|
Водгукі чужыя пра маё » Гульня, роўная рэчаіснасці 13 ноября 2011 от Valeriy |
|
Міхась Южык Кароткая аповесць Валерыя Гапеева “Лёшкава каханне, або Віртуальнае дрэва рэальнасці” выглядае найбольш грунтоўным і па-мастацку зробленым творам пісьменніка – з тых, што я на дадзены момант уважліва прачытаў. Не скажу, што з’яўляюся спецыялістам і абазнанцам у творчасці сп. Гапеева, але трохі пісаў у “Полымі” пра яго першую аповесць “Пастка на рыцара”, даволі грунтоўна, але без прэтэнзій на аб’ектыўнасць – пра “Першы боль, або Доказ закона прыгажосці” (http://iuzhyk.livejournal.com/73873.html ), чытаў і “Ведзьміну тоню”, першая частка якой здалася не па-сучаснаму расцягнутай. Трэба зазначыць, што ў дадзены момант Валерый Гапееў распрацоўвае тую дзялянку беларускай літаратуры, дзе, па вялікім рахунку, нікога, апроч яго самога, няма. І канкурэнтаў яму, адпаведна, – няма. У расейскай і замежнай літаратурах пісьменнікаў такога напрамку, без сумневу, хапае. Але беларуская літаратура тым і вызначаецца сярод сусветных літаратур, што заўжды адстае ад усяго цывілізаванага свету на добрыя чвэрць стагоддзя. Калі там жнуць, умоўна кажучы, у нас толькі запрагаюцца сеяць. Так што пісьменнік Гапееў ёсць выключэннем з нашага агульнага заганнага правіла – ён імкнецца ісці ў нагу з часам, трымаць руку на яго пульсе. Прычым атрымліваецца ў Гапеева гэта досыць арганічна, неяк само сабой і вынікае з асаблівасцяў яго характару, творчага і чалавечага тэмпераменту, нераўнадушнасці і цікавасці да ўсяго, што дзеецца ў дынамічна зменлівым свеце. Пісьменнік ведае жыццё сучасных падлеткаў не па кнігах класікаў 60-х гадоў мінулага тысячагоддзя, а з непасрэдных актыўных дачыненняў з імі. Бацька дваіх дзяцей, ён не абмяжоўваецца досведам псіхалогіі ўласных нашчадкаў, а нязменна дачыняецца з падлеткамі і юнацтвам на інтэрнэт-форумах самага рознага накірунку, вывучае іх псіхалогію. Вось з гэтага ўніклівага вывучэння і вырастаюць яго аповесці пра сучасную моладзь, якая заклікана прыродай працягваць тое, што мы не даробім. Аповесць “Лёшкава каханне”, паўтаруся, зроблена больш па-мастацку, чым вышэй пералічаныя аповесці Валерыя Гапеева, у ёй менш (амаль няма) такіх месцаў, дзе хочацца крыкнуць “Не веру! Ну не бывае такога!”. Тут усё “мускуліста”, без “вады”, псіхалагічна даволі выверана, прадугледжана нават тое, што пэўнае кола патэнцыйных чытачоў будзе не знаёмае са спецыфічнымі інтэрнэт-тэрмінамі, таму у пачатку пададзены тэрміналагічны слоўнік сучаснага юзара (карыстальніка Сеціва). Праўда, у слоўніку гэтым прысутнічае, калі быць строгім, адна памылка: Гапееў тлумачыць, што такое “аватар”, выкарыстоўваючы паняцце “юзар”, а самога “юзара” расшыфроўвае на наступнай старонцы. Але пяройдзем да фабулы і галоўнай ідэі твора, які пачынаецца з нервовай размовы маці з сынам Лёшам, які (знаёмы тыпаж) усю вольную часіну, дзень пры дні, бавіць за капмутарам. Маці, натуральна, занепакоена гэтай татальнай залежнасцю, якая аўтаматычна вядзе да адрыву ад рэальнасці і як вынік – да пагаршэння фізічнага і псіхічнага здароўя сына. На што той знервавана (ужо сімптом) адказвае: “– А як мне з вамі размаўляць? – напорыста загаварыў Лёшка. – Ну, скажы – як? Я сяджу дома, у цябе перад вачыма, я не лажу ў Інтэрнэце ў пошуках парнаграфіі, ніколі не хаваю ад бацькі і ад цябе манітора (…) Я працую! Я зарабляю грошы, якіх нам вечна не хапае. Дык чаго ж ты не даеш мне спакойна гэта рабіць?! – закончыў ён ужо з ноткамі істэрычнасці.” Далей сп. Гапееў раскрывае і прычыну, па якой малады істэрык зашыўся ў кампутар ад рэчаіснасці. Бо ў яго сур’ёзныя праблемы ў дачыненнях з процілеглым полам, якія, псіхолагі ведаюць, ёсць прычынай ільвінай долі неўрозаў. Не скажу, што пісьменнік пераканаў меня ў тым, што адно-адзінае няўдалае колішняе заляцанне да дзяўчынкі цалкам адпрэчыла Лёшку ад слабага полу. Для гэтага трэба не адна – а дзесяткі няўдалых спробаў, шматгадовы прыклад нездаровых зносінаў бацькі і маці ды яшчэ многае. Аднаго высмейвання дзяўчынкай яго “потных шкарпэтак” замала будзе. Але дынаміка аповесці не дазваляла, відаць, пісьменніку рассмакаваць выспяванне комплексу жанчынаненавісніцтва ў яго героя. Заўважу, што гэта, бадай, адзіная псіхалагічная хіба аповесці. Далей усё выглядае надзвычай праўдзіва і рэчаісна. На паверку наш жанчынаненавіснік, аказалася, гэтак жа прагне кахання і ўвагі з боку дзяўчат, як і ўсе нармальныя хлопцы. Гапееў “праверыў” гэта праз яго сябра Юрыса, які – не то з жадання разыграць, не то з намеру разварушыць – зарэгістраваўся на форуме, дзе Лёшка заўсёднік, пад нікам “Ксенка” і пачаў праяўляць увагу да Тайлера (Лёшкі). І вось тут з нашым героем адбылося неверагоднае – ён стаў жыць не кампутарнымі, а чалавечымі эмоцыямі, інтарэсамі. Ён на сваю бяду, і на бяду беднага Юрыса, закахаўся ў віртуальны, няісны вобраз, падмацаваны хіба што адным фальшывым фотаздымкам. Вось, аказваецца, як проста ачмураюцца людзі. “А Лёшку і сапраўды пачувалася добра. Лёгкім, прыемным і простым здавалася ўсё вакол. Як, аказваецца, важна мець нейкі клопат аб некім”. “Гэта толькі здаецца, што віртуальныя зносіны простыя і бяскрыўдныя. Маўляў, выключыў старонку – і ўсё прапала. Ага! Якая розніца, дзе адрэагавалі на твае словы і хто адрэагаваў? Галоўнае ж для цябе зусім іншае – як адрэагавалі. І ніколькі не ратуе тое, што цябе ніхто не ведае”, – папярэджвае нас пісьменнік. І нездарма. Бо так ужо заведзена самой Прыродай спакон веку, што людзі знаёміліся, размаўлялі, сябравалі і ўлюбляліся праз наўпростыя дачыненні. Бо чалавек – гэта не аватар і нік у Сеціве, не тое, што ён піша, схаваны за маскай (ці некалькімі маскамі). Чалавек – гэта калі бачыш яго ўсяго, цела, вочы, учынкі. А вось да гэтага можна ўжо прыплюсоўваць і эпісталярны жанр, то бок перапіску праз лісты – папяровыя ці віртуальныя – не важна па сутнасці. Што цікава: з Лёшкам гаварыла проста нейчая душа, прычым даволі прымітыўна ў артыстычным плане (не прафесійны ж акцёр той Юрыс) – і хлопец усё адно “павёўся” і “лахануўся”. Адразу ж паўстае пытанне, наколькі рэальная сама рэчаіснасць. Бо калі нехта, схацеўшы нас разыграць (развесці), у самым сапраўдным чалавечым абліччы праробіць тое ж самае – напляце лухты, падсадзіць на каханне да сябе, потым выцягне грошы, выцісне як анучку, спустошыць маральна – і выкіне як непатрэбшчыну. Ды, сябры, роўна пра гэтыя канфлікты і драмы – уся сусветная літаратура класічная. Або нам прадстаўляюцца не тымі, кім яны ёсць, або мы, на сваю бяду, ствараем ў сваёй свядомасці памылковыя ідэалы. Дуалізм сусвету, роўнасць ідэальнага і рэальнага выразна прасочваецца і ўскосна даказваецца ў аповесці “Лёшкава каханне”. Закахаўшыся ў фантом, хлопец затым прыйшоў у такі стан афекту, быццам яго адпрэчыла жонка, з якой пражыў дзесяць шчаслівых гадоў, збегшы ад яго з новым хахалем. Што хацеў нам сказаць аўтар аповесці? Думаецца, як галоўнае тое, што кампутарныя гульні і розыгрышы да дабра не вядуць, бо за нікамі і аватарамі, як ні круці, – жывыя людзі з закладзенай у іх прыроднай праграмай быць зразуметымі, патрэбнымі і каханымі. Заканчэнне аповесці адкрытае, і гэта таксама ўзмацняе ўражанне – не ставіць канчатковую кропку, дае магчымасць прайграць варыянты, пафантазіраваць, “выратаваць” ці “забіць” у сваёй свядомасці беднага Лёшу. “Юрыс падхапіўся з канапы, набраў Лёшку. У адказ пачулася механічнае: “Апарат абанента выключаны альбо знаходзіцца не ў зоне дзеяння сеткі”. Юрыс кінуўся ў пярэднюю, насунуў красоўкі на ногі, схапіў куртку, кінуў на ўстрывожаны позірк маці: “Я хутка”, – і вылецеў з кыатэры. Ён імчаў уніз з той хуткасцю, быццам дакладна ведаў, куды бегчы і што рабіць. І толькі калі выскачыў з пад’езда ў пацямнелы двор, раптоўна спыніўся ў адчаі, разгублены, бездапаможны: куды, у які бок?! Дзе цябе шукаць, Лёшка?” На гэтым бы і скончыць, але кніга, магчыма, будзе перавыдавацца яшчэ не адзін раз (хто з нас ведае будучыню?), таму не магу не ўказаць на чыста тэхнічныя і стылістычныя хібы мовы, у цэлым добрай. Гэта заўвага і рэдактарам і выдаўцам, заклік быць уважлівейшымі, асабліва тады, калі творы прызначаюцца для моладзі, якая па іх жа і будзе родную мову вучыць. “і пахнуць далёка не прыемна” – “не зусім прыемна” “двухсэнсоўных поглядаў” – “позіркаў” “цягнуць куды вечарам бадзяцца” – “некуды” “пайшоў ты к чорту”(русізм) – “ідзі ты да ліха” “Інет” – у той жа час побач “Інтернэт” “прыняўся за работу” – “працу” “прачытаў чытач” (масла маслянае) “таўхануў” – “штурхнуў” “асіліў” – “адужаў” “ці актуальна яго заяўка” – “ці актуальная” “дзяўчынкі” – “дзяўчаткі” “з якога ляку” – “з якого ляду” “мышленне” – “мысленне” Акрамя таго, каб быць канчаткова рэалістычнымі – нікі на форумах вельмі часта пішуцца лацініцай, чаго ў творы няма. Таксама зусім не абавязкова пісаць “Ворд”, калі ўсім прывычней будзе ангельскі адпаведнік. Зрэшты, усё гэта дробязі. Але з павышанай увагі да дробязяў і складаюцца Творы. |