Сучасная беларуская проза
 ў сучасным фармаце
     
      Лёшкава каханне
(флэш-фармат)
 
Пра сябе
 
 
 
   
    Беларуская літаратура
    Проза для дзяцей і падлеткаў
    Валерый Гапееў
 
 
 
Беларуская проза
 
   
 
 
Апошнія запісы
 
 
 
 
 
 
 
Тое-сёе...
 
   
 
 
Записки по темам
 
   
 
 
Каляндар запісаў
 
 
 
« Май 2012 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
1 2 3 4 5 6
7 8 9 10 11 12 13
14 15 16 17 18 19 20
21 22 23 24 25 26 27
28 29 30 31
 
 
 

   
Мама і...
Мама і дапамога
Так атрымалася – багатымі мы не былі. Звычайная вясковая сям’я, праца ў калгасе, чацвёра дзяцей. Ажаніўся брат, а яго жонкі бацькі – нам не роўня. Куды заможней жылі, то і дапамагалі сваёй дачцэ грашыма куды больш ды рэчы дарылі куды даражэй. Стаў брат будаваць кватэру, вядомая справа – прыехаў да маці па грошы. Пагаварылі трохі, сказаў брат, якую суму выдзелілі бацькі яго жонкі. Мама памаўчала крыху і сказала:
– А ў мяне столькі няма. Колькі змагу – столькі і дам. І было відаць, што хоць яна і шкадуе, што можа так мала дапамагчы свайму сыну і нявестцы, але – не саромеецца гэтага. І потым, колькі не дапамагалі нам бацькі, заўсёды адчувалася: даюць, колькі могуць.

“Колькі магу даць – столькі і дам” – шчыра казала мама, і пазней я прачытаў пра дзве лепты беднай удавы ў Бібліі. “Колькі магу” – можа, гэта важней і чалавечней, чым “Колькі трэба”?

Мама і выбар
Калі збіралася паступаць старэйшая сястра, калі выбіраў шлях брат, калі задумваўся над будучым я, мама ніколі не настойвала, ніколі не чулі мы: “Ідзі туды – там будзеш чалавекам”. Як яна сама казала: “На свой розум я табе падкажу…” – і нешта падказвала. І потым, калі мы пыталіся ў яе, адказвала проста: “Вам з гэтым жыць, не мне. Самі і выбірайце”. І мы выбіралі: ці то навучальную ўстанову, ці то будучых жонак-мужоў.

Ужо пасівелым неяк спытаўся ў мамы: чаму не настойвала, не камандавала – у яе ж вопыт жыццёвы, навошта, каб мы лбамі стукаліся там, дзе абысці можна?
– Падказаць магу, а ўказваць не буду. Мой вопыт – гэта маё жыццё. Ты сваё пражывеш – у цябе вопыт будзе. А мой возьмеш, то ў адным месцы яму абыдзеш, ды ў другім звалішся.
Памаўчала крыху і дадала ўжо сур’ёзней:
– Любой матцы цяжка і баліць, як дзіця, калі што здарыцца, прыйдзе і скажа: “Што ж я цябе не паслухаў, лепш бы ты мяне прымусіла!”. Ды куды балючай будзе, як скажа: ”Ты мяне прымусіла – жыццё маё паламала”.

Мама і кветкі
У тыя часы на Першамай ды Кастрычніцкія святы рабілі мы гэткія кветкавыя гірлянды: бралася якая галінка дрэва, бралася спецыяльная каляровая папера. Паперай той галінка абгортвалася, з паперы рабілі ж лісточкі і кветкі. Файная была папера, лёгка і зручна было рабіць. Яшчэ такія ж кветкі з гэтай паперы рабілі мы на вянкі з яловых лапак і дзеразы, якія ўскладвалі 9 мая да помнікаў загінуўшым.
Памятаю, сваю першую гірлянду я прынёс дамоў – спадабалася яна мне, многа часу патраціў, прыгожая была. І павесіў у сваім закутку, над ложкам.
А наступным днём гірлянды не пабачыў.
– Мама, навошта ты зняла? Яна ж такая прыгожая! Я яе так стараўся рабіць!
– Радаўніца паслязаўтра, вось і занясеш на могілкі. Сярод жывых трэба жывыя кветкі, а мёртвыя – мёртвым.

Не ведаў я, што пройдзе так шмат часу, пакуль я ўзгадаю гэтыя словы мамы. Модна цяпер і танна – упрыгожваць двары школ і дзіцячых садкоў, розных устаноў штучнымі кветкамі з пластыкавых бутэлек. Разумееш – то не ад вялікага багацця.
Але ж з другога боку… Штучныя кветкі ля школы… А чаму не жывыя? Штучныя – зручней, ці не так? Адзін раз зрабіў, не трэба паліваць, хвалявацца за іх, восенню насенне збіраць, вясной высаджваць… Няўжо ў садках дзіцячых такія вось “кветкі” могуць даць дзіцяці нейкае эстэтычнае выхаванне, дапамогуць зразумець прыгажосць жывога, высакароднасць чалавечай працы? Калі яшчэ такія кветкі – частка велічнай кампазіцыі, арыгінальнай у сваім змесце, адна справа. У іншым выпадку ўзгадваецца вядомая прымаўка: “Галота на выдумку здатная”

Для жывых – жывое, казала мама. І сёння цяжка зразумець, як змагла жывая вяргіня саступіць нейкаму стварэнню з разрэзаных пластыкавых бутэлек з-пад піва. І чаму гэта так вітаецца.
Зрэшты, Жывое трэба даглядаць…

Мама і нож
Мама ўмела слухаць, як ніхто другі. Сядзім на лаўцы, яна галінкай шкрабае па зямлі, часам прыпыняючыся, каб не зачапіць мураша, які спяшаецца па сваіх справах. І адначасова адчувалася, што ўся яна – увага і павага.
­– Ну, што там у цябе? – пыталася проста мама, калі надыходзіў патрэбны момант, і я разумеў, што цяпер можна казаць аб самым набалелым.
І я пачынаў выказвацца, гарачыўся, спяшаўся, нерваваўся.

Мама слухала, перапыняла іншы раз, перапытвала пра тое ці іншае, ёй незразумелае, але сёння я бачу, што тыя яе пытанні больш для таго, каб я сам спыняўся, каб засяроджваўся глыбей на словах…
– Гэткі ты гарачы… Як тое сонца, – мама махала галінкай за плечы – з таго боку заходзячае сонца клала на яе плечы стракатую хусцінку са святла і ценяў.
– Дык нельга ж іначай, разумееш – нельга! – гарачыўся я.
– Ліні на цябе зараз вадой, – зашыпіш, – усміхалася мама.
– І зашыплю! – з гонарам за сваю рашучую адчайнасць адказваў я.
– Яно-то так, сынок, – спакойна казала мама. – Ды толькі вось хлеб заўсёды рэжуць халодным нажом.

  Каментарыяў: 0 | Праглядаў: 1177 | распечатать

Раздзел: БУСЛЫ НЕ СПЯВАЮЦЬ |