Непагадзь

Дождж ідзе й не ідзе. Нейкі мокры пыл вісіць у паветры, а вецер раз-пораз шпурляе ў твар халодныя пругкія хвалі, забівае макрэчу за каўнер, шкрабецца за расшпіленыя гузікі паліто. Твару Васіль не выцірае - дарэмна, праз колькі крокаў зноў павісне на носе казытлівая кропля, яшчэ праз крок вецер скіне яе на вусны, і тады адчуваецца прэсны, нават затхлелы смак. Рукі ў кішэнях, а тканіна набрыняла вільгаццю, і ў кішэнях мокра, рукам холадна і няўтульна. Карабок запалак у адной кішэні і пачка цыгарэт у другой сталі вільготнымі, згубілі прыемны сухі шоргат ад дотыку пальцаў.
Рэдкія прахожыя пад парасонам подбегам, не узнімаючы вачэй і бачачы толькі сустрэчныя ногі, разбочваюцца з Васілём. Ён сам ідзе нетаропка, не хаваецца халадэчы. Яму хочацца аскалець, азалець нават, адчуць, як пачне сцягвацца скура на спіне і грудзях, як пачнуць паколваць пальцы рук, і ногі праз які там час адчуюць непрыемную набрыняласць скураных чаравікаў.
І мокрыя галубы таксама нікуды не спяшаюцца. У нейкай безвыходнасці з закарэлым адчаем у згорбленых спінах яны тупаюць і тупаюць каля сметніка, безнадзейна тыкаючы раз-другі ў вадкі бруд кароткія дзюбы. Васілю робіцца яшчэ больш няўтульна і холадна на пустой ужо амаль вуліцы, калі ён глядзіць, як дрыготка пераступаюць птушыныя тонкія ружовыя лапкі ў стылай мешаніне вады і смецця. Яму шкада гэтых мокрых, усіх аднолькава шэрых птушак. Мо ён і сам чым цяпер падобны на іх: раскіданыя, мокрыя пасмы валасоў ліпнуць да ілба, мокрае паліто, чырвоны нос, брудныя чаравікі. Але ж…
О, галубы, вам і невядома, чаму не спяшаецца Васіль, чаму так нетаропка ідзе вунь да таго дома. Бо яго там чакае… Чакае такое, дзеля чаго можна, а то і трэба болей памёрзнуць, каб ярэчйшым-глыбейшым было адчуванне.
Ён зараз прыйдзе, націсне гузік званка. Войкне знарок спалохана, адчыніўшы дзверы, ягоная Волька, незласліва выгаварыць яго, сцягне мокрае паліто. Ён скіне чаравікі, а яна ўжо будзе трымаць перад ім сухі, духмяны ручнік, сухія і цёплыя спартыўныя штаны, вязаныя шкарпэткі. І пакуль ён будзе з асалодаю пераадзявацца ва ўсё сухое, пакуль вытра насуха сваю галаву, Волька згатуе кубачак кавы.
Ён возьме яго ў рукі, зацісне моцна ў далонях і будзе доўга трымаць так гэты маленькі гарачы камячок-агеньчык, саграваючы свае адубелыя пальцы і паглядваць за акно, дзе, здаецца, стане яшчэ халадней і макрэй.
О, галубы, хіба вядома вам такая асалода, хіба можаце вы такое зразумець - вярнуцца з непагадзі ў сваё невялікае гняздзечка, утульнае і цёплае, піць маленькімі глыточкамі каву, лавіць на сабе чулы пяшчотны позірк дарагой табе жанчыны, глядзець за акно, дзе сам яшчэ мок і калеў некалькі хвілін таму. О, галубы…
Яшчэ адзін паварот вуліцы, і паказваецца дом Васіля. І, нібыта апамятаўшыся, Васіль імкліва набаўляе крок. Шпарка абыходзіць калюжыны, глыбей уціскае галаву ў плечы. Ён робіцца падобным да ўсіх, каго нечаканая непагадзь захапіла на вуліцы. Подбегам спяшаецца ў свой пад'езд. Хутка, праз прыступкі, скочыць па лесвіцы.
Адрывіста дыхаючы і перацепліваючы плячыма ад непрыемнага казытання бягучых па спіне халодных кропляў, выцягвае з кішэні ключы. А ключы чапляюцца за тканіну ў кішэні, Васіль роспачна тузае іх, дрыжачымі пальцамі ўстаўляе ключ ў шчыліну, круціць злосна, як быццам яму хочацца не адамкнуць дзверы, а зламаць у шчыліне ключ…
Адзенне скідае са злоснай, незразумелай самому апантанасцю, шпурляе ўсё проста ў кут. Прыкрыя кроплі бягуць і бягуць з валасоў на спіну, Васіль тузае дзверцы шафы, хапае ручнік, той самы, які яму нядаўна падавала Волька.
Каму яна сёння падае ручнік?
Каму гатуе каву?
Ручнік ляціць туды, дзе ляжыць мокрае паліто, кашуля і штаны. З-пад гэтай кучы тоненькая нітка бруднага ручайка пацягнулася на кухню.
Васіль не гатуе каву. Так, як і быў, у адной бялізне, ён доўга сядзіць за сталом перад паўпустой бутэлькай гарэлкі. Чарговая шклянка пячэ нутро вадкім полымем, ад позіркаў за акно робіцца ўсё халадней, быццам і шкло гэтаму ветру з дажджом не перашкода. Васіль зашморгвае фіранку, уключае святло. Утульней крыху і крыху цяплей робіцца на кухні. Цяпер ужо і нутро адчувальна саграваецца ад наступнага глытку гарэлкі. Узмацняецца вецер, вые, скуголіць. Тоненька трымціць шыбіна.
"Трэба будзе прыбіць добра", думае-загадвае сабе Васіль. Цяжэе мокрая галава, немагчыма ўжо трымаць яе прама. Васіль засынае за сталом, паклаўшы галаву на складзеныя рукі.
Яму цёпла… Сніцца, што жонка зусім не пайшла ад яго, а толькі вось на нейкіх два тыдні паехала ў камандзіроўку. І прыехала вось цяпер і чакае за дзвярыма. Бо ў яе так закалелі пальцы, што і ключы яна выцягнуць не можа. А званочак жа Васіль сам зламаў незнарок у той самы дзень…
Васіль падхопліваецца. Нейкі час глядзіць на дзверы. Потым плюе адчайна на падлогу, лае сябе ў думках. Рука сама цягнецца да бутэлькі з рэшткамі гарэлкі. Вадкасць бязгучна ліецца ў шклянку, і ў поўнай цішыні ў кватэры чуецца прыглушаны стук у дзверы.
Васіль уздрыгвае. Шклянка куляецца, празрысты ручаёк спяшаецца са стала на падлогу, бяжыць далей, каб зліцца з тым брудным ручаём, што дацягнуўся сюды з-пад кучы мокрай вопраткі.
Васіль ідзе адчыняць, каля самых дзвярэй міжволі аглядвае сябе - ён так і застаўся ў бялізне. Махае рукой, бярэцца за зашчэпку.
Рукі не трымцяць, за іх шалёна калоціцца сэрца. Васіль не ведае, хто там, за дзвярыма.
Але ж у Волькі могуць закалець пальцы…
На вуліцы ж - такая халадэча!..