш укусіць… Ці можа ты на самой справе не зайздросціш? Можа, ты, ў гэтай шпакоўні жывучы, шчаслівы? Шчаслівы, га? Ну, скажы!
Ён выкрыкваў словы, і цяпер у іх ясна гучала зусім нечаканая для Сяргея злосць. Сяргей зазірнуў у вочы Генадзю і раптоўна зразумеў: ён не п'яны. Ні ценю хмелю не было ў вачах, толькі раздражнёнасць і нянавісць.
Сяргея спалохала гэта нянавісць. Яму хацелася адно імгенне адказаць так, каб супакоіць невядома з якой прычыны раззлаванага сябра. Бо ў дапытлівым крыку Генадзя угадвалася прычына яго раздражнення - сам Сяргей. А гэта было тым больш незразумела. І таму палохала. Але тут жа унутры Сяргея узнялося супраціўленне: чаго яму баяцца, ды яшчэ ў сваёй хаце? Ён упэўнены: нічога такога, з-за чаго можна было б разазліцца яго сябру, ён не рабіў. І чаму ён павінен падстрайвацца пад Генадзя? Таму, што ён госць? Ну, то і хай сабе. Паважаць госця - не значыць заглядваць яму ў вочкі. І адказаў рэзка, можа і задужа рэзка:
- Колькі ў мяне таго шчасця ні ёсць - яго мне хапае. І яно - маё.
Генадзь як быццам чакаў менавіта гэтага тону. Ён неяк хіжа ўсміхнуўся, умомант стаў спакойным і працягнуў знарок п'янавата:
- Было ваша, стала наша…
Сяргей не мог не заўважыць не проста здзеклівасці, а нават прыхаванай пагрозы ў голасе. Генадзь супакоіўся так нечакана, што хочаш, не хочаш, а трэба было разумець, што сваім крыкам ён раней імкнуўся менавіта вывесці Сяргея з раўнавагі, сапсаваць яму настрой, нават спалохаць.
- Нешта я цябе не разумею, - сказаў Сяргей напружаным голасам.
- Што, спалохаўся? - засмяяўся Генадзь. - А я цябе вось зразумець хачу… Усе гэтыя гады мяне мучыць: чаму?
- Што - чаму?
Генадзь сам пацягнуўся да бутэлькі, наліў гарэлку ў вялікую шклянку, на гэты раз адпіў нетаропка глыток, смакуючы пітво.
- Я цябе ва ўсім пераганяў. І на рыбалцы, і ў грыбах, і ў футболе. Ну, вучыліся мы аднолькава. Мне ва ўсім шанцавала, усё мне само ў рукі давалася, а ты, каб хоць кроплю майго мець, карпеў. Майму вязенню ўсе зайздросцілі, мной захапляліся. А ты - не! Ты мяне ніколі не паважаў, як тое трэба было. І нават потым, грошы ў мяне пытаючы, ты іх так браў, быццам мне пазыку рабіў… Памятаеш, у восьмым класе, у калгас мы бегалі? Цябе мужыкі з сабой клікалі стагі ў балоце кідаць. А мяне - не! А ў дзевятым за цябе, каб у памочнікі ўзяць, два камбайнеры паспрачаліся. А мяне ніхто браць не хацеў. Я выгляд зрабіў, што сам не хачу. Ты вінаваты!!! У інстытуце: цябе некуды ўсё выбіраюць, вылучаюць, дэкан на пятым курсе з табой за руку вітаўся… Ты мне сонца засціў, разумееш?! З дзяцінства самага! Гэта пра цябе казалі: ах які сур'ёзны, які старанны! Гэта мяне табой тыцкалі, у прыклад ставілі. Га, хай пра тое сёння ўспомняць! Хто сёння ты, і хто я? Я даказаў!
- Думаеш, твае грошы за цябе робяць табе павагу? - запытаў Сяргей, разгублены гэтай споведдзю. - У чым я табе яшчэ дарогу перайшоў, акрамя тых далёкіх стагоў у балоце? Трэба, ж так запомніць такую вялікую крыўду… - Сяргей паціснуў плячыма
- А я ўсё запамінаю! Усё, кожненькую драбніцу. Я гэтыя драбніцы адна да адной, як саломінкі ў куль збіраю. Прыйдзе час - спатрэбіцца. Вось і спатрэбілася… Чым яшчэ ты мне дарогу перайшоў? Зойкай!
- Ты што? - Сяргей на самай справе разгубіўся. - Ты ж на Зойку увагі ніколі не звяртаў!
- Я не звяртаў…- Генадзь пачаў казаць праз сціснутыя зубы. - Яна на мяне ўвагі не звяратала! Яна мной грэбвала яшчэ з тае пары, калі без трусоў бегала. А з табой вось засябравала… А калі б не ты, думаеш, утрымалася б яна, не пабегла б за мной, як іншыя? Яна, як з табой знюхалася, недзе з пятага класа мяне ўвогуле ненавідзець пачалала. Да гэтага хоць баялася, бо ведала: я мог такую штучку ўтварыць! Ха, я яе ў туалеце разоў пяць зачыняў. То яна потым перад тым, як у яго бегчы, пяць хвілін ва ўсе бакі галавой круціла, мяне выглядвала! - і Генадзь зарагатаў, мабыць уявіўшы той даўні малюнак, калі трынаццацігадовая дзяўчынка, выбегшы з хаты па патрэбе, напачатку пільна ўзіралася на суседскі падворак - ці ёсць там гэты хлопец…
- Дык што ты цяпер хочаш? - з выклікам запытаў Генадзя Сяргей.
Яму было нечага брыдка пачуць аб даўніх выхадках свайго сябра ў адносінах да яго цяперашняй жонкі, але падсвядома ён адчуваў, што не дзеля гэтага распачаў Генадзь сваю размову. Не, нешта ён прыхаваў, каб ударыць каротка і балюча…
- Што я хачу? Што я хачу!? Я хачу не бачыць больш тваю шчаслівую фізіяномію. Я хачу, каб ты зразумеў, што ты перада мной сёння - ніхто. Што колькі б ты не заўважаў майго сённяшняга становішча - яно ёсць. І ты не будзеш глядзець на мяне так, як глядзіш цяпер!
- Вось як… - цяпер ужо сам Сяргей наліў сабе ў шклянку гарэлку, перад гэтым дэманстратыўна адкрыўшы пляшку сваёй, брэсцкай. - Не чакаў, прызнацца, што будзе ў нас сёння такі вечар. Цікавы вечар… Ты, значыць, усе гэтыя гады толькі і чакаў моманта, каб даказаць мне, што ты вышэй за мяне? Можа і вышэй… Ведаеш, можна прымусіць адносіцца да некага з павагай. А вось прымусіць паважаць нельга. Я так думаю, што табе проста сёння хочацца зрабіць мне нешта балючае. І толькі.
- Угадаў! Угадаў! - зарагатаў Генадзь. - Мяне ванітуе ад твайго шчаслівага выразу твару пры сустрэчах.
- Хочаш, каб я цябе ненавідзеў ці што?
- Хачу, каб ненавідзеў. Хачу, каб зайздросціў. Хачу, каб ты разумеў: хто ёсць ты, і хто ёсць я!
- Выбачай, але ты мне вось цяпер проста смешны. - Сяргей, паспакайнеўшы, закурыў. - Калі табе няма яшчэ аб чым са мной размаўляць -нам самы час развітацца.
- З хаты гоніш? - бліснуўшы вачыма, хутка спытаў, быццам чакаў менавіта гэтых слоў Генадзь.
- Не ганю, але сэнсу працягваць размову не бачу.
- Ну, ну… - Генадзь прыжмурыўся, як усё роўна прымерваўся, прыцэльваўся. - Я пайду, а ты тут такім упэўненым і шчаслівым застанешся?
- Застануся.
- Не атрымаецца! Я зараз пайду… От зараз і пайду… Толькі трэба мне табе колькі слоў сказаць. Важных слоў…
- Кажы, я слухаю, - без усякага хвалавання адказаў Сяргей. Ён і на самой справе ніколькі не баяўся цяпер Генадзя.
- Ну, дык слухай… - з прадчуваннем асалоды ад наступных сваіх слоў пачаў Генадзь. - Я тваю Зойку меў. У дзяцінстве ў маму з таткам гулялі… Перад выпускным балем я яе проста купіў - у яе ж ніколі нічога апрануць добрага не было, а я два гады збіраў грошы, спецыяльна збіраў, каб хапіла тканіны на сукенку - і купіў! У кустах ля сажалкі яна мне і прадалася, а ты яе ля вербаў у той час, як дурань чакаў! І перад самым вашым вяселлем я яе купіў! Не, то яна купіла ў мяне маё маўчанне: я ёй прыгразіў, што раскажу табе, чаму яна на самой справе да цябе так спазнілася на спатканне пасля выпускнога балю! А памятаеш, як ты ў камандзіроўцы быў, а Зойчынага пляменніка ў армію праводзілі? От, я тады яе напаіў! Яна ўсё піва піла, а я туды гарэлачкі, гарэлачкі… Напаіў, дадому да сябе завёў - і меў я тваю Зойку! Ты б бачыў, як яна ачуняла і вакол сябе і на сябе глядзела! О-о, то быў малюнак! А я ёй яшчэ і кажу: "Ну, ты і жанчына! Давай табе і давай! Мабыць, твой Сяргей цябе на галодным пайку трымае…". А праз год у вёсцы было, на возеры. Нешта мне так жанчыну захацелася, а тут твая Зойка ідзе, адна. Купацца, загараць. Я да яе падсеў, кажу, замучыла мяне сумленне, пайду да Сяргея прызнавацца: гад я і скаціна, жонку тваю меў, але ж выбачай, я яе не гвалціў, не прымушаў, як атрымалася - лепш у Зойкі спытай… Тут Зойка твая зноў згадзілася супакоіць маё сумленне, забеглі мы на гадзінку ў прыбярэжныя кусцікі. Вось так! Га-га-га! - зарагатаў Генадзь. - З'еў? Глытай!
За час гэтага маналогу Сяргей не змяніў сваёй позы, і твар яго заставаўся аднолькава спакойным, толькі звузіліся вочы, быццам яго прымусілі глядзець на нешта надта зыркае ці занадта агіднае.
- А я ведаў, - выразна, але без асаблівай інтанацыі, сказаў ён, гледзячы ў чорныя зрэнкі Генадзя.
- Гы, - гыкнуў, быццам падавіўшыся чым, Генадзь. Яго пераможная ўсмешка пачала расцявацца на яго твары ў нешта карыкатурнае, хваравітае. - А я ж гэта, ну…
- Я ведаў! - ужо галосней паўтарыў Сяргей, узняўся з-за стала, дадаў з той пагрозай, да якой нельга было не прыслухацца: - Пайшоў прэч адсюль. І хутчэй, без слоў.
Генадзь падхапіўся, знізу ўверх гледзячы на Сяргея. Уся яго постаць цяпер, няўпэўненая, разгубленая выклікала шкадобу, і Генадзь, не малы сам ростам, здаваўся побач з Сяргеем слабым і хілым. Ён задам памкнуўся з кухні, не зводзячы вачэй з постаці Сяргея.
Сяргей адвярнуўся да форткі, зацягваўся цыгарэтай, слухаў, як у прыхожай апранаўся Генадзь.
Ад форткі цягнула свежым марозным паветрам. Дыхалася лёгка, на поўныя грудзі, і не хацелася паварочвацца да стала, да пахаў стылага тлушчу, смажанай цыбулі і вэнджанага мяса.