Марам уласціва здзяйсняцца

- Тут можна з краечку каля вас? О, дзякуй. А то ад гэтага чакання апетыт разгуляўся і смага воўчая. Апетыт, кажаце, воўчы? Не-е, у ваўка не апетыт. У яго смага крыві! Страўнік патрабуе мяса, а душа воўчая - крыві цёплай. Калі б не праг­нула душа яго крыві, стаў бы воўк падлу шукаць... Добрае піва, не паспела яшчэ вады бухнуць...А вы які чакаеце? О, на гэты білеты заўжды з-пад палы. Мараце на мора папасці? Хіба ж гэта мара - мора? Мару сваю запаветную не кожны чалавек ведае. Яна глыбока ў душы жыве. Толькі падштурхвае нас рознымі жаданнямі да свайго здзяйсненння. Як прага да крыві штурхае ваўка на забойства буркатаннем у страўніку.
Мара, мара... І я некалі думаў, што мая запаветная мара - намаляваць такую карціну, каб... каб стала яна яна другой Монай Лізай! Чым не мара, пытаеце? А вось я вам раскажу зараз, як здзейснілася мая запаветная мара. Сапраўдная, тая, што ў душы выспявала, а не ў галаве.
Здольнасць да малявання у мяне яшчэ ў дзяцінстве выявілася. То ўжо не раздумваючы, у мастацкае вучылішча паступаў. Стаў мастаком-афрміцелем, афішы ў кінатэатры маляваў. Для сябе калі на прыроду выеду, пейзажык накідаю, у па­коі інтэрнацкім нешта пакрэмзаю. Ды якое там маляванне, калі віруе вакол жыццё халасцякае!? Чакаю кватэру і мару: вось некалі будзе ў мяне ў адным пакоі сапраўдная майстэрня, вось памалюю!
Ды жыццё свае карэктывы ўносіць. Жаніўся. Знялі пакой­чык, першы год цешыліся: на канцэрт, на рэчку, на мора, на спектакль, на выставу, у рэстаран... Не да малявання было. Пілі смачнае, елі сытнае. А тут неяк непрыкметна дачка нарадзілася. І закруціла, зацугліла нас жыццё на доўгія гады!
Свайго вугла не было, то перш-наперш аб кватэры думаць пачалі, капейкі збіраць. Вясна для мяне - пасадка бульбы ў цешчы, лета - абгорванне ды праполка, восень - капанне. Разагнеш спіну, пройдуць кругі перад вачыма, згледзіш: у далечыні бярозкі золатам высвечваюць, павуціна пожню срэбрам спавіла... Эх, намаляваць бы гэтую прыгажосць! Ды фарбы даўно высахлі. Адно гуаш для плакатаў засталася. Бо водпуск у мяне ўзімку, каб па калгасах гойсаць, наглядную агітацыю рабіць. Вось і маляваў замест залатых бярозавых пералескаў ружавашчокіх даярак, сытых парсючкоў, стылізаваныя каласы ды выпісваў літары абавязацельстваў. Назбіралася на кватэру...
Перадыхнуць бы, але ж мэбля трэба новая, тэлевізар каляровы. У 7 гадзін з дому іду, у 10 вяртаюся...
Памятаю, неяк прыйшоў, а ў крэсле мая пяцігадовая дачушка спіць. Валосікі русыя растрапаліся, усмешка па тварыку гуляе. Дзе там мая стома падзелася, схапіў аловак, паперу і за 20 хвілін такі ў мяне партрэт атрымаўся!.. А жонка мая за той партрэт ды ў садок дзіцячы занесла, іншым матулям паказала. Вось у мяне ўжо і першы заказ. Алейныя фарбы, рамка багетная і грошыкі добрыя. Яшчэ заказ, яшчэ...
Збіраем грошы на машыну. А яшчэ участак дачны ўзялі. Ну, мару, тут, на дачы, я ўжо сабе майстэрню зраблю. Водпуск як вазьму ўлетку, прыеду і нічога рабіць не буду, адно - маля­ваць... Ага, праўду кажаце, памалюеш на дачы! Хлеўчык толькі і зрабіў, каб было куды рыдлёўкі паставіць. Нашыя дачы - дабраахвотная катарга і не болей...
На ўсё часу не хапала дый годзе! Ні газету пачытаць, ні тэлевізар глянуць, не тое што маляваць нешта, на выставу схадзіць ці ў тэатр. Вось на свята якое прыйдуць сябры-суседзі, арганізум застолле, "адарвемся" па поўнай праграме, п'ем да ночы, глоткі ў спрэчках дзярэм, спяваем. Такія застоллі і заставаліся адзінай нашай уцехай і спосабам развеяцца ды зрабіць спробу хоць на паўдня вырвацца з таго ланцуга, у які самі сябе закавалі. На сённяшні розум гэтыя п'янкі былі ўсяго толькі дадатковым звяном таго ланцуга...
От, тады я і вырашыў - адпачыць! Вось мара мая запаветная. Цэлы месяц каб без анічога: без кватэры, без дачы, без работы, без сям'і, без думаў аб грашах і хлебе. Толькі фарба і папера! Во замахнуўся... Для такога праекту трэба былі грошы. І пачаў я іх употай збіраць. За месяц два чырвонцы, за год 250, за чатыры - тысяча! Года за годам ідзе,а ў маім сутарэнні ў схованцы рублік да рубліка кладзецца. Вып'ю куфаль піва, а жонцы скажу - два, скуру пачак цыгарэт, скажу - дзве...
Машыну купілі. Лацвей з ёй на дачы ўпраўляцца, мне дзе капейка перападзе, глядзіш - нейкую будыніну я на дачы паставіў. Гарышча ёмкае, якраз пад майстэрню, але няма часу і грошай на гэта - дачка вырасла! Вучыцца ёй трэба, замуж засабіралася, зноў пра грошы думай. Вяселле справілі, з даўгоў выкараскаліся, пачалі аб кватэры для маладых думаць, потым - аб мэблі ў гэтую кватэру, а там і сабе трэба новую, а старую на дачу...
І вось настае раптоўна дзень, калі мне... няма чаго рабіць! Усё ўжо ёсць. Хадзі куды хочаш- хоць у цырк, хоць у кіно. Ды няма жадання. Вось на канапе разлегчыся, новы каляровы тэлевізар уключыць і драмаць сабе. Так і перазімаваў.
Стукнула мне 47. Лета ў сілу ўвабралася, палез я ў сваю схованку, ў сутарэнее. Палічыў грошы... О-о-о, адпачну на ўсю катушку!
Пуцёўку дэфіцытную дастаў, на Ісык-Куль паехаў. Вада ў тым возеры празрыстая, стаіш на дне, і відаць, як пальцамі ног варушыш. Горы кругом... Прыгажосць! Я напачатку колькі дзён у рэстаране расслабляўся пасля столькіх гадоў зацугляных. Еў, што хацеў, піў, колькі мог. Да абеду спаў, пасля абеду - на возера... Не малявалася аніяк, адлажыў алоўкі. Паспею.
З барменам адным сышоўся. Кажу, грошы маю, хачу так адпачыць, каб на ўсё жыццё запомнілася, каб быў адпачынак за ўсе мае праклятыя гады. Пачаў мне бармен адпачынак ладзіць па сваёй праграме. Шашлыкі ў гарах, каньяк ручаём, горная рэчка, жанчыны з доўгімі нагамі, і я сам - цар, бог і герой. Мой капрыз - іх абавязак. О, што адлюстроўвала вада той рэчкі! Успамінаць сорам, камяні там чырванелі. Дзень сплю, ноччу распуста дзікунская, звярыныя ўцехі да страты ўсяго чалавечага...
Але мала! Прагне яшчэ душа нечага. Кажу бармену- царом быў, богам быў, хачу мужчынам пабыць. Каб не грошы, а сіла мая мужская мне асалоду прынесла. Прыеліся спектаклі з прастытуткамі. Кажуць людзі, што у гарах і цноту купіць можна...
Глянуў на мяне бармен. Можна такое купіць, кажа. Дорага будзе каштаваць і грошы напярод. Бацькі дзяўчат так патрабуюць.
Дамовіліся.
Праз тры дні завез мяне бармен у горы. Доўга ехалі, спусціліся ў даліну, стаіць нейкі хлеўчык, перад ім машына легкавая. Сустрэлі нас трое дзецюкоў, выпілі мы добра. Яны мне і кажуць: " Ну, спрабуй ідзі свой спрыт, ды глядзі, бо кусаецца. Кіпцюры то мы паабрэзвалі, а зубы ж не павыбіваеш".
Што тут далей казаць? У хлеўчыку было дзяўчо, год 15, кіргізка ці уйгурка. Адчай і страх ёй моцы давалі, але куды ёй было супраць дарослага мужчыны! Згвалтаваў я яе. Сілаў у яе не хапала, а усё імкнулася кулачком, пасінелым ад напружання, мне ў твар стукнуць. І я яе біў. Па твары, па галаве. Каб слухалася мяне, каб скарылася, бо я купіў яе, яе цноту. Права на тое маю...
У тым хлеўчыку я сябе ўладаром адчуў.
Дзень я спаў. А вечарам засабіраўся дадому - апанавала мяне пустэча. Скідваў рэчы ў торбу і напароўся на фарбы. Памаляваў...
Вось і здзейснілася мара ідыёта! Выспявала яна ў маёй душы гэтулькі год, выспела. Да чарнаты выспела! Вось якой яна была: стаць уладаром. Уладаром свайго часу, грошай, абставінаў, другога чалавека. Бо ўсе гады я быў рабом: часу, грошай, абставінаў. Рабом жыцця. Не я ім кіраваў,а яно мной. Надарыўся вось момант, сеў я сам за руль, а куды ехаць? Паперла мяне ў самую багну. Не бачыў я другой дарогі і не хацеў бачыць. І не было побач нікога, хто б спыніў, ці хоць падказаў. А мне і добра. Я тут нешта раблю - то не я раблю. Гэта другі робіць, якога там, у тым жыцці, ніхто не ведае, яго там няма, там зусім другі жыве... Тут, удалечыні ад тых, хто мяне ведаў, і каго я ведаў, душа мая вывернулася навыварат. Ніхто ёй не замінаў. А ты вось ведаеш, што на дне тваёй душы? А я, выходзіць, не зусім ведаў…
Я вось пра што думаю. От, недзе там у Бібліі запісана, маўляў, калі ў думках з жанчынай пабыў, то для Бога ўсё адно што і на самой справе пабыў. А сярод нас людзей, не так. Не судзяць жа ў нас за тое, што хацеў зрабіць, ды не зрабіў. Тады граху няма. А калі ты зрабіў, ды ніхто не ведае, акрамя цябе? Хіба гэта не тое ж самае, што і ў думках зрабіць? Для Бога ж розніцы няма: падумаў ці на самай справе. То і для людзей няхай так будзе, як яны жадаюць: судзяць за тое, на чым папаўся, а не за тое, што зрабіў. Сам з сабой неяк справы ўладкуеш, дамовішся з сумленнем, калі яно там ёсць... Ты не адварочвайся ад мяне… Ты сваю душу выверні, трасяні: думаеш, мала пылу ды смецця паляціць? От, бачыш вунь тых дзвюх? А вунь тых? А хіба б не захацеў ты над імі на адну ноч поўную ўладу атрымаць? Не хацеў бы? Га, а калі б умова такая, што яны… ну, назаўтра б нічога не помнілі, і толькі ты адзін ведаў, што той ноччу з імі вырабляў, што ім загадваў? Жонкі, кажаш хапае… Добра, няхай хапае, гэтага і трымайся…
А мне не хапіла.
…Не, не намаляваў я карціну. І не намалюю. Бо даўно была такой мара, ды перарадзілася...
Піва цёплае, халера... Давай-ка лепш па беленькай вып'ем, пакуль мой цягнік не аб'явілі. Адно я табе скажу: асцярожней з марамі. Не любяць яны чакаць доўга. А мінецца час, то хай бы лепш і не здзяйсняліся мары нашы запаветныя...