Выхаванне Чалавека
Лада Алейнік, ("ЛіМ", 20 студзеня 2012 г.)
Рэцэнзія на аповесць "Трафік для паэта" .
Літаратура ведае нямала прыкладаў таго, як некаторыя пісьменнікі доўга і пакутна шукалі сваю тэму... Бывала, гэты працэс расцягваўся на гады і дзесяцігоддзі. Пра Валерыя Гапеева можна сказаць, што ён з кагорты тых шчасліўчыкаў, каму пашанцавала ўвайсці ў літаратуру з дакладным веданнем тэмы і бачаннем патэнцыйнай чытацкай аўдыторыі. Каб беспамылкова вызначыць творчы шлях, па-мойму, гэтаксама патрэбен талент. І не толькі... Вера ў сябе патрэбна, спецыфічная чуйнасць, аб’ектыўная ацэнка ўласных здольнасцей і магчымасцей. Праўда, паводле першай кніжкі (“Пастка на рыцара”, 2003) яшчэ немагчыма было зрабіць пэўны прагноз – ці будзе пісьменнік далей працягваць працу ў галіне падлеткавай прозы, ці адмовіцца ад выбранага шляху. Бо з той першай кніжкай, думаецца, ён не толькі атрымаў грунтоўны творчы вопыт, але і пераканаўся, што ў гэтай парафіі будзе надзвычай няпроста...
|
|
|
Гульня, роўная рэчаіснасці
Міхась Южык
Кароткая аповесць Валерыя Гапеева “Лёшкава каханне, або Віртуальнае дрэва рэальнасці” выглядае найбольш грунтоўным і па-мастацку зробленым творам пісьменніка – з тых, што я на дадзены момант уважліва прачытаў. Не скажу, што з’яўляюся спецыялістам і абазнанцам у творчасці сп. Гапеева, але трохі пісаў у “Полымі” пра яго першую аповесць “Пастка на рыцара”, даволі грунтоўна, але без прэтэнзій на аб’ектыўнасць – пра “Першы боль, або Доказ закона прыгажосці” (http://iuzhyk.livejournal.com/73873.html ), чытаў і “Ведзьміну тоню”, першая частка якой здалася не па-сучаснаму расцягнутай.
Трэба зазначыць, што ў дадзены момант Валерый Гапееў распрацоўвае тую дзялянку беларускай літаратуры, дзе, па вялікім рахунку, нікога, апроч яго самога, няма. І канкурэнтаў яму, адпаведна, – няма. У расейскай і замежнай літаратурах пісьменнікаў такога напрамку, без сумневу, хапае. Але беларуская літаратура тым і вызначаецца сярод сусветных літаратур, што заўжды адстае ад усяго цывілізаванага свету на добрыя чвэрць стагоддзя. Калі там жнуць, умоўна кажучы, у нас толькі запрагаюцца сеяць. Так што пісьменнік Гапееў ёсць выключэннем з нашага агульнага заганнага правіла – ён імкнецца ісці ў нагу з часам, трымаць руку на яго пульсе. Прычым атрымліваецца ў Гапеева гэта досыць арганічна, неяк само сабой і вынікае з асаблівасцяў яго характару, творчага і чалавечага тэмпераменту, нераўнадушнасці і цікавасці да ўсяго, што дзеецца ў дынамічна зменлівым свеце.
|
|
|
Берасцейскае шматгалоссе (урывак)
Свой адмысловы “накірунак” у літаратуры распрацоўвае Валерый Гапееў. Яго цікавіць найперш свет падлеткаў, працэс іх сталення, перыпетыі іх жыцця. У 2010 годзе ў выдавецтве “Літаратура і мастацтва” ў серыі “Пераходны ўзрост” пабачыла свет яго кніга “Урокі першага кахання”. У яе ўвайшлі тры аповесці: “Усё цудоўна, або Урок бяспечнага кахання”, “Лёшкава каханне, або Віртуальнае дрэва рэальнасці” і “Першы боль, або Доказ закона прыгажосці”. Творы звязаны паміх сабой тэматычна, у іх дзейнічаюць адны і тыя ж героі – толькі змяшчаюцца акцэнты аўтарскай увагі да іх. У першай аповесці дамінуе канфлікт старшакласнікаў і бацькоў, выносіцца на суд стаўленне бацькоў да сваіх амаль дарослых дзяцей. Пачатак аповесці. Нібыта ў прадчуванні кантрасту, тут ўладарыць абсалюная гармонія, уладарыць матыў узнёсласці, матыў задаволенасці сабою і жыццём. Аўтар настойліва, зноў і зноў, падкрэслівае гэты гарманічны стан: “Ранак быў цудоўным: празрыстым, ціхім, шматабяцаючым” , “Цудоўна пачаўся дзень…” А вось зноў: “Цудоўна пачаўся дзень” , “Цудоўна заканчваецца дзень” , “Увогуле ўсё цудоўна” . Такая настойлівасць насцярожвае, яна ўжо загадзя настройвае чытача на дысананс, папярэджвае аб маючай адбыцца драме.
|
|
|
Віртуальная рэчаіснасць, альбо Чаканая кніга
Ася Паплаўская, "Літаратурная Беларусь" (студзень, 2011)
Я была б шчыра ўдзячная пісьменніку Валерыю Гапееву, каб ягоная кніга “Урокі першага кахання” выйшла гадоў сем таму. Тады я вучылася ў школе і спасцігала тыя інтэрнэт-тэхналогіі, пра якія досыць падрабязна, кампетэнтна (а галоўнае – зразумела і для школьнікаў, і для дарослых) піша ў сваіх апавяданнях аўтар. Аська (праграма ICQ) ды рознага кшталту форумы (у тым ліку, і гарадскія) тады былі акурат актуальнымі, імі актыўна карысталіся ўсе мае равеснікі. Што да сённяшніх маладзёнаў, то ў іх ужо іншыя пляцоўкі ды праграмы для стасункаў: skype, facebook, Вконтакте, блогі…
Я была б удзячная Валерыю Гапееву не столькі за тое, што ён падрабязна апісаў шляхі і тэхналогіі зносінаў у інтэрнэце, нават падказаў, як можна зарабіць у Сеціве, колькі за тое, што сапрыўды цікавая, сучасная кніга пра і для падлеткаў, якая глыбока разглядае іх псіхалагічныя праблемы, звязаныя з пераходным узростам, напісаная беларусам і па-беларуску!
|
|
|
Школьнікі пішуць...
“Прачытала аповесць “Усё цудоўна, або урок бяспечнага кахання” і вырашыла прапанаваць пачытаць гэту аповесць маці… Пасля ў нас адбылася вельмі шчырая і даверлівая размова…” Аляксандра Грышчанка, 14 год.
“Чытаеш гэтую аповесць (“Пастка на рыцара”), думаеш: і ў нас у класе ёсць хто-небудзь з герояў аповесці…” Вікторыя Шчарбакова, 15 год.
“Нездарма аўтар зрабіў 16 частку аповесці “Пастка на рыцара” адным радком: “Выпускнога балю ў адзінаццатым класе не было”. Можна зрабіць выснову, што памерла надзея на тое, што ў нашым грамадстве будзе нехта той, хто нас выратуе”. Павел Ровік, студэнт.
“Вобраз пераможанага рыцара ў аповесці “Пастка на рыцара” – вобраз, праз які аўтар сцвярджае думку краху маралі і духоўнасці ў грамадстве” (Не падпісана)
|
|
|
Жанна Капуста, ЛіМ, 2009
Вартасці: Новая аповесць Валерыя Гапеева відавочна мацнейшая за папярэднюю — “Усё цудоўна, або Урок бяспечнага сексу”. Імпануе найперш дэталёвая, прадуманая да дробязяў псіхалагічная распрацоўка вобразаў. Пісьменніку ўдалося даволі пераканаўча стварыць карціну свету ва ўспрыманні шаснаццацігадовай дзяўчыны. Сапраўды, разважанні, мары і назіранні галоўнай гераіні Кацярыны часта нават уражваюць уменнем “ужывання” ў жаночую псіхалогію.
|
|
|
Алесь Паплаўскі, ЛіМ, 2009
Вартасці: Безумоўна, пісаць прозу для падлеткаў складана. Гарантаваны поспех такіх твораў залежыць ад шматлікіх акалічнасцей: ад правільна выбранай тэмы, ад мовы, ад дынамікі і цікавасці сюжэта. Няшчырасць і фальш тут не пройдуць. Малады чалавек, у лепшым выпадку, пасмяецца з прачытанага, а ў горшым — увогуле праігнаруе нецікавае чытво. У Валерыя Гапеева мне імпануюць тыя адвага і руплівасць, з якімі ён бярацца за складаную, цяжкую працу, а яшчэ імкненне разважаць на нязвыклыя для беларускай літаратуры тэмы — нібыта і старыя, як Свет, але заўжды актуальныя. Дарэчы, не толькі для моладзі.
|
|
|
|