ПАМНАЖАЮЧЫ ВЕДЫ…
У свае пяцьдзесят Іван Антонавіч меў салідны жывоцік, галава
свяцілася лысінай, адрузла скура на твары. Што ж, работа такая - маларухомая
ды яшчэ без асаблівага трапання нерваў. Затое і саліднасць з'явілася ў
хадзе і постаці. Не маладзен, каб бегаць.
Ды другое непакоіла. Зіна яго, бы той песне паддалася,
к 45-і раптам памянялася. Напачатку Іван Антонавіч думаў, што змірылася
яна з іх сямейным жыццём: цяпер яно было павольным, мо і задужа практычным,
рацыянальным, але затое - спакойным. Яно, па-праўдзе, то любое пачуццё
згасне за 24 гады сумеснага жыцця. Ён напачатку і даказваў Зіне цярпліва,
што час ужо спаць ім на асобных ложках, ды і блізкасць успрымаць трэба
не як там у гэтых фільмах… З іх узростам ды сямейным стажам і ў такой
ужо справе трэба няспешлівасць, грунтоўнасць ды каб лішку не хапіць.
Зіна была зазлавала, з паўгода была больш надзьмутая, чым
вясёлая, ну а цяпер во змірылася. Ну, не трэба казаць, што Іван Антонавіч
зусім цікавасць да жанчын згубіў: ого, кроў яшчэ іграла, як дзе прывабныя
лыткі блізка засвецяць. То ж не Зініны - за два з паловай дзесяткі гадоў
ён вывучыў яе цела да кожнай маршчынкі, і добра ведаў якая з іх калі
з'явілася. Дзе тут цікавасць. Але волі сабе не даваў - годзе, адбегаў
сваё да жаніцьбы, ды і (а з кім гэта не было?) ў час яе. Пяцьдзесят
не дваццаць…
Так вось прыкладана і расказваў ён свайму даўняму сябру,
з кім хоць і рэдка сутракаўся, ды шчырасць не знікала ў іх адносінах.
- Ну і дурань! - адрэзаў сябар. - Калі ты сябе ў адстаўку
спісаў, то на жонцы ранавата крыж маляваць. А то яна…
- Што яна?
- А што робіць жанчына, калі ёй не хапае ласкі? Шукае!
- Ну, ты загнуў. Толькі не мая. Ёй хапае.
- А ты правер! - рагатнуў сябар.
- А як? - нечакана загарэўся Іван Антонавіч, бо словы сябра
балюча драпанулі па сэрцу: Як гэта яго Зіна можа некага мець?!
- І яшчэ раз дурань! - адмахнуўся сябар. - Хто памнажае веды,
той памнажае скруху. Яна табе ўсё аддала, ты ёй даў, што змог. Дык цяпер
хочаш упэўніцца, што…
- Хачу упэўніцца, што яна… - перабіў Іван Антонавіч, толькі
далей сказаць не мог - што яна?.
- Ну-ну, хочаш упэўніцца ў адным, упэўнішся ў зусім нечаканым.
- Ты мяне не вучы!
- Ага, розуму цябе не вучыць, а навучыць дурасці? Ну, калі
ласка: самы просты спосаб: звярніся на тэлефонную станцыю, яны табе за
месяц усе тэлефонныя званкі з тваёй кватэры зафіксуюць: калі званілі і
куды. А далей варушы мазгамі, - неахвотна параіў сябар і дадаў: - Ты толькі
спярша падумай: гэта табе трэба?
Трэба! Гэта было трэба! Жыццё набыло мэту, нават нейкі сэнс,
аж бадзёрай выглядаў Іван Антонавіч у гэты месяц, пакуль іх тэлефон па
яго просьбе паставілі на кантроль. Сам ён тэлефанаваў толькі адзін раз
са свайго тэлефона. Старанна адзначаў дні і гадзіны, калі яго не было
дома, а Зіна была, нават да хвілінаў запісваў, як смецце выносіў. І ўвогуле,
знарок стараўся куды сысці, првакаваў. Яго захапіў сапраўдны азарт паляўнічага.
Ніколі за апошнія гады не было жыццё такім змястоўным і цікавым.
… Яны сустрэліся толькі праз паўгода - Іван Антонавіч і яго
сябар.
- А яе яе вылічыў, - нявесела пасля трэцяй чаркі выдыхнуў
Іван Антонавіч.
- Каго?
- Зіну. Як ты і параіў: прааналізаваў усе званкі. Проста
так атрымалася… Нумар там адзін быў, рабочы. Я праверыў, хто там працуе,
у які час. Супала…
- Ду-урань, - працягнуў сябар. - А якія ты хоць вывады зрабіў?
Хоць, гледзячы, як расце тваё пуза, відно, што ніякіх.
- Я яе прыпер да сценкі…
- Ну, ты і…
- Яна расказала, паплакала, а назаўтра заяву занесла на развод.
Адзін жыву, яна да яго пайшла.
Памаўчалі.
- Колькі яму год? - нечакана спытаў сябар.
- Пяцьдзесят два.
- Ты ўсё цяпер ведаеш, табе лягчэй?
Іван Антонавіч не адказаў.
- Ты хацеў праверыць сваю жонку, а атрымалася, што праверыў
сам сябе: ты не можаш ужо даць жанчыне тое, што ёй трэба, а нехта, старэй
за цябе нават, - можа. Ты хацеў злавіць жонку на здрадзе, а даведаўся
аб тым, што з табой яна жыць не хоча, а хоча з другім. Я ў цябе пытаўся
тады: табе трэба?
Іван Антонавіч маўчаў. А што тады - было трэба?
|