Сучасная беларуская проза
 ў сучасным фармаце
     
      Лёшкава каханне
(флэш-фармат)
 
Пра сябе
 
 
 
   
    Беларуская літаратура
    Проза для дзяцей і падлеткаў
    Валерый Гапееў
 
 
 
Беларуская проза
 
   
 
 
Апошнія запісы
 
 
 
 
 
 
 
Тое-сёе...
 
   
 
 
Записки по темам
 
   
 
 
Каляндар запісаў
 
 
 
« Май 2012 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
1 2 3 4 5 6
7 8 9 10 11 12 13
14 15 16 17 18 19 20
21 22 23 24 25 26 27
28 29 30 31
 
 
 

   
Першы боль, або Доказ закона прыгажосці (3)
– Слухаю…
Голас быў чужым. Такім чужым, што ў першае імгненне Кацярына разгубілася – хто гэта?
– Алё, гэта Юрый?
– Так, гэта я.
Яна пазнала нарэшце гэты слабы, бы з пад-зямлі, хрыпаты голас.
– Божачка, Юрый, што гэта з табой? – яна не магла стрымаць свой перапалох. – Што здарылася?
– Гэта ты, Каця? – пазнаў і Юрый. – Здаецца, я захварэў.
– Дзе ж ты паспеў?! Хто за табой глядзіць? Урача выклікаў?
– Не, нічога… Адзін я.
– Я зараз прыйду! – рашуча выгукнула Кацярына, адключылася, нават не стала чакаць адказу, хутчэй стала пераапранацца.
Добра, што жыве Юрый не так далёка ад цяперашняга жытла Кацярыны – праз дваццаць хвілін яна таропка ўзнімалася па лесвіцы, не чакаючы ліфта. У кватэры Юрыя яна была двойчы – тут цудоўна адзначалі яго дні нараджэння: яго бацькі пакідалі моладзь на ўвесь вечар, у Юрыя цудоўная гукавая сістэма, кватэра проста вялізная…
13
Калі Юрый адкрыў, яна міжволі ледзь-ледзь адхіснулася. І не столькі з-за выгляду Юрыя – ён быў страшэнна пакамечаны, быццам яго прапусцілі праз пральную машыну, і яго змакрэлыя некалі і цяпер бы склееныя пасмы валасоў гэта яшчэ больш падкрэслівала. Шараваты твар, вочы патухлыя, апушчаныя уніз вугалкі рота – усё гэта яскрава сведчыла аб хваробе, што Кацярына канстатавала ў сваёй свядомасці адразу.
Але прымусіў адхіснуцца не сам Юрый, а пах, які літаральна шыбануў пругкім, амаль фізічна адчувальным воблакам з кватэры: нечага гарэлага, сапсаванага. Амаль як з вялікай тлеючай сметніцы…
Юрый саступіў назад, даючы Кацярыне праход у кватэру.
– Вось… прыхварэў крыху, – паспрабаваў ён выціснуць з сябе ўсмешку.
– Ды бачу, – Кацярына скінула красоўкі, міжволі, нягледзячы на хваляванне, адзначыўшы для сябе шыкоўнае аздабленне кватэры, найперш – без адзінай плямачкі раўнюсенькую падлогу.
Цяпер, калі для яе зразумелым стала маўчанне Юрыя ўчора ў асьцы, калі ўсё стала ясным, да яе вярнулася яе заўсёдная упэўненасць і дзелавітасць – ёй было не прывыкаць бачыць хворых і хадзіць за імі: колькі разоў хварэлі-прастуджаліся брат і сястра! Пра пахі яна тактоўна пытацца не стала.
– Ідзі, кладзіся, – амаль загадала яна Юрыю. – Зараз разбярэмся.
Юрый паслухмяна пайшоў у свой пакой. Ён вельмі спакойна аднёсся да званка Кацярыны, да яе прыхода сюды – быццам так і трэба было. І чаму не трэба? Кацярына ж – стараста. Яна павінна пра ўсіх клапаціцца…
– У цябе лекі якія ёсць? Градуснік просты? – спытала Кацярына з пярэдняй.
¬ – Шафка на кухні. Пабачыш… – адгукнуўся млява Юрый.
Кацярына зайшла на кухню і чорная каструля ў ракавіне адказала на неагучанае пытанне пра пахі. Знайшла тэрмометр, прайшла ў пакой да Юрыя. Той ляжаў на не засланай тахце пад коўдрай.
– Трымай, памераем. Я зачыню дзверы, трэба праветрыць у кватэры.
Адчыніла акно на кухні, выліла чорную жыжу з каструлі ў туалет, зноў набрала вады, дадала мыючага сродку. Паставіла чайнік. Потым хутка праглядзела ўсе лекі, якія знайшла ў шафцы. Усміхнулася сама сабе: тут дзесяць хворых можна вылечыць.
– 38 і два, – Кацярына страсянула тэрмометр. ¬ – Дрэнна? – спагадліва спыталася яна ў хлопца.
¬– Крыху лепш… Учора было пад сорак. Сёння… слабасць… Нічога не хочацца.
– Не еў?
¬– Не.
– Добра… я пагаспадару на кухні?
– Гаспадар.
– Зараз завару табе гарбату, Пап’еш з якім бутэрбродам. Потым таблетак дам. Пакуль паляжыш, я прыгатую чаго лёгкага.
Юрый толькі кіўнуў. Яму стала вельмі спакойна – ён цяпер быў упэўнены, што ў яго становішчы нічога страшнага няма. Кацярына прынесла да яго не тое што заспакаенне – яна прыйшла разам з усім светам у яго кватэру, дзе да гэтай мінуты быў толькі ён адзін. Тое пачуццё, якое пужала, выклікала жаданне схавацца пад коўдру з галавой – пачуццё поўнай адзіноты ва ўсім свеце, знікла.
Кацярына смела пачала гаспадарыць на кухні. Наўрад ці было б у яе столькі адвагі, каб яна не ведала, што бацькі Юрыя – вельмі далёка і будуць не хутка.
Прадуктаў у халадзільніку хапала. Зрабіла бутэрброд з маслам і ялавічынай, прыгатавала гарбату. Тут жа на кухні пабачыла столік на калёсіках. На яго паставіла талерку з бутэрбродам, гарбату, цукар. Пакаціла ў пакой Юрыя, адчуўшы нечакана незразумелае хваляванне.
– Давай, хворы, еш, – паставіла столік ля тахты, сама прысела побач. – Колькі цукру?
– Дзве, – адказаў Юрый, прыўзняўся, прысеў, адкінуўся на спінку канапы.
– Кашлю няма? Горла не баліць? – дзелавіта папыталася Кацярына, калі Юрый зноў прылёг.
– Не, толькі млявасць. Горла трохі дзярэ…
– Чым мне цябе яшчэ накрыць? Хавайся з галавой, я хвілін на дзесяць адкрыю акно – праветрыць трэба пакой.
– Адчыняй так, коўдра цёплая, – адмахнуўся Юрый.
На кухні Кацярына дастала з маразільніка замерзлую курыцу, знайшла зеляніва, макароны… Пакуль курыца раставала, шаравала прыгарэўшую каструлю. Амаль атрымалася…
Потым варыла булён, прыбіралася на кухні: выцірала, мыла падлогу.
У пакоі Юрыя было ціха. Асцярожна прыадчыніла дзверы – той спаў. У пярэдняй на століку заўважыла звязку ключоў, пакруціла іх у руках, зірнула на уваходныя дзверы: так і ёсць, гэта ад уваходных дзвярэй.
Булён згатаваўся.
Кацярына выключыла пліту, хутка абулася. Узяла ключы, сама замкнула кватэру. Яна спяшалася да сябе: трэба было малінавае варэнне, ці хоць сушаны ліпавы цвет…
Калі вярнулася і асцярожна адамкнула дзверы, Юрый яшчэ спаў. Прайшла на кухню, паставіла чайнік на пліту – каб зрабіць адвар з рамонкаў.
Хвілін 20 яна сядзела без аніякіх думак, проста пераводзячы позірк з аднаго прадмета на кухні на другі, адзначала адмысловасць, прадуманасць дэталяў… Першы раз яна ўвачавідкі, а не на малюнку, не па тэлевізары, бачыла такое багатае абсталяванне, сучаснае, зручнае…
Пайшла будзіць Юрыя. Ён прачнуўся ад лёгкага стуку ў дзверы, крыху усміхнуўся ёй:
– А я задрамаў.
– То і добра. Зараз паясі, я прыгатавала булён.
– Чакай, мне ў душ трэба – я потны ўвесь і ванючы. Аж агідна.
– У душ табе цяпер нельга. Пацярпі, і я цябе не нюхаць прыйшла. Твар ідзі апаласні, калі хочаш. Так, тэмпературу мераем…
Пакуль Юрый паслухмяна трымаў тэрмометр пад пахай, Кацярына на тым самым століку прывезла наліты ў глыбокую міску булён, хлеб.
– Еш. Што там у нас? – яна ўзяла тэрмометр, задаволена хмыкнула: – Выдатна, амаль нармальная. Не садзіся, ляжы, я зараз ручнік падсцялю, – працягвала яна камандаваць.
Юрый слухаўся, ні ў чым не пярэчыў – хіба ж хвораму трэба весці сябе інакш?
Кацярына прысела побач, але цяпер на стуле ля пісьмовага стала, агледзелася.
– Шыкоўна ў цябе… Бы ў якім замежным кіно.
– Так. Я асабліва не звяртаю ўвагі. Мне галоўнае, каб зручна, – адказаў Юрый. – А аказалася, што зручнасць – гэта адмысловасць кожнай дэталі, усяго цалкам, таму дорага…
Ён нетаропка, з задавальненнем еў.
– Слухай, ты смачна гатуеш…
– Вопыт. А дзе твае бацькі?
– У Эміратах. Ведаеш такую краіну?
– Мне пакрыўдзіцца?
– А-а, выбачай…
– Выбачаю. Надоўга яны там?
– На год. Водпуск у студзені.
– Хто табе гатуе, прыбірае? Хатнюю работніцу нанялі?
– Вядома. Мне не стае часу на хатнія дробязі.
– Ну, гэтыя дробязі робяць жыццё чалавечым… Наеўся?
– Дзякуй табе, мне куды лепш.
Кацярына забрала посуд, адразу ж на кухні памыла яго, вярнулася ў пакой.
– Урача заўтра выклічаш. А будзе лепш, то схадзі сам у паліклініку. У школу не ідзі. Трэба праверыцца добра… Як табе удалося прастудзіцца?
– Ды… Праветрываў пакоі, як суп падгарэў.
– Ясна. Ну, я пайду. Там табе адвар з рамонак прыгатавала, палашчы горла, проста так пі. Замест гарбаты вечарам заварыш ліпавы цвет, пі з малінавым варэннем. Булён, як каструля астыне, у халадзільнік пастаў. Хатняя гаспадыня прыйдзе ў панядзелак?
– Не, я яе адпусціў. У яе… справы.
– Зразумела… Тыдзень пельмені будзеш есці?
– Там пабачу.
– Ну, тэлефануй, калі што. Заўтра пасля заняткаў я сама патэлефаную. Добра?
– Дамовіліся, – Юрый першы раз усміхнуўся прыязна, з удзячнасцю і Кацярына унутрана сцялася – яна чакала нейкіх асаблівых слоў, але Юрый замаўчаў, і яна павярнулася, пайшла ў пярэднюю.
З пакоя Юрый назіраў, як яна нахілілася надзяваць красоўкі, і яго нечакана кінула ў чырвань, апякло: ён пабачыў круглявы, пругкі азадак дзяўчыны, заціснуты ў тканіну джынсаў. Першы раз ён глядзеў на Кацярыну не як на старасту, не як на нейкую службовую асобу, а як на дзяўчыну. Правільней – першы раз ён пабачыў у ёй дзяўчыну. Усе гады перад ім была стараста класа: непрыгожая, несучасная вучаніца, з добрымі задаткамі арганізатара, адказная, памяркоўная, валявая. А тут… Божа мой, яна ж – зграбная! Вунь якія формы нагуляла за лета: і грудзі пабольшалі, і клубы… Чысты твар, прыгожыя, дагледжаныя валасы. Сур’ёзны яна чалавек. З ёй самыя складаныя пытанні можна вырашаць…
Гэта позірк Юрыя за спінай, ацэньваючы, пякучы, Кацярына адчула патыліцай. Яна пацягнула нейкі момант, залішне доўга завязваючы красоўкі: няхай глядзіць…
Паварочвалася няспешна, каб не застаць знянацку Юрыя, каб яму не давялося ніякавата хаваць свае вочы. Але ўсё адно той самы агеньчык цікавасці да яе стану ў вачах Юрыя не патух – тым жа самым ацэньваючым позіркам, у якім выразна бачылася здзіўленне, ён глядзеў цяпер на яе спераду…
– Ну, то да заўтрага!
– Дзякуй табе, Кацярынка. Да заўтрага! Я абавязкова пазваню! – ці не сваім голасам вымавіў Юрый.
Яшчэ цалкам не аформлены ў яго галаве план ужо пачаў дзейнічаць – і ён назваў яе ласкава-памяншальна, ён паабяцаў патэлефанаваць, ён яскрава прадэманстраваў ёй сваю ўдзячнасць і ў інтанацыі голасу быў празрысты намёк аб яго захапленні.
– Окей, я пабегла…
14
Заспяваў мабільнік.
– Каць, ты дома? – Юрыс.
– Не, а што?
– Дык… Ну, рэфераты раздрукаваць, – разгубіўся Юрыс.
– А-а, хутка буду. Праз паўгадзіны, прынось, – Кацярына адказала бадзёра, амаль весела.
Ёй хацелася спяваць. Не пайшла на прыпынак аўтобуса, ішла пешкі.
Восень прыйшла ў горад. Паветра стала празрыстым, усе фарбы, якія раней глушыла зеляніна лістоты, раптам сталі насычанымі і выразнымі. Цёпла-шэры тратуар, блакітныя лаўкі на прысадах. Першае апалае жоўта-чырвонае лісце клёнаў свяцілася ў падстрыжанай траве і на роўным тратуары зоркамі. Кацярына ішла, стараючыся не ступаць на гэтыя зоркі. Дзяўчынка гадоў трох збірала лісце на газоне, смешна жмурылася ад промняў сонца. Схопіць тры-чатыры лісточкі і бяжыць да маці – тая заспакоена сядзела на лаўцы, з лагоднай усмешкай пазіраючы за дачкой. Ля яе ўжо ляжаў вялікі пук кляновых лістоў.
Ні аб чым не хацелася думаць. Хацелася проста ісці, ісці цёплымі прысадамі і гушкаць у душы гэтае светлае пачуццё: яна першы раз сам-насам была з Юрыем. Яна адчула і зразумела: ён пабачыў у ёй дзяўчыну. Яму было лёгка з ёй, ёй было нязмушна з ім. Ён зусім іншы дома – ён такі безабаронны. Першы раз яна была з ім, у яго кватэры – і яна паказала сябе як добрая гаспадыня, як клапатлівая сяброўка. Ён заўважыў гэта, ён ацаніў…
Юрыс чакаў яе ля пад’езду. Смешны ён, хоць і хоча выглядаць сур’ёзным. Можа, Юрыс і адчуў яе настрой, можа ў самога настрою не было, аднак як толькі раздрукавалі рэфераты, ён заспяшаўся дамоў. Нейкі сумны быў…
– Мо ты на мяне крыўдуш з-за чаго? – весела спыталася Кацярына. – То кажы, я павінюся.
– Ды ну… чаго мне крыўдаваць, – нехаця адказаў Юрыс. – Я ж бачу, што табе зараз не да мяне. Нейкая ты летуценная.
– Настрой у мяне добры. Вось уяўляеш, Юрыс, проста добры настрой. Ніякага клопату ў галаве, ніякіх праблемаў. Мне добра – і ўсё!
– Гэта добра, калі так добра. Пайшоў я. Там… у парку кампанія збіраецца. Дзень цёплы, лісце падае. Не пойдзеш? – хутка і асцярожна прапанаваў Юрыс.
– Не, не пайду. У мяне такі настрой, якім ні з кім дзяліцца не хочацца і не буду, – усміхнулася Кацярына. – Давай іншым разам.
– Ат, многа ты ўсяго на іншыя разы наабяцала, – бурчэў Юрыс ужо ля парога. – Нейкая ты стала… незразумелая.
– А што, трэба пастаянна быць простай як дошка, і знешне і ўнутры?
– Ды ну, успомніла... пра дошкі… Калі тое было.
– Ну то маю права быць такой, як хачу.
Кацярына казала з выклікам – і Юрыс зразумеў, што калі хоць у чым запярэчыць, дзяўчына адкажа ужо са злосцю.
Яна і на самой справе пачала злаваць – чаго ён лезе да яе? У яе – цудоўны настрой. У яе – радасць. Чаму яна павінна дзяліцца гэтай радасцю з некім? Няўжо людзям цяжка зразумець, што бываюць такія хвіліны, калі хочацца гэтую радасць перажываць толькі аднаму, без сведкаў? Адкуль у людзей упэўненасць, што з імі, у іх атачэнні табе будзе лепш?
Каля 9 гадзін вечара Кацярына выйшла ў Сеціва, уключыла аську. Новых паведамленняў не было.
Яны павінны быць? Гэта добра ці дрэнна?
Гэта добра. Калі Юрый не стаў адказваць той Менеджэр, значыць, яна, жывая Кацярына, магла быць таму прычынай. Магла… Не трэба вось так адразу спадзявацца, што аднаго толькі візіту яе, Кацярыны, у дом Юрыя хопіць, каб… Што каб? Каб Юрый змог забыць тую Менеджэр і ацаніць яе, жывую Кацярыну? Ну, яе здольнасці некаторыя ён ведае добра. Сёння яна прадэманстравала, як умее клапаціцца, якая яна гаспадыня. І заўтра вось пойдзе. Згатуе яму смажаную курыцу. Што яшчэ? Яна адчула яшчэ, што пазіраў ён на яе… як на жанчыну. Божа, гэта ж так проста патлумачыць! Юрый не меў ніякага вопыту з дзяўчатамі. Ён жа сам прызнаўся! Ён не кранаўся ніколі грудзей дзявочых нават пад вопраткай – яму выхаванне не дазваляла, не тое што крануцца голай цыцкі… А яна дазволіць? А што тут такога? Вось возьме і, не, не заўтра, пазней (бо цэлы тыдзень наперадзе!) папытае: ці хоча ён крануцца, памацаць, адчуць сваёй далонню дзявочыя грудзі? А пабачыць? А яна змагла б? Змагла б. Яму яна пакажа сябе. Калі ён захоча – то і ўсю. Цалкам. Няхай ён стане тым старым бабуліным люстэркам – і яна будзе бачыць у яго вачах саму сябе. Яго вочы не будуць такімі маўклівымі, як тое люстра.
Яна, Кацярына, увядзе яго ў зманлівы свет прыгажосці жаночага цела. Больш? Не, яму самому не трэба больш. Яна упэўнена, ён разумны хлопец. І – добры…
А калі ён пакліча ў асьцы тую Менеджэр? Мо спытаць, як яго справы? Што новага?
Кацярына ведала, што яе пытанні пад маскай Менеджэр могуць быць проста правакацыйнымі – яна не ўтрымаецца, яна спытае… Невядома, што адкажа Юрый. Так хочацца пачуць нейкія цёплыя словы пра сябе, жывую? Але ж хіба хлопцы могуць адной расказваць, якая добрая другая? Калі ж Юрый пачне зноў запрашаць Менеджэр у госці – хіба ёй гэта будзе прыемна? Гэта ж як здрада. Гэта значыць, што яна, Кацярына – нуль, яна нічога не значыць. Што ёй усё падалося…
Юрый доўга сядзеў перад камп’ютарам. Пасля таго, як Кацярына пайшла, у яго кватэру быццам ізноў вярнулася пустэча. Быццам той самы чалавечы свет, здаровы, напоўнены жыццём, эмоцыямі, які прыйшоў разам з Кацярынай, з ёй і пайшоў. Юрый цяпер дакараў сябе, што так многа не спытаўся ў дзяўчыны: ці ёсць у яе камп’ютар, ці умее яна карыстацца аськай… Хоць, адкуль у яе комп? Жывуць бедна, без бацькі. Праўда, у гэтым годзе Кацярына апранаецца куды як стыльна, усе рэчы новыя, не кітайскі шырспажыў з рынку. Відаць, добра зарабіла на сваёй дачы…
Проста патэлефанаваць ёй і сказаць яшчэ раз дзякуй? Ат, не варта. Ён сказаў – заўтра, то заўтра.Трэба ўмець трымаць паўзу.
Вось што з Менеджэр рабіць? Пытанне… За двума зайцамі пагонішся… А што тут гнацца? Можна катэгарычна запрасіць Менеджэр у госці – і няхай там як хоча. Сказаць, што ён захварэў. Дарэчы, трэба выклікаць урача заўтра – знаёмы педыятр, сяброўка маці (у маці ці не паўгорада знаёмых). Так што даведка дні на тры яму забяспечана. У школе ўсё роўна няма чаго рабіць.
А Кацярына? Хех, Кацярына – праменьчык святла! Як жа яна папрыгажэла! Заўтра патэлефанаваць, папрасіць, каб што прыгатавала, і паслязаўтра… З ёй можна пагаварыць, адчуваецца. Але галоўнае – з ёй можна і маўчаць. Яна – тактоўная. Цікава, калі ёй сказаць, што ён, Юрый, не ўмее цалавацца? Яе пачуццё апякунства павінна спрацаваць – яна не пасмяецца. А гэта і трэба… Адчуваецца, што дзяўчына выхаваная, не лёгкіх паводзінаў, але і без комплексаў. Яна , лічы, самая дарослая ў класе. А што – сястру і брата вырасціла сама, то для яе ўсё павінна быць простым і зразумелым. Яна і да яго, Юрыя, ставіцца як да меншага брата… Праўда, перад меншым братам не будуць так стаяць задам, нахіліўшыся і красоўкі нацягваць… Не, не выпадкова яна так стала, не выпадкова…
А ўсё ж – цікавая яна дзяўчына. Ёй бы яшчэ адукацыю, у людзі вывесці. Глядзіш, з цягам часу такой паненкай стане. Сіла ў ёй нейкая адчуваецца, прага да жыцця. З ёй спакойна і ўтульна, надзейна…
Дык як быць? Запрасіць катэгарычна Менеджэр на аўторак (бо ў панядзелак будзе Кацярына), націснуць на тое, што ён адзін і хворы? Ну, нядрэнна павінна атрымацца. А Кацярыне ён скажа, каб у аўторак не тэлефанавала і не прыходзіла. Няхай прыйдзе ў сераду.
Яму цяпер было куды лепш. Лёгкая слабасць яшчэ адчувалася, але тэмпературы не было. “Перапсіхаваў больш”, – сам сабе паставіў канчатковы дыягназ Юрый. Сеў за камп’ютарны стол і зразумеў, як засумаваў – па Сеціве, па той Менеджэр. Што ні кажы, а Інтэрнэт зацягвае.
У асьцы яго чакала паведамленне. Ад Менеджэр, вядома. Нейкі час Юрый перачытваў радкі: “Хіба можна прымушаць чакаць дзяўчыну цэлы вечар і паўночы? Хоць бы папярэдзіў…”
Значыць, яна чакала. Паведамленне адпраўлена амаль у поўнач. Яна чакала… Ён патрэбен ёй. Ён нешта значыць у яе жыцці.
Што ж рабіць? Круціць далей? Чорт… А Кацярына? Няхай тут пакуль толькі спадзяванні, затое яна – вунь якая: гожая, сурь’езная. А якая гэта Менеджэр? Раптам акажацца страшней за атамную вайну? А што? Прырода няроўна дзеліць: ёсць розум – няма прыгажосці. Ці барбі пустагаловая, ці разумніца-дурнушка. Ці трэцяе, як вось з Кацярынай: розум ёсць, станам і таварам неблагая, дык бядота, мо грошы пазычае, каб хоць як апрануцца. У яе пасля школы адна дарога – на завод які, бо яшчэ двое дзяцей у сям’і, не пацягне маці траіх вучыць… Вось, трэба падарунак Кацьцы зрабіць! А што? Маўляў, першы раз адчуў такую ўвагу да сябе з боку чужога чалавека… Прыкра прызнацца, але ж і на самой справе першы раз вось такая ўвага. Шчырая. А Кацька ж напраўду з-за яго перапалохалася. Глядзі – кінула ўсё, адразу прыляцела. Не, тут нешта ёсць. Не стала б яна, хоць і стараста, вось так адразу бегчы, каб… Што каб? Каб быў ён для яе проста аднакласнікам? Іменна так!
Дык што ж Менеджэр? Не адказваць? А потым… пасля, як усё вырашыцца з Кацькай, зайсці ў аську, напісаць: хварэў цяжка, некалькі дзён ляжаў амаль без памяці. А што – нармалёвы ход. Няхай яе сумленне пагрызе. Не, трэба інакш. Трэба адказаць.
Юрый: Вітаю. Выбачай, але ляжаў з тэмпературай. Цяпер крыху палепшала, але яшчэ хварэю.
Кацярына ўздрыгнула, калі пачула звычнае “О-о”. Разгублена глядзела на экран. Адказваць? Што? Мо кінуць гэтую дурную гульню, прызнацца? Яму, Юрыю, будзе прыемна даведацца, што гэта яна – Менеджэр. Яна, якая сёння гатавала яму булён, на якую ён глядзеў вачыма мужчыны… Але ж ёсць магчымасць даведацца… Як ён ставіцца да яе? Што думае? Калі гэта Менеджэр для яго – проста сябар, няўжо ён не скажа, калі папытацца? Але як папытацца?
Менеджэр: Вітаю. Прабачаю. Што, дрэнна аднаму?
Юрый: Вельмі.
Менеджэр: Так адзін і праляжаў? Урача выклікаў?
Юрый: Не выклікаў. Заўтра пайду.
Менеджэр: Бедны… Хто за табой глядзіць? А, хатняя гаспадыня…
Юрый: Не, яе я адпусціў па справах на тыдзень.
Менеджэр: Сам сябе глядзіш?
Юрый: Ты толькі на словах шкадаваць умееш?
Менеджэр: Не.
Юрый: Тады прыходзь – хоць традыцыйны апельсін прынясеш.
Менеджэр: Любіш апельсіны?
Юрый: Не толькі іх 
Менеджэр: Кажы, што табе прынесці…
Юрый: Плітку горкага шакаладу, цукеркаў “Маска”, галінку зялёнага вінаграду, апельсін, яблык, але не польскі, наш, звычайны, з мясцовага саду.
Менеджэр: Добра. Кажы адрас.
Юрый: Чакай, як я цябе пазнаю? Я – надта баязлівы, не адчыняю дзверы, пакуль у ваўчок не зазірну. Кідай сваю фотку.
Менеджэр: Навошта? Пазнаеш па пераліку прадуктаў.
Юрый:  Чорт… Перайграла.
Менеджэр: Вось і будзе табе сюрпрыз. Дык ты адзін так і праляжаў? А калі б тэмпература не сунялася?
Юрый: Не адзін. Мяне выратавала добрая фея.
Менеджэр: ?
Юрый: Яна з’явілася ў вобразе нашай старасты класа. Добрая дзяўчына. Напаіла мяне чаем, накарміла булёнам – я і ачуняў.
Менеджэр: О, сумна табе не было.
Юрый: Не трэба прыдумваць. У яе ў крыві клопат пра іншых.
Менеджэр: Вось як? Так бывае?
Юрый: Бывае. Яна вельмі шчодры на дабрыню чалавек. А ты, дарэчы?
Менеджэр: Дзе ты сустракаў добрых менеджэраў?
Юрый: Вось, спадзяюся сустрэць.
Менеджэр: Ну, спадзявайся…
Юрый: Выбачай, я адключуся – галава надта закружылася. Мабыць, зноў тэмпература падскочыла…
Менеджэр: Заварвай ліпавы цвет, пі, многа пі. І з варэннем малінавым.
Юрый: Добра… Дзякуй. Пакуль.
Юрый адключыў аську.
Малайчына! Добра атрымалася уставіць пра Кацьку – няхай крышачку параўнуе. Гэта прыдасць больш рашучасці. А то цягне і цягне. Адрас ёй свой не сказаў – гэта правільна. Не трэба яна тут пакуль. Два дні няхай пацерпіць. Трэба з Кацькай разабрацца…
У Кацярыны трэсліся пальцы. Кроў прыліла да твару, ён гарэў. Першы раз яна была ў такой сітуацыі, калі ёй казалі пра яе ж. І гэта казаў ён, Юрый. “Добрая фея ў вобразе старасты класа”. “Шчодры на дабрыню чалавек”… Божа, ён цэніць яе! Ён паважае яе. Не, не дарэмна яна так настойліва выпытвала, ці быў ён увесь час адзін. Хоць як баялася пабачыць-прачытаць нешта зусім іншае!
Заўтра яна прыйдзе да яго. Пачне выкладваць акуратна на стол прадукты і пералічваць па тым самым парадку… Як ён здзівіцца! А яна будзе з лагоднай усмешкай глядзець на яго разгублены твар, а потым… яна лёгка пацалуе яго… ў шчаку… І ён адкажа на пацалунак…
Кацярына ляжала ў ложку, і не адчувала свайго цела – яе нібыта лёгка пагойдвалі на воблаку. Так хораша ўсё складвалася: яму цікава з ёй, як з чалавекам, ён паважае і цэніць яе дабрыню і клопат, ён з захапленнем глядзеў на яе стан…
15
– Кацярына, трэба тэрмінова грошы ўнесці, – класная перастрэла Кацярыну ў калідоры каля настаўніцкай. – Сабрала?
– Не ўсе прынеслі, Вольга Фёдараўна, Вы ж ведаеце, – разгубілася Кацярына. Яна спадзявалася на сённяшні дзень, а тут чацвёра адсутнічае, і трое з іх якраз не ўнеслі грошы. І яшчэ ці не трэць класа зацягнула…
– Многа не хапае? – спачувальна спыталася класная. – Мо мне закласці?
– Не, не трэба, – паспяшалася адмовіцца Кацярына. – Вырашым пытанне.
– Тады бібліятэкару аднясі да 12 гадзін…
– Добра, – паабяцала Кацярына.
Як дасталі яе гэтыя зборы! За год на што толькі не даводзіцца збіраць грошы. Цяпер у школе акцыя: “Падары бібліятэцы кнігу”. Ну то хай бы і прымалі кнігі. Аднак не – збірайце па класах грошы. А бібліятэкар будзе купляць. У пятніцу Юрыс выведаў і данёс класу: кнігі будуць купляцца непадалёку – у нейкім прыватным кіёску. Там шмат дзіцячых кніжак. Што праўда, тое праўда: выданні прыгожыя, якасная папера, малюнкі прафесійныя. І некалькі таннейшыя, чым у дзяржаўным кніжным магазіне. Але ж усе тыя кніжкі – расійскія! Што за бязглуздасць? Чаму не купіць тых жа дзіцячых кніжак на роднай мове? Дарагія? Дык можна ж прама з выдавецтва ўзяць, без гэтай накруткі гандлёвай.
О, шуму было! Віктар, паэт школьны, больш за іншых абураўся:
– Гэта акцыя не за кнігу, а супраць яе. Я магу падарыць бібліятэцы пяць-сем кніг. Добрых, якасных. Беларускіх. А так толькі нянавісць да кніг можна прывіваць.
– Але ж бібліятэкару відней, якія кнігі патрэбны ў яе гаспадарцы, – заступалася Кацярына.
– Ды што вы тут шукаеце высокія матывы, – кпліва заўважыў Сяргей. – Трэба цётку падняць – вось і ўсё.
– Якую цётку?
– Не будзьце дзецьмі, – адмахнуўся Сяргей. – Завуч школы і гаспадыня гэтага шапіка жывуць у адным доме. Сяброўкі. Дык чаму б пад відам высокаідэйнай справы не дапамагчы сваёй сяброўцы збыць заляжалы тавар? А вы тут – кнігу роднай школе… Я грошай не дам.
Кацярына адчула, як імгненна змяніўся ў класе настрой: з абыякава-насмешлівага на амаль варожы. І да гэтай акцыі, і да яе, Кацярыны. Яна зразумела, што калі не выправіць сітуацыю, большасць аднакласнікаў наадрэз адмовяцца здаваць грошы.
– Добра, не здавай, – спакойна адказала яна. – За цябе я здам. І яшчэ за каго, каму шкада гэтых 2 тысячы. Вы цыгарэты даражэйшыя купляеце.
– Спакойней, спадарства, – умяшаўся тады Юрыс, які адчуў віну за цяперашняе становішча Кацярыны – гэта ж яго вестка так замуціла ваду. – Позна піць баржомі. На самой справе – не будзем дзецьмі. Сістэму лбом не праб’еш. Мы не здадзім – усё роўна грошы ў поўным памеры будуць у бібліятэцы. Гэта з нас – дзе сеў, там злез. А класную прымусяць. І яна свае грошы заплаціць.
– Ніхто не мае права прымушаць – акцыя добраахвотная, – з выклікам пачаў Віктар, але Юрыс паклаў яму руку на плячо, сціснуў:
– Ты гэта ідзі дзяўчынкам-першакласніцам раскажы. Мы з табой праз паўгода пойдзем адсюль, а класная застанецца. Шарыш?
¬– Шару, – хмура адказаў Віктар, нечакана дастаў дзве грашовыя паперкі: – Выбачай, Каць, ты ні ў чым не вінаватая…
Пасля Віктара грошы здалі многія, але не ўсе. Астатнія паабяцалі прынесці. Кацярына падлічыла: якраз тых грошай, якія яна ўзяла з сабой і на якія збіралася купіць пачастункаў для Юрыя, хопіць, каб набралася патрэбная сума.
Яна аднесла грошы бібліятэкару, аддала і ўжо выходзячы, нечакана для сябе самой сказала:
– Я адказваю за збор грошай. І класу я павінна сказаць, што за кнігі Вы купіце. Калі я магу пабачыць гэтыя кнігі?
Бібліятэкарка, рахманая, невялікага росту, з ветлым усмешлівым тварам перадпенсійнага ўзросту жанчына, ў момант змянілася: куточкі рота непрыемна спаўзлі ўніз, позірк лагодных шэрых вачэй скіраваўся некуды за спіну Кацярыны:
– Дзяўчынка, ты ж дарослы чалавек… Вам яшчэ экзамены здаваць, вам у гэтую школу вяртацца на сустрэчы… Навошта пачынаць варагаванне? Што купім… тое купім. Табе справаздачу здаць трэба, але ж і нам трэба. З цябе грошы пытаюць – а з нас адзінкі кніг. Вось і ўся справа…
Кацярыне стала прыкра. За апошнія месяцы раптам вельмі многа для яе адкрылася з таго, дарослага жыцця, і адкрылася зусім не з лепшага боку. І што злуе: адкрываецца і паўстае не сцяной, а вузкім калідорам з нізкай столлю, кудой і можна толькі прайсці, сагнуўшы галаву, змірыўшыся, зламаўшы сябе. “Яшчэ толькі-толькі мы пачалі выпрацоўваць для сябе нейкія прынцыпы ў жыцці – і на табе, мы сутыкаемся з тым, што ў гэтым жыцці трэба ці не штодзень пераступаць цераз гэтыя прынцыпы” – гэта адзін з адказаў на форуме на пост Юрыя аб тым, што жыццё дарослае пачынаецца з фарміравання адносінаў да яго. Невядома, хто адказаў – нік не раскрывае.
Вось так і атрымалася, што грошай на пачастункі для Юрыя не засталося.
Ён сам патэлефанаваў на чацвёртым перапынку.
– Кацярынка, дзень добры. Я працягваю хварэць. Мне далі бальнічны, пакуль на тры дні. Горла чырвонае, вечарам была тэмпература, і зранку сёння нешта калаціла мяне.
– Прывітанне, Юра! – спакойна адказала Кацярына, бо стаяла якраз сярод аднакласнікаў. – Выздараўлівай. Табе нічога не трэба?
– Трэба, – цішэй загаварыў Юрый, мабыць, здагадаўся, што Кацярына не адна. – Мне нехта абяцаў хоць што-небудзь мне прыгатаваць. Але сёння мне здаецца, што ўчора я трызніў.
– Не, не трызніў, – усміхнулася Кацярына – яна цяпер адышлася ў кут, дзе нікога не было. – Але прыйду без пачастункаў – так склалася…
– Я буду чакаць цябе і без пачастункаў, – шматзначна закончыў Юрый размову, а Кацярына яшчэ доўга трымала мабільнік у руцэ: яна першы раз за гэтыя гады неспадзявана для самой сябе, не, больш таго – супраць свайго жадання! – раптам не паверыла Юрыю.
Калі б хворым быў не Юрый, а Юрыс, і калі б гэта ён так адказаў – гэта б было зразумелым і ясным. Не ў словах справа. У інтанацыі. Юрый адказваў неяк… залішне салодка для яго.
…Перайграў! Ідыёт! Што за тон ён абраў? Яна ж – самастойны чалавек, хіба яна купіцца на такую лухту: “Кацярыначка... Чакаю без пачастункаў”? Юрый дакараў сябе і не знаходзіў месца, нарэшце, супакоіўся: работа над памылкамі патрабуе ўвагі. Ён хутка набраў СМС-ку: “Даруй, калі ласка, я тут як дзіця малое. Але і папраўдзе першы раз адчуў сапраўдны сум.”
Кацярына пачытала СМС-ку, лёгкая пяшчота загайдалася прыемнай хваляй – усё добра. Нарэшце Юрый адкрываецца па-сапраўднаму, яна змагла разбудзіць, прымусіць жыць у ім другога – летуценнага, нявопытнага, рамантычнага. Добрага і шчырага, а не сухара-батаніка...
Было вельмі непрыемна ісці да Юрыя з пустымі рукамі, але супакойвала сябе тым, што ў Юрыя халадзільнік не пусты, а прыгатаваць нешта смачненькае яна зможа хутка.
Хвалявалася? Не, гэта было іншае: быццам нешта унутры стала строма і перашкаджала ісці. Яна ўспомніла, як ранкам прымала душ і апраналася сёння: лепшае з бялізны, кароткая спаднічка, адпрасаваная з вечара блузка.
Колькі было сілаў, яна гнала ад сябе гэтую думку, але тая як засела недзе ў свядомасці яшчэ з вечара, нібыта невялікая хмарка на чыстым небе на гарызонце, і ні вецер яе не скранае з месца, ні цяпло сонца. І думка была яшчэ тым падобная на хмарку, што не было ў ёй акрэсленасці, выразнасці: было толькі прадчуванне непазбежнасці, і адначасова – падрыхтаванасць, гатоўнасць прыняць яе, як непадуладны табе дождж з тае хмаркі… І воблачка думак набрыняла пакрысе, а цяпер, калі з кожным крокам набліжалася Кацярына да кватэры Юрыя, прыдбала і форму, і сутнасць: яна, Кацярына, гатовая сёння на ўсё. Яна не адмовіць…
Асэнсаванне гэтага і напружвала, не давала вольна дыхаць і лёгка ступаць. Гняло і другое: здавалася, ці не кожны з прахожых, хто глядзеў на яе, разумеў: куды яна ідзе і на што гатовая... Ці на што разлічвае?
Прыпынілася каля кіёска – быццам разглядвала рэчы на вітрыне.
“Так, годзе... Ты ведаеш, што калі з яго боку будзе памкненне – ты пойдзеш насустрач. І пойдзеш смела. Таму што ён – не ўмее нічога. У яго не было дзяўчат увогуле. Няхай у цябе няма таксама ніякага вопыту. Але табе не страшна. Яму не расказвалі хлопцы пра свой першы вопыт – табе расказвалі дзяўчаты. Расказвалі многія, старэйшыя за цябе, ты многа пра гэта чытала: чаго трэба баяцца, чаго не трэба, што трэба рабіць, і як рабіць. Ён жа ўвогуле не ведае нічога. Хлопцы нічога не ведаюць на самой справе, самых дробязей… Ты павінна яму даць той вопыт. Павінна дапамагчы... Ён камплесаваць хутка пачне. З яго на форуме амаль адкрыта кпяць. Хутка тое ж пачнецца і ў класе...”
Але гэта не будзе ахвяра. За ўсе гады вучобы яна ніколі не бачыла ў свой бок яго пагардлівых позіркаў. Была шкадоба, тут зразумела. Але была і павага. Ён паважае яе як чалавека, ён гэтак жа паважае сябе. І ён... калі ён захоча яе – яго жаданне не будзе адно жывёльным.
Ды напружанне не праходзіла. У дадатак да ўсяго нечакана ўзнік боль унізе жывата. Незвычайны, якога не было раней, ды і цяпер ён здаваўся не сапраўдным – хутчэй, фантомны боль. Кацярына разумела гэта, разумела, чаму ён ўзнік: гэта боль, які, магчыма, будзе. Калі здарыцца тое, то яна не павінна сваім рэагаваннем на магчымы боль спужаць Юрыя, яна павінна прывучыць сябе да болю. Расказвалі ж: боль можа быць зусім невялікім, кароткім… А ён, Юрый, не павінен думаць і перажываць, што ёй баліць. Ён не павінен вінаваціць сябе за яе боль.
А баліць будзе, яна не маленькая, яна ведае...
Спакой пакрысе ўсё ж усталяваўся ў яе думках – яна змірылася, прызнала, нарэшце, што тыя яе ранейшыя планы, яе мроі сярод ночы на лецішчы засталіся мроямі. І гэта нармальна, гэта правільна – яна ўпэўнілася, падзеі апошніх месяцаў пераканалі, што жыццё непрадказальнае, але галоўнае – вынік такі ці амаль такі, да якога ты імкнешся. Галоўнае ж – імкнуцца. Выходзіць трохі іначай толькі таму, што не ты адна распараджаешся сваім жыццём – яго мяняюць і людзі вакол цябе, ёсць абставіны, якія ад цябе ніяк не залежаць. Як пераезд яе, Кацярыны, ў новы дом, як з’яўленне ў яе камп’ютара, як нечаканая хвароба Юрыя.
Раней яна ў сваіх марах адносіла іх першую блізкасць туды, далей, у дарослае жыццё, але навошта цяпер адцягваць: яна кахае, яна хоча падарыць яму сябе і сваё цела. Яна хоча быць у яго першай – каб ён упершыню спазнаў усё тое самае салодкае з ёй, якая яго кахае.
“Прыцягненне розуму нараджае павагу” – гэта першы пункт са старога індыйскага трактата аб каханні. Юрый паважае яе за яе розум. Менеджэр таму доказам.
“Прыцягненне душаў нараджае сяброўства” – гэта другі выкананы пункт. Яны могуць быць сябрамі. У іх многае аднолькавае: планы на будучае, адносіны да жыцця.
“Прыцягненне целаў нараджае жарсць” – трэці момант.
Юрый не ведае, і яна не ведае, што такое жарсць. Яна паспытвала гэта ў марах. Магчыма (ды і амаль так), і Юрый не адну гадзіну за сваё жыццё ужо правеў, разглядваючы фотаздымкі, ці відэаролікі з порнасайтаў. Няхай ён і не быў у думках у гэтыя моманты з ёй. Бо такая жарсць – не жарсць, гэта эрзац, падробка, выкід гармонаў і адрэналіну.
Першы сапраўдны раз стане для яго адкрыццём. Першы раз самы запамінальны. Галоўнае – каб ён быў чыстым. Нічым не азмрочаным. І тады... тады тры пункты спалучацца ў адзін – і яна будзе з Юрыем...
Яны будуць удваіх, ім не трэба баяцца, што іх застануць знянацку.
Яны будуць у чысціні.
Наступстваў… не будзе. Кацярына не загадвала спецыяльна – так атрымалася, што два дні таму у яе закончыліся месячныя. Значыць, няма чаго баяцца – пра гэта яна чытала многа.
Недзе ў маленькім цёмным куточку душы ціхенька папісквала, бы мышыня, думка: лепш бы пазней. Лепш бы тады, калі назаве Юрый яе нявестай. Ці калі прапануе ёй стаць. Каб было больш акрэсленасці… Ну, пасля вяселля – гэта ўжо занадта. Кажуць, да вяселля грэх. Любоў – не грэх. Як жа каханне можа быць грэхам?
Юрый сустрэў яе на парозе: з усмешкай, з хваляваннем. І вочы… Кацярына зірнула ў іх, на адно кароткае імгненне зірнула (каб сябе не выдаваць заранёў), і зразумела: Юрый хвалюецца яшчэ таму, што яна – дзяўчына. Першы раз, відаць, у яго хаце адзін на адзін з ім будзе яна…
Туфлі скінула, валасы каля люстра паправіла:
– Ну, вядзі, буду што гатаваць, пакуль ты тут не памёр.
Юрый крутнуўся на кухню, перад гэтым адно сказаўшы:
– Чакай, ты ж і на сябе гатуй, я не згодзен так есці. Таксама ж галодная… Дзіўна, як многага іншы раз не заўважаеш толькі таму, што прывыкаеш і не чакаеш зменаў…
Кацярына не стала перапытваць – пра што ён.
– А я і не адмаўляюся. Святым думах сама дзень сытая.
Павязала фартух, пачала гатаваць: рэзала курыцу, адбівала мяса, смажыла…
Юрый быў тут жа, распытваў пра школу.
– Ды як заўсёды, – адмахвалася Кацярына. – З гэтай акцыяй бібліятэчнай задралі. Сёння тэрмінова трэба было грошы здаць, заклала свае…
– Не трэба было закладваць, – сказаў Юрый. – Кнігі б прынеслі.
– А потым класнай мазгі дзяўбла дырэкцыя? Шкада яе…
– Тут праўда… А вунь у “Д” класе ніколі ніякіх грошай амаль не збіраюць.
– А хто ў тым класе? – прыпыніла работу Кацярына. – Ты ж ведаеш: там самыя-самыя…
– Вось так і атрымліваецца, – стаў горача тлумачыць Юрый: – Падзялілі нас на класы, у “Д” – тыя, хто ледзь-ледзь цягне школу. Прагульшчыкі, выпіваюць, амаль увесь клас курыць. Нехта і на ўроку можа зацягнуцца. І з іх – як з гусі вада ўсе ініцыятывы школьныя і паборы. Мы на рамонт актавай залы збіралі – яны толькі паплявалі ў куты ужо адрамантаванай…
– Ат… ну іх, – пакрывілася Кацярына. – Не трэба сабе апетыт псаваць.
– Мне не сапсуеш! ¬ – засмяяўся Юрый. ¬ – Ад ранку акрамя шклянкі гарбаты нічога не было ў роце…
Пакуль Кацярына накрывала на стол, ён выйшаў і вярнуўся з бутэлькай віна.
– Вось, нейкае мараканскае, чыстае вінаграднае віно. Чырвонае. Нават урачы раяць…Маці былі уручылі ўдзячныя кліенты.
– Уга, спаіць мяне хочаш? ¬ – прыжмурылася Кацярына, а ўсмешка расцягнула міжволі яе вусны – гэтая пляшка віна ў руках Юрыя стала нейкім сімвалічным штрыхом да накрытага ёй стала.
– Гэта ж сухое, – паціснуў ніякавата плячыма Юрый – у гэты момант ён спужаўся, што Кацярына адмовіцца наадрэз ад віна, але зірнуўшы ў яе гуллівыя ў гэты момант вочы, супакоіўся – пакуль усё ішло па плане.
Ён разліў віно ў келіхі, прыпадняў свой і пачаў, відавочна хвалюючыся:
– Я буду казаць праўду, Кацярына… Я заўсёды пра свае адчуванні і пачуцці кажу праўду. Дык вось, за гэтыя дні я шмат што зразумеў. Зразумеў, што мне аднаму будзе цяжка ў жыцці. Што быць моцным, упэўненым у сабе – гэта добра, але калі ты адзін – наўрад ці паможа твая моц, твае веды. Мне ніхто з маіх сяброў, таварышаў не надаваў столькі ўвагі, колькі ты адна за два дні. Я зразумеў, як можна клапаціцца пра чалавека проста таму, што пра яго паклапаціцца больш некаму. Дзякуй табе, Каця! Не толькі за твой клопат. Мне... вельмі добра з табой. І ты быццам прыадчыніла для мяне дзверы.
– Калі ласка, – адказала Кацярына. – А якія дзверы?
– Туды, дзе ёсць простае дабро...
Кацярыне было прыемна. У гэтыя апошнія хвіліны ў яе ўзнікла пачуццё, што яна даўно-даўно гаспадарыць на гэтай кухні, што цяперашні прыгатаваны абед – далёка не першы. Яна не адчувала ні кропелькі ніякаватасці – быццам так і павінна было быць, толькі так, ніяк не інакш: і стол сервіраваны, і Юрый з віном, і упэўненасць яе, спакой і утульнасць на гэтай кухні.
– Посуд сам памыю, сам, – заспяшаўся Юрый прыбраць талеркі са стала. – Пайшлі, ты пакуль музыку паслухаеш, а я прыгатую табе кавы.
Юрый і сам адчуў сябе упэўнена напрыканцы абеду. Хваляванне амаль прайшло. Было другое пачуццё – узрушанасць, такая, якая бывае перад нечым вельмі важным. Вось як на рэспубліканскай алімпіядзе па матэматыцы: асэнсаванне важнасці таго, што павінна адбыцца. Нельга хвалявацца, нельга спяшацца…
– Што любіш слухаць? – Юрый правёў Кацярыну ў свой пакой, паказаў рукой на сваю засланую тахту: – Сядаў, слухай, чакай…
Кацярына прысела, абцягнуўшы наколькі можна было, кароткую спадніцу на калені. Ёй на некі момант стала страшна. У галаве, дзе чуўся лёгкі заварожваючы шум ад выпітага віна, быццам прагучаў ціхі спагадлівы шэпт: “Ідзі дамоў”. Голас не загадваў, ён раіў, папярэджваў, угаворваў. Але яна адмахнулася ад шэпту – узрушанасць яе ўзрастала, як толькі яна перасекла парог пакоя Юрыя. Амаль ўздрыгнула, калі прысела і адчула, што на тахце ляжыць не прыбраная пасцельная бялізна. Гэта не выпадкова, не выпадкова…
– Папсу не люблю, – адказала Кацярына і голас прагучаў нечакана з хрыпінкай. – Рок сённяшні таксама. Астатняе пад настрой. Для мяне музыка больш фон…
– Цудоўна, нашы густы і тут супадаюць, – адгукнуўся Юрый, шчоўкаючы мышкай камп’ютара. – Ёсць зборка французскага шансону…
– Не люблю шансон, – хутка адказала Кацярына. – З кожнага аўтамабіля дурніца гэта…
– Ну, у аўтамабілях не шансон, а блатняк звычайны, – усміхнуўся Юрый. – Ніякага дачынення да сапраўднага шансону не мае. Вось, паслухай… Гэта Сальваторэ Адамо…
У пакоі нечакана загучаў чысты напеўны голас. Музыка.
– Вой, я гэта чула не раз, – шчыра здзівілася Кацярына. – І не ведала, што гэта шансон… Прыгожа спявае. Люблю песні на французскім…
– Ну, слухай, я прыгатую каву…
Юрый выйшаў на кухню. Кацярына павольна аглядала пакой, хоць учора, здавалася, бачыла ўсё. Адзначыла: Юрый навёў парадак. А вось бялізну не прыбраў з тахты…
Ад кухні пацягнула водарам гатаванай кавы – такім смачным, што Кацярына здзівілася. Што гэта за кава?
Юрый ужо каціў невялічкі столік з кавай. Кава была наліта поўна, лёгкая пена краналася краёў філіжанак.
– Вось, цукар сама кладзі, – Юрый прысеў побач, але не кранаючыся дзяўчыны.
– Як ты каву так гатуеш? ¬ – здзівілася Кацярына. – Так цудоўна пахне, такая пена прыгожая… І на дотык, як пацалунак…
– Там апарат спецыяльны, такі, як у барах стаіць, толькі невялікі. І кава свежазмолатая. Маці недзе купляла, у зернях…
Юрый асцярожна наблізіў філіжанку да вуснаў, крануўся густой светла-карычневай пены, сказаў задуменна:
– Бач як ты сказала: як пацалунак… Гэтулькі разоў я, значыць, цалаваўся, і не ведаў.
– Ну, будзеш ведаць, – ўсміхнулася яму прыязна Кацярына.
– А ты ведала? – хітравата, паўжартам спытаў Юрый.
– Ведала, – ўсміхнулася яна, зазіраючы яму ў вочы. – Сястрычка маленькая была, вусны ў яе такія ж мяккія і пяшчотныя…
– А, вунь якая ў цябе навука, – Юрый адставіў на столік філіжанку. – Знаеш, Каць, нікому не казаў, табе скажу… Я вось і не ведаю – што такое пацалунак…
І сцяўся. Ён даўно адрэпетаваў у думках гэты сказ. І цяпер быў толькі ўдзячны таму, як яго словы пра пацалунак арганічна ўпляліся ў іх размову пра каву. Сэрца забухала.
Кацярына чакала гэтага прызнання – яна помніла словы Юрыя ў асьцы Менеджэр.
– Я ведаю, – яна крышачку нахілілася да хлопца, схіліла голаў у яго бок. Глядзела і ўсміхалася вугалкамі вуснаў. А вочы… вочы глядзелі спагадліва і … з чаканнем.
Юрый бачыў спагаду ў позірку. Але ён не мог сказаць сабе, што там было чаканне – ён не ведаў, якія бываюць вочы з чаканнем. Ён ніяк не мог патлумачыць позірк Кацярыны, адно толькі як яе спачуванне.
“Што рабіць, што рабіць???” – шалёна біліся думкі ў галаве. “Далей па праграме: расказваць, як яму сумна, які ён адзінокі, што ніколі не меў ніякага вопыту, не абнімаў і не лашчыў дзяўчыну? Але ж яна… яна нахілілася да яго! Краніся яе, хоць краніся…”
Было страшна. Страшна працягнуць руку і пакласці ёй… на плячо. Толькі на плячо, як сябру. Толькі б яна не ўскочыла, не выбегла з пакоя, не закрычала, каб не распускаў рукі…
Ён асцярожна, як на гарачае, паклаў далонь на плячо Кацярыне.
І яе галава схілілася яшчэ больш, цёплая шчака дзяўчыны кранулася яго рукі.
“Што гэта? Божа – яна сама... сама... Смялей цяпер!”
Юрый нахіліўся, другой рукой асцярожна абняў Кацярыну за плечы, схіліў свае вусны да яе галавы, удыхнуў пах валасоў. Крануўся іх вуснамі.
– Мне так добра з табой... Мне ніколі так не было, ¬– прашаптаў ён.
Кацярыну як пранізаў гэты ціхі шэпт, яна асцярожна падняла галаву і адказала таксама шэптам:
– Мне таксама так хораша. І я таксама не ўмею цалавацца.
Вочы яе прыкрыліся і нехта бы штурхнуў Юрыя – ён няўмела тыцнуўся ў вусны дзяўчыны.
Іх пацалунак быў і доўгім, і паспешным – няўмелыя, яны быццам шукалі нейкага правільнага варыянту, прыціскаліся моцна і расціскаліся, то заміралі, то каротка тыкаліся адно ў адно.
Юрый ужо абдымаў Кацярыну дзвюма рукамі і адчуваў яе рукі на сваёй спіне – яго таксама абдымалі!
Ён цалуе дзяўчыну! Ён абдымае яе! Божа, як проста ўсё пайшло! Чаго ён баяўся? Ну і дурань, смялей цяпер, смялей…
…Юрый аслупянела глядзеў – і не мог адвесці вачэй.
Перад ім была голая дзяўчына – і ён сузіраў яе, коўтаючы сліну.
Роўна загарэлая маладая скура, здавалася, свяцілася знутры святлом, круглыя плечы, невыносна пяшчотныя белавата-ружовыя грудзі, роўны жывот, ідэальная лінія сцёгнаў, пругкія бёдры, роўныя калені, доўгія ногі з быццам вытачанымі ў нейкай нябеснай майстэрні лыткамі, невялікія акуратныя ступні з кругленькімі плямкамі пафарбаваных пазногцяў. Немагчыма было спыніць позірк на нечым адным – а вочы не маглі ухапіць суцэльнага малюнка, бегалі, бегалі, і Юрый амаль фізічна адчуваў цеплыню і пяшчоту, незвычайны водар, ідэальную прыгажосць і зваблівасць формаў гэтага цела перад ім.
Вось якая яна – прыгажосць... Перад ім раптоўна апынулася бажаство, і ён быў падаўлены сілай і прыгажосцю яго і яшчэ больш – асэнсаваннем таго, што бажаство належыць зараз яму...
– Якая ж ты прыгожая, – хрыпата выціснуў ён.
Кацярына асцярожна адкрыла вочы.
Яна пабачыла тое, што чакала убачыць: яго разгублены твар, ззяючыя вочы. Кацярына была цяпер як адзіны згустак шчымлівай пяшчоты. І спявала ў душы лікаванне – ён любуецца ёй… Недзе далёка-далёка яна зноў быццам пачула той шэпт “Спыніся, хопіць, ты ж паказала яму ўсё...”, але цяпер, як і ў тыя хвіліны на лецішчы, перад ёй была прыцягальная бездань – і яна адчувала, як імкне яе туды, як хочацца апускацца ў яе таямнічую глыбіню. І яна ўся аддалася ўладзе бездані…
…Юрый гатаваў каву.
Усё прайшло: хваляванне, трымценне, узбуджэнне. Ён сам дзівіўся цяпер, які ён быў. Накатвала цвярозасць, выціскала з душы тую ўзнёсласць.
Адно што малюнак адзін, бы туман восеньскі, вісеў перад вачыма неадступна: аголеная Кацярына, яе бездакорнае ва ўсіх момантах цела на бялюткай прасціне яго тахты.
Хацелася застацца аднаму.
Ды чытаў раней: у мужчыны рэзкі спад пачуццяў пасля сексу – рэч звычайная. Жанчынам жа патрэбна увага і пяшчота. Яны не разумеюць, што так прырода абараняе мужчыну – каб хутчэй набіраўся сілаў.
Кацярына выйшла з ванны. Ён якраз разліваў каву.
– Можа, віна вып’ем, – прапанаваў Юрый.
– Не дзякуй, – Кацярына прысела за стол, узяла філіжанку і кранулася вуснамі напоя. – Вось, цяпер кава з пенай будзе мне нагадваць...
Юрыя чамусьці непрыемна кранулі гэтыя словы. Але ён прамаўчаў, адно сказаў ціха:
– Дзякуй табе. За ўсё дзякуй...
– Давай памаўчым, – Кацярына дацягнулася вуснамі да яго шчакі, чмокнула. – Проста памаўчым. Я пап’ю кавы і пабягу – гаспадыню не папярэджвала...
У маўчанні дапілі каву. Юрый быў удзячны і гэтаму кроку Кацярыне: маўчаць і потым пайсці. Яму цяпер хацелася менавіта гэтага: быць аднаму. Без Кацярыны.
– Я патэлефаную... заўтра, – у пярэдняй, адчыняючы дзверы, вымавіў Юрый.
– Пакуль! – Кацярына выслізнула за прыадчыненыя дзверы.
16
Вось-так... Вось-так... Вось-так... Гэта абцасікі на туфлях выцоквалі гэтыя словы. Чаму гэтыя? Чаму ўелася ў галаву гэта мелодыя абцасаў?
Крыху садніла унізе жывата, але ў грудзях было так цёпла, так светла... Там... там хутка усё пройдзе. Пра гэта ёй казалі дзяўчаты, у якіх гэта было раней. А ўсё іншае застанецца: кава з пенкай, Сальваторэ Адамо. Кацярына несла цяпло ў сваёй душы, як крыштальную шклянку з чароўным напоем: асцярожна прыслухоўваючыся да сябе, асцярожна сузіраючы вакол, не ўпускаючы ў сябе гукі, пахі, святло і цені гарадской восеньскай вуліцы.
Вось так...
Збылася мара – прыйшла, нарэшце адгадка мелодыі абцасікаў. Вось так збылася мара. Чаму ж не зусім радасна гучыць гэтае “Вось так”? Усё ж цудоўна, проста цудоўна, не можа быць лепш!
Але нейкая пустата пакрысе, па кропельцы высушвала тую каштоўную вадкасць у крышталі. Збылася мара... А што далей?
Кацярына міжволі запаволіла крок. А што далей?
Там, на лецішчы, у тою ноч, перад бабуліным люстэркам усё было ясным і зразумелым. Была мара, была мэта, былі планы.
Яна марыла аб многім – і ўсё было скіравана на тое, каб быць разам з Юрыем. Дык вось жа – яна з ім. Лёгка атрымалася, без асаблівых яе высілкаў, хутка, неверагодна хутка. Прырода сваё дала – і цела набыло формы, чужы мужчына даў другое – асобны пакой у кватэры, незалежнае і бестурботнае жыццё. Выпадак даў Юрыя... І што ж далей? У яе быў абраны іншы шлях, яна не хацела гэтай лёгкасці. Самой дасягнуць...
Вось так – не трэба намаганняў. Усё дасягнута?
Далей... Што было ў яе мары далей?
Нічога. Не марыла яна аб замужжы з Юрыем. Не было ў той мары сям’і і дзяцей. Мара спынялася на ложку.
Кацярына аж патрэсла галавой, праганяючы пустэчу з душы. Не, усё застаецца. Яна будзе намагацца стаць такой, каб яму, Юрыю, не было сорамна за яе, каб ён мог ганарыцца ёй... Гэта – галоўнае... Усё нармальна.
Вось так...
Юрый не знаходзіў сабе месца, не разумеючы, што за пачуццё пачало яго гнясці. Яшчэ жыла, бы міраж, перад вачыма выява аголенай Кацярыны, але не здавалася яна цяпер такой зваблівай, як раней. Незнаёмае пачуццё з’явілася ў душы, калі пакрысе вярнулася цвярозасць думак. Яно не было прыемным, у ім хавалася нешта пагрозлівае, і не таму, што пакуль незразумелае. Яно расло, бы які цмок, сілкуючыся тым узнёслым, што віравала ў душы паўгадзіны таму. І калі вырасла, з’еўшы усё тое светлае, стала зразумелым. То быў страх. Самы звычайны. І невядомы толькі таму, што Юрый раней не быў у такіх сітуацыях.
Не было ў яго жыцці ніколі такога, каб яго жыццё, яго заўтрашні дзень так сталі залежыць ад другога, чужога чалавека.
Юрый стаў залежыць ад Кацярыны. І гэта страшыла.
Заўтра яго не будзе ў школе. А раптам Кацярына расхваліцца ўсім дзяўчатам, што ў яе быў секс з Юрыем? І якім яна намалюе яго? Нявопытным хлопчыкам? Ён прыйдзе ў клас – а з яго будуць адкрыта смяяцца. Ці ён можа прыйсці і ўбачыць за сваёй партай побач не Віктара, а яе. А што – яна ж нібыта мае на яго права... Пачне паказваць перад усімі, што яны – каханкі... Калі яна прыйдзе заўтра і паслязаўтра да яго і пачне шантажыраваць? Возьме і зацяжарыць? І што тады рабіць?
Чорт, ён жа яе зусім не ведае! Адно, што яна дарослая не па гадах, уважлівая. Але ж і практычная! Бядота многаму навучыць… Чаму яна так запроста, на другі дзень легла пад яго? Няйначай жа з нейкай мэтай. У тыя хвіліны ён думаў, што яна кахае яго... Ды і калі кахае – яму трэба яе каханне? Хто яна? Звычайны чалавек, яе лёс – лёс яе маці. Ёй ніколі не выбіцца з нястачы, яна застанецца ў той шэрай масе, якая завецца народам...
Не, калі ў яе ўзніклі якія ілюзіі, трэба іх развеяць. І заадно папярэдзіць, калі раптам у яе якія планы... Шкада, вядома, прыгожая яна, добрая... Але яна – не тая дасціпная, разумная і цікавая Менеджэр, з якой ён адчувае еднасць душаў. Вось у той будучыня будзе іншай. Бач, яна ўжо цяпер бачыць сябе менеджэрам…
Менеджэр... так, трэба выходзіць у аську і запрашаць заўтра. Катэгарычна. Хоць паглядзець на яе. А раптам з ёй атрымаецца гэтак жа лёгка? А Кацьцы... кінуць СМС-ку. Толькі прадумаць добра тэкст...
Гаспадыні дома не было. На століку ў пярэдняй ляжаў лісток паперы: “Кацярынка, я паехала на дачу да сваёй сяброўкі. У халадзільніку глядзі – я табе прыгатавала смачненькае”.
Кацярына ўсміхнулася. Добрая яна, Ганна Міхайлаўна. Быццам адчула, што ў гэты вечар Кацярыне трэба пабыць адной...
У ванным пакоі Кацярына распранулася з нечаканым хваляваннем. Не мылася, а быццам абмыванне рабіла. Яна не дзяўчынка ўжо больш. Яна стала жанчынай... Было нечага шчымліва шкада – так бывае шкада таго, што страчваецца назаўсёды, няхай яно і нябачнае другім, нязначнае як быццам для цябе, а некім і ўвогуле не цэніцца. Няхай і падоранае каханаму, самаму дарагому чалавеку на зямлі. Не вернеш... Адзін раз у жыцці такое бывае. І добра, добра, што гэты адзіны раз у яе – з каханым, у чысціні, не на п’яную галаву, не цераз сілу, без агіды...
Паела, парабіла дамашнія заданні. І чым бліжэй падыходзіла ноч, тым больш і больш хвалявалася. Ведала, сёння выйдзе ў аську, сустрэнецца з Юрыем. І не будзе цягнуць, не будзе правакаваць яго і саму сябе – адразу прызнаецца, што яна – Менеджэр. Упэўнена – гэта для яго стане такім прыемным сюрпрызам!
Вечар надышоў. Цёплы, зусім не восеньскі. Акно адчыніла шырока – захацелася падыхаць празрыстым восеньскім паветрам, асаблівым сёння...
Уключыла камп’ютар, зайшла ў Сеціва. Аська падключылася і адразу: “О-о”.
Юрый: Прывітанне!
Менеджэр: Прывітанне, Юрачка!
Юрый: О як! А хто мне абяцаў тону яблык і вагон вінаграду? Я яшчэ тры дні хварэю. Адзін зусім.
Менеджэр: Выбачай, дарагі мой. Заўтра ўсё прынясу.
Юрый: Праўда? О, выдатна. Ты мяне трохі бянтэжыш сёння – такія звароты… Адрас казаць?
Менедждэр: Ведаю адрас. 
Юрый: Чорт... Адкуль? Хто ты?
Кацярына пацягнула з хвіліну – абдумвала, як напісаць. Можа: “Я сёння была ў цябе”? Не, неяк залішне проста... Лепш так: “Ты сёння частаваў мяне самай смачнай на свеце кавай з лёгкай пяшчотнай пенкай”. Гэта аб усім яму скажа…
Яна набрала палову сказа, і ў гэты момант трэнькнуў мабільнік – прыйшла СМС-ка. Зірнула – і сэрца сцялася, а потым затахкала ў шалёным рытме – СМС-ка была ад Юрыя. І не адна.
“Каця, мы – дарослыя людзі, мы атрымалі цудоўны ўрок. Не будзем пра пачуцці – галоўнае, усё выйшла чыстым. На гэтым кропка. Гэта наша тайна, ёй яна застаецца..”
Знакаў не хапіла… У другой – працяг: “Мы – розныя людзі. Цвёрда дамовімся: што было, тое прайшло. І быццам не было. Упэўнены, ты хочаш таго ж. Ніякіх наступстваў. Калі што – не ўмешвай мяне.”
Кацярына сядзела нерухома. Уздрыгнула, калі коратка пракукавала аська – яшчэ паведамленне:
Юрый: Ну, дзе ты, Менеджэр? Хвалююся. Мне і праўда вельмі сумна аднаму.
Кацярына хутка, быццам камп’ютар мог у наступны момант узарвацца, націснула на кнопку сеткавага выключальніка.
З пакрыўджаным усхліпам раптоўна ўсё згасла. Толькі жоўты светадыёд на маніторы паміраў павольна, як апошняя зорка ў цёмным небе.
Стала невыносна ціха. У гэтай цішыні мабільнік у руцэ раптоўна заспяваў невыносна гучна і фальшыва, агідна варушыўся вібразванком.
Кацярына зноў уздрыгнула, ледзь не выпусціла яго з рукі. Хутчэй механічна, чым асэнсавана, націснула на патрэбную кнопку, нават не разглядзеўшы, хто тэлефануе.
– Каць, прывітанне! – загучаў бадзёры голас Юрыса. – Слухай, ты ж аськай карыстаешся. Тут навіна паскудная – праз аську некі чортаў вірус у комп залазіць. На форуме ужо ў траіх сістэма глючыць. Трэба тэрмінова праверыць комп. У мяне ёсць антывірус…
Кацярына няўцямна слухала хлопца, нарэшце загаварыла – спачатку спакойна, а потым сарвалася на крык:
– Юрыс, ты чаго ад мяне хочаш? Сексу хочаш? Дык скажы прама і прыходзь! Бабулькі дома няма, кватэра вольная! Прыходзь, ну? Чаго маўчыш? Хіба было ў цябе раней? Прыходзь! Я навучу! Я – вопытная!..
І ўжо тарганулася рука, каб каротка размахнуцца і шпурнуць мабільнік, і позірк вачэй ужо адзначыў тое месца на сцяне, дзе гэтая чортава скрыначка разляціцца ўшчэнт, на кавалкі, так, што ўсё знікне з яе, назаўсёды знікне, словы знікнуць і са словамі знікне боль...
Але нешта спыніла руку. Мо імгненны ўспамін пра тое, колькі часу яна, Кацярына, ашчаджала на гэты мабільнік. А потым гэтак жа хутка з’явілася простая думка: мабільнік жа ні ў чым не вінаваты. І СМСку можна проста сцерці...
Кацярына глянула на тэлефон. Сувязь не была перарвана – Юрыс не адключыўся. І Юрыс жа ні пры чым...
– Юрыс, прабач, калі ласка, – сказала ў мікрафон Кацярына, пачула ў адказ цяжкі хлапечы ўздых.
– Заўтра праверым... Я пакуль сама... павінна пачысціць свой камп’ютэр. Многа там... бруду назбіралася.

  Каментарыяў: 1 | Праглядаў: 1188 | распечатать

Раздзел: УРОКІ ПЕРШАГА КАХАННЯ |
  (6.10.2011 - 12:11) цитировать
 
 
  Извените, что пишу не по теме, но я добавил ваш сайт к себе в RSS-Reader, но новые записи, почемуто, не отображаются =(
Это я делаю что то не так или у вас глючит rss фид?