Сучасная беларуская проза
 ў сучасным фармаце
     
      Лёшкава каханне
(флэш-фармат)
 
Пра сябе
 
 
 
   
    Беларуская літаратура
    Проза для дзяцей і падлеткаў
    Валерый Гапееў
 
 
 
Беларуская проза
 
   
 
 
Апошнія запісы
 
 
 
 
 
 
 
Тое-сёе...
 
   
 
 
Записки по темам
 
   
 
 
Каляндар запісаў
 
 
 
« Май 2012 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
1 2 3 4 5 6
7 8 9 10 11 12 13
14 15 16 17 18 19 20
21 22 23 24 25 26 27
28 29 30 31
 
 
 

   
Game begins!
Гад! Вырадак няшчасны! Ты яшчэ пашкадуеш…
Генку душыла злосць – адчайная, бездапаможная. Ён у які раз праверыў пошту – нічога, толькі спам, няма ліста ад Віцькі, няма… Набрыдзь… На форуме ж, атрымлівае ж ён лісты! Аська ў ігноры, на форуме Генка забанены назаўжды, нумар тэлефона Віцька змяніў, у офісе Генку пасылаюць далёка.
Гніда! Прысмактаўся тады: давай дапамагу, давай… Ну так, у яго і сувязі ўжо былі, і ўчэпістасць – бач, як разгарнуў партал. А хто пачынаў? Хто збіраў інфу, хто дамен рэгістраваў? Ён, Генка. Ён сабраў першых карэспандэнтаў, пісаць сталі, наведвальнікі пайшлі. Ну, так, надакучыла потым Генку паліць час на партал, захапіўся варэзамі – там жывыя грошы былі. Тут і Віцька падгарнуўся, прапанаваў прадаць, пакінуць Генку месца галоўрэда. Потым, гад, прыдзірацца стаў: артыкулы ніякія, сур'ёзнага мала. А чаго было ў палітыку лезці? Хапала анекдотаў ды рэрайта прыкольных навін.
Гад... Дарма тады Генка заўпарціўся, пайшоў, запатрабаваўшы нейкія там капейкі. З варэзнікоў ледзь капала, застацца без вечарынак піўных, сядзець гадзінамі над артыкуламі? Пайшло яно да чорта. Не верыў Генка пражэктам Віцькі.
Віцька тады ў бацькоў грошы пазычыў. Дызайн новы замовіў, рухавічок, карэспандэнтаў у горадзе знайшоў. І за год падняў партал – цяпер паўгорада навіны з раніцы там чытае, ноччу сайт абнаўляецца. Вось тут і рэкламадаўцы пайшлі. Цяпер у Віцькі – грошы, каманда, свой офіс. Партал зарэгістраваў як СМІ. А Генку заблочыў – ўвогуле не рэагуе ніяк. “Я з табой разлічыўся”. Гад....
Узяў было адзін раз, журналістам, а потым звольніў – дрэнна пішаш, маўляў, і дысцыпліны няма. Каз-зёл… На два гады старэй, а глядзі, начальнікам зарабіўся, вырадак…
А чыя ідэя, а? Яны з яго ідэі грошы грабуць цяпер – а яму, Генку, кукіш?
Пашкадуеце, яшчэ пашкадуеце…
Злосць балюча біла па самім сабе, таму што не ведаў Генка, што ён такога можа зрабіць, каб Віцька пашкадаваў…
Не падпальваць жа офіс… Добра б было, вядома, каго наняць, але знойдуць жа… Або Віцьку абрабаваць… Яшчэ б яго маладую жонку (сёлета ажаніўся) злавіць дзе і згвалціць! Па-звярынаму згвалціць, каб душылася ад болю і зневажэнняў. Маску толькі нацягнуць на твар. Але ў Віцькі жонка не слабая. А сам Генка ні ростам, ні сілай не выйшаў. Яшчэ сарве маску…
Стаў выдаляць спам, і прыпыніўся на адным лісце:
«Прапаноўваю карту вашага горада, маштаб 1:10, дадатковыя функцыі кіравання».
Фіга сабе… Нешта не зразумеў: карту любога горада зробіць? Маштаб 1 да 10? Што за функцыі?
Генка імгненне глядзеў на тэкст, мяркуючы: навошта яму такая карта? А калі выдраць адтуль асобныя кавалкі і зрабіць сайт-даведнік па горадзе? Не надта ідэя, але можна паспрабаваць… У Віцькі на партале ёсць, але там дробна ўсё… Ідэя: карта са ўстаўкамі рэальных фота!
І колькі каштуе? Блін, пісаць яму трэба… Адраса сайта няма…
Адправіў ліст і тут жа адказ атрымаў: дзе жывяце, нумар тэлефона, калі згодны – даставяць адразу ж па магчымасці.
Ого! Нармалёва, адразу і зоймецца… Хоць поўначы ужо амаль.
Генка адправіў ліст.
Яму патэлефанавалі праз пяць хвілін, а праз дваццаць пазванілі ўжо ў дзверы.
Чалавек невыразнага ўзросту саўгануў Генку дыск у пакунку, запячатаны, і хутка знік у ліфце.
Генка разгарнуў пакунак адразу ж. Дзіўна, усё шэра, ніякіх там малюначкаў. Уставіў дыск і толькі цяпер успомніў, што ён нічога не заплаціў. Наогул, нічога. Ні ў лісце, ні па тэлефоне не было размовы пра грошы… Чорт, тут ключ, напэўна трэба. Потым і спытаюць грошы…
Але ключа не было.
Праграма запатрабавала ўстаноўкі, і Генка завагаўся: дзіўна ўсё гэта, раптам вірус які? А, халера з ім. На кампе няма нічога вартага. Два сваіх сайты-варэзнікі ён тыдзень назад прадаў за бесцань – доўг аддаць трэба было… Усё роўна мяняць збіраўся сістэму.
Прога ўсталёўвалася доўга – так доўга, што Генка пачаў турбавацца: нешта было не так. Але ўстаноўку не перапыніў. Што ўжо будзе.
«Выбераце ваш горад»
Ого! Сурьёзная фірма… выбраў. Крута – фармат 3D, выгляд не тое, каб прама зверху, а трохі пад вуглом. Дзе тут яго дом? Павялічым… Прыкольная штука. Прамалёўка выдатная, амаль мульцік. Дзівіся, у двары машыны стаяць. Чорт, але ж так і стаяць! Гэта што жа, выходзіць, перадача са спадарожніка ў рэальным часе? Афігець… Што ж яны грошы не спыталі за такую крутасць? Заўтра патэлефануюць, напэўна, кур'ер лахануўся. Ого – аўто паехала! Сапраўды – рэальны час! Вось гэта маеш… Стоп, гэта жа ідэя – зрабіць даведнік тыпу: скажу, хто дзе цяпер!
А ну-ка, дзе там офіс Віцькі? Чорт, вось гэта карта…
«Выбераце паверх»
Не зразумеў… Добра, першы, офіс Віцькі на першым…
Еціцьма!... Офіс! Сталы стаяць, кампы… Блін, тэлефон на стале… Ах, шкада, з такой адлегласці не пачытаць, што за паперы ў Віцькі… Калі б паролі…
О-о, які ў іх пакой адпачынку. Канапка… Цікава будзе сюды адвячоркам, а не ўначы зазірнуць – з кім тут Віцька куляецца. Бо куляецца ж, гад…
Генка аглядаў офіс Віцькі, не задумваючыся: чаму гэта магчыма. Тонкай іголкай трывогі (нешта тут не так!) сядзела ў мозгу пытанне аб рэальнай магчымасці таго, што ён бачыў, але Генка адмахваўся ад назойлівай думкі. Халера ведае, куды тэхналогія крочыла!
…У пакоі адпачынку кубкі на стале. Вымытыя. Стрэлка мышкі, крануўшы кубак, раптам прыняла абрысы кружка з перакрыжаваннем. Прыцэл… Генка здрыгануўся. Потым асцярожна націснуў клавішу мышы. Перакрыжаванне афарбавалася ў чырвоны колер. Павёў мышкай…
Ваў! Кубак цягнецца па стале! Чорт, цікава як. А калі на край… Гахнуўся! Зваліўся!
Генка адкінуўся на спінку, выцер успацелы раптоўна лоб.
Паглядзеў на карту. Пяць кубкаў на стале, шосты – на падлозе, разбіты. А, чорт, усё на падлогу!
Гы! Вось каб рэальна так было…
«Ваш бонус – 6 балаў».
Не зразумеў… Што за балы і завошта? А што будзе, калі шмат балаў? Тупая гульня, блін, дзе ФАК? Галоўнае, назвы няма, каб у Сетцы парыцца… Добра, 6 кубкаў – 6 балаў. Што тут грукнуць яшчэ? Ап, тэлік пацягнем… Бэмс! 25 балаў адразу! Яшчэ засталося што? Канапу перацягнуць? Ап, прыкольна, дзверы ўнутр адчыняюцца – да дзвярэй канапу! Пацягнул-і-і-і…
Генка перацягнуў мышкай канапу да дзвярэй, падпёршы іх, і раптам адчуў стомленасць і боль у руках і целе – нібыта сам, у рэале цягнуў гэтую канапу.
Раптоўная стома ды і позні час (было каля трох ночы) змянілі захапленне ўбачаным на абыякавасць. Захацелася спаць.
Назаўтра каля поўдня Генка зайшоў на партал і сярод іншых убачыў навіну: «Да нас захадзіў палтэргейст»
Рукі дробна задрыжалі, халадок страху падцягнуў пусты жывот.
Глупства, гэтага не можа быць… Глупства, глупства…
У навіне, падпісанай самім Віцькам, расказвалася аб пагроме, учыненым у іх пакоі адпачынку. Віцька апісваў усё, што ўчора рабіў і бачыў Генка. Кубкі на самай справе разбіліся, тэлевізар – таксама. І канапа апынулася насупраць дзвярэй. Віцька жартаваў: «акно зачынена і дзверы падпёрты – значыць, да нас прыходзіў палтэргейст! Будзем ганарыцца – мы першая рэдакцыя, дзе ён (або яно?) пабывала…»
Але ж напалохаўся Віцька… Бач, бравіруе, спрабуе жартаваць. Вядома, ён і са свайго страху трафік выцісне. Ну, і што цяпер у вас там робіцца ў офісе?
Запусціў праграму, унутрана прадчуваючы задавальненне ад назірання зверху за ўсім офісам Віцькі. Нават кава варыць не стаў – потым!
«Пачатак работы праграмы для Вашага рэгіёна – 24.00».
Што за фокусы…Вырадкі… Патэлефанаваць ім, ці што? Ага, нагадай пра сябе – прыйдуць за грашыма. Кур'ер лахануўся, цяпер адрас забыўся, напэўна са сваёй кішэні заплаціў. Хрэн з імі. Пачакаем да ночы…
Паўночы Генка ледзь дачакаўся. Валяўся на канапе, глядзеў паўвокам фільмы, слухаў музыку. Добра, бацькі ў адпачынку, у яго – час вольны. Да вечара ўспомніў, што бацькі заўсёды пакідалі колькі грошай на ўсякі нечаканы выпадак у кухонным століку. Падхапіўся, пабег на кухню – так і ёсць, хопіць ці на два бутэлькі гарэлкі, ці на многа піва. Лепш піва. Схадзіў, не спяшаючыся. Яшчэ і папіў разліванага.
Там і сустрэў Віцьку. Той падкаціў на сваёй «Маздзе», упэўнены такі…
Паскачаш у мяне, ой паскачаш…
– Хелоў, як справы? – першы пачаў Генка.
– Нармалёва, прывітанне, – механічна адказаў Віцька, крыху здзіўлены.
А вочы яго бегалі, і ў вачах на донцы – спалох.
– Чаго на лісты не адказваеш?
– Абавязаны? – спыніўся ўсё ж Віцька. – Я іх не чытаю, я табе казаў. Нейкі ты смелы сёння. Піва не перапіў?
– Толькі пачынаю. Ну што, пракінуў мяне? Думаеш, табе ўсё сыдзе?
– Я сапраўды купіў у цябе сайт. Нават пераплаціў. Сапраўды даў табе работу рэдактара. Ты заваліў справу, я сапраўды даў табе магчымасць…
– Ты – даў? Ха! Ты маеш бабкі з маёй ідэі!
– Астынь. Ідэя нічога не каштуе. Мне некалі тлумачыць табе тлумачанае сто разоў.
– Ты пашкадуеш!
Але Віцька пабег у гандлёвую залу, нават не адмахнуўся.
Гад, паскачаш сёння, не – заўтра паскачаш...
«У Вас 220 балаў. Для дасягнення узроўню-2 засталася 100 балаў.»
А што на другім? Ды фіг з вамі… Дзе тут офіс? Навялі парадак? Кубкі купілі? Вырадкі… Як манітор хораша стаіць – на самім краёчку. Таўхель яго лёгенька! Ха, 25 балаў! Яшчэ маніторчык… І гэты са стала! І гэты! Ды наогул – усё са сталоў! Чысціня – аснова здароўя! Выр-р-радкі…
…Піва добрае якое. Добра, многа узяў. Хадзіць не трэба будзе, да раніцы хопіць
«Вы дасягнулі Узроўню-2».
І што з таго, дурніца?
Прыцэліўся на апошні манітор, а перакрыжаванне не проста чырвоным стала – вакол яго пазначыліся дзве стрэлкі. Генка зразумеў – гэта, каб круціць тое, што круціцца. А што тут у іх круціцца? А, кран водаправодны! Што б гэта ў ракавіну скінуць…Халера з ім, і так запаўняецца хутка…
У, смех які! Пацешышся заўтра, Віцька, пацешышся! Я цябе папярэджваў: пашкадуеш!
Добрае піва!
...А што гэта Віцька сам робіць? Дзе тут кватэрка твая, Віцька? А, вось яна… Трэці паверх. Ну, спім ці куляемся ў ложку са сваёй кабылкай?
Бач, мэблі накупляў колькі… А быў калісьці камода ад бабкі ды канапка. На кухонным стале комп стаяў. Тут спальня… Што з праграмай такое, халера!? Ні фіга не зразумець: ляжаць тут людзі ці няма. Руху няма… Мусіць, дзесьці ў гасцях гуляюць. Ці прога жывых не паказвае? Ды і фіг з вамі.
Віцька, ты дзе? Вылазь: да цябе прыйшоў палтэргейст! Ха-ха-ха!
Не, мы посуд біць не будзем – суседзі прачнуцца. На кухню сходзім. Ваду пакруцім? Во, газ!.. Бэмс, бомс, бамс і бумс. Віцька! У цябе газ уключыўся! Цяпер бабахне! Прачніся, ты абкакаўся!
«Вы перайшлі на Узровень-3».
Што на трэцім? Оп, удар з'явіўся! Куды стукнем? Зараз, пап'ём піўка, падумаем і стукнем… Добрае піва …
Так, дык куды ж стукнуць? Вось, ваза на стале… Шлёп – звалілася ваза! Ай-ай-ай, разбілася…
Рух здаецца нейкі? Не-а, здалося, гэта прога глючыць. Манітор змяніць трэба, цені ўсякія скачуць… Куды яшчэ стукнем? Ага, па выключальніку стукнем! Віцю-ю-ня! Цяпер будзе фейерверк!
Мякенька – пстрык!
Генка ледзь са стулам не адскочыў ад манітора, які быццам сам узарваўся бязгучна, ўспыхнуў яркім жоўтым святлом.
«Вы дасягнулі вышэйшага ўзроўню».
Генку прабіў халодны пот – ён сядзеў, дробна дрыжэў. «Няма чаго было мяне дурыць…Cам вінаваты…» – білася ліхаманкава апраўданне, намагаючыся запоўніць сабой мозг. «Усё нармалёва… Хрэн хто пазнае… Хрэн хто здагадаецца… Я дома сяджу. Я ні пры чым».
Генка пацягнуўся да бляшанкі з півам. Скасіў погляд і замёр ад жаху, уціснуўся ў крэсла.
Бляшанка з півам павольна, сама сабой паўзла па стале, прыпынілася на краю, нібы разважаючы, і сарвалася ўніз.
Недапітае піва расцяклося па падлозе пеннай лужынкай. Генка вытрэшчваўся на гэтую жаўтлявую вадкасць так, нібы сам толькі што тут абмачыўся. Позірк адцягнуў раптоўна пацямнелы экран манітора. Потым на ім з'явіўся надпіс:
"Віншуем! Усе ўзроўні пройдзеныя. Вы залічаныя ў ганаровы лік Ігракоў!
Game begins! Гульня пачалася!
Застаньцеся ў жывых!"

  Каментарыяў: 0 | Праглядаў: 1064 | распечатать

Раздзел: ЧАГО АМАЛЬ НЕ БЫЛО |