Сучасная беларуская проза
 ў сучасным фармаце
     
      Лёшкава каханне
(флэш-фармат)
 
Пра сябе
 
 
 
   
    Беларуская літаратура
    Проза для дзяцей і падлеткаў
    Валерый Гапееў
 
 
 
Беларуская проза
 
   
 
 
Апошнія запісы
 
 
 
 
 
 
 
Тое-сёе...
 
   
 
 
Записки по темам
 
   
 
 
Каляндар запісаў
 
 
 
« Май 2012 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
1 2 3 4 5 6
7 8 9 10 11 12 13
14 15 16 17 18 19 20
21 22 23 24 25 26 27
28 29 30 31
 
 
 

   
Развітальная вячэра (частка другая)
("Полымя", №10, 2009г.
сямейная драма
5
Лена тут жа схапілася ззаду за пінжак Івана:
– Ванька, Ванечка, не трэба!
На дапамогу Лене кінулася і Надзея, з бабскім надрыўным лямантам:
– Ванечка! Ванечка! Пакінь ты яго, не бяры грэх на душу!
Іван адпусціў рукі, яго пасадзілі. Сямён пацёр шыю, нічуць не здзівіўшыся нападам на яго, ён і бараніцца не спрабаваў, загаварыў адно з лёгкім здзіўленнем:
– Ты глядзі! А задушыў бы! Э, недаацаніў я цябе… Бач ты які!
– Я адгэтуль цяпер з'еду, калі цябе ў зямлю закапаюць, сказаў Іван, падкрэсліваючы кожнае слова:
– Дык забі ды едзь! Чаго чакаць?
І тут Надзея раптам забожкала з падвываннем:
– Божа, ды што ж гэта такое? Божа, ды людзі вы ці хто? Вы ж родныя! А-а-а Божа ж мой…
Так, з падвываннем яна вылезла з-за стала, пайшла, калыхаючыся ў другую палову хаты. За ёй паднялася і пайшла Лена, гукнула за сабой Івана. Той таксама вылез з-за стала.
Сямён нібы не бачыў гэтага, пацягнуўся за бутэлькай. Наліў, выпіў, стаў ціха есці.
Надзея сядзела на старой канапе, апусціўшы галаву на калені. Плечы яе сутаргава ўздрыгвалі. Плакала яна моўчкі. Іван стаяў ля дзвярэй, нібыта каравуліў каго. Лена села на крэсле побач з Надзеяй, нясмела кранулася яе пляча.
Надзея ўзняла на яе заплаканы, чырвоны твар:
– Ды хіба ж так можна? …Ох, як з гэтымі торбамі па рынках пацягаешся, па цягніках, па вакзалах – чаго толькі не наслухаешся, чаго не перажывеш… Куды ад гэтай злосці дзецца, чым ад нянавісці прыкрыцца, за што ад зайздрасці схавацца, дзе зневажанне ператрываць? Адно ўсяму месца – сям'я. На крылах дахаты ляціш, а зойдзеш – калені падгінаюцца… Нешта не то ў мяне… Муж папівае добра, ды і гуляць на боку стаў, чую. Дочкі грубіяняць, насы на парозе вернуць, кажуць: смярдзіць ад цябе… Усіх у мяне з імі гутарак: як справы, ды дай грошай. З бацькам і то яны больш размаўляюць. Чужая я ў сям'і стала. А чаму? Я ж сябе не шкадую, усё ім цягну: і ежу, і адзежу. Прымаць сталі, як належнае. І забылі, як некалі абарванымі хадзілі, забылі, як бульба вараная была на абед і смажаная на вячэру. Бядней жылі, ды неяк дружней. Там няма мне супакою, і тут вайна. Ой, а хіба ж хацелася, каб так выйшла? Хіба ж так бачылася? Вось прыехала б з дзецьмі ды з мужам, братоў ды ятровак сустрэла, дзеда з бабай гасцінцамі ды ўнукамі папесцілі б. Лазню б напалілі, стол у саду накрылі. Сядзелі б за вялікім сталом – усе-усе. І ўспаміналі самае добрае. Смешнае. Каб весела было, радасна… Ёсць жа ў кагосьці такое?
– Не ведаю, – ціха адказала Лена. – Думаю, што калі ўсё максімальна па праўдзе, то такога не будзе. У кожнага чалавека сваё бачанне, нехта крыўдлівы больш, нехта больш амбіцыйны, нехта славалюбівей.
– Я веру – у некага ёсць, – пераканана адказала Надзея. – Ёсць такая сям'я. Там дзеці між сабою сябруюць, маці і бацьку паважаюць. Там любоў ёсць, паміж усімі любоў. Там рады адзін аднаму проста таму, што рады, што хочацца ім родныя твары бачыць. Эх, сустрэць бы такую сям'ю! Я б спытала ў іх – як? Як жыць, каб жыццё ў радасць было? Ты ведаеш, як?
– Не, я не ведаю…– разгубілася Лена, і асцярожна спытала: – Скажыце, а з Насцяй… Гэта праўда?
– Праўда… Я потым даведалася. Дачка ў яе ёсць. Муж яе забраў, як развяліся. Яна праз суд яе запатрабавала, калі… Словам, калі ад алкагалізму вылечылася. На адвакатаў моцна патрацілася. У мяне заняла, хацела зарабіць адразу многа, ды тавар не пайшоў, прагарэла… Зноў у некага грошы заняла, ды на мытні яе затрымалі – левы тавар. Ну, ад усіх хавацца стала, запіла зноў. Я яе вылавіла, кажу: кінь піць, паехалі са мной, станеш на рэалізацыю, патроху ўсё наладзіцца… Яна адно на бутэльку пазычыла і пайшла. А тут да мяне адзін на рынку падышоў. Чуў, гаворыць, вашу гутарку. Давайце разам. Яна, аказваецца, і яму павінна была суму куды большую, і яшчэ некаму. Я і пагадзілася. Адно сказала, хатні адрас яе ды адрас маці. Думала, прыстрашаць яе – пачне думаць галавой, а не гарэлкай.
– Хай бы прадала яна сваю кватэру і разлічылася. Чаго ж хавацца?
– Маці яна таму што, – уздыхнула Надзея. – Дачцэ кватэра будзе. А так… Яны што жадаеш, падпісаць прымусяць. Паяльнік вось усунуць… ды ўключаць. Усё падпішаш, калі пачнеш знутры смажыцца… І саму б у рабства прадалі. За даўгі ў нас папросту прадаюць. І не шукае ніхто. Села ў цягнік, а не сышла. Ужо не адна так прапала… У Бога мне за Насцю даравання доўга вымольваць.
– А дачка Насціна з бацькам жыве? – спытала, абы каб нешта спытаць, Лена.
– У бабулі дачка Насціна. У гэтай вёсцы. Бацька яе ажаніўся праз два месяцы пасля Насцінай смерці. А падчарка яго новай жонцы не спадабалася. Я бабу навучыла, каб не пусціла свалату тую ў кватэру Насціну. Ну, цяпер во кватэру здала, грошы дачцэ Насцінай на рахунак кладу. Яшчэ ад сваіх заробкаў дабаўляю штомесяц. Апранаю… Што ёй тут баба купіць добрае. Разумная дзяўчынка расце. І быццам разумее, чаго я так аб ёй пякуся…
– Вазьміце бацьку да сабе, – нечакана прапанавала Лена.
– Ох, і дурнічка ж ты яшчэ! – Надзея ўсхліпнула. – Куды ж яго вазьму?!
– Ён вам родны бацька, яго кроў у вас цячэ, – працягнула Лена. – А ў вас да яго жалю ніякага. Ён хутка стане хворым і нямоглым…
– Цьфу на цябе, дурнічку… У каханні ты мо і разумееш што, а вось нянавісці вучыцца трэба. Кроў родная… Дурасць. Маці мяне хоць народзіць, грудзьмі выгадуе. А гэты… Любіць мне яго за тое, што з маёй маці за дзевяць месяцаў да майго нараджэння спаў? У маёй кватэры два пакоі, дзеўкі дарослыя амаль. А я яго характар ведаю… У мяне ж там пекла сапраўднае будзе…
– Бацька там ваш адзін застаўся…– змяніла тэму Лена.
– Ды ціха ж… Але, не сядзець жа тут вечна, – паднялася Надзея з канапы. – Пайшлі…
У пакой яны зайшлі адначасова з Клімам, які вярнуўся са двара. Клім упэўнена прайшоў за стол, сеў на сваё месца, загаварыў роўна:
– Я тут, бацька, падумаў, у мяне нядрэнная думка, мне здаецца, ёсць. Хату ты прадаў, машыну прадаў – справа твая. Я хачу табе і ўсім прапанаваць такі варыянт: прыязджай жыць на маё лецішча. Хата там вялікая, выгоды ёсць, праўда палова з іх у двары, але вада, газ…
– З ваўкамі ў лесе жыць, тваё дабро вартаваць? – прыжмурыўся Сямён.
– Зусім не – круглы год там шмат людзей жыве старэчага ўзросту, – запярэчыў Клім. – Спакайней, чым у горадзе, вось і з'язджаюць. А мы ўсе разам ноймем табе туды каго ў абслугоўванне. Я не думаю, што табе ў гарадской кватэры будзе лепш.
– Добра гаворыш, добра…– Сямён падпёр шчаку кулаком, прыжмурыўся.
– Ну, вось, давайце вып'ем ды забудзем на ўсе калатнечы. Бо свае ж мы людзі ўрэшце! – прыкметна ўзрадаваўся Клім
– Выкруціўся, брацік! – з'едліва зазначыў Іван, але ніхто не звярнуў, ці пастараўся не звярнуць увагі на яго словы.
Сямён адхіліў працягнуты яму Клімам наліты кілішак.
– Пачакай, пачакай, потым піць будзем. Я хачу паслухаць, што там Надзька вырашыла…
– Прыязджай ды жыві, – стомлена і абыякава махнула рукой Надзея. – Адно толькі, каб па сумленнаму: па паўгода ў кожнага. Або як Клім вось гаворыць. Можа так і лепей за ўсё будзе. Складземся разам ды ноймем каго, каб штодзень наглядала…
– Дзякуй, дзякуй, дачушка, па сэрцы мне твае словы. Ну, а ты, малодшы, чым пацешыш?
– У багадзельню ідзі. Там табе месца, – як адсек Іван.
– Гэта здаровага бацьку, пры жывых дзецях – у прытулак?
– Не хвалюйся, возьмуць, – з той жа злосцю працягнуў Іван. – А не, ды я з цябе за паўгадзіны дурня зраблю. Прыдушу вось падушкай, а потым ажыўлю. Факт правераны – нармальным не будзеш. Возьмуць у любую псіхушку.
– А ты зможаш…– задумаўся Сямён. – І рука не здрыганецца. Так, дзеткі, зараз, значыць, я гаварыць буду. Вы вось усе падабрэлі, хіба што Іван казырыцца. Ну, малодшыя заўсёды капрызныя... Што ты, нявестачка, мне сказаць жадала? – Сямён улавіў рух Лены.
– Я слухала, я сёе-тое пачала разумець. – Лена нацягнута стала каля стала і гаварыла роўна і ўпэўнена. – У мяне ёсць самы просты выхад з гэтай сітуацыі. Калі ўзнікае шмат праблем і адразу, трэба знайсці галоўную прычыну іх. І рашыць яе. Тут у кожнага праблема паўстала свая, але народжаная яна адным. Вашым, Сямён Карпавіч, рашэннем жыць у дзяцей. Трэба зрабіць так, каб рашэнне не было магчымасці выканаць.
– Чакай, чакай, кажаш задужа разумна, мне не зразумець, – нават лагодна ўсміхнуўся Лене Сямён. – Ад чаго тут што залежыць? Прасцей скажы.
– Проста? Вас трэба забіць.
6
Надзея коратка войкнула, заціснула рот рукой. Клім адкінуўся назад, вытарашчыўшы вочы. І толькі Іван спакойна калупаў відэльцам у талерцы.
Сямён неадрыўна глядзеў на Лену, уважліва, як вывучаў яе твар, потым устаў з-за стала:
– А ведаеш, Ванька, ведаеш, нявестачка, і на вас жа ўправа ёсць, – ён павярнуўся да расчыненага акна, што выходзіла ў сад, і крыкнуў:
– Грыня, заходзь ў хату!
Праз хвіліну ў дзверы асцярожна, з вінаватым выглядам зайшоў мужычок невядомага ўзросту, выскаліўся ва ўсмешцы.
– Вечар добры ў хату.
– Усё чуў? – строга спытаў Сямён.
– Дык, не глухі, чуў…
– Што Іван мне гаварыў? Што гэтая дзеўка прапаноўвала?
– Так чаго тут паўтараць? – затаптаўся Грыня. – Ну, забіць, значыць, каб…
– Вось і добра, – пляснуў яго па плячу Сямён. – Усё запомніў добра, трэба будзе – скажаш, каму трэба. На, вось, гарэлачкі заморскай выпі.
Сямён наліў гарэлку ў шклянку, працягнуў Грыню. Той выпіў прагна, пусціўшы з куткоў рота бягучыя струменьчыкі
– Дзякуй за пачастунак, – ужо адважней загаварыў Грыня. – А на памяць не скарджуся. Слова не вылеціць, як у тым магнітафоне.
Ён выйшаў, і ў хаце павісла пахавальная цішыня.
– Ты яго шпіёніць за намі паставіў? – выціснуў з сябе Іван.
– За табой толькі, за табой. – Сямён сеў за стол. – І калі што здарыцца… – Сямён пачаў гаварыць з пагрозай: – Хоць валасінка з маёй галавы не па маёй волі зваліцца – ты адкажаш. Так што маліся зараз Богу, каб здароўе ў мяне дужае было, і няшчасця якога не здарылася. А не – дык сядзець табе ў турме за забойства бацькі.
Іван сціснуў у руцэ кілішак з такой сілай, што той лопнуў.
– Ой, Іванка, парэжашся! – ускінулася Надзея.
– Хопіць, хопіць кіпяціцца, – устаў і рашуча загаварыў Клім. – Калі здарылася так, нічога не вярнуць. На тым і вырашым, што я прапаноўваў.
Сямён раптам сам устаў з-за стала.
– Ты сядзь, – рэзка загадаў ён Кліму, і той ад нечаканасці паслухмяна сеў. – Мяне тут забіць прапаноўвалі… Раз астатнія маўчалі і цяпер маўчаць, стала быць, амаль згодны. Так, пытаю? – выгукнуў ён рэзка, памаўчаў затоена, працягнуў: – Мяне забіць? Вы каго забіць жадаеце? Думаеце, бацьку нялюбага? Думаеце, нейкую праблему, пра якую гэтая смаркачка напляла, у зямлю закапаеце? Не-е-е. Вы сумленне сваё забіць жадаеце, у труну пакласці. Не бацька я вам – я сумленне ваша. Я – цёмны бок вашай душы. Той чорны бок, якога вам самім кранацца не хочацца. Страшна. Той бок, на які б вы забыцца хацелі, у сон яго ператварыць. Бо калі я ў зямлю – і хто яшчэ Кліма папракне, што ён злодзей? Хто Надзьцы скажа, што яна амаль забойца? Хто Ваньку засароміць, што ён баязлівец? Сядзі, – махнуў ён у бок Івана, які ўмомант напяўся. – Забіць бы ты мяне забіў, ды і з-за баязлівасці забіваюць. Забіў бы, ды нікому б не сказаў – завошта? Ты – баязлівец! Вось вы сабраліся, на смерць мяне аддаць гатовыя. Ды якое ж права вы маеце судзіць мяне? Хто без граху, хай кіне ў мяне камень – ёсць такое ў Пісанні. Мо яна кіне? – каравы палец Сямёна накіраваўся на Лену. – Дык яна ў пятнаццаць гадоў аборт зрабіла! Цыц! – спыніў ён зноў гатовага ўскочыць Івана. – Я ўсё ведаю… Судзіць мяне… Бач, хлебам мяне папракаеце, азадкамі адхлістанымі… А вы самі на што здольныя? Ты, Клім, дзеля свайго дабрабыту, нялюбую ў жонкі ўзяў, лепшы сябар у магілу з-за цябе пайшоў. Надзька на ўсіх людзей праз дзірку ў кашальку глядзіць, дзеля грошай і сорам, і зневажэнне трывае, з дзеўкі-прыгажуні ў брудную бабу ператварылася. Іван у баязлівасці жыве, і сёння пабаяўся сказаць, што яму ў святліцу зайсці трэба, каб перад партрэтам маці пастаяць. Ды не толькі ў гэтым прызнацца баіцца. І жыве. І сорамна яму, што баязлівец. Чым больш сорамна – тым больш баіцца, чым больш баіцца, тым больш сораму. А ў высакароднага гуляе. “З лесвіцы спушчу!” З лесвіцы мяне, старога, любы спусціць! І забіць можа кожны. І вы можаце. Вось ён я! – Сямён апантана ірвануў каўнер сваёй кашулі. – Біце! Закапаеце заўтра, раз'едзецеся – і ўсе справы. Але не выйдзе. Заб'яце – мёртвы я вам супакою не дам. Таму як грэх на грэх – два грахі. Крыж я ваш да апошняга дня вашага – вам яго несці.
Сямён скончыў ціха, нават сумна і цяжка сеў.
Цішыню парушыў Іван:
– Дзякуй, вочы мне адкрыў. Так, я баязлівец. Колькі часу я ў сабе гэтую страшную таямніцу нашу, зжыўся з ёй, як… Часткай маёй яна стала.
– А ты падзяліся, падзяліся часткай сваёй! А потым адкажы – чаго дзеля чапляўся за яе? – падахвоціў яго Сямён, нібы наперад ведаючы, аб чым будзе гаварыць яго сын. – Я табе падкажу – шкадаваў ты сам сябе. Пакутаваў і любіў сябе за свае пакуты. Ах, я штосьці ведаю, страшнае ведаю, але такі я добры, такі добры, што нікому не скажу, адзін пакутаваць буду. Шкадуйце мяне!
– Скажу… – не зусім упэўнена пачаў Іван, потым голас яго пасмялеў: – Паслухайце, ты брат, і ты сястра. Маці тады не спатыкнулася. Бацька… Ён быў тады дома. У яе парвалася сукенка, агалілася нага. Ён ашалеў, як убачыў. І стукнуў нагой па лесвіцы… Лесвіца калыхнулася, прыступка трэснула…
Усё маўчалі.
– Што ж вы… маўчыце? Ён – забойца! – разгублена закрычаў Іван.
– Ведала я гэта, Іван, – ціха загаварыла Надзея. – Пасля пахаванняў бацька ўсё расказаў. І Клім ведае.
– І вы маўчалі?!
– Па твайму, трэба было бацьку ў турму? – спытаў Клім і сам адказаў: – А завошта? Ён што, жадаў яе забіваць? Маці ў зямлі, а бацьку – у турму… А мы потым куды? Па дзіцячых дамах?
– Словамі вінаваць, душой апраўданне шукай, – падтрымала Кліма Надзея. – І так усё наперакасяк, чаго самім сябе ў труну заганяць? І потым: бацька што – хацеў? Ці ён тую прыступку зламаў? Кліма вучыць трэба было… Цябе вось на ногі ставіць. Адна я змагла б?
– Вось вырас Клім – вучоны! – выгукнуў Іван адчайна. – Навучыўся красці!
– Вырас… вучоны… – Клім пацягнуўся было да гарэлкі, але піць не стаў, узняўся за сталом. – Ты, тата, і на самой справе той самы чорны бок. Толькі не бывае нічога чорнага, у чым не было б белага, гэта я табе ўжо як вучоны кажу. Многа ты ведаеш, ды не ўсё. Украў я ідэю – няхай так! Па вялікаму рахунку – украў. А што яна – ідэя? Нуль. Пустое месца. Гук у паветры. Колькі яшчэ начэй я на яе патраціў, пакуль яна з голай дзеўкі царэўнай стала? А Сяргей без мяне па начах спіўся. Усё закінуў, ніякіх разлікаў не рабіў. Усе пражэкты будаваў: што ды як атрымаецца, як ён праславіцца, як прэмію атрымліваць будзе. А трэба было сядзець, лічыць, лічыць і лічыць да пацямнення ў вачах. Ён паклікаў мяне ў сааўтары, я пагадзіўся. І ўсе гэтыя чортавы разлікі рабіў. Дзень за днём, месяц за месяцам. Паўгода амаль. Ён прыязджаў, правяраў іх з большага, потым даставаў бутэльку… Так, я патэлефанаваў тады той дзяўчыне. Каб прыбраўся ён, п'яны, з пакоя. Не мог я яго бачыць такога: самаўлюбёнага генія, паблажліва пахлопваючага мяне па плячы: лічы Клімыч, лічы. Ён зваў мяне толькі так – Клімыч… Я ў яго чорнарабочы быў. Але не было ў мяне думкі той, што можа ён разбіцца. Не было! І не жадаў я яго смерці… І, не хацелася мне тут апраўдвацца, але ведалі ў акадэміі, чыя ідэя, хто якую ролю выконваў. Дарэчы, прэмію за работу цалкам маці Сяргея атрымала…
– Апраўдаўся, брацік! – з адчаем і нянавісцю выгукнуў Іван. – Дык ты святы! І што ажаніўся на жанчыне, цябе старэйшай, дзеля прапіскі сталічнай – святая справа!
Клім горка ўсміхнуўся.
– Дай Бог так другім жыць, як мы з Зояй жывем. Хай і тое праўда, што жаніліся мы па дамове: я каб прапіску атрымаць, яна – грошы. Ды бачыш – не разводзімся. І ў маёй кватэры новай разам цяпер жывем. Не прыгажуня яна, і за мяне старэйшая. А дзіця мы чакаем. Нашае дзіця. Зоя шчаслівая, што дзіця нарэшце народзіць. І я шчаслівы, што яно будзе...
– Зусім анёл! – пляснуў у далоні Іван. – Крыльцы намалюй сабе!
Клім нічога не адказаў, моўчкі выйшаў з-за стала, памацаў па кішэнях, выцягнуў цыгарэты і адышоў да адчыненага ў сад акна. Там закурыў.
– Трэба, пэўна, чайнік паставіць, – нечакана будзённа прагаварыла Надзея. – Схадзі, Леначка, там газпліта ў сенцах і чайнік на ёй. Кавы мо хто пап’е.
Лена паслухмяна ўстала з-за стала, пайшла, але прыпынілася на парозе пры першых словах Івана.
Ён загаварыў напачатку разгублена, потым закрычаў:
– Я не разумею… Я не разумею! Як жа вы так можаце! Каву зараз распіваць будзем? Ён забіў маці, ён гатовы зараз растаптаць нашы жыцці, зрабіць невыносным наша існаванне, а вы… Вы – спакойныя!
Яму ніхто не адказаў, і ён закрычаў далей, ужо са слязьмі ў голасе:
– Думаеце, я вас зразумею? Не жадаю. Разумець не жадаю, бо зразумець – напалову прабачыць. Прабачаць не жадаю. Ні цябе, – тыцнуў ён пальцам у Сямёна. – Ні цябе, Клім. Ні цябе, Надзька. Не прабачу вам за маці. Вы яе прадалі. Вы бацьку баіцеся. Вы баіцеся, што спакой ваш парушыцца, што нехта яшчэ даведаецца пра вашы цёмныя справы.
– Што ты вярзеш? Якія цёмныя справы? – з жалем сказаў ад акна Клім.
– Тыя самыя! Ты – злодзей! Бацька – забойца. Надзька ў смерці сяброўкі вінаватая!
– Ого! Разышоўся… – паблажліва загаварыў Клім. – А хто ты такі, каб усіх судзіць? Не цісне на лоб німб святога? Не? Тады чаго пра Лену сваю забыўся? Праслухаў, што там бацька казаў? Ці не верыш?
– Лена? – спатыкнуўся Іван, разгублена паглядзеў на дзяўчыну, быццам толькі што яе ўбачыў. – Што, ты праўда, рабіла аборт?
Лена сціснулася ля вушака дзвярэй, ціха адказала:
– Паспытала першы раз віна. Ажно дзве шклянкі выпіла… Нічога не памятала… Вось і скарыстаў суседскі хлопец момант. З ім пілі…
– Ты… Ты… – Іван не мог знайсці патрэбнае слова. – Чаму ты маўчала? Чаму не сказала мне?! – закончыў ён адчайным крыкам.
Лена паглядзела на яго ўмольна:
– Але ад таго, ведаеш ты ці не, я ж не раблюся іншай! Я такая, як была да гэтага вечара, гэтых слоў, такая і пасля іх!
– Не, ты не такая… – Іван адмоўна пакруціў галавой. – Ты – ілгала мне. Ты хавала ад мяне праўду!
Лена нечакана ўспыхнула, быццам адважылася на нейкі адчайны крок.
– Ідзі ты к чорту! Ты ў мяне пытаўся пра аборт? Ты пытаўся, дзе і пры якіх абставінах я страціла цноту? Я сказала табе, што было ў мяне ўжо з мужчынам, хоць ты і гэтага не пытаў.
– Але ты павінна… Ты павінна была мне ўсё расказаць! Мы ж збіраліся разам жыць! Нельга жыць, нешта бруднае хаваючы адзін ад другога! – упэўнена казаў Іван, а па шчацэ яго пакацілася адзінокая бліскучая кропля. – Нельга! Ты ілгала мне…
– Ну, ты ўжо зусім! – выгукнуў Клім. – Хочаш ведаць – дык спытай. Чаго яна павінна расказваць табе пра свае дзявочыя праблемы і болі, што даўно забыліся? Каб ты іх калупаў пры зручным выпадку? Мая Зоя з мужчынам год жыла, дык мне ёй допыты наладзіць па кожнай ночы: як было і ці са мной лепш ці з тым?
– Я ў цябе не пытаю! Ты як хочаш жыві, а я буду жыць…
– А ты будзеш жыць праведнікам! – перабіў Клім Івана. – Глядзі, не здужаеш. Не такі лёгкі гэты шлях.
– Я здужаю, – адказаў Іван, з пагардай гледзячы на Кліма. – І вы мяне ў свой бруд не запэцкаеце.
– Цьфу, дурань, – сплюнуў у кут ля печы Клім, дастаў яшчэ адну цыгарэту. – Хто цябе ў што пэцкае?
– Ванька, Ванька, супакойся, – стала ўшчуваць Надзея. – Ну не трэба ж так…
– А ты мяне не вучы! – агрызнуўся Іван. – На тваёй душы – смерць Насці.
Надзея захлюпала носам, паднесла да вачэй насоўку, якую ўжо пастаянна трымала ў руцэ.
Нечакана ад дзвярэй загаварыла Лена. Ціха, але так жа роўна, як і прапаноўвала забіць Сямёна:
– Ваня, а цябе ж сястра ад 13 год глядзела. За маці табе была…
– Ніхто мне маму не заменіць! І нішто вашы душы чорныя не адмые, хоць вы цяпер такімі добранькімі выглядаць хочаце.
– І маю нішто не адмые? І мая душа… чорная? – гэтак жа спакойна спытала Лена.
– Чорная! Ад ілжывасці!
Лена павярнулася, выйшла ў сені. У поўнай цішыні было чутна, як чыркнула запалка, зашыпеў газ, а потым успыхнула полымя.
– Хутка закіпіць, – вярнулася Лена з сянец, прайшла і спакойна села за стол.
Іван нейкі час засяроджана глядзеў у цэнтр стала, потым высока ўзняў галаву і загаварыў надрыўна:
– Нельга такое прабачаць. Не прабачу. І вы яшчэ ўспомніце. З гэтага моманту няма ў мяне больш бацькі, няма брата, няма сёстры, няма нявесты. Запомніце гэта.
– Ну, пакутуй далей, – быццам абыякава зазначыў Клім. – Расстаўся ты з адным болем, знайшоў другі…
Надзея заплакала:
– Божа, ды што жа гэта такое…
Іван, цвёрда ступаючы кароткі адрэзак – ад кута пакоя да дзвярэй – выйшаў у сенцы, потым на двор, прайшоў праз акно. Ішоў, гледзячы толькі прама перад сабой.
Лена стаяла хвіліну ў нерухомасці, закусіўшы вусны, потым схапіла ля стала сваю сумку і кінулася з хаты.
7
Клім усё гэтак жа паліў у акна. Адну цыгарэту за другой. Надзея безуважна сядзела за сталом, падпёршы галаву рукой, ледзьве прыкметна калыхалася.
– Вось, значыць, было ў мяне два сына, а стаў адзін…– загаварыў Сямён.
Ніхто не адклікаўся.
– Так-а…– працягнуў Сямён. – Ну, ён сваю долю атрымаў ужо…
– Ты пра што, бацька? – не паварочваючыся, спытаў Клім.
– Пра долю спадчыны гавару, – адказаў Сямён.
Ён цяжка ўстаў з-за стала, прайшоў у святліцу, вярнуўся праз хвіліну.
– Вось яна, спадчына, – Сямён згроб шырокім махам рукі з боку стала талеркі, відэльцы, паклаў акуратна дзве нятоўстыя пачкі даляраў. – А гэта – вашы долі: твая доля, Клім, твая, Надзька.
Надзея доўга глядзела на грошы, асцярожна кранулася аднаго пачка, быццам баючыся абпаліць руку:
– Гэта за хату?
– Ну, за хату, за машыну, са сваёй пенсіі сабралася, – ахвотна адказаў Сямён.
– А Ваньцы?
– Што ты за яго перажываеш? – падышоў да стала Клім. – Ён жа ясна сказаў, што ні бацькі, ні сястры, ні брата ў яго з гэтага часу няма.
– Дурны ён, – уздыхнула Надзея.
– У яго ўзросце гавораць не аб дурасці, а аб інфантыльнасці. Яго прывучылі да жалю – шкадавалі і шкадавалі. Калі перасталі шкадаваць – ён вырашыў гэта рабіць сам. Надзеў на сябе вянок пакутніка і паспрабуй, знімі…
– Гэта я вінаватая – трэба было раней яму аб усім расказаць, – заспрачалася Надзея. – Думала, забыў ён ужо ўсё.
– Ну, вы сабе спрачайцеся, а вырашаць мне, – зазначыў Сямён. – Усім пароўну. А Ваньцы… Я грошы паклаў на рахунак яго крэдыту, што ён на кватэру браў. Усё, стала быць, няма сэнсу спрачацца. Бярыце грошы. І маці помнік сёння пастаўлены. Вось…
Клім нехаця ўзяў грошы са стала, трымаў у руках.
– Навошта ж было вось так? Камедыю ламаць? – папракнуў ён бацьку.
– Трэба, значыць, – упарта адказаў Сямён. – Табе не зразумець… Не так часта вы ў сярэдзіну самі сабе зазіраеце. Каб памяталі.
– Што памяталі?
– Што не святыя.
– А я і не забываўся.
– Ведаеш, бацька, – задуменна загаварыла Надзея, – а гэта ж першы раз ты дзецям грошы проста так даеш… І ўнукам ніколі не даваў. Гасцінцаў не дарыў…
– Што, каб добрым дзедам за падарункі лічылі? Ці добрым бацькам, што грошы дае? – выскаліўся Сямён. – Такога бацьку ўсякі палюбіць, да такога дзеда ўнукі – уга – прыляцяць! А як няма грошай? То і на халеру такі стары, праўда? Э-эх… Не хачу любоў купляць. Ні дзяцей, ні ўнукаў. Што меў – усё адразу аддаю. Больш не пытайце.
Надзея моўчкі згарнула грошы ў скрутак і звыкла саўганула яго за пазуху.
Раптам стала ясна, што ў іх сустрэчы пастаўленая апошняя кропка. Цяжкая цішыня вісела так доўга, што стала амаль фізічна адчувальная.
– Усё, значыць, – ціха прагаварыў Сямен. – Работы ля дома няма, едзьце сабе.
– Я начаваць не застануся, – адказаў Клім. – Заўтра вар'яцкі дзень, трэба збірацца ў дарогу. І Зоя хвалюецца. Пакуль даеду…
– Мо, возьмеш мяне з сабою? – нерашуча папыталася Надзея.
– Баулы гэта твае? Ты ж гандляваць ехала? – здзівіўся Клім.
– Ды будзь ён пракляты, гандаль гэты, – Надзея паднялася, азірнулася на сядзеўшага моўчкі за сталом Сямёна. – Баця, ты калі да мяне прыедзеш? Заўтра, пазаўтра? Ці нам з Клімам лецішча яго прыгатаваць адразу?
– Можа і так… Можа і так, – ціха прагаварыў Сямён, ачуўшыся ад сваіх думак. Прыеду. Хутка…
– То патэлефануеш. Са стала прыбраць?
– Не трэба. Я яшчэ пасяджу, – спыніў Сямён Надзею, якая ўзялася было збіраць посуд.
Надзея падхапіла адзін баул, другі ўзяў Клім. Яны прайшлі да парога, спыніліся.
– Да пабачэння, – нягучна развітаўся Клім.
– Спакойна начаваць, баця, – пажадала Надзея.
– Едзьце, – прамовіў Сямён, не паварочваючы галавы.
На вуліцы завуркатаў матор, потым стала ціха-ціха, і гарэлка, ліючыся з бутэлькі ў шклянку, булькала гучна, запрашальна.
На гэта булькатанне ціха адчынілася дзверы, і гэтак жа асцярожна, як і раней, зайшоў у пакой Грыня.
– Гэта… Як бы гэта, трошкі дадаць, а, Сямён Карпавіч?
– Праходзь, садзіся, – не азіраючыся, запрасіў Сямён, паставіў на бок стала напоўненую гарэлкай шклянку, паказваючы Грыню яго месца.
Той шмыгнуў за стол, хутка адпіў паўшклянкі, агледзеў талеркі, нясмела пацягнуўся за закускай.
– Бяры, даставай, – Сямён падсунуў да яго талерку з каўбасой і вяндлінай. – Вось і жыццё прайшло…– загаварыў ён сам сабе. – Трэба ж, здавалася – вон колькі гадоў наперадзе. І як яны хутка праляцелі. А што зрабіў? Хату вось пабудаваў, ды не ўнукі родныя ў ёй гуляцца будуць. Чужыя людзі. Не прадай – перасварацца. Лепш самому дзяліць. Калі бацька дзеліць – заўсёды справядліва. Галоўнае – пароўну. Усім – пароўну…
Ён падняў галаву дагары, доўга глядзеў на ўбіты ў бэльку крук.
– Бач, трывала сядзіць. Колькі гадоў сядзіць? На другі дзень, як Надзька нарадзілася, ты, Грыня, калыску прынёс і крук гэты ўбіў. Маці печ паліць і Надзьку калыша…
– А? – праглынуў Грыня, ўтаропіўся на бэльку. – Вы гэта пра што, Сямён Карпавіч?
– Ды пра жыццё, – незразумела адказаў Сямён. – Дзеля чаго трэба было жылы цягнуць з сябе? З жонкі? З дзяцей? Эх, жыццё, што ж ты не падказала, як цябе пражыць? Пражыў вось, быццам і не жыў. Навошта жыў, навошта дзяцей хвастаў, навошта грошы збіраў? На вяроўку ці шмат трэба было? А і за гэта зганяць… Дурныя людзі: чаго ім да чужых жыццяў? Нельга, гавораць, жывым у магілу класціся. Пакутуй – а жыві. Няма сэнсу – а жыві! Дзеля чаго? Навошта, я вось цябе пытаю? – звярнуўся ён да Грыні, не стаў чакаць адказу, адказаў сам: – А каб ім, здаровым, жыццё труціць. Каб не забываліся, што будуць самі старымі і хворымі. І не столькі табе гэтыя пакуты, колькі ім. Так?
– Ага, – адгукнуўся Грыня, які пачуваў сябе смялей пасля выпітага. – От, Сямён Карпавіч, Антон Мішчын доўга паміраў. Ногі адняліся, адна рука ледзь варушылася. То што дзеці? Кожную раніцу прыходзілі і заглядвалі: а можа ж ужо памёр? От як…
– Ты ідзі! – нечакана ўладна загадаў Сямён Грыню. – Выпі яшчэ вось, ідзі і забудзь усё, што я табе раней гаварыў, і што ты сёння чуў! Чуеш, забудзь!
Грыня паспешна наліў сабе сам, хутка выпіў, схапіў у руку кавалачак хлеба, вяндліны і выслізнуў з-за стала, асцярожна, нібы шкляныя, зачыніў за сабою дзверы.
Сямён сядзеў нерухома хвілін колькі. Потым выйшаў у сенцы, вярнуўся з новенькай вяроўкай. Сарваў абрус са стала, паляцеў на падлогу посуд, закускі, бутэлькі. Сямён спакойна сеў на канапу і пазіраючы на бэльку і крук у ёй, стаў няспешна вязаць пятлю.
8
Выехалі на шашу, і Надзея кранула Кліма за руку:
– Глядзі, вунь Ванька стаіць з Ленкай сваёй. Прытармазі…
– Там яшчэ жанчына з імі… – Клім прыцішыў ход.
– То фельчарка наша, – пазнала Надзея жанчыну, якая стаяла побач з Ванькам і нешта яму расказвала.
Клім прыпыніў машыну насупраць стаяўшых. Ванька нават не глянуў на аўтамабіль. А Лена спуджана нахілілася да адчыненага акна і выгукнула ў твар Надзеі:
– У вашага бацькі рак!
– Што-о-о? – Надзея хутка адчыніла дзверы, выйшла з машыны. – Дзень добры, Ягораўна, – павіталася з фельчаркай. – Гэта вы сказалі?
– Я, – вінавата кіўнула фельчарка. – Тыдзень таму абследаванне ў вёсцы рабілі. У Сямёна Карпавіча дзве вялізныя, з кулак, гулі пад пахамі. Рак лімфатычных залоз. І хутка прагрэсіруе…
– Яму сказалі?
– Сказалі… Ён і сам здагадаўся. У мінулым годзе ваш сусед памёр ад такой жа хваробы. Чарнобыль адгукаецца. Зона ж… – стала тлумачыць фельчарка. – Уколы раблю вось… Для падтрымкі…
Надзея хвіліну стаяла, маршчынячы лоб у нейкім цяжкім роздуме і раптам скаланулася, кінулася да аўтамабіля з роспачным крыкам:
– Клім! Разварочвай, Клім! Разварочвай!..

  Каментарыяў: 0 | Праглядаў: 823 | распечатать

Раздзел: ПАКУРЫМ... |