Сучасная беларуская проза
 ў сучасным фармаце
     
      Лёшкава каханне
(флэш-фармат)
 
Пра сябе
 
 
 
   
    Беларуская літаратура
    Проза для дзяцей і падлеткаў
    Валерый Гапееў
 
 
 
Беларуская проза
 
   
 
 
Апошнія запісы
 
 
 
 
 
 
 
Тое-сёе...
 
   
 
 
Записки по темам
 
   
 
 
Каляндар запісаў
 
 
 
« Май 2012 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
1 2 3 4 5 6
7 8 9 10 11 12 13
14 15 16 17 18 19 20
21 22 23 24 25 26 27
28 29 30 31
 
 
 

   
Праклятыя
Пачакай хвілінку, прыпалю… Ды ведаю, што толькі палілі, ды звычка такая… Ці гэта горад вінаваты – як выйшаў на вуліцу, так і цягне запаліць. Не магу па вуліцах без цыгарэты…
Што ты пытаў? Ці люблю я горад? Шчыра табе адказаць? Дык вось: плявацца мне хочацца, калі нехта сябе ў грудзі б’е: "Люблю наш горад!". Лухта ўсё гэта. Горад – гэтае месца. Вось ёсць месцы, якія я не дакладна не люблю. Балхаш, напрыклад. Або Джэзказган. Гарады такія, у Казахстане. Для мяне гэтыя гарады – гэта спёка і смага, сухасць і бруд. Дым завадскіх труб і смак медзі ў роце.
…Я ж тут не нарадзіўся. Вось тая вёсачка невялікая, у якой сягоння пяць цёплых хат засталося – там мне ўтульна. Не, не ўтульна нават. Інакш… Спакойна! Я там як абаронены. Тымі самымі двума шэрагамі напаўжывых хат з бярозкамі–ліпамі ў дварах, згнілымі платамі.
Там ўсё вакол набрыняла памяццю і смерцю. Ну так – менавіта памяццю і смерцю. Таму што амаль усё ўжо памерлі. Дзед Андрэй памёр, які вучыў мяне правільна трымаць у руках сякеру. Дзядзька Пецька, які катаў нас на трактары і стрыг усіх аднолькава "пад канатку". Дзядзька Васіль, з якім некалі разам касілі ў балоце, які навучыў мяне кідаць стагі… І вось, ці мала чаго было – а нічога дрэннага не помніцца. Такая памяць аб тым месцы. Цёплая. Яны памерлі, а мне там не страшна, там – спакойна.
А тут што? Тут маёй памяці няма. У гэтым горадзе памяць – яна агульная, яна на ўсіх. Хадзем, хіба… Пакажу…
Горад наш – увесь савецкі. Ты тут архітэктурных помнікаў не знойдзеш. Вось першыя самыя дамы – двухпавярховыя, на чатыры кватэры. Усё там маленькае, вузкае – і з высокімі столямі. Вельмі высокімі. Пад тры метра. Як думаеш, чаму ў савецкі час будавалі дамы такія? Мне здаецца, я адказ ведаю. У пакоях з такімі столямі нельга нармальна павесіць абразы. Чалавек перад абразам як стаць? Галаву падняўшы, але не задраўшы бараду. А у такім высокім куце абраз – як насмешка, здзек.
Так, купіць тут кватэру можна. Еўрарамонт, перагародкі прыбраць – кватэра ў двух узроўнях нядрэнная будзе. Але не раю.
Ведаеш, хто вось цяпер жыве тут? Не, не спадчыннікі. Сваякі гаспадароў. У гаспадароў спадчыннікаў няма. А вось так і атрымалася. На гэтым месцы раней царква стаяла. Пабудавалі яе ў 1942 годзе. А у 1967 спалілі. Трое камсамольцаў пасля службы заскочылі прама ў царкву і кінулі запальныя шашкі. Царква ўспыхнула – драўляная ж была, сухенечкая.
З хлопцамі што? Ну, не судзілі ж… Пра аднаго кажуць, што згарэў у сваёй хаце. Другога яго ж трактар пераехаў. А трэці… Я яго бачыў. На гэтай вось вуліцы – ён тут часта хадзіў, як каго сустрэне, так спыніць, возьме за гузік, расказвае, спяшаецца: "Гэта я царкву спаліў, гэта я шашку кінуў…". Першы раз я спалохаўся. А потым абвык да вар'ята.
У гэтым пад’ездзе ні адно дзіця не вырасла. Або мёртвымі нараджаліся, або паміралі немаўлятамі… Ты б хацеў жыць у кватэры, дзе ўнітаз акурат на тым месцы, дзе алтар быў?
Вось… І я пра тое ж – камуністы атэістамі не былі. Яны былі сатаністамі, ведалі яны, што Бог ёсць, інакш – навошта з ім такое змаганне вялі?
…А гэта, лічы, візітная картка горада – наш рад шматпавярховак, па 9 паверхаў. Гаўбцы там шыкоўныя. І кватэры добрыя. У гэтым во доме жылі дзве сяброўкі. Сёстры, лічы. Выпадкова адна вярнулася дадому раней часу. І заспела свайго мужа са сваёй сяброўкай. У ваннай …
Я казаў табе, што гаўбцы там вялікія, шырокія? А яшчэ на гаўбцах парэнчы нізкія. Вось тая жанчына на гаўбец выйшла – перахілілася і паляцела з восьмага паверху.
Кажуць, дзецям і ўбогім у такіх выпадках Бог рукі падстаўляе. Як па мне, так Бог у гэтай сітуацыі – злы. Яна выжыла, але… Сустрэў я яе неяк ўвечар. Стрэльнула цыгарэту, пазнала мяне, узрадавалася, расказвае, што верш напісала, чытаць на памяць стала… А сама – у халаце зашмальцаваным, махае рукой з запаленай цыгарэтай, выкрыквае хрыпата радкі. Другой рукой крысы халата хапае, а тыя ўсё адно вырываюцца… Пад халатам – голыя адрузлыя грудзі шэрага колеру, жывот запалы, зморшчаны. Тхне свежым алкаголем і нямытым целам…
Пайшлі далей… Вось, кафэ. Шэры саркафаг. Усярэдзіне – як у пустым хляве. Холадна, паўзмрочна. Мы тут неяк сядзелі з інжынерам адным. Ён мне жаліўся: дастала яго сямейнае жыццё. Двое дзяцей, жонка і прыгожая, і гаспадыня. Але – раўнівая. Ты не смейся, раўнівая такая, што… Кожны дзень скандалы. Іх кватэра была вось у гэтым доме, глядзі: гэта першы такі вялікі дом, на 100 кватэр, нізкі, доўгі.
Тут дрэнныя кватэры, дом панельны, перагародкі як з тканіны: калі ў туалеце пукнуць – суседзі чуюць. Інжынер мне казаў, як яго гэта мучыла: усведамляць, што ўсе вакол усё чуюць. Праз год мы з ім ізноў сядзелі ў тым кафэ. І я бачыў, як ён стаміўся. Ён мяне прасіў: "Пачакай, яшчэ па 100 возьмем, я заплачу, пасядзім… пакурым, тут палі, я дамовіўся…". Не хацеў ён дадому ісці. Там – ужо відавочна хворая жонка. Праз дзень яна прыбегла да мяне на работу: вішчала, вінаваціла, маўляў, гэта я яе мужа спойваю і потым вяду да баб… Так, развёўся ён з ёй. І дзяцей сабе забраў. Лячыцца яна адмовілася. Во ў гэтым доме цяпер жыве.
Дом гэты добра вядомы. Стварылі, значыць, кааператыў, паказалі праект. Палепшаная планіроўка: пакоі вялікія, светлыя, цагляны дом. Але кошт… Тут будучыя жыхары вый паднялі: дайце нам маленькія пакоі, але каб танныя. Мы, маўляў, не пераборлівыя. І палова ад такіх кватэр адмовілася, іншыя прыйшлі. Пабудавалі дом. А тут – 90–ыя гады вядомыя. Праз год гаспадары тых кватэр выплачвалі крэдыт у месяц коштам аднаго бохана хлеба. А тыя, хто адмовіўся ад будаўніцтва кватэр, локці сабе згрызлі. Глупства, што кажуць: "не ўкусіш", у такі момант дастанеш…
Яшчэ адзін саркафаг: маласямейка. Так прапорцыі сышліся, быццам сюды засяляешся, як у дамавіну пераязджаеш. Хавай будучыню...
Кожны паверх – даўжэзны цёмны калідор і пакоі–кватэры па баках. Тыя ж высокія столі ў пакоях. У ванных пакоях і туалетах вентыляцыйныя праёмы з тоўстымі металічнымі рашоткамі. Вунь там, у кутнім пакоі, на трэцім паверсе, жанчына жыла. Развядзёнка, з дачкой. Зарплата ніякая, бацькоў пахавала, дапамагчы няма каму… Дачку вучыла ў універы. Кажуць, у даўгах была, што рабіна ў ягадах. У чарговы раз дачку ў сталіцу сабрала, зноў грошы заняла. На працы яе хапіліся на трэці дзень. Узламалі дзверы – яна вісіць у ваннай, вяроўку за тую самую рашотку вентыляцыйную завязала…
А тут ужо новы мікрараён – дамы цагляныя, кватэры вялікія, каштуюць нямала. Знаёмая тут з мужам кватэру пабудавала. Муж яе паехаў на заробкі ў Маскву. Паўгода, год – ніякіх звестак ад яго. А як адной з дзіцем жыць, крэдыт гасіць? Вядома, знайшоўся мужчына. Другі год мінуў, яна ў суд заява аднесла, каб прызналі мужа невядома адсутным. Бо ж і не замужам, і не ўдава…
Вось, значыць, абвестка судовая ў газеце мясцовай надрукавалася, у цэнтральнай прэсе. І за два дні да канца тэрміна, што судом адведзены быў, муж знайшоўся. Увесь час недалёка жыў, і добра жыў, у дурніцы нейкай за прымака. Так, цяпер ён тут – яго частка ўласнасці ў кватэры ёсць. Не ўцякла ад мінулага дзеўка…
Вось таксама славутасць наша: 10 каробак трохпавярховых. Утульны надворак атрымаўся, праўда? Аж дзве футбольныя пляцоўкі. Гэта ў нас бум будаўнічы быў, дамы за тыдзень з панеляў, як кубікі дзіцячыя, складалі. Людзі з будаўнічых арганізацый больш, з вёсак. Бач, колькі яблынь у гэтым двары, вішань, сліў? Тут дыхаецца лёгка, нечым сваім, родным цягне, утульна тут. Дзяцей многа, і ніхто на іх тут не крычыць.
Пра інжынера помніш? Вунь у тым доме жыве, бачыш, ландышы ды язмін пад акном? Гэта яго новая жонка стараецца. Так, пайшла за яго жанчына адна, на дваіх дзяцей пайшла. Паважаю такіх. Яны яшчэ і трэцяе нарадзілі…
Вось і ўсё, здаецца. Царква? Дык гэта цяпер пабудаваная, такіх удосталь усюды. Касцёл? І гэты цяпер …
Няма чым выхваляцца. Горад – гэта дамы, дамы – гэта людзі. А ўсе мы – савецкія, з тых каранёў. Вось і гісторыі такія – савецкія…
Ведаеш, па-праўдзе табе скажу: не хачу, каб унук мой твайму ўнуку (дасць Бог) вось гэтак жа замест гісторый сапраўдных пераказваў гарадскія плёткі. Так хочацца, каб па іншаму паспавядаў: вось, маўляў, гэтая мастацкая галерэя пабудавана на сродкі жыхара горада Н...
гэты незвычайны фантан быў замоўлены да дня горада вядомым бізнесменам М…
у гэтай хаце жыў і тварыў майстар Д.…
у гэтым парку кожнае дрэва – імянное, сюды прыязджаюць садзіць дрэвы маладыя пары пасля ЗАГСу, ганаровыя госці, лепшыя выпускнікі школ…
на дарогу да гэтага храма прыносіў камень кожны, хто ішоў на царкоўны двор…
а тут – запаведнік скульптур, дзе стаіць і той ідал з задранай рукой, што гэтулькі дзесяцігоддзяў узвышаўся ў цэнтры над маім горадам, ды не шлях паказваючы, а праклінаючы яго жыхароў…
Ведаеш, вось тады я палюблю гэты горад…

  Каментарыяў: 0 | Праглядаў: 854 | распечатать

Раздзел: БУСЛЫ НЕ СПЯВАЮЦЬ |