|
Казка-версія аб Голай Праўдзе
Пасля праклятай ночы нешчаслівым ранкам забытага людзьмі дня нарадзілася Голая Праўда. Расы сцюдзёнай папіла, туманам спавілася ды рушыла ў свет гаспадара шукаць. Хадзіла, ногі прытаміла, дзіця сустрэла. - Я - Праўда. Давай з табой жыць. Дзіця пальцам у носе пакалупала. - Не-а. Мама абяцала цукерыкаў прынесці, а я малако разліў. Скажу праўду - не будзе цукерыкаў. А падману, то хіба што Мурзіку-кату матузамі пападзе... Пайшла далей Голая Праўда. Па густым лесе ішла, на будан напаролася, закаханых у тым будане ўгледзела. - Я - Голая Праўда. З кім мне яшчэ, як не з вамі жыць? Адарваліся ад пацалункаў Закаханыя. - Мы адзін адно сустрэлі і такімі да сэрца прынялі. Што ў кожнага з нас да гэтай сустрэчы - не жадаем ведаць. Не, нам з табой у будане раю не будзе... Доўга блукала Голая Праўда па лесе, прыбілася нарэшце да вёскі. Убачыла ў полі Селяніна. - Ты, Селянін, з мазаля жывеш, з хлеба на ваду перабіваешся, шчыруеш з сонейкам разам. Давай разам жыць. Пачухаў Селянін патыліцу. - Яно-то разам заўсёды лацвей. От, мне сёння прыцемкамі на поле калгаснае ісці трэба. Разумееш, бульбы клін калгас пакінуў, усё роўна прападзе, змерзне. Хадзем разам, га? - Не, не магу я, - разгубілася Голая Праўда. - Нельга чужое... - Э-хе, я і сам ведаю, што нельга. Але ж прападзе! А дазволіць старшыня не можа, бо адрапартаваўся ўжо ў раён, што ўсе ўбраў... Засмуцілася Голая Праўда, павалаклася прэч. Доўга брыла, да горада, змарнелая, даклыпала. А насустрач - Рабочы. - Вазьмі мяне з сабой ! - папрасілася Голая Праўда. - Што табе губляць, акрамя сваіх ланцугоў? "Прыміну" Рабочы засмаліў, выдыхнуў дым цыгарэтны: - Мяне гэтыя ланцугі да работы трымаюць. Якая ні ёсць, а капейка. Налева, панімаеш, крутнешся, прыварак ёсць. А з табой хіба пакруцішся? ...Ідзе Голая Праўда па горадзе, ледзь ногі збітыя перастаўляе. Раскудлаціліся валасы, на руках драпіны, на грудзях кроплі поту брудныя дарожкі пакінулі. Бачыць Праўда - райкам партыі. Прыйшла яна да Бальшавіка. - Я - Голая Праўда. Вам, бальшавікам, без мяне ж аніяк нельга! Бальшавік кабуру маузера паціху раскрыў, руку на рукаятку пісталета паклаў. - Тое, што ты голая - факт. А праўда ў нас свая ёсць - бальшавіцкая. Ета тожа факт. А што ты за фрукт, мы праверым. Чаму голая па горадзе ходзіш, распусту разводзіш? Нам твае спакусніцкія пукатасці не трэба, факт. Падазроны ты, аб'ект. Няйначай, агент міравой буржуазіі... Доўга Голую Праўду правяралі на прадмет яе ўдзелу ў контррэвалюцыі. Выпусцілі, жоўты білет далі. Адчаілася, змарнела зусім Голая Праўда. Падказалі ёй, што ёсць адзін чалавек, які часта яе, Праўду, успамінае, да яе завочна звяртаецца. Палітык ён. Вось і пацягнулася да яго Голая Праўда. Палітык рукі свае ліпкія аб крысы пінжака ацёр, доўга Голай Праўдзе руку трос. - Нам з табой да канца ісці, - кажа ён. - Ты, галоўнае, мяне слухайся. Калі трэба - гавары, калі трэба - маўчы. Палітыка - справа тонкая. Тут хітрасць трэба! - вучыць ён Голую праўду. - Не ўмею я хітрыць. І маўчаць не магу, калі казаць трэба. Я ж - Голая Праўда... - адказала тая і павалаклася далей. Нарэшце адважылася голая Праўда, да Вялікага Начальніка на прыём запісалася. - Згодзен са мной жыць? - пытае яна. Вялікі Начальнік у крэсле адкінуўся, акуляры зняў, шкельцы працёр. - Ведаеш, сябра ў мяне даўні, колькі мы з ім юшкі паварылі, колькі гарэлкі перапілі... Вось ён, дурачок гэткі, аўтамабілем сваім чалавека збіў. Той не ўваскрэсне, то навошта гэтага ў турму садзіць? Добры ж чалавек... Мо прыйдзі апасля, як пайду на пенсію. Мемуары пісаць будзем... - Не прыйду, - адказала Голая Праўда. - Дажывай без мяне. І зноў блукала па вуліцах Голая Праўда непрыкаяная. Цемра ёй грудзі ад дасужых вачэй прыкрыла, дарога збітыя ў кроў ногі халадзіла. Згаладалася Голая Праўда. Агеньчыкі ў вокнах кватэр людскіх патухлі, ціха стала і глуха, бы ў бочцы. Глядзіць Голая Праўда - свеціцца адно вакенца ў густой цемры цёплым агеньчыкам, кліча... Пастукала Голая Праўда, зайшла. Сядзіць за сталом сярод папер чалавек ды адным пальцам па літары з пішучай машынкі твор выбівае - Журналіст. - Пусці хоць пагрэцца, - узмалілася Голая Праўда. - Не магу больш хадзіць, ногі да касцей сцёрла. - Чаму толькі пагрэцца? - Журналіст з-за стала ўзняўся, паперы на падлогу паскідаўшы. - Жыві ў мяне! - Я ж - Голая Праўда! - Ды я бачу, - махнуў рукой журналіст. - Вось я каву зараз згатую, ты - ў душ сходзіш, пыл дарожны абмыеш, а потым і пра жыццё пагаворым. Памылася Голая Праўда, сядзіць у крэсле, каву глыточкамі маленькімі п'е. Цёпла, утульна, лёгка, млявасць па целе і душы поўзае. - Мы з табой добра жыць зможам. Але вось аб чым я цябе папрасіць хачу, - кажа журналіст да Голай Праўды. - Я - мужчына малады, і ты - жанчына пекная, маладая. Мне нічога тлумачыць не трэба, але ж людзі пабачаць, пачнуць языкамі малоць, касавурыцца. Скажуць, у яго кватэры голая баба цэлы дзень сядзіць. Што тут зробіш, адсталы народ. Голую Праўду ад голай бабы ім яшчэ цяжка адрозніць. То ты б мо апранулася крыху? Для мяне... Голая Праўда за каву гарачую, за крэсла ўтульнае на такую дробязь адразу згадзілася. І засталася жыць Голая Праўда ў журналіста. Журналіст ёй, як жанчыне, убораў мноства пакупляў. Едуць яны ў вёску - Голая Праўда сукню даматканую апране, хустку павяжа, лапці абуе -стане Мужыцкай Праўдай. А то штаны з чаравікамі ды блузу з касынкай - і на завод Рабочай Праўдай завітае. Плашч чорны, скураны з рэвальверам - стане Праўдай бальшавіцкай, гальштук з кашуляй белай да касцюм строгі - вось і Афіцыйная Праўда. І палюбілі былую Голую Праўду, чакалі яе ў госці і Селянін з Палітыкам, і Рабочы з Начальнікам, і Закаханыя з Бальшавіком.
Няблага жывецца Праўдзе з Журналістам. А яшчэ, надараюцца часам такія
ночы, калі прыходзяць да Журналіста два-тры яго сябры. Яны ціхенька
закрываюцца на кухні, выпіваюць бутэльку-другую гарэлкі і тады клічуць
Праўду. Праўда распранаецца і ідзе за стол. І яны сядзяць там доўга-доўга
- Журналіст, яго сябры і між імі яна - Голая Праўда. Такая ж голая,
якой нарадзілася, якой блукала па свеце. У гэтыя ночы Голая Праўда
шчаслівая.
А жанчыне для шчасця і аднае ночы ў годзе хапае.
|