Развітальная вячэра (частка першая)
("Полымя", №10, 2009г.)
сямейная драма
1
Дом быў не стары, высокі і светлы – абшаляваны і пафарбаваны знізу сіняй, пасярэдзіне – жоўтай фарбай, накрыты ацынкованай бляхай. Двор густа здзірванеў невысокай травой, па ёй, пэўна, было б прыемна прайсці басанож. Івану, які нёс вялізны баул сястры, захацелася зараз менавіта гэтага – зняць туфлі, шкарпэткі і адчуць мяккае казытанне травы на падэшвах ног.
Дзверы ў сенцы былі адчыненыя.
Зайшлі. Спачатку Іван, за ім, з меншым баулам, Надзея, яго сястра. Апошняй нясмела, употай хутка ўсё аглядаючы, увайшла Лена. Яна пагадзілася ехаць з Іванам цяпер, каб пазнаёміцца з яго бацькам, братам і сястрой – балазе, усе павінны былі сустрэцца ў гэты вечар.
Але хата была пустая. Іван патузаў ручку зачыненай другой паловы дома, зваліўся стомлена на канапу каля вялікага драўлянага стала, пакрытага лінялай кляёнкай.
– Ну, сястрычка, я за тое, што гэта цягнуў, палову з яго з'ем.
– Ага, еш, – Надзея сама апусцілася на стул, выцягнула з-за пазухі насавую мятую хустку, ацерла твар і шыю. – Трусы там жаночыя, паспрабуй на густ, раптам спадабаюцца.
– Якія трусы?
– Баваўняныя, 400 штук. Добрыя, якраз для баб вясковых. Хаця, і тваёй Лене можна нешта выбраць, там рэйтузы добрыя ёсць.
– А на якую халеру ты сюды столькі трусоў прыцягнула? – здзівіўся Іван.
– Не ў падарунак жа бацьку. Па вёсцы адвячоркам пабегаю – бабы расхапаюць.
– Ну, ты даеш! І тут сваё ўхопіш. Яе тэлеграмай выклікаюць, а яна трусамі гандляваць едзе, – папракнуў Іван сястру.
– А што там баця з яго тэлеграмамі? – адмахнулася Надзея. – Прыспічыла старому чагосьці ўсіх нас сабраць, сумна яму стала, вось і нарассылаў тэлеграм. Не відаць яго нешта… У агародзе дзе-небудзь. Чакае, пакуль выйдзем, дапаможам. На стол каб прыгатавалі, любіць жа на гатовае прыходзіць. Ох, давай, Лена, ставіць што, я тут не толькі трусы везла…
Надзея прынялася разбіраць адзін з баулаў. Лена, якая да гэтага стаяла каля дзвярэй, схамянулася:
– Так-так, мы таксама з сабою прывезлі вось, трохі… – і пачала мітусліва даставаць са сваёй торбы скруткі.
– Ды не мітусіся ты! – прыпыніла яе Надзея. – Паспеем. Кліма нашага яшчэ няма.
– Зараз прыкоціць Клім, на "Мэрсэдэсе" сваім, – упэўнена заявіў Іван.
Надзея ўздыхнула.
– І калі ж я на свае колы разжывуся? Цягну-цягну, а грошы як вада – раз і сплылі… Чуеш, Іван, выйдзі ты ў агарод, а то бацька вусны закусіць. Выглядзеў нябось, як мы ў хату заходзілі. Цяпер чакае.
– Добра, пайду, – адказаў Іван, з неахвотай паднімаючыся.
Жанчыны рыхтавалі на стол некаторы час моўчкі. Маўчанне парушыла Надзея:
– Даўно, ці што, жывяце разам?
– Мы не жывем разам, – адказала Лена збянтэжана. – У мяне пакой у інтэрнаце.
– Спіце хоць? – як аб самым простым спытала Надзея.
– А …навошта вам гэта ведаць? – Лена пачырванела.
– Ды ажаніцца гэтаму шалапуту трэба, – гаварыла Надзея, не гледзячы на Лену, з цяжкасцю рэзала селядзец. – Я гляджу, дзеўка ты нічога, ён кватэру толькі пабудаваў. А то, знойдзецца якая набрыдзь, абвядзе вакол пальца і без страхі над галавой пакіне. Ён такі…
– Мы неяк не гаварылі аб жаніцьбе…
– Цю-ю, зацяжарыць не ўмееш? З дзіцём не кіне – ён у нас сумленны.
– Я не жадаю… так.
– Ну, тады сказаць проста можна, што цяжарная. Маўляў, затрымка ў мяне месяц. А потым і адгаварыцца. Ды як заява ў Загсе, можна і па-сапраўднаму. І ўсе справы, – Надзея паставіла талерку з нарэзаным селядцом на сярэдзіну стала, як ставіла кропку.
– Як проста ўсё ў вас атрымоўваецца, – асуджальна зазначыла Лена.
– А чаго ўскладняць? Жыццё, яно простае: ухапіў – тваё, празяваў – хадзі галодны. Чапляцца трэба за шчасце сваё, пазногці ў кроў зрываць, а трымацца.
– Я так не ўмею, – Лена адказала цвёрда.
– Нічога, жыццё навучыць, – махнула рукой Надзея. – Папіхаешся вось як я: з двума дзецьмі, з мужам-п'яніцам – кіпцюры адрастуць. Як аднойчы няма чаго будзе дзецям есці даць – імгненна з’явяцца. Калі дзеці заплаканыя са школы прыходзіць пачнуць, таму што з іх там смяюцца за іх старыя адзёжкі – і іклы выступяць. Мне вось што трэба? Перахапіла чаго нашча, на вагоннай паліцы выспалася, мужык раз у месяц пакрэкча наверсе – і ўсё маё шчасце. А дзеці – гэта іншае. Для іх усё здабуду. Сябе сто раз прадам і сто адзін раз выкуплю, але ў іх і булка з маслам будзе, і адзенне не горш, а лепш, чым у іншых. Я ў дзяцінстве чорным акрайцам душылася, са старой мамінай спадніцы мне сукенку ў школу сшылі – хопіць. Хай яны людзьмі пажывуць.
– А яны? – Лена прысела на краёк крэсла. – Яны таксама будуць жыць для сваіх дзяцей? Вашы бацькі жылі дзеля вас. У чым тады сэнс усяго жыцця гэтага? Калі жыць дзеля сябе? Ці не трэба для сябе?
Надзея таксама села, задуменна працягнула:
– Бацькі, гаворыш… Маці, так, для нас і жыла. Хлеб за сталом не ела, у рукаў хавала ад бацькі, каб нам потым аддаць. А бацька… Мы за стол садзіліся, калі ён канчаў есці. І даядалі, што заставалася. Ён жа ў нас працаваў! А мы – не! І маці – не! Гэта ён так лічыў. У сельсавеце ён працаваў, пісарчуком нейкім, ці яшчэ кім. Восем гадзін адседзіць, прыходзіць дахаты – сто-о-омлены. Я яму боты сцягваю, Клім на рукі цёплай вадой палівае, маці на стол накрывае. Як жа – карміцель наш прыйшоў. Паеў – на канапу, паляжаць гадзінку. Хоць там пажар, а пасля абеду паляжаць было справай святой. А дзве каровы, пяцёра кабаноў, куры, качкі, гусі, агарод – гэта ж не праца… Ведаеш, я восені і цяпер баюся. Бульбы саджалі шмат, страшная гэта пара была – копка бульбы. Дзень крукам сагнуўшыся стаіш, да позняга вечара мяшкі цягаеш. Маці тварам чарнела за месяц. І сам бацька чарнеў, нас падганяў. Сябе ён на такой працы, калі капейку ўрваць можна было, не шкадаваў. А нас тым больш… Бізун ён з свайго старога рэменя сплёў. Ім нас і выхоўваў. Так хвастаў, што па месяцу сінякі не сходзілі. Усе атрымоўвалі.
– Усе? І… маці? – спалохана спытала Лена.
– Не, маці ён бізуном не хвастаў, – адмоўна кіўнула галавой Надзея. – Маці біў кулакамі. І толькі ў жывот. Каб слядоў не было. Кашуля дрэнна адпрасаваная, суп перасолены або проста сам не ў настроі – знаходзіў прычыну. Маці прыгожая была, а ён – смаркач побач з ёй, але заўсёды з сабою на розныя гулянкі цягнуў. Вось, маўляў, пазайздросце, якая ў мяне жонка прыгажуня. А дома біў неміласэрна пасля гэтых вечарынак. Чаго, курва, таму ўсміхалася? Навошта, сука, з гэтым танчыць пайшла? І звёў у магілу…
– Як звёў?
– Так і звёў… – Надзея замоўкла на хвіліну, працягнула: – А ёй жа толькі саракавы год пайшоў. Яшчэ прыгожая была і тварам, і целам. Мне тады акурат 16 споўнілася. Даўно ўсё як было…
2
Адкрыліся шырока дзверы, увайшоў упэўнена Клім, у строгім гарнітуры пад гальштукам, з “дыпламатам”.
– Добры дзень!
– Ай, выдатна, братка! – Надзея ўстала, падышла, каб абняць брата. – Вітаю!
Клім чуць памарудзіў, быццам у роздуме: абдымаць сястру ці не, але ўсё ж падставіў шчокі для пацалункаў, абняў.
– Ой, якім ты стаў! Прама прафесар, – Надзея, адступіўшы крок назад, агледзела з захапленнем Кліма. – Нездарма цябе маці ад бацькі хавала, каб ты не ў кароў чысціў, а кніжкі чытаў.
Клім паставіў асцярожна “дыпламат”, падышоў да стала, адкрыў бутэльку мінеральнай вады, наліў у шклянку і павольна выпіў, аглядаючы хуткім поглядам Лену.
– І ты, калі б вучылася, зараз не па рынках бы цягалася. А гэта што ў нас за госці?
– Бач, кот, учуў мяса! Я вось патэлефаную тваёй Зоі, раскажу, як ты на незнаёмых жанчын глядзіш, – падчапіла Надзея.
– Гляджу, як трэба на незнаёмых і сімпатычных глядзець сапраўднаму мужчыне. З захапленнем. А пазнаёміць у такіх выпадках ты абавязана.
– Ах, манеры! Ленка гэта. Але ты на каленкі яе не зыркай, гэтыя каленкі па іншых руках нудзяцца.
– Прыгожае імя – Алена. А калі каленкі аднаму прызначаныя, значыць, ад іншых вачэй іх трэба хаваць. Хіба не так?
– Не бянтэж дзеўку. А прыгажосць толькі дурні хаваюць. Гэта Івана нашага сімпатыя. Табе ятроўка будзе.
– А, Івана… – працягнуў нібы з расчараваннем Клім. – А дзе ж ён сам?
– На агародзе, з бацькам. Ідзі і ты, ды кліч у хату ўжо, стол накрыты.
– Ужо пайшоў, – Клім падняўся і выйшаў.
Лена, пасля таго, як за Клімам зачыніліся дзверы, нечакана спытала:
– Ён любімчыкам у маці быў?
Надзея села.
– Маці-то больш за ўсіх Ваньку любіла, ён у яе і пайшоў. Але Кліма яна берагла ад бацькі. Адчувала, што ён адзін з нас у людзі выйдзе. Яна аб гэтым марыла: каб мы былі пры грашах, пры чыстай працы. Клім вучыўся добра. Цямлівы ён… Усё разумеў і адносіны маці да сабе ўміг прыкмеціў. І выкарыстаў. Бацька з маці не лічыўся ніколі, але Кліма яна перад бацькам з такой лютасцю абараняла, што і той здаваўся. Вось і вырас… Ды што я табе распавядаю, будзе час самой усіх нас пазнаць.
– Вы мне ўжо ўсіх апісалі, – Лена ўстала, прайшлася па пакоі. – Чыста тут так, не верыцца, што мужчына адзінокі жыве.
– Ага, адзінокі! Ды ён наймае, каб яму прыбіралі, варылі і мылі. Пенсія ў яго – ого! Будзе ён табе падлогу мыць. У такім доме вялікім. Будзь ён пракляты, дом гэты! – нечакана закончыла Надзея з надрывам.
– Ой, як жа вы так…
– Закончылі ўжо ўсё, – загаварыла Надзея задуменна. – Маці гліну мясіла, нас са школы чакала – трэба было па лесвіцы гліну на гарышча падаць, комін печкі атынкоўваць. Не стала чакаць маці нас, сама палезла на гарышча… Іван у другую змену хадзіў, ды яму тады 13 было, ростам малы, слабы. Ён маці і знайшоў. Сарвалася яна з лесвіцы, вядро з глінай акурат на грудзі ўпала. Дактары гаварылі – памерла імгненна… Што ж яна нас не пачакала тады… Ну, здаецца, усё ў нас гатова? – рэзка змяніла яна тэму. – Дзе там мужыкі?
Яе слоў быццам чакалі – дзверы адчыніліся і зайшлі ўсе адразу: Клім, Іван і іх бацька, Сямён – высахлы, танклявы, увесь сівы, але гладка выбрыты.
– Бач, хутчэй стол ставіць, а яблыкі ў саду гніюць, сабраць няма каму. Грошы пад нагамі валяюцца… – выгаворваў Сямён дзяцей.
– Хопіць бурчаць, баця. Ці здаровы? – прымірэнча загаварыла Надзея.
Сямён сеў за стол, хуткім поглядам акінуў яго.
– Здароўе, здароўе… Чужыя людзі даглядаюць, здохну, хаваць не прыедзеце.
– Ну, тата, аб смерці рана думаць. Аб жыцці гаварыць трэба. Бачыш якая нявестка ў цябе будзе? – загаварыў Клім, прысеў за стол.
Сямён павярнуўся да Івана, які сеў побач з Ленай.
– Ажэнішся, значыць? За блаславеннем прыехаў?
– Мне тваё блаславенне не трэба. Не табе з Ленай жыць, – рэзка адказаў малодшы сын. – Ты дзверы ў другую палову адчыні.
– А ты што там забыў?
– А мне табе дакладваць, куды ў роднай хаце нагу паставіць?
– Хе-хе, роднай, – прыжмурыўся Сямён. – Мая гэта хата! Мая! Ты сабе кватэрку пабудаваў – гэта твая. А гэта – мая…
– З сабою ў магілу не панясеш.
– Іван, ты чаго гэта, як самавар, разышоўся? – папракнула брата Надзея. – Якая цябе муха ў саду ўкусіла? Садзіся, Іван. Клім, налівай. Тры гады не бачылася, толькі па тэлефонах, а сустрэліся і слова добрага не знайшлі адзін для другога.
– Паспеецца выпіць, – стаяў на сваім Іван. – Мне трэба ў святліцу спачатку.
Сямён дастаў ключы з кішэні, моўчкі адамкнуў дзверы ў другую палову хаты. – Ну, схадзі, схадзі. Ды не чапай там нічога, учора прыбіралася…
– Мне твайго дабра не трэба. Пойдзем, Лена, – запрасіў Іван сваю дзяўчыну.
Яны прайшлі ў другую палову хаты. Іван адразу ж падышоў да вялікага партрэта маладой жанчыны на сцяне – партрэту маці, зняў яго. Дастаў насоўку, працёр асцярожна шкло. Павесіў рамку на месца.
– Гэта маці, – сказаў ён Лене, павярнуўся да партрэта і загаварыў з ім, як з жывым чалавекам: – Добры дзень, мама! Ты прабач, што доўга не прыязджаў – закруціўся з гэтай кватэрай зусім. У мяне ўсё добра, мама. Вось, вырашыў ажаніцца. Яна дзяўчына добрая, мая Лена, ты сама, мама, убачыш. Так што слова, якое я табе тры года назад даў, я стрымаў. І ўнукі ў цябе яшчэ, значыць, будуць. Мы дваіх нарадзіць хочам. А як ты, мама? Сумна табе тут… Ты мяне прабач – я нікому не магу той праўды расказаць. І таму ненавіджу сябе з кожным годам усё больш. А яго ненавіджу так, што глядзець не магу. Але сказаць – нікому не магу. Быццам закляцце якое на мяне ён наклаў, калі крычаў мне ў твар, слінай пырскаў. “Не было мяне тут! Не было! Не было!”…Я трымаў тады цябе за руку, а рука халаднела. Мне здавалася, што і на самай справе нікога не было на свеце – толькі я, знямелы ад страху, і ты, якая памірае. Ці ўжо мёртвая. Дзесяць гадоў мне здавалася, што то быў страшны сон: ты на хісткай лесвіцы, з вядром гліны, а бацька ўнізе. Твая спадніца старая, лінялая да поўнай шэрасці, учапілася за цвік. Тканіна разышлася бязгучна, ад самога пояса, і ў прарэзе агалілася твая нага. У цябе былі прыгожыя ногі… Мама, ты прабач мяне, я хачу табе сёння прызнацца... Мы, людзі, памятаем не сам час, а падзеі ў ім: самыя яркія, самыя светлыя. Я памятаю, што быў зусім маленькім. Ты павяла мяне ў суседскую лазню. Калі ты палівала мяне голага там гарачай вадой, хвастала венікам па палку, мыла – я нічога не бачыў. Ды і цяжка было нешта ўбачыць у пары пры цьмяным язычку свечкі. А потым ты выцірала мяне ў прылазніку ручніком, які быў трохі жорсткі, але пах так цудоўна! У прымыльніку гарэла электрычная лямпачка, пераноска. Ад твайго цела ішла пара. У цябе на плячы, на левым, прыляпіўся лісток ад веніка. Мне карцела яго зняць, але раптам я зразумеў, што ён блізка ад тваіх грудзей. Я паглядзеў на іх і … мне, мама, стала сорамна. Пэўна, я быў тады сталей, чым здавалася табе. Я не мог глядзець на цябе, але я бачыў цябе, мама. Я тады зразумеў, якая ты прыгожая… Ты прабач мяне за тое, мама. Мне было сорамна. Сорамна ад таго, што мне хацелася глядзець на цябе…І я разумеў, што глядзець нельга… У цябе былі прыгожыя ногі, мама. І калі бацька ўбачыў, як агалілася адна, цалкам, ён закрычаў тады па-вар’яцку: “Чаго выставіла зад, сука!” І стукнуў ботам па лесвіцы. І пад табой суха стрэліла прыступка лесвіцы. Яна зламалася. І ты звалілася. Я ўбачыў гэта з акна… Ты прабач, мама, што толькі зараз расказваю ўсё гэта табе. Прабач, што столькі часу твой забойца ходзіць па зямлі... Мая Лена прывезла насенне кветак. Заўтра мы прыйдзем да цябе туды, на могілкі… пасадзім кветкі, і я цябе пазнаёмлю з Ленай. Ты адразу зразумееш, што яна добры чалавек. Ну, не самая сімпатычная, не такая прыгажуня як ты, але яна на цябе вельмі падобная. Душой. Ну, я пайду, а то ім там засмягла ад жадання выпіць. Да заўтра, мама...
Іван моўчкі ўзяў Лену за руку, ледзь пацягнуў. Яны выйшлі, селі за стол.
3
– Ну, усім наліта? – бадзёра загаварыла Надзея. – Давайце за сустрэчу!
Сямён браў ежу рукамі, еў, смачна прыцмокваў.
– Бач, як цары есці сталі. Каўбаса, рыбка вэнджаная, гарэлачка заморская.
– Раз у год можна і паесці смачна, – адгукнулася Надзея. – Ды і што тут такога? Ці ж не для таго ўсе гэта робяць, каб людзі елі? Налівай па другой, Клім, ды давайце па справе гаварыць. Чаго, дзед, тэлеграмамі ўсіх сабраў? Што стрэслася?
– Так, так, – Сямён адкінуўся на спінку крэсла, пакалупаўся пазногцем у зубах. – Пагаворым зараз, пагаворым.
–З гэтай штукай лягчэй гутаркі весці і справы рабіць, – рагатнуў Клім, наліваючы гарэлку.
– Як жа, як жа, – ускінуў вочы Сямён на Кліма. – Гэтая штука дапамагае… Нават званні навуковыя атрымоўваць.
– Што… Што ты гэтым жадаеш сказаць, тата? – замёр Клім. – Гарэлка навуцы перашкода…
– Як сказаць, як сказаць… Гарэлка – яна ўсюды гарэлка. Мне за гарэлку аруць і сеюць, жнуць і дапамагаюць. Ды і вам яна дзверы вось да гэтай каўбасы адчыніла. Так жа, Надзька?
– Ты аб чым, баця? – разгублена спытала Надзея.
– Так, аб тым усё, аб гарэлцы. Яна выдатна і табе дапамагае.
– Ну, дапамагае. Узімку за прылаўкам без яе нікуды. У цягніку правадніцы даць трэба… Ох, ды ці мала каму…
– Ну, за тваё здароўе, тата! – Клім падняў кілішак.
– Хе, здароўя мне жадаеш. Глядзі, як бы смерці маёй не захацеў.
– Чаго мне табе смерці жадаць? – папярхнуўся Клім.
– Хто яго ведае, хто яго ведае, – мякка загаварыў Сямён. – Вы, дзеткі мае, думаеце я вас сюды навошта паклікаў? Дакладна, Клімушка, аб заўтрашнім пагаварыць. Аб маім, аб вашым. Чаго гэта мяне павінны чужыя людзі даглядаць?
– Сам жа наняў! – абурылася Надзея. – Магла б і я раз у тыдзень прыязджаць.
– Ну, чаго табе дачушка сябе трудзіць, ездзіць. Я лепш сам да цябе прыеду. Жыць.
– Як жыць? Назусім?
– Пакуль не памру, – пацвердзіў Сямён. – Я вас гадаваў, даглядаў, пара і доўг аддаць.
–Ты даглядаў? – Надзея адышла ад разгубленасці. – Ды я ад шчаўя аднаго па вясне крывавым паносам пакутавала! Хлеба чорнага ўдосталь не ела. А зараз ты мяне папракаць тым будзеш? Ну ды чорт з табой – ідзі, жыві, але толькі дом гэты тады мой, і “жыгуль”, які ў хляве дзесяць гадоў іржавее, – мой. І пенсіі палову ты мне аддаваць будзеш. Вось тады будзеш у чыстым, накормлены і дагледжаны.
– Бач, як дачушка мяне любіць. Хе–хе…
– Той любоўю, якой і ты мяне любіў! – раз’юшылася Надзея, стала казаць з крыўдай: – Мая спіна па гэты дзень твой бізун памятае. Мне назаўтра фату апранаць было, а ты мяне, у лазню заскочыўшы, голую адхвастаў, не пасаромеўся нават. Я сваю першую шлюбную ноч у сарочцы праляжала, праплакала, мужу не магла нічога патлумачыць. А завошта? На штанах тваіх спехам прас пакінула.
– Ты ледзь хату не спаліла! – закрычаў Сямён.
– Але ж не спаліла! – цвёрда ўступіўся за сястру Іван.
– Бач ты, абаронца! А ты бацьку ў сваю кватэру на якіх умовах прымеш? – хутка спытаўся ў Івана Сямён.
– Ні на якіх. Я табе магу толькі ў адным шляху дапамагчы – на могілкі.
Усе, акрамя Сямёна, уздрыгнулі. Калі яшчэ пасля слоў надзеі заставалася хоць кропля спадзявання, што вячэра пройдзе міралюбіва, то цяпер стала зразумела, што гэта не вячэра…
– Нянавісці, нянавісці ж колькі, – быццам з ухвалай зазначыў Сямён. – І завошта жа ты мяне так ненавідзіш?
– Забыў?
– А чаго забываць? – паціснуў плячамі Сямён. – Што ў інтэрнат цябе не аддаў? Што грашыма, калі вучыўся, не дапамагаў? Дык былі ў цябе ўжо памагатыя – Надзька, вось.
– Не то ўспомніў! – з пагрозай выціснуў скрозь зубы Іван.
– Ну, хопіць вам, – перабіў Клім, спадзеючыся вярнуць мір за стол. – Калі ўжо так востра ўзнялі пытанне, прыязджай, тата, да мяне. Наконт хаты і аўтамабіля, думаю, пытанне можна вырашыць па справядлівасці. Хто бацьку дагледзіць, той, лічу, мае на гэта права…
– А кім гэта пабудавана? На чые грошы? – Надзея нават прыпаднялася на крэсле.
– На мае, дачушка, на мае, – зазначыў Сямён.
– Гэта дакладна, на твае, – згадзілася Надзея. – Маці ты на працу не пускаў. Дык ты ж ад нас гэтыя грошы забіраў, мы ж у абносках хадзілі, бульба ды малако – уся ежа. Мяса раз у год, на Вялікдзень елі. Што выгадоўвалі, ты ўсё здаваў. І сёння ты гаварыць станеш, што толькі табой хата пабудавана?
– Мной, дачушка, мной.
– Вось што, бацьку вырашаць, каму хату пасля смерці пакінуць, – умяшаўся Клім. – Узяліся дзяліць спадчыну пры жывым гаспадару.
Сямён раптам рэзка склаў кукіш, абвёў ім дзяцей.
– Вось вам хата!
Склаў кукіш на другой руцэ, і яе рэзка выкінуў наперад:
– А вось вам “жыгуль”! З’елі? Прадаў я ўжо машыну, цю–цю! Ага! І хату прадаў! Праз тры дні тут новы гаспадар будзе.
– Як прадаў?
– Хату маці?
– А грошы дзе?
Гэтыя воклічы яго сыноў і дочкі зліліся ў адзін ускрык здзіўлення і роспачы. Потым хвіліну стаяла цішыня. Сямён сам наліў сабе гарэлкі, выпіў, не спяшаючыся закусваў.
– Бач, разагналіся, – загаварыў ён цяпер спакойна. – А жыць я буду там, дзе захачу. Магу ў кожнага па чарзе.
– Няма ў мяне месца, – не хаваючы крыўды загаварыла Надзея. – Двое дзяцей, кватэра двухпакаёвая.
– Не выганіш жа, калі прыеду. Не выганіш…
– Выганяць не буду. Толькі… – Надзея задумалася і нехаця працягнула: – Я ў раз'ездах часта, а дзеці цябе і забылі ўжо з-за тваёй такой гасціннасці. Могуць не пазнаць. А дзверы чужому яны не адкрыюць, навучаныя.
– Вунь як…– працягнуў, быццам з радасцю, быццам чакаў менавіта такога адказу, Сямён і звярнуўся да старэйшага сына: – А ты, Клім, так салодка слаў… Пусціш бацьку роднага на парог?
– Бачыш, бацька…– Клім нервова пакруціў пусты кілішак у руцэ, памарудзіў. – Мы з'яжджаем на тры месяцы за мяжу, а кватэру ўжо здалі кватарантам. Капейка лішняя не памяшае. Хто ж ведаў…
– Нічога, я з кватарантамі пажыву.
– Мы здавалі ім кватэру на ўмовах, што яны будуць гаспадарамі гэтыя тры месяцы. Я не магу іх выгнаць. Грошы яны заплацілі наперад, – ужо цвярдзей заявіў Клім.
– Ну, тады мне да малодшага прыйдзецца падацца, – крутнуўся Сямён разам са крэслам да Івана. – Новая нявестка абходжваць будзе. А я ёй падарунак вясельны за тое зраблю.
– Прыходзь – я цябе з лесвіцы спушчу, – сказаў Іван амаль весела.
– Вось як! Во, выгадаваў дзетак. І вады перад смерцю не пададуць, – пляснуў сябе па калене Сямён. Здавалася, апошнія словы дзяцей яго толькі больш весялілі.
– Прыязджай да мяне, добра. Але каб пенсію я атрымоўвала, – звярнулася да бацькі Надзея, нешта як падлічваючы.
– Таргавацца, значыць? – хітра прыжмурыўся Сямён.
У яго гэтых прыжмураных вачах, спакойным і адначасова яхідным голасе, падспудна адчувалася нейкая ўтоеная ад іх усіх пагроза. Надзея адчула гэтую пагрозу сваім бабскім пачуццём першая, і першая ж вырашыла хоць нешта змяніць:
– Мне гандляваць не прывыкаць. Толькі дзяцей маіх ты аб'ядаць не будзеш. І плату я з цябе за мыццё браць буду, як ты з мяне ў дзяцінстве браў. Я табе за кожны кавалак хлеба нешта зрабіць павінна была. Вось і ты мне плаці. Рабаваць не буду. Вазьму, колькі трэба. Астатняе – тваё.
Сямён замоўк надоўга, сядзеў, схіліўшы галаву дадолу і ўбок. Потым загаварыў, і кожнае яго слова гучала ўсё гучней і пагрозлівей:
– Ну, дык вось што я вам скажу, дзеткі мае. Я нечаму за жыццё навучыўся. І вас добра ведаю. Добра… Вось вы ў мяне дзе ўсе! – ён сціснуў кулак, выставіў яго высока ўверх. – Тут! Ты, Клім, тут. І ты, Надзька, тут. І ты, Іван, тут. Тут усе. Усе. І нікога адгэтуль не выпушчу.
4
– Што ты жадаеш гэтым сказаць, бацька? – нервова спытаў Клім.
– Табе сказаць? Ну, давай, ты першы… Вучоным, значыць стаў? Працу напісаў, прэмію атрымаў. Хе, хе, добра. А хто такі Сяргей Пушкароў, памятаеш? Дакладна, дакладна, вы з ім разам у аспірантуры былі, і сюды вось, у хату гэтую, разам прыязджалі. Любіў выпіць Сярожка, любіў. І пагаварыць любіў. Ох, светлая галава была ў хлопца. Шмат ён мне чаго нарасказваў. Звычка ў яго была – як вып'е, так распавядае, як распавядае, так абавязкова малюе нешта, піша. Каб мне, старому, зразумела было. Ой, шмат мне ён распавядаў! А колькі папер для мяне змараў, колькі ён начамі тых папер перапсаваў! А я ўсе тыя паперкі, ім спісаныя, захаваў… А далей што было, нагадай, Клім? – Сямён прыжмурыўся, глядзеў на сына, як глядзяць на трапіўшую ў пастку здабычу.
– Што было, што было… Спіўся Сяргей, у аварыю патрапіў, – нехаця сказаў Клім.
– Дакладна. Усё дакладна, – у згодзе паківаў галавой Сямён. – А ў каго ён у пакоі да трэціх пеўняў гарэлку піў? Хто яму наліваў? Ай, вялікая сіла – гарэлка. Не да ідэй стала светлай галаве. А гэта ты, Клім, яго спайваў. І ў той вечар, калі ён разбіўся, ты частаваў сябра свайго. Моцна частаваў. Чаго маўляў, не выпіць, у мяне заначуеш, за руль не сядзеш. А потым ты быццам за бутэлькай пайшоў, ды заадно і сваёй знаёмай дзеўцы патэлефанаваў – прыходзь тэрмінова. І прыйшла дзяўчынка. Па твайму званку прыйшла, а не сама, як ты Сярожку сказаў. Ён, зразумелая справа, не захацеў вам перашкаджаць. Адправіў ты яго, у вусцілку п'янага. Ён і з'ехаў. Назаўжды з'ехаў. А паперы яго засталіся. У цябе засталіся, у мяне засталіся. Калі праз паўгода ты са сваёй працай на вяршыню славы сваёй падняўся, купіў я часопіс той разумны з тваёй пісанінай. Нічога я там не зразумеў, але параўнаў з Сярожкінымі паперамі… Украў ты! Нябожчыка абабраў! – Сямён перайшоў на крык. – Усё прахам у цябе пойдзе, калі я свае паперкі, Сярожкай спісаныя, пакажу, дзе трэба!
Кліма як кантузілі гэтыя словы бацькі. Ён некалькі раз адчыняў рот, каб загаварыць, але толькі праз хвіліну маўчання ў яго атрымалася выціснуць з сябе:
– Ды як… Як ты смееш мяне ў чым вінаваціць? Што ты разумееш у навуцы? Што ты ўвогуле ведаеш аб маіх справах?
– Смею, смею, – спакойна ўжо і ўпэўнена адказаў Сямён.. – Я не разбіраюся – іншыя разбяруцца.
– Ты… ты.. – У Кліма не знайшлося слоў, ён падняўся і моўчкі выйшаў з хаты.
– Куды? – наўздагон кінуў яхідна Сямён. – Тэлефанаваць пайшоў, каб кватаранты не спяшаліся? Ідзі-ідзі…
– А ты гад… – пасля хвіліннай цішыні працадзіў скрозь зубы Іван.
– Маўчы, да цябе чарга не дайшла, – адмахнуўся як ад мухі Сямён.
– Мяне не возьмеш, я сяброў не спайваў.
– А цябе і браць не буду. – Сямён быццам задумаўся на хвіліну, працягнуў: – Лена твая, яна па бацьку Антонаўна? Котова Алена Антонаўна, а?
– Што? – Лена здрыганулася.
– Не чапай Лену! – Іван прыпадняўся на крэсле.
– А я і не чапаю. Пакуль не чапаю. А магу і спытаць: чым ёй яе юнацтва запомнілася, што найбольш узрушыла... Потым спытаю, прыйдзе чарга… Я вось пакуль з дачушкай пагаварыць хачу.
– Ну, я чым саграшыла? – імкнучыся захаваць самавалоданне, загаварыла Надзея, але голас выдаў яе, задрыжаў.
– Што, няма граху за душой? Пакапайся ў душы, пакапайся, можа на дне там што і ляжыць… Насцю Дворыну памятаеш? – рэзка выгукнуў Сямён.
І Надзея раптоўна, быццам стукнулі яе, асунулася.
– Памятаю…
– Мне табе расказаць, як ты да яе двух грамілаў падаслала даўгі выбіваць, і што з гэтага выйшла?
– Я ніякіх грамілаў не засылала…– пабялеўшы выгаварыла Надзея. – Не думала, што так выйдзе…– з горыччу прадоўжыла яна. – У мяне рэйс зрываўся, я сама без грошай была, а яна хавацца ад мяне кінулася.
Сямён сеў прама, зноў стаў калупаць у зубах каравым доўгім пазногцем.
– Хавалася яна, гэта дакладна. Тут у нас, у вёсцы і хавалася. У хляву, побач з каровай. Бо ёй гэтыя грамілы, як там яны завуць, лічыльнік уключылі.
– Я іх не пасылала! Я іх у вочы не бачыла! – у роспачы закрычала Надзея.
– І гэта дакладна, – кіўнуў Сямён. – Табе іншы знаёмы. Той, да якога ты звярнулася, ды за гарэлачкай угаварыла дапамагчы доўг вярнуць.
– Няпраўда, – выціснула Надзея скрозь зубы. – Не так усё было! Не дакажаш…
– Дакажу, дакажу… – упэўнена працягнуў Сямён. – Насця да мяне забягала грошай пазычыць. Цябе згадвала, гаварыла, што забіць яе могуць. Грошай я ёй не даў – з дзяцінства гэтую шалахвостку ведаў.
– Ніхто Насцю не забіваў…
– Гэта так. Сама павесілася, – згадзіўся Сямён. – Толькі яе перад гэтым ох як білі. Балюча білі. І такое з ёй вытваралі, такое вытваралі… Усё я праз шчылінку бачыў. Старая адрына, шмат у ёй шчылінак. І чуў я ўсё. Дзве тысячы з яе пыталі. А з тым лічыльнікам і ўсе чатыры. Паперы ёй падсоўвалі, каб падпісала. А яна адмовілася, крывёй плявалася. Яны ёй дзень тэрміну далі, з'ехалі. А яна, адразу пасля гэтага, пятлю зрабіла, на шыю накінула, ды і скокнула. І хруснулі пазванкі… Імгненна, стала быць памерла, не мучылася…
Іван амаль ускочыў з крэсла, навіс над сталом – збялелы, напружаны, закрычаў:
– Ты бачыў? Ты, гад, глядзеў, як яе білі і гвалтавалі, глядзеў, як яна робіць пятлю, вешаецца? Ты не паклікаў на дапамогу, не спыніў яе, не паклікаў маці? Ты не гад. Ты горшы...
– А чаго ў чужое жыццё лезці? – абыякава зазначыў Сямён, не звяртаючы ўвагі на “гад”. – Жыццё ў кожнага сваё, кожны ім распараджацца вольны.
Іван не садзіўся на месца.
– Але Надзьку ты гэтым не возьмеш, на яе сумленні мо і ёсць смерць Насці, але ёй за гэта перад Богам адказваць, а не перад людзьмі.
Сямён хітра прыжмурыўся:
– Вось тут якая закавыка атрымоўваецца: тых, хто Насцю катаваў, да гэтай пары шукаюць. А Надзька можа і ведае, як на іх выйсці. Я ў хаце Насцінай маці, калі перапалох падняўся, паперку адну падняў, запіску ад Надзькі.
– Дзе яна? – амаль ускрыкнула Надзея.
Сямён не адказаў на гэты выкрык, спытаў, прыжмурыўшыся:
– Так памятаеш, дачушка, як ты ў той запісцы Насці пагражала, што ноймеш каго-небудзь, і яны даўгі з мёртвай выб'юць? Я паперку гэту ў міліцыю аднясу. Павінюся, што доўга трымаў, дачка ўсё ж мая. А зараз вось жадаю ўсё па законе. Вось ты ў міліцыі і раскажаш, каго ты наняла. А якое ў цябе жыццё пачнецца пасля гэтага – табе лепш ведаць.
– Не наймала я нікога! – адчайна ўскрыкнула Надзея, і панікла, са слязамі ў голасе дадала: – Мяне ж заб'юць. Ты смерці маёй жадаеш?
– А па мне лепш мёртвай дачку аплакаць, чым жывую.
– З якім бы задавальненнем я…– выціснуў праз зубы Іван, нахіліўся яшчэ больш да бацькі.
– Што? Забіў бы мяне? Рукі кароткія! – рагатнуў Сямён, ані не выказаўшы непакою.
– Хопіць рук!
Іван рэзка кінуўся праз стол, схапіў рукамі бацьку за горла.
Раздзел: ПАКУРЫМ... |