Кропка на карце
Яна тады мела рацыю. Тады, калі прадбачачы яе крык, магчымыя слёзы, ён, адчуваючы сябе падсвядома подлым, а ў свядомасці — правым, сказаў спакойна, з ноткай шкадобы:
— У нас не было з табой размоў аб вяселлі. Нам не па 16 год, а па 30, каб табе выпадкова зацяжарыць. І твая “навіна”, выбачай, але больш падобна на шантаж. Ты магла б сказаць, што хочаш дзіця. І мы б аб усім пагаварылі…
— Вось як… — яна прыкусіла вусны, стрымалася і ад крыку, і ад слёз. — Ну, што ж, няхай тое будзе на маім сумленні. Але ведаеш… — яна прыпынілася, а потым прадоўжыла на дзіва спакойна: — Мне цябе шкада. Прыйдзе час, стукне табе сорак, і ты адчуеш сябе, нібыта на востраве. У цябе будуць жанчыны, напачатку такія вось дурніцы як я, што на нешта будуць разлічваць, пазней — звычайныя бабы, якія аб замустве перасталі марыць і крадуць дзе ўбаку якую ноч, каб хоць не забывацца, што яны — жанчыны. Але табе захочацца нечага іншага. І ты, я гэта цяпер бачу, будзеш крадком ад сваіх знаёмых купляць у кіёсках газеты, дзе ёсць рубрыка “Знаёмствы”. І будзеш пачынаць чытаць газету з гэтай рубрыкі. І некалі будзеш пісаць пісьмы. Ці сам падасі туды аб’яву…
— Нават так? — разгубіўся Віктар ад гэтых яе слоў, якіх ніяк не чакаў, да якіх не рыхтаваўся, а таму цяпер не мог знайсці вартага іх адказу
— Бо ты ніколі нікога не палюбіш. У цябе наперадзе толькі разлік. Што ж, будзь шчаслівы…
Яна была правая, тая жанчына, рысы твару якой за 10 гадоў сцерліся (не без яго жадання) з памяці, захавалася толькі імя яе — Валянціна, ды яшчэ ягоная далонь помніла яе гладкую, халаднаватую скуру і жыло ў памяці адчуванне ўсяго яе цела: незвычайна гнуткага, чулага, што адгукалася на самы нязначны рух ягоных рук, угадвала яго жаданні і, здавалася, існавала асобна ад яе, Валянціны, існавала толькі для яго, Віктара, для задавальнення любых яго капрызаў. І ён любіў гэта цела… А саму Валянціну? Не кахаў? Чаму ён расстаўся з ёй? Ці яна проста яму надакучыла, як можа надакучыць часты прагляд і самага дзівосна-цікавага фільма, нават і з нязначнымі адхіленнямі ў сцэнарыі, ды ўсё з тым жа фіналам?
“Яна не для мяне”, — сказаў ён сам сабе перад апошнім іх вечарам, і ніхто б не змог пераканаць яго ў адваротным. І не было, зрэшты, каму пераконваць…
Яна была правая — вось ужо два месяцы ён купляе газету, дзе ёсць рубрыка знаёмстваў, праглядвае, напачатку быццам і несур’ёзна, так, для цікавасці, каб пасмяяцца мо над якім словам, а ў глыбіні душу ловіць сябе на думцы, што ён шукае. Шукае такую аб’яву, якая б адгукнулася ў яго душы цеплынёй і спагадай, якая б падказала: “Для цябе”.
Ён знайшоў. Невялічкая, без абавязковых там “90х60х90”, простая і сціплая: “Не красуня, 37, без дзяцей. Свая кватэра ў маласямейцы. Хачу нарадзіць дзяцей, але каб быў у іх бацька.”
Ён пісаў ёй пісьмо тыдзень: на рабоце за сваім сталом тэхнолага, за абедам у сталоўцы, дома, гледзячы без цікавасці тэлевізар. Пісьмо атрымлівалася вялікім, шчырым, цікавым і вядома ж, вясёлым. А на паперы выйшла кароткае і няўклюднае.
Але адказ ён атрымаў: кароткі, затое з фотаздымкам. Яна жыла далёка ад Мінску, ў невялікім райцэнтры. На фотакартцы выглядала досыць прывабнай. Прасіла, каб, калі што, вярнуў ёй здымак, нават канверт даслала са зваротным адрасам. Ён і пажартаваў: напісаў ёй ліст і адправіў у тым самым канверце. Гэты ліст атрымаўся вясёлым, паўжартаўлівым, можа таму, што настрой у Віктара быў добры — яго цешыла думка, што з дзесятка лістоў яна адказала менавіта яму першаму (так яна напісала. А чаго ёй абманваць?)
Іх перапіска працягвалася тры месяцы. Ён дамовіўся, каб яна лісты адпраўляла ў панядзелак, а ён ёй — у чацвер. Было прыемна знайсці ў сераду ў паштовай скрыні ліст. Іншы раз ліст прыходзіў пазней, і тады Віктар адчуваў нейкі дыскамфорт: збіваўся ўстаноўлены ім рытм дыялогу з жанчынай.
Бо калі табе 40 год, калі ты нязменна працуеш на адным заводзе, калі нязменна ездзіш на работу і вяртаешся з яе адным і тым жа тралейбусам вось ужо 20 год, калі ў ванную ты ходзіш штораз у адзін і той жа час, калі хлеб купляеш па аўторках, чацвяргах і суботах, і калі… Ды ёсць яшчэ безліч гэтых “калі”. Табе сорак год, і дзесяць з іх пражыта ў аднапакаёвай кааператыўнай кватэры… За гэты час выпрацуецца пэўны і нязменны расклад жыцця. У сераду трэба ісці на кухню, разаграваць учарашні суп, а ў чацвер — варыць боршч вечарам, у суботу ён ласуецца пельменямі.
Віктар быў не супраць таго, каб уносіліся нейкія змены, вось толькі не любіў, калі гэтыя змены патрабавалі да сябе змены яго прывычак і распарадку.
Напачатку ён хацеў запрасіць Галіну (так звалі яго знаёмую па лістах жанчыну) да сябе. Цікава б было паназіраць за ёй у сталіцы, ды і сябе няблага можна б было паказаць на гарадскіх вуліцах. Але калі б больш ён не захацеў сустракацца з гэтай жанчынай, то чаго яе было весці адразу ў сваю кватэру?
Таму Віктар, змястоўна прадумаўшы ўсе магчымыя варыянты, па якіх могуць разгортвацца падзеі іх сустрэчы, вырашыў: першая сустрэча з Галіна адбудзецца не ў яго кватэры, не на нейкай “нейтральнай тэрыторыі”, а ў яе дома.
Тады можна будзе пабачыць жанчыну ў такіх абставінах, якія, хавай ты гэта, ці не хавай, але прымусяць хоць на нейкую хвілінку стаць самой сабой.
Ды ўвогуле, глянеш на пакой, у якім жанчына жыве – палову аб ёй ведаць будзеш. Страў яе паспрабуеш, а галоўнае, пабачыш, як яна іх гатуе, як на стол ставіць, куды відэльцы кладзе і як кладзе – вось і ўвесь партрэт.
Ён і напісаў ёй, што добра б было, каб сустрэча адбылася на “яе баку”. Яна адказала, што ёй зразумела яго жаданне пабачыць яе ў ролі гаспадыні, але яе пакойчык у маласямейцы – не самы добры варыянт для сустрэчы. Затое каля райцэнтра ёсць вёска, а ў той вёсцы – дом яе бацькоў, пусты ўжо, бо бацькі яе памерлі. Яна там жыве цяпер вось, у водпуску. Хата стаіць наводшыбе, там незвычайна ціха і ўтульна. І лішніх вачэй няма. То калі ён жадае…
Віктар жадаў. Яны назначылі дзень.
Віктар склаў падрабязны спіс таго, што трэба зрабіць, што ўзяць з сабой, на што звярнуць найперш увагу. Сабраў усё яшчэ з вечара: запасную пару шкарпэтак і бялізны, кашулю, спартыўны касцюм, брытву, мыла і іншую драбязу. Прэзерватывы. Ну, на ўсякі выпадак. Клаўся спаць, здаецца, і хвалявання не было ніякага, але раптам, як толькі выключыў святло, пачало мроіцца, што ён вось так вольна гаспадарыць у сваёй хаце апошні раз, што з заўтрашняга дня ўсё пачне імкліва мяняцца, а нешта – рушыцца. І сам ён засынаў, быццам ляцеў у нейкую страшную прорву, і не сваёй глыбінёй была страшная прорва, а той невядомасцю, што хавалася на яе дне, і само дно хавалася ў гэтай невядомасці. Пачуццё таго, што заўтра адбудзецца нешта незвычайнае, узрушыла і не давала супакоіцца. Незвычайнасць была ў тым, што ўпершыню за многа гадоў свайго размеранага жыцця мелася адбыцца нешта, што мала залежала ад яго…
Ехаць аўтобусам было ажно сем гадзін. Першы прыпынак на невялікай аўтастанцыі быў толькі праз дзве гадзіны мяккага пагойдвання ў адкінутым крэсле. Паездка прыносіла задавальненне Віктару: і тым, што ехаць так доўга – можна многае абдумаць яшчэ і яшчэ раз, перабраць сотню варыянтаў сустрэчы і прайграць у думках свае першыя словы, яе магчымы адказ і зноў – свае словы. Віктар нават запісную кніжку дастаў, стаў запісваць: “Ну, вось і я. Дзень добры!” – “Добры дзень! Праходзьце, калі ласка”. А калі “Добры дзень… Ой, я…” і далей няёмкае маўчанне, то ён: “Мне можна прайсці, каб хоць вады напіцца, а то сем гадзін дарогі высушылі, як тую воблу…”
Спісаў колькі старонак, усміхнуўся сам сабе. Здаецца, перабраў усе варыянты першых хвілін.
Выйшаў з аўтобуса, з задавальненнем закурыў – прайшло якраз дзве гадзіны пасля апошняй цыгарэты. Пакурыў. Ад нечага рабіць, бо не хацелася сядзець і чакаць вадзіцеля ў крэсле, зайшоў у будынак аўтастанцыі, пусты, гулкі, шэры. Прыпыніўся ля карты-схемы маршрутаў.
Трэба ж, гэта невялікая аўтастанцыя была пазначана на схеме самым вялікім кружком! Нават Мінск выглядаў у параўнанні з ёй сціпла, не кажучы пра іншыя населеныя пункты. Аўтастанцыя гэтага гарадка тут лічыла сябе цэнтрам сусвету – гэта ад яе разбягаліся ва ўсе бакі дарогі-маршруты…
Віктар на наступнай аўтастанцыі спецыяльна зайшоў у будынак: так і ёсць, цяпер ўжо гэта вёска лічыла сябе цэнтрам – яна працягвала ва ўсе бакі ад сябе лініі дарог, пазначана была самым вялікім кружком. Стала ажно смешна, а на трэцім прыпынку (гэта быў ужо вакзал невялікага горада) Віктар не сумняваўся: тут карта-схема будзе вялікая, а сетка маршрутаў будзе нагадваць павуціну, дзе ў цэнтры павуком-кружком, самым вялікім, будзе пазначаны гэты горад. Так і было.
Віктар заўсміхаўся сам сабе – угадаў. Бач ты, думаў ён, колькі тут яе ёсць, а пхнецца вонкі гонар: я самая галоўная, гэта ад мяне ўсе дарогі пачынаюцца, гэта ад мяне ўсе залежаць…
Астатнюю частку дарогі Віктар драмаў, хоць крэсла не было ўжо такім утульным – надакучыла сядзець без прывычкі гэтулькі часу. Але перакусіў узятым бутэрбродам, і прыемная напоўненасць страўніка і пачуццё сытасці лёгка мроілі галаву, выганяючы з яе усе больш-менш сур’ёўныя думкі.
З аўтобуса Віктар выйшаў адпачнуўшым і бадзёрым. Адсюль, ад гэтага прыпынку, яму трэба ці пешкі прайсці пяць кіламетраў, ці чакаць спадарожную машыну.
Было каля чатырох гадзін. Ціхі, пагодлівы летні дзень – на перакрыжаванні, на якім прыпыніўся аўтобус, ні душы. Віктар паглядзеў на дарогу, па якой, згодна з указальнікам, яму трэба прайсці пяць кіламетраў. “Ісці і ісці – на горку, з горкі, на горку, з горкі. А потым адкрыецца вёска, невялікая, хат на пяцьдзесят. Справа па ходу наводшыбе будзе стаяць адзінокі дом, ярка-жоўты, з бляшаным дахам. А дах пад сонцам ззяе на захадзе ружовым…” – так пісала Галіна.
Роўная шаша не выглядала гарачай, бо ўзбоч яе раслі бярозкі: вялікія ўжо, з тоўстымі камлямі, кідалі на дарогу густы і роўны цень. І трава ад дарогі выглядала свежай, не выгарала на сонцы. Прама бегла дарога, і праўда, ўздымалася на горку стромка, насустрач небу. Аж цягнула ступіць на яе – і ісці доўга, бесклапотна, ведаючы, што цябе чакаюць, табе будуць рады. Любая дарога выглядае прывабнай, у канцы якой – добрая сустрэча…
Палову прайшоў, адчуваў, што паднімецца на чарговы ўзгорак – і ўбачыць вёску, калі з-заду пачуўся шум аўтамабіля. Не хацелася, каб аўтамабіль стаў: а калі ў аўтамабілі хто з вяскоўцаў? Што адказаць, калі спытаюць, да каго ён? Навошта некаму ведаць, што ён прыехаў да Галіны?
Віктар не паварочваўся да аўтамабіля тварам, і калі той пранёсся міма, адчуў палёгку.
З узгорка ён убачыў і сапраўды ўсё вёску, і дом сярод саду, з некалькімі вялікімі кустамі (можа – бэзу?), які выглядаў адсюль закінутым хутарам, адно што некалькі бетонных белых слупоў лініі электраперадач цягнуліся ад вёскі да таго надворка.
І копанку невялікую Віктар пабачыў – адразу за садам, у паўкружжы кустоў вербалозу, якія сядзелі так, каб закрыць з усіх бакоў, акрамя самой хаты, гэту копанку.
Нешта ёкнула ўсярэдзіне, нечакана, неспадзявана, і Віктар аж прыпыніўся. Што за чорт? Не збіраўся ён хвалявацца. Усё павінна пайсці па плане, якія тут нечаканасці могуць быць?
Перакінуў у левую руку свой вялікі карычневы “дыпламат”, пайшоў павольней.
Веснічкі былі адчынены, быў відаць увесь невялікі надворак.
– А хто дома? – гукнуў моцна Віктар, зайшоў, не прычыняючы за сабой.
Ніхто не выйшаў з сянец, нідзе нічога не бразнула, не стукнула.
Віктар прайшоў далей і раптам спыніўся, як укопаны – на клямцы сянец вісеў замок. Яе не было дома!
Нешта як абарвалася унутры.
“Хлапчук, сапляк! Так табе і трэба, ідыёту! Запісваў, падлічваў!..” – Віктар лаяў сябе так, як не лаяў яшчэ ніколі. І на самой справе – ўсе варыянты будучай сустрэчы ён прадугледзеў, а да такога простага не мог дадумацца: Галіны не будзе дома. Не будзе і ўсё!
Было такое адчуванне, што яго абакралі. І не проста абакралі, а ўзялі нахабна, кпліва смеючыся.
Так было прыкра… Хоць плач.
“Ат, вады папіць, ці што?” – падумаў Віктар, зачапіўшы позіркам калодзеж пад сіняй будачкай. “Ды чорт яго ведае, што тут за вада… А можа я зусім не туды трапіў?” – яго аж скаланула ад гэтай думкі, раптам падалося, што ён не туды ўзяў білет, сеў не ў той аўтобус, сышоў не тым прыпынку, павярнуў на скрыжаванні не на тую дарогу, і не да той хаты завярнуў. Імгненне Віктар стаяў проста аглушаны сваімі ж думкамі, роспач ахапіла яго, але ён прымусіў сябе спакойна дастаць пачак цыгарэт і закурыць.
Усё правільна ён зрабіў. І сеў, куды трэба, і дом гэта той – блішчэла ружовым пад промнямі сонца бляха даху. Няправільна адно – Галіны няма. Ну, будзем мудрэй надалей…
Ззаду раздаўся ціхі шоргат нечага па траве. Віктар імкліва азірнуўся – у веснічкі, коцячы веласіпед, заходзіла Галіна.
Ён пазнаў яе адразу. Яна такой і на картцы была, і – гатовы быў на заклад пабіцца – менавіта ў гэтай светла-сіняй сукенцы.
– Ой, Віктар, Божа мой, прабачце калі ласка! Ой, якая я ж няўклюда, усё са мной здараецца не тады калі трэба! Так і думала, што нешта будзе, вось жа так і думала! – загаварыла хутка Галіна, і столькі дзіцячай вінаватасці было ў яе голасе, твары, вачах, што Віктар разгубіўся. Калі б ён заўважыў Галіну раней, ён бы змог прадумаць свае варыянты адказаў, але яна з’явілася так нечакана...
Галіна падыходзіла да яго – і між імі апынуўся яе веласіпед!
Выпадкова гэта атрымалася, ці не – але гэта было так дарэчы! Гэты веласіпед стаў патрэбнай мяжой менавіта вось пры такой, пры першай сустрэчы, і не трэба было думаць над тым, наколькі блізка можна падысці адно да аднаго…
– Добры дзень Віктар! А я вас пазнала!
– І я вас пазнаў. Вы ж спецыяльна гэту сукенку апранулі, так? Добры дзень, – павітаўся і Віктар.
– Ага, спецыяльна! – прызналася Галіна. – Вось думала, прысяду на лавачцы ля сянец пад куст язміну, вы мяне такой і пабачыце, – шчыра заўсміхалася яна. – А тут успомніла, што няма ў мяне піва. А вы ж пісалі, што любіце яго, тут добра б было у прахалодзе папіць. Паехала ў магазін – і кола спусціла! Не зліцеся на мяне?
– Ды ну, чаго тут злаваць, – паціснуў плячыма Віктар. – Усё ж можа здарыцца.
– Ну, пойдзем, пойдзем у хату. А то трымаю вас тут на вуліцы, – заспяшалася Галіна, прыставіла веласіпед да сянец, выцягнула з-пад палавічка на ганку ключ, хутка адамкнула замок, расчыніла дзверы: – Заходзьце! Толькі адразу вельмі прашу: не саромейцеся нічога. Мы тут адны, так што вядзіце сябе так, як прывыклі.
Прыемным было тое, што на картцы Галіна выглядала нават горш, чым цяпер, жывая. Відно, што жанчына не маладая, але ж формы цела акуратныя, твар мілавідны, вочы добрыя. “І чаму яна замуж не выйшла? Пісала, што так склалася… Г-мм, нешта тут ёсць. Каб такая ды ў вёсцы адна засталася? Можа, залішне патрабавала?” – думкі ціха мроіліся ў галаве недзе далёка, як сказаў бы сам Віктар – “на заднім плане”. А на пярэднім быў пакой дома, вялікі, са сталом ля акна, ужо сервіраваны зусім не па-вясковаму, на дваіх. Другая палова дома была падзелена на тры часткі: дзве бакоўкі-спальні і вялікі пакой.
Віктар імкнуўся не затрымліваць позірк на нечым доўга, але вочы яго выхоплівалі кожную драбніцу, якая магла б характарызаваць гаспадыню дома: чыстыя шыбіны акон; роўна пакладзены саматканы шырокі пярэсты палавік на фарбаванай, цяпер бліскучай падлозе; хатнія кветкі на падаконніках са здаровым зялёным лісцем; акуратна засцелены ложак, і другі таксама; ідэальна роўнае і зноў жа саматканае пакрывала на канапе; кніжны шкапік – кнігі розныя, на паліцах няма пылу; стары абраз Маці Божай у куце, свежыя (але не сёння і не ўчора павешаныя – трымалі б яшчэ пах пральнага парашку) вышываныя ручнікі…
Віктар сеў на канапу, з задавальненнем скінуў туфлі і выцягнуў ногі. Бач ты, пяць кіламетраў усяго, а пабольваць крыху.
Ну што ж, калі яна хацела выглядаць адразу ў вачах госця акуратнай і клапатлівай гаспадыняй – ёй гэта ўдалося.
Было ціха, толькі Галіна тупала хутка туды-сюды ў пярэднім пакоі, ды стукала калі лыжка аб талерку. Раптам падалося, што гэта вось – яго дом (а быў жа яго бацькоўскі дом нечым падобны… Зрэшты, ва ўсіх вёсках хаты аднолькава ладкуюцца). Хацелася адкінуць прэч тую самую сваю частку, якая на тым “заднім” і “пярэднім” планах аналізавала, параўноўвала, рабіла вынікі, даводзіла. Хацелася проста вось так бесклапотна сядзець, выцягнуўшы натомленыя ногі і чакаць (а так прыемна чакаць!), як цябе хутка пазавуць за багата застаўлены стол. Вось баршчу б цяпер, такога, з печы, з чырвонымі кубікамі бурака, ружовымі – бульбы, з рабрынкай…
Калі Галіна з’явілася на парозе, крыху заружавелая, усміхнулася і запрасіла за стол, Віктару амаль што ўдалося саўладаць з той аналітычнай часткай сябе. Ва ўсякім разе, ён еў з апетытам боршч, потым – катлеты і салату з агуркоў і памідораў, выпіваў па 50 грамаў халоднай гарэлкі без аніякіх там “запісаў у нататнік”. Проста еў і піў – і было прыемна бачыць, як ля яго завіхаюцца, як імкнуцца ўгадаць яго жаданні, як шчыра пытаюцца, ці смачна.
– Ну, вы сабе адпачніце з дарогі гадзіну-другую, – прапанавала Галіна. – А я са стала прыбяру, а потым клубніц крыху навыбіраю. Будуць у нас на вячэру клубніцы. Са смятанай. Піва пап’яце можа?
– Не, дзякуй, – адмовіўся Віктар. – Вы мяне перакармілі. Так смачна я і не памятаю, калі еў.
– Праўда? Я так і думала, што вам спадабаецца боршч з печы, – Галіна ўсміхнулася, пачакала, пакуль Віктар ўстане з-за стала, тады узнялася сама, стала збіраць посуд.
Ад парога Віктар нейкі момант назіраў за яе зграбнымі рухамі. Цяпер ён пабачыў загарэўшую скуру на яе руках і лытках, шчыльна абхопленыя тканінай сукенкі круглыя, пругкія сцёгны.
І ў ім варухнулася жаданне. І галоўным у гэтым жаданні было тое, што яно было не абстрактным, а мэтанакіраваным: ён хацеў блізкасці з гэтай жанчынай. Правільней сказаць: гэта жанчына ўзбудзіла ў ім жаданне блізкасці.
Быццам нехта шчоўкнуў уключальнікам – Віктар з задавальненнем адзначыў гэты факт. Асабліва тое, што ўзнікла жаданне менавіта ў той момант, калі Галіна прыбірала са стала. Значыць, яго жаданне трэба яшчэ расцэньваць як і жаданне аддзячыць гэтай жанчыне за такі цёплы прыём і шыкоўны абед. Карацей, падлічвалася недзе “на заднім плане”, Віктар ужо і жадае Галіну як жанчыну, адчувае да яе павагу як да гаспадыні, удзячны ёй. Няблага.
Ён пакурыў на лавачцы ля сянец, потым Галіна паклікала яго ў дом – каб прылёг на канапе ў другой палове.
Што ён і зрабіў, і хоць хацелася яму (ці той другой яго частцы) нешта падумаць, прааналізаваць, але сон змарыў, лічы, імгненна. Так прыемна было падаць у яго мяккую чорную глыбіню.
Прачнуўся – ў вокнах паменела святла. Па чырвані шыб зразумеў, што заходзіць сонца.
Галіна быццам стаяла і чакала, пакуль ён прачнецца – тут жа з’явілася на парозе.
– О, самі прачнуліся! А я хацела ўжо будзіць. Сонца садзіцца, не трэба спаць, старыя людзі казалі, ў такі час.
– І я ведаю, што не трэба, – адказаў Віктар, сеў прама. – Хоць з такім задавальненнем я б паспаў сутак двое!
– Выспіцеся! – махнула весела рукой Галіна.
Яна была ўжо ў доўгім, зусім не вясковым, халаце, ружавошчокая, і з мокрымі валасамі.
– Тут ля копанкі невялікая лазенька ёсць, некалі татка зрабіў для сябе і мамы. То я крыху пратапіла яе, каб адно вады нагрэць. Я ж не ведала, любіце вы пару ці не… – крыху зніякавела яна, невядома чаму. Можа, уявіла, як яны разам збіраюцца ў лазню? – Я ўжо памылася, буду зараз гатаваць што нам на вячэру, а вы ідзіце, апаласніцеся. Ручнікоў там два вісіць, мыла, шампуні ёсць…
– Усё сваё нашу з сабой, – рагатнуў Віктар, падцягнуў да сябе свой дыпламат. – З задавальненнем абмыюся.
– І піва бутэльку, калі жадаеце, то ў халадзільніку.
– Лепш пасля.
– То і добра…
Віктар распранаўся ў невялічкім – паўтара на паўтара метры прымыльніку, накінуўшы на дзверы зашчапку. Хоць ён не думаў, што Галіна раптам прыйдзе сюды “спінку пацерці”, але вырашыў дакладна выключыць магчымасць таго, каб яна, апранутая, пабачыла яго голым.
Але Галіна не прыйшла. Віктар плёхаўся не доўга – мыўся ж напярэдадні, хіба што пыл каб змыць ды пот.
Апранаўся ў чыстую бялізну, і зноў “задні план” спрацаваў: калі яна сама памылася ды яго яшчэ адправіла ў лазню, значыць, дакладна рыхтуецца да таго, што спаць яны будуць разам. Добра гэта ці дрэнна, што яна так дэманструе гэту падрыхтоўку? Добра: наўрад ці было б прыемна цалаваць жаночае цела, калі б не ведаў, што яно вось толькі што памытае. Ну, і самой ёй ці хочацца прыціскацца да мужчыны, на якім засох пот сямігадзіннай паездкі ў аўтобусе?
Яны сядзелі ля адкрытага акна, пілі піва, елі клубніцы.
Размаўлялі. Аб розным: Віктар аб сваёй рабоце расказваў, Галіна – аб сваёй (яна працуе ў бібліятэцы), юнацтва сваё ўспаміналі, расказвалі-дзяліліся: чаму ў жыцці яны засталіся адны.
– Я то напэўна ведаю, – казала Галіна. – Чытала многа, рамантычная надта была. А ў жыцці мае героі былі куды больш зямнымі. І недахопаў у іх было уга як многа. Карацей, так нікога з тых, хто на кніжнага прынца быў падобны, я не сустрэла. Азірнулася –25, сяброўкі дзяцей нараджалі, клічуць у госці, а мне балюча ехаць…
За акном неяк раптоўна пацішэла, з-за фіранак пацягнула прыемным халадком. Праз колькі хвілінаў цішыні нясмела падаў голас цвыркун. Смялеў, набіраў моц, і ўрэшце зазвінеў пад самым акном, галасіста, чысцютка, аж не верылася, што гэты гук ад нейкага жука, на выгляд далёка не прыгажуна.
— Ну, час ужо не ранні, я вам галаву задурыла, а ужо пара класціся, адпачываць, — сказала Галіна, узнялася з-за стала.
Віктар міжволі спрактыкаваным рухам глянуў на гадзіннік — палова дванаццатай. Час нечакана для яго праляцеў хутка. Ён не ўтрымаў свайго жадання, і салодка, далёка адкінуўшы рукі назад, пацягнуўся ўсім целам. Атрымалася неяк зусім па-дамашняму.
— От, нядрэнна б было гадзін дваццаць пяць паціснуць вухам на падушку! — засмяяўся сам, хоць адчуў сябе з-за свайго пацягвання трошкі ніякавата.
— Можна і дваццаць пяць, я ж вам сказала, — адказала, як паабяцала Галіна. — Тут вас ніхто не пабудзіць, ніхто не перашкодзіць. Да гадзін трох дня горача не будзе, выспіцеся на тыдзень. Дзе мне вас пакласці?
Яна спытала спакойна, вельмі нават проста, але гэтая прастата захвалявала Віктара. Тое кароткае жаданне, якое ўзнікла падчас яго цікавання за Галінай, калі яна прыбірала са стала, цяпер выразна акрэслілася, стала дамініруючым сярод іншых жаданняў. І ён жадаў, увесь вечар жадаў Галіну. Прызнацца: гэта жаданне нарадзілася ў глыбіні свядомасці кволым парасткам з першым яе лістом, так і жыло, больш абстрактнае, не асэнсаванае да канца да гэтага дня. І амаль штовечар уяўлялалася яму іх першая ноч. Хоць гнаў ён ад сябе гэтыя ўяўленні, і сам перад сабой саромеўся іх, бо задужа па-дзіцячы гэта выглядала для яго, саракагадовага, але ў гэтым чаканні і ўяўленні было нешта даўно забытае ім, прыемнае, рамантычнае і светлае. Ён стрымліваў тады сябе, хоць і не мог зразумець, што яго прымушала тое рабіць: літаральна красці ў самога сябе свае ж думкі, хаваць ад самога сябе свае ж жаданні. Не мог ён зразумець, што прымушае і цяпер стрымлівацца, што не дае прыносіць задавальненне, калі ён крадком заглядвае ў глыбокі выраз яе халата, ці калі позірк быццам міжволі, але сквапна, ўхопіць пругкае, загарэўшае сцягно, як адхінецца вольна крысо яе халата.
Можа таму не мог цяпер Віктар цалкам атрымаць асалоду ад сваіх пачуццяў і ад прадчування блізкасці, што ён быў амаль упэўнены: гэты вольны халат, які толькі на поясе перахоплены шырокай стужкай-поясам, яна, Галіна, апранула спецыяльна. І над сталом нахілялася не выпадкова, і станік не апранула (гэта Віктар заўважыў) дзеля гэтых самых нахілаў, і нагу на нагу клала са зразумелым разлікам. Ён думаў, што разумее яе гэтыя маленькія хітрыкі, і не асуджаў. Але разуменне штучнасці ў яе паводзінах прымушала і яго весці сябе недзе ўнутры крышку штучна, не давала волі пачуццям завалодваць ім.
“Дзе мне вас пакласці?” — з напускной лёгкай турботай спытала яна, а ён быў упэўнены: яна прапаноўвала яму адказаць гэтак жа проста, можна і з лёгкім здзіўленнем: “Ды з вамі ж побач!”. Яна на гэта зноў адкажа нешта падобнае, жартаўлівае, кшталту “А памесцімся удваіх?”. Ён працягне ў тым жа стылю…
Галоўнае ж – пачаць цягнуць вось гэты ланцужок, у якім кожнае звяно рабілася ўсё больш празрыстым, але заставалася моцным: нават самае рызыкоўную прапанову можна было успрыняць як жарт дарослых людзей. І можна было пажартаваць, а на самай справе прапанаваць самае сур’ёзнае. І з жартам, з жартам ісці і ісці да таго самага моманту, калі словы ўжо не будуць патрэбны…
Віктара і цягнула адказаць якім рызыкоўна-сур’ёзным жартам, але гэта выглядала для яго задужа ўжо проста, наіўна, аж пошла. Быццам яны пачыналі гуляць у хованкі: ён ведае, куды схаваецца яна, ды ўсё адно шукаць пойдзе ў другі бок, а яна ведае, што ведае ён, ды бяжыць хавацца ўсё адно ў тое месца, бо ведае, што шукаць ён пойдзе ў іншы бок. Такія правілы.
І Віктару стала нешта аж брыдкавата. Ну, як дарослым людзям у нейкія гульні гуляць? На якую халеру трэба гэтыя ўмоўнасці? І раптоўна ў той жа час нясцерпна захацелася пакласці руку на яе круглае калена, адчуць цёплую аксамітнасць скуры, правесці рукой вышэй, вышэй... Ды яшчэ цвыркун на вуліцы, цішыня і ўсведамленне таго, што астатнія людзі так далёка ад іх…
Віктар задушыў сваю прыкрасць, адмахнуўся ад назойліва свідраваўшых мозг разважанняў і адказаў з лёгкай тэатральнасцю ў голасе, каб прадоўжылася гульня:
— Я на новым месцы, бывае, адзін баюся спаць. З дзяцінства засталося.
Галіна засмяялася.
— Вось не думала, што ў такім мужчыне сядзіць маленькі хлопчык, што цемры баіцца. Ну, нічога, я вам начнічок запалю.
Віктар у думках чартыхнуўся – Галіна адказала не зусім па правілах. Яна, здаецца, штурхае яго на вельмі ўжо рызыкоўную прапанову. Можа, яна хоча, каб ён прама цяпер прызнаўся ёй, што жадае яе? А можа яна на самай справе пыталася аб усім шчыра, можа, яна ні аб якой гульні ў словы не думала?
У гэты ж момант Віктар вырашыў, што калі ў яго не будзе блізкасці ў цяперашнюю ноч з гэтай жанчынай, то ўсё згубіць сэнс, усё будзе нелагічным, несправядлівым. Ён бадай што запанікаваў, пачуцці яго былі блізкімі да тых, калі ён спыніўся на падворку Галіны перад замкнёнымі сенцамі. Яму нельга дапусціць…
Заставалася адно: трэба было вось цяпер, зараз жа пачаць казаць сур’ёзна аб сур’ёзным: што яны не дзеці, што ложак, асабліва у іх узросце, — рэч важная. То няблага было б адразу, як гэта ні будзённа гучыць, праверыць: ці падыходзяць яны адно да аднаго ў ложку… І потым… яны дасткова даведаліся адно аб адным, абое вольныя людзі, то чаму не атрымаць адзін ад аднаго тое, чаго даўно ўжо не маюць?
Але замест таго, каб агучыць свае думкі, Віктар пачаў нетаропка даставаць пачак цыгарэтаў. Ён проста спалохаўся самога сябе, якім павінен быў бы стаць праз імгненне: з боку магло выглядаць так, як быццам ён выпрошвае блізкасць у гэтай жанчыны…
— Ведаеце, што мяне ў вас здзівіла? — спытала нечакана сур’ёзна, без усмешкі Галіна, пальцамі камячыла ражок абруса. — Вы напісалі мне ліст, самы першы, і не прасілі фотаздымак. Потым многа мы лістоў адзін аднаму пісалі, а вы не патрабавалі ад мяне, каб даслала я вам сваё адлюстраванне ў купальніку ці ўвогуле без яго. А абсалютная ж большасць мужчын найперш іменна гэтага і патрабуе… Ну, гэта я разумею. А вы мяне і ў купальніку не бачылі. А я лічу — трэба. То вось я зараз перад вамі — якая ёсць…
Адным нетаропкім, лёгкім рухам яга расхінула халат. Цяжкая матэрыя пасунулася ўніз, яна ўтрымала яе, перахапіла халат на руку.
І стаяла ўся аголеная. Павярнулася спінай, зноў тварам.
Віктар не адводзіў вачэй.
— Ну, вось, ніякіх асаблівых заганаў не маю і ногі аднолькавай даўжыні. За сабой, як бачыце, – яна правяла па круглявым жывату рукой, – гляджу, як умею, тлушчам не заплыла...
Спакойна накінула халат на плечы, запхнула крысы.
— Мы не прызнаваліся адно аднаму, але можа некалі разам жыць… То… Мы дарослыя людзі. А ў нашым узросце кожная дробязь ролю адыгрывае. Чаго тут хавацца? Давайце хоць пераначуем разам напачатку… Ідземце за мной, я паслала нам. Нас ніхто не патурбуе.
Яна павярнулася, пайшла, азірнулася праз тры крокі.
— Калі вы мяне… калі вы са мной спаць не хочаце, ну, не спадабалася я вам, ці лічыце, што не трэба спяшацца ў ложак разам, ці так нешта мо падумалі, то ў другім пакоі ёсць канапа. Там таксама паслана. Калі ласка, я не закрыўдую. І нічога тлумачыць не трэба.
Віктар быў аглушаны.
Яна чакала адказу, а ў яго перад вачыма, ў святле настольнай лямпы на фоне цёмнага акна ўсё яшчэ стаяла яе постаць: постаць маладой жанчыны, кожная клетачка цела якой, яму здавалася, крычала ў знямозе ад чакання мужчынскай ласкі. У тым, што зрабіла Галіна, не было ні штучнасці, ні гуллівасці, ні пошласці. З такім Віктар сутыкнуўся ўпершыню: жанчына сама стала перад ім за прысудам. Яна і прапаноўвала сябе – і не прапаноўвала адначасова, і клікала – і маўчала…
— Я не хаджу налева-направа. Я прама іду, — заспяшаўся з адказам Віктар. — Калі дазволіце, пакуру пайду…
— Тут курыце. Акно ж адчынена. — Яна зірнула на Віктара неяк асабліва, так, што на адно кароткае імгненне яму падалося, што гэта жанчына — жонка яму, і жонка даўно, што недзе ў гэтай вялікай хаце спяць іх дзеці, а яны вось сядзелі, чакалі, калі яны паснуць, каб легчы і самім і падарыць адно аднаму тое, чаго даўно кожны з іх прагне.
Яна зайшла ў пакой, дзверы толькі напалову прычыніла. Віктар бачыў край высокага ложка з блакітнавата-белай бялізнай. Ён не запальваў, чакаў таго моманту, калі скрыпне ложак і ён пабачыць, што яна легла.
Але яна не лажылася.
І ён прыпаліў цыгарэту.
І амаль адразу ж патушыў: “Ідыёт! Яго жанчына распранутая чакае, а ён курыць рассеўся!” – вылаяў ён сябе.
Прайшоў у куток да рукамыйніка, скінуў майку, стаў чысціць зубы, старанна памыўся.
Доўга выціраўся.
Сеў каля адчыненага акна і прыпаліў цыгарэту.
Не так проста было зайсці ў той пакой, і курыць хацелася, асабліва пасля смаку пасты.
Пакурыў, патушыў святло. Пайшоў да прычыненых дзвярэй, адкуль клаўся на падлогу востры чатырохвугольнік хваравіта-жаўтушнага святла.
…Яна прыціснулася да яго усім сваім целам: грудзямі, жыватом, нагамі і папрасіла-папярэдзіла:
— Я шэсць гадоў ужо без мужчыны… І не раджала ж яшчэ. Вы… Ты толькі не крыўдуй: я ж не нейкая там секс-бомба, я ўвогуле нічога не ўмею. Я так хвалююся, так баюся…
Яна раптоўна стала для Віктара слабай, няшчаснай, якую трэба суцешыць, парадаваць, і гэта супакоіла яго, бо сам ён хваляваўся не на жарт. Ён адчуў сябе пасля яе слоў не проста дужым і вялікім, а адказным, здольным на нешта незвычайна добрае.
…У іх усё атрымалася. Не пошла, а шчыра, з павагай адзін да аднаго, з увагай да жаданняў другога. Без прытворству, без штучнасці. Па-дамашняму цёпла, па-вясковаму спакойна і па-даросламу без лішняй сарамлівасці…
Няхай і не дваццаць пяць, але гадзін дзесяць Віктар спаў.
Прачнуўся. Было ціха, быццам на дне яміны.
Віктар глядзеў у столь. Успамінаў вечар і ноч. Неяк зладзеявата, пакрысе, з цёплай утульнай цемры той ночы вылезла непрыемная думка, пачала казытаць, вярэдзіць: а што, калі яна прытваралася? Яе боязь і хваляванне, яе прага быць некім абароненай, яе жаданне ціхай радасці — раптам усё гэта несапраўднае? Раптам гэта ўсяго толькі такі прыём, каб адно яму, Віктару надаць сілы, каб толькі сам Віктар стаў больш упэўнены? Начыталася там у бібліятэцы Фрэйда…
Віктар адчуваў сябе ў нечым падманутым. З’явілася прадчуванне нейкай бяды, варушылася калючым шарыкам. І гэта прадчуванне лезла ва ўчарашні дзень і там шукала адказ. Як падказвала: цяпер млосна не ад таго, што нешта будзе, а ад таго, што ўжо адбылося.
Віктар ляжаў ужо хвілін дваццаць, але ў хаце заставалася гэтак жа ціха. Паглядзеў на гадзіннік: хутка адзінаццаць.
Стаў думаць аб тым, што будзе сёння рабіць. І спатыкнуўся адразу ж: сённяшні яго дзень не залежаў і не мог залежыць ад яго аднаго. Можна будаваць планы, але прыйдзе хвіліна, калі з’явіцца нешта, што парушыць увесь наладжаны рытм. Гэтае “нешта” – Галіна.
Віктар устаў з канапы, нацягнуў спартыўныя штаны, выйшаў на першую палову. Галіны нідзе бачна не было. Праз акенца на кухні ён агледзеў сад і агарод: так і ёсць, далёка, ля самай копанкі Галіна ў адным купальніку (яна ж спецыяльна для яго так адзелася!), палола бульбу..
Сквапна піў ваду – халодную, нядаўна прынесеную са студні. Потым мыўся, курыў ля адчыненага акна, не крануўшы накрытае ручніком сняданне на стале.
Віктар знайшоў магчымасць выпусціць на волю і сваё трэцяе “я”. Тое, якое магло назіраць спакойна за двума другімі. І цяпер гэтае “я” з сумам канстатавала, што кволаму і рамантычнаму першаму “я” ў асобе Віктара засталося жыць мала. Што ён даўно педант і практык, сухі аналізатар падзей, з’яў і пачуццяў. Што другое “я”, цвярозае і прагматычнае, ніколі не змірыцца з тым, каб нехта іншы мог уплываць на яго больш за 8 гадзін у дзень пяць дзён на тыдзень. Што адна справа – быць з жанчынай у думках разам і нават адну ноч рэальна паспаць з ёй, і зусім другое для яго – выносіць яе прысутнасць, яе жаданні, падстройваць сябе пад яе з дня ў дзень, з месяца ў месяц, з году ў год...
Віктар зладзеявата зазірнуў у акенца на кухні – Галіна па ранейшаму корпалася ў бульбе. Ён спахапіўся і подбегам стаў збіраць свае рэчы. За якую хвіліну пераапрануўся, паляпаў сябе па кішэнях – усё на месцы.
Асцярожна прыадчыніў дзверы сянец, праціснуўся на ганак.
І пайшоў, хутка пайшоў да веснічак, далей, далей – на тую шашу. Павярнуў – і не змог не азірнуцца.
Галіна стаяла сярод бульбяных разораў, у блакітным купальніку, глядзела на яго. Ён сціснуў зубы, але прымусіў сябе не спыняцца, не махаць рукой, а ісці, ісці, ісці…
“Дзень добры, Галіна!
Толькі вось цяпер зразумеў, што мяне вы маглі б палічыць і за злодзея…
Не буду ні прабачэння прасіць, ні апраўдвацца. Адзінае, што мне цяпер хочацца, і што ад мяне патрабуе маё сэрца – сказаць вам “дзякуй”. Не, не за смачны абед, не за вечар цудоўны, не за чароўную ноч.
Калі ехаў да вас, пабачыў на аўтастанцыях, на схемах-картах: там лініі маршрутаў, дарогі… Дык вось, на кожнай станцыі на такой схеме сама станцыя пазначана вялі-і-кім кружком. А ўсе астатнія – малымі. Хоць на самой справе яны куды большыя.
А так і людзі. Кожны лічыць, што вакол яго верціцца зямля. Ну, правільна, так тое і ёсць.
Але каб жыць удвух, трэба прызнаць, што яшчэ адна кропка на карце мае такую ж велічыню. Як кажуць, з усімі выцякаючымі адсюль наступствамі.
Ведаеце, Галіна, якая між намі розніца?
Вы гэтыя гады, жывучы ў адзіноце, збіралі кропелька да кропелькі сваю пяшчоту і клопат. І гатовы падзяліцца гэтым цяпер хоць са мной. Вы гатовыя другую кропку прызнаць большай за сябе.
А я ўсе гады сваёй адзіноты прывучаў сябе жыць адзін. Толькі за сябе адказваць, толькі з сябе за ўсё пытаць. Я забыў, калі рабіў глупствы ці непатрэбныя рэчы. Я – заведзены сам сабой аўтамат. Я – тая самая кропка на карце, якая думае, што вакол яе верціцца сусвет.
Вы адчуваеце, якая між намі прорва? Вы разумееце, у што б ператварылася наша сумеснае жыццё?
Але… Я мару аб тым, што некалі мы яшчэ пасядзім каля адкрытага акна насупраць куста язміну. Сёння выйшаў з прахадной – а тут дождж. Я скінуў туфлі, панчохі, укінуў іх у сумку, падкасаў штаны і пайшоў пешкі – па лужынах на цёплым асфальце. Бачыў сябе збоку – і было смешна і ….прыемна. Значыць, я яшчэ на нешта здольны. Праўда?
Не маю права вас прасіць – ды буду чакаць адказу. Ці патэлефануйце.
Дарэчы, дзякуй і за тое, што не сталі мне першай тэлефанаваць і пытацца… Я толькі цяпер, вярнуўшыся з завода, скінуўшы мокрую вопратку, седзячы ў адных трусах на кухні, магу адказваць на пытанні…”
Раздзел: ПАКУРЫМ... |