|
Я РАЗМАЛЮЮ ДЛЯ ЦЯБЕ НЕБА » Трафік для паэта (частка _3) 13 сентября 2011 от Valeriy |
|
– Гы, прыкольна… ….. – Пайшлі лягушку зловім! – На халеру? – Ну, ты тормаз! Яе ж надзьмуць можна! Яна тады плавае паверху, а нырнуць не можа. Нырае і не можа. Нырае – і не можа! – Прыкольна як! ……. – Ты ведаеш, навошта кошцы хвост? ¬– Ну? – Яна заўсёды на лапы падае, але калі хвост ёсць. – Тачняк? – Ну, чаго мне гнаць? Учора праверылі: кідалі Моціка маёй сястры Анькі з трэцяга паверха – на лапы заўсёды! А я потым яму хвост сякеркай кухоннай адсек – ён на спіну гэпнуўся! – Ух ты, крута! А кот жывы?
– А што яму? У катоў па дзевяць жыццяў. – А Анька што? – Сказаў, што гэта нейкія гопнікі Моціку хвост адрэзалі, забіць хацелі, я выратаваў, адабраў. Мне Анька сваё марожанае аддала. – Прыкольна! ….. – На будоўлі учора былі, прыкалваліся. – А чо тама? – Бамжара нейкі начаваць збіраўся. Мы ў будзільнік гулялі. – Гэта як? – Ну, кавалкі цаглін на яго з другога паверха кідалі. – А калі па галаве? – Не, мы спецыяльна ў ногі цэлілі. Прыкінь, ён падхапіўся, як дурны, на чатыры касці ўпаў і як дасць бы той сабака! Во ржалі! – Прыкольна, блін … Ну, тут перабор яўны. Нармальна пацан ці пацаны здымаюць. Чаму ты вырашыў, што яны ці ён эвалюцыяніраваць будуць па тваім сцэнарыі? А дзе кропка прыпынку? Вось іншы сцэнарый: сёння ён падглядвае і выкладае ролікі, так зарабляе. З’явяцца грошы – ён ужо найме за шакаладку адных дзяцей, каб пабілі другіх. За піва – гопнікаў, каб збілі якога мужыка. Далей за грошы – каб паздзекаваліся з дзяўчыны… Грошы даюць магчымасць зрабіць больш і з меншымі затратамі. І зрабіць новыя грошы. Такі сцэнарый не разглядаецца? Маеш рацыю. Дарэчы, тут адна сцэна так і выглядае як зараней спланаваная і аплочаная. І не толькі адна. Віктар чытаў, перачытваў, вяртаўся назад… Пачуцці душылі яго. Яму хацелася крычаць, каб пачулі адразу ўсе: «Вы нічога не ведаеце! Я нікога не падкупляў! Я не збіраюся нікога купляць! Я паказваю вам адваротны бок вашага ж жыцця! Грошы мне трэба не на піва! На кнігу! Кнігу вершаў у падарунак сябрам на выпускным вечары!» Суцяшала тое, што асобныя каменты апраўдвалі сайт і ідэю. Пайшоў, прыгатаваў сабе кавы, крыху супакоіўся. Перачытаў яшчэ раз тыя каменты, якія былі за яго. «Ды зайздросцяць, проста зайздросцяць. Такі сайт не стварыць за тыдзень! І ідэя ўжо рэалізавана, месца забіта. Вось і бесіць некага. Пайшлі вон, маралісты. Самі прыкідваюцца, хочуць, каб усе верылі ў гэтае прыкідванне. Ага, як жа! Пакінь такога мараліста без адзінага сведкі – пабачым, што ты вырабляць будзеш, як з цябе тваё чорнае праз усе дзіркі папрэ! Вы яшчэ не бачылі той «клубнічкі», што я не выкладваў!» Брашыце, брашыце, пужайце! Не такі Віктар дурань, каб цяпер здымаць з тых кропак, з якіх здымаў. Вунь колькі будоўляў ідзе, колькі дахаў і паддашкаў у жылых дамах… А тэлескоп невялікі, добра прыхаваць можна… Увесь дзень і вечар Віктар прасядзеў за камп’ютэрам. Ён устанаўліваў на сваім сайце банеры, рэгістраваўся ў партнёрках, на форумах, у блогах. Спаміў-рэкламаваў свой сайт. Ужо к вечару колькасць наведвальнікаў дасягнула пяцісот юзераў. Віктар стаміўся, але ўзбуджанасць доўга не давала заснуць. Палова яго мары здзейснена: адбыліся першыя пераходы з яго сайта на патрэбныя рэсурсы – ён атрымаў той самы неабходны для выдання кніжкі адалт-трафік. 10 Зранку патэлефанаваў Юрыс. Узбуджаны не на жарт, проста спалоханы: – Віцька, ты бачыў? – Што бачыў? – знарок ляніва адказаў Віктар, хоць здагадаўся, пачуццё падказала: Юрыс пытаецца пра сайт. Калі гэтулькі размоў на форумах, а Юрыс жа начуе ў Інтэрнэце… – Сайт нейкі новы! Пра наш горад. Здымкі скрытай камерай. – Ну і што? ¬– Віктар прымусіў сябе супакоіцца, не хваляваўся ніколькі: калі што, калі хоць якія падазрэнні – ён будзе ўсё адмаўляць. Юрысу ні слова. – Ты памятаеш, мы на рэчцы дурэлі? І яшчэ пра вышку ў лесе казалі? Дык вось, здымкі рабілі з той самай вышкі! – гарачыўся Юрыс. – Ну і што? Не разумею… – Ну, пакуль да цябе дойдзе! ¬ – зазлаваў Юрыс. – Там нейкіх хлопцаў знялі, бойка была не слабая… – І што? – Божа, ну вы тупагаловыя! – Юрыс згубіў цярпенне. – Сяргей – «ну і што», ты – «ну і што», Лёшка – «мяне не цікавіць». А калі нас знялі? – Нас? – Віктар на момант разгубіўся: што адказаць? – Нас! Уяўляеш, калі нехта маёй мамцы пакажа, як я там гуляў? Яна мяне з хаты не выпусціць. – Ну, не толькі цябе… – О, дайшло нарэшце. Што рабіць? – А што ты прапануеш? – Трэба пасвіць ля той вышкі тых кіношнікаў. Віктар хмыкнуў у адказ: – Быццам яны форум не чытаюць… Яны мо і першыя запасцілі на гэтую тэму, каб рэсурс праспаміць. Наздымалі яны з той вышкі, колькі трэба і больш туды не пойдуць. А нас ставіць… Што там цікавага? Дай-ка мне адрас, зайду і я гляну… – Ну, халера іх ведае… Мы і папраўдзе нічога цікавага не рабілі. Там, шчыра кажучы, ролікі прыкольныя. Ты зайдзі, глянь! І абяцаюць кожны дзень новае кіно! Прадчуваю, што самыя смачныя кадры яшчэ наперадзе… – Ну во, а ты распсіхаваўся, – Віктар сам уздыхнуў з палёгкай. – Кажы адрас… Юрыс назваў адрас яго, Віктаравага сайта. Па літарах прадыктаваў. Віктар не спяшаючыся ўключыў камп’ютэр. Пакуль ішла загрузка, гатаваў сабе каву. Праверыў статыстыку: няблага, узровень у 500 юзераў за суткі трымаецца. Глянуў колькасць пераходаў на парнасайты. О, вось гэта канвертацыя – больш за 15 працэнтаў! Чорт, правільная тэма для сайта! Адно, што юзеры гарадскія не надта багатыя – толькі дзесятая частка нешта купіла. Але ж чорт! Амаль нешта за ноч на яго, Віктараў рахунак назбіралася! Давайце, давайце! Знаёмы сверб засадзіў Віктара за комп. Зноў шукаў у Сеціве розныя форумы, блогі, рэгістраваўся, рэкламаваў свой сайт. Іншыя пасты яго выдаляліся адразу, як звычайны спам, але Віктар не перажываў. Ён і каментаў больш надта не чытаў, праглядваў проста, каб там не было непатрэбшчыны ў выглядзе мацюкоў. Працаваў гадзіны тры. Няблага – наведвальнікаў пераваліла за тысячу. Ну, палова больш і не зойдзе ніколі, але ж нехта падзеліцца спасылкай. Глядзіш, пастаянная аўдыторыя пакрысе збярэцца. Заўтра ён падагрэе цікавасць – выкладзе той ролік, дзе тыя два мужчыны маладыя і жанчына «балююць». Гэта будзе маленькая бомбачка. А яшчэ ж той начальнічак у запасе, а яшчэ адна пара… Хех, такім чынам да пачатку заняткаў накапае ў кіпер! І потым… Потым Віктар спакойна закрые сайт. Сатрэ базу. Як нічога і не было. Няхай шукае, каму нечага рабіць, ветру ў полі. У яго ўжо будзе патрэбная сума долараў. Праверыў пошту – і замёр ад нечаканасці: прыйшоў ліст ад Аліка. «Вітаю! У, крутыя ролікі! Я так зразумеў, што яшчэ круцей будуць? Малаток, дарма што школьнік, ёсць хватка. На каменты маралізатараў увагі не звяртай – гэта зайздрасць. Кожны марыць нешта такое зрабіць, каб пра яго казалі і трафік ішоў. Як канверт? Ідуць па банерах? Занадта ты іх наляпіў, сайт стракаты стаў, стыльнасць згубілася. Падбяры лепшыя банеры, каб суадносіліся з дызам. Я тут таксама запашчу ў пары месцаў пра твой сайт – лішняя спасылка не зашкодзіць, і траф узнімецца. Поспехаў». Усё як быццам добра… Усё добра… Але чаму, адкуль узнік гэты непрыемны халадок у жываце? Алік… Ён дапамог, зрабіў, атрымаў грошы… Спакойна, паролі ўсе даўно змененыя. Нічога Алік яму не зробіць. Канешне, можа, ён і хацеў бы ў долю ўвайсці, але ж сам сказаў: толькі сам рабі. Яго школа… Зайшоў зноў на свой сайт – дабавілася каментаў. Цікава, што многа каментаў было пад ролікам, дзе старыя купаюцца – тая таўстуха-жанчына і мужчына ў смешных трусах. Каменты простыя: «Ржу ні магу», «Патсталом», «Аффтар, здымай ісчо», – звычайныя для такіх прыколаў. Апошні каментарый быў нечакана вялізным, і зноў той самы халадок крануў жывот усярэдзіне. «Што за чорт, адкуль… Не было ж нядаўна», – амаль са спалохам падумаў Віктар, бо позірк ужо схапіў першы радок, які разануў свядомасць сваёй нечакана дакладнай скіраванасцю: «Дзень добры, малады чалавек!..» Дзень добры, малады чалавек! Не спрачайцеся, я дакладна ведаю, што Вы – малады, хутчэй за ўсё – выпускнік школы ці студэнт. Гэта вельмі няцяжка зразумець і простаму чалавеку, калі прааналізаваць Вашы запісы, а ў мяне ёсць неблагая тэарэтычная база і немалы жыццёвы вопыт. Як ніяк, я прафесар, доктар псіхалагічных навук. Я не стану пісаць Вам пра свае эмоцыі і перажыванні. Я пішу для Вас і дзеля Вас. Дык вось, Вы – яшчэ малады і далёка не вопытны ў жыцці. Вам вядома пачуццё прыгожага – Вы добра і тонка пракаментавалі сцэнку ў акне чужой кватэры, у Вашым сцёбе (так завецца сённяшні падобны слэнг?) над гэтым вось ролікам адчуваецца Ваша ж захапленне сапраўдным пачуццём. Вы працуеце адзін, хоць сайт Вам рабілі па заказу – не Ваш стыль. Ваш стыль крыху іншы: Вы – нядаўні рамантык, і, магчыма, Вы некалі выпрасілі ў бацькоў грошы на тэлескоп, каб глядзець у зорнае неба і пісаць вершы. Цяпер Ваш тэлескоп у неба не глядзіць. Не магу знаць, па якой прычыне Вы ўзяліся за гэтую справу. Напачатку падалося, што гэта – просты вуаерызм. Патлумачу: гэта такое псіхічнае захворванне, калі чалавек імкнецца падглядваць: за жанчынамі, мужчынамі, зразумела, у час інтыму і падобнага. У такім выпадку Вам пагражала б цалкам псіхічнае захворванне, Вы б дайшлі да злачынства (90 на 100), скончылі б жыццё адмарозкам. Але Вы не псіхічна хворы. Вы падглядваеце за людзьмі з іншай мэтай, і мне гэта стала зразумела сёння, калі я пабачыў порнабанеры. Так, з гэтым не паспрачаешся: парнаграфія сёння ¬– індустрыя з мільярднымі абаротамі. А адхапіць хоць колькі ад гэтых абаротаў заклікаюць многіх. І многія ідуць на гэты кліч і, мушу прызнаць, «паднімаюць добрыя бабкі». Вы толькі судакрануліся з гэтай індустрыяй. Вы зарабілі першыя грошы, праўда? Вы задумваліся над тым, што між Вамі і тымі, хто ў мінулым стагоддзі гандляваў з-пад палы парнаграфічнымі картамі, часопісамі, няма ніякай розніцы? Вы – адалтшчык. Вы зарабляеце на адным з самых брудных чалавечых прадуктаў. Мне вядомыя не адзін з такіх людзей. Усе яны пачыналі з аднаго сайта, аднаго банера і аднаго долара ў суткі. А потым – развіваліся. Так, яны раслі. І стваралі цэлыя сеткі падобных сайтаў. Далей – скуплялі, дзе прыйдзецца, парнаграфічныя ролікі і самі станавіліся уладальнікамі парнарэсурсаў. Потым самі, ужо за свае грошы, стваралі студыі. Мажліва, Вы не станеце на гэты шлях. Але шлях удасканальвання ў Вас адзін – шлях адалтшчыка. Вы будзеце ўдасканальваць свае тэксты, Вы навучыся новым хітрасцям (а іх – многа). Толькі той, кім Вы станеце, – не вяршыцель лёсаў. Зразумейце гэта. Вы не станеце тым, хто будзе уплываць на свядомасць людзей, скажам, сваімі вершамі, не. Вы станеце прафесійным асенізатарам, залатаром, Вы будзеце вазіць і вазіць чалавечае дзярмо… Вы знялі некалькі ролікаў… Гэта яшчэ толькі псіхічнае адхіленне. Вы выклалі іх у Сеціва – і Вы пераступілі ўсякія нормы чалавечай маралі і этыкі. Вы самі сябе загналі за той бок, дзе ніякія нормы не існуюць. Вы апусціліся на самае дно чалавечых здольнасцей падзення. І цяпер кожны, хто не з вамі на Вашым баку, – чысцейшы і лепшы за Вас. Пакуль Вы яшчэ не асэнсоўваеце гэтага. Але прыйдзе час – і Вы станеце шукаць тых, хто яшчэ ніжэй за Вас, каб грэбаваць імі ў помсце за тое, што, Вы гэта адчуеце, грэбуе Вамі. Грошы не пахнуць, не смярдзяць, нават калі яны зароблены продажам чалавечага сумлення, нормаў маралі. Але смярдзіць іншае – наша памяць. Нават адзін раз ступіўшы ў яміну з дзярмом, нельга застацца чыстым. І вы ступілі. І памяць Ваша будзе смярдзець. Вы зменіце некалі і месца жыхарства, і сяброў, і каханых. Вы зможаце збегчы адтуль, дзе Вы пачыналі сваё падзенне. Але Вам не збегчы ад сваёй памяці. Яна будзе смярдзець заўсёды – і нічым яе не змыць, ніякім дэзадарантам не запырскаць… Я нарадзіўся ў Вашым горадзе. Там я вырас і ведаю гэту рэчку з дзяцінства. Ведаю тую вышку, з якой Вы здымалі, бо не адзін раз я сам лазіў на яе. Няцяжка было здагадацца… Сюды мы часта прыязджаем з маёй любай жонкай. Яна усё сваё жыццё адпрацавала настаўніцай пачатковых класаў. Уяўляеце, колькі ў яе вучняў? Яна вельмі любіць дзяцей – і ёй плацяць павагай і памяццю. Дык вось, малады чалавек, на гэтым знятым Вамі роліку – я, яшчэ пакуль выкладчык універсітэта, і мая жонка, пенсіянерка, былая настаўніца пачатковых класаў, якая навучыла грамаце больш за 500 чалавек. Віктар застыў перад маніторам. Бухкала ў скронях, быццам сэрца перамясцілася ў галаву. У нейкі момант Віктару падалося, што ён прачытаў і сваё прозвішча там, і што гэта вось прачытанае не ў каментах на яго сайце напісана, а ў гарадской газеце. «Што я нарабіў… Што я нарабіў… Што цяпер рабіць?» Першы раз за сваё жыццё Віктар адчуў, што такое панічны страх – страх, які паралізуе мысленне, здольнасць нешта рабіць свядома і разумна. Гэты невядомы стары так проста вылічыў яго! Дзе, ў чым Віктар спаліўся? Няўжо толькі па тых дурных тэкстах можна зрабіць нейкі вывад? Чорт… А калі гэты каментар ужо прачытаў хто з яго аднакласнікаў, той жа Юрыс? Тут жа не трэба вялікага розуму, каб гэты каментар звязаць з іх гулянкай тады… Ці Лёшка прачытае – у адзін момант здагадаецца. Ад простага і знаёмага гуку мелодыі званка свайго мабільніка Віктар уздрыгнуў усім целам так, быццам у цішыні пакоя раздаўся стрэл. Гэта была «агульная» мелодыя, значыць, не бацька, не маці, не нехта з сяброў… Не падыходзіць… Не адказваць! Што ж рабіць?... Адчай захліснуў Віктара, трэсліся рукі. «Каментар… Каментар…» Калі размешчаны каментар? Віктар утаропіўся ў манітор, літары скакалі і расплываліся. Сёння размешчаны, літаральна гадзіну назад… Так, спакойна, спакойна. Адмінка… Хутчэй, няважна, што з дому… Вось жа ідыёт, а! Ну, хай бы паставіў прамадэрацыю адразу! Не, спяшаўся, юзерам гадзіў… Божачка, нават абмежаванне на велічыню каментарыяў не паставіў… Вось дурань, дурань… Віктар таропка выдаліў каментарый старога, паставіў прамадэрацыю на каментарыі на ўсе раздзелы. Праверыў каментарыі, павыдаляў тыя, дзе ў яго бок сыпаліся словы абвінавачвання ў бессаромнасці і подласці. Усё, сайт чысты… Цяпер пачысціць сам браўзер, выдаліць гісторыю наведванняў, абнуліць кэш… Ух ты, лягчэй як… Ты глядзі, стары пазнаў сам сябе… Не дзіўна, твараў ім Віктар не закрываў… «А калі б гэта была настаўніца з нашага горада?» – думка непрыемна разанула сорамам. Між волі ўявілася, як гэтая таўстуха прыйдзе да іх у клас – як на яе глядзець? Добра, што не прыйдзе… Тэлефон зазваніў зноў, Віктар асцярожна ўзяў мабільнік – і зноў у грудзях сціснулася ад незразумелага страху – на экране тэлефона высвеціліся незнаёмыя лічбы. Не адказваць? Але які сэнс… Зноў жа патэлефануюць, раз ведаюць нумар… – Алё? – сказаў Віктар сіплым голасам. – Віцька? Гэта Сашка, старшы ваш. – Які Сашка? – З якім ты сцены біў і цэглу цягаў на фірме, – нагадаў незнаёмец і Віктар толькі цяпер пазнаў голас таго самага маўклівага, цягавітага хлопца гадоў дваццаці, які быў іх старшым на той часовай рабоце. – Тут перайгралі трохі, разлік будзе пазней праз касу на фірме. – А колькі я там зарабіў? – з палёгкай выдыхнуў Віктар. Яго адпусціла. Прыйшло разуменне таго, што ў свеце ёсць яшчэ нешта і нехта акрамя яго сайта, яго самога і тых дурняў, якія пруцца шукаць у Сеціве парнуху. – Колькі ўсе, – адказаў Сашка. – Крыху больш за 100. ¬– Чаго 100? ¬– не зразумеў Віктар. – Долараў. Але атрымаем па курсе. – Ого! – прысвіснуў Віктар. – За шэсць дзён… – Ну, не за шэсць дзён, – паправіў яго Сашка. – Па 12 гадзін пахалі, не забывай. – Ды помню… Слухай, а больш такой работы няма? – Не, пакуль няма. … 100 долараў… За мінусам доўга бацьку – 50. Эх, во каб знайсці такую работу! Якраз бы да пачатку заняткаў была патрэбная сума! А так… Залатар, асенізатар, адалтшчык… А гэты стары псіхолаг падказаў месца, дзе можна зарабіць нармальна грошы? Мяжу пераступіў, закон, па той бок маралі апынуўся… Дык жа часова гэта, няўжо даўмець нельга? Не збіраецца Віктар порнастудыі адкрываць! Паўтара месяца, усяго паўтара месяца, ён упэўнены – і ў яго будзе патрэбная сума. І ўсё потым знікне, сатрэцца, забудзецца. Грошы не будуць пахнуць, бо іх Віктар увогуле атрымлівае віртуальна… Нічога, мала пацярпець засталося. Яшчэ во ролікаў 10 здыме і хопіць… Але ж чорт, гэты стары так проста мог намаляваць для сябе яго, Віктара, ды яшчэ сказаў, што іншаму каму зрабіць тое ж будзе няцяжка… А калі бацька зойдзе на такі сайт? А што, у яго свой ЖЖ ёсць, хоць піша рэдка, па рабоце больш, але во пайшла пагалоска па горадзе – і зойдзе. Ён жа ведае, што у Віктара ёсць тэлескоп… А ролікі на компе! Ідыёт! Яны проста так да гэтай пары ляжаць у яго папцы! Тое праўда, бацька ніколі па яго папках не лазіў (у Віктара свой дыск, у бацькі свой), але ж можа пацікавіцца! Ну, ідыёт… Іх увогуле нельга тут трымаць… За паўгадзіны Віктар сабраў усе свае гатовыя ролікі, чарнавыя варыянты, арыгіналы і запісаў у адну папку, папку заархівіраваў з паролем, а потым перапісаў на дыск. Усё, што мела адносіны да сайта, выдаліў з камп’ютэра. Пачысціў, прыбраўся… Дыск схаваў у некалі купленым за немалыя грошы «Зорным даведніку» – гэта кніга нікога не цікавіць сёння. Нейкі момант уладарыла думка, што дыск гэты трэба проста зламаць адным націскам рукі – нашто яму гэтыя ролікі, калі яны ўжо стаяць на сайце? Нашто арыгіналы здымак? Але… было шкада. Сваёй працы шкада, ці што… Няхай паляжаць… Сеў на канапе, аглядаючы свой пакой, нібыта злачынца на месцы злачынства: ці не пакінуў дзе яшчэ слядоў? «Цяпер ролік скінуць, апрацаваць і адразу на флэшку. Астатняе сцерці…І бацька, і маці ведаюць, што я так доўга сяджу за компам. Ну, сказаў, што пішу тэксты… Не, не адбрэшашся, як прыціснуць. Трэба зрабіць той «хамяк» на Юкозе!» Падскочыў, хутка ўвайшоў у Сеціва. Падабраў на Юкозе больш-менш стыльны шаблон пад свой дамашні сайт. Стварыў некалькі раздзелаў, хутка закінуў у іх свае вершы. Не заўважыў, як праца захапіла яго – пакрысе прыйшла цікавасць: прыкольна было ствараць сваю кніжку, няхай і электронную. А тут яшчэ ёсць магчымасць падмаляваць-падправіць шаблон… Успомніў, што шаржы да яго эпіграмаў ужо ёсць у электронным выглядзе, паставіў некалькі – атрымалася прыгожа… За вокладку засеў: узяў здымак школы, папрацаваў з фільтрамі Фоташопа – і атрымаўся той самы малюнак на шэрым фоне чорным фламастарам. Ну, амаль такі атрымаўся, а лепш і не трэба пакуль… Ішла гадзіна за гадзінай, а Віктар ужо з сапраўдным захапленнем працаваў над сваім «хамяком»: падправіў шаблон, намаляваў новую «шапку». Зрабіў раздзел з фотаздымкамі і стаў запаўняць яго, пачынаючы яшчэ з першага класа і садка. Добра, што тады адсканіраваў у Лёшкі столькі многа. І Мэры… Няхай з ім будзе тут Мэры, як яна была ўсе гады… Прыйшла маці з работы. – Зноў не вылазіш цэлы дзень? Ты еў што? – Так, перакусваў, – адказаў Віктар. – Не хачу пакуль. – Тады пачакаем бацьку… Патэлефанаваў Юрыс, паклікаў патусавацца вечарам. Віктар згадзіўся – якраз праз гадзіны дзве закончыць… Бацька прыйшоў. І адразу зазірнуў у пакой. – Здароў, сын. Што парабляеш? Знаёмы халадок варухнуўся ў жываце Віктара. «Спакойна, спакойна, падумаў ён. – Вельмі добра, што я цяпер хамяк раблю. Ой, добра, што вырашыў зрабіць…» – Раблю свой сайт! ¬ – са смяшлівым гонарам адказаў Віктар бацьку, адкінуўся на стуле, ад’ехаў ад стала: – О, глядзі! Бацька з цікавасцю зазірнуў у манітор, глядзеў, бы вывучаў… – Няблага, няблага… Толькі экспазіцыя неўраўнаважана, па колерах няма спалучэння поўнага. Але гэта тыя тонкасці, якія вывучаць трэба… Спасылкі ўжо працуюць? – Ага, усё рабочае ўжо. Што ж я, дарма столькі часу убіў? Фотаальбом набіваю, каменты пішу… Бацька пашчоўкаў па старонках, крыху пачытаў. – Прыйшоў час электронных кніг, – не сказаў, а канстатаваў. – А што рабіць, калі і звычайныя нікому не трэба, – Віктар выказаўся са шчырым сумам. – Ну, час такі… А кнігі людзям трэба. – Ага, трэба… – чмыхнуў Віктар. – Даўно нешта цябе не бачна з якім раманам тоўстым. – А я яшчэ вершы пішу… – Вершы тым больш трэба, – бацька прысеў на канапу насупраць. – Між іншым, такая вось кніга ў Сеціве – добрая рэч. А сапраўдная… Не перадумаў яшчэ? – Што не перадумаў? А, маці расказала… Ведаеш, вось закончыў сайт, і неяк не так ужо гарыць… Самае дзіўнае было ў тым, што ў гэты момант Віктар казаў шчыра. Сапраўды – не гарэла. Паляванні за цікавымі сюжэтамі і асабліва падзеі апошніх дзён так узвінцілі яго, што сама кніжка пакрысе адышла на задні план. Урэшце, так і павінна быць: што пра яе надта думаць цяпер, калі няма грошай на выданне? Вось будуць грошы – тады можна падумаць. А можа, у нейкі момант кніжка і сайт памяняліся месцамі: калі кніжка напачатку была мэтай, а сайт – сродкам, то цяпер сайт стаў галоўнай справай, а кніжка – прыкрыццём? Не, гэта ужо перабор. Віктар адмахнуўся ад імклівых думак – усё нармальна, ён заробіць на выданне кніжкі, і сайту прыйдзе канец. Так і павінна цяпер быць, што тое вострае жаданне, якім жыў апошнія месяцы, затупілася, ці што. Усё нармальна – ад эмоцый перайшоў да справы, а дзе справа сапраўдная, там розум рашае, а не жаданні. Але Віктар мусіў прызнаць у гэты момант сам сабе, што жаданне патрымаць у руках сваю кніжку зменшала яшчэ больш, яшчэ больш аслабела, сцерлася, калі за сённяшні дзень ён стварыў гэтую кніжку ў Інтэрнэце. Сам сабе не мог ён прызнацца ў гэтым, а вось бацьку сказаў. Калі ёсць такая кніжка ў Сеціве, якую ў любы момант кожны адкрые і пачытае, то мо і не трэба яна на паперы? Няхай будзе такой… – Ну, што не так ужо гарыць, мо і лепш, – задумліва прагаварыў бацька. – Яркае полымя хутка згасае. Колькі ты зарабіў на фірме? – Сотню баксаў. Табе 50 аддаць ёсць. – Я пачакаю… А ў Сеціве колькі заробіш? Віктар пахаладзеў. Пра што гэта бацька? А, чорт, ён жа казаў, што яму трэба для справы ў Сеціве… – Не ведаю пакуль… Я… я дамен сабе сапраўдны купляю, хостынг платны. Свой сайт туды перанясу. Раскручу трохі, паказчыкі падніму. Ну, праз месяц можна будзе спасылкі прадаваць. За месяц долараў 15–20, як будзе ўсё о’кей, буду мець. ¬– Ну вось, бачыш, як добра. Пакуль той выпускны, і назбіраецца. Мы з маці дапаможам… Дарэчы, ты не чуў пра нейкі там сайт? На рабоце толькі і казалі пра яго: нехта скрытай камерай здымае людзей у горадзе і выкладвае ў Інет. Прычым у розных там пікантных сітуацыях. «Вось яно! Прыкідваўся, цікавая яму мая кніжка… Праверыць вырашыў. Правярай, комп чысты. А калі б я не здагадаўся ўсё выдаліць, браузер не пачысціў?» – думаў Віктар, ліхаманкава стараючыся адшукаць такі адказ, якому б бацька паверыў. Успомніў пра ранішні званок Юрыса і амаль радасна выдыхнуў: – Чуў, Юрыс сёння званіў. Казаў, нейкіх хлопцаў на тым беразе, дзе і мы адпачывалі, знялі. Як яны там біліся. Я заходзіў, глядзеў. Ну і іншыя там ролікі. – І як табе тая брыдота? – прыжмурыўся бацька. – Брыдота як брыдота. Па тэлевізары тое ж паказваюць. Ці амаль тое ж… – адказаў Віктар як мага спакойней, а ўжо другая думка салодка тлуміла галаву: пра яго сайт загаварылі ў горадзе! Вось так вось… ¬¬– Розніца ёсць. Хаця, тут ты маеш рацыю… – Пра што гэта вы тут? – спытала маці, зазірнуўшы ў пакой. – Ды пра рознае, – адказаў бацька. – Вунь, глядзі, якую сын сабе кнігу зрабіў. – Дзе зрабіў? ¬ ¬– недаверліва спытала маці. – Якую кнігу? – Электронную, сайт, – адказаў за бацьку Віктар. – У Інтэрнэце можна кожнаму пачытаць. – Во як, хіба і кніжкі ў Інтэрнэце ёсць? ¬ – Ёсць і кніжкі. І куды больш, чым у бібліятэцы. – І чытаюць? – Чытаюць… Каму хочацца… – А я думала, што тут толькі брыдота адна ды чаты вашыя… – І брыдоты хапае, – сказаў бацька. – Прама з нашага горада. – А, чула, ¬– ці не радасна сказала маці. – Суседка нашай работніцы сваю дачку пабачыла, як тая курыць і віно п’е. – І гэта добра? – прыжмурыўся бацька. – Вядома, добра! – упэўнена, з выклікам адказала маці. – Ты от зараз пачнеш свае тэорыі, а тут практыка: маці давярала дачушцы, а тая вось што парабляла. – Па-твойму, усю дрэнь трэба цягнуць на ўсеагульны паказ? – Трэба! Бо гэта – жыццё. І не трэба яго ружовым маляваць. Хопіць навін афіцыйных, як добра мы жывем. От пабачуць самі сябе, якія ёсць на самай справе. Казалі на рабоце, там гэтулькі п’яных скандалаў ды боек – аж жудасна робіцца. От жыццё якое… – І што зменіцца? Што можа змяніцца, калі ўсё гэта вось так паказваць? – занерваваўся бацька. – А ты прапануеш усё хаваць, казаць, што ўсё ў нас добра, хвайна, дзеці выхаваныя, мужыкі цвярозыя, адпачываем мы ўсе культурна? Годзе, праходзілі ўжо, камунізм будавалі… – Я ні ў якім разе не прапаноўваю выдаваць чорнае за белае. Але няўжо вы верыце, што калі п’яніцу сказаць, што ён п’яніца, то ён перастане піць? Няўжо страх быць злоўленай стрымае дзяўчыну ад палення і ад віна, калі яна хоча гэтага і лічыць магчымым, абы толькі бацькі не бачылі? Ты як думаеш, сын? – бацька павярнуўся да Віктара, і ў вачах яго Віктар пабачыў чаканне, не – нават просьбу аб згодзе. – Не ведаю, – шчыра прызнаўся Віктар. – А чаго хаваць тое, што ёсць? Можа, некаму сорамна стане… – А можа ў такім разе рабіць шкляныя сцены ў дамах? Камеры назірання за кожным метрам плошчы горада? Спецыяльныя бранзалеты з перадатчыкамі на рукі ці шыю кожнаму? – Што ты накінуўся на хлопца? – устрэла маці. – Рэчы трэба і называць сваімі імёнамі, і паказваць, як ёсць. – І што? Што зменіцца ад гэтага? – выгукнуў бацька з адчаем. – А што, па-твойму, рабіць? – пайшла ў наступ маці. Чаго ты на нас напаў? – Што рабіць, што рабіць, – бацька азірнуўся па баках, быццам у пошуках нечага. – Ат, доўга маляваць, і так зразумееце. Значыць, у жыцці нашым ёсць чорнае, ёсць і белае… – Чорнага больш, – уставіла маці. – Няхай так, – лёгка згадзіўся бацька. – Тады наш ліст будзе больш шэрым… Дык вось, наша жыццё – шэры ліст. Згодзен, сын? Ты згодна? – павярнуўся бацька да маці. – Згодзен, – адказаў Віктар. Маці толькі кіўнула. – Дык вось, – працягваў бацька. – На нашым шэрым лісце з’явілася чорная пляма, яшчэ адна. Нейкая мярзота. Мы ведаем пра гэты факт. Але вось гэту мярзоту паказваюць па тэлевізары, вось яна на першых старонках газет і часопісаў, вось яна ў Інтэрнэце на тысячах сайтах. Мы адкрылі вочы некаму? Не, сябры мае: мы памножылі гэтую мярзотнасць многа разоў. І на нашым шэрым полі яна разраслася ва ўсе бакі. Наша жыццё стала не шэрым ужо, а цёмна-шэрым. Што зробіць святлейшым шэрую фарбу? – хутка спытаў Віктара. – Светлая фарба, – разгублена адказаў Віктар. – Што яшчэ? – Правільна! – уздыхнуў з палёгкай бацька, быццам Віктар падказаў яму ратавальны адказ. – Нельга сцерці чорнае, памнажаючы яго. Трэба рабіць белыя плямы на шэрым! Ствараць нешта светлае, добрае. – Каб жа было так проста, – хмыкнула маці. – Вядома, не проста! Вядома, не за раз! – зноў згадзіўся бацька. – Але ж шлях вось такі – выкрываць, шукаць, нішчыць – шлях рэвалюцыйны, значыць – з кроўю, дыктатурай, з контррэвалюцыямі. А ствараць белае, цягнуць людзей да свету, а не тыкаць іх у свой жа бруд – шлях эвалюцыйны. Гэта значыць – шлях паступовы і незваротны. Культура развівалася такім шляхам, культура і мастацтва выводзілі людзей з іх звярынага аблічча. – Надта ты ўжо высока загаварыў… – Нічога не высока, – пераканана адказаў бацька. – Вось гэты сайт, што з’явіўся ў горадзе, – гэта множанне чорнага. Вось сайт сына з яго вершамі – маленькая кропля светлага. Ты, сын, гэта разумееш? – Разумею, – усміхнуўся Віктар. – Значыць, буду цягнуць эвалюцыйны воз, з гонарам за сябе. – Ты не смейся, – крыху пакрыўдзіўся бацька. – Кожны чалавек мяняе свет і сусвет. У залежнасці ад таго, колькі даў яму Бог таленту. Табе далі больш – з цябе больш і спытаецца… – Хто з яго пытаць будзе? – аж спужалася маці. – Што ты пужаеш хлопца? – Адзін у нас суддзя ва ўсіх, – ціха адказаў бацька. – Сумленне. – Пайшлі есці, пастыла ўжо ўсё, – схамянулася маці. – Чорнае, белае… Шэрым сярод шэрага жыць прасцей і лягчэй…
|