Інтэрнэт – вораг беларускай літаратуры?
Чытаю апошні нумар ЛіМа .Тэма актуальная: дзіцячая літаратура, літаратура для юнацтва. Выступаюць людзі вядомыя і ў нечым адказнымі – старшыні абласных аддзяленняў Саюза пісьменнікаў Беларусі. З нечым згаджаюся, нешта для сябе адкрываю новае.
І раптам – як голас з тых часоў, калі палявалі на ведзьмаў. Жанчына, старшыня аддзялення гатовая рынуцца ў бой за дзіцячыя душы, абраўшы ў якасці галоўнага ворага... Інтэрнэт.Маўляў, гэта менавіта ён адцягвае, адвучае ад беларускай літаратуры дзяцей і падлеткаў. Так і чытаецца між радкоў: “забараніць”. Ну, да заклікаў такіх справа не даходзіць, заклік другі: нешта такое нам стварыць трэба, каб дзеці на Інтэрнэт забыліся. Дакладна: “Літаратура павінна адцягнуць маладых людзей ад ўсеўладарнасці камп’ютэра”. І смешна, і сумна. Так і хочацца пацікавіцца ў паважанай жанчыны: а ад мабільнікаў не адмовіцца?
…Сябра расказваў: дачка нейкі час калупалася ў Сеціве, потым раздрукоўвала лісты. І чытала. Ну, хоць дачка дарослая (17 ёй), але ж цягнула бацьку даведацца – што яна там такое знайшла, каб раздрукаваць і чытаць. І папытаўся. І якое ж было яго здзіўленне (а потым – і маё), калі на гэтых лістах аказалася мая невялікая аповесць “Усё цудоўна, або Урок бяспечнага сексу”. Раней, ствараючы свой асабісты сайт, я быў упэўнены, што калі ёсць магчымасць так прапагандаваць і тыражаваць беларускую літаратуру – аўтар проста абавязаны яе скарыстаць. І тыя, няхай не такія і шматлікія запісы ў гасцёўні – сведчанне таму, што меў я рацыю. І цяпер, працуючы над сайтам – маю рацыю.
Гэта неверагодна, гэта невытлумачальна: у аўтараў нашых ёсць рэальная магчымасць размяшчаць свае творы там, дзе найбольш падлеткаў, – а мы заклікаем аб’явіць гэтаму месцу вайну! Маўляў, Інтэрнэт – спакуса, напоўнены сексам ды насіллем. Дык гэта ж з-за нашай ляноты! Хто перашкаджае нам самім запаўняць яго мастацкімі творамі? Хто перашкаджае прымусіць працаваць камп’ютэр на літаратуру? Ды яго ж і прымушаць не трэба – гэта сродак! Просты сродак, як рыдлёўка звычайная. Адзін можа выкапаць ёй магілу, а другі – пасадзіць сад. Дзе тыя перашкоды, якія замінаюць садзіць сад?
Ёсць перашкоды. Гэта – лянота, гэта няўменне і нежаданне вучыцца, гэта артадаксальная пазіцыя, гэта страх і разгубленасць перад новым і невядомым. І таму прасцей аб’явіць ворагам гэты Інтэрнэт, чым зрабіць з яго памочніка.
…Даўно набіраю тэксты на камп’ютэры – зразумеў, наколькі зручна потым уносіць праўкі, пераробліваць старонкі, мяняць сцэны, герояў… Колькі эканоміцца часу, паперы і працы! Але ж, было – сустрэў гучнае “фе-е”: што ты за пісьменнік, калі ручкай звычайнай не пішаш, на гэтай клавіятуры пстрыкаеш? Вось, я маўляў – акула пяра. А ты – дзяцел клавіятуры. Вось такі погляд. Успомніць хочацца Талстога, калі ён захапляўся тым, як хутка і проста можна друкаваць тэксты на пішучай машынцы!
…Вось перад вамі старонка пошукавіка. Хоць таго ж Яндэкса ці Гугла. Пашукаем? Напрыклад, “беларуская літаратура”. Якія сайты пабачым на першай старонцы выдачы? І гэта – крыўдна.
Ведаю на асабістым вопыце: гэта і вельмі няпроста, калі рабіць самому, каштуе нейкіх капеек. Гэта каштуе куды больш грошай, калі папрасіць некага. Гэта патрабуе увагі, хоць раз на месяц трэба нешта напісаць, папоўніць сайт, каб не стаў ён мёртвым. Зрэшты, гэта патрабуе і прафесійных дзеянняў, каб сайт аўтара па запыце “беларуская літаратура ці паэзія” быў на першай старонцы і перад кладоўкай з рэфератамі для студэнтаў, а не пасля яе… Вядома ж, прасцей напісаць – і ў стол схаваць. А то ж: выдавецтвы цікавяцца трылерамі ды эротыкай, ім давай камерцыйную літаратуру, у часопісы не ўбіцца – чарга. Ну а Інтэрнэт – варожасць поўная.
Карацей, абралі сабе позу: пакрыўджаных, верных добраму гусінаму пяру з чарніліцай. Толькі ў тым справа, што і гусі на Беларусі ўжо не ў такой колькасці водзяцца, каб хапіла пер’я на ўсіх пішучых.
Раздзел: Сумныя думкі |
|
|
КАМЕНТАРЫІ
|
|
|
|
| |
| |
| |
Слушныя думкі, нічога не скажаш. Ды - цэлае пакаленне трэба...
|
|
| |
|
|
|
|
|
|
|
|