|
ВОСЕНЬСКІЯ РУЖЫ
Ужо вывеў апошні выкрут свайго роспісу, калі позірк ледзь-ледзь
скокнуў уніз. І там, на краёчку другой ведамасці, што выглядваў з-пад
верхняга ліста, не прачытаў - схапіў адным узмахам вейкі кароткі, як
стрэл, радок: Шкут І. В. Шкут… Ірына Віктараўна?.. Ірынка… Шкуця…
- Грошы бяры! Заснуў ад радасці?
- А то не! У інжынерах столькі атрымаць не марыў!
Васіль згроб пругкія пачкі новенькіх "зайцоў", "баброў"
і "рысяў", і яго тут жа выпхнулі на волю с цеснага, прапахлага гарачым
маслам нутра чаргі. Рушыў да курылкі і там, ледзь прыпаліўшы цыгарэту,
кінуў яе. Праз некалькі хвілін ён атрымаў у аддзеле кадраў усе неабходныя
яму даныя.
Так, гэта яна, Шкут Ірына Віктараўна. Год таму прыйшла
на завод. Маці-адзіночка. Жыве ў інтэрнаце. Дачушцы яе чатыры годзікі.
…На вуліцы вісела макрэдзь. Твару было зябка, макрэча халадзіла
шыю, але ісці вось так, штоімгненна кранаючыся тварам мокрай павуціны
драбнютнага дажджу, было прыемна. Ён як жаніўся, зразумеў, што гэта
прыемна - збіраць на твары кроплі, халадзіць да густой чырвані пальцы
рук. І прыйсці такім дадому. Там хутка, прыскокваючы на адной назе,
перапрануцца ў сухое, а чайнік ужо хутка пусціць струмень пары. Потым
абхапіць, доўга трымаць у далонях гарачы кубачак з кавай, удыхаць гаркавы
водар, піць маленькімі глыточкамі і паглядваць на сляслізы твар аконнай
шыбы.
…Шыбануў у ноздры непрыемны, востры пах нямытага чалавечага
цела. Значыць, Надзея дома. Так заўсёды пахла ў кватэры першыя гадзіны
яе вяртання з вандровак у Польшчу і Расію.
Жонка сядзела на кухні ў сваім дарожным адзенні - спартыўных
штанах і тоўстым світэры, скінуўшы куртку пад стол. Чапляла відэльцам
прама з распатрошанай бляшанкі кавалкі вяндліны з густым белым тлушчам,
жавала без смаку і задавальнення. Васіь павітаўся. Надзея кіўнула разяўленым
ротам. Пракаўтнула.
- Што, напрацаваўся? Работнічак…
- Я вось зарплату атрымаў, - Васіль стаў выкладаць на стол
грошы.
- У туалет вунь з імі схадзі. Во грошы, - Надзея палезла
глыбока знізу ўверх пад світэр, выцягнула бліскучы ад поту, перахоплены
чорнай гумкай тоненькі скрутак долараў. - Я за іх нямытая па тыдню езджу,
а ты тут - у цяпле, кава, тэлевізар, канапа - сто "зайцоў" зарабіў.
- Я не магу і не хачу ездзіць па рынках, - ціха адазваўся
Васіль.
- А тэлевізар імпартны глядзець любіш? А на канапе мяккай
паляжаць? А каву папіць?! - Надзея на апошняй фразе перайшла на крык.
- Гатовае табе давай!
- Жывуць людзі і без гэтых паездак, - прымірэнча загаварыў
Васіль. - Годзе ўжо табе ездзіць. У нас жа ўсё ёсць…
- Гэта у мяне ёсць! Я цябе апранула і абула! Каб не штурхала
ў каршэнь, ты б дагэтуль інжынерам сабе на туалетную паперу адно і зарабляў
бы!
- Ну, ты ўсё робіш… Ды хіба ў грашах гэтых справа? Цягнеш
сюды, цягнеш, а хата… пустая. Сумна ў нашай кватэры.
- У маёй кватэры! Усё тут маё! І годзе мне цябе, лайдака,
песціць. Праз тыдзень у Растоў едзем. Я адна павінна сумкі па 40 кілаграмаў
цягаць?! Не паедзеш - вымятайся з кватэры! Усё! - як адсекла, моўчкі,
спакойна запрацавала відэльцам.
Васіль стаяў. Не распранаўся.
- Не трэ было аборт той рабіць, - сказаў задуменна. - Глядзіш,
чатыры б гады было нашаму…
- Жабракоў пладзіць?! На хлебе і вадзе, на ложку з казармы?!
Во табе! - Надзея тыркнула ў твар Васілю кукіш з бліскучым вялікім пальцам,
- бач, успомніў…
І раптам знік пакой, кватэра, жонка, востры пах, запэцканы
ў тлушч стол. Стала цёпла і цёмна. І ў гэтай лагоднай цемры прагучаў
пяшчотна ціхі голас: "Я нараджу табе дачушку…" Васіль адплюшчыў вочы,
і яго працяла ўсяго ад імклівай думкі. Чатыры гады… Тады, у апошні з
іх Ірынай дзень, калі ён сказаў, што жаніцца на Надзі і яна папрасіла
яго застацца апошні раз, і кахала пяшчотна да болю… Значыць у яго ёсць
дачушка… У яго ёсць дачушка!
- Не паеду!
Надзея здрыганулася ад рачушага выкрыку Васіля, здзіўлена
глянула.
- Пайшоў прэч, ануча! Інтэлігент вашывы! Пр-э-эч!
…Плошча была пустой, мокрай. Два кволыя ліхтары кідалі
на шэры бетон хваравітыя плямы жоўтага святла. Васіль ушоў да помніка
Леніну. Ён бачыў сёння там, на двух вузкіх градках, некалькі позніх
чырвоных восеньскіх ружаў. Яму не трэба многа.
Ён прынясе тры. Тры познія восеньскія ружы, як тры "Даруй".
За падманутае каханне. За сваю бязвольнасць. За цёплыя салёныя ручайкі
на гарачых шчоках у тую апошнюю іх ноч. Ён усё раскажа. Як быў баязлівым
і слабым. Як паманіла яго ўтульная кватэра з канапай, як вірлівая, зубастая
страсць Надзеі зацьміла ціхае, трапяткае каханне Ірыны. І яна даруе.
Яны стануць жыць разам, з маленькай дачушкай…
Васіль ірваў ружу за асклізлае сцябло, як побач па-свінячы
віскнулі тармазы, і строгі голас загадаў крышку насмешліва:
- Ну, хадзі, падвязем.
Ружа з пашкуматаным сцяблом выпала з рукі. Міліцыянер не
стаў чакаць, падыходзіў.
- Падымі, падымі кветку!
У "дзяжурцы" было накурана да сіняга, сыра, няўтульна.
- Ну, герой, - капітан міліцыі загаварыў да Васіля, - на
бутэльку зарабіць не можаш? Мала што з могілак кветкі збіраеце, дык
да адзінае клумбы палезлі?
- Не, не, што вы… Я… Мне не на бутэльку. У мяне, ведаеце,
такая справа…
Васіль вагаўся. Няўжо расказваць ім, чужым, насмешлівым
людзям аб сваіх памкненнях? Хіба яны зразумеюць? Ён адчайна шукаў выйсце,
і яно ўзнікла ў радку пратакола - лічбы падказалі, што сёння за дзень.
Крышачку, ледзь-ледзь агіднае выйсце, затое - пэўнае.
- Сёння юбілей у нас з жонкай, чатыры гады. Я на дзень
вяселля ёй заўсёды ружы купляў, а сёння - хоць плач, не знайшоў. А яна
ж так гэтых ружаў чакае…
Ледзь-ледзь агіднае напачатку пачуццё нечакана вырасла,
халоднае, коўзкае, яно запаланіла ўсё нутро, і стала брыдка, нясцерпна
брыдка…
Капітан паківаў галавой.
- Генчык, правер, ці праўда.
Дзяжурны некуды тэлефанаваў хвілін дзесяць, распытваў.
Потым павярнуўся да капітана:
- Праўду кажа.
Капітан узняўся, пакінуўшы на стуле мокрую пляму.
- Паехалі, падвязу. Мне ў твой бок. Мы з тваім шваграм
рыбачым разам. Ружы не забудзь.
Ехалі моўчкі. Дзесяць хвілін дарогі ў Васіля цвелілася
жаданне спыніць машыну, расказаць капітану праўду. Ён бы зразумеў, гэты
наскрозь прамоклы капітан. Каб толькі ён не сябраваў з братам Надзеі.
Надзея расчэсвала кароткія свае мокрыя валасы перад люстрам
у пярэдняй.
- Гэта… Ну, сёння ж наш маленькі юбілей. Чатыры гады, як
пажаніліся. Вось, ружы табе… У падарунак. - Васіль пракаўтнуў шурпаты
ком. - Мне тыдзень за свой кошт дадуць на заводзе. З'ездзім у Растоў.
…Кубачак кавы духмяна параваў у сціснутых далонях. Кроплі
рабілі на аконнай шыбе бліскучыя няроўныя дарожкі. Зусім як слёзы на
жаночым твары.
- Фу, якая дрэнь!
Васіль азірнуўся. Надзея глядзела на апушчаную кветкай
уніз ружу. Пры зыркім святле Васіль убачыў, што лісце руж, ніжнія пялёсткі
кветак былі пакрыты гнілой цвіллю. Толькі зверху кветка выглядала жывой,
трапяткой, шчырай…
Ружы Надзея выкінула праз фортку.
"Добра, што не панёс такія ружы да Ірыны", - думаў Васіль
засынаючы, прыткнуўшы нос да пульхнага жончынага пляча.
|