Сучасная беларуская проза
 ў сучасным фармаце
     
      Лёшкава каханне
(флэш-фармат)
 
Пра сябе
 
 
 
   
    Беларуская літаратура
    Проза для дзяцей і падлеткаў
    Валерый Гапееў
 
 
 
Беларуская проза
 
   
 
 
Апошнія запісы
 
 
 
 
 
 
 
Тое-сёе...
 
   
 
 
Записки по темам
 
   
 
 
Каляндар запісаў
 
 
 
« Май 2012 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
1 2 3 4 5 6
7 8 9 10 11 12 13
14 15 16 17 18 19 20
21 22 23 24 25 26 27
28 29 30 31
 
 
 

   
Аўтобус
Жанчыну бабулькай нельга было назваць, хоць відаць было, што ёй за 70 – высахлы маршчыністы твар, сівыя, аж белыя валасы. Але апранута яна была зграбна і годна. Так выглядаюць вясковыя настаўніцы-пенсіянеркі: з інтэлігентнасцю ў паставе, якая не знікла нават за гады іх няпростага вясковага жыцця, калі трэба было спалучаць у адным вечары і правяранне вучнёўскіх сшыткаў, і даенне каровы, і гатаванне вячэры для мужа-трактарыста. Так думаў Антось пра гэтую сухенькую жанчыну, падыходзячы да аўтобуса. Можа таму, што яна нагадвала яго першую настаўніцу – тая была такой жа невялікай, худой, сама выганяла на выган сваю карову, і Антосю, калі прыпадала іх чарга пасвіць, было нечага сорамна бачыць сваю настаўніцу басаногай, у выцвілай сукенцы, з пруцікам у руках. Карова была шкадлівая, ішла ляніва, настаўніца раз-пораз махала пруцікам. Антось ведаў (а хто ў вёсцы не ведаў), што муж яе добра выпівае, а калі напіваецца моцна, ганяе сваю жонку, а то і б’е…
Жанчына ля аўтобуса прытрымлівала адной рукой інвалідную каляску, у якой сядзеў хлопчык гадоў 10. “Зараз папросіць дапамагчы з каляскай”, – падумаў Антось, і вырашыў, што чакаць гэтай просьбы не будзе – сам прапануе.
– Дзень добры, дапамагчы? – прыпыніўся ён ля жанчыны.
– І вам добры, – вінавацячыся, заспяшалася жанчына. – Калі вас не затурбуе, дапамажыце. Сяргейка не цяжкі, у нас 12 і 13 месцы… Давайце, я сумку Вашу патрымаю.
– Ну, хадзі да мяне, Сяргей, – Антось перадаў сваю невялікую сумку, дзе ляжалі дыскі з рукапісамі ды бутэлька мінералкі, жанчыне, працягнуў рукі.
Хлопчык, усміхаючыся адкрыта, падаўся з каляскі насустрач.
Ён і на самой справе быў зусім не цяжкі – худы, з тонкімі, амаль без мышцаў рукамі. Антось лёгка ўзяў яго на рукі. Салон быў амаль пусты: хлопец і дзяўчына гадоў па 18 сядзелі разам у самым канцы салона, мажная кабета са сваім спадарожнікам, мужчынам гадоў 45 – у самым пачатку. Тоўстая, няўклюдная, яна займала амаль ўсю прастору між двума крэсламі, і мужчына, які сядзеў з ёй побач, быў літаральна прыціснуты яе целам да акна.
Антось пасадзіў хлопчыка ў крэсла.
– Тут будзеш ці ля акна?
– Ля акна… я сам, – адказаў весела хлопчык і, не чакаючы нейкіх дзеянняў з боку Антося, сам пасунуў сваю цела на другое крэсла, потым падхапіў, перакінуў далей свае, быццам чужыя, ногі. Яшчэ рывок, яшчэ – і Антось, не паспеўшы дапамагчы, пабачыў, што хлопчык ужо добра ўладкаваўся, павярнуўся да Антося, усміхнуўся пераможна. – Вось, дзякуй!
– Ну, не сумуй, хутка паедзем.
Антось выйшаў з салона, узяў у жанчыну сваю сумку. Запаліў.
– То ўнучак мой, – нібыта апраўдваючыся за нейкі страшны грэх, ціха сказала жанчына. – Дачушкін. Радавая траўма. Хто там вінаваты і ў чым – Бог ім суддзя. Разумны расце, гэтак добра маляваць навучыўся… То во цяпер ў Мінску выстаўка яго карцін, у Духоўным цэнтры…
Антось прамаўчаў у адказ – а што тут было казаць. Жанчына таксама замаўчала.
Яшчэ некалькі пасажыраў зашлі ў аўтобус. Прыйшоў і вадзіцель.
Жанчына са складзенай інваліднай каляскай памкнулася яму насустрач, а ён ужо сам усё зразумеў, кіўнуў:
– Зараз, зараз…
Заскочыў у кабіну, пакінуў там скрутачак папер, адчыніў багажнік і ўладкаваў у яго складзеную каляску.
– Усё, паехалі, – сказаў ён, звяраючыся да Антося, які запаліў ужо другую цыгарэту і да маладога мужчыны гадоў 25 з вялікімі залысінамі, які ўбаку размаўляў па мабільніку.
У гэты час да аўтобуса імкліва падкаціла аўто, адчыніліся дзверцы і невысокі мужчына, з вялікім жыватом, апрануты ў строгі дзелавы касцюм, з гальштукам, вылез з пярэдняга пасажырскага сядзення.
– Пачакайце! – больш загадаў, чым папрасіў ён вадзіцеля і такім жа загадным голасам загаварыў унутр салона автамабіля: – Забярэш мяне ў 8 вечара, каб не спазняўся.
– Ну што Вы, Ігнат Вадзімавіч, я толькі цёшчу адвязу – і адразу ў Мінск.
– Глядзі мне…
Вадзіцель аўтобуса вачыма пералічыў пасажыраў, зірнуў у свае паперкі – усё супадала, ён спакойна усеўся ў сваё крэсла, і аўтобус крануўся з месца.
Антось вольна адкінуў крэсла назад – ззаду не было пасажыра, толькі жанчына сядзела на суседнім крэсле.
– Вам не будзе перашкаджаць? – папытаўся ў яе Антось.
– Што? – хутка перапытала жанчына, занятая сваімі думкамі так глыбока, што не толькі па вачах – па твары было відаць, што яна нечым вельмі заклапочаная: падціснутыя вусны, складкі на ілбе. – А, не, я тут буду сядзець, – адказала нечакана нервова, быццам Антось спрабаваў заляцацца да яе. Мажліва, жанчына і была прыгожай раней, але не цяпер – твар яе перакрывіла незразумелая туга, вочы хваравіта паблісквалі. Непрыгожы твар, высахлы. І нечым нават варожы.
Антось уладкаваўся як мага лепей, заплюшчыў вочы. О, як ён чакаў гэтага моманту пасля цалкам бяссоннай ночы! Увесь час ад таго моманту, калі ён паставіў апошнюю кропку ў рукапісе, здавалася, што вось толькі заплюшчыць вочы – і засне, праваліцца ў цёмную, такую жаданую яміну забыцця. Але не атрымалася – перад вачыма ўзнікла клавіятура камп’ютара.
Аўтобус пакалыхваўся, прыпыняўся на святлафорах, торгаўся. Сон не ішоў да Антося – аж млосна рабілася ад скакаўшых у вачах літараў.
“Перапрацаваўся”, – задаволена усміхнуўся Антось, падняў спінку, стаў глядзець у акно. Аўтобус выехаў з гарадка і паімчаў па трасе.
Шэсць гадзін, усяго шэсць гадзін – і справа будзе зроблена. Ды не адна, а дзве справы! Дзве – вялікіх і неабходных… Вось яны, тут – у сумцы на дзвюх дысках: яго аповесць “Руйнаванне непабудаваных храмаў” і дэтэктыў “Последняя ставка Серого”. Дэтэктыў – гэта праца раба. А аповесць – гэта яго творчасць, яго галоўны твор на сённяшні дзень. Антось задумваў, выношваў сваю аповесць некалькі гадоў. Яна нараджалася пакутліва, у сумненнях і адчаі. І запісваў яе Антось толькі тады, калі быў настрой, калі быццам з боку нешта штурхала яго і падказвала: сядай, пішы. Былі сумненні – ці здолее, быў адчай – а хіба яна трэба некаму, акрамя яго самога ды рэдакцыі? Што ён адзін са сваёй, няхай самай высокамастацкай аповесцю, можа зрабіць, што можа парушыць, каго прымусіць задумацца? Тым, хто чытае па-беларуску, яго думкі наўрад ці скажуць нешта новае. А для тых, хто не чытае – аповесць застанецца незаўважанай… Але нельга не пісаць, калі ёсць такая здольнасць. Гэта Антось разумеў, як правіла, як закон. Нельга змяніць свет, разбураючы. Трэба толькі ствараць. Гэта таксама закон. Вышэйшы закон…
І аповесць атрымалася. І сам ён адчуваў, калі перачытваў старонкі, і ў рэдакцыі часопіса, куды аддаваў раней кавалак для азнаямлення, сказалі адразу: “Закончыш – вязі”.
Толькі рэдактар ведаў пра аповесць. Алена ведала пра другое – пра дэтэктыў, які яе муж піша за грошы нейкаму невядомаму выдаўцу. Гэты дэтэктыў выйдзе зусім пад другім імем. Стане бестселерам – грошы спаўна атрымае нехта невядомы. Антось жа атрымае тое, на што разлічваў, на што згаджаўся ад самага пачатку: паўтара долара за старонку тэксту. Ён напісаў 300 старонак – атрымае 450 долараў. Антось ведаў, што гэта – мізэрная сума, ведаў, што ў Сеціве за звычайныя артыкулы для сайтаў можна зарабляць і 5 і 8 долараў за старонку. Але ж шанцавала некаму, а яму прапанавалі такую работу. І ён згадзіўся адразу, схапіўся за яе, бо гэта былі рэальныя грошы. Іх так не хапае… Колькі могуць зарабіць разам настаўнік літаратуры ды настаўніца пачатковых класаў у райцэнтраўскай школе, не маючы і пяці гадоў стажу?..
Плылі пералескі, палі, пагойдваўся аўтобус, рухаючыся роўна, без прыпынкаў. І мяккая млявасць авалодвала целам і розумам з так прыемна было ў яе паглыбляцца, аддавацца яе волі.
– Добры дзень! Аляксандр? Гэта Валянціна. Так, я буду праз пяць гадзін. Вядома, флэшку з ключамі я вязу з сабой. А, скажыце, курс застаўся ранейшым, так? Добра… Так-так, мне менавіта наяўныя долары трэба. Як мы і дамаўляліся. Я разумею, што 20 тысяч для вас – сума не маленькая… Вы ж ведаеце, колькі мне яшчэ трэба. Выдатна, як толькі буду ў Мінску, я Вам яшчэ раз пазваню…
Голас жанчыну ззаду быў узбуджаны, рэзкі, непрыемны. “Чорт, з-за гэтых камерсантаў не паспіш”, – незадаволена падумаў Антось. От жа: ён зарабляў тыя 450 долараў два месяцы, пішучы начамі, недасыпаючы так, што кругі пад вачыма не сходзілі тыднямі, а гэтай і 20 тысяч долараў – дробязь… Млявасць знікла, як яе і не было. “Не, дарэмна я яшчэ той кубак кавы піў…”, – без асаблівага шкадавання падумаў Антось. “Але ж глядзі ты, як маскіруюцца: такімі грашамі варочаць – і на аўтобусе ездзіць, ды і апранута як сціпла… Ат, ну іх к чорту…”
Першы прыпынак – ён памкнуўся да выхаду, калі аўтобус яшчэ не спыніўся, выйшаў, з задавальненнем запаліў. Яшчэ некалькі пасажыраў выйшлі.
– Пяць хвілін, не разбягайцеся, – папярэдзіў усіх вадзіцель, пайшоў да будынка аўтакасы – невялікай бетоннай каробкі шэра-жоўтага колеру.
Той самы дзелавы пузаты мужчына адышоўся ўбок, пачаў тэлефанаваць некаму, голасна пакрыкваючы. І толькі апошні тэлефонны званок, які ён зрабіў, быццам змяніў яго самога – нібыта той нумар, які ён набіраў, быў асаблівым кодам па пераўтварэнні людзей. Мужчына загаварыў не проста ветліва – лісліва, ціха:
– Мікалай Сцяпанавіч? Вітаю вас. Так-так, як дамовіліся… Не, ну што вы, якое аўто – еду на аўтобусе, я ж разумею…
Мужчына пайшоў далей ад аўтобуса, Антось сплюнуў – от жа, і тут нейкія камерцыйныя сакрэты. Вось жа лёс – жывеш сярод грошай і без грошай. І вось няўжо гэтаму пузатаму трэба будзе яго аповесць аб духоўным адраджэнні беларусаў? Ці той жанчыне, для якой 20 тысяч – не грошы?
...За акном стала нечакана цямнець – на неба напаўзала хмара, і аўтобус ехаў у гэтую хмару – Антось зірнуў наперад са свайго месца – было вельмі відовішчна: дарога ўзнімалася ў гару, а там сустракалася з цёмна-фіялетавым, насычаным небам.
Яшчэ не дасягнулі вяршыні той гары, а дождж не лінуў, а суцэльнай хваляй накрыў аўтобус. У салоне стала вусцішна. Вадзіцель збавіў хуткасць, а пасажыры уціскаліся ў крэслы пры кожнай бліскавіцы і ўдары грому. Толькі пад’ехалі пад высакавольтную лінію, што навісала над шашой, як стрэльнула так аглушальна, што вадзіцель спуджана націснуў на тармазы, а аўтобус завіхляў. Але вадзіцель хутка выраўняў аўтобус.
І адразу пасля гэтага аглушальнага стрэлу наступіла цішыня – дождж скончыўся. Неба, лічы, імгненна праяснілася. Хмара знікла недзе ззаду, быццам мела рэзка акрэслены край.
– Заікам стаць можна, – прагучаў голас маладой дзяўчыны. – Ды не трымай мяне так, сінякі застануцца, – вызвалілася яна з абдымкаў хлопца.
Павесялелі астатнія пасажыры. Хлопчык-інвалід стаў зноў глядзець у акно. Мажная кабета выцягнула з-пад ног сумку і пачала разварочваць розныя кулькі, соўваючы ў рукі свайго суседа хлеб, гурок, памідор і палову курынага азадка. Такі ж набор аказаўся і ў яе руках.
– Еж, не крывіся! ¬ – загадала яна мужчыне, як дзіцяці, а на твары таго не адбілася ніводнага пачуцця – толькі скаронасць у выцвілых вачах і гатоўнасць з усім згадзіцца ва ўсёй паставе. Ён і не крывіўся ад пачатку, але, магчыма, такі выраз твару і падказваў жанчыне, што яе муж (ну, відавочна ж – муж) не хацеў есці.
Пакутліва крывіўся твар толькі аднаго хлопца, што сядзеў амаль насупраць Антося, праз праход. Удар грому разбудзіў яго, ён з надзеяй было пацягнуўся да бутэлькі з півам, засунутай у сеткавую кішэню сядзення наперадзе, дастаў яе, адчуў пустую лёгкасць і злосна кінуў побач з сабой на сядзенне.
Агледзіўся па баках, сустрэўся позіркам з Антосем.
¬– Калі там спынімся? Гарыць ўсё…
– Хвілін праз 30, – падказаў Антось і дадаў, каб суцешыць хлопца: – Там станцыя вялікая, буфет ёсць.
– У-у-у, – прастагнаў хлопец і закрыў вочы, адкінуў галаву.
Мінула хвілін дваццаць.
– Нешта ніяк да Рудакоў не даедзем, – з лёгкім хваляваннем сама сабе сказала бабуля, што сядзела побач з хлопчыкам-інвалідам.
Той неадрыўна глядзеў у акно і нечакана гучна сказаў:
– Зараз нас абгоніць белы Мерседэс, а насустрач будзе рухацца сіні МАЗ з сіняй фурай!
Многія пасажыры ад нечага рабіць павярнулі галовы спачатку на хлопчыка, потым – да акон.
Міма аўтобуса бязгучна праплыў белы Мерседэс, потым з шумам мільгануў сіні МАЗ з вялікай фурай.
– Э-е-е, – павярнуўся да салона хударлявы і лысы малады чалавек, на каленях якога ляжаў уключаны ноўтбук. – Міма гэтага павароту мы праязджалі! Чорт… Зараз будзе бярозка са зламанай вяршыняй справа!
Бярозка з’явілася як здзек.
– Што такое? – раздаўся упэўнены асуджальны голас, якому хацелася падпарадкавацца і адказаць на пытанне, хоць ты нічога і не абавязаны адказваць. – Што за... выбрыкі ў нас на трасе?
Гэта той самы дзелавы мужчына ажно ўзняўся ў сваім крэсле. Ён звяртаўся да вадзіцеля, але, было бачна, гатовы быў шукаць вінаватага і сярод пасажыраў.
Яму ніхто не паспеў адказаць, бо адразу ж пачуўся перапужаны крык мажнай цёткі, якая нядаўна старанна абгрызала да чыстага курыныя косткі:
– А-а-а!
Адказам на яе крык стала запытальная, з улоўным страхам, цішыня салона. Не разгубіўся толькі упэўнены мужчына:
– Чаго вы крычыце? Што за прычына?
– Курыца…Во… – жанчына падняла высока уверх пакет са смажанай паловай курыцы.
– І што ў ёй страшнага? – грозна ўжо перапытаў мужчына. – Людзей палохаеце…
– Дык мы ж яе з’елі! А яна – во… Як і была…
– Што Вы верзяце? Калі з’елі, дык адкуль ёй быць? Мо вы па пяць курэй бераце з сабой…
– Я адну брала, – замармытала жанчына. – І мы яе з’елі пятнаццаць хвілін таму.
У салоне ужо ніхто не ўсміхаўся.
– Вадзіцель! – пузаты павярнуўся наперад. – Патлумачце, што тут адбываецца – па распарадку мы павінны праз тры хвіліны спыніцца ў Рудаках. Чаго мы ездзім туды-сюды!
– Ды пайшлі вы! – пачаў было вадзіцель, але мужчына рыкнуў:
– Не забывайцеся!
– А я адкуль ведаю? – раздражнёна адказаў вадзіцель. – Вы толькі заўважылі, а я ужо тройчы адзін адрэзак еду. Не зварочваю ж нікуды…
Павісла маўчанне.
– Ёсць! – раздаўся пераможны крык лысаватага з ноутбукам.
– Што ёсць? – імкліва павярнуўся дзелавы мужчына да яго.
– Гадзіннік на ноўтбуку назад пераскочыў. Зноў мы вярнуліся…
– Што пераскочыла і куды мы вярнуліся? – запатрабаваў тлумачэнняў мужчына.
Ноўтбушнік з гатоўнасцю стаў тлумачыць:
– Толькі што час на маніторы пераскочыў на 10 хвілін назад. Я зірнуў – мы едзем там, дзе і раней былі якраз 10 хвілін таму.
– Гэта як? – крыху разгубіўся мужчына.
– Я думаю, апошні ўдар перуна прыйшоўся на лінію перадач, узнікла моцнае электрамагнітнае поле і мы патрапілі ў кальцо прасторы-часу, якое якраз утварылася. І круцімся ў ім…
– Калі б мы у кольцы былі, то б ад пачатку пачалі размаўляць, – устрэў Антось, якому такое тлумачэнне здалося неверагодным. – Лухта нейкая…
– Не абавязкова, – заўпарціўся ноўтбушнік. – Поле дзейнічае на фізічную мёртвую матэрыю. Вось, час пераскочыў, курыца аднавілася… Калі Вы можаце патлумачыць па-іншаму, чаму мы ужо тройчы едзем адным адрэзкам – патлумачце. І зірніце на гадзіннікі…
– І бензін ужо колькі часу на месцы, – падтрымаў вадзіцель. – І спідометр пераскочыў…
– Так, спакойна, трэба разабрацца ва ўсім! –загадаў дзелавы мужчына, хоць ніхто і не збіраўся парушаць напружаную цішыню салона, і загад гэты ён аддаў, відавочна, ад асабістай разгубленасці, каб супакоіцца самому..
– Гэта суд Божы! Час наш прыйшоў! – раздаўся зычны, упэўнены голас аднекуль з сярэдзіны салона, а потым ўзнялася над усімі жанчына ў стракатай хустцы.
– Сядзьце, не палохайце людзей!
Голас належаў жанчыне гадоў 50, апранутай у адмысловы касцюм. Жанчына прыўзнялася з месца, і Антось унутрана абрадаваўся – уся постаць жанчыны, яе твар выпраменьвалі упэўненасць і спакой.
– Ад таго, што мы тут зараз будзем крычаць і палохаць адзін аднаго, лепш нікому не будзе, – строга загаварыла жанчына. – Кажу вам гэта, як урач. Малады чалавек, што Вы казалі пра тое закальцованае поле? – гэта было пытанне да лысаватага мужчыны з ноутбукам.
– Я ўжо казаў… Думаю, прастора-час вакол нас звярнуліся ў кольца. Гэта тлумачыць тое, што і час пераскоквае назад кожныя 10 хвілін, і мы вяртаемся нейкім чынам назад. І мабільнікі не працуюць, мой дакладна…
– І што будзе далей?
¬– Не ведаю… Нешта павінна быць… Некалі скончыцца…
Хваляванне і напружанасць у салоне трохі зменшыліся, быццам ад ведання таго, што здарылася, стала лягчэй. У большай меры падставай для супакаення была невядомасць: нясе пагрозу ім, пасажырам, іх часовае (а ўсе былі упэўнены – менавіта часовае) знаходжанне ў гэтым закальцованым часе ці не. Пакуль ніякай пагрозы не было. А кожная дарога рана ці позна заканчваецца – у гэтым быў упэўнены кожны пасажыр. За адным дзеяннем ці з’явай наступаюць другія, у наступстваў бываюць прычыны, а наступствы становяцца падставай для новых прычын. І ў тым, што ланцужок часова прыпыніўся, ніхто не бачыў асаблівай пагрозы.
Але прайшло паўгадзіны, і нязменлівасць сітуацыі за вокнамі аўтобуса, цыклічнасць карцінак пачала прыгнятаць.
– А мы не спознімся ў Мінск? Мы прыедзем у час? ¬– звярнулася да Антося тая нервовая жанчына ззаду. У яе голасе выразна адчуваўся страх.
“Бач, хвалюецца з-за грошай”, – падумаў ён а ў голас адказаў:
– Спадзяюся, прыедзем. Мне таксама сёння спазняцца нельга. І абавязкова трэба прыехаць…
І раптоўна нейкая неверагодная думка закралася ў галаву: а раптам ім вось так ехаць і ехаць, доўга, бясконца – і ніколі не прыехаць? Антось уважліва глядзеў на пасажыраў і бачыў, што такія ж сумненні паступова авалодвалі многімі, бо твары хмурнелі, неспакой выразна праяўляўся на іх.
Трэба было паспрабаваць нешта рабіць… Хоць нешта…
– Усё нічога, аднак варта падумаць і пра нашу фізіялогію, – загаварыў дзелавы мужчына, і адчулася, што гэтага голасу чакаюць усе, што чакаюць проста любога упэўненага голасу, чакаюць добрых змен – салон імгненна ажывіўся.
– Вы пра “дзевачкі налева, хлопчыкі – направа”, – асцярожна пажартаваў нехта.
– І пра гэта таксама, – сур’ёзна заўважыў мужчына. – Хто ўмее весці аўтобус? – і не пачуўшы сцвярджальнага адказу, закончыў: – Наш вадзіцель рана ці позна стоміцца.
– І што вы прапаноўваеце? – адгукнуўся з-за перагародкі вадзіцель.
Мужчына падняўся, прайшоў наперад салона, стаў побач з вадзіцелем.
– Я прапаную ўжо цяпер паспрабаваць спыніцца. Адчыніць дзверы, выйсці…
Нягледзячы на тое, што ў прапанове не было нічога незвычайнага, аднак насцярожанасць адбілася на тварах многіх пасажыраў. Бо тут, у салоне, усё было звычайным і простым, нічога знешне не змянілася, а час… ну, час увогуле можа быць незаўважным, калі не глядзець на гадзіннік. За акном жа – тое ж неба, і сонца тое ж… Але ці тое ж усё астатняе? Зямля ці цвёрдая? Паветрам ці можна дыхаць? І хоць сумненні былі проста смешнымі – але яны былі. Чаму б паветру не стаць шкляным і застылым, калі сам час закруціўся ў абаранак?
– Але спыняцца пакрысе! Вельмі павольна, – папярэдзіў-прапанаваў мужчына з ноутбукам. – Мы не ведаем, якая там фізіка поля…
– А што можа быць? – нервова запытаўся нехта.
– Не ведаю, – шчыра прызнаўся малады чалавек. – Мы патрапілі ў кольца часу, рухаючыся, мы застаёмся ў ім і рухаемся… Можа, мы і застаёмся тут толькі таму, што самі рухаемся…
– Ну, дык і выдатна, – усміхнуўся напружана мужчына ў касцюме. – Ёсць шанс спыніцца – і вярнуцца ў свой час, ці не так?
Хлопец палыпаў вачыма, падумаў і адказаў:
– Мабыць, ёсць… Усё, што ведалі пра час раней – толькі тэорыя ды гіпотэзы…
– Ну, тады я буду прытарможваць па трохі, – прыняў рашэнне вадзіцель.
Аўтобус сцішаў ход вельмі павольна, амаль незаўважна. Пасажыры ўпіліся позіркамі за вокны. Усё павольней і павольней рухаліся міма аўтобуса прыдарожныя кусты.
– Свеціцца! Сценка празрыстая! – раздаўся адчайна-здзіўлены крык хлопчыка-інваліда.
У воклічах, якія імгненна запоўнілі салон пасля гэтага крыку, былі сабраныя разам і жах, і здзіўленне, і захапленне.
Было ад чаго: праз сценкі аўтобуса стала відаць шэрая лента бягучай дарогі.
– Газуй! Хуткасць давай! – закрычаў мужчына ў касцюме да вадзіцеля, а той ужо і сам націснуў на газ, і матор узвыў, ірвануў наперад аўтобус.
– Божачка, што ж будзе, Божачка, выратуй, спыні гэта, – мармытала ззаду Антося нервовая жанчына.
І сам Антось адчуў, як страх сціскае яго свядомасць – рабілася млосна ад думкі, што і на самай справе ніколі не спыніцца іх аўтобусу. Ён стаў глядзець у акно, быццам там магла быць падказка.
– Нешта мы хутчэй ехаць сталі, – заўважыў Антось уголас, бо за акном кусты і дрэвы мільгалі надта ж часта. – Напужалі вадзіцеля…
– Тут не напужаешся, – адгукнуўся вадзіцель са свайго месца, – Калі пад сабой дарогу пабачыш… Дарэчы, я дарогу бачыў праз самога сябе… Хто-небудзь яшчэ гэта заўважыў?
– Я таксама празрыстым пачаў быў рабіцца, – падаў голас хлопчык-інвалід. – У мяне нага забалела, гляджу – а праз яе відаць крэсла, а праз крэсла – дарогу…
– Як нага забалела, унучак? – спуджана выгукнула яго бабуля. – У цябе ж паралізаваныя ножкі, не могуць яны балець...
– Балела, – настойліва адказаў хлопчык. – І цяпер баліць…
Яго бабуля моўчкі прыкрыла рот рукой, глядзела на ногі ўнука, не адрываючыся.
– А на самай справе, чаму мы хутчэй едзем? – адарваўся ад акна мужчына ў строгім касцюме. – Такое адчуванне, больш за сто сорак…
– Ды не ж, – нервова адгукнуўся вадзіцель. – Тыя ж 90 на спідометры… Не разумею я…
Загаварыў малады чалавек з ноутбукам, пачаў хрыпата, пракашляўся, пасля стаў казаць, хвалюючыся, быццам сам быў вінаваты ў тым, што адбывалася:
– Час пераходу мяняецца… ну, раней праз кожныя 10 хвілін мы вярталіся ў ранейшую кропку. А вось цяпер… праз 7… І толькі што – ужо праз 6…
– І пры чым тут рух аўтобуса? – зацікавіўся нехта, не разумеючы.
– Ну, мы ж праязджаем пэўную адлегласць ад той кропкі… да мяжы кальца. За пэўны час. Цяпер час скараціўся, а адлегласць тая ж…
– Дык мы хутка пралятаць дарогу будзем, – роблена рагатнуў вадзіцель, тут жа спытаўся сур’ёзна: – Калі час вяртання скарачаецца пастаянна, што будзе, калі дасягне нуля?
– Не ведаю, – паціснуў плячыма малады чалавек. – Для нас час спыніцца. Але мы рухаемся… Значыць, для назіральніка збоку набудзем светлавую хуткасць…
– Нешта ты занадта па-вучонаму… З намі што будзе?
– Дык… Адкуль жа мне ведаць? Тэарэтычна фізічнае цела не можа мець такую хуткасць… Толькі поле…
– Станем полем? Што гэта значыць? Што з намі стане? – нервовая напорыстасць дзелавога мужчыны ў строгім касцюме была нечаканай для маладога чалавека, ён спалохана уціснуўся ў крэсла.
– Не ведаю…
– Мы што, не вернемся? – адчайна выгукнула нервовая жанчына за Антосем, і сам ён адчуў агідны халадок страху, што стаў запаўзаць у жывот.
– Чаму вас толькі вучаць!..
– Не крычыце на яго, – раптам устала з месца жанчына ў касцюме, якая назвалася ўрачом. – Мы ўжо прыехалі…
– Куды прыехалі? Што значыць – ужо прыехалі? – занерваваўся мужчына, які, гэта было відавочна, сам пачаў адчуваць прорву пад сабой і немагчымасць адыйсці ўбок ад гэтай прорвы.
– Вы хіба не зразумелі? – жанчына павярнулася да салона. – Ніхто не зразумеў ці не хоча зразумець?
– А што тут разумець? Час закручаны, поле нейкае… Дзе тут разбярэш, – буркнуў нехта.
– Тое мы павінны зразумець… – Урач вытрымала паўзу, чакаючы большай увагі пасажыраў, хоць большай яна і не магла ўжо быць – усе погляды ад пачатку прагна скіроўваліся на таго, хто пачынаў нешта казаць.
– Што зразумець? – умольна выгукнула нервовая жанчына, таксама ўзнялася са свайго месца. – Мне сёння трэба патрапіць у Мінск. Трэба, разумееце? І я нічога больш не хачу разумець. Што я павінна яшчэ ведаць?
– Тое, што мы – там! – жанчына паказала рукой у зад салона. – Мы там, засталіся на дарозе, – сказала яна спакойна, але няўмольна, так, як можа казаць толькі ўрач. – Не ведаю, згарэў наш аўтобус, ці не. Але той удар маланкі забіў нас усіх. Мы – мёртвыя! Мы ўсе па той бок жыцця. І мы не можам туды вярнуцца, не можам спыніцца. Нас ужо няма.
– Што-што? – патрос галавой дзелавы мужчына.
– Тое! Вось вам і пекла і рай – вось такія яны. Вось такі той свет, пра які мы так імкнуліся даведацца. Мы – у гэтым свеце, у свеце мёртвых. І нам усім так ехаць. Бясконца ехаць. І везці бясконца свае мары, думкі, свой боль, свае расчараванні, свае надзеі. Вы не паспелі нешта ў тым жыцці – шкадуйце цяпер аб гэтым тут. Вы некага пакрыўдзілі там і не папрасілі прабачэння – шкадуйце тут. Бясконца шкадуйце. Мы не пастарэем, не памром ужо, двойчы не паміраюць. Мы тут – вечныя. І вечныя будуць тыя пачуцці, з якімі мы селі ў аўтобус. Некаму вечна любіць, некаму вечна ненавідзець…
– Лухта! – выгукнуў мужчына. – Мы – ёсць, якія ж мы мёртвыя?
– Існуем не мы, а наша свядомасць. Яна памятае вобразы і стварае іх, – спакойна адказала жанчына. – Ужо колькі часу едзем – нехта захацеў піць? Некаму стала мулка? Наша фізічная абалонка – прыдумка мозгу…
– Якая такая прыдумка?!
– Самая простая, – стомлена адмахнулася жанчына. – Памацайце ў сабе пульс, прыкладзіце руку да сэрца… там нічога не б’ецца…
Услед за гэтымі словамі наступіла бадай што самая страшная хвіліна. Кожны мог праверыць на сабе…
– Карацей, скліфасоўскія, там станцыя хутка? – раздражнена спытаў хлопец, у якога закончылася піва. – Мяне смага мучыць, а вы тут пра поле нейкае... Вадзіцель, прыпыніся, блін, мне да ветру трэба...
Нехта нервова хіхікнуў. І гэта было адзіным адказам на голас хлопца.
– Баб, а я на ногі стаць магу!
Гэты радасны вокліч хлопчыка-інваліда нібыта страсянуў салон. На яго азірнуліся – а хлопчык і праўда стаяў між крэслаў, трохі прыгнуўшыся, бабуля побач бязгучна плакала і гладзіла абедзвюма рукамі яго ногі.
І тыя, хто не верыў – паверылі. Зразумелі. Усвядомілі.
– Так нельга… так немагчыма… Не, я не магу памерці! Я не магу! Не магу!!!
Нервовая жанчына з непрыгожым худым тварам біла сваёй сумачкай сябе па каленях і крычала.
– Мы ўсе не можам памерці! – заўважыў Антось. – І я не магу. Не магу, таму што не зрабіў, не дарабіў, не здолеў, не паспеў, – адчай прарваўся ў яго голасе. – І жонка засталася…
Жанчына павярнулася да яго – вочы яе, глыбока запалыя, у цёмным паўкружжы ценяў блішчэлі слязьмі.
– У мяне… У мяне памірае дачушка. Нямецкая клініка згадзілася прааперыраваць. Два месяцы мы збіралі грошы. 25 тысяч долараў ляжыць у маім электронным кашальку. Я еду каб вывесці іх. І не змагла, я не змагла….
– Дык… нехта выведзе, – паспрабаваў супакоіць Антось жанчыну.
– Не зможа! Ніхто не зможа! – жанчына зноў біла сваёй сумачкай сябе па каленях. – Гэта ж мой кашалёк у Сеціве! Ніхто, акрамя мяне, не ведае пароля. Ключы ад кашалькоў вось, у сумачцы, на флэшцы… Божа, што ж ты так караеш маю донечку! Яна ж не вінаватая ні ў чым!..
– А… муж? – асцярожна спытала жанчына-ўрач.
– Збег… Збег наш татачка, як толькі дыягназ выставілі… Я не магу, мужчыны, ну прыдумайце ж што-небудзь! Нельга мне забіраць з сабой гэтыя грошы! Я ж забіваю дачку. Ёй жа толькі 7 гадочкаў, Божа! Ты чуеш, ці не? Што ж мне брахалі папы ў цэрквах? Дзе ты, Бог? Дзе той твой свет, дзе вароты і Пётр?
– Супакойцеся, – мякка, але настойліва сказала жанчына-ўрач.
– Не супакойвайце мяне! – істэрычна закрычала жанчына, ў роспачы падхапілася і апынулася ля мужчыны з ноўтбукам.
– Ну выйдзіце, выйдзіце ў Сеціва, напішам пісьмо, я скажу паролі, перадам ключы!
Мужчына уздрыгнуў, сцяўся, быццам чакаў удару, і адчуваючы нейкую толькі яму зразумелую віну ў тым, што адбывалася, адказаў:
– Я магу выйсці ў Сеціва… Але…там таксама спыніўся час… для нас спыніўся… І… мне нічога не ўдаецца перадаць. Я пішу… а даныя не перадаюцца… Як быццам нас няма…
– Нас і няма. Нас няма для свету жывых, – катэгарычна паўтарыла свой вывад жанчына-ўрач. – А свет мёртвых не можа стасавацца са светам жывых.
– Ы-ы-ы-ы, – раптам завыла тоўстая жанчына, з нянавісцю павярнулася да свайго худога пасажыра, якога карміла нядаўна курыцай. – Праз цябе! Няўклюда! Бздыр! Ты нават машыну не здолеў купіць! Не змог навучыцца вадзіць! Праз цябе! Ўсё жыццё загубіла, што я бачыла? Тхор смярдзючы! 25 гадоў табе аддала, а што бачыла? У-у-у, смактун-крывасос!
– Праз мяне? – нечакана весела адрэагаваў мужчына. – Ты калі-небудзь лічыла мяне за чалавека, не кажучы ўжо пра мужчыну? Ты са сваёй мамай зрабіла з мяне свайго слугу – і ты хацела ад мяне нечага, вартага чалавека?
– От і пражыў пад спадніцай маёй! Хоць гэта мяне супакойвае!
– Ты ніколі не вызначалася сваім розумам, – з усмешкай працягваў мужчына. – Думаеш, калі ты не бачыш ува мне чалавека, то і ніхто не бачыў?
– Што-о-о? – разгублена акругліла вочы таўстуха.
– Тое. Усе гэтыя 25 гадоў у мяне была жанчына. Не проста жанчына – сям’я! Яна нарадзіла мне сына, і той ужо вырас. І прозвішча ён маё узяў. І мы былі шчаслівыя.
Таўстуха хапала ротам паветра, імкнулася нешта сказаць. Але мужчына не стаў чакаць, пакуль яна здолее выціснуць з сябе слова, устаў і загадаў ёй:
– Выпусці! Хоць памерлі мы разам, ды пасля смерці я з табой не буду!
І яна падхапілася мітусліва. Ён выйшаў і сеў на свабоднае месца ў заднім радзе.
– Эх, людзі… І мёртвым няма спакою, – ціха прагаварыла ўрач.
– А вы не занадта спакойныя? – з выклікам спытаў Антось.
– Усё нармальна, – ціха адказала жанчына. – Я ўдзячная Богу, што два дні таму мама памерла ў мяне на руках, і яе пахавала. Дачка замужам, сын заканчвае універсітэт. Муж – чалавек самастойны… Шкада, што яны будуць гараваць па мне. А так… я рабіла свае справы так, быццам была гатовая памерці ў любы дзень. За мной не засталося даўгоў, – горка ўсміхнулася жанчына.
– Ага, дзякаваць Богу… – скептычна пакрывіўся Антось. – Цяпер дакладна вядома пра мілыя казкі…
– У цябе не б’ецца сэрца, – павольна прагаварыла дзяўчына, што сядзела побач з хлопцам, паклаўшы яму галаву на грудзі.
Хлопец мякка пагладжваў яе па плячах, глядзеў за акно, дзе мільгацелі шэра-зялёныя плямы.
– Дык і выдатна, яно не забаліць, мне не стане блага, я не памру ад сардэчнага прыступу, – усміхнуўся хлопец. – У цябе ж вось таксама не б’ецца – а ты ж мяне кахаеш так, як і кахала, праўда?
– Праўда, – падняла галаву дзяўчына, усміхнулася. – Мы цяпер можам пачаць цалавацца – і будзем цалавацца вечна…
– Ага, – усміхнуўся і хлопец. – Пачнём?
Антось не вытрымаў – адчай стаў душыць яго. Гэта немагчыма! Яму трэба выжыць, яму трэба вярнуцца туды, хоць на хвілінку, хоць на імгненне! Ён павінен сказаць Алене, што ў яго кампутары у асобнай папцы пад назвай “Рознае” ляжыць яго аповесць – аповесць яго жыцця. Ён павінен перадаць дэтэктыў заказчыку, атрымаць грошы і аддаць іх жонцы. Яна ж у доўг ужо набрала у гандляроў, што разносяць розныя шмоткі прама па рабочых месцах, ён павінен папрасіць прабачэння за тое, што не здолеў зрабіць яе шчаслівай...
Антось устаў і накіраваўся да мужчыны з ноўтбукам. У яго не было ніякай асаблівай надзеі, не было нават думкі нейкай, але здавалася: падыдзе ён бліжэй да тэхнікі – і нешта народзіцца, нейкі выхад адшукаецца. Нечакана давялося зрабіць многа крокаў, а потым, прысеўшы побач з мужчынам, Антось пабачыў, што яго крэсла можа на цэлы метр аддалена ад крэсла хлопца.
– Не разумею... – пачаў Антось, паказваючы вачыма на крэсла. – Што адбылося?
– Нічога такога, я думаю, – ахвотна адказаў лысаваты. – Мы ўжо набылі дастаткова вялікую хуткасць адносна нерухомага назіральніка. Так што мы набываем для яго форму кропкі. А для нас унутры гэтая кропка азначае бясконцасць.
– А прасцей?
– Прасцей? Наш аўтобус з кожнай хвілінай будзе рабіцца усё большым і большым. І стане ўрэшце адным сусветам. Бясконцым.
Антось пракаўтнуў.
– Слухай... Можа, ёсць магчымасць нешта зрабіць? У мяне... рукапіс... Не магу я яго з сабой тут пакінуць. Ён там трэба...
– Не магу, – адмоўна пакруціў галавой хлопец. – Я праўду сказаў – адсюль мы нічога не перададзім. Зараз ужо час звярнуўся да 3 хвілін...
За шыбамі акон салона нічога амаль не было відаць – адзіная шэра-зялёная паласа.
Пачуліся крокі ззаду. Антось азірнуўся – да іх ішла жанчына з непрыгожым худым тварам. Яна ішла доўга – салон стаў падобным да паўпустога кіназала з чатырма радамі крэслаў.
– Я не магу тут застацца! – сказала жанчына і Антось зразумеў, што калі жанчыне адказаць нешта банальнае, то пачнецца істэрыка.
– Я таксама не магу, – адказаў ён шчыра.
Жанчына быццам чакала такога адказу менавіта ад Антося, зрабіла некалькі крокаў наперад (хоць раней гэта было адразу, побач), стала ля вадзіцеля.
– Спыніцеся і адчыніце дзверы. Я выйду!
У салоне павісла маўчанне. Жанчына-ўрач прайшла наперад.
– Які сэнс? Вы што, не зразумелі, што прыпынак – гэта наша поўнае знікненне? Вы не бачылі хіба, як мы раствараемся?
– Дык чаго мне баяцца? Чаго? – закрычала жанчына з хударлявым тварам. – Я ж – мёртвая! І вы – мёртвыя! Як можна баяцца яшчэ адной смерці?! Спыніце! Вадзіцель! Спыняйцеся! Мне ўсё роўна. Але калі ёсць магчымасць зрабіць хоць крок некуды – я абавязана яго зрабіць. Я не магу паміраць проста так!
– Ён не будзе спыняцца! – катэгарычна запратэставала ўрач. – У нас усіх – аднолькавы лёс. І прыміце свой так, як і трэба – як свой крыж І нясіце яго. І думайце над тым, дзе і што зрабілі так, каб атрымаўся менавіта такі вынік. Вы намалявалі сябе бязгрэшнай, а хіба гэта так? Хіба не шчыміць сумленне? Хіба не шукалі Вы ў сваім жыцці адказу на пытанне: “Ці ж не я вінаватая ў хваробе дачкі?” Ну, што спалохаліся? Вы тут не перад амбонам – перад сабой. Нічога ўжо нельга змяніць, нічога! Дык самі сабе адкажыце – вінаватыя?
– Вінаватая... Мае грахі – толькі мае. Не Вам мяне судзіць, – раптоўна апала жанчына з хударлявым тварам. – Ведаю. Ведаю, што мяне трэба караць, але навошта такім чынам? Завошта ж дачушцы будзе такая смерць? Ёй, як мне, як нам усім, не ехаць у аўтобусе, ёй цэлую вечнасць, бясконца, пакутаваць ад болю, лежачы пад кропельніцай! Бог наш – міласэрны ці кат бессардэчны? Што вы яго малявалі чалавекалюбцам?.. Пусціце мяне! Вадзіцель! Адчыніце дзверы! Я скочу на хаду, калі вы так баіцеся! Я буду біць вокны! Спыніцеся!
– Разаб’ецеся! – данеслася папераджальнае аднекуль з салона і жанчына засмяялася з папярэджання:
– Мёртвы баіцца разбіцца! Вадзіцель! Спыняйцеся!
– Дурніца, чым ты можаш дапамагчы жывому, калі сама мёртвая! Што гэта дасць?
– Вадзіцель! Не спыняйцеся! Невядома што здарыцца можа, яна з глузду з’ехала, а нам потым разлічвайся з-за яе!
– Вадзіцель! Прытармазіце да таго часу, як і раней, калі пачнецца свяціцца абшыўка аўтобуса! – толькі па яму зразумелай прычыне ўладна загадаў нечакана для самога сябе Антось. – Потым зноў сабе паедзеце. Адчыніце дзверы. Мы скочым удваіх...
Вадзіцель нічога не адказаў, але толькі глянуў аднекуль зверху здалёк – ад свайго крэсла на Антося і жанчыну, пераключыў рычаг. Зялёнае месіва за акном стала разбівацца на асобныя плямы.
Антось уважліва сачыў за падлогай. Калі праз яе стала угадвацца шаша, ён сказаў:
– Адчыняйце дзверы...
– Мяне пачакайце! – пачуўся голас аднекуль ззаду . Антось азірнуўся – з глыбіні салона, ужо так далёка ад іх, з месца ўзняўся хлопчык-інвалід.
– Куды ж ты, унучак? – з болем спытала яго бабуля.
– Баб, тут жа я магу на сваіх нагах! – весела і пераканаўча загаварыў хлопчык. – Дык пусці мяне пабегаць – з я ж ніколі не бегаў…
– Бяжы, унучак любы, – бабуля ўзнялася з крэсла, выпусціла хлопчыка і перахрысціла яго ў спіну. – Бяжы, родненькі, – і ўпала ў крэсла, а слёзы пакаціліся з яе вачэй, хоць старая ўсміхалася.
Хлопчык дабег да Антося і жанчыны, якія стаялі ля ўжо адчыненых дзвярэй. Мабыць, час яшчэ скараціўся, бо нічога не было відаць, адно адчувалася толькі велізарная хуткасць аўтобуса. Адразу за парогам нібыта ўзнікала сцяна – цвёрдая, аб якую абавязкова разаб’ешся.
Жах сціснуў сэрца Антося.
– Спыніцеся, дурні! – аднекуль здалёк закрычаў дзелавы мужчына. – Яшчэ некалькі хвілін пацярпець – і мы дакладна будзем ведаць праўду! Там жа – немінучая пагібель! Вы проста знікніце, як знікаў аўтобус! Час вернецца ў нуль – і мы вернемся назад! Як Вам гэтага не зразумець? Спыніцеся!
Антось завагаўся. Тыя ж ваганні ён пабачыў на твары жанчыны. Але потым яго позірк спыніўся на хлопчыку – і Антось рашуча ўзяў яго за руку, працягнуў другую жанчыне:
– Давайце скочым разам. Мы і на самай справе мёртвыя. Двойчы не паміраюць… Ну, на лік тры: адзін, два тры!..
З паведамленняў у СМІ:
“Пярун патрапіў у аўтобус. Трагедыя адбылася на трасе ў 11.25. Магутны разрад маланкі патрапіў у пасажырскі аўтобус. Відавочцы бачылі, як той літаральна асвяціўся блакітным полымем, потым з’ехаў па поўнай хуткасці з трасы і тройчы перакуліўся. З 18 пасажыраў аўтобуса і яго вадзіцеля у жывых засталося толькі трое пасажыраў: малады мужчына, жанчына і хлопчык-інвалід, якіх невядомым чынам выкінула з аўтобуса – іх целы былі знойдзеныя у некалькіх метрах побач. Цяпер яны ў рэанімацыі. Медыкі кажуць аб іх цяжкім, але ўстойлівым стане. Пра іх далейшы лёс мы праінфармуем сваіх чытачоў. Цяпер відавочна, што вадзіцель парушыў правілы тэхнікі бяспекі, не спыніўшы рух аўтобуса ў час навальніцы”.

  Каментарыяў: 0 | Праглядаў: 1236 | распечатать

Раздзел: ЧАГО АМАЛЬ НЕ БЫЛО |