Ведзьміна тоня (часткі 5, 6, 7)
Частка 5
...Патэльні Сяргей не знайшоў – рыбу давялося смажыць тым спосабам, якім яго навучылі ў інтэрнаце: чысціш, прасольваеш, загортваеш у паперу ў некалькі слаёў, кладзеш у вуголле. Дваццаць хвілін – рыба гатовая.
Толькі хлеба ім ад учарашняй гулянкі ў хаце засталося два кавалачкі. Добра, што хоць у сальніцы была соль.
На вечар Сяргей вырашыў напячы бульбы – у пограбе ён пабачыў невялікую кучу яе, прарослай, мяккай, бы гума.
Тое, што маці нават не пацікавілася Нэлай, казала Сяргею аб адным: раз ён прыехаў, то яму і наглядаць за сястрой. І не проста наглядаць...
Блізка к апоўдню, калі сонца прыпякаць стала па-сур’ёзнаму, Сяргей пабачыў на суседнім агародзе дзеда Васіля і бабу Адарку. Паўагарода ў дзеда займаў сад, другая палова – лужок. Крыху заставалася месца на грады, а бульбу дзед садзіў на тых сотках, што давалі ў калгасе. Цяпер лужок быў скошаны, старыя пачалі варушыць сена, але, аб нечым падумаўшы, сталі заварочваць яго ў валкі, каб складаць у копы.
– Нэла, пайшлі! – Сяргей зазірнуў у будан, выцягнуў вілы (яны цяпер тут і ляжалі).
Ні дзед Васіль, ні старая Адарка, вядома ж, за год не змаглі забыць, як лазіў у іх сад па “залатыя ранеты” Сяргей, як спрытна ноччу з-пад самага акна выбіраў апошнія клубніцы. Адно дадавала смеласці – тое, што ўчора дзед заступіўся за Сяргея і Нэлу перад гэтым зэкам.
Дзед толькі зірнуў быў з-пад ілба, працягваў работу, а вось Адарка прыпынілася, цікавала за Сяргеем.
– Добры дзень, памагай Бог, – хутка выпаліў Сяргей, падышоўшы бліжэй. – Я вось за мінулагоднія яблыкі разлічыцца прыйшоў. Ну, і, можа, зараблю на паданкі крыху, а?..
Ён выпаліў гэта хутка, быццам і абыякавым тонам, але ўнутры сцяўся – што скажуць?
– То чаго стаў? – дзед Васіль размерана махаў граблямі, збіраючы сена ў валок, дадаў спакойна, як аб раней дамоўленым: – Давай, станавіся перад бабай. Яна за табой заграбе.
“Цьфу ты, як проста”, – Сяргей адчуў незвычайную палёгку. Рукі вось толькі крыху трымцелі, зубы вілаў чапляліся за зямлю, але ўжо праз хвілін пяць праца пайшла спора.
– Мо не граблі б, дзед? – Адарка трымала ў руках шматок сена. – Нейкае яно вохкае.
– У валку прадзьме, – адазваўся стары. – Пакуль зграбем – якраз добра будзе.
Нэла была перад Сяргеем – набірала колькі магла сена ў рукі, несла да валка.
– Ай, дзіця, не хадзі ты там, не таміся. Ідзі лепш у садок, яблычкаў назбірай, – гукнула яе Адарка.
Нэла спынілася, запытальна глянула на Сяргея.
– Ідзі. Але яблыкаў бяры, колькі з’ясі, – папярэдзіў Сяргей.
Нэла паслухмяна кіўнула, пайшла ў садок. Сяргею і самому хацелася яблыка, адчуць кісла-салодкі смак цвердаватага “залатога ранета” у роце, ды і піць хацелася. Але ж не пабяжыш услед за Нэлай. Крок за крокам, крок за крокам, ставіш вілы блізка-блізка да зямлі, ш-шах – два метры чыстага лужка, нават і грэбці ўслед не трэба, яшчэ ш-шах – і валок з боку Сяргея аформіўся. Высакаваты валок, ветрык яго прадзімае.
Дзед Васіль з другога боку адстаў – ён і закідвае ў валок, і падграбае сам. “Нічога, дайду да канца, развярнуся насустрач,” – думае Сяргей. А старая Адарка ўвішна з граблямі ўпраўляецца, не спяшаецца, але і тэмпу не збаўляе, не адстае далёка ад Сяргея.
Канец лужка не так і блізка – метраў сто пяцьдзесят. Доўгі лужок. Затое на коз хопіць – дзед з бабай трымаюць не карову, а коз. Адна навязана ў садку, і цяпер на яе дзівіцца Нэла. А каза перастала есці і дзівіцца на Нэлу.
Праз гадзіну на лужку ляжаў доўгі, пышны вал сена, які, папраўдзе кажучы, быў не вельмі роўны, віхляўся ў розныя бакі.
– Ну, пайшлі пасядзім, пакурым у цяньку, – дзед паклаў граблі на валок. – Ты, баба, прынясі папіць нам чаго.
Адарка пайшла ў хату, клікнула Нэлу:
– Хадзем, дзіця, дам табе малака.
Нэла адмоўна заківала галавой, потым азірнулася на Сяргея.
– Ідзі, не бойся, – дазволіў ён.
Дзед, не спяшаючыся, дастаў бляшанку з нарэзаным самасадам, складзеную ў стосік газетную паперу, запалкі. Разважліва скруціў тугі скрутачак, прыпаліў, смачна зацягнуўся.
– Ідзі, назбірай ранетаў. Трасі не надта, ломіцца голле.
Сяргей адышоў да яблыні, сабраў некалькі паданкаў у траве. Прысеў ля дзеда, з задавальненнем стаў грызці яблык
– Бач, слухае як цябе... Без дазволу нікуды, – сказаў нечакана дзед Васіль, маючы на ўвазе Нэлу.
Сяргей паціснуў плячыма.
– Слухае.
– Вось і я бачу, што слухае. А ты таму рады?
– Ну… – разгубіўся Сяргей. – Добра, калі слухае…
– Ага, добра… Вось да цябе яе адна сволач трэніравала, як сабачку…
Сяргей ледзь не папярхнуўся яблыкам.
– Ды… Я ж за яе… Яна мне сястра, малодшая. Што вы раўняеце! – абурыўся ён.
– А ты сам на сябе збоку паглядзі, – хітравата прыжмурыўся стары. – Што, вялікая розніца для Нэлы – хто ёй дазваляе ці загадвае? Не, браце…
– Яна… яна мяне любіць, – саромячыся невядома чаго, прамармытаў Сяргей.
– А калі любіць, то трэба баяцца? Сястра яна табе ці не сястра, а ў першую чаргу яна – чалавек. Добра, што цябе слухае. Але ты ёй не загадвай. Ніколі і нічога. Яна нацярпелася. І загадаў, і болю.
Стары закончыў з ноткамі просьбы ў голасе – Сяргей выразна гэта адчуў. Імгненна ў яго галаве пранесліся гэтыя два дні тут – і ён пабачыў сябе збоку, пабачыў Нэлу побач з сабой. І незразумелае пачуццё – ці то крыўда на самога сябе, ці то адчай: вось ізноў атрымалася не так, як жадаў, – захліснула сярэдзіну. Нэла на самай справе выглядала ў асобныя моманты маленькім сабачкам побач з ім…
– Ну, якія смачнейшыя: крадзеныя ці заробленыя? – спытаў дзед Васіль, быццам і не было размовы пра Нэлу. Спытаў з непасрэднай цікавасцю, не ўпікаючы, быццам яго надта хваляваў адказ на гэта пытанне.
– Тым летам – крадзеныя, – на хвіліну задумаўшыся, адказаў Сяргей сур’ёзна. – А ў гэтым годзе яшчэ не краў.
– Бач ты! – дзед усміхнуўся. – То і не крадзі – прыходзь ранкам і збірай, што за ноч нападалі. Ніхто крычаць не будзе. У вас жа ў садку няма ранетаў?
– Не, няма… А праўда, што вы з… маім прадзедам, ваявалі разам?
– Так. Ён старэйшы за мяне быў, не адзін раз утрымліваў ад глупстваў. А сам Пракоп – так твайго прадзеда звалі – адчайным чалавекам быў. Як вызвалілі нас, то з партызан – і ў войска. Загінуў… Многа нашых, бадай усе з атраду, загінулі на Эльбе. Усіх партызанаў штурмаваць тыя крэпасці адправілі…
Падышла баба Адарка з літровым пластмасавым кубкам бярозавіку.
– Піце, мужыкі. А Нэла твая ў хаце бліны з малаком есць, – павярнулася яна да Сяргея.
“Нэла твая…” У Сяргея нечага засвярбела ў вачах і ў носе. Мабыць, бярозавік быў занадта рэзкі...
Потым гадзіны дзве яны прыбіралі сена – накладвалі яго на вялікі кавалак чорнай поліэтыленавай плёнкі, цягнулі яго на надворак, заносілі сена ў хлеў.
Пасля Адарка запрасіла “мужыкоў” у хату: на стале сыходзілі парай талеркі з баршчом, стаяла патэльня ці не з дзесяткам жаўткоў і скваркамі. Нэла ўжо наелася, была ў садзе – пасябравала з казой Бялянкай.
– А на Ведзьмінай тоні рыба добра бярэ? – спытаўся Сяргей, калі заканчвалі абедаць.
Дзед Васіль ужо скручваў чарговую цыгарку, прыўзняў зацікаўлены позірк выцвілых вачэй.
– Чаго цябе панясе туды? У копанцы ж рыбы хапае...
– Ды... Не дадуць мне тут... – нечакана прызнаўся Сяргей. – І многа мне рыбы трэба...
– Так... – дзед выпусціў цэлы клуб густога сіняга дыму. – На золку добра бярэ, на захадзе. Начаваць трэба будзе, каб на самы клёў патрапіць.
– Заначую, – упэўнена сказаў Сяргей.
– Ну, глядзі, – стары ўважліва агледзеў хлопца. – Крупы трэба ячныя, кроплю-другую алею. Вечарам падкарміць, ранкам толькі трошкі сыпнуць. І на крупы лавіць. І соль з сабой бяры.
– Няма ў мяне солі. І круп няма, – са скрухай адказаў Сяргей. – Можа, пазычыце? Я аддам.
– Пазычу. Бабе скажу – яна сыпне. Пачакай у садку. На Заікіным востраве лаві. На Заечы яшчэ можна прайсці, ён леваруч будзе. А далей і ўправа не сунься – багна, зацягне – загінеш.
У садок баба Адарка вынесла Сяргею вузельчык. Ён падзякаваў.
– І табе дзякуй за дапамогу. Заходзьце з Нэлай па яблыкі, і малака кубачак дзіцяці будзе, – запрасіла бабка.
У будане Сяргей вытрас з-за пазухі назбіраныя яблыкі, развязаў вузельчык.
Акрамя некалькіх жменяў круп у мяшэчку, пакета з соллю і невялікай бутэлечкі з алеем у вузельчыку было паўбохана хлеба і велікаваты кавалак сала.
– Жывём, Нэлка!
Сонца ўжо выразна хілілася да захаду. Трэба было яшчэ накапаць чарвякоў на заўтрашнюю рыбалку, але надта ж хацелася спаць: стаміўся і ад працы, і ад уражанняў. У будане быў прыемны халадок, і заснуў Сяргей адразу ж, нават не пачуў, як да яго прыціснулася Нэла, паклала голаў на яго плячо і заснула з лёгкай усмешкай дзіцяці.
Частка 6
Свята не атрымалася. І ўсё з-за Віцькавага носа – ён балеў, распух і самому здаваўся неверагодна вялікім. Такі нос маці не заўважыць не магла. А хлусіць Віцька чамусьці не стаў, хоць і змог бы – ці мала дзе можна ўпасці? Расказаў, як было.
– А Божа, мо пералом ёсць, – маці хацела памацаць нос, але Віцька рэзка падаўся назад.
– Ды ўсё нармальна!
– Ага, будзе табе нармальна! Колькі я табе казала – не чапляйся з гэтай бязбацькаўшчынай! Ад яго што хочаш чакаць можна!
– Вось-вось, – уставіў слова бацька. – Ад нашага сына, як аказваецца, таксама.
На момант за сталом усталявалася разгубленая цішыня.
Яны пілі чай на верандзе. Зрэзаныя ранкам ружы ўжо добра расправілі свае пялёсткі, кубачкі з кавай і чаем – на белых сурвэтках. І пячэнне ў Жэнькі ўдалося, і вечар быў ціхім і цёплым, і камары не дакучалі, а вось святочнага настрою не было. І ўсё з-за гэтага інтэрнацкага.
– Не зразумела тваіх слоў, – сказала маці бацьку пасля паўзы з лёгкім выклікам.
– А што тут разумець? – адставіў бацька кубачак, прыкрыў яго рукой, калі Жэнька хацела зноў яго напоўніць. – Дзякуй, дачушка, даўно так не адпачываў, на ружы любуючыся... А ад Віктара вось не чакаў, што ён удвух на аднаго пойдзе.
– А мы яго не чапалі...
– Дык ён жа першы пачаў! – запратэставала маці. – Мог і аднаго, і другога калекамі зрабіць. І тут яшчэ давядзецца мо здымак рабіць, а там ці доўга трэба – каб вудзільна вастрэйшым было, кішкі вон?..
– Чакай, – мякка перапыніў бацька маці, запытальна глянуў на Віцьку. – А вы што збіраліся з Зойчыным сынам зрабіць? Можа, парукацца? З яго сястры смяяцца сталі. А ты бачыў, як гэта дзіця, прывязанае да грушы, цэлымі днямі на двары сядзела? І толькі брат яе адвязаў...
– Ага! Ты яго яшчэ героем зрабі! Ваўчанё ён сапраўднае! – перабіла маці. – І калоніяй ён закончыць!
– Мажліва, і калоніяй. Толькі ты, сын, – бацька гаварыў, выдзяляючы кожнае слова, – памятай адну простую рэч: сіла апраўдваецца толькі ў двух выпадках. Першы – бароняць сваё жыццё. Другі – бароняць слабага. Трэцяга не дадзена.
– Дабро павінна быць з кулакамі – гэта я таксама помню, – загарэўся Віцька.
Яму было непрыемна напамінанне бацькі аб тым, што яны прапаноўвалі Нэлі станцаваць за цукерку, непрыемна, што бацька нейкім чынам зрабіў гэтага Сяргея амаль што высакародным, на галаву вышэйшым за яго, Віцьку.
– Ён злодзей! – дадаў ён з выклікам.
– Што ён у цябе ўкраў? – хутка спытаў бацька.
– У другіх! І яблыкі, і клубніцы, і яйкі курыныя. Уся вёска ад яго цярпела.
– Эх ты! – бацька ўстаў, перасеў на нізенькі зэдлік каля адчыненых дзвярэй веранды. – Казаў аднойчы Хрыстос: хто без граху, няхай першы кіне камень! Ты хіба да дзеда Васіля па ранеты не лазіў? Што ж ты сябе злодзеем не лічыш?
– То ранеты, – разгубіўся Віцька, не разумеючы, чаго бацька так бароніць гэтага Сяргея? Сапраўды ж ён ваўчанё. Як з ім пасябруеш, калі толькі з-пад ілба зіркае? Дзікі, адно слова.
– А якая разніца, што красці? – бацька прыпаліў цыгарэту, выдыхнуў дым на вуліцу. – У крымінальным кодэксе так запісана: крадзеж – гэта тайнае завалодванне чужой маёмасцю... Вось так. І яблык з чужой яблыні, і яйкі з-пад чужой курыцы – чужая маёмасць.
– Ну, тата, то ж і ты злачынец які, – прытворна пляснула ў далоні Жэнька. – Ты ж нам расказваў, як маладым з саду аднаногага Піліпа яблыкі цягаў!
Бацька ўсміхнуўся.
– Я не таму. Вядома, то не злачынства – яблыкі з саду. Але ў тым справа, што калі сам так робіш, як і другі, то і знак роўнасці між сабой стаў, калі ўзяўся характарыстыкі даваць.
– От, нагаварыў бочку арыштантаў, – адмахнулася маці. – Што злодзей Зойчын сын, то злодзей. І ты яго не барані. Глянь вунь, які нос у сына.
– Зажыве нос, – спакойна адказаў бацька, гледзячы ў цемру надворка, і дадаў задуменна, са скрухай: – Не хацеў бы я пабачыць вас на яго месцы...
Жэнька стала прыбіраць са стала. Маці падышла да Віцькі, у каторы раз уважліва агледзела яго твар. На гэты раз Віцька не стаў адварочвацца, калі маці кранулася яго носа, асцярожна паціскала.
– Не баліць тут?
– Не, тут не баліць.
Віцьку захацелася жаласці да сябе, ён гатовы быў заплакаць ад крыўды: столькі ён сам сілаў патраціў, каб зрабіць сабе добрую мясціну для рыбалкі, колькі круп пераводзіў на падкормку – і цяпер аддаць гэта месца нейкаму прыблуднаму? І бацька… Чаму ён супраць яго?
– Што заўтра ў цябе за планы? – ласкава спытала маці, уздымаючы віхор валасоў на Віцькавай галаве. – У мяне заўтра і паслязаўтра вольныя дні.
– Ты ў пяць мяне разбудзі, – папрасіў Віцька. – На рыбу з Эдзікам пойдзем, я сёння падкормліваў вечарам. А потым мы будзем рыхтавацца да паходу ў лес.
– Чаго? – здзівілася маці. – Ні ягад яшчэ, ні грыбоў.
– Мы на птушак паляваць пойдзем. Будзем чучалы рабіць. Бо колькі чучал у кабінет біялогіі трэба, а то там адна сава аблезлая.
– Ого! Задумалі справу... Чыя гэта ідэя? – зацікавілася маці.
– Эдзіка Настусінага, – адказаў за Віцьку бацька, і Віцька здзіўлена спытаў:
– А ты адкуль ведаеш?
– Я не ведаю, я здагадваюся. – бацька патушыў недакурак у попельніцы, знарок крэкчучы, узняўся з зэдліка. – А вохцішкі мне! Ну, я пайшоў спаць. Яшчэ раз дзякуй за вячэру.
Жэнька выцерла ўжо прыбраны ад посуду стол, нечакана для маці і Віцькі, нібы сама сабе, сказала:
– Дрэнь твой Эдзік.
– Што? – узвіўся Віцька. – Ты ж яму лісты пісала...
– Вось таму і ведаю, – адрэзала Жэнька і, не жадаючы больш гаварыць, пайшла ў хату.
– О, Божухна, – уздыхнула маці. – І што на вас находзіць...
Не ўдалася вячэра, не ўдалося свята! І ўсё з-за таго інтэрнацкага... Віцька варочаўся ў ложку, хочучы хутчэй заснуць, каб хутчэй прачнуцца. Не зусім на рыбалку збіраліся яны з Эдзікам у такую рань. Дамовіліся добра разабрацца з гэтым інтэрнацкім. Ён дакладна прыйдзе заўтра на тое месца...
Частка 7
Сяргей выцягваў ужо сёмага вялікага, ззяючага ў першых промнях сонца золатам карася. “Хопіць, здаецца,” – ён узважыў у руцэ мяшэчак з рыбай. З кілаграмы два будзе.
І вырашыў закінуць яшчэ раз. Апошні.
Ён бы не пайшоў сёння на гэту копанку пасля ўчарашняй сутычкі, але яму неабходна было налавіць сёння вось такіх вялікіх карасёў, увогуле многа рыбы. Бо на астравы без хлеба не пойдзеш. Таму і прачнуўся, бы ад штуршка – “трэба”. Быў яшчэ досвітак. Нэла салодка спала. Ён прыкрыў яе – ранак быў золкі. Узяў вуду, жменю круп, адвараных учора звечара на вогнішчы каля будана.
Пільна паглядваў на паплавок і адначасова прыслухоўваўся. Ведаў, не даруюць яму ўчарашняга гэтыя вяскоўцы і калі не сёння (сёння то наўрад), то заўтра будуць яго тут пільнаваць. Ну, заўтра яго тут не будзе. Яму б сёння цэлым застацца. Што дрэнна – з гэтага месца кустоўе закрывае вёску, не відаць, ідзе хто да копанкі ці не.
Паплавок з гусінага пяра ўздрыгнуў, не, нават толькі варухнуўся. І тут жа пакрысе стаў уздымацца над вадой – вышэй, вышэй... А потым зваліўся і лёг сабе на ваду, нерухомы, звялы.
– Цягні!
Крык раздаўся, здавалася, над самым вухам. Гэта быў не крык сябра, заклапочанага, перажываючага за цябе, каб ты ў час падсек, – гэта быў крык з’едлівы, насмешлівы, крык, каб спужаць, каб, наадварот, сарвалася вялікая рыбіна.
Яна і сарвалася – вялікая рыбіна, узляцела ўслед за рыўком над вадой, паказала свой бліскучы мокры бок і звонка плюхнулася назад у ваду, пэўна ж, ашалелая ад таго, што з ёй здарылася. Усё гэта Сяргей бачыў толькі краем вока, бо імгненна крутнуўся на гэты крык, адначасова тузаючы вуду, падпарадкаваны гэтым гіпнатызуючым крыкам “Цягні!”
Эдзік стаяў злева, усміхаўся, толькі ўсмешка яго была хіжая, драпежная ўсмешка, а вочы – як у ката, які прыціснуў лапай мыш – не да смерці, а так, каб толькі не ўцякла.
Віцька – у двух кроках ад Эдзіка, справа. Ён не ўсміхаўся. У вачах гарэла злосць, нічым не прыкрытая, сапраўдная злосць. Сінюшныя плямы пад вачыма, якія распаўзаліся ад крыху прыпухлага носа, надавалі яго твару страшнаваты выгляд.
Сяргей зразумеў, што марудзіць нельга, нельга разважаць. Ён ірвануўся, як падказвала яму інтуіцыя не ўбок ад сваіх ворагаў, а паміж імі. Але Эдзік, калі ішлі да копанкі, і гэты варыянт Віцьку растлумачыў. Ён увогуле ўсё, так мовіць, прапрацаваў, рыхтаваўся, як да сапраўднага палявання. Хто і куды будзе біць ці падстаўляць нагу ў залежнасці ад таго, куды пабяжыць Сяргей – усё ён размеркаваў...
Сяргей ірвануўся – і імгненна ў вачах успыхнулі сотні белых зорачак. Болю ён не адчуў, толькі тупы ўдар у твар прыпыніў яго рывок. Гэта Эдзік дзейнічаў па плану: рывок Сяргей між імі, то ён з правай б’е яму ў твар. Потым – Віцька з левай – пад дых. Сяргей хакнуў, ён не быў гатовы і да гэтага ўдару. Віцька, што называецца, прабіў прэс – паветра адным рыўком вылецела з грудзей Сяргея, а ўздыхнуць не было магчымасці. Сяргею б момант які, ён то ведаў, што трэба не хапаць паветра, калі ўдарылі пад дых, а наадварот – выдыхваць апошняе і толькі па ледзь-ледзь заглытваць свежае. Ён сагнуўся, спадзеючыся, што яму дадуць хоць колькі секунд. Але наступны ўдар абрушыўся на шыю – зноў па плану, біў Эдзік.
Сяргей упаў на калені.
На гэтым раней абгавораны план закончыўся.
“Нам бы яго толькі зваліць з ног,” – казаў Эдзік.
Звалілі. І далей не па плану – Эдзік коратка размахнуўся, ударыў нагой, абутай у мокры і мяккі ад расы красовак. Ударыў у твар.
Сяргей зноў не адчуў болю. А можа, калі рыхтуешся да болю, то болю і не адчуваеш? Толькі галава матлянулася ўверх і ўлева, а з носа на грудзі пабеглі цёплыя ручайкі.
– На яшчэ! – крыкнуў Эдзік, і красовак на гэты раз балюча, вельмі балюча тыцнуўся ў жывот.
Ужо не белыя зорачкі, а чырвоная пляма ўспыхнула перад вачыма, потым залезла ў жывот і неміласэрна стала пячы там, прымусіла сціснуцца, сабрацца, скруціцца, і не было ні берага, ні хлопцаў гэтых, ні рыбы – была гэта вогненная чырвоная пляма ў жываце, якая распаўзалася па ўсім целе.
– Га! З’еў! – зноў закрычаў Эдзік. – Ты каго, дзярмо інтэрнацкае, стукнуў? А?
Ён стаў абходзіць Сяргея, які скурчыўся, схаваў жывот, выстаўленымі локцямі прыкрыў твар.
– Хопіць з яго, – хацеў прыпыніць Віцька Эдзіка.
Злосць у яго прайшла, нешта вельмі непрыемна было глядзець на ляжачага Сяргея.
– Яшчэ дабавім, – Эдзік злаўчыўся, стукнуў нагой, імкнучыся праз складзеныя локці дастаць твар Сяргея.
– Ды не бі ты нагамі, – паморшчыўся Віцька.
– Што, у вас тут чэсныя бойкі, га? – пакпіў Эдзік. – Адзін на адзін, га?
І ў гэты момант ранішнюю цішыню разрэзаў тонкі адчайны крык, крык страху і болю. Так магло крычаць толькі дзіця, даведзенае нечым да жудасці, смяротна напалоханае.
Да іх бегла Нэла.
Бегла і крычала, крычала і бегла.
І Віцька, і Эдзік уздрыгнулі, у нейкі момант ім абодвум падалося, што яны зрабілі нешта непапраўнае, забілі насмерць, а гэтае нямко ўжо аплаквае свайго брата.
Страшна крычала Нэла.
– Пайшлі! Бяжым – раскажа! – раптам ірвануўся ўбок Эдзік.
І яны пабеглі, забыўшыся, што Нэла нікому нічога расказаць не зможа і што ўвогуле некаму расказваць – хто будзе заступацца за Сяргея? Не прымак жа...
– Трасца яго ведае, – прыпыняючыся, загаварыў Эдзік, калі адбеглі далекавата па беразе. – У мяне ж, блін, удар ведаеш які! Я яму, здаецца, і нос, і сківіцу набок звярнуў. А ён, можа, сволач яшчэ тая, пойдзе да ўчастковага... Чорт, трэба было мне ўчора бабцы расказаць і жывот ёй паказаць... Нічога, ты ж пацвердзіш, што ён першы ўдарыў, хоць мы яго не чапалі, так? Ды і гэты Віталь усё бачыў...
Віцьку нечакана стала прыкра ад асэнсавання таго, што Эдзік напужаўся. Хай сабе і трошкі, але ж напужаўся...
– А добра ты яму, пад дых! – раптам загаварыў Эдзік, прыцмокваючы. – Усё па планчыку: раз – у морду, два – пад дых, тры – па карку! Як у кіно атрымалася, клас!
Прыкрасць ад гэтых слоў захліснула Віцьку: ён разумеў, што цяпер ужо Эдзік яго, Віцьку, робіць галоўным катам у гэтым збіванні. Але змаўчаў, бо сказаць нешта супраць Эдзіка не змог. Яны ж былі заадно…
Дзяўчынка больш не крычала. Яны выглянулі з-за куста – Сяргей і Нэла ішлі сцяжынкай у вёску, Сяргей нёс вуду і мяшэчак з рыбай у адной руцэ, за другую трымалася Нэла.
– Чорт, дагонім давай, з гэтай равулай не ўцячэ, рыбу адбяром! – усхапіўся Эдзік. – Глядзі, колькі налавіў! І вуду паламаем!
– Ат, няхай нясе, – неахвотна адказаў Віцька. – Гэта яго апошняя тут рыба.
Сказаў, але ўпэўненасці ў сваім голасе не адчуў. Нешта не радасна было ад іх перамогі. Зусім не радасна…
...Нэла яшчэ ціхенька ўсхліпвала. Сяргей стараўся гаварыць спакойна, хоць трэсліся яшчэ рукі, а ў жываце тая пляма не знікла, толькі сабралася ў чорны тугі камяк. Быццам гарачы камень хто паклаў у сярэдзіну жывата, і ён пры кожным кроку пракатваўся, абпальваў сабой усё ўнутры.
– Супакойся, не плач. І не трэба табе было бегчы. Чаго ты так рана прачнулася? Спужалася, што я некуды паехаў? Не, я нікуды не паеду, не перажывай. Я з табой буду. Вось выганю таго зэка, адвучым з табой маці гарэлку піць, будзем начаваць у хаце... А ты вось пабегла, сукенку намачыла ў расе, а пераапрануцца няма ў што... Нічога, зараз мы з табой да магазіна пойдзем, булку белую купім, сходзім да бабы Адаркі, яна табе кубачак малака налье, паясі... Хочаш белай булкі з малаком?
Нэла перастала ўсхліпваць, шмыгнула носам, зазірнула ў вочы Сяргею і кіўнула галавой. І ўсміхнулася – асцярожна ўсміхнулася і тут жа азірнулася на копанку – ці не гоняцца за імі, ці не паўторыцца тое жудаснае: яе брацік ляжыць на зямлі, а яго б’юць нагамі, і з носа ў яго цячэ густая ярка-чырвоная цёплая кроў...
Раздзел: ВЕДЗЬМІНА ТОНЯ |