Трафік для паэта (частка _2)
6
Дзіўна, але ўсе хваляванні зніклі, як іх не было, калі сеў за камп’ютар. Зноў тыя самыя жывыя людзі на беразе сталі звычайнымі кадрамі, з якімі трэба было працаваць: нейкія выразаць, каб не было надта зацягнута, нешта і месцамі памяняць… Працаваў гадзіны дзве, запусціў праграму перазапісу фармату – яна доўга працуе, пайшоў на кухню гатаваць сабе чаго папіць.
Бацька глядзеў баявік – Сціван Сігал у галоўнай ролі. Віктар любіў гэтага акцёра і фільмы яго (ён жа і рэжысёр яшчэ). Гэткі твар непранікальны, мужны. А позірк… Ды і фільмы цікавыя. Прысеў і сам на канапу, хоць фільм гэты ўжо глядзеў.
– Ідзі ў маці папытайся, мо яна гарбату будзе, – сказаў бацька.
Маці ад гарбаты не адмовілася – яна глядзела свой чарговы серыял. Віктар згатаваў, паклікаў. Якраз была рэклама, і маці прыйшла на кухню.
– От, вам найлепш гэтыя баявікі глядзець! Забіваюць, рэжуць, душаць, – скрывіла яна вусны.
– У сённяшніх серыялах крыві сёння не меней, – спакойна заўважыў бацька.
– Ну, ты не глядзіш, то не кажы. Тут во адзін за другім… во, Божачка…
– Тут жа гульня, – усміхнуўся бацька. – Лепш такі баявік паглядзець, чым адзін выпуск «Надзвычайных здарэнняў».
– Што ты раўняеш? Там – жыццё. І ў серыялах – жыццё.
– У тым і справа, – бацька рэзка сеў (ён паўляжаў на канапе), узяў кубак з гарбатай. – Вось гэты баявік ад пачатку – кіно. Тут усё па законах жанру: гінуць толькі дрэнныя ды другасныя. Галоўныя героі – добрыя і заўсёды ў апошні момант перамагаюць. Тут – шчаслівы канец. Галоўная думка: дабро перамагае зло…
– І ў серыялах так! – запярэчыла маці.
– Трошкі не так, – адказаў бацька. – Там забіваюць, гвалцяць, труцяць – і хочуць, каб мы верылі, што так бывае сапраўды. Што сапраўды ў жыцці не бывае без бандытаў, без падману, без здрадніцтва сяброў і каханых. І дабро далёка не заўсёды перамагае…
– Мне лепш глядзець, чым калі бясконца страляюць.
– Ну, няхай і лепш… Вунь сёння паўгадзіны таму паказвалі, як аўтобус насмерць збіў жанчыну.
– Я бачыла.
– Вось… Добра гэта?
– Ну, паказалі, ды і ўсё, – паціснула плячыма маці, але адчувалася, што яна гатовая прызнаць, што бацька ўсё ж мае больш рацыі. – Я не глядзела надта.
– А гэты выпадак тры разы на дзень паказвалі, – разгарачыўся бацька. – І гэта страшна! Страшна, што смерць чалавека, сапраўдную смерць – паказваюць як відовішча! Застаўся адзін крок: паказваць смяротную кару па тэлевізары, як у сярэднявеччы – запрашаць на кару!
– Ды не крычы, я разумею…
– Ды я не крычу, – пацішэў і бацька. – Што людзі хочуць бачыць, ім тое і паказваюць…
– Што, людзям цікава бачыць чыюсьці смерць? – запытаўся зацікаўлена Віктар. ¬– Чаму прыходзілі глядзець смяротную кару на плошчу?
– Ну, смерць заўсёды была адной з самых загадкавых тайнаў для чалавека. Гэты самы момант пераходу ад жыцця да смерці хваляваў і будзе хваляваць… Адна справа, калі памірае чалавек хворы. І іншая: вось ён быў жывы і здаровы, упала гільяціна – пакацілася галава…
– Уй, ты ўжо пачнеш зараз, – чмыхнула маці. – Дай спакойна папіць.
– Добра, не буду, – спыніў сябе бацька, напаследак дадаўшы для Віктара: – Думаю, што людзі ўсякія жудасці яшчэ таму прагнуць глядзець, што самі ў гэты момант знаходзяцца па гэты бок, у бяспецы. Гэта і супакойвае, і дае нейкае адчуванне твайго асабістага шчасця: вось, там такая бяда, а я ў фатэлі…
– Дык што дрэннага ў гэтым? – паціснуў плячыма Віктар.
¬– Дрэнна тое, што ад сузірання знікае суперажыванне. Ты прывыкаеш да чужой бяды. Яна робіцца фактам, але фактам экранным, відовішчным. З другога боку, робіцца нечым кшталту наркотыка: як у цябе дрэнна нешта ў справах – паглядзі «Надзвычайныя здарэнні» – адразу лягчэй. Атрымліваецца замкнутае кола…
– Ат, ты ўжо нагаварыў сем бочак, – пакрывілася маці. – Вунь даўно даказана, што дзеці становяцца злачынцамі, як такіх баявікоў наглядзяцца.
Бацька ўсміхнуўся сумна ў адказ:
– Але ж маці іх у гэтыя часы глядзелі санты-барбары…
– Ты хочаш мне настрой сапсаваць? – са злосцю спытала маці, адставіла кубак. – Ад таго, што я адну гадзіну ў дзень пагляджу тэлевізар, мой сын вырасце бандытам? Ты гэта хочаш сказаць?
– Ну, ты ўжо скажаш, – стаў бараніцца бацька. – Я толькі…
– Усё, ведаю я тваё «толькі», як пачнеш, дык не спыніць.
Маці пайшла з кухні, за ёй пайшоў у свой пакой і Віктар.
Відэаролікі атрымаліся!
Адзін – такі крыху эратычны, але нечым і цнатлівы, просты. А другі, дзе старыя, – дык проста смешны! Захацелася вось цяпер, адразу выкласці іх у Сеціва – няхай бы хто хоць які камент пакінуў!
Але куды выкладаць? Сайта ж няма. Дамен трэба…
Што ж, сёння хопіць практыкі – час брацца за тэорыю. Тут ужо трэба пытацца…
Віктар зайшоў на той самы форум, пра які яму расказваў Лёшка. У раздзеле «Самае рознае» запасціў тэму: «Есць ідэя. Як рэалізаваць?» «Поўны прафан, прызнаюся шчыра. Сякія-такія веды ёсць, агульныя. Але ёсць ідэя. Хачу зрабіць сайт і зарабіць крыху. Грошы надта трэба. Хто дапаможа? Аддзячу…»
Адказы пачалі з’яўляцца адразу ж.
¬«Што за ідэя? Як табе дапамагаць, калі невядома нічога?»
«Хлопец, не ўздумай паліць ідэю, калі яна сапраўдная».
«Чым аддзячыш? Калі ідэя добрая, магу дапамагчы, як возьмеш у долю».
Віктар задумаўся: што расказаць і каму… Потым адказаў у тэме:
«Ідэя… Ідэя не такая і новая. Скажам, зборнік цікавых відэаролікаў. Але сайт будзе для дарослых, так што тут складанасці».
«Адалт? Так і кажы, знайшоў ідэю. Складанасці ёсць. Дамен, хостынг асаблівыя трэба. Грошы трэба…»
«Парнухі не будзе. Хіба крыху эротыкі. Грошай трохі ёсць. Дзе і як рэгістраваць дамен? Хостынг?»
Перагрузіў браузер і пабачыў, што ў асобцы чакаюць два паведамленні. У адным: «Гатовы дапамагчы. Ёсць ужо дамен зарэгістраваны, хостынг ёсць. Дамен праіндэксаваны. Дорага не вазьму».
А вось другое абрадавала вельмі: «Зямляк, я з твайго горада. Слухай уважліва: калі на самай справе збіраешся рабіць нешта падобнае, не свяціся. Наш Крымінальны кодэкс ніхто не адмяняў. Ты думаеш, тут толькі юзеры сядзяць, а нікога з органаў не бывае? Другое: ні з кім у долю не думай уступаць. Толькі сам, лепш пазыч (магу і я), але ў долю не бяры. Будуць пытанні – задавай! Алік».
Віктар перачытаў яшчэ і яшчэ раз. Радасць ад таго, што знайшоўся зямляк на такім форуме, які гатовы дапамагчы, паступова дапоўнілася асэнсаваннем неабходнасці тых мераў перасцярогі, пра якія казаў Алік. Віктар глянуў профіль свайго земляка: зарэгістраваны два гады таму, высокая рэпутацыя, мноства пастоў. Віктар задумаўся. Найменш яму хацелася каму адкрываць сваю ідэю. Аднак… Як тут самому разабрацца? Які і галоўнае – дзе – рэгістраваць дамен? Дзе браць надзейны хостынг? Не на Юкозе ж…
Адказаў Аліку праз асобку: «Калі дапаможаш – буду вельмі ўдзячны. З рэгістрацыяй дамена не ведаю нічога… «
Алік: «Магу зарэгістраваць, ёсць пэўныя кантакты. Дорага не будзе. На год хопіць пакуль? Веб-мані ёсць?»
Віктар: «Не, кашалёк пусты. Але магу пакласці, картку куплю…»
Алік: «Які сэнс, калі мы ў адным горадзе? У мяне ёсць ВМЗ, магу зарэгістраваць дамен, хостынг аплачу, аддасі беларускімі па курсу».
Віктар: «У мяне сотня долараў ёсць, на такую суму можна разлічваць».
Алік: «Ну, сотня – гэта не грошы. А дызайн – абы наляпаць? Калі хочаш зрабіць рэч, рабі адразу нармальна. Самы просценькі дыз і вёрстка – баксаў 50. КэМээСку выбраў?»
Віктар: «Не ведаю… Мне б простую якую. А можа ролікі на Ютуб запіхваць?»
Алік: «Ну, ты рассмяшыў! Які сэнс у тваім сайце, калі ролікі на Ютубе будуць? Іх сабе хто захоча скапіруе і паставіць… Трэба DLE ставіць, і не ламаную».
Віктар: «Гэта якую?»
Алік: «У, ты школьнік зусім…»
Віктар: «Ну, школьнік. Грошы трэба».
Алік: «Хоць прызнаўся... Я універ нядаўна закончыў, такім вось як і ты, пачынаў. Карацей, давай сустрэнемся, пакуль я ў горадзе, – абгаворым. Згодзен?»
Віктар павагаўся адно імгненне – цяпер ён відавочна адчуваў, што без старонняй дапамогі яму не справіцца, а вось пытацца больш няма ў каго – хіба толькі ў Лёшкі. Лёшку нельга ведаць, што там будзе за сайт у Віктара. Нікому нельга ведаць. А гэты Алік – ён чужы, ён хутка з’едзе (як піша). Ну, няхай ён і не бескарысліва дапаможа, няхай возьме колькі грошай. Мо ён сам і ёсць той дызайнер, то заробіць грошай…
Віктар: «О’кей, давай заўтра сустрэнемся».
Алік: «Заўтра дык заўтра. Прыходзь у інтэрнэт-кафе, што на вакзале, я там буду да поўдня, комп нумар 10».
Віктар нейкі час сядзеў крыху разгублены ад таго, што адбылося. Справа яго яшчэ больш увачавідкі зрушылася з месца. Тая гара з яго жаданняў, мар і магчымасцей, быццам куча самага разнастайнага металалому, цяпер яскрава набыла форму спраўнага механізма – вялізнага, вычварнага, цалкам маштабаў якога сам Віктар яшчэ не мог уявіць. Ён быў ініцыятарам абуджэння гэтай гары, ён удыхнуў у яе жыццё – і цяпер было па-сапраўднаму страшна: а справіцца ён з гэтай гарой?
Гэтыя яго падглядванні з тэлескопам – дзіцячая забаўка, сёння дастаткова ўсяго двух шчаўчкоў мышкай, каб і следу іх не засталося на кампю’тэры. І не ведае ніхто, і Віктару хутка падасца, што вышка тая яму прыснілася… А вось цяпер гэтыя відэаролікі могуць зажыць самастойным жыццём… Ат, фігня якая! Чаго ён разнерваваўся? Урэшце, якая розніца, дзе будуць тыя ролікі? Ён жа ўсё адно ў любы момант можа іх усе, адным махам, выдаліць, сайт той свой закрыць і сцерці, як яго і не было! Наступае важны момант: цяпер трэба аддаваць грошы. Вось дзе сабака закапаны. Але што тут думаць – гэтых яго 100 долараў ці ёсць, ці няма. Калі і не атрымаецца нічога, калі прападуць – нічога страшнага, не такія і грошы. З другога ж боку – грошы робяць грошы. Хочаш мець – спачатку патраць. Хопіць ерундой займацца…
Назаўтра Віктар сустрэўся з Алікам. То быў хлопец гадоў 25-ці, з рудаватай рэдкай бародкай. Высокі – вышэй за Віктара мо на галаву, хударлявы. У акулярах.
– Аляксандр, – працягнуў руку Віктару і, калі той назваў сваё імя, падкаціў свабодны стул да стала, за якім сядзеў з уключаным камп’ютэрам.
– Так, Віктар, давай па-сур’ёзнаму, – загаварыў Аляксандр. – Мне тваіх грошай не шкада, але хачу проста перасцерагчы, як мяне некалі вопытныя людзі перасцерагалі. Адалт у нашай краіне – забаронены. Сайты знаёмстваў – забароненыя. Ты разумееш, чым можа скончыцца ўсё? – Аляксандр гаварыў ціха, сур’ёзна, але без ценю навучання. – Таму ты пяць разоў падумай…
– Ну, тут не адалт, ¬ – усміхнуўся Віктар. – Трэба рэсурс з добрым наведваннем і зарабіць на партнёрках.
– На адалце ж усё роўна, так?
– Так, трэба адалт-трафік.
– Няма розніцы – порна-баннеры на сайце…
– Ды я разумею. Таму вось і пытаюся – як і што…
– Ну, разумееш, тады бярыся… Дарэчы, сотні паўтары баксаў укласці трэба будзе адразу. Ты думаеш, адаб’еш сваім сайтам грошы?
– Думаю, адаб’ю, – упэўнена ўсміхнуўся Віктар. – У рэгіёне такога няма, а цікавасць будзе.
– Вось як? – крыху дзівіўся Аляксандр. – Ну, тэму не прашу паліць, але ж у нашым горадзе толькі штук пяць форумаў розных…
– То не форум…
– Добра. Твая справа. Калі мы тут, то давай адразу дамен зарэгіструем. Імя прыдумаў? – Аляксандр хутка набраў адрас патрэбнага рэсурсу ў браўзеры, адкрылася старонка з англамоўным тэкстам.
– Якое імя? – ніякавата перапытаў Віктар.
– Каб на цябе… Адрас, па якім на твой сайт заходзіць будуць, – крыху раздражнена адказаў Аляксандр.
– А, гэта... Прыдумаў: рэал кропка ру.
¬Аляксандр здзіўлена з-пад ілба паглядзеў на Віктара.
– Віктар, ты дзіця… Такія імёны даўно занятыя. Другое: у зоне ру ніякага адалту. Порна толькі ў зоне орг магчыма – гэта зона для ўсякага смецця. Але можна не правяраць, такое імя – real.org – будзе занята. Думай давай што мудрэйшае…
– Не ведаю тады… ¬¬ – Віктар павагаўся і дастаў з сумкі фотаапарат, знайшоў той відэазапіс з дзяўчатамі на беразе: – Вось, глядзі: прыкладна такія ролікі будуць.
Аляксандр з цікавасцю ўтаропіўся ў дысплей фотаапарата. Прыцмокнуў языком, вочы яго свяціліся цікавасцю і захапленнем.
– От жа маеш… Малаток! Як ты зняў? – ён вярнуў фотаапарат. – Але – не мая справа. Значыць, твае ролікі – падглядванні?
¬– Так, з вялікай адлегласці…
Тут Віктар нечага напужаўся: чаго ён так раскрываецца перад гэтам Алікам? І вырашыў хоць крыху схітрыць: – Як і што здымаюць – не ведаю. Мая справа – сайт і апрацоўка ролікаў.
– Ды я зразумеў, – працягнуў з загадкавай усмешкай Аляксандр. – Умееш з відэа працаваць. Пахне далёка не прыемным, а з другога боку – чаму гэтаму не быць? Падобнага многа… Цяжка будзе раскруціць, надта ж канкурэнцыя высокая. А вось як па рэгіёне будзе пагалоска, то трафік будзе. То давай у дамене наш горад наперадзе паставім і далей – рэал кропка орг.
– Давай, – узрадавана адказаў Віктар: яму было радасна не толькі ад ідэі імя дамена, але і ад таго, як Аляксандр ацаніў яго ролік і саму ідэю сайта.
– Ну, глядзі, каб потым не казаў, што я цябе кінуў, – усміхнуўся Аляксандр. ¬ – Тут заказваем адразу і дамен, і хостынг на 50 гігоў. Пакуль хостынг на паўгода… Пароль запішы цяпер, і логін таксама. Цяпер скрынку паштовую аформім… Тыя ж логін і пароль… Дома зойдзеш і зменіш пароль на свой… Усё. Суму бачыш? 44 ВМЗ. Я выставіў сабе рахунак, вярнуся дахаты – аплачу. Англійскую ведаеш крыху – то з панеллю кіравання даменам разбярэшся. Панель хостынга таксама не складаная. Пытанні?
– Ды мора ў мяне пытанняў, – паспяшаўся Віктар, бо яму раптам падалося, што Аляксандр, з якім ён адчуваў упэўненасць у сваёй справе, возьме вось зараз ды пойдзе, знікне назусім. – Ну, ты ж казаў, што дызайн, вёрстка… І потым сама КэМээСка… Як настроіць яе? А потым раскрутка…
– Так, хлопча… Я табе шчыра скажу: падказаць табе нешта грунтоўнае, у грунтоўным дапамагчы – я дапамог. А далей, выбачай – то ўжо грошы. Можаш заказаць дызайн на форуме, там і вёрстка…
– А ты ж казаў, што ёсць у цябе знаёмы дызайнер?
– Я і сам дызайню. І вёрстку раблю. Калі хочаш, давай так: выбіраю табе КэМээСку, раблю дыз, вёрстку, настройваю… Здаю табе цалкам гатовае – застанецца толькі садзіцца і заліваць ролікі. Дарэчы, каб добра індэксаваліся старонкі, каб можна было без цяжкасці аптымізаваць – трэба невялкі кантэнт пад кожны ролік… Трэба ролікі разбіваць на раздзелы, тыя разбіваць на больш дробныя… Трэба кантэнт пад раздзелы.
Віктар прысвіснуў.
– Ого, я і не падазраваў напачатку, наколькі ўсё гэта…
– Што? Цяжка?
– Ды не… Неяк… сур’ёзна.
– А ты думаў! – Аляксандр паблажліва ўсміхнуўся. – Інтэрнэт – такое ж месца работы, як і ўсюды. І справу ў Сеціве рабіць – той жа падыход трэба: грунтоўны, удумлівы… Як я зразумеў, структуры сайта у цябе пакуль няма?
– Якой структуры? А… раздзелаў?
– Ды не толькі раздзелаў! Будуць каменціцца ролікі? Будзе нейкая геста? Чат? Магчымасць скачваць ролікі? Магчымасць юзеру заліць свой ролік?
– Так… Мне трэба падумаць над усім, – крыху разгубіўся Віктар.
– Давай, думай. Я распрацую пакуль канцэпцыю дызайну, пастаўлю КМС на сайт, няхай індэксуецца. Так, па грашах… За ўсё пра ўсё сотня баксаў. Каціць?
– Пакаціць, – адказаў Віктар, адначасова рашаючы задачу: дзе знайсці яшчэ 50 долараў? – У мяне з сабой сотня. Гэта на хостынг і палова табе за работу цяпер. Пакуль закончым – будуць астатнія. Так нармальна?
– Нармальна, – махнуў галавой Аляксандр, усміхнуўся з разуменнем: – Што, цяжка вось так выкласці ўсе свае грошы першаму сустрэчнаму? – хлопец відавочна бачыў ваганні Віктара. – Я табе скажу, што ў Сеціве ўсё трымаецца на вось такіх партнёрскіх дамовах. Ніякіх кантрактаў-дагавораў. Так, здараюцца і кідкі. У фрылансе ўсё магчыма. Але – інакш нельга зрабіць усё хутка і максімальна танна.
– Ды я ведаю, здагадваўся… – адказаў Віктар. – Я ж быў на форуме аптымізатараў. Нават спрабаваў капірайтарам падзарабіць.
– Ну, значыць ты ў тэме.
– У тэме. Вось, – Віктар выцягнуў з кішэні соценную доларавую паперку. – Трымай.
– Ты не перажывай, – усміхнуўся Аляксандр. – Ты ж мой нік на форуме ведаеш. А на тым форуме – мая работа. Хто захоча сабе непрыемнасцей, калі збіраецца зарабляць грошы? Дастаткова аднаго паста з абвінавачваннем, як твая рэпутацыя паляціць к чорту. Я тры гады там працую, у мяне кліенты ёсць пастаянныя. У мяне дагаворы здараюцца на 300 і больш долараў. І што – мне кінуць цябе на 50 баксаў і згубіць сваё месца?
– Ды я веру, – ужо спакойна адказаў Віктар – Аляксандр яго пераканаў у правільнасці свайго падыходу да справы. – Значыць, я займуся структурай сайта… Як цябе знайсці?
– Можаш праз форум. Недзе з сямі вечара я там да гадзін трох ночы. Штодня.
– Ну, тады я пайшоў, – узняўся Віктар.
– Давай, – Аляксандр працягнуў яму руку, паціснуў. ¬– Ды не спяшайся, бо пераробліваць куды складаней, чым адразу зрабіць усё.
– Зразумела, – кіўнуў Віктар.
7
Віктар вяртаўся да сябе, і галава яго цалкам была занятая яго сайтам. Так атрымалася, разважаў ён, тое, што ён думаў да гэтага дня пра сайт – проста нейкая агульная думка, просты чарнавы накід. А колькі яшчэ над гэтым чарнавіком працаваць! Трэба наперад падумаць над сістэматыкай, каб юзеру было зручна карыстацца, хутка знаходзіць патрэбнае… Вось ёсць у яго тры ролікі – ужо можна іх разнесці па трох раздзелах. Скажам, «Дзяўчаты на пляжы», «Жыццё ў вокнах» і… як жа пра тых старых прыдумаць? Няхай напачатку «Прыколы»? Не, які тут прыкол? «Розныя людзі»? Ат, не трэба зацыклівацца, вось будзе ў яго ролікаў 10… Стоп, трэба сказаць Аліку, каб была магчымасць дадаваць розныя катэгорыі, мяняць, пры неабходнасці назвы… А цяпер… Цяпер пара браць свой тэлескоп – і наперад, да вышкі. Там і над структурай сайта падумае як след. Заадно кантэнт пад тыя тры ролікі напіша. Колькі ж работы! Трэба адразу над ролікамі да канца працаваць, не зацягваць, а то потым давядзецца сядзець…
Сённяшні шлях Віктара да той вышкі быў падобны на шлях якога іншага чалавека да свайго месца работы – Віктар ішоў упэўнены, спакойны, без ценю хвалявання. Адно, што перад самай вышкай разгарэўся сапраўдны азарт, быццам у якога грыбніка перад узлескам ці ў рыбака перад невядомай затокай: што сёння? Пашанцуе ці не?
За доўгіх пяць гадзін на хісткай вышыні сёння Віктару пашанцавала тройчы. Куды цікавейшы за ўчарашні ролік пра дзяўчат – сёння ў іншым месцы было ажно трое, усе – топлес, разгульвалі па беражку без аніякіх азіранняў па баках. І ўсе – як на падбор: адна хударлявая, грудзі маленькія, невялікага росту, другая – мажная, клубы і грудзі вялікія, усё такое дзябёлае, здаровае. А трэцяя – што тая мадэль: быццам з часопіснага фотаздымка. І быццам прадчувала, быццам ведала, што за ёй сочаць. Віктара аж бянтэжылі яе паводзіны: гэтак яна карцінна выгіналася, аголеная, так пацягвалася, рукі да неба цягнула, ды яшчэ паварочвалася тварам пастаянна да вышкі…
За гэтымі трыма ўдалымі ролікамі было больш за тры гадзіны здымак. Колькі кадраў, якія і пачыналіся як быццам цікава, заканчваліся літаральна нічым. А было, адзін кадр Віктар ледзь не прапусціў. Напачатку навёў быў і сачыў за кампаніяй хлопцаў гадоў па 18–20, іх было семёра. І як падкрэсліванне сваёй недарэчнай прысутнасці сярод іх – адна дзяўчына прыкладна такога ж узросту. Твар яе Віктару не спадабаўся – яна амаль увесь час крывілася ва ўсмешцы, відавочна была нападпітку. Калі пачаў назіраць за гэтай кампаніяй, напачатку баяўся таго, што зараз вось пачнецца агіднае: хлопцы падап’юць і потым усе сямёра накінуцца на адну. Але, што дзіўна, дзяўчыну нават ніхто не кранаўся, наадварот, як абхаджвалі, запальнічку падносілі прыпаліць тонкую цыгарэту, піва прапаноўвалі. І яна сядзела сабе, папівала піва з бутэлькі, паліла адну за адной цыгарэткі.
А вось у хлопцаў узнік нейкі канфлікт: адзін даў другому па шыі. У гэты момант Віктар і пачаў запіс. Але канфлікт як быццам патух… Віктар ужо хацеў выключыць запіс, як на палянку нібы віхор наляцеў: падскочылі ці не ўсе адразу. І пачалося мачылава самае сапраўднае: рукамі, нагамі босымі, усё па-сапраўднаму. О, такі ролік хоць бяры і агучвай, як тыя індыйскія кіно з дапамогай кавалка мяса: плясь ды плясь. Хто супраць каго – не разабраць. Адзін супраць усіх, і ўсе супраць аднаго. Праз дзве-тры хвіліны трое апынуліся на зямлі з тварамі, залітымі кроўю. На карачках папаўзлі да берага, да вады. Нарэшце толькі двое засталіся на нагах, спыніліся… абняліся і таксама пайшлі да вады. Там была ці не ідылічная карціна: усе мыліся адзін побач з адным, і ніхто ні на каго не зіркаў варожа. Мала таго – абмыўшы твары, хлопцы зноў паселі за разасланым на траве стракатым пакрывалым з горкай сушанай рыбы ў цэнтры і бутэлькамі піва па краях. І смактанне піва працягвалася! Мірна і спакойна, з усмешкамі і смехам… Але што найбольш уразіла, дык гэта паводзіны дзяўчыны: увесь гэты час кароткай бойкі яна нават з месца не кранулася, не паварушылася, быццам нічога абсалютна не адбывалася – пасмоктвала піва ды паліла… Бы тая каралева на турніры ў яе імя.
Віктар хоць і радаваўся ўдачы, аднак радаваўся чыста прафесійна, ці што. Цяпер, не толькі здымаючы, а спрабуючы адразу класіфікаваць знятае ды яшчэ рабіць накід нейкага тэкставага анонса, ён па-сапраўднаму разумеў усю складанасць работы. Вось прыдумай назву для роліка, каб яна зацікавіла юзера? Напішы анонс кароткі, але такі, каб прабег хто вачыма і абавязкова шчоўкнуў, паглядзеў… Ну, назва як быццам падабралася – «На выбарах караля для каралевы». А што? Тут адна красуня сядзела, хлопцаў сямёра, вырашылі яны выбраць аднаго, самага моцнага, адважнага, спрытнага. Тут што галоўнае? Не быць надта сур’ёзным, сцёбу пабольш, гумару, крэатыву…
Хоць, па праўдзе, як гумарыць і як сцябацца, праглядваючы трэці адзняты за сёння ролік, Віктар не ведаў.
…Без асаблівай надзеі ён навёў тэлескоп на чарговае аўто, што прытармазіла між двух стагоў-кустоў. Ужо колькі такіх «сустракаў» – нічога цікавага. А тут выйшаў мажны такі дзядзька у гальштуку, а з ім – ну зусім яшчэ дзяўчо. Спадніца кароткая, блузка расшпілена нізка. Праз колькі часу на паляне з’явілася «паляна»: прысмакі і каньяк – Віктар гэта добра разглядзеў.
«Начальнік нейкі», – вырашыў для сябе Віктар. Бо які яшчэ смяротны можа піць, адначасова ведаючы, што яму праз гадзіну-дзве садзіцца за руль аўто?
«Паляна» гэтай няроўнай пары размяшчалася амаль пад кустом, які быў бліжэй да Віктара, і таму ўсіх падрабязнасцей ён не бачыў – іх хавала рэдкая лістота.
Гэты мужык пасля першай жа выпітай чаркі палез да дзяўчыны. Умомант з яе твару знікла ўсмешка. Яна стала супраціўляцца, памкнулася адсунуцца падалей. «Дурніца, што ж ты на такі беражок з гэтым кабаном едзеш, а цяпер супраціўляцца пачала… Кабан не даруе, ён жа прывык…»
І ён быццам пачуў думку Віктара – заляпіў аплявуху дзяўчыне так, што яна паляцела потарч. За лістотай не было відаць выразу яе твару. А гэты кабан нешта крычаў, уладна паказваючы рукой…
Гідлівасць душыла. І яшчэ – ніколі раней не зведаная прага рэальна магчымай помсты. «Сволач, пачакай, ты яшчэ пашкадуеш, ты яшчэ паскачаш!»– Віктар круціў калёсікі настройкі, наводзячы плаўна тэлескоп з на аўто, на нумар яго… О, якім салодкім было гэта пачуццё – адчуванне сваёй асабістай магчымасці па-асабліваму пакараць гэтага бажка зямнога, паказаць яму, што ёсць і над ім нейкая сіла, яму непадуладная. І галоўнае – тайная сіла. От будзе ж гэтай сволачы цудоўны вечарочак, калі яму нехта дасць спасылку на гэты ролік!
Так, неабходна зрабіць магчымасць для юзераў, каб яны пакідалі каменты – нехта абавязкова пазнае і начальніка гэтага, і аўто яго. От будзе сапраўднае кіно! «Пазнай гэту скаціну!» – вось такой будзе назва раздзела!
Гэты трэці ролік стаў для самога Віктара адкрыццём. Ролік змяніў яго ролю простага назіральніка і паляўнічага за пікантнымі ды цікавымі кадрамі. Віктар адчуў сябе таямнічай сілай, сілай справядлівасці, абаронцам пакрыўджаных. Не, ён не той дзіўнаваты Дон Кіхот, ён хутчэй невядомы нікому, загадкавы Зорра… Быў некалі стары, наіўны фільм пра мсціўца ў чорнай масцы, абаронцу слабых і пакрыўджаных, які пакідаў пасля сябе загадкавы знак «Z». Вось, між іншым, неблагі знак і для самога сайта: «Фільмы аператара Z». Няблага…
Віктар вяртаўся дадому з тэлескопам, упэўнены ў тым, што задуманы ім сайт – проста неабходны. Што ён робіць правільна, вырашыўшы такім чынам зарабіць сабе грошай. Што ён мае поўнае права атрымаць нейкае матэрыяльнае ўзнагароджанне за такую вось яго барацьбу з гэтай распустай, брыдотай…
Брыдоту, самую сапраўдную, ад якой хацелася збегчы, якую не хацелася бачыць, праз два дні Віктар здымаў, проста навёўшы тэлескоп, і толькі ў першыя хвіліны назіраў, больш для факусіроўкі ды рэгуліроўкі павелічэння. То быў поўны трэш…
Рака сіняй стужкай вілася між зялёных кустоў, міма паплавоў у жоўтых кветках лотаці, шумеў жыццесцвярджальна лес вакол, светлай радасцю свяціўся высокі блакіт неба і сонца грэла зямлю… Зямлю, на якой рабілася ў гэты час чужое для жыцця, вычварнае – двое п’янаватых маладых мужчын і зусім п’яная жанчына, куды старэй за іх, з бляклым, мятым тварам ладзілі сваё гульбішча. Абодва мужчын былі каротка падстрыжаныя, у аднаго грудзі і плечы – ў сініх наколках. «Зэкі, мабыць, толькі вызваліліся», – падумаў Віктар пра іх.
Жанчына ж выглядала бязвольнай, як лялька з ануч, зацягнутая ў скуру. Бледны твар, выцвілыя вочы без адзінага агеньчыку пачуцця…
Дома, апрацоўваючы гэты ролік, які атрымаўся даўжэйшы за ўсе, Віктар не мог пазбавіцца пачуцця гідлівасці і ненатуральнасці ўсяго, што адбывалася ў фільме. Дапамагло толькі тое ўжо самастойна, незалежна ад яго жыўшае ў ім адчуванне магчымасці неяк паўплываць, няхай і пазней крыху, на гэтую брыдоту, выкрыць яе, паказаць усім ганебнасць і агіду таго, што можа існаваць, хаваючыся, маскіруючыся пад маскай прыстойнасці і паўсядзённай гульні ў нармальнасць.
Сайт цалкам захапіў Віктара – увесь свой вольны час ён аддаваў яму. А паколькі ніякіх іншых абавязкаў у гэтую пару ў яго не было, то, лічы, усе 24 гадзіны ў суткі Віктар жыў сваёй ідэяй, бо сайт не адпускаў яго і ноччу: яму снілася яго назіральная вышка, стужка ракі, вокны дамоў, у якіх сварыліся, кахаліся, распраналіся, апраналіся, вячэралі, пілі, балявалі – адным словам, жылі людзі.
Віктар згубіў лік дням, адно памятаў пра пятніцу, суботу і нядзелю – у гэтыя дні шмат людзей збіралася на тым беразе ракі, шмат што цікавага можна было пабачыць у вокнах дамоў. Колькасць адзнятых ролікаў расла, да позняй ночы Віктар сядзеў над іх апрацоўкай, складаннем тэкстовак.
Наступны тыдзень прынёс для Віктара яшчэ адну знаходку. Недалёка ад іх дома на пустцы узводзілі шматпавярховы дом. Ужо выраслі восем паверхаў. Пазіраючы на яго, Віктар раптам падумаў аб тым, што з таго дома адкрываецца ўвесь іх «спальны» раён. У той жа падвячорак ён схадзіў на разведку – будка ахоўніка будоўлі знаходзілася далёка, ля закладзенага фундамента чарговай шматпавярхоўкі. Без асаблівай цяжкасці Віктар па лесвіцы без парэнчаў (трохі страшнавата было) падняўся на апошні паверх. І застыў, уражаны тым малюнкам, які адкрыўся перад ім. Промні заходзячага сонца адбіваліся ў вокнах жылых дамоў, і складвалася ўражанне, што тыя свяціліся самі жывым і трапяткім святлом.
«Цудоўна, проста цудоўна», – Віктар быў у захапленні ад перспектывы. Столькі вакон! І за кожным штовечар ідзе сваё жыццё, за кожным нешта адбываецца цікавае: вясёлае ці драматычнае…
Калі згусцілася цемра, Віктар ужо быў на сваім «назіральным пункце». Устанавіў свой тэлескоп так, каб нельга было заўважыць знізу, – глыбей у памяшканні. На шырокую лоджыю вырашыў не выходзіць. Дзве доўгія гадзіны тут далі мала плёну: толькі два больш-менш цікавыя ролікі, але ўжо на надакучлівую тэма пераапранання. Але Віктар, ужо займеўшы вопыт на вышцы ў лесе, не адчайваўся: і адзін добры ролік за дзень – удача вялікая.
І гэтая ўдача яму ўсміхнулася назаўтра менавіта тут, на гэтым недабудаваным паверсе. Хоць пашанцавала ў гэты дзень яму і на вышцы ў лесе – зняў сцэну кахання. Не пошлага сексу, а менавіта цнатлівага і кранальнага, пяшчотнага кахання. Сумняваўся напачатку, ці выкладаць гэты ролік у Сеціва, вырашыў, што трэба: няхай вучацца не толькі як не рабіць, але і як рабіць. А твары закаханых ён прыкрые ў праграме…
А тут у акне адным зняў сямейныя разборкі. Было б сумна ад сваркі, а затым даволі жорсткай бойкі, каб потым ён і яна (не маладыя ўжо) не селі за стол, на якім з’явілася пляшка віна. Яны выпілі раз і другі, а потым, седзячы адзін ля аднаго, абняліся, суладна ківалі галовамі і пакачваліся з боку ў бок. Спявалі! От жа людзі: тут сварацца, аплявухі адзін аднаму адвешваюць, тут жа і спяваюць разам. Вось якое яно, жыццё сямейнае…
На вокны свайго дома Віктар тэлескоп не наводзіў ні аднаго разу. І на вокны суседзяў таксама.
Калі ўжо збіраў тэлескоп (хопіць і аднаго роліка), адчуў вібразванок мабільніка. Глянуў – прыйшла СМС-ка ад Мэры. «Я дома». Спускаўся ўніз з тэлескопам і думаў над тым, як хутка праляцеў тыдзень. Ды не ж, цэлых дзевяць дзён прайшло, як ён апошні раз размаўляў з Мэры. Ух ты, колькі ж ён паспеў зрабіць! А колькі яшчэ не паспеў… Патэлефанаваў Мэры:
– Прывітанне! Ну, расказвай, як адпачывалася?
– Цудоўна было, але сумна.
– Што, не было каму забавіць такую прыгажуню?
– Ат, адны дзеці саплівыя. Ты што парабляў?
– Ой, не пытайся… Я заняты так, што не ведаю, якое сёння чысло.
¬– О, і чым жа заняты? Паэму пішаш?
– Так… Лічы, паэму… Незвычайную, – адказаў Віктар, у думках падзякаваўшы дзяўчыне – не трэба будзе асабліва тлумачыць сваю занятасць.
– Ты мне абяцаў нешта паказаць і ўсё расказаць, – гулліва нагадала Мэры. – Чым ты мяне гатовы здзівіць?
– Не гатовы пакуль, – з напускным жалем адказаў Віктар. – Ёсць толькі накід.
– Што, не пакажаш?
¬– Пакажу і раскажу, ¬ – паабяцаў Віктар. – Давай сустрэнемся каля нашага інтэрнэт-кафэ. Праз колькі цябе чакаць?
– Давай праз гадзіну.
– Выдатна, я буду…
Невялікая непрыемнасць чакала Віктара на парозе ўласнай кватэры – у пярэдняй яго сустрэла маці.
– Дзе гэта ты з тэлескопам прападаеш?
– Так, назіраю, – стараючыся быць абыякавым, адказаў Віктар.
– І за чым назіраеш? Ці мо за кім?
– За Марсам я назіраю! – незадаволена адказаў Віктар.
– Дык чаму не са свайго балкона? – не адставала маці.
– А што, мне нельга з іншага месца назіраць?
– Можна, вядома… Толькі ж які сэнс…
– А сэнс у тым, – разгарачыўся Віктар, – што з нашага балкона Марс не відзён. Потым: вельмі многа святла на зямлі, яно збівае малюнак. Ты гэта ведаеш, чаго ты чапляешся да мяне?
¬– Божа, чаго ты крычыш? – здзівілася маці. – Чаму гэта я чапляюся? Я, як маці, пытаюся, дзе бавіць свой час мой сын. Я маю на гэта права?
– Вядома, маеш, – спакайней адказаў Віктар. – А я маю права на нейкія свае справы, згадзіся. І я не ў пясочніцы ўжо гуляюся, каб аб кожным сваім кроку табе расказваць, не так?
– Так, вядома, ¬– з крыўдай у голасе адказала маці. – Толькі нейкі ты вельмі ж нервовы стаў.
– У мяне ўсё добра! Вельмі добра. Проста я цяпер рэальна вельмі заняты.
– Дык чым жа? Ці гэта такі сакрэт, што і родным знаць нельга? – спытала маці.
– Зарабляю грошы.
– І як, можна даведацца?
– Як-як… Так і зарабляю. Адзін чалавек робіць сайт пра зоркі, планеты. Я раблю яму здымкі. Акрамя здымкаў пішу вершы. Вось, бачыш? – Віктар паказаў маці свой рабочы сшытак з чарнавікамі тэкстовак.
– Ну і чаго тады псіхаваць, калі маці папыталася пра такое?
– Ды я не псіхую, – адказаў Віктар з палёгкай. – Стаміўся проста. Ёсць што вячэраць? Мэры прыехала, мы з ёй сёння сустрэнемся.
– На пліце вячэра, – ужо лагодна адказала маці. – Ідзі, еш…
Віктар еў на кухні адзін, у цішыні. Еў і разважаў пра сябе: сёння ён ілгаў маці так проста, без усякай падрыхтоўкі. «Экспромты заўсёды атрымліваюцца лепей за плануемыя рэчы», – білася міжволі думка. Было трохі прыкра, але хіба можна было не ілгаць? Не расказваць жа праўду пра сайт сапраўдны. А так выдатна ўсё прыдумалася і пра сузор’і, і пра заробкі… Ніякіх пытанняў больш не будзе. А калі днём з тэлескопам… Дробязь – птушак у лесе высочваць… Толькі трэба будзе наскачваць розных фотаздымкаў, каб, калі пацікавіцца, паказаць…
8
Мэры ўжо чакала яго: загарэлая, вясёлая, трошкі нервовая. Лёгка чмокнула яго ў шчаку, зазірнула ў вочы:
– Я так сумавала, праўда…
Віктар хацеў адказаць такімі ж словамі, але зразумеў, што не атрымаецца шчыра. А Мэры адчуе самую кроплю фальшу ў яго голасе і настроі – у гэтым ён ўпэўніваўся не адзін раз. І дакладна ведаў, што Мэры не пераносіць няшчырасці.
– А мне сумаваць не было калі, – з уздыхам адказаў ён. – Вось ішоў з табой на сустрэчу – і першы раз галава была свабодная ад думак. Ты мне нібы акенца са свежым паветрам адчыніла.
– Выдатна, – усміхнулася Мэры, было відаць, што яна задаволеная адказам Віктара. – Дзякуй, што не стаў несці лухту пра свой сум. А заўтра я табе адчыню цалкам дзверы: едзем на цэлы дзень на возера. Хачу, каб ты зацаніў мой загар і мой новы купальнік.
– Скажы лепш – цябе ў новым купальніку.
– Няхай і так, – Мэры шчоўкнула яго па ілбе. – Не трэба дагаворваць за жанчыну ўслых тое, што яна сказала між слоў! Дарэчы, мы яшчэ на Новы год з табой дамовіліся аб такой паездцы: каб толькі ўдваіх і на ўвесь дзень. Я, як сапраўдная гаспадыня, буду збіраць розныя прысмакі, а ты, як гаспадар, пацягнеш сумку… Так?
– Так, – без асаблівага энтузіязму кіўнуў Віктар, павярнуўся сам і пацягнуў за руку Мэры: – Пайшлі, пакажу, што я навучыўся рабіць…
Віктар і не чакаў надта вялікіх эмоцый Мэры ад свайго сайта на Юкозе, дзе змясціў фотаздымак Мэры, апрацаваны ў Фоташопе. Але і яе абыякавасці таксама не чакаў. Мэры ж засталася не проста абыякавай – яна пакрывілася, як ад кіслага.
– Віць, я сама ў Фоташопе не горш за цябе ўмею, бацька яшчэ год назад навучыў. Я думала, ты свой сайт зрабіў, калі сюды паклікаў…
– Дык жа зрабіў… – Віктар амаль што пакрыўдзіўся. – Між іншым, я тыдзень сядзеў, разбіраўся ў сайтах, як яны робяцца. Нават HTML зараз ведаю. Галава апухла была, мазгі праз вушы капалі…
– Я пра другое… ¬– стала апраўдвацца Мэры. – Даўно хацела табе прапанаваць: давай свой сайт зрабі. Між іншым, я нават дыз тваёй першай старонкі была накідала.
– І што толку з таго хамяка? – паморшчыўся Віктар. – Зойдзе 30 чалавек па разу, і ўсё.
– Што толку, што толку… Гэта ж як кніжка.
– Мне сапраўдная кніжка трэба, – цвёрда адказаў Віктар.
– Дык давай зоймемся! У мяне на компе ёсць праграма вёрсткі, нясі свае вершы! Слухай, гэта ж цікава будзе! Бацьку папрашу, раздрукуюць там у рэдакцыі на лазерніку 30 экземпляраў, ім дробязь. Цікава ж будзе! – У вачах у Мэры загарэліся іскрынкі азарту.
– Лухта гэта будзе, а не кніга, – асек яе Віктар. – Я спрабаваў… Трэба вокладка, трэба адмысловая прашыўка, трэба абрэзка па фармаце…
– Слухай, усё зрабіць рэальна і магчыма! Трэба толькі пачаць!
– Пайшлі на вуліцу… – Віктар узняўся з-за камп’ютэра. – Я пачаў… Але я хачу выдаць кнігу. Сапраўдную. У сапраўднай друкарні.
– Гэта ж дорага! Дзе ты столькі грошай возьмеш? – нечага аж спужалася Мэры.
– Я знайшоў заробак.
– Во як? І дзе?
– У Інтэрнэце. Не пытайся толькі, які, – папярэдзіў з усмешкай.
– Чаму ты вырашыў ад мяне гэта схаваць? Нешта не зусім прыстойнае? – Мэры збіралася пакрыўдзіцца.
– Не крыўдуй, але не магу сказаць, – цвёрда сказаў Віктар.
– Але чаму? – у голасе Мэры ўсё ж пачулася крыўда. – Што я, чужы чалавек табе?
– Не чужы, але гэта мая справа, разумееш? І маёй застанецца.
– Ну… няхай твая. Але я не разумею, чаму мне нельга пра яе расказаць. Другое: навошта ты мне вешаеш лапшу пра гэтую справу? Нейкая дзіцячая гульня атрымліваецца: я нештачка ведаю, а табе не скажу!
– Слухай, ты можаш крыўдаваць, можаш зразумець мяне і не крыўдаваць.
– Выбачай, але не магу зразумець! Што гэта за работа такая, што яе ад мяне хаваць трэба? Якой работы ты можаш саромецца? Ды хоць туалеты мыць ці грошы на ўваходзе збіраць – абы чэсны заробак. А так думай цяпер, чым ты такім займаешся, што аж сказаць нельга…
– Лічы, дзяржаўны сакрэт. Тайная работа, – паспрабаваў аджартавацца Віктар.
– Здзекуешся?
Віктар адчуў, што да канфлікту застаўся літаральна крок. Ён не хацеў канфлікту. Ніяк не хацеў. Але цяпер, у гэтыя дні ўсё адышло на задні план. Найгалоўнейшым быў сайт. Сайту трэба час. І гэты ж час трэба ахвяраваць для Мэры. Ён змог бы дамовіцца з Мэры аб сустрэчах не штовечар, а праз дзень. Але і нейкі дзень ці два трэба таксама аддаць ёй. А кожны дзень – гэта два ці тры ролікі. Кожны вечар – яшчэ ролік ці два, апрацаваныя ролікі, напісаныя тэкстоўкі. Гэта крок да яго мары. А Мэры не проста запавольвае гэты рух. Калі падпарадкавацца яе капрызам – нічога ўвогуле не атрымаецца. Калі толькі заікнуцца аб тым, што яму няма калі тупа гуляць па вечарах, хадзіць на танцулькі, марнаваць час на возеры, – яна запсіхуе. Яна не разумее, што такое згублены час. Яна не зразумее, што час – гэта грошы! І што ў Віктара яшчэ няма 50 долараў, якія ён павінен аддаць Аліку. Ад яго якраз прыйшоў ліст. Алік паведаміў, што гатовы паказаць зробленае. Казаў, што сам не чакаў, што атрымаецца так стыльна. Дзіва, але ідэя пра літару «Z» і Аліку прыйшла ў галаву! Тэлепатыя… Але Алік пасмяяўся і сказаў, што сама ідэя сайта падказвае на гэтую загадкавую літару, якая дэманструе сабой асаблівасць пераварочвання свету: гэту літару можна перавярнуць на 180 градусаў – і ніхто не заўважыць падмены. То і сайт, яго ідэя – паказаць той самы перавернуты бок свету…
Мэры не зразумець гэтага! Ёй не зразумець і саму ідэю сайта! Паказаць ёй пару ролікаў – яна абвінаваціць Віктара ў… Ды ў чым заўгодна! У безгустоўнасці, у подласці, у сволачнасці… Як быццам яе бацька, рэдактар гарадской газеты, не займаецца фактычна тым жа! Хіба на старонках гарадской газеты не бывае фотаздымкаў, ад якіх потым асобным людзям не бывае сорамна? Але Мэры не дакажаш…
– Я не здзекуюся, – адказаў Віктар холадна. – Але ў нейкі момант ты павінна зразумець і мяне і лічыцца з маімі жаданнямі і справамі. Я сказаў, што не магу расказаць, – значыць, такія умовы. Што ты дапытваешся, бы маці ў сына-падлетка? Я працую, кожны дзень, кожная гадзіна – гэта крок да маёй кніжкі. А табе на гэта напляваць, табе танцулькі наўме ды плёханне ў возеры. Зразумей: танцы будуць, возера не высахне. А для мяне час – гэта грошы. Лета закончыцца – магчымасць працаваць закончыцца. Усё!
– Вось як… – Мэры прыкусіла вусны, прыжмурылася. – Ніколі не думала, што буду табе замінаць у нечым. Думала, якраз дапамагу. Ну, калі замінаю – калі ласка, не буду турбаваць. Пакуль!
Мэры імкліва збегла ўніз па прыступках (пакуль яны размаўлялі, стаялі на прыступках інтэрнэт-кафэ) і пайшла шпарка па вуліцы, высока ўзняўшы галаву. Так шпарка пайшла…
Віктару было шкада яе. У нейкае імгненне варухнулася жаданне дагнаць, павініцца. Патлумачыць яшчэ нешта. Мо яна б і зразумела і дала неабходны час, не назаляла з сустрэчамі і загараднымі паездкамі… Але – не. Атрымалася дык атрымалася. Памірыцца яны заўсёды паспеюць. І раней не раз сварыліся, па тыдні не размаўлялі. Месяц хутка пройдзе. За месяц Віктар наздымае ролікаў столькі, колькі неабходна для старту яго праекта… А Мэры зусім не абавязкова ведаць пра гэты праект. Нікому не трэба ведаць. Нікому… У таго Зорра быў толькі адзін памочнік – яго служка. І ў Віктара ёсць памочнік. Гэтага хопіць.
50 долараў Віктар папрасіў у бацькі.
– Я прашу ў цябе ў доўг, ты зразумей, – трохі саромеючыся, казаў ён бацьку на кухні. – У маці я ў доўг не папрашу. Дакладна ведаю, што вярну. Проста справа ў мяне такая: каб зарабіць грошы, трэба напачатку ўкласці. Сам ведаеш…
– Ведаю, – сур’ёзна адказаў бацька. – Сёння без першапачатковага капіталу не зрушыш з месца ні адну справу. Нават для падмятання вуліц трэба напачатку купіць мятлу, спецадзенне. Твая справа… Яна, спадзяюся, годная і вартая таго часу, сродкаў і высілкаў, якія ты траціш і патраціш?
– То дакладна. Толькі не пытайся, якая. У Інтэрнэце гэта.
– Я і не пытаюся, што канкрэтна.
– Так, справа вартая таго, каб ёй заняцца.
– Тады ў доўг даю без праблем. І нават без працэнтаў, – усміхнуўся бацька. – Глядзі толькі: грошы – гэта сродак, разумееш. Сродак для дасягнення мэты. Але ніколі яны не павінны стаць мэтай.
– Не перажывай, – адказаў Віктар. – Мая мэта – кніжка. Вось на яе трэба сродкі – грошы. Іх я і хачу зарабіць.
– Тады выдатна…
Віктар спадзяваўся менавіта на такі рэзультат размовы з бацькам. Ды як было не спадзявацца – з бацькам яны даўно паразумеліся.
Радасць чакала Віктара пры сустрэчы з Алікам. Сам Алік не хаваў свайго задавальнення ад зробленага:
– Шанцуе табе, хлопча – у мяне такі настрой быў, што за 14 гадзін зрабіў увесь дыз і нават не стаміўся. Ідэя спадабалася. Глядзі…
Віктар ахнуў: перад ім была старонка нейкай прафесійнай студыі. Гэтак усё адмыслова, сур’ёзна і стыльна… «Студыя «Z» Тое, што мы хаваем Скрытая камера ў нашым горадзе Пазнай сябе».
– Крута! – у захапленні вымавіў Віктар.
– А то… – усміхнуўся Алік. – Цяпер глядзі функцыянал: уваход у адмінку – тут дабаўляем, рэдагуем, сціраем, сочым за каментамі. Каменты пад кожным ролікам можна ці дазваляць, ці не дазваляць. Каменты таксама можна паставіць на прамадэрацыю…
– Гэта як?
– Ну, камент чалавек пакіне, але ён не з’явіцца, пакуль ты яго не пачытаеш і не дасі дазвол на публікацыю. Ролік кідаеш, выбіраеш любы раздзел. Назвы раздзелаў можна мяняць у любы час. Тут вось пакінута месца пад банеры. Карацей, пароль табе вядомы, садзіся за комп і разбірайся. Не забудзь змяніць паролі на ўсё, каб толькі ты быў гаспадаром. Мне іх ведаць больш не трэба.
– Выдатна, проста выдатна… Вось твае 50 баксаў, дзякуй. Пайду круціць…
– Чакай! – спыніў Віктара Алік. – Я ж табе казаў: з дому не працуй. Па ІР праб’юць, калі нехта зоймецца пошукамі ўладальніка.
– Дык у мяне ІР дынамічны…
– А, ну гэта іншая справа. Але ўсё адно, я б табе раіў закачваць ролікі адсюль. І танней будзе, і хутчэй, і бяспечней. І адмініць будзеш – лепш старайся тут. Сайт ужо ў сетцы, няхай індэксуецца. Але ж рэкламаваць пакуль няма чаго…
– Ну, у мяне паўтара дзесятка ролікаў гатовых з тэкстоўкамі, – падзяліўся сваім поспехам Віктар. – І даволі цікавыя.
– Малаток, не сядзеў, – пакруціў галавой у захапленні Алік. – Значыць, пойдзе ў цябе справа, сур’ёзна адносішся.
– Што б я без цябе рабіў, – шчыра выгаварыў Віктар. – Наўрад ці што ў самога атрымалася. Прапаў бы мой заробак.
– Ну, усе мы адзін аднаму дапамагаем. Самі і вучымся, – адмахнуўся паблажліва Алік. – Некалі і ты мне дапаможаш у чым.
– Я? Ты столькі ведаеш…
– А што ты? Вось раскруціцца сайт, стане папулярным. Вырасце ТІЦ за сотню, а PR – да чатырох-пяці – адна спасылка з галоўнай на месяц пацягне паўсотні баксаў, а скразняк – на паўтары. То ты мне па дружбе, глядзіш, і размесціш спасылку на які мой рэсурс, а?
– Без праблем! – радасна паабяцаў Віктар, узбуджаны ад яшчэ і такой перспектывы.
Дома ён з нецярпеннем уключыў камп’ютэр, хутка набраў адрас у браўзеры. Чорт… Як прыгожа! Як хвацка! І гэта – яго сайт! Ах, як цягнула вось зараз жа пачаць працаваць, стварыць раздзелы-катэгорыі, заліць колькі ролікаў… Не, трэба пачакаць. Старт павінен быць выбуховым! Каб ніхто не змог перахапіць ідэю. Потым, потым ён зарэгіструецца на ўсіх гарадскіх форумах і сайтах, раскідае спасылкі на свой сайт. І яшчэ была рэкламная ідэя: самыя элементарныя аб’яўкі на слупах, на прыпынках аўтатранспарту, ля магазінаў. Няхай і сарвуць потым, але ж будзе толк!
Не сядзелася без справы. Але ісці сёння ў лес на сваю вышку Віктар не збіраўся. Са свайго балкона надта не паназіраеш – дзень, на будоўлі работа ідзе. Хіба на дах залезці? А што? І пазагарае заадно…
…Што падказала Віктару навесці тэлескоп на дзяцей у суседнім двары ў той момант – хто ведае. Хутчэй, гэта была ўжо прафесійная інтуіцыя. Звярнуў увагу на пясочніцу. Пяску там засталося мала, дзеці выграблі, абгароджана пясочніца была высокімі сценкамі. Зрэшты, і дзяцей было мала, толькі двое малых займаліся нечым незразумелым. Віктар прыгледзіўся – і ахнуў.
Дзеці гулялі ў секс! На самай справе: дзяўчынка і хлопчык гадоў па чатыры-пяць імітавалі ў пясочніцы усе тыя рухі, якія могуць быць толькі пры адным занятку. Гэта было трохі дзіка бачыць, але уражвала іншае: міма праходзілі людзі, на лавачцы сядзелі жанчыны, мо і іх маці-бабулі… Віктар здагадаўся: дарослыя з-за высокіх борцікаў пясочніцы не бачаць «гульні» дзяцей. «А божачка», – цэлая гамма пачуццяў сплялася ў душы ў адзін клубок, і нічога не прэвалявала. Тут і агіда пэўная, і смех, і адчай незразумелы…
«Але ж недзе яны гэта бачылі! А што тут дзіўнага бачыць – і не ў порнафільмах такіх сцэн хапае. Вось гэта выхаванне… Што ж, цудоўная назва будзе: «Дарослыя гульні ў пясочніцы». Вось, яшчэ адзін раздзел атрымаўся: «Дзеці». Значыць, трэба шукаць яшчэ прыколаў якіх…»
Але прыколаў у гэты дзень больш не атрымалася. І гэты прыкол закончыўся хутка: ад лаўкі адразу дзве жанчыны сарваліся з месца. «Секс у пясочніцы» закончыўся…
Гадзіны чатыры, аж пакуль не пачало шарэць, Віктар «паляваў» за дзецьмі. І недарэмна! Зняў дзяўчынак, зусім яшчэ малыя, а забіліся за вугал будоўлі, паселі на блоках будаўнічых і там курылі. А потым аднекуль з’явілася бутэлька віна. Сухога хоць – тое Віктар разгледзеў пры большым павелічэнні.
Яшчэ адзін ролік: бойка хлопчыкаў гадоў па 10-12. І так жорстка… Віктар быў перапоўнены ўражаннямі яшчэ ад таго «сексу» і тусоўкі дзяўчынак, а тут такая бойка… І тут хлопцы капіравалі – ужо сапраўдную бойку з сённяшніх тэлеэкранаў: імкнуліся біцца нагамі, білі ляжачага…
Непрыемны халадок у жываце нагадаў Віктару аб тым, наколькі ён сам баіцца боек. Так склалася, што Віктар увогуле ніколі не біўся. Ад сваіх аднагодкаў, ад сяброў у двары ён быў часцей крыху ў баку, імкнуўся з самага малога ўзросту пазбягаць канфліктаў. Калі адчуваў, што можа ўспыхнуць бойка, – уцякаў. Яго ніколі не білі ні маці, ні бацька. Калі казаць шчыра, то Віктар зведаў толькі адзін фізічны боль – зубны… Біўся ён хіба што на маніторы, у час якой гульні. Толькі там яго збівалі з ног, білі, нават і забівалі… Але ж там не баліць.
У прыцемках удалося зняць яшчэ «кіно». Добра, што галоўныя героі былі ў святле вялікага ліхтара, што на доме. Здымаў прама фотаапаратам, бо надта блізка адбывалася дзея. Жонка сустракала п’янага мужа ля пад’езду. Ух, як лаялася жанчына! Далёка-далёка разносіліся яе слоўцы, ад якіх, кажуць, і сцены чырванеюць… Прыкольны ролік атрымаўся. І добра, што завяршыўся дзень хоць з такім гумарам. Бо папярэднія ролікі хоць і не былі надта сур’ёзнымі (дзеці ўсе ж), аднак смешнага там было мала. Адна прыкрасць…
Назаўтра зранку патэлефанаваў Юрыс.
– Слухай, ты дзе прапаў? Разы тры тэлефанаваў, тэлефон адключыў ты ці што? Паехалі на возера! Кампанія падабралася, ўсе нашы, шашлык замуцім. Піва Антон прастаўляе за свой дзень нараджэння. Павінна быць крута.
– Не магу, справы ў мяне, – паморшчыўся Віктар. От жа людзі, калі самім няма чаго рабіць, то упэўнены, ва ўсіх так… Дадаў нецярпліва: – Калі справа якая – пытай, бо мне няма калі.
– Ні фіга сабе, ты там запрацаваўся! Мільянерам хочаш стаць?
– Юрыс, харэ трапацца. Я сказаў, што заняты. Можаце вы ўявіць, што я з’ехаў з горада, мяне няма, я захварэў, памёр у рэшце?
– Ну ты і дурны! – адрэзаў Юрыс. – Нашто плявузгаеш на сябе? Мне вунь бабка казала…
– Мяне на калышуць расказы тваёй бабкі і твае ўласныя, – зазлаваў Віктар. – Усё, мяне няма ў горадзе!
– Ага, ясна, – сумна адказаў Юрыс. – Не турбаваць, не кантаваць, пры пажары выносіць першым… Без цябе ж кампанія не тая…
– Абыдзецеся!
Віктар адключыў тэлефон. Так і ёсць: Мэры расказала Юрысу, што яны пасварыліся. Знайшоўся міратворац! Сам разбярэцца, прыйдзе час. Усё няважнае – потым, сёння ўсё другаснае, акрамя аднаго: сайта…
З дзецьмі няблага атрымалася, трэба цікаваць і цікаваць. З аднаго боку, сюжэты бяскрыўдныя, бяспечна такія ставіць. Ніхто не закрыўдуе. Шкада, на іх возеры няма паблізу нічога такога, адкуль можна б было назіраць. На возеры людзей куды больш… Але ж і такіх пікантных момантаў не асабліва знойдзеш. Ды што ён пра возера думае? Захацелася адным вокам пабачыць, як тусавацца аднакласнікі будуць? Ды ну іх… Сваіх здымаць не будзем…
9
Тыдзень быў як ніколі «гарачы»: з ранку Віктар спяшаўся ў лес, вечарам гадзіны тры праседжваў на будоўлі. Тут ён узняўся з дапамогай будаўнікоў яшчэ на два паверхі – агляднасць павялічылася, яшчэ колькі далёкіх акон адкрывалі сваё вячэрняе жыццё аб’ектыву тэлескопа. Часу апрацоўваць ролікі амаль не засталося, і Віктар адклаў гэту работу на потым. Бо маці і так стала неяк занадта падазрона глядзець на яго сядзенне за компам да трэціх пеўняў.
З сярэдзіны тыдня задажджыла. Віктар усеўся за апрацоўку ролікаў, перапісванне чарнавых накідаў тэкстовак. Калі распагоджвалася, лез на дах – сачыў за дварамі ў пошуках незвычайных эпізодаў з дзецьмі ці жыхарамі.
У літары Z і праўда аказалася дзіўная ўласцівасць. Гэтыя самыя эпізоды з жыцця асобных людзей, эпізоды, якія яны хаваюць ад чужых вачэй, складваліся ў той самы перавернуты свет. І ў гэтым свеце было так мала смеху, так мала радасці і шчасця… Вось такіх ролікаў, як першы адзняты, дзе маладыя муж і жонка клеілі разам шпалеры, было зусім мала. Віктар стварыў асобны раздзел «Чужое шчасце», але за ўвесь час сваіх назіранняў-падглядванняў набралася толькі шэсць эпізодаў, ад праглядвання якіх святлела на душы. Што ж, на тое ён і ёсць – перавернуты свет. У гэтым наверсе – шчасце і радасць, прыстойнасць і маральнасць (сапраўдныя ці паказушныя), а ў тым свеце ўладараць расцугляныя пачуцці, вычварнае і чорнае, мярзотнае і брыдкае лезе наверх…
Віктар і ўявіць сабе не мог, што за вокнамі дамоў хаваецца столькі брыдоты. І амаль заўсёды – п’янай брыдоты. Яму ўжо абрыдла здымаць п’яныя скандалы, бойкі, разбэшчанасць і раз’юшанасць. Штовечар, абводзячы аб’ектывам тэлескопа вокны далёкіх дамоў, Віктар натыкаўся на такія сцэны. І гэта брыдота, здаецца, мела фантастычную асаблівасць перадавацца праз тэлескоп у душу: не мог ужо Віктар спакойна глядзець і здымаць сямейныя лаянкі і сваркі ў п’яным угары. Ды яшчэ калі п’янымі былі абодва: муж і жонка… Балазе, хоць гук не перадаецца праз такую адлегласць. Адзінае ратавала: як мог, Віктар засяроджваўся ў такіх выпадках на сваёй «прафесійнасці», імкнуўся глядзець на дысплей фотаапарата як на маленькі кінаэкран, а на людзей – як на акцёраў. І ўсё ж ён адчуваў, што бачанае нібыта атручвае яго, бо ўжо і днём, сваімі вачыма ён пазіраў на людзей з думкай аб тым, што іх цяперашнія паводзіны – прытворныя, што на самай справе гэтыя выхаваныя, добрыя людзі зусім-зусім іншыя. І што акно кухні і акно спальні – гэта і ёсць мяжа, лінія перавароту літары Z. Акно – не проста акно, гэта праход у іншы свет, у свет тайных чалавечых жаданняў, чалавечай слабасці, чалавечага чорнага. Гэта адкрыццё пужала: што ж тады сапраўднае і дзе: там, за вокнамі, ці тут, па гэты бок шкла?
Гэтыя думкі біліся ў ім, бы матылі, што зарана прачнуліся дзе ў памяшканні ад веснавога сонца і цяпер мякка б’юцца, трапечуцца перад брудным шклом. Віктар ведаў, што гэта верш просіцца на паперу, ужо урыўкамі складваліся асобныя радкі, але як толькі Віктар спрабаваў запісаць нешта – думкі знікалі. Ён увогуле нічога не зарыфмаваў за гэты час. Спадзяваўся, што падчас назіранняў там, у лесе, на вышцы, ці на даху дома зможа напісаць яшчэ некалькі пасвячэнняў-эпіграм сваім аднакласнікам, паправіць ужо напісанае, але не атрымлівалася ніяк. Адзінае, што мог – пісаць тэкстоўкі для ролікаў, устаўляць тыя самыя ключавыя словы: «прыкольнае відэа», «відэапрыкол», «прыколы», «эратычнае відэа»… Гэтая ў большасці механічная работа нібыта высушвала мазгі, там не заставалася месца для нармальных вершаў. Напачатку Віктар псіхаваў, было – і напужаўся: а раптам ён «спісаўся», раптам усё, што мог, ён стварыў і закончыўся як паэт? Але потым страх прайшоў, Віктар зразумеў, што чым бы ён ні займаўся, над чым бы ні думаў – яго ролікі, яго сайт быў заўсёды ў яго свядомасці…
Ён дакладна выканаў пажаданне Аліка: у яго было пяць раздзелаў, у кожным мінімум па пяць ролікаў. Усяго больш за сорак… З пачаткам заняткаў з’явіцца і новая тэма: вучні на перапынках. Ён ведаў, у якое патаемнае месца бягуць дзяўчаты і хлопцы, каб пакурыць крадком… Будуць дыскатэкі школьныя і піва за вуглом школы, пацалункі-абдыманкі. Шкада толькі, што не заўсёды знімеш – не хопіць святла…
Мінуў яшчэ тыдзень. Віктар праверыў сайт – той быў ужо праіндэксіраваны. Што ж, выдатна. Пара пачынаць. Бо немагчыма ўжо толькі бегаць з тэлескопам, збіраць, апрацоўваць – і не бачыць выніку. У суботу Віктар пайшоў у інтэрнэт-кафэ, папярэдне скачаўшы на флэшку выбраныя ролікі і тэкстоўкі на іх. Пачакаў, калі вызваліцца самае утульнае месца – там манітор стаяў так, што выпадкова не заглянеш. Прасядзеў каля дзвюх гадзін, заліваючы ролікі па раздзелах, суправаджаючы іх тэкстам.
Усё аказалася на дзіва проста. Высокая хуткасць Інтэрнэта не прымушала доўга чакаць. Вельмі зручная адмінка.
Доўга думаў: ставіць прамадэрацыю на каменты ці не? Потым вырашыў, што пакуль не трэба. Сайт толькі з’явіцца, і адразу нейкія абмежаванні для юзераў? Не, няхай пачуваюць сябе вольна…
Так, цяпер трэба чакаць. Тыдзень-другі, пакуль Яндэкс і іншыя пошукавыя сістэмы не «праглынуць» старонкі.
І на гэты тыдзень Віктар адклаў усе справы ў бок. Адбылося неверагоднае: у яго прапаў усякі інтарэс да сайта, да ўсяго! Не хацелася некуды ісці, нешта рабіць. Больш таго: яму раптам падалося, што яго ідэя з сайтам – лухта, дзіцячая гульня, што гэтыя ролікі нікога не зацікавяць, што ніхто не будзе заходзіць. Дзіўна, але гэтыя песімістычныя думкі ніколькі не хвалявалі, бо і сама ідэя кніжкі стала дробязнай і няважнай. Увогуле, усё стала няважным. Усё – лухта…
Было не тое што страшна, а нават нецікава назаўтра глядзець статыстыку наведванняў. Адклаў у бок і плануемы спамерскі флуд на іншых рэсурсах. Ну яго, потым…
Можа выпадкова, а можа бацька і прыкмеціў настрой Віктара, але на другі вечар ён звярнуўся да яго з нечаканай прапановай: у іх на фірме намецілася нейкая вялікая рэканструкцыя, і патрэбны былі падсобныя рабочыя.
– От, якраз заробіш доўг аддаць, – падміргнуў бацька Віктару.
Віктар і сам не чакаў, што прапанова бацькі выкліча ў яго такую радасць – яго даставала хандра без справы, было невыносна тупа глядзець тэлевізар, а камп’ютэр выклікаў амаль сапраўдныя ваніты. Больш ніякіх заняткаў для сябе Віктар знайсці не мог. Чытаць? То не занятак на дзень, тое робіцца познім вечарам, перад сном. Як і пісалася таксама позняй парой.
Работа была не цяжкай, лічы – рукі накачваць: разбівалі старыя сцены нейкага цэха, грузілі друз. Аднак дванаццаць гадзін працы (так працавалі з-за тэрміновасці і жадання больш зарабіць) так стамлялі, што, прыходзячы дамоў, пасля душа і вячэры Віктар проста падаў на канапу.
Тры дні працы неяк непрыкметна аддалілі яго ад свайго праекта – ад сайта і будучай яго кнігі. Усё, што было ім зроблена за папярэдні месяц, цяпер успрымалася амаль што несапраўдным, быццам прыснілася ці што… Магчыма, Віктар бы і згадзіўся з тым, што той месяц яму прысніўся, але вось каляндар няўмольна паказваў на праўду…
Тыдзень праляцеў хутка. Апошнія яго дні ўжо і не так стамлялі. У пятніцу Віктар патэлефанаваў Юрысу. Дамовіліся сустрэцца ў парку. Юрыс сказаў, што тусоўка збярэцца, дзяўчаты прыйдуць. Так і адбылося. Было весела і проста. Віктар нечакана для сябе пашкадаваў, што столькі часу патраціў на свой «праект», адгарадзіў сябе ад усяго. І яшчэ адно засмучала: Мэры не прыйшла.
– Ды я тэлефанаваў ёй, яна казала, будзе абавязкова, – разгублена тлумачыў Юрыс.
– А казаў, што я прыйду? – спытаўся асцярожна Віктар, бо непрыемнае прадчуванне пазбавіла яго смеласці.
– Сказаў… у канцы размовы сказаў, – вінавата прызнаўся Юрыс. – Я думаў, так лепей будзе.
– Індык таксама думаў, – без злосці адказаў Віктар, бо разумеў, што Юрыс зрабіў усё лагічна. – Усё нармуль, я разбяруся.
– Званіў?
¬– Не… Баюся, – шчыра адказаў Віктар. – Не ведаю, як пачаць. Не думаў яшчэ.
– То мо мне слоўца закінуць? – прапанаваў Юрыс. – Скажу, перажывае, тапіцца сабраўся.
– Лепш вешацца, – паправіў Віктар.
– Ні фіга! ¬– Запярэчыў Юрыс. – Ведаю я іх: яна тут жа прапануе мыла і вяроўку.
– А так прапануе студню вясковую.
– Не, не прапануе, – падумаўшы, адказаў Юрыс. – Яна пра людзей думае. А калі ты ў студні ўтопішся, хто ж адтуль ваду браць будзе? О, давай спытаем?
– Ды ну цябе… Сур’ёзна, не трэба. Не прыме яна такіх жартачак.
– Што, ты так намуціў?
– Намуціў, – прызнаўся Віктар. – Нічога, заўтра патэлефаную…
Але назаўтра Віктар не патэлефанаваў.
Прычынай стаў сайт. Віктар уключыў камп’ютэр без асаблівых хваляванняў, спакойна зайшоў у Сеціва і прысвіснуў: амаль пад кожным ролікам былі каменты. Многа каментаў!
Тут жа глянуў статыстыку: за ўчарашні дзень больш за 200 наведвальнікаў! Без ніякай раскруткі!
Здагадаўся, у чым справа, праверыў. Так і ёсць: на сайт наткнуўся нехта з іх горада. Вось на адным гарадскім форуме якраз тэма пра яго сайт. Уга, больш за 100 пастоў. Гэта і завецца вірусным маркетынгам: пакажы нешта такое цікавае, чым кожны захоча падзяліцца з сябрам…
Юрыс стаў чытаць каменты. Спачатку ў сябе на сайце, потым на гарадскім форуме. Найбольш цікавілі абмеркаванні не ролікаў, а самой ідэі сайта. Зрэшты, большасць каментаў была менавіта такой.
У мінулым годзе такія вось напалі на дзяўчыну з пад’езда, распранулі яе і на відэа гэта здымалі. Потым на Ютуб выклалі відэа. Дзяўчына вены сабе парэзала, добра, што ўратавалі. Уроды...
Нармалёвыя відэа, прыкольныя. Чаго чапляецеся? Ха, быццам самі такія белыя і пушыстыя. Пральна пацан робіць: паказаў, якія хто ёсць на самай справе!
Не сказаў бы, што тут пацан працуе. Сайт зроблены прафесійна, дзвіжок ліцэнзійны. Відэа знята адмыслова. Думаю, нейкая кантора робіць сабе рэкламу. Пабачыце, хутка тут будзе спасылка на тэму скрытага назірання за некім па вашым жаданні. Ужо круты бізнес у Расіі.
Каб гэты аператар-сволач пабачыў вось такой сваю дзяўчыну. Ці маці. Хоць, думаю, там сумленне атрафіравана.
Хопіць гнаць! Самі на парнуху лазіце, што тут такога? Сумленныя раптам сталі…
Парнуха – гэта кіно, зразумела для дэбілаў ці не? Там артысты, якім да лямпачкі ўсё, яны грошы зарабляюць. А тут – жыццё. Паглядзеў бы я на цябе, каб ты тут пазнаў сваю дзяўчыну ці сябе.
Ёпэрэсэтэ, пацаны, я ведаю гэту кампанію! Зараз кіну каму з іх спасылку. А, патсталом…
Згодзен, што аўтар сайта – урод маральны. Не на ўсякіх тэмах можна рубіць бабло.
Хех, адміны! Вы хоць ведаеце, што Крымінальны кодэкс па вас плача? Гэта ўмяшанне ў асабістае жыццё…
Вы, маралісты, маўчыце, га? Ціпа тут нешта прыдумалі. Тут – рэальнасць! А на НТВ забойствы ў прамым эфіры? Злосць вас бярэ, што пацаны такі сайт замуцілі. Амерыкосы вунь Саддама пад пятлю паставілі, і нехта зрубіў бабла, зняўшы ўсё гэта на відэа. Калі ты такі ідэйны – ідзі бокам, а то ўсе ролікі паглядзеў, а цяпер паказвае, што ванітуе яго. Клёвы сайт, зараз самы папулярны рэсурс будзе. Такі трафік канвертануць – бабло гарантавана.
Людзі любяць падглядваць. Вунь як «Вокны» папулярныя. Усё нармальна. Рэалізацыя на практыцы прынцыпу «попыт нараджае прапанову»
Быў выпадак на практыцы: у адной дзяўчыны з яе тэлефона фотку з яе сіськамі голымі сперлі і на форум кінулі. А баця дзяўчыны быў з крутых. Таго аўтара топіка знайшлі – ён і цяпер свайго ценю баіцца. Так што аўтараў сайта будуць біць. Магчыма, і нагамі. А знайсці – знойдуць. Пытанне часу. Засвецяцца.
Не знойдуць. Я паглядзеў – дамен зарэгістраваны разумна, хостынг падстаўны, ІР дынамічны, хоць і нашага рэгіёна. Ну, толькі заказаць хакерам узлом, але дзвіжок нармалёвы, узнавіць будзе не праблема, калі база бэкапіцца. Але пацаны рызыкуюць…
Адмін сайта – адстаўны КДБэшнік, факт. Знайшлі ж недзе такія кропкі здымкі…
От па гэтым кропкам і выпасуць. І ўхайдокаюць.
Гэта яшчэ калі яны пойдуць на тыя кропкі. Не дурныя ж свяціцца, калі з гэтых кропак ролікі выклалі
Прыкольна, кажаце? Ну-ну…
Вось вам развіццё прыколаў:
– А я ўчора жуку саломінку у брушка уставіў. Ён лятаў, як самалёт: толькі прама і усё вышэй і вышэй!
Раздзел: Я РАЗМАЛЮЮ ДЛЯ ЦЯБЕ НЕБА |