Крытыка, водгукі
Лада АЛЕЙНІК, ЛіМ
Сем’і, кшталту той, пра якую ідзе гаворка ў аповесці Валерыя Гапеева “Ведзьміна тоня” (пачатак; заканчэнне будзе ў наступным нумар), называюць па-рознаму – праблемныя, неўпарадкаваныя... Бацькі няма, маці-выпівоха прывяла ў хату “прымака” – “былога зэка, п’яніцу і лайдака”...

Гісторыя бярэ пачатак ад моманту, калі з інтэрната прыязджае на лета ў родную хату старэйшы сын, – чатырнаццацігадовы Сяргей. Малодшую сястрычку хлопчык застае ў жахлівым стане: галоднае, бруднае дзіця сядзіць прывязаным за нагу да дрэва ў двары... Брат пачынае самастойна апекавацца малою, спрабуе па-свойму наладзіць жыццё. Паводзіны, характар падлетка, які не мае ў жыцці фактычна ніякага апірышча і вымушаны рупіцца ў літаральным сэнсе пра кавалак хлеба, аўтар адлюстраваў вельмі рэалістычна і надзвычай кранальна.

У цэлым аповесць па-мастацку выразна завастрае маральна-этычныя праблемы, уласцівыя сённяшняму грамадству, выклікае шчымлівыя пачуцці, глыбокае спачуванне маленькім героям. Размова ў творы датычыцца не толькі пытанняў дабра і зла ў агульным сэнсе, але акцэнтуе гэтаксама праблемы ўвагі да бліжняга, міласэрнасці, чуласці...

На мой погляд, аповесць Валерыя Гапеева – гэта выдатны ўзор сучаснай мастацкай прозы для дзяцей і юнацтва, здольны зацікавіць сённяшніх школьнікаў, паўплываць на іх свядомасць, светапогляд, прымусіць задумацца аб сапраўдных жыццёвых каштоўнасцях.
20 Feb 2008

Лада АЛЕЙНІК, ЛіМ
Заключныя раздзелы аповесці Валерыя Гапеева “Ведзьміна тоня” (пачатак у папярэднім нумары) больш дынамічныя, напоўненыя падзеямі і прыгодамі. Аднак ніякага дысанансу паміж дзвюма публікацыямі не ўзнікае. Наадварот, агульная канцэпцыя твора бачыцца цалкам лагічнай, натуральнай.

На пачатку аўтар засяродзіў увагу на асабістым жыцці юных герояў, пазнаёміў чытачоў за асаблівасцямі іх лёсаў, характараў, умовамі жыцця і выхавання. Пісьменнік дэталёва і рэалістычна асвятліў няпросты шлях падлеткаў да ўзаемаразумення і сяброўства, прадэманстраваў унутраныя стымулы, якія кіравалі кожным з персанажаў, эвалюцыю іх маральнага сталення.

Праўдзіва, па-мастацку дасканала аўтару ўдалося асвятліць ключавую падзею сюжэта – вандроўку на востраў, расследаванне падзей часоў Вялікай Айчыннай вайны – гібелі групы партызан. Увогуле ў творы ўвасоблена мноства яркіх эпізодаў – гэта і само будаўніцтва плыта, і пошук партызанскай зямлянкі, і рыбацкая ўдача хлопцаў...

Асабліва важна, што ў сюжэце нязмушана, без дыдактызму, але вельмі наглядна і пераканаўча выяўляецца думка пра кошт сяброўства, духоўнага высакародства, дэманструецца этыка ўзаемаадносінаў паміж людзьмі, дзе дамінуюць спагада, разуменне, дабрата.

Упэўнена, што аповесць Валерыя Гапеева – твор з захапляльным сюжэтам, здольны выхоўваць, узбагачаць маральна і інтэлектуальна, напісаны добрай літаратурнай мовай – цалкам прыдатная для школьнай праграмы, з ахвотай будзе чытацца сучаснымі падлеткамі.
20 Feb 2008

“Бібліятэка прапануе”
Запрашэнне да роздуму
Для рэдакцыі надзвычай важна тое, што называецца зваротнай сувяззю. Нам прыемна бачыць, што абмеркаванне тых ці іншых праблем на старонках часопіса выклікала чытацкую зацікаўленасць, жаданне прыняць удзел, выказаць уласны пункт гледжання.
Неаднаразова мы пісалі наколькі важна для тых, хто працуе з падлеткамі, вылучэнне кніг для прыярытэтнай работы, пошук твораў, што могуць рэальна паспрыяць станаўленню асобы маладых людзей, дапамагчы ім у вырашэнні нейкіх жыццёвых праблем, у фарміраванні іх сістэмы каштоўнасцяў. Так здарылася, што нехта з нашых калег (шкада, што мы не маем магчымасці назваць гэтага чалавека) перадаў нам зборнік твораў Валерыя Гапеева, адрасаваны дзецям сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту “Пастка на рыцара” (Мн.: Юнацтва, 2002). Калі мы правільна зразумелі мэту перадачы, то ад нас хацелі б даведацца, якім бачыцца бібліятэчны лёс кнігі ў кантэксце вырашэння актуальных выхаваўчых задач.

Назву зборніку Валерыя Гапеева дала аповесць, прысвечаная праблемам сённяшняга школьнага жыцця. Здзіўляе, як на ўсяго сарака старонках аўтар змог акрэсліць вельмі сур’ёзныя праблемы сучаснай школы. Што такое сапраўдны аўтарытэт у школьным асяродку? Дзе мяжа паміж дыпламатычнасцю і прыстасаванствам? Як зрабіць маладзёжныя аб’яднанні жыццяздольнымі? Гэтыя і іншыя пытанні ставіць аўтар і дапамагае чытачам знайсці свае адказы.

Вельмі багаты матэрыял да абмеркавання даюць апавяданні. Агульная іхняя адзнака – жыццёвы, будзённы фон сённяшняга праблемнага жыцця, дзе бацька можа быць п’яніцам, дзе сям’я можа апынуцца на мяжы беднасці, дзе існуюць дзеці з невылечнымі хваробамі, дзе бываюць маці, якія нагадваюць сваім дзецям наглядчыц у турмах. На гэтым, у нечым ужо будзённым фоне, разгортваюцца нейкія падзеі, складаюцца пэўныя абставіны і адбываецца момант выбару. І тады ад правільнасці гэтага выбару будзе залежыць многае ў наступным жыцці. Ігар, які стаяў ля камерцыйнага кіёска з ключом, быў шчаслівы ад усведамлення “Вось магу ўзяць – і не вазьму! Не таму, што не магу, не таму, што страшна, а таму, што не хачу!” (“Падарунак”).

Мяняе жыццё Венькі ўбачанае спатканне маці з загадчыкам клуба, бо хлопец “нечакана для сябе зразумеў, што цяпер вельмі многае залежыць ад яго”. (“Назіральнік”).
Двойчы перад значным выбарам апынуўся былы вясковы выдатнік, а цяпер першакурснік мінскага тэхнікума, пятнаццаці з паловай гадоў. Першы раз – калі кінуў вучобу праз тры месяцы і з’ехаў, другі – калі вярнуўся. (“Чырвоны радок”).

Увогуле, жыццё іншы раз задае такія складаныя пытанні, адказаць на якія бывае не толькі цяжка, але амаль немагчыма. І чужыя адказы, бывае, не падыходзяць асабіста табе, і розум без сэрца не можа знайсці рашэння. Тое, што выкладчык не можа прыйсці на заняткі ў падпітку, – рэч неаспрэчваемая, але плача чамусьці Аксана з мянушкай Эталон. (“Работа над памылкамі”).
І першакласнік Санька, як высветлілася, ад прыроды адораны тым, чаго не хапае яго настаўніцы, – спачуваннем чалавеку і жаданнем падтрымаць слабейшага. (“Акуляры”).
І непрыемная, бесцырымонная пасажырка аўтобуса, якая за дарогу выклікала раздражнёнасць і насмешлівасць усіх прысутных, аказалася сапраўднай гераіняй. (“Адарваны гузік”).
Відавочна, не адпавядае звычайнай сітуацыя, калі каханне ўзнікла паміж настаўніцай і вучнем. Але лёс Аляксандры і Сашкі выклікае ў аднавяскоўцаў Дзічка жаданне папрасіць у іх прабачэння. (“Бярозкі за ваколіцай”).

Якасная літаратура для дзяцей і падлеткаў павінна імкнуцца ставіць важныя пытанні і даваць разуменне, што не на ўсё існуюць адназначныя адказы. У апавяданнях Валерыя Гапеева гэта знайшло яркае адлюстраванне – там дастаткова шырока прадстаўлены праблемы сённяшніх падлеткаў, і пераканаўча дэманструецца складанасць не толькі іх вырашэння, але нават асэнсавання.

На заканчэнне хочацца выказаць падзяку за перадачу кнігі ў рэдакцыю. Мы спадзяемся, што нашы калегі не абмінуць увагай кнігу Валерыя Гапеева “Пастка на рыцара”. Сёння існуе рэальны недахоп такой літаратуры, і бібліятэка зацікаўлена ў набліжэнні да чытачоў менавіта тых твораў, якія запрашаюць да роздуму.

Сёння сітуацыя з камплектаваннем беларускіх бібліятэк прынцыпова адрозніваецца ад той, што была дзесяць-пятнаццаць гадоў таму. Пры значным пагаршэнні магчымасцяў бібліятэк і істотным абмежаванні сродкаў на камплектаванне ёсць у пераменах і пэўныя пазітыўныя бакі, а найперш – самастойнае вылучэнне бібліятэкамі прыярытэтаў у камплектаванні. Менавіта тут мы назіраем самыя разнастайныя адносіны да беларускай кнігі. Часта на набыццё той ці іншай айчынай кнігі ўплывае ступень нацыянальнай свядомасці тых, хто вызначае, якім быць фонду сучаснай беларускай бібліятэкі.

Але, каб здзяйсняць якасны адбор, трэба прафесійна ацэньваць патэнцыял выкарыстання тых ці іншых крыніц. Такую кнігу, як “Пастка на рыцара” Валерыя Гапеева, вельмі пажадана мець у фондзе тым, хто працуе з падлеткамі, моладдзю, настаўнікамі, сённяшнімі ці будучымі.
02 Dec 2007

Міхась ЮЖЫК, “Полымя”
Дзіцячая аповесць “Пастка на рыцара” пакідае дваістае ўражанне. З аднаго боку, яна мае арыгінальны дэтэктыўны сюжэт, напісана даходлівай мовай, прасочваецца неабыякавасць аўтара да праблем школьнікаў, веданне іх псіхалогіі. А з другога, відавочна, што ідэя свядома высоўваецца на пярэдні план, не прыхавана жыццёвымі рэаліямі, усё падпарадкавана гэтай высакароднай ідэі рыцарства (міжволі згадваем вялікага Сервантэса). Я вучыўчя ў розных школах, і нідзе не толькі не думалі пераставаць крыўдзіць слабейшых, а рабілі гэта з адмысловай бязлітаснасцю. У “Пастцы на рыцара” дзейнічае падпольны ордэн, які сочыць у класе за парадкам і справядлівасцю. Гапееў імкнецца да жыццёвай праўды і адначасова ўводзіць ненатуральнага рыцара ў латах… Пісьменнік намагаецца вырашыць праблемы рэальнасці з дапамогай фантастыкі. Тым больш расчароўваешся, калі напрыканцы рацарам аказваецца самая слабая і нягеглая вучаніца класа. Гэта фантастыка, так бы мовіць, у квадраце. У дадзеным выпадку змешванне жанраў не прынесла карысці твору, які, тым не менш мае досыць высокія мастацкія вартасці і, несумненна, будзе цікавы і карысны для маладых чытачоў.
02 Dec 2007

Іван Арлоў, "Вячэрні Брэст"
ПРА НАШЫЯ ПУДЗІЛЫ
З літаратурай для дзяцей, асабліва для падлеткаў і юнацтва, у нас, як кажуць маладыя, няпруха. Вершы для малых Івана Мельнічука ды апавяданні Гапеева. Трэба зазначыць, што творы гэтага аўтара за рэдкім выключэннем востраканфліктныя. Мы бачым, што дзецям, а у асноуным гэта вясковыя школьнікі, жывецца не дужа салодка. Канешне, не будзе зусім карэктна параўноўваць Гапеева з класікамі савецкай літаратуры - Крапівіным, Алексіным ці Жалезнікавым. Не заўсёды логіка ўчынкаў герояў у Валерыя супадае са своеасаблівай логікай жыцця. Але ўхвальна ужо тое, што няма на старонках яго твораў лакіроўкі, барацьбы добрых хлопчыкаў з яшчэ лепшымі. Затое ёсць слушная выснова: дзеці - анёлы толькі звонку.

Праўда, можна вызначыць і іншае. У Гапеева ёсць героі, гэткія “брыдкія качаняткі”. Нармалёвая дзятва ставіцца да іх грэбліва. Тут адразу успамінаецца кніга У. Жалезнікава “Чучело”. У адрозненне ад казкі, нашыя качаняткі не ператвараюцца у прыгажуноў-лебедзяў. Але і аўтар не дае сваім героям надзеі. Шкада: нашым “отрокам” і без таго жывецца не так ужо і салодка, і хоць які лапік надзеі трэба пакідаць.

Не у захапленні героі Валерыя Гапеева і ад сучаснага беларускага “камсамола”, нават назваць правільна не могуць, ці не жадаюць. Ёсць таксама праблема з моваю герояў. У нечым яна не такая, як у сённяшніх падлеткаў. Дарэчы, у разумных межах і маладзёвы слэнг не зашкодзіў бы для “ажыўлення” герояў. Не так, пэўна, і складана перакласці той слэнг на мову. Практыка калькавання з рускай мовы у нас назапашана за гады савецкай улады яшчэ якая. Выдаецца Гапееў мала - можа, якраз таму, што яго героі не вішчаць ад шчасця?
02 Dec 2007