Знойдзены сэнс

Ён быў з тых людзей, у каго любая несправядлівасць у адносінах да другога чалавека адгукалася сапраўдным фізічным болем недзе усярэдзіне грудзей. І калі было ўжо позна ці немагчыма нешта зрабіць, ці хоць сказаць якое слова, зубы ў яго сціскала так, як быццам нехта побач тупым нажом крамсаў тоўсты кардон. Таму не дзіўна, што шлях, які б прывёў яго туды, дзе можна дзейсна змагацца з любой несправядлівасцю, ён выбраў на той час адзіны - камсамол. Праз два месяцы яго адчаю не было межаў, бо раптам аказалася, што школьная камсамольская арганізацыя амаль што несапраўдная, фікцыя. Яму, ідэалам для каго быў Паўка Карчагін, тут не было месца. Неяк вытрымаў, закончыў школу і паімчаў у сталіцу, паступіў у інстытут, стаў камсамольцам-актывістам. А праз нейкі час яму адкрылася: тая ж фіктыўнасць сапраўднасці, толькі на прыступку вышэй, больш завуаляваная. Ён спадзяваўся на партыю. І будучы яшчэ кандыдатам, амаль паверыў у тое, што тут - сапраўднае. Стаў камуністам. Яго імпэт і пыл, прыроднае пачуццё справядлівасці не засталося не заўважаным - і пачалася яго кар'ера партыйца, можа таму, што і такія людзі былі тады патрэбны партыі для толькі ёй вядомых мэтаў.
Ён ледзь перажыў той страшны тыдзень. Разам з другім сакратаром райкама яны вярталіся з партыўнага сходу ў калгасе, і сам ён, і другі сакратар добра выпілі. На яго вачах (бо сядзеў ён на пярэднім сядзенні аўтамабіля, якім кіраваў другі) адбылося забойства чалавека. Ён бачыў, што чалавек не быў вінаваты Але праз тыдзень яму стала вядома аб афіцыйнай версіі здарэння: п'яным быў пешаход, які проста ці не прыгнуў пад колы іх аўтамабіля. За што сам і пацярпеў…
…Ён пераехаў у другі раён - цешыў сябе надзеяй, што там людзі іншыя, а значыць іншая і партыйная арганізацыя. Хапіла і паўгода, каб раз уверыцца. Але нешта вырашыць ён не паспеў: тры дні жнівеньскіх падзей таго года не пакінулі ад партыі каменя на каменю. На гэты раз не сам ён прымаў пакутлівае рашэнне - яно дыктавалася неверагоднай, аглушальнай і асляпляючай колькасцю публікацый у часопісах і газетах, выступленнях на радыё і тэлебачанні.
Ён з асалодай мазахіста паліў у сваёй двухпакаёвай кватэры (атрымаў яе, дарэчы, толькі дзякуючы той партыі) свой партыйны білет, перакідваў з далоні на далонь ляніва гарэўшыя, смярдзючыя едкім дымам кавалачкі кардону.
Ён застаўся адзін. Кінуты людзьмі, жонкай - яны развяліся. Дзве дзяўчынкі-блізняты шчыра баяліся яго раней, бо добра запомнілі, што значыць быць справядлівымі: бацька прымушаў іх дзяліцца з усімі дзецьмі ў двары любымі прысмакамі, хоць драбніцай, але каб з усімі, аддаваць цацкі. І калі не слухаліся, караў - ставіў у кут. Таму развод для іх не стаў іх трагедыяй - гэта была вольніца. Цяпер пры выпадковай сустрэчы з ім дочкі імкнуліся перайсці на другі бок вуліцы.
Ён не крыўдаваў - ён свята верыў, што прыйдзе час, і ўсе да яго вернуцца, яго зразумеюць, і ў яго будуць прасіць прабачэння. А ён даруе.
Хутка ён быў ужо ў БНФе.
Радаваўся як дзіця - тут кажуць аб сацыяльнай справядлівасці, роўнасці, дэмакратыі. Пабыў на адным, другім, трэцім з'ездзе розных узроўняў. Яго пакрысе пачалі заўважаць і вылучаць. Неяк яму давялося папрысутнічаць і пры той унутрыпартыйнай акцыі, якую звычайна хаваюць ад лішніх вачэй: дзялілі спонсарскія грошы. Ён нечакана для сябе пабачыў, што дзеляць несправядліва. Для яго гэта было так брыдка, што ён ледзь не плакаў. Было відавочна, што калі між сабой дзеляць несправядліва, то народу ад такой партыі справядлівасці не дачакацца.
І ён выкінуў кавалачак скамечанага кардону, які замяняў у гэтай партыі білет. Такі і паліць не хацелася.
Захварэў, лёг у бальніцу. Там на яго натрапілі баптысты. Доўгімі вечарамі ён слухаў іх размовы і неяк пакрысе яго пераканалі, што вышэйшая справядлівасць ёсць Бог. Ён паверыў. Стаў хадзіць на маленні, праз год акунуўся з галавой у сцюдзёную (было халоднае надвор'е, дождж накрапваў) ваду возера - хрысціўся ў новую веру. Праз паўгода пасля яго хрышчэння іхняя група атрымала дабрачынны груз аднекуль з Аўстраліі. А пасля ён сустрэў свайго брата па веры, калі той прадаваў сваёй суседцы, не баптыстцы, дзіцячыя боцікі з той дабрачыннай кучы. Боцікаў у "брата" было многа - хто што дзеліць, той тое і мае…
Ён парваў з баптыстамі.
У праваслаўную царкву ісці не мог - яму столькі наказалі аб праваслаўі былыя яго браты, што храм ён імкнуўся абысці як мага далей. І хоць розум падказваў, што калі чалавек хлусіць у адным, можа схлусіць і ў другім, тым не менш яшчэ і паказная, на яго думку, блізкасць царквы і правячай улады адштурхвала яго ад васьміканцовага крыжа.
…Напачатку галіўся два разы на тыдзень, потым і зусім кінуў гэту справу, бо не было лішніх грошай, каб купіць лязо, а старыя адно неміласэрна дзерлі скуру. Спаў без пасцельнай бялізны, каб не абцяжарваць сябе мыццём. З тае ж прычыны і сам мяняў сваю ніжнюю бялізну толькі раз у месяц. Яго паўпустая кватэра стала начлежкай для бамжоў. Ён пускаў усіх, лічачы гэта за тую самую вышэйшую справядлівасць - калі ёсць у цябе, падзяліся з другімі. Да яго сталі па начах збірацца тыя, каго жыццё даўно адкінула (ці самі яны збочылі) на самыя задворкі. Яны спалі на падлозе, на замызганай канапе, на яго ложку, а ён сам спаў на кухні.
Бамжы хутка вынеслі з хаты ўсе больш-менш каштоўныя рэчы, ды ён надта не крыўдаваў: у яго была кватэра, а ў іх нічога не было ўвогуле. Сам ён жыў з таго, што пасабляў некалькім адзінокім гаспадыням па гаспадарцы. Яго кармілі, іншы раз за нейкую работу давалі і грошы. На грошы ён звычайна набіраў макарона і хлеба, якія вельмі хутка з'ядаліся яго гасцямі.
У кватэры заставаўся стары чорна-белы тэлевізар - ён не мог абыходзіцца без тэлевізійных навін, у гарадской бібліятэцы праседжваў у нядзелю гадзін пяць-шэсць, пакуль перачытваў усе газеты, што прыходзілі ў чытальную залу.
З тыдня ў тыдзень ён рабіўся ўсё больш хмурым. Калі чытаў газеты, яго барада дробна трэслася, вочы вільгатнелі. Яму было вельмі цяжка: столькі балючага для яго друкавалася на газетных старонках!
Звычайна пасля чытальнай залы ён ішоў да адной ужо добра знаёмай старой. Яна не пыталася асабліва ні аб чым, ставіла на стол паўбутэлькі гарэлкі, агуркі, наразала некалькі скрылікаў сала, хлеб. Ён моўчкі сядаў за стол, выпіваў, еў. Пасля пытаўся, што заўтра трэба зрабіць і ішоў блукаць і думаць.
Увесь час ён думаў аб адным і тым жа - ён хацеў адшукаць першапрычыну несправядлівасці. Бо доўга паразважаўшы, ён прыйшоў да простай высновы: каб грамадства стала справядлівым, трэба ўсяго толькі добра пашукаць і знайсці прычыну існуючай несправядлівасці. А знайшоўшы - ліквідаваць.
Галоўным цяпер было адно: адшукаць прычыну. Ён прааналізаваў сотні дзве знаёмых прозвішчаў, чарціў-вычэрчваў графікі і табліцы на кавалках шпалераў, рулон якіх застаўся валяцца ў шкапіку ад некалішняга даўняга рамонту.
Што? Што чалавек лічыць за тое галоўнае для свайго дабрабыту, дзеля чаго прадасць і купіць сябе і сваё сумленне? Дзе тая вышыня, на якую караскаюцца ўсе? І што на той вышыні?
І ён яе знайшоў - тую вышыню.
Гэта быў аўтамабіль - усё геніяльнае заўсёды простае.
Аўтамабіль - гэтае жалеза на колах, якое стала сапраўднай вышынёй, 100-працэнтным паказчыкам заможнасці, сімвалам і сцягам вышэйшай прыступкі дабрабыту.
А цяпер, у гэты вераломны час, трэба было толькі суаднесці аўтамабіль чалавека, яго становішча ў грамадстве, яго сапраўдныя заробкі і яго сумленне.
Аўтамабіль... Ён мяняецца, бы той хамелеон, ён хітры бы ліс - ён і невялікі, дзяшовы, і страшэнна дарагі, бы той поезд, вялізны. Я расту - крычыць ён, і ты расці - крычыць чалавеку, расці ў сваім жаданні, у сваёй прагнасці, у сваёй смазе удыхнуць пах майго смуроду... Аўтамабіль.
У наступны тыдзень ён першы раз за некалькі апошніх месяцаў не пусціў начаваць у кватэру бамжоў. За заробленыя грошы купляў толькі хлеб, астатнія збіраў. У суботу набыў 5 літраў дызпаліва.
У ноч з нядзелі на панядзелак ён падпаліў у розных канцах горада дзве, на яго погляд, новыя і дарагія іншамаркі.
Гэта выклікала такі рэзананс у іх невялікім гарадку, што ён аж спалохаўся напачатку. Але прайшоў дзень, другі, па яго ніхто не прыходзіў, яго нікуды не выклікалі, і ён супакоіўся. Толькі вырашыў быць больш асцярожным. Блукаў па горадзе, шукаў і адзначаў месцы, дзе паркуюцца на ноч дарагія аўтамабілі, збіраў-падлічваў грошы. У наступную суботнюю ноч ён падпаліў яшчэ адзін аўтамабіль.
Прадаў на запчасткі тэлевізар знаёмаму тэлемайстру, яшчэ у двух знаёмых, старых сяброў, пазычыў крыху грошай. А потым з імпэтам, з задавальненнем узяўся наводзіць парадак у сваёй кватэры. Два дні мыў, адціраў, выносіў смецце. Бяліў і зноў мыў, клеіў дзяшовыя шпалеры, якія амаль за так яму аддалі на рынку - не было на іх пакупніка. Шчыраваў апантана тыдзень, потым схадзіў у гарадскую лазню, доўга плёхаўся пасля парылкі ў басейне. Расчырванелы, спакойны і ўпэўнены ў сабе сядзеў з гадзіну ў раздзявалцы, выпіў там нетаропка, сцяпенна дзве бутэлькі піва.
У наступны тыдзень ён ужо хадзіў на самую сапраўдную працу - уладкаваўся ў будаўнічую арганізацыю, па вечарах варыў сабе суп, мыў бялізну, прасаваў. У чытальную залу ён хадзіць перастаў, затое наведваўся ў бібліятэку - яго зацікавілі дэтэктывы і прыгоды.Чытаў вольнымі вечарамі, нікуды больш асабліва не выходзячы, не пускаючы да сябе былых сяброў-бамжоў.
Аўтамабілі падпальваць ён больш не планаваў, зразумеў, што гэта надта нязвыкла, надта ўжо многа размоў было, ды і, падазраваў, дарагія аўтамабілі цяпер пачалі ахоўваць, хоць і не ўсюды. Ён знайшоў другое выйсце - падпаліў быў масіў часовых гаражоў за горадам. Справа удалася добра - як ён даведаўся, згарэла каля дзесятка аўтамабіляў.
Праз месяц ў горадзе яго сустрэла, быццам выпадкова, былая жонка. Пагутарылі крыху, назаўтра зноў нечакана для яго сустрэліся, яна нават зайшла на паўгадзіну ў сваю былую кватэру ("хачу паглядзець, як ты жывеш"), і ён нават смела прапанаваў ёй чаю. І яны пілі чай. Яшчэ праз месяц яны зноў жылі ўжо разам.
Ён стаў спакойным, гаспадарлівым мужчынам, неблагім каханкам для жонкі, уважлівым і ласкавым бацькам. Яна радавалася і ганарылася сабой, што вось, навучыла, перавыхавала тым, што аднойчы ад яго пайшла. Калі яна была ў начную змену (яна працавала медсястрой у бальніцы), ён укладваў дзяцей спаць, спускаўся ў падвал, даставаў просты напільнік. Просты, ды не просты - канец яго ён стачыў і адмыслова завастрыў. Ён цяпер не падпальваў машыны. Паступаў прасцей і бяспечней: ідзеш сабе міма нейкай (загадзя намечанай) іншамаркі, асцярожна выстаўляеш убок руку, злёгку прыціскаеш. І на бліскучай паверхні застаецца доўгая глыбокая драпіна. Такая, што не зафарбуеш.
Галоўнае, ён рашыў, не нішчыць, галоўнае - зрабіць ім балюча - яму, аўтамабілю, яму, уладальніку. Востры рэжучы гук метала па металу гучаў у яго сэрцы салодкай нотой. Ён нібыта чуй, як сціскаецца ад болю гэтая бліскучая пачвара на колах, прадбачваў, маляваў у думках роспач і адчай гаспадара, што ранкам пабачыць такую глыбокую, роўную, доўгую драпіну на баку аўтамабіля, і яна стане для яго як сапраўдная рэзаная рана на сваім целе...
Дастаткова паказаць ім, уладальнікам, што ёсць такая сіла, якая не дасць ім спакою - цверда ўпэўніў ён сябе.
За год іх сумеснага пасля разводу жыцця ён не дазваляў сабе лаянак, крыку, брыдкаслоўя. Выпіваў калі толькі піва, і тое - ў выхадныя. Перайшоў на другую працу, дабавілася грошай у сям'ю.
Увогуле, ён зрабіўся вельмі спакойным, ураўнаважаным, паважлівым і дастаткова дасціпным чалавекам. Такім, якім можа стаць толькі той, які ведае дзеля чаго жыве.
А ён ведаў - дзеля чаго. Бо машын у горадзе яшчэ заставалася шмат…