Кантрольная па фізіцы
"...З лодкі, якая плыве па цячэнню з хуткасцю 25 метраў у мінуту, стрэлілі з ружжа..."
Настаўніка фізікі ўсе пабойваюцца. Яшчэ б! Тут, у лагеры "Зубраня" сабраліся, лічы, адны выдатнікі. А ён, высокі і худы, незвычайна строгі, ужо на другім уроку, калі і імя яго яшчэ добра не запомнілі, ужо паставіў дзве "тройкі" і "двойку" тром дзяўчынкам. Адна нават заплакала. Тут не паплачаш! Адзнакі гэтыя павязеш з сабой у сваю школу, вось там будзе сорам: адпраўлялі выдатнікам, а вярнуўся з "двойкамі".
...Сёння - кантрольная. Ва ўсіх ёсць ужо па адной адзнацы за гэты месяц вучобы, цяпер вось Віктару Іванавічу захацелася паставіць усім яшчэ па адной адзнацы. Кожнаму раздаў лісткі з задачамі, ні ў каго задачы не паўтараюцца.
Алесь чытае задачку, уяўляе лодку, і чамусьці - ноч. А-а, гэта таму, што тут далей сказала пра рэха. "Моцнае рэха пачулася праз 5 секунд, слабое - праз 12..." Два рэхі - гэта цікава. Каля вёскі Алеся працякае невялікая рачулка, ёсць там і ставок, абсаджаны вольхамі. Калі вечар і добры туман, то рэха тут паўтарае сябе некалькі разоў. Чым мацней гукнуць, тым болей будзе разоў....
Задачка простая для Алеся. Ён рашае яе на чарнавіку за пяць хвілін. Яшчэ задачка - пра шар на наклоннай дошцы.
Шар коціцца сабе і коціцца, Алесь яго ўвесь рух па формулах распісаў. Прыклад рашыў - вось і ўся кантрольная.
Схіліў галаву убок - Надзея, яго суседка, глядзела ў атрыманы ад настаўніка квіток з адчаем. Ні на чарнавіку, ні ў чыставіку не было запісана ні адной лічбы. Яна разгубілася, пакусвала пульхнаватыя вусны.
Та-ак, чацвёрачку ты неяк атрымала, сама да дошкі папрасілася. Ды што там за тэма была, дробязь. Вось задачкі парашай!
Алесь крадком зазірае ў заданне суседкі. "З лука выстралілі вертыкальна ўгору..." Ну і што, не вельмі і складаная задачка. Хіба што трэба скласці квадратнае ўраўненне. І рашыць яго.
Надзея коратка зіркае ў бок Алеся, але не на яго самога, а на чарнавікі, дзе ўжо запісана рашэнне ўсёй кантрольнай. Потым глядзіць на наручны гадзіннік.
Алесь паспявае заўважыць, што прайшло ўжо 20 хвілін урока.
Надзея ўздыхае, зноў схіляецца пад чыстым лістком паперы.
Алесь пачынае правяраць задачы.
...Надзея - самая прыгожая ў іхнім атрадзе дзяўчынка. Валасы ў яе чорныя, яна заплятае іх у тугую доўгую касу. Уся жывая, рухавая, але ўжо ёсць у ёй тое няўлоўнае, што падказвае - Надзея не дзяўчынка, а дзяўчына.
Невялікія грудкі прыўздымаюць адпрасаваную тканіну сукенкі, плечы ў Надзеі пакруглелыя. А яшчэ - усмешка. Надзея ўсміхаецца не столькі вуснамі, колькі вачмі.
Але гэта другім яна ўсміхаецца.
Вось Валеру Рогачу, напрыклад. Як была ў іх дыскатэка, то яны гэтак танцавалі. І смяяліся.
А Алеся Надзея не тое, што не любіць, а проста грэбуе ім. У першы ж дзень, калі класная пачала рассаджваць іх за парты, і пасадзіла разам Алеся і Надзею, хлопец пачуў прыцішаны яе шэпт:
- Вой, каб хоць з кім, толькі не з гэтым!...
Яна не стала знаёміцца з ім, адразу павярнулася назад, пазнаёмілася з дзяўчынай і хлопцам. І з пярэднімі пазнаёмілася. А Алеся дэманстратыўна не заўважала, быццам яго і не было побач за партай.
І на другі дзень не заўважала, і праз тыдзень.
На перапынках яна адразу ўставала з-за парты, ішла да некага з дзяўчынак.
З Алесем не размаўляла, яны нават не перакінуліся і адным словам.
Пазаўчора, на самападрыхтоўцы ў яе ніяк не атрымлівалася задача. Яна паляпала па плячы хлопца наперадзе - Стаса, але і ў таго было лепш. Суседка Стаса, Ірынка, таксама нічога не рашыла. Яны разам пачалі шукаць рашэнне.
У Алеся ніхто нічога не пытаў. Ён адчуваў сябе не проста лішнім, яму здавалася, што ён страшэнна агідны, брудны. Гэта было непрыемна, нават балюча, а галоўнае - Алесь не разумеў: з якой прычыны ім так грэбуюць. Хвілін праз пяць ён асцярожна сказаў:
- У мяне атрымалася.
І тады Надзея, не паварочваючы галавы, сказала-працадзіла:
- Усеўся тут! Хто ў яго пытае?!
Алесь фізічна адчуў, як увесь нібыта ўспыхнуў. Ад крыўды задрыжалі вусны, ён нізка апусціў галаву, каб не бачылі яго пачырванелага твару.
...А яшчэ раней, калі па літаратуры задалі чытаць п'есу Мальера, кніжкі раздалі па адной на парту.
Надзея тады нават не кранула кнігі, паклікала Ірынку і Стаса.
- Ой, давайце памяняемся. Я з табой, Ірынка, сяду, а ты, Стас, вось з ім...
Яна не назвала ні імя Алеся, ні нават не павярнула ў яго бок галавы. Алеся і тады нібы абдало кіпнем. Ён сказаў ціха:
- Чытай адна, я чытаў п'есу раней, - і пасунуў у яе бок кнігу.
Надзея хмыкнула, але не перасела, пачала чытаць п'есу адна.
Не звяртае яна ўвагі на Алеся і ў сталоўцы, дзе яны таксама сядзяць за адным сталом. Там Алесю бывае яшчэ больш крыўдна быць для яе пустым месцам, бо за сталом сядзяць яшчэ чацвёра, і яшчэ больш балюча адчуваць незразумелую грэблівасць дзяўчыны. І ўсе гэта бачаць...
І чаму яна так з ім? З усімі ж дабразычлівая, лагодная, вунь з колькімі сябруе.. Ды і сам Алесь ужо знайшоў тут сяброў, не маўчун ён, не зануда. Можа, непрыгожы? Дык гэта ж не падстава і не прычына для такой варожасці.
Што ён ёй зрабіў?
Ды нічога дрэннага. Няўжо можна так узненавідзець чалавека толькі таму, што ў яго лоб у прышчыках? Дык у паловы хлопцаў так...
...Задачы Алесь перапісаў на чыставік. А Надзея сядзела, выводзіла кручкі на паперыне, адчайна закусіўшы вусны.
"Вось так, цяпер папрасі мяне дапамагчы, папрасі!" - салодкая злосць лёгка тлуміла галаву Алеся. "Ага, і хочацца, ды сорамна, гонар свой паказваеш! А як мне сорамна было? І ні за што! Я ж табе нічога дрэннага не зрабіў. Я пасябраваць хацеў, а ты вунь як, як не чалавек я, а звер агідны, брыдота нейкая. Вось парашай цяпер задачкі, прывязі "двойку" у школу, прыгажуня!"
Вось ён, час яго, Алеся! Ён праз дваццаць хвілін, як празвініць званок, спытае яе: "Што, я такі агідны, што дапамогі папытаць страшна?"
А Надзея клікала ціхенька Стаса. Той крышку павярнуўся, пацікаваўшы за настаўнікам, прашаптаў:
- Чакай, Надзя, у мяне самога прыклад яшчэ не атрымаўся.
- У мяне нічога не атрымліваецца, - са слязьмі ў голасе просячы вымавіла Надзея, але Стас ужо зноў схіліўся пад сваім сшыткам.
Надзея зіркнула на гадзіннік.
Заставалася пятнаццаць хвілін.
"Вось табе і двойка" - падумаў Алесь, але радасці чамусьці не было.
Яго кантрольная была перапісана на чыставік, двойчы праверана.
...Ну і што, што яна грэбуе ім, ну і што? Яна ж ад гэтага не робіцца непрыгожай. Атрымае "двойку", і настрой прападзе да апошніх дзён. Наўрад ці захочацца калі ўсміхацца...
Настаўнік стаяў да іх спіной. Яшчэ імгненне вагаўся Алесь, а потым хутка перасунуў квіток задання Надзеі да сябе, а ёй - свой чыставік і свай заданне.
- Перапісвай!
Надзея ўздрыгнула, незразумела ўтаропілася на кантрольную перад ёй.
- Перапісвай хутчэй!
- А ты? - Надзея ўпершыню глянула ў вочы Алесю.
Алесь не адказаў, пачаў хутка запісваць умову задачы адразу ў чыставік.
"З лука выстралілі вертыкальна ўгору..." Дробязь, а не задача! Квадратнае ўраўненне... Так, што маем?
Два адказы.
Алесь нібыта спатыкнуўся. Што ж гэта атрымалася? Страла будзе на вышыні 20 метраў праз 2 і праз 11 секунд?!
Так, як гэта зразумець? Няправільна рашыў?
Але як тады правільна?
Непрыемны халадок ад кончыкаў пальцаў пракраўся ў сярэдзіну грудзей, і мутная хваля адчаю і панікі адгароджвала Алеся ад усяго свету: ад Надзеі-суседкі, ад настаўніка... Застаўся толькі сам Алесь і яго будучы сорам: вялікі, чорны, страшны...
Надзея ўжо перапісала сабе ў чыставік кантрольную, зазірнула ў лісток Алеся.
- Два адказы?
- Два...
- Гэта значыць... страла вярнулася.
Алесь няўцямна зірнуў на яе.
Надзея ўсміхнулася куточкамі вуснаў, паўтарыла:
- Страла ўзляцела высока і вярнулася. І праз адметку 20 метраў праляцела двойчы...
Алесь кіўнуў. Раптоўна стала незвычайна лёгка на душы.
Ну, вядома ж, страла вярнулася...
ххх
Усё вяртаецца да цябе: выпушчаная з лука страла, сказанае слова, зробленая справа...
Раздзел: Апавяданні |