Пакаянны артыкул

У яго быў зусім невялікі рост, проста крыўдны для мужчыны - у свой перадпенсійны ўзрост ён нагадвае хлапчука. У свой час перажываў да слёз, што яго могуць не ўзяць у армію. Узялі. Адслужыў. Яшчэ ў арміі ўступіў у партыю. З партыяй была звязана ўся яго кар'ера і жыццё - пачынаў агітатарам, скончыў інструктарам райкама. Дабразычлівы, вясёлы, рухавы, як капелька ртуці, ён выклікаў у людзей сімпатыю да сябе яшчы і сваім ростам - такі маленькі не мог пакрыўдзіць. Пісаў за сакратароў парткамаў іх выступленні на нарадах, дапамагаў складаць пратаколы неіснуючых сходаў, карацей, дасканала ведаў усю партыйную кухню. Але лічыў сябе чэсным. І праўда, упікаць яго ў подласці, ілжы, уладнасці, славалюбстве ніхто, як быццам, і не мог. Потым стаў друкавацца ў раённай газеце - любіў пісаць ды яшчэ і пасада таго патрабавала: публічных выступленняў і заклікаў. Былі і непрыемнасці ў яго жыцці, як і тое мае быць, звязаныя з самім жыццём: умяшалася жанчына. Партыя сурова глянула на яго антымаральныя паводзіны (быў жа жанаты, дзяцей меў). Узнімалася і пытанне аб пазбаўленні яго партыйнага білета. Але ён, ужо даволі дасканала вывучыўшы адносіны між партыйцамі і меўшы неблагую навуку ў субардынацыі, павёў сябе на партыйным бюро так, як і трэба было весці, каб не прайграць. Зайшоў і адчуў, што галоўную ролю на бюро вядзе не першы сакратар райкама, а інспектар з вобласці. Жанчына. Прытым, зразумеў, пабачыў, не надта шчаслівая па-жаночы. І калі нехта выказаўся за выключэнне яго з партыі, ён, гледзячы проста ў вочы гэтай інспектаршы, заўважыў з напускным жалем:
- Ну, не буду я больш камуністам. Але ж ад гэтага я яе не разлюблю…
Спрацавала! Гэтая інспектарша, кранутая яго адносінамі да жанчыны, загаварыла аб недасканалай выхаўчай рабоце раённай партыйнай арганізацыі. І павярнула справу так, што калі яго выключаць з партыйных радоў, то трэба вызваляць ад пасады і першага і другога сакратара…
Карацей, хмары пранесліся, хоць і грымнуўшы, ды без дажджу.
Працаваў, пісаў шмат у раённай газеце на тэмы партыйнага жыцця, пазней агітаваў за перабудову з такім імпэтам, што аж пыл слаўся за радкамі.
Грымнуў 1991 год. Путч. Развал партыі, дзржавы…
Нечакана для тых, з кім ён быў побач усе гэтыя гады, з кім яшчэ ўчора да паўночы заседжваўся ў кабінетах над пытаннем: " што рабіць і як быць далей", ён стаў аўтарам пакаяннага артыкула ў раённай газеце: прабачце нас, людзі, што мы пісалі няпраўду, што маліліся не таму богу, што казалі вам на сходах лухту, ды няма нашай віны - нас жа прымушалі, у нас жа былі дзеці, якіх трэба было карміць…
Гэта быў не проста артыкул, гэта, хутчэй, было падобна на апошняе слова ў судзе, хоць ніхто над ім суд не спраўляў…
Вядома ж, ён не застаўся (хоць яму і прапаноўвалі пасаду ў райвыканкаме) сярод сваіх былых сяброў і калегаў, тлумачачы ўсім сваім знаёмым, што працаваць там - здраджваць свайму сумленню. Перакваліфікаваўся ў памагатыя аднаго дробнага прыватнага гандляра. І стаў апазіцыянерам, актывістам мясцовай рады народнага фронту. І там гарэў на сходах. Уступіў яшчэ ў некалькі арганізацый апазіцыйнага кшталту. Усюды быў заўважаны, ацэнены. Але паступова ўсё цішэла - апазіцыйнае жыццё ў раёне сышло на нішто. І ён стаў зусім незаўважны: ціхі, маленькі мужчына.
Дома - вялікая бібліятэка. Кнігі, у некалішнія гады надзвычай рэдкія. Нават "Архіпелаг ГУЛАГ" у яго быў яшчэ ў пачатку 90-х.
Многа чытае, нікому не адмаўляе, калі просяць у яго якую кнігу. Дае з ахвотай, запісвае кнігу ў сапраўдны бібліятэчны фармуляр: тлумачыць, што без гэтага забываецца каму што даваў і ці аддалі.
А ў кожнай ягонай кнізе, там дзе пападаецца чысты ліст ці палова, на ўнутраным баку вокладкаў - яго асабістыя ці то водгукі аб прачытанным, ці то разважанні-ўражанні. Да шчымлівасці шчырыя, такія, якія няёмка нават чытаць, як нечы асабісты дзённік, куды чалавек занатоўвае сваё самае-самае, пра што толькі сам сабе і скажа. Нават калі і дазваляюць табе тое чытаць…
Ён не папярэджвае, што там, на старонках кнігі, ім нешта напісана сваё, асабістае, не папярэджвае, каб не чыталі…
І таму нечага непрыемная ягоная нечаканая, зусім неабавязковая, проста недарэчная тут шчырасць…
Ён піша і піша на вокладках кніжак той самы пакаянны артыкул, не можа ніяк закончыць яго, імкнецца адшукаць неабходнае слова, прачытаўшы якое, каб кожны - рабочы ці настаўнік - паверылі: усё, што ў яго было, што ёсць - самае сапраўднае.
Чэсна каецца за чэсны падман.