|
Баравікі
Быў ранак, субота.
- Глядзі, глядзі які! - яна бегла да яго з працягнутай рукой
і сціскала асцярожна за ножку вялікі, проста цудоўны баравік: крамяны,
з невыказна пяшчотнай рудаватай шапкай, пахучы.
- Табе шанцуе, - коратка, нават як след не глянуўшы на яе
знаходку, адказаў ён і зноў (ужо ў другі раз!) зірнуў на гадзіннік.
Яна спынілася. Паклала баравік у кошык. Можа ён так раздражнёны,
што не знайшоў ніводнага баравіка?
Ён зноў паглядзеў на гадзіннік…
Ён так неахвотна згадзіўся ехаць сюды, да цешчы, да дзяцей.
Учора яна выпадкова пабачыла яго, калі ён выходзіў з раённага вузла сувязі.
Хацела вечарам папытаць: што ён там рабіў, але спыніла сябе, калі перавешвала
яго пінжак са стула (вось такая ў яго звычка) на плечыкі ў шафу. Ва ўнутранай
кішэні адчула нешта пругкае. Яна ніколі не правярала яго кішэняў, цяпер
рука проста механічна сунулася ў кішэню, так, як яна правярала ўсё перад
тым, як мыць. Пашпарт… Навошта ён носіць з сабой пашпарт? Чаму ён заходзіў
на пошту?
І раптам памяць выхапіла з забыцця: месяц таму, калі яна
шукала нейкую паперыну, ў скрыначцы, дзе захоўваліся ўсе іх дакументы:
пашпарты, пасведчанне аб шлюбу, метрыкі дзяцей, яна не пабачыла яго пашпарту.
Тады наватр не звярнула на гэта ўвагі. І гэта было…
Гэта было праз тры дні, як ён вярнуўся з санаторыя.
Калі ў цябе ў кішэні пашпарт і ты ідзеш на вузел сувязі,
значыць, ты хочаш нешта атрымаць. Пенсію. Пасылку. Ці…пісьмо да запатрабавання.
Яна ўспомніла, якім ён быў учора: узбуджаны, ненатуральна
вясёлы. А то раптам замаўкаў. Збіраўся ў вёску, а ўсё, нібыта з жалем,
успамінаў аб рабоце: мноства неадкладных спраў.
…Яна не вытрымала:
- Нешта не так? То ты скажы?
Ён ледзь прыкметна ўздрыгнуў, але з відавочнай палёгкай,
што яна пачала першай гаворку на гэту тэму, загаварыў:
- Ну, ты ж разумееш, што ў мяне за работа! А я не паспеў
зрабіць важныя справы. Хацеў вось пасядзець у выхадныя, то ты з грыбамі
прычапілася…
- Я не з грыбамі прычапілася, а з дзецьмі. Два тыдні іх не
бачылі…
- Ды разумею я! - выкрыкнуў ён. - Але ж работа…
- Дык што - паедзем? - яна паставіла свой, напалову запоўнены
грыбамі кошык на зямлю.
- Ага! Давай! - з выклікам адазваўся ён. - Прыехалі на паўдня!..
- Дык што ты прапаноўваеш?
- Нічога! Ты ведала, што ў мяне спраў па горла, але цягнула,
- пакрыўджана адказаў ён.
Нешта унутры яе абарвалася, ўпала, і стала пуста і вусцішна
на душы.
- Тады едзь адзін. Я буду збіраць баравікі. Мне сёння шанцуе.
- То… На мае гэтыя грыбы, збірай яшчэ, а я паеду, - заспяшаўся
раптоўна ён.
Яна не пярэчыла. І ён пайшоў, ці не подбегам. І зноў зірнуў
на гадзіннік
Быў ранак, нядзеля.
Яна разумела, што так нельга рабіць выхаванай жанчыне. Што
трэба ехаць вечарам. Але было нешта, што мацней за яе розум. І яна паехала
ранкам.
Зайшла ў пустую кватэру. Думала, што ён спіць. Не, яго не
было. І як звер адчувае былую прысутнасць чалавека, так яна, жанчына,
адчула ў сваёй кватэры былую прысутнасць чужой жанчыны.
Тонкі, ледзь улоўны пах чужой парфумы.
Змятая бялізна на ложку. Іх ложку…
Доўгі чорны волас на падушцы.
А ў яе светлыя валасы. Нават не фарбаваныя.
Шчоўкнуў замок.
Ён зайшоў у спальню, маўчаў.
Яна таксама маўчала. Дзіўна, але і слёз не было. Усё выглядала
будзённым, звычайным…
Яны стаялі перад сваім ложкам, як перад труной.
- Мне вельмі шкада, што я не знайшоў учора ранкам ніводнага
баравіка, - перасохшым голасам прамовіў ён. - Хоць бы адзін баравік…
Яна маўчала, гледзячы на чужы волас, што чорнай змяёй выцягваўся
на белай навалачцы.
- Каб хоць адзін баравік… Я б шукаў далей, - зноў сказаў
ён. І нечакана дадаў: - Я паеду.
- Куды? - механічна спытала яна.
- Шукаць баравікі, - адказаў ён ужо ад парога.
Яна заплакала.
|