Ксюхіна поле
(урывак з аповесці)
Абапёршыся спінай аб камель адной з чатырох бяроз, сядзела дзяўчына і нешта засяроджана рабіла. Хударлявыя лапаткі пад лінялай майкай рытмічна варушыліся. Па гэтай некалі блакітнай майцы ды па хударлявасці Сяргей пазнаў дзяўчыну – Ксюха. Наступны крок Сяргей зрабіў смялей, спецыяльна, каб не напужаць дзяўчыну. Але яна напужалася. І так, што Сяргей напужаўся сам.
Адначасова з хрустам пад нагой Сяргея дзяўчына рэзка азірнулася, сцялася – і ў наступнае імгненне адпушчанай спружынай, не ўстаючы адразу на ногі, а так, на карачках, яна зрабіла два імклівых скачкі наперад. Яшчэ азірнулася, кінулася назад, схапіла пакет з нечым шэра-зялёным, скруціла – і промеццю кінулася ў зараснік маладых бярозак.Сяргей застыў. Яго скаланула: дзяўчо ў гэтыя імгненні было не проста падобным на перапалоханага знянацку звярка – яна ўвасобілася ў звярка, ці, правільней, на кароткія секунды страціла ўсё нажытае чалавечае, цывілізаванае, выпусціўшы на волю самы галоўны інстынкт жывога – інстынкт самазахавання.
Няўжо ён, Сяргей такі страшны, што мог так напалохаць дзяўчыну? Ці мо яна падумала, што яе зараз будуць біць за крадзеж тых няшчасных смажаных плотак і кавалка хлеба? Сяргей прысеў ля камлёў бяроз побач з тым месцам, дзе сядзела дзяўчына. Адчуў, як стаміліся ногі. Добра так пасядзець, так добра… Толькі пах..? Што так пахне? Перавёў позірк на паляну з зараснікамі “крапівы”, далей – на маладыя бярозкі. Ксюха вызірала з-за лістоты, быццам невялікі злосны звярок: напасці не можа, бо слабейшая, а прагнаць са свайго месца госця неабходна…
– Дурніца, вылазь, чаго баішся, – няголасна гукнуў Сяргей. – Не злую я за тую рыбу. – Ты адзін? – асцярожна спытала Ксюха. – Адзін. Ксюха выйшла з зарасніку, раптоўна асмялеўшы. Уселася на сваё месца, разаслала газеціну. У ёй – падсохлыя лісце і суквецці той самай расліны з паляны. Разраўняла акуратна на газеце – відавочна, для сушкі. – Ты не глядзі, што я худая, так магу… І вочы павыдзіраю! – Ды на ляд ты мне трэба, – адмахнуўся Сяргей. – Што тут робіш адна? – А то не бачыш? – здзівілася Ксюха. – Каноплі сушу. Збіраю і сушу. – Каноплі? Сяргей устаў, падышоў да бліжэйшай расліны, сарваў суквецце, расцёр у руках, паднёс да носа. Шыбануў востры пах. Пах, які ні з чым больш не зблытаеш. Дык вось як пахнуць каноплі… Прысеў зноў. – Ты што, нарык? – са знявагай спытаў Ксюху. – Не-а, – адказала Ксюха. – Так, іншы раз, калі наб'юць ці сумна так стане, што плакаць хочацца. – А на халеру збіраеш столькі? – Прадам. Веньку прадам. Не будзе чапляцца. Многа насушу… Венька мяне паважаць будзе… – І па чым прадаваць будзеш? – насмешліва спытаў Сяргей. – Пяць касякоў – долар, – упэўнена адказала Ксюха. – Чула, цётка так казала. – Касяк – гэта што? – Вой, ты зусім цёмны, – скрывілася, як ад кіслага Ксюха. – Касяк – гэта касяк. Каб курыць… – Ясна, светлая… – Толькі ты не кажы нікому – мяне заб’юць, калі цётка даведаецца. Гэта ж яна са сваім зэкам тут садзіла… – Садзілі тут каноплі? – не паверыў Сяргей, бо вельмі ж мала паляна была падобна на поле. – А ты думаў, яна тут сама нарасла? Ага… – А ты сама як гэта поле знайшла? – За цёткай была крадком следам пайшла. Вечарам прыйшлі чацвёра, цётка ім прадала і кажа: “Больш няма, заўтра прыйдзеце”. Яна зранку ў лес – а я за ёй. Там, – Ксюха махнула ў бок маладога бярэзніку, – сабранае сушыцца пад плёнкай. Але я там не бяру, бо здагадаецца. Сама збіраю во і сушу.. – І багата назбірала ўжо? – Не… Не дужа… Баюся памногу. Як цётка сюды сходзіць – я за ёй. А хочаш, давай пакурым! – Не хачу. – А ты курыў? – Не, не курыў. – Цю, дурань, – насмешліва працягнула Ксюха. – То ж такі кайф. – І які кайф? – Ну, кайф проста… – Ксюха зморшчыла лоб у намаганні падабраць словы. – Хораша, як пакурыш. Увесь свет харошы-харошы, людзі добрыя і смешныя. І смяяцца хочацца, весела-весела. Добра так – нічога дрэннага не існуе, не памятаеш яго… Кайф… Толькі потым есці так хочацца! – Ксюха засмяялася: – Гэта я ў цябе рыбу пакрала спецыяльна, бо пакурыць збіралася. – Ну, і які сэнс у тваёй наркаце? – скептычна заўважыў Сяргей. – Пяць хвілін радасці, поўныя штаны гадасці. Я б пакурыў і курыў, каб хоць маленькія праблемы знікалі. Кайф знайшла, тожа мне. Кайф сапраўдны – гэта калі над табой вісіць нешта, галавы не дае ўзняць – а потым ты яго скідаеш нарэшце. А то не кайф, а дурніца сапраўдная. Піва літр выпіць, цярпець і потым у туалет схадзіць – і то кайф большы. – Ты – дурны і нічога не разумееш, – упэўнена адказала Ксюха. – Як паспрабуеш, то потым і кажы! – Які сэнс дзярмо з рот несці, калі і так вядома, што яно – дзярмо? – хмыкнуў Сяргей. – Ты мяне не выхоўвай! Хапае ў мяне выхавальнікаў! – агрызнулася Ксюха. – На ляд ты мне трэба, – стомлена і абыякава адказаў Сяргей. – У мяне сваіх клопатаў хапае. – Цю, якія ў цябе клопаты? Кватэра ёсць, маці, баба, бацька. Рыбу лавіць умееш, смажыць… Сяргей памаўчаў колькі часу – не было яму што адказаць. Дастаў цыгарэты, запаліў. – Хочаш, цябе навучу рыбу лавіць? – Праўда? – недаверліва скасіла на яго вочы Ксюха. – І што, злоўленая мая будзе? – Дзівачка, – усміхнуўся Сяргей. – Вядома, твая. – О! А калі пойдзем? – Хоць гэтым вечарам. Як сонца пачне хіліцца – прыходзь. – І ты мне вуду дасі? – усё яшчэ не верыла Ксюха. – Ды не рукамі ж ты будзеш лавіць, дам, – адказаў Сяргей цвёрда, і Ксюха толькі лыпнула вачыма. – Эх, шкада, я не твая дзеўка, – уздыхнула яна. – Ты харошы… Сяргей толькі хмыкнуў пра сябе. Ён глядзеў на гэтае “поле” каноплі і супраць яго волі недзе ў падсвядомасці жылі, варушыліся пачутыя ад Ксюхі словы: “Цётка прадае… Тут грошай – на год жыць… Буду Веньку прадаваць…”
Каноплі вось тут, цяпер набылі другія рысы: з наркотыка пакрысе рабіліся таварам. Так і павінна быць: ты наркаман, каноплі – наркотык, ты не наркаман, а гаспадар гэтай каноплі – яна тавар. Дарагі тавар… Як там казала Ксюха? Пяць касякоў – долар. А на гэтым полі колькі ж можна назбіраць? На колькі касякоў? Гэтулькі грошай… Каму прадаць потым гэта дабро? То справа іншая. У паралельным, “Ж” класе наркаманы ёсць. Гэта ні для каго ні тайна. У гэты клас сабралі пасля дзевяці з усіх паралельных, лічы, адных дэбілаў. Каму ў галаву такая ідэя прыйшла – невядома. Пачалі фарміраваць класы з рознымі ўхіламі – матэматычны, фізічны, філалагічны…
Добра, у сяргеевым класе, згаварыліся і ўсе запісаліся на матэматычны. Ды яшчэ і класная матэматык. То клас цалкам застаўся класам. А іншыя класы разбівалі, тусавалі вучняў… “Ж” клас – то без ніякіх ухілаў. Ім абы закончыць школу. Зброд, карацей, адсеў з усіх класаў. Сяргей меў усе шансы ў той клас патрапіць. Яму то без розніцы, дзе давучвацца, бо асаблівых сяброў у класе не меў, але ж гэтае дзяленне на разумных і тупых… Не па сабе стала, калі дырэктар сказала на класным сходзе, што трое з іх класа і Сяргей у іх ліку, будуць пераведзены ў “Ж” клас. Маўляў, навошта час траціць на вас, калі вам тыя веды ніколькі не трэба, і вытворчыя ды інтэгралы з дыферэнцыяламі для вас былі і застануцца граматай кітайскай?
Сяргей тады сказаў, што ўвогуле ў школу больш у такім выпадку не пойдзе. І яшчэ двое – Арцём, худы, нескладны, з мянушкай Багамол і Насця тое ж сказалі. Насці што – ёй хоць у дзевятым замуж можна было ісці: па габарытах сваіх яна ўжо класную перагнала. Шапталіся і ўголас казалі, што яна са старшакласнікамі гуляе і спіць з імі… А дырэктару толькі і трэба было тое пачуць – ідзіце, хопіць з вамі вэшкацца. Але тут Юрыс быў умяшаўся: кажа, мы згодныя трох з іншых класаў узяць, але нашых не чапайце. А пераведзяце, то: “Я іх асабіста так зачмару, збягуць праз тыдзень са школы, не тое што з класа!” Карацей, лямант не маленькі ўзняўся. Дырэктар ажно пабялела, мабыць, ніяк не чакала такога супраціву. Юрка Хаванскі яе амаль дабіў: “Ваша ідэя фарміравання такіх класаў – гэта, па-сутнасці, расізм!” Яму то да лямпачкі быў лёс Сяргея, Насці і Арцёма, так, захацелася ў агульным тлуме пакрасавацца сваёй эрудыцыяй.
Класная ледзь супакоіла ўсіх. Дырэктар з тварам чырвоным выскачыла з аўдыторыі. Класная загадала ўсім сядзець, бы мышам пад мятлой і за ёй. Ціха сядзелі… Класная вярнулася, сказала: “Усе застаюцца. Пад маю асабістую адказнасць. Калі будуць тройкі ці двойкі за чвэрць у каго з траіх, ці Насця нас пакліча на вяселле да выпускнога балю…”. Яна не дагаварыла, але ўсё зразумелі. Юрыс, чорт, уставіў свае “пяць капеек”: “сяргею дапамагу з матэматыкай асабіста! Насцю забяспечым прэзерватывамі. Калі што – аборт зробім самі”.
Раздзел: Я РАЗМАЛЮЮ ДЛЯ ЦЯБЕ НЕБА |
|
|