Я РАЗМАЛЮЮ ДЛЯ ЦЯБЕ НЕБА » Трафік для паэта (частка _4)


13 августа 2011 от Valeriy
11
Не змог утрымацца – зайшоў адразу на сайт, паглядзеў статыстыку наведванняў. 500 юзераў за суткі. І ўжо з лёгка падрыгваючымі ад хвалявання рукамі, паглядзеў статыстыку на сваіх трох партнёрскіх праграмах. І ёкнула ўсярэдзіне ад бухнуўшай з манітора радасці: за суткі разам 11 долараў!
Нават не стаў гатаваць чаго на сняданне, адразу пайшоў далей спаміць па форумах, дзе яшчэ не быў. Зарэгістраваўся ў «Укантакце», у «Аднакласніках», хоць раней грэбаваў гэтымі сацыяльнымі сеткамі – адно дзеці ды настальгіруючыя развядзёнкі…
І толькі потым, з пачуццём выкананай важнай работы, гатаваў сабе гарбату і бутэрброд.
Усё добра. Так далей пойдзе – за тры месяцы збярэцца неабходная сума. І тую самую чорную пляму, пра якую казаў бацька, можна будзе выдаляць… Падумаў, чым будзе займацца сёння. Ну, па-першае, трэба схадзіць у інтэрнэт-кафэ, але цяпер ужо – не вакзальнае, там закінуць з флэшкі новы ролік і тэкстоўку на яго. Падагрэць цікавасць… Заадно паглядзець, дзе яшчэ ёсць сярод спальных раёнаў зручныя месцы для назірання. Бо з даху свайго дома здымаць больш нельга. І ўвогуле, у сваім раёне больш ніякіх здымак. Іначай яго проста будзе вылічыць…
Паставіў той самы ролік з жанчынай і двума зэкамі. Няхай пабачаць, як гэта з боку выглядае. Гэта не фільм, дзе ўсё прыгожа, прадумана…
Агульнаму добраму настрою перашкаджаў страх. Так, самы звычайны страх. Калі да гэтага часу не было практычна на яго сайце ролікаў, за якія б яго нехта люта ўзненавідзеў і стаў шукаць, то цяпер Віктар баяўся. Гэтыя «героі» наўрад ці хацелі б той вядомасці, якую ім рыхтаваў Віктар. Ён і хацеў спачатку пасядзець яшчэ гадзіны дзве дома, перарабіць, закрыць твары, але потым адмахнуўся. Мужчыны, відавочна, былыя зэкі. Значыць, ім не да Інтэрнэту. А жанчына дык і ўвогуле нейкая п’яніца. Па твары яе ўзрост і ўзрост маці аднолькавы будзе. Глядзі, як жыццё па-свойму распараджаецца: маці і вось гэтая… Віктара аж перасмыкнула. У маці ёсць муж, у яе сям’я, дзеці дарослыя. А ў гэтай…
Віктар спыніўся. Думка, такая звычайная і адначасова такая неверагодная аглушыла сваёй жыццёвай будзённасцю: у гэтай жанчыны могуць таксама быць дзеці. Напрыклад, такі ж сын, як і Віктар. Ён заходзіць у Інтэрнэт. Яму сказалі пра гэты сайт. І вось ён бачыць гэты ролік – ролік, дзе над яго п’янай маці здзекуюцца па-жывёльнаму два зэкі. Яна, магчыма, і не ўсведамляла: што з ёй і хто з ёй. А раптам яна не п’яніца? Раптам яе сустрэў былы аднакласнік, сябар дзяцінства, а цяпер – зэк, які толькі што вызваліўся? Яна згадзілася пасядзець дзе ў бары, бо сябар жа… Выпіць магла. А ёй маглі падсыпаць што заўгодна. Ды і проста напаіць. Іх жа было двое. Ці запалохаць. Прыгразіць… Раптам яна пайшла на ўсё, толькі каб захаваць нейкую страшную тайну з мінулага свайго, адно каб цяпер гэтая тайна не пагражала яе сям’і?
Уяўленне малявала і малявала карціны ў галаве Віктара, і толькі ад апошняй, адной ён адмахваўся, гнаў са свядомасці – тую, дзе сын гэтай жанчыны заходзіць на сайт і глядзіць ролік. І пазнае сваю маці… Што ён зробіць?
«Ат, трызню, усё прыдумаў! Навошта сябе накручваць? Самая звычайная п’яніца яна, у яе і дома свайго няма. Калі… Калі на самой справе не так, калі ёсць у яе дзеці – значыць з’явіцца камент. Будзе нешта там – тады і здыму ролік. Закрыю твары…» – урэшце зацугляў Віктар свае фантазіі.
На другой ускраіне горада вялося прыватнае будаўніцтва. Але што было выгадна – гэты ўчастак высока ўзнімаўся над астатнім горадам. Віктар пахадзіў сярод гатовых дамоў і вуліц, сярод тут і там стаяўшых асобна дамоў, якія яшчэ і вуліцу не маглі акрэсліць. На нейкіх будоўлях кіпела праца, іншыя цагляныя каробкі стаялі з забітымі дошкамі вокнамі… Хто як можа – так той будуецца. Ля аднаго недабудаванага дома ў два з паловай паверхі раскашаваў бур’ян. Такім жа зарослым быў і вялікі ўчастак, што вызначалі даўно закапаныя, цяпер пахіленыя ў розныя бакі іржавыя слупы з абрэзкаў тоўстай трубы.
Перад Віктарам была чужая бяда – вось, узяліся людзі будаваць, размахнуліся на вялікі, дыхтоўны дом. І хутка справа пайшла, і вось марыў гаспадар ужо ўвесну ўзараць агарод, каб радавалі яго вока роўныя барозны бульбы, цешылі дзяцей градкі з клубніцамі і гарохам. Але здарылася нешта. Можа, як паехаў у Расію за грашыма – і згінуў там, як прападаюць без вестак не адзінкі шукаючых заробкаў у такой вялікай краіне. А можа, захварэў, можа, ў аварыю трапіў. А можа, і няма ўжо сям’і – з-за нечага пасварыліся муж з жонкай ды развяліся. Ну, не з-за дробязяў вядома: ці ён пакахаў іншую, ці яна знайшла каханка… Скрывалі доўга, ды ўрэшце адкрылася…
Віктар азірнуўся па баках – нікога паблізу бачна не было, за ім ніхто не цікаваў, і ён хутка, але асцярожна зайшоў праз некалі забіты дошкамі, а цяпер адкрыты праём дзвярэй у дом.
Тут было пуста і сыра. Падлогі не было. Толькі сцены, перакрыцці, дах. На другі паверх вёў збіты з дошак насціл, такі ж ляжаў на паддашак, дзе планавалася яшчэ мо два ці больш пакояў…
Віктар узняўся наверх, агледзеўся. Пыл ды рэшткі будаўнічага смецця, галубіны памет доўгай гурбай пад бэлькай… Так, даўно тут не з’яўляюцца гаспадары.
А з невялікага праёма акна адкрываўся від на горад. Тое, што трэба… Адно дрэнна – няма на чым пасядзець, хоць ты бяры ды падмятай – не прысесці. І ні адной цагліны няма… Віктар пахадзіў па доме, адчуваючы сябе ўжо спакойна, адшукаў усё ж тры цагліны. От і добра…
Сядзеў доўга без ніякага выніку – нічога цікавага. Здаецца, і пачынаецца эпізод добра, а потым даводзілася сціраць, каб хапіла памяці на нешта сапраўды вартае. Адно пад вечар, калі стаў ужо нервавацца (не хацелася больш трапляць маці і тым больш – бацьку на вочы з тэлескопам у сумцы), удалося зняць больш-менш цікавы ролік: п’яны мужык вяртаўся дахаты з горада сюды, у прыватны сектар напрасткі, па ўтаптанай сцяжынцы праз поле. Недзе пасярэдзіне шляху сцяжынка забягала ў невялікі зараснік кустоў і вольхаў, што шырокім клінам стаяў папярок сцяжынкі, далей пераходзячы ўжо ў невялікі лясок з густым падлескам. Акурат у зарасніку было невялікае паглыбленне – старая канава з пакатымі берагамі. Мужык ішоў, добра хістаючыся. Нейкі час ён вельмі задуменны стаяў перад гэтай канавай, пасля адважна спусціўся і паспрабаваў гэтак жа адважна і хутка выбрацца наверх. Канава была глыбінёй не больш за паўтара метра, сухая. Але ўсе спробы мужыка выйсці наверх прама заканчваліся тым, што ён, рэзка хіснуўшыся назад, паварочваўся і збягаў уніз. Яго ўпартасць проста смяшыла. Здавалася, мужык перад сабой паставіў мэту: ні ў якім разе не нагінацца да зямлі, узысці прама. І не мог!
Віктар пасмейваўся са спроб мужыка, думаючы над тым, што калі павыразаць лішняе, то ролік будзе дынамічным і пацешным. Самае цікавае было ў тым, што мужык усё ж узышоў наверх не згінаючыся! «Вось дзе упартасць! Вось вытрымка! Чвэрць гадзіны згубіў, але ж не сагнуўся, не стаў выпаўзаць на карачках з той яміны», – думаў Віктар, зачахляючы тэлескоп. Было ў гэтым роліку нешта павучальнае…
Вечарам паглядзеў хутка каменты на сайце. Большую палову дазволіў. Да таго роліка з п’янай жанчынай каменты былі аднастайныя: «Жэсць», «Поўны трэш!» і падобнае. «Ну вось, як я і думаў: самая сапраўдная п’янь яна, калі і ёсць у яе дзеці, то даўно ў дзіцячых дамах забыліся, што была ў іх маці. І маладзей яна… Гэта спіты твар так старыць…»
Дзень удаўся. Заўтра трэба будзе пашукаць іншую кропку – з гэтага недабудаванага дома нешта не трапляецца нічога асабліва вартага. Ці мо занадта спяшаецца ён? Некалі адзін ролік за дзень быў удачай, а цяпер ужо хочацца пяць за раз? Так, хочацца. Бо захацелася хутчэй закончыць свае паляванні. Ну яго… Калі верыць каментам, на яго самога ў любы момант нехта невядомы можа пачаць паляванне. Шкада, з аднаго боку, што выклаў ролікі, знятыя з той вышкі, – больш туды не сунешся. У любы момант нехта сапраўды можа яго там чакаць. Але і тых хопіць! Трафік ёсць, хутка зазвоніць кіпер!
Пазней Віктар выйшаў на вуліцу – не было асаблівых спраў ды і не варта так заседжвацца ў Сеціве. Ведае ж бацька, што сайт ён зрабіў. Трэба будзе частку грошай патраціць на тое, каб зрабіць сабе сайт на асобным дамене – сказаў жа бацьку.
Пакуль тусіліся ў парку, потым проста на вуліцы, Віктара не адпускала адна трывожная думка, што засела нябачнай стрэмкай недзе ў мазгах. Не мог зразумець: што канкрэтна яго хвалюе? Нешта, звязанае з грашыма, з яго заробкам. Але што? І толькі ўжо калі клаўся спаць, аж падкінула яго: а што ён скажа бацьку і маці, калі яны спытаюць, дзе ён узяў грошы? Чым апраўдаць такія хуткія яго заробкі на адалце? На партнёрках ужо збіраецца сума… Вось дзе пытанне дык пытанне… Трэба думаць… Бацька – не маці, яго казкамі пра продаж ссылак не абдурыш. Трэба, мабыць, распавесці пра капірайтынг. Сказаць, што піша тэксты. А раптам пашанцавала і натрапіў на добрага заказчыка? Усяк жа здараецца…
Заснуў, але спакою і ўпэўненасці не было. Хлусня множылася вакол яго ў геаметрычнай прагрэсіі: для тлумачэння аднаго эпізоду трэба было прыдумваць другі, для таго – трэці… Віктар адчуваў, што адзін бок яго жыцця зрабіўся цалкам закрыты для ўсіх астатніх… І нікому не скажаш. Ужо – нікому…
Назаўтра зранку апрацаваў зняты ролік пра п’янага мужыка і канаву. Насамрэч, атрымалася смешна. Падабраў музыкальны фон. Хоць ты цяпер яго пастаў – такі бяскрыўдны, забаўляльны ролік… Але Віктар стрымаў сябе: заўтра ці пазней. Усё ж той дом недабудаваны – добрае месца. Нельга яго «свяціць».
Ён не пашкадаваў аб сваім рашэнні. Праўда, тое, што ўдалося зняць, ніяк не укладвалася ў свядомасць ірэальнасцю сцэны. Гэта было не кіно, не хроніка «Надзвычайных здарэнняў».
Гэта было рэальнае рабаўніцтва.
Рэальнае, яно адбывалася ў кіламетры ад Віктара, яно было прыбліжана павелічальным шклом тэлескопа да драбніц і праходзіла ў поўнай цішыні: на маленькім дысплеі фотаапарата Віктара дзяўчына ў бязгучнай роспачы адкрывала рот, а яе перастрэлі, трымалі ў той самай канаўцы два дзецюкі. І гэта было жудасна.
Але што было рабіць? Крычаць адсюль? Няма сэнсу. Бегчы? Але што ён можа адзін супраць тых дваіх? Яны ж, гэта відаць, куды больш дарослыя, там кожны з дваіх мацней за Віктара.
…Дзецюкі выскачылі перад дзяўчынай з зарасніку. Адзін адразу хапіў яе за рукі, закруціў іх назад і так трымаў. Другі, нахабна ўсміхаючыся, вырваў з рук дзяўчыны сумачку. Дастаў адтуль кашалёк, потым вытрас ўсё, што было яшчэ ў сумачцы, на зямлю. Пацягнуўся рукой да грудзей дзяўчыны. Тая ірванулася было назад, але дзе там… Рука рабаўніка ірванула блузку дзяўчыны, дацягнулася да залатога, мабыць, ланцужка на шыі дзяўчыны. Сарвала… Потым той, што трымаў дзяўчыну за рукі, перахапіў яе за шыю, і сама дзяўчына дрыжачымі рукамі зняла адну за другой завушніцы, потым два пярсцёнкі з рук…
«Сволачы, гопнікі праклятыя… Пачакайце, вы сябе пабачыце…», – адчайныя думкі біліся ў галаве Віктара, ад дрыжання рук раз-пораз збівалася настройка тэлескопа. Потым Віктар пабачыў, як замільгалі дзве постаці ў зарасніку – дзецюкі ўцякалі. Асцярожна павёў тэлескопам за імі. І тут пабачыў, як з кустоў на сцяжынку гэтыя двое выкацілі матацыкл, спяшаючыся, завялі і рванулі. Віктар не быў упэўнены, што нумар матацыкла патрапіў у кадр…
Павёў аб’ектывам назад. У гэты момант дзяўчына, чапляючыся рукамі за траву, выбірался з канавы. Устала, пайшла хістаючыся, прытрымліваючы разарваную блузку адной рукой. Застыўшы страх ў заплаканых вачах, грымаса болю скрывіла твар, ператварыла яго ў маску адчаю.
Віктар выключыў запіс. Сеў на цагліны. Рукі дробна трэсліся. Ён зразумеў, што стаў сведкам сапраўднага злачынства. Што на яго вачах адбылося страшнае. Без думак сядзеў колькі мінут, потым зняў з тэлескопа фотаапарат – успомніў, што не пабачыў дакладна, ці патрапіў нумар матацыкла ў кадр.
Пракручваў ролік на маленькім экране, і ў другі раз яго працяла цяпер ужо ад выразу твару дзяўчыны, калі яна нема раскрывала рот. Яна клікала на дапамогу… Колькі адчаю, колькі малення, колькі страху ў вачах…
Звераватыя, драпежныя выразы твараў дзецюкоў. «П’яныя, сволачы», – адзначыў Віктар ужо з ціхім задавальненнем, ад таго, што буйны план у гэтым месцы атрымаўся – твары рабаўнікоў добра відаць.
Нумар матацыкла толькі мільгануў у кадры, не разгледзець, але гэта не страшна – можна ўключыць пакадравую прагонку, прыпыніць у гэтым месцы.
Вызірнуў ¬ – дзяўчыны ўжо не было відаць. Сабраў тэлескоп, склаў усё, спусціўся хутка ўніз і пайшоў. Але не па той сцяжынцы, кругом, выйшаў на прыпынак аўтобуса. Едучы, праводзіў позіркам і той далёкі адсюль, з дарогі дом, і тую страшную канаву з пачуццём упэўненасці, што ніколі сюды больш не прыйдзе.
Не было аніякага жадання садзіцца за кампю’тэр і перакачваць ролік, апрацоўваць яго. Нешта стрымлівала. Калі шчыра, дык Віктар яшчэ і не вырашыў, што рабіць з гэтым знятым эпізодам. Гэта ж не пераапрананні на беражку. Было тут нешта надзвычай сур’ёзнае для яго самога. Нават думаць пакуль не хацелася над лёсам роліка. Бо было адчуванне, што тое, як паступіць ён сам у дадзеным выпадку, можа не проста змяніць яго сайт, узарваўшы літаральна горад, – калі пачуюць пра такі ролік, на сайт рынецца глядзець столькі народу! Можа змяніць не толькі жыццё тых падонкаў – цяпер іх спакойна міліцыя вылічыць і знойдзе. Можа змяніць не толькі жыццё самога Віктара – калі раптам (гэта амаль немагчыма, але ж…) падонкі стануць помсціць і знойдуць Віктара. Гэта ўсё важна. Але ж куды больш важнае ў іншым. Віктар адчуваў, як адчуваеш падыходзячага да цябе чалавека ў поўнай цемры – няўпэўнена, са страхам чакання, што гэты ролік можа змяніць яго самога. Як, якім чынам – незразумела. Таму і страшна.
Вечар Віктар правёў у кампаніі з Юрысам і астатнімі. Мэры не пабачыў. Вельмі хацелася патэлефанаваць ёй. Каб сустрэцца, пагаварыць. Аб нічым і аб усім. Можа, стала б куды лягчэй, бо цяжар сваёй уласнай таямніцы стаў гнясці. Вядома, ён бы не стаў расказваць Мэры прама аб усім. Але можна б было неяк ускосна абмаляваць эпізод… Мэры разумная дзяўчына, яна дапамагла б. У хлопцаў пра такое не спытаеш – Юрыс адразу аб усім здагадаецца… Эх, каб быў нехта, такі нейтральны, чужы, але каб разумны, чулы, талковы: папытацца ў яго, параіцца, і каб ён знік потым недзе, растварыўся, больш не ўмешваўся, не пытаўся, нікому-нікому іншаму не расказаў. Кажуць, Бог ёсць… Хай бы з ім нейкая сувязь была: патэлефанаваў яму па мабільніку, расказаў усё чэсна, шчыра – а ён табе добрую параду, разумную, талковую. Шкада, няма такой сувязі з Богам…
12
Прачнуўся позна. Ляжаў, не паднімаўся – пракручваў у галаве ўчарашні дзень і той страшны эпізод. Сёння было куды лягчэй. Недарэмна маці кажа, што з кожнай бядой трэба пераначаваць: куды прасцейшым усё становіцца ранкам.
А ранак быў светлым і ясным. Хоць які тут ранак – ужо каля 11 гадзін. Учора прыйшоў позна, а потым яшчэ ніяк заснуць не мог, узяўся чытаць. Чытаў тое, што траплялася пад руку: зборнік вершаў Ларысы Геніюш – усё ніяк не мог даўмець, у чым прыцягальнасць яе вершаў для яго самога і для іншых, апошні нумар «Маладосці» – і тут імкнуўся зразумець, чым кіруюцца рэдактары, калі ставяць той ці іншы твор…
Памыўся, паснедаў. Думаў, чым бы заняцца, бо на сённяшні дзень неяк і планаў не рабіў. Гэта было ўжо нязвыкла, прывык кожны дзень планаваць…
Зазвінеў мабільнік. Віктар уздрыгнуў і вылаяўся – ён ніяк не мог дараваць сабе, што стаў баяцца «чужых» званкоў. Учора, калі вячэралі, затрэнькаў званок пад’езда – нехта да іх у кватэру званіў. То Віктар ледзь гарбату не праліў – так затрэсліся рукі. А прычын жа ніякіх…
Але зірнуў на нумар – імгненна абдало хваляй супакоенасці: званіў той самы Сашка, з якім працавалі на фірме грузчыкамі.
– Алё!
– Прывітанне! Віктар? Давай пасля трох падыходзь на фірму, сёння грошы атрымаем.
– О, дзякуй за такую прыемную навіну. Прыйду.
Віктар выключыў мабільнік. Чорт… От і ёсць сотня долараў. Каб тыя не патраціў, было б 200. З бацькавымі – ужо 250. І на што быў сайт?
Цьфу, куды панесла! Сайт ужо дае грошы! А колькі яшчэ дасць – да Новага года будзе на дзве кнігі. Зараз уключым, паглядзім, колькі там на партнёрках сабралася… Віктар уключыў камп’ютэр, увайшоў у сетку і запусціў Кіпер – успомніў, што дзве з партнёрак абяцалі свае выплаты якраз на сёння. І аж здрыгануўся, калі з калонак раздаўся сапраўдны звон манет, якія сыплюць у драўляны куфэрак. Прыйшлі першыя выплаты! Вось так! Ёсць грошы, ёсць!
Хутка паглядзеў статыстыку наведванняў на сваім сайце. Трафік упаў. Катастрафічна! Чорт, добра, тут усё зразумела, паглядзелі ролікі, цяпер новага нічога, вось і чакаюць, пакуль нехта не кіне спасылку… Ну, добра, з гэтым пасля.
Што будзем рабіць? Найперш, трэба каменты прагледзець… Нармальныя каменты, хіба што адзін нейкі дзіўны:
Я абяцаю. Не, я клянуся.
І што ты мне абяцаеш? Солі на хвост насыпаць? Ну давай…
Настрой цалкам рабочы, то самы час узяцца за той ролік… Жыццё ёсць жыццё – у ім чорнага не менш, чым ружовага, – Віктар супакойваў сам сябе, хоць асаблівага хвалявання ў ім сёння ўжо не было. Зноў ён скачваў ролік, апрацоўваў яго без асаблівых эмоцый. Адно не задумваўся над тым, закрываць твары ці не. У гэтым роліку, канешне, закрываць.
«Нецікавы стаў вам мой сайт? Зараз паправім становішча, зараз я вас павесялю, – чуць не прыгаворваў Віктар. – Зараз пабачыце такое, ад чаго мурашкі па скуры пабягуць… Ніякіх каментаў не трэба, усё зразумела. Выразаць нічога не буду, хоць зацягнута будзе, затое нідзе не перарвецца…»
Нумар на матацыкле Віктар вырашыў таксама закрыць. У іншым выпадку атрымаецца, што ён даносчык. А быць суддзёй яму нешта перахацелася.
Таго ўчарашняга настрою, той прагі помсты, спачування да дзяўчыны амаль не засталося.
Віктар перазапісаў ролік у рэдактары, прагледзеў гатовы варыянт. Нармалёва будзе, тут музыкі ніякай не трэба. Няхай у маўчанні ідзе…
Загрузіў ролік тут жа, хоць збіраўся пайсці ў інтэрнэт-кафэ.
Выйшаў з сеткі, стаў чысціць за сабой камп’ютэр, выдаляючы запісаныя файлы, кэш браўзера. Вырашыў гадзіну пачакаць і потым паглядзець. Бо быў упэўнены: гэты ролік незаўважаным не застанецца. А значыць, можна разлічваць на цудоўны трафік…
Гучны сігнал аб тым, што прыйшло электроннае пісьмо, застаў яго на кухні – якраз гатаваў каву. «О, першыя каменты пайшлі», – падумаў задаволена, бо цяпер настроіў сайт так, каб усе каментарыі скідваліся яму на пошту. «Давайце, давайце…».
З кубкам кавы падыйшоў да камп’ютэра. Але то быў не камент – ліст прыслаў Алік.
«Тэрмінова! Здымі апошні ролік. Тэрмінова!!! Стукні ў аську. Важна!»
«Чорт, што такое?...» – трывога ахапіла Віктара, але надта ён не баяўся. Слухаць гэтага Аліка ці не? Алік жа ведае, што Віктар як быццам толькі распрацоўвае сайт, што не ён адзін у праекце, што галоўным тут нехта іншы… Адказаць? Тады Алік зразумее, што Віктар усім запраўляе… Чорт з ім, здымем пакуль, нікуды ролік не дзенецца, проста забаронім паказ… Ну, і што ў асьцы Алік скажа?
Віктар: – Я тут
Алік: – Ты там з глузду з’ехаў?
Віктар: – Што за наезд? І я тут пры чым?
Алік: – Ну, не ведаю, хто там кіруе… Апошні ролік – гэта крымінал.
Віктар: – Крымінал. А што?
Алік: – Доўбня! Крымінал у адносінах не да тых пацаноў, а да цябе!
Віктар: – Што ты палохаеш?
Алік: – Ну, дзіцячы сад… Ты быў сведкам злачынства?
Віктар: – Я працую над сайтам. Пакуль.
Алік: – Ну, школьнікі! Ты быў сведкам злачынства, але не паведаміў пра яго міліцыі. А гэта – крымінальная адказнасць, ясна табе?
Віктар маўчаў. Яго бы абдало кіпнем.
Алік: – Ты тут? Чаго маўчыш?
Віктар: – Тут.
Алік: – Зразумела табе?
Віктар: – А што, я абавязаны? Каму якая справа?
Алік: – Абавязаны. Павінен. Ёсць такі артыкул: «неданясенне аб злачынстве». Ты можаш сесці.
Віктар: – А я тут пры чым!?
Алік: – Мне няма розніцы, хто сядзе. Ты, ставячы ролік, таксама стаў сведкам. Вось табе спасылка, пачытай… Я папярэджваў, што трэба сур’ёзна адносіцца да Крымінальнага кодэкса.
Віктар: – Добра, ролік я зняў. Што яшчэ?
Алік: – О, дайшло… Цяпер пра справу: я ведаю аднаго з тых хлопцаў.
Віктар: – Ну…
Алік: – Значыць, можна зняць добрыя бабкі.
Віктар: – Якія бабкі?
Алік: – У маладзёна не гуляй. Грошы. Зараз кідаеш мне ролік на пошту. Я кідаю яму.
Віктар: – І што?
Алік: – Не касі пад дурня! Ён зразумее, што спаліўся. І выкладзе патрэбную суму. Дзелім папалам. Тры штукі на дваіх. Многа для яго не будзе.
Віктар: – Гэта як?
Алік: – Ты там не абкурыўся? Чаго мямліш? Тры тысячы долараў ён пералічвае на кашалёк – і ты адпраўляеш яму арыгінал, дзе яго твар не закрыты. Вядома, ролік знішчаеш. Ясна табе?
Віктар: – А калі не?
Алік: – Не зразумеў?
Віктар: – Не хачу я…
Алік: – Позна, хачунчык пераспеў. Рабі, як я сказаў. Зараз зарэгіструю яшчэ скрыню, скіну адрас. Адправіш з інет-кафэ. Ясна?
Віктар: – Я нічога не рашаю.
Алік: – Дык рашайце! Я цябе ведаю, помні. Вашай крыві прагне не адзін чалавек у горадзе, помні і гэта.
Віктар: – Добра… я перадам. Вечарам адкажу.
Алік: – Цяпер.
Віктар: – Няма ў горадзе галоўнага.
Алік: – Добра, пачакаю. Да 22 гадзін. Каб быў у асьцы.
Віктар выключыў аську, потым падключэнне да Інтэрнэту, потым і сам камп’ютэр. У кватэры стала ціха-ціха.
Думак не было. Не было нават адчаю, прыкрасці – нічога не было. Пустата. І адзін Віктар сярод гэтай пустаты.
Зазвінеў мабільнік. Юрыс – пазнаў па мелодыі Віктар.
– Віцька, здароў! Слухай, збірайся давай – пасля абеду ірвем на тую самую рэчку! Антон дамовіўся з маці, нам бусік даюць. Такая кампанія сабралася. Давай!
¬ – У мяне… не атрымаецца, – адказаў Віктар і сам не пазнаў свайго голасу.
– Э, ты там грамчэй кажы… Не захварэў?
– Не, – адкашляўся Віктар. – Мне трэба… па справах трэба, праўда. На фірму, грошы атрымаць.
– Дык што там, дзень прабудзеш? Мы цябе пачакаем.
– Не, не трэба…
– Мэры будзе… – выклаў апошні козыр Юрыс.
– Не.
Віктар адключыў мабільнік.
Добра Юрысу… Як добра Юрысу! У яго няма чаго хаваць ад другіх, ён не жыве асаблівым тайным жыццём, у яго ўсе клопаты – такія простыя і ясныя. Няўжо некалі так было ў яго, Віктара? Добра ім зараз: весела на душы – смейся, сумна – плач. Прыкідвацца не трэба, хавацца не трэба, не трэба хлусіць, вочы адводзіць… Няўжо вялікія грошы заўсёды вымагаюць двайнога жыцця?
Што ж рабіць? Што рабіць, чорт вазьмі гэта Аліка! Вось жа гад… Бач, ідэя яму спадабалася… Значыць, пасвіў ён увесь час сайт, глядзеў, як напаўняецца. Не, нездарма тады ўзнікла нядобрае прадчуванне…
Разагнаўся… Грошы хоча задарма такія атрымаць. Ты здымі сам, а потым гандлюй сваімі ролікамі! Сволач…
Можа, выкінуць гэты чортаў ролік і паслаць Аліка падалей? Няма, ды і ўсё. Адчэпіцца…
Ролік выкінуць проста. Адным шчаўчком мышы. А колькі б гэты ролік трафіка Віктару прынёс! Трэба прайсці па ссылцы, глянуць, што там за артыкул такі…
Віктар недзе з гадзіну чытаў Крымінальны кодэкс, які адкрыў па спасылцы Аліка. Упэўніўся: Алік не схлусіў. Але з другога боку, узбуджэнне справы аб рабаванні адбываецца па заяве пацярпелай ці асобы, якая прадстаўляе яе правы. А калі дзяўчына тая не панесла заяву? Яшчэ нічога невядома…
Віктар павесялеў. Упэўненасць пакрысе вярталася да яго.
«Да вечара нешта прыдумаю», – вырашыў Віктар. Цяпер ламаць галаву не было часу – трэба было ехаць на фірму, атрымліваць заробленыя цяганнем і пагрузкай друзу грошы. Туды шлях не блізкі – на ўскрайку горада.
Да касы стаяла чарга, хай і невялікая, але рухалася яна вельмі марудна. Віктар нерваваўся – даўно не стаяў у чэргах. Ды і ўвогуле ці стаяў? Калі трэба было нешта набыць, а чарга больш за пяць чалавек стаяла, ён проста адыходзіў – не праблема тое ж прыдбаць у іншым месцы.
– Апошні? – пачуў Віктар за спінай пытанне з цяжкім прыдыханнем.
– Ага, – адказаў Віктар, павярнуўся.
За ім стаяла жанчына з расчырванелым тварам, вялікім, пляскатым, у дробных кропельках поту. Не тоўстая, але грудзі такія вялікія, што быццам стаялі ў чарзе асобна ад жанчыны. Калі жанчына ледзь варушылася, грудзі яе грозна паварочваліся ў розныя бакі. Туга сціснутыя бюстгальтарам, яны імкнуліся вылезці з яго, перліся вонкі праз шырокі выраз на майцы. Было брыдка. «От каб такую зняць на відэа, было б на што зірнуць», – прыйшла ў голаў недарэчная, пошлая думка, ад якой Віктару стала ажно сорамна. Ты глядзі, ужо прызвычаіўся глядзець на людзей, як праз аб’ектыў. А зрэшты: што тут такога – прафесіянальны погляд…
Цётка ніяк не магла аддыхацца, за ёй таксама занялі чаргу, і хоць стаяла яна не блізка да Віктара, той адчуваў патыліцай гарачыню яе грудзей, якія, здавалася, вось-вось уткнуцца ў яго спіну.
Віктар злаваў, яму хацелася павярнуцца, так злосна зіркнуць на гэтую цётку, каб зразумела ўсё без слоў і адышлася. Але цярпеў.
Праз хвілін сорак дачакаўся сваёй чаргі, падаў пашпарт, атрымаў ведамасць і распісаўся. Атрымаў грошы.
Як жа прыемна іх было трымаць у руках!
Грошы ў кішэні надалі настрою, зусім па-іншаму глядзеліся ў святле купюр усе ўчарашнія і сённяшнія праблемы. Калі спакойна разабрацца, то якія тут праблемы? Не спяшаючыся трэба думаць, без панікі. Віктар і думаў цяпер спакойна, чакаючы аўтобуса, потым седзячы на сядзенні. Адно што перашкаджала, дык гэта тая цётка, якая апынулася з ім у адным аўтобусе. «Зараза, прыляпілася… Вось пагляджу, дзе жывеш, вазьму тэлескоп – будзеш хаваць свае цыцкі. Што робіцца: маладая ці не, прыгожыя грудзі ці не, а ўсе гэтак іх вывальваюць… Такія выразы на блузках і майках – саскі хутка будзе відаць…» – думаў Віктар, але без асаблівай злосці. Мода, значыць, супраць яе ніяк, тым больш жанчыне.
Дык што там прапаноўваў Алік? Хех, хітры ён… Вядома, той дзяцюк, якога ён пазнаў, заплаціць патрэбную суму, нікуды не дзенецца. І няхай плаціць, скаціна. За ўсё трэба адказваць і плаціць. З другога боку, чым рызыкуе Віктар? Ды нічым! Што яму: перадасць Аліку ролік, а той няхай сам усё рашае. Атрымаецца нешта ў яго – то будуць у Віктара грошы…
А сума якая! Больш за тысячу долараў! Неверагодна проста. Не заўсёды такі шанс выпадае…
Добра, пачакаем яшчэ вечара. Можа, прыдумаецца яшчэ што лепшае…
Але, па сутнасці, Віктар проста не хацеў прызнавацца самому сабе, што рашэнне ім прынята. І дапамаглі тыя грошы, што ляжалі ў кішэні. Яны быццам падахвочвалі атрымаць яшчэ больш, быццам клікалі іншыя грошы да сябе і самі да іх цягнуліся.
«Грошы вялікія цягнуцца да яшчэ большых, – думаў Віктар над некалі раней прачытаным. – Так і зарабляюцца мільёны і мільярды…»
І куды больш зразумелым стаў выраз «грошы не пахнуць». Словы напоўніліся новым зместам і сэнсам, сталі аб’ёмнымі, выпуклымі. Грошы не пахнуць – гэта значыць, што дзеля добрай мэты можна пайсці на пэўныя ўмоўнасці адносна агульнапрынятай маралі. Вось з’явіцца яго, Віктарава, кніга. Хіба яна не каштуе хоць вось гэтай знятай у пікантнай сітуацыі цёткі? Вось цікава было б прама яе спытаць: ахвяравала б яна на паэзію нейкую долю свайго разумення прыстойнасці?
Адзін прыпынак Віктар вырашыў не даязджаць, сысці раней і прайсці да свайго дома праз будоўлю новага мікрараёна. Разам з ім з аўтобуса выйшла і тая цётка з вялікімі грудзямі. «От жа, шанцуе!», ¬ – раздражнёна падумаў Віктар і пайшоў па адзінай ад прыпынку сцяжынцы ў бок жылога масіву. Яго абагнала двое хлопцаў, ад якіх рэзка запахла півам. Віктар пайшоў шпарка – вельмі хацелася хоць ужо тут, на волі, адысціся падалей ад тых вялізных гарачых грудзей, што ішлі з заду яго…
Калі Віктар параўняўся з нейкай будынінай, на якой не было відаць ніякай работы, за спінай пачуліся хуткія крокі. Саступіў са сцежкі ўбок – нехта спяшаецца, то трэба даць дарогу.
Хлопец, мо на год ці два старэй за Віктара, у насунутай на самыя вочы кепцы нечакана схапіў Віктара за грудзі і папхнуў наперад і ў бок – за вугал будынка, і яшчэ далей, за наступны вугал.
У Віктара ад неспадзявання перахапіла дыханне. Ён тузануўся што сілы:
– Ты што?!
І амаль ужо вырваўся, як хлопец моцна піхнуў яго. Віктар не утрымаўся б на нагах, упаў, але раптоўна адчуў на сваіх плячах нечыя рукі, якія ўтрымалі яго. Ён хацеў павярнуцца да таго, хто быў з заду, як рэзкі пякучы боль крыху ніжэй грудзіны прымусіў яго імгненна скласціся ці не папалам. Паветра ў грудзях не стала, не было як дыхнуць і Віктар толькі адкрываў бязгучна рот, і не мог, не мог глытнуць, а без паветра боль разрываў усё ўнутры. Нарэшце ледзь-ледзь атрымалася, стала крышачку лягчэй. Віктар, аглушаны болем, не мог ніяк зразумець, што адбываецца.
Кволая выратавальная думка аб тым, што ўсё гэта – няўдалы жарт яго сяброў-аднакласнікаў, жыла яшчэ адно імгненне, пакуль незнаёмы сіпаты голас не загадаў:
¬– Стань, чмо… Да сцяны…
Віктар дрэнна бачыў, што адбываецца. Постаці, якія сталі насупраць сонца, расплываліся. Яго таўханулі да сцяны, у цень, і ён пазнаў тых двух, што былі перагналі яго на сцяжынцы.
– Грошы давай… Хутка… – пачуў ён загад.
– Няма… – з адчаем выціснуў праз боль Віктар.
– Гы, а хто ў чарзе па бабкі стаяў? – пачуў Віктар, і адразу ж галава яго матлянулася ад удару.
Боль апёк скулу, у вачах мільганулі іскры, калі патыліцай ён выцяўся аб цагляную сцяну.
– Грошы! Хутка!
Віктара апанаваў жах. Першы раз за яго жыццё яго ўдарылі па твары. Яго ўвогуле ударылі па-сапраўднаму першы раз. Боль… Гэта было невыносна. Недзе далёка знікла ўсё: ён, Віктар, сын сваіх бацькоў, вядомы ў школе паэт, які мае сяброў, якога паважаюць, зніклі яго сябры, Мэры, яго мары пра кнігу, той нумар часопіса з яго вершамі – усё знікла, стала далёкім і нерэальным. Раптоўна ён быў пазбаўлены ўсяго, ён стаў ніхто, стаў нічым. Яго білі гэтыя гопнікі, ім было пляваць: хто ён і што ён, іх цікавіла толькі адно – яго грошы. Улада чужой, варожай сілы над сабой была аглушальнай, яна раструшчыла Віктара, пазбавіла здольнасці хоць да якога супраціўлення, хоць да якога самага малога дзеяння. Страх новага фізічнага болю жалезнымі пальцамі сціскаў мозг: «Толькі б не білі больш… толькі б не білі…»
– Зараз… зараз… – пралепятаў Віктар, сунуў руку ў цесную заднюю кішэню джынсаў, а яна ніяк не лезла, і страх яшчэ мацней сціскаў халоднымі абцэнгамі – зараз удараць, у жывот удараць…
– Шой та вы там робіця, га?! – раздаўся нечаканы голас аднекуль збоку.
– Ідзі, баба, у нас свае справы, – ляніва кінуў нехта з траіх.
– Якія ў вас справы тама? А ну пусціце мне суседа! ¬ – нечакана залямантавала жанчына. – Сашка, чаго яны да цябе чапляюцца? Што ж гэта робіцца такое, сярод белага дня праходу няма! Гэй, мужчыны, хутчэй сюды! – павярнулася яна назад да сцяжынкі. – Міліцыю паклічце, вунь жа машына толькі ад прыпынку адышлася, няхай сюды едзе! Хутчэй, хутчэй!
І нечакана ўся тройца кінулася бегчы некуды ў глыб будоўлі, дзе стаялі розныя хлеўчыкі, каробкі будучых будынкаў і высіліся гурбы зямлі.
Жанчына паспешліва падышла да Віктара. Ён пазнаў яе – тая самая, з вялізнымі грудзямі.
– Што, грошы адабралі? Выклікай міліцыю, не ўцякуць! Выклікай, па мабільніку!
¬ – Не паспелі адняць, – цераз сілу усміхнуўся Віктар. – Дык жа выклікалі міліцыю…
– Хто яе выклікаў? Няма ж нікога, – паціснула плячыма цётка. – От жа сволачы, я так і падумала, яшчэ ля фірмы прыкмеціла, што цікуюць… Моцна пабілі?
– Не, не моцна, – адказаў Віктар і апусціўся, прысеў – не мог больш стаяць на нагах.
Страх адпусціў – і слёзы нечакана стрэлілі з яго вачэй. Яму і не было сорамна перад гэтай незнаёмай жанчынай. Ён не ведаў прычыны сваім слязам: былі то слёзы болю, ці слёзы сораму, слёзы нянавісці ці слёзы жальбы да сябе.
«Сволачы… сволачы… сволачы…», – праз усхліпы білася думка ў яго галаве, яго калаціла і трэсла.
Жанчына стаяла побач, хутка дастала насоўку з сумачкі, уклала яе ў руку Віктара. Не казала ні слова.
Нарэшце Віктар супакоіўся. Выцер твар, не ведаючы, што далей рабіць з насоўкай – яна была мокрая.
– Трымайся, хлопец, трымайся, – кранула яго жанчына за руку. – Пайшлі, зараз лягчэй будзе… От, няма халоднага нічога, твар прыпухне…
Стала лягчэй. Яны ішлі адны па сцяжынцы, нікога не было бачна ні спераду, ні з заду.
– То ж і мне страшна было, – казала жанчына. – Ды баяцца баішся, а нешта ж трэба рабіць. Я адразу здагадалася, як цябе піхнулі за вугал. Бегла хутчэй… З гэтымі свалачамі трэба смялей быць, яны ж бы тыя сабакі, толькі зграяй моцныя. Як ты адзін, а іх многа…
– Дзякуй вам, – выціснуў нарэшце з сябе словы падзякі Віктар. – Толькі я не Сашка, не ваш сусед.
– Дык жа людзі мы. А як мы знаёмыя, дык разам. А яны баяцца нападаць на тых, хто разам, – патлумачыла жанчына і загаварыла пра сваё: – У мяне вунь дачка падрастае, 13 гадкоў. Так баюся за яе… Развялося гэтай швалі, няма і днём управы. Адпусціш – і сэрца не на месцы, пакуль у хату не прыйдзе…
Ужо заходзячы ў ванны пакой, Віктар ведаў, што твар распух, бо адно вока ў яго прыжмурылася. Глядзеў на сябе ў люстэрка, і было балюча невыносна. Не ад пабітага твару. Не ад таго болю. Ад таго, што быў такім слабым. Што яго раздушылі літаральна адным толькі ударам. У яго ж і думкі не было супраціўляцца, ён баяўся, страшэнна баяўся, што яго зноў удараць. Болю баяўся… Як сорамна… Які ж ён чарвяк… Цётка, жанчына, а пайшла яму на дапамогу. Не ведала, што там адбываецца, можа з нажамі тыя гопнікі… А ён ці б пайшоў, каб быў на яе месцы? Калі б яна першая ішла і яе вось так запіхнулі за вугал? Пайшоў б? І ўспыхнуў у вачах той зняты эпізод рабавання.
«Сука я! – адчайна вылаяў сябе Віктар. – Тая дзяўчына клікала – а я знімаў кіно… Калі б выскачыў, калі б пабег з крыкам – яны б нічога ёй не зрабілі, уцяклі б!..»
Віктар у знямозе сеў на край ванны, падставіў галаву пад струмень вады. Халодная вада апякла скуру сцюдзёнасцю, але потым стала лягчэй, адчай прайшоў, роспач прайшла. І думкі сталі такімі ж халоднымі, дакладнымі, быццам нехта іншы ў галаве Віктара казаў яму, самому Віктару ўсё па-праўдзе, не чакаў апраўданняў.
Цябе ж толькі адзін раз ударылі – а што ты адчуў? Момант адзін толькі – а ты захлынуўся пачуццём страху, стаў нікчэмнасцю. Што твой боль? Што твой сіняк пад вокам? Яны пройдуць. Боль ужо прайшоў. А ў той дзяўчыны як! Над ёй здзекаваліся, яе растапталі як чалавека, як асобу, як жанчыну. А табе – кіно. Табе трафік трэба, каб розныя ўроды перліся пасля такога роліка на парнасайты. А калі дзяўчына пабачыць сябе на гэтым кіно? Калі знаёмыя яе пабачаць? Калі маці яе пабачыць? Чуеш, якая ты сволач?
«Чую, – адказаў сам сабе Віктар, і слёзы зноў закапалі з яго вачэй. – Чую…» Ён раптоўна уявіў, што на сайце ягоным з’явіўся чарговы ролік – як б’юць ужо ЯГО САМОГА тыя гопнікі, як ЁН курчыцца ў страху, як дрыжачымі рукамі паслужліва працягвае сваім рабаўнікам грошы. Як бы маці глядзела на такое «кіно»?
А мацяркі ж глядзяць… Вунь адна пазнала сваю дачку… Мо была і тая, што пазнала свайго сына, якога збіваюць нагамі хаўруснікі? І той камент незразумелы: «Я абяцаю. Не, я клянуся» – гэта ж сын той жанчыны пакінуў, з якой зэкі здзекуюцца. А можа, вучань той старой настаўніцы… Ці дачка таго п’янага мужыка, што ўсчыніў быў дэбош у сваёй кватэры, якога вязалі і жонка, і нейкая дзяўчына…
Віктар быццам з боку глядзеў на самога сябе, глядзеў чужымі вачыма – мо вачыма таго чалавека, якога шукаў нядаўна ў сваіх думках, каб параіцца, пагаварыць… А быў жа такі чалавек!
Адно вока амаль заплыло, правая частка твару распухла. Віктар выцерся акуратна, бо было балюча, пайшоў у свой пакой і уключыў камп’ютар.
Спакойна, без аніякага хвалявання, з неверагодным адчуваннем лёгкасці ад ўпэўненасці ў тым, што робіць адзіна правільнае, ён зайшоў у адмінку свайго сайта. Выдзеліў усе разам і сцёр ролікі. Абнуліў базу і выдаліў бекапы. Праверыў – сайт пусты. Потым праз адмінку хостынга выдаліў усе файлы і папкі ўвогуле. Зноў праверыў – браўзер паказаў, што на сайце адсутнічае галоўны файл. Яшчэ раз усё пераправерыў – нічога не засталося.
Дастаў дыск з кнігі і паламаў яго на некалькі кавалкаў.
Зайшоў у аську, адправіў тэкст Аліку: «Пайшоў вон!»
Выдаліў з кантактаў Аліка. Выдаліў пошту, якую заказваў праз дамен парнасайта.
Усё. Нічога няма. Стоп, грошы… Засталіся грошы на Кіперы…
Выдаліў Кіпер. Сцёр ключы ад кіпера. У настройках браўзера сцёр усе запісаныя паролі. Ведаў, цяпер узнавіць правы на кашалёк практычна немагчыма.
Ну вось, цяпер усё. Больш нідзе ні аднаго знаку.
Цяпер можна ісці ў ванную, напоўніць яе і добра памыцца.
І нечакана усплылі перад вачамі, успыхнулі вялікімі чорнымі літарамі словы:
…Але Вам не збегчы ад сваёй памяці. Яна будзе смярдзець заўсёды – і нічым яе не змыць, ніякім дэзадарантам не запырскаць…
Паліваў сябе гарачай, потым халоднай вадой, але вада ўсё адно заставалася для яго аднолькава цёплай. І толькі калі дрыжыкі пайшлі па ўсім целе, зразумеў – вада і напраўду халодная.
Раптам нібыта стрэліла ў галаве, так, як лопаецца паветраны шарык недзе з боку, знянацку: аглушальна, аж да змярцвення.
“Ну і што?” – выстраліла пытанне. “Абяліўся? А дзяўчына?”
Паспяшаўся за камп’ютар, раскрыў сваю заархівіраваную папку з паролем.
Потым зайшоў на сайт абласнога упраўлення унутраных спраў, запісаў адрас электроннай пошты. Уключыў паштавік, занёс адрас упраўлення.
У «Тэме» пісьма напісаў: «Рабаванне дзяўчыны ў горадзе… Дзень таму. Арыгінал.»
У самім пісьме дапісаў: «Пры пакадравым праглядзе нумар матацыкла чытаецца добра».
І спакойна, з упэўненай лёгкасцю чалавека, які нарэшце знайшоў самы галоўны кавалак неверагодна складанага пазлу, націснуў «Адправіць». Пісьмо было вялікае, відэа усё ж. Піў каву, назіраў за адпраўкай пісьма. Калі перадача завяршылася, праверыў. Так, дайшло…