Калі доўга адкладваць на заўтра...
Яго маладога злавілі ў дзікім стэпе – такога ж дзікага, як і яго родны стэп. Прывязалі ланцугамі да доўгага бервяна, балюча хвасталі, дзёрлі аброццю вусны, крышылі зубы – і ён змушаны быў ісці, ісці і ісці па крузе. Нешта круцілася ў глыбіні, з жолаба побач цякла вада, і гэта было асабліва пакутліва – піць яму давалі толькі раніцай. Ён ужо зразумеў, што не парваць жалезных ланцугоў.
Увечары яго прывязалі простай вяроўкай. Ён падумаў, што зможа яе парваць – толькі трэба ірвануцца з апошніх сіл. Але калі ўсе сілы аддаць на гэты рывок – дзе жа іх узяць на тое, каб уцячы? Засынаючы ад стомленасці, ён жаваў кінутае сена і думаў аб тым, што заўтра трэба будзе зэканоміць сіл днём, каб не быць такім стомленым.
Але гаспадар быццам пазнаў пра думкі каня – і прымушаў яго цэлы дзень цягнуць за сабой па крузе ланцуг яшчэ шпарчэй. І яшчэ быў дзень, цяжэй за другі, і чацвёрты, цяжэй за трэці. Конь хадзіў і хадзіў па крузе, верачы ў тое, што ўцягнецца, абвыкне, і па ледзь-ледзь збярэ сіл, ірване аднойчы вечарам вяроўку… Закрываючы вочы, цягнуў ён ланцуг, круціўся калаўрот, а яму здавалася, як вецер трапеча ў яго грыве, і чулася іржанне маладых кабыліц, і казытаў пахам ноздры дзікі верас…
Так працягвалася доўга, а можа і не доўга – конь страціў лік дням. Аднойчы раніцай гаспадар прывязаў яго да бервяна нядбайна – калі конь пайшоў, ланцуг пацягнуўся і развязаўся… Воля! Конь ірвануўся наперад, і ўжо вецер свістаў у яго грыве, наганяў слёзы на вочы, і нічога не было відаць, ужо чуліся гукі дзікага стэпу…
І раптам блізка загучаў здзеклівы смех яго гаспадара. Конь адкрыў вочы, што зацяклі слязьмі, і зразумеў, што ўжо гэтулькі вольных хвілін ва ўвесь апор, з усёй сваёй моцы ён бяжыць, бяжыць, бяжыць …па крузе, пасярод двара.
Раздзел: КАЛІ... |
|
|